Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(36)/2006
Галерэя
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ

СВЯТЫ АЙЦЕЦ
Гісторыя
Мастацтва
Культура
Актуальная размова

ПРАЎДА ТОЛЬКІ АДНА

«КОД ДА ВІНЧЫ»: РОЗДУМ ПАСЛЯ ПРЭМ’ЕРЫ
Паэзія

ПАЗНАЮ ЦЯБЕ, БОЖА

ВЕРШЫ
Мастацтва

ПАЎНОЧНЫЯ РЫЦАРЫ
Літаратуразнаўства
Пераклады

ДАРОГА ДА ЭМАУС

ВЕРШЫ
Вандроўкі
Мастацтва

Артуро МАРЫ

СВЯТЫ АЙЦЕЦ

Пачатак у №1(35)/2006

«Пяць маіх пантыфікатаў»

Можна назваць традыцыяй сям’і Мары тое, што ўсе мужчыны з яе служаць Папам. Мой дзядуля быў вартаўніком пры базыліцы святога Пятра, і дзеці жартаўліва называлі яго «святым Петрусём». Бацька пачаў працаваць разам з дзедам, а праз некалькі гадоў атрымаў пасаду сакратара аднаго з кардыналаў, які ў той час быў губернатарам Ватыкана.

А са мною было так. Мой бацька часта ў вольны час праяўляў і друкаваў фотаздымкі. Яму гэта вельмі падабалася. І мне таксама! Таму з першага класа пачатковай школы мы цэлыя вечары праводзілі разам у зацемненым пакоі. Я дапамагаў яму, і бацька пагадзіўся, што гэта было штосьці накшталт хатніх абавязкаў. Менавіта так усё і пачалося. (...) Аднойчы, калі мне было 15 гадоў, мне прапанавалі супрацоўніцтва з рэдакцыяй газеты «L’Osservatore Romano». Не ведаю, чаму дарослыя аказалі мне такі давер. Можа быць таму, што я быў у пэўным сэнсе «вундэркіндам»: я ўжо меў чатыры дыпломы па фатаграфіі.

Пачаўшы працаваць у Ватыкане ва ўзросце 15-ці гадоў, я стаў сведкам шматлікіх зменаў. Калі я пачынаў, Папам быў Пій ХІІ. Гэта быў Папа часоў вайны. (...) Тады быў асаблівы час, і лад жыцця гэтага Папы таксама быў асаблівы. Жахі вайны пакінулі шмат праблемаў.

Пасля прыйшоў Папа Ян. Мудры Ян ХХІІІ, які заўсёды ўсміхаўся, якога ўсе любілі. Менавіта ён пачаў адчыняць шчыльна замкнутыя дзверы ў свет. Сабор, які склікаў і распачаў Ян ХХІІІ, азначаў, што тое-сёе змяняецца, што гэтыя прыадчыненыя дзверы нарэшце адчыняцца па-сапраўднаму і да канца. Ніхто не думаў, што Ян ХХІІІ палічыць патрэбным «праветрыць» Ватыкан і ўстанавіць новыя паказальнікі на шляху Касцёла.

Ян ХХІІІ памёр падчас Сабору, і тады ўсё магло здарыцца... І яно здарылася! На пасад Пятра ўзышоў Павел VI і адразу даў зразумець, што ён будзе працягваць працу Сабору ў духу экуменізму. Саборнае зерне Яна ХХІІІ пачало прыносіць плады: першыя сустрэчы з прадстаўнікамі іншых Цэркваў і рэлігій, першыя крокі на Усход. Часы Сталіна, Хрушчова і Брэжнева сёння здаюцца толькі цьмянаю смугою ў гісторыі свету. Цяпер усё гэта ўяўляецца значна прасцейшым, бо засталося ў мінулым.

Ян Павел І быў Папам вельмі мала. Калі ж у яго запыталіся, чаму ён, стаўшы Папам, выбраў такое дзіўнае імя: Ян Павел І — маўляў, чаму «першы», бо да яго не было яшчэ Янаў Паўлаў, — ён адказаў у такім духу: «Ужо неўзабаве прыйдзе Ян Павел ІІ і будзе вялікім».

І сапраўды, прыйшоў вялікі харызматычны Папа Ян Павел ІІ, які, нібы вялікая паўнаводная рака, нёс у сабе ўсё, што было спадчынаю няволі, і ўсё, што ўмяшчала ў сябе мары пра свабоду.

Калі я быў маленькім, нават уявіць сабе не мог, што чалавек калісьці высадзіцца на Месяцы. Але гэта здарылася. Калі цяпер з перспектывы 21 года глядзіш на пантыфікат Яна Паўла ІІ, здаецца, што ўсё, што сталася, было сапраўдным цудам: такія вялікія пераўтварэнні ў жыцці Касцёла і ўсяго свету здзейсніў гэты чалавек, які 16 кастрычніка 1978 г. прыняў імя Ян Павел ІІ!

 
«Я хачу табе штосьці падараваць...»

Дзеці ў жыцці Яна Паўла ІІ — гэта сапраўды асобныя тэма. Святы Айцец ставіцца да іх з бязмежнаю цярплівасцю. Ён, напэўна, нідзе не бывае такім шчаслівым, як сярод дзяцей. Яму не перашкаджаюць іх смех і нават крыкі — ён успрымае гэта проста як гукі жыцця.

Не памятаю, у якім годзе — быў дзень нараджэння Папы, 18 мая — Святы Айцец павінен быў наведаць з візітацыяй адну з рымскіх парафій. Ужо набліжалася хвіліна прыезду Яна Паўла ІІ, і перад касцёлам яго чакаў натоўп вернікаў. Адзін васьмігадовы хлопчык, вельмі ўзбуджаны чаканнем (бо яго маці некалькі гадзін збіралася і рабіла макіяж), зразумеў, што спазняецца на сустрэчу з Папам. Ён выскачыў з дому і, пералазячы праз усе агароджы, нягледзячы ні на якія сістэмы бяспекі, ні на якіх распарадчыкаў, раптам апынуўся перад Папам, які кіраваўся да касцёла.

— Прывітанне? Як маешся? — спытаўся ў яго, задраўшы галаву.

— Дзякуй, вельмі добра, — адказаў Папа з усмешкаю.

— Прабач, я трохі спацеў, бо вельмі хутка бег, каб паспець сустрэцца з табою. Ведаеш, мая мама, яна ўсё яшчэ збіраецца дома, а я з-за яе толькі губляў час. Больш чакаць я ўжо не мог! Сёння ў цябе дзень нараджэння, і я хацеў цябе павіншаваць. Ведаеш, я не багаты, але штосьці табе прынёс. Штосьці хачу табе падараваць. Ён расціснуў далоньку і ўсунуў у руку Святому Айцу цукерку.

Трэба было бачыць у гэты момант твар Папы! Ён трымаў гэтую цукерку на далоні так, як быццам гэта быў найкаштоўнейшы скарб, і, з пяшчотаю гледзячы на хлопчыка, сказаў яму ўзрушана:

— Я гэтага не заслугоўваю.

І цяпер, калі хтосьці пачынае яго хваліць, а асабліва, калі дзеці яму гавораць, як моцна яго любяць, ён паўтарае тое самае: «Я гэтага не заслугоўваю».

 
«Пане, колькі разоў я павінен прабачаць?..»

У лютым 1987 г. Ян Павел ІІ сустрэўся з маці чалавека, які страляў у яго на плошчы Святога Пятра. М’юзэйн Агджа трымалася не так, як мусульманка перад няверным, а як маці, чый сын быў вінаваты ў злачынстве замаху на жыццё іншага чалавека. Як толькі яна ступіла на парог папскіх апартаментаў, адразу ж пакланілася ажно да зямлі. Яна падыходзіла да Папы, прыціснуўшы руку да сэрца, і, хіба што, ужо тады па яе твары цяклі слёзы. Калі яна ізноў нізка пакланілася і пацалавала руку Святому Айцу, яе рухі і словы сведчылі пра вялікі боль і пра вялікую пакору. Шкада, што перакладчык усяго ў некалькіх словах сцісла пераказаў тое, што яна, плачучы, вельмі доўга гаварыла. Затое ўсе дакладна запамяталі словы Святога Айца, які абдымаў гэтую няшчасную заплаканую жанчыну, гладзіў яе па твары і запэўніваў ціхім, цёплым голасам, што прабачыў яе сына і што моліцца за яго.

Два словы — прабачэнне і малітва — сталі асноўным сэнсам іх размовы. Гэтая няшчасная маці так моцна прагнула пацвярджэння таго, што Ян Павел ІІ прабачыў яе сына, як быццам ад гэтага залежала і яе ўласнае жыццё. Калі яна сапраўдная мусульманка, якая верыць у Бога, так яно і было.

Святы Айцец быў узрушаны сустрэчай і маліўся за яе, ці, хутчэй, з ёю — з гэтаю няшчаснаю чалавечаю істотаю. Тое, што гэта была маці чалавека, які хацеў яго забіць, не мела ніякага значэння! Хто ж яшчэ так сябе паводзіць, як не святы?

Я памятаю таксама, што Ян Павел ІІ вельмі хутка, ужо праз год пасля абрання на пасад святога Пятра, у лістападзе 1979 г., вырашыў наведаць з душпастырскім візітам Канстанцінопаль, які калісьці быў другою сталіцаю хрысціянства, дзе першыя хрысціянскія супольнасці заснаваў брат святога Пятра апостал Андрэй. Гэтае рашэнне выклікала вялікае здзіўленне, бо 80 % насельніцтва Турцыі складаюць мусульмане, а хрысціянаў там зусім мала.

Першы крок у гэтым кірунку зрабіў Павел VI, які падчас свайго візіту ў Турцыю сустрэўся ў Фанары з Канстанцінопальскім патрыярхам Афінагорам І, аднак я не памятаю, каб хтосьці з папярэдніх Папаў падтрымліваў кантакты з мусульманамі. Яна Паўла ІІ цудоўна прымалі ў Турцыі, і паўсюль яго суправаджалі натоўпы мусульманаў, якія былі ад яго ў захапленні.

Кожнае падарожжа Святога Айца цяпер становіцца нагодаю для сенсацыйных пошукаў такіх людзей, як Алі Агджа. Але адно можна сказаць дакладна: Ян Павел ІІ ніколі нічога не баяўся. Святы Айцец ніколі, сапраўды ніколі, не баяўся выходзіць да людзей. Не баяўся ўвайсці ў натоўп. Ні да замаху, ні пасля яго. Гэта мы баяліся за яго, а ён — ніколі!

У першую гадавіну замаху Папа дзякаваў Маці Божай Фацімскай за цудоўнае выратаванне, і ўсе сведкі той малітвы заўважылі, што яна была асабліва інтэнсіўнай. Але самае галоўнае адбывалася ўжо пазней, калі Ян Павел ІІ вярнуўся ў свой пакой і правёў там на каленях, воддаль ад людскіх вачэй, шмат, шмат гадзінаў. Адзін. І там, у тым пакоі, гэта была ўжо не проста малітва — гэта была размова з Багародзіцай. Гэта быў дыялог. Я магу пацвердзіць тое, нямым сведкам чаго мне давялося стаць.

Але вернемся памяццю ў той дзень 13 мая 1981 г. Плошча Святога Пятра, 17 гадзін 17 хвілін. Я тады знаходзіўся каля машыны, у якой ехаў Святы Айцец, і фатаграфаваў. На плошчы Святога Пятра быў натоўп. Як звычайна, людзі радасна віталі Папу, спявалі, усклікалі на розных мовах свету. Усё было, як заўсёды па серадах падчас агульнай аўдыенцыі... Мне нават у галаву б не прыйшло, што можа штосьці здарыцца. Машына Святога Айца, у другі раз аб’язджаючы плошчу, апынулася каля Меднай брамы. І тады я пачуў два стрэлы. Бах, бах. Адзін за другім. Яны былі толькі крыху больш гучныя за пстрыканне затвору майго фотаапарата, але да гэтага часу гучаць у маіх вушах. Краем вока я заўважыў, што Папа пачаў асядаць. Я не бачыў крыві...

Што я рабіў? Здымаў! Сам не ведаю, як гэта ў мяне атрымлівалася, але мае фотаапараты працавалі, як шалёныя. Я — прафесіянал, у мяне не было часу на разважанні, таму я ўсё рабіў аўтаматычна. Гэта былі долі секунды! Глянуўшы на Папу, я перажыў шок. Ён страшэнна збялеў. Мне здалося, ён памірае. Усе людзі на плошчы Святога Пятра або крычалі, або плакалі. Маю галаву свідравала пытанне: чаму ён? Чаму менавіта ён?! Чалавек, які нёс мір і столькі любові, — чаму?!

Увесь час з Папам быў пралат — цяпер ужо біскуп — Станіслаў Дзівіш, асабісты сакратар Святога Айца. Ён заўсёды быў бліжэй за ўсіх да Папы, таксама і ў найбольш цяжкія хвіліны.

Я ўбачыў Папу праз тры ці чатыры дні пасля замаху. Папа ляжаў у клініцы, а па свеце кружылі неверагодныя чуткі пра стан яго здароўя. Каб скончыць з гэтымі нездаровымі сенсацыямі, было вырашана, што свет павінен убачыць здымкі Папы церпячага, але жывога. У другой палове, хіба што, чацвёртага дня я паехаў у клініку... Увайшоўшы у палату, дзе ляжаў Папа, я перажыў яшчэ адзін шок. На гэты раз ад шчасця і радасці! Убачыўшы мяне, Святы Айцец сказаў: «Папа жывы. Гэты Папа жывы!». Не памятаю, што я тады сказаў, бо вельмі хваляваўся. Не ведаю, як я зрабіў тады фотаздымкі, бо пачаў плакаць і нічога не бачыў. Ад слёз у мяне запацеў візір у фотаапараце. Усе пасля казалі, што здымкі былі цудоўныя, а я нічога не памятаю. Узгадваю толькі, што я нічога не бачыў.

Я лічу што, напэўна, здарыўся цуд. Таму мне здаецца, што ўсё, пра што мы размаўлялі раней, — пра бяспеку, пра Алі Агджу і г. д. — не мае вялікага значэння. Важна тое, што пры ім заўсёды Маці Божая.

17 мая 1981 г. малітва «Анёл Панскі» транслявалася Ватыканскім радыё з клінікі Джэмэллі. Спачатку прагучалі словы: «Пахвалёны Езус Хрыстус!», і незлічоныя натоўпы, якія сабраліся на плошчы Святога Пятра і каля клінікі, захваляваліся... Бо ніхто не ведаў, як на самай справе адчувае сябе Папа. Наконт гэтага хадзілі розныя недарэчныя чуткі. Як звычайна ў такіх сітуацыях, гаворыцца што заўгодна, апрача праўды. А тут людзі пачулі моцны голас, які прывітаў іх у імя Езуса Хрыста. І заплакалі! Я ніколі не бачыў людзей, якія плачуць ад гуку чыйгосьці голасу. Даносіліся гучныя рыданні. Гэта было незвычайнае відовішча: запоўненая да краёў плошча Святога Пятра, тысячы людзей, якія не хавалі слёз, і гэты ягоны голас...

А потым, калі Папа вымавіў словы прабачэння — «Я малюся за брата, які мяне параніў, і якому я шчыра прабачыў», — на імгненне ўсё сціхла, і... раздаліся гучныя авацыі. Святы Айцец — гэта пакорлівы чалавек малітвы, які гэтым сваім прабачэннем пацвердзіў усю сваю апостальскую місію.

Калі Святы Айцец наведаў у вязніцы Алі Агджу, той нахіліўся і пацалаваў руку чалавеку, якога хацеў забіць. Мне ўся гэтая сцэна падалася проста нейкаю нерэальнаю. Краем вока я ўбачыў, што абодва адыходзяць ад дзвярэй і кіруюцца да вакна. Яны селі і, не звяртаючы на іншых увагі, пачалі паміж сабою ціхую інтымную размову, якая вельмі ж нагадвала споведзь. Тады ўсе, хто суправаджаў Папу, выйшлі на калідор. Ніхто не чуў, пра што яны размаўлялі. Толькі яны адны ведаюць, што сказалі адзін аднаму! Я паглядзеў на Святога Айца ў той момант, калі ён выходзіў з камеры, і ізноў сказаў сабе: «Гэта немагчыма». Ягоныя вочы былі поўныя цяпла і спакою. Папа тады нічога не сказаў.

Напачатку Алі Агджа вітаў Папу як гаспадар, які клапоціцца пра «гонар дома», а развітваўся з ім з пакораю, як сын, які цалкам усведамляе сваю віну. Калі я кажу, што Ян Павел ІІ падобны да святога, то маю на ўвазе, што ўсё, што б ён ні рабіў, робіць для дабра іншага чалавека. Нават калі гэты чалавек — злачынца, Святы Айцец у імя Хрыста прабачае. Ён заўсёды робіць тое, што яму кажа Бог, калі ў імя любові да чалавека заклікае да міру, да справядлівасці, да захавання права на жыццё і на свабоду, калі запрашае да дыялогу паміж рэлігіямі. Заўсёды ён робіць тое, што яму кажа Бог.

 
Папа і цярпенне

Аднойчы ў ватыканскім хоспісе святой Марты Ян Павел ІІ вячэраў з больш чым трыма сотнямі хворых. Тады ён сказаў: «Калі Бог спытаецца ў мяне, што я зрабіў для гэтых „малых“, мне якраз будзе што адказаць!». А ў Рыо-дэ-Жанейра, калі ён прыйшоў у бедны квартал, то зрабіў гэта не для таго, каб сродкі масавай інфармацыі разнеслі па ўсім свеце: «Папа ў трушчобах!», і не для таго, каб выканаць яшчэ адзін пункт праграмы. Ён там сапраўды быў. Увайшоў унутр, да гэтых беднякоў, і выслухаў іх скаргі. Тое самае было і ў Калькуце, і на ўскраінах Рыма. Так, Рыма! Выявілася, што не трэба ехаць аж у Рыо-дэ-Жанейра, каб убачыць трушчобы. Ян Павел ІІ адкрыў у рымскім прадмесці Серпентара адно з самых непрывабных месцаў злачыннасці і прастытуцыі. А такія месцы існуюць у кожным вялікім горадзе нашага сучаснага цывілізаванага свету.

І паўсюль — у бедных кварталах, хоспісах, прытулках, там, дзе знаходзяцца людзі, пацярпелыя ад вайны, — Святы Айцец дзеліцца тым, што сам атрымаў як дар. Так было ў Босніі, у Косаве, у Афрыцы, у Індыі, у Паўднёвай Амерыцы — усюды!

Памятаю, як у бедным квартале ў Рыо-дэ-Жанейра перад касцёлам — калі гэта можна так назваць, бо замест будынка былі толькі чатыры дошкі, накрыж прыбітыя адна да адной, — Святы Айцец зняў з пальца свой пярсцёнак і аддаў яго пробашчу, каб, прадаўшы яго, той раздаў грошы найбяднейшым парафіянам. І ведаеце, чым усё павярнулася? Гэта не быў найкаштоўнейшы дар, які атрымаў той пробашч. Адразу, як толькі ў свеце стала вядома пра папскі пярсцёнак, адусюль пачалі прыходзіць такія дары, пра якія той пробашч нават не марыў!

Памятаю таксама апошнюю пілігрымку Святога Айца ў Мексіку. Пасля незвычайнай святой Імшы, якую Папа цэлебраваў у санктуарыі Маці Божай у Гвадэлупе, ён пажадаў наведаць дзіцячы шпіталь. Заўсёды цяжка апісваць тыя сцэны, дзе шмат нявіннага цярпення... Дзеці-калекі, непаўнавартыя, з рознымі цяжкімі паталогіямі на руках заплаканых маці... На гэта было балюча глядзець. Ян Павел ІІ, чый пантыфікат адзначаны вялікім цярпеннем — замах, іншыя непрыемнасці і хваробы, — найбольшую любоў мае да хворых і церпячых. У яго нават выраз твару змяняецца, калі ён знаходзіцца сярод хворых. Трэба вельмі ўважліва прачытаць «Ліст да хворых», у якім Святы Айцец найлепш выказаў свае пачуцці. Гэты Ліст ён напісаў уласным цярпеннем і праз уласнае цярпенне, але ён поўны надзеі і радасці. Цярпенне ён ператварае ў радасць, калі можа стаць найпакорнейшым слугою тых, хто церпіць. Нейкім асаблівым чынам ён іх аздараўляе. Я не прыдумваю — гэта факты!

Я часта ўзгадваю адну падзею, якая адбылася першага студзеня некалькі гадоў таму. Новы Год, святочны дзень, усе ядуць, п’юць, бавяцца, адусюль чуваць музыку... І таму, калі ў маёй кватэры зазваніў тэлефон, я ў першую хвіліну не мог зразумець, чаго ад мяне ў такі дзень хоча Станіслаў Дзівіш. Але нарэшце да мяне «дйшло», і я паспяшаўся ў Ватыкан. Калі я ўваходзіў у асабістую папскую капліцу, перад мамі вачыма паўстала сцэна, якую кожны дзень не ўбачыш: Святы Айцец кленчыў на падлозе, а каля яго ў інваліднай калясцы сядзеў чалавечы шкілет. Папа трымаў яго руку ў сваёй далоні і маліўся ў вялікай засяроджанасці.

Гэта быў малады чалавек, які, маючы каля 28 гадоў, выглядаў як хлопец, амаль як дзіця. Ён важыў не больш за 30 кіло — скура і косці. У яго была позняя стадыя рака. Ён ведаў, што памрэ, што ўжо памірае. Адзінаю яго мараю перад смерцю была сустрэча з Папам. Ён паходзіў з ваколіцаў Брэшы, з беднай сям’і, і ўся вёска збірала яму і яго маці на білет на самалёт да Рыма. Надвячоркам першага студзеня, каля чатырох гадзінаў, яны з’явіліся перад Меднаю брамаю, і хлопец сказаў толькі: «Я хачу сустрэцца з Папам».

Швейцарская гвардыя вельмі строга і непарушна захоўвае прадпісанні, але папскія гвардзейцы — гэта яшчэ і вельмі разумныя людзі. Яны вокамгненна зарыентаваліся і паведамілі асабістаму сакратару Папы Станіславу Дзівішу, які адразу ж запрасіў хлопца ў прыватныя апартаменты Яна Паўла ІІ. Мне было дадзена распараджэнне неадкладна з’явіцца ў капліцы. Я ўвайшоў, і ў мяне літаральна заняло дух. Святы Айцец трымаў руку хлопца так, як быццам хацеў аддаць яму ўсе свае сілы. Мне нават цяжка казаць пра гэта... Мы вельмі доўга маліліся разам. Нарэшце Папа падняўся, благаславіў яго, абняў і надзвычай чула пацалаваў. Пасля, гляджу, Святы Айцец расшпільвае каўнерык, у якім ён заўсёды ходзіць, здымае з шыі ланцужок, такі тоўсты залаты ланцужок, на якім носіць крыж, і надзявае яго на шыю хлопца. У капліцы ўсё змоўкла. Хлопец паглядзеў на крыжык. З апошніх сілаў прытуліў руку Папы і ў гэтай хвалюючай цішыні сказаў: «Дзякуй. Да сустрэчы ў раі».

Праз тыдзень мы даведаліся, што той хлопец памёр.

Яшчэ я ніколі ў жыцці не забудуся вострава пракажоных, які знаходзіцца каля берагоў Карэі. Туды ніхто не можа трапіць. Ян Павел ІІ паляцеў на той востраў на верталёце пасля заканчэння візіту ў Сеул. Калі скончылася цырымонія афіцыйнага прывітання, Папа запытаўся, як быццам не мог дачакацца: «Дзе яны?». Я буду заўсёды памятаць тое пытанне, бо мне падалося, што Святы Айцец, павярнуўшыся ў мой бок, задаў яго асабіста мне. «Дзе яны?» Ён іх проста шукаў! Менавіта дзеля іх ён прыбыў на той жахлівы востраў. Паўсюль навокал было мора, і сярод яго — востраў, поўны пракажоных.

Той, хто ніколі не ўваходзіў у лепразорый, дзе знаходзяцца сотні пракажоных людзей, не можа сабе нават уявіць, як смярдзіць чалавечае мяса, што гніе зажыва! Хто ніколі на свае вочы не бачыў твараў са з’едзенымі праказаю вуснамі, без вушэй, з дзірамі замест носу, з ямамі замест вачэй, з кавалкамі гніючага мяса, што адвальваецца ад касцей рук і ног, той не мае ўяўлення пра гэтую страшную хваробу. А яшчэ гэты нязносны смурод! Ведаеце, што рабіў там Святы Айцец? Ён з чуласцю схіляўся да іх, кленчыў каля іх, суцяшаў, гладзіў і цалаваў іх! Да гэтага часу ў мяне мароз па скуры, калі я ўзгадваю пра гэта. Напэўна, няма такой сілы, якая прымусіла б мяне дакрануцца да пракажонага чалавека. А ён іх цалаваў і туліў да сябе!

Тое самае было і ў Афрыцы. Там таксама былі пракажоныя і невыносная спякота. У лепразорыі працуюць місіянеры, якія робяць усё магчымае і ведаюць, што ў іх няма шанцаў перад абліччам гэтай жудаснай хваробы. А ён ідзе туды — туды, дзе людзі так страшна паміраюць, — і застаецца з імі да канца. Тое самае было і ў Калькуце ў прытулку для паміраючых, які тады ўтрымлівала Маці Тэрэза. Там чалавека пераследаваў ужо не толькі гэты агідны смурод, ад якога немагчыма было ўцячы, — там цяжка было зносіць выгляд людзей, што курчыліся ад нечалавечага болю. А ён даваў ім палёгку ў пакутах дотыкам і малітваю. Ён даваў ім благаслаўленне разам з лыжкаю ежы. Накарміў лыжкай рысу аднаго старога чалавека, які прыняў яе, як святую Камунію, і, шчасліва ўсміхаючыся бяззубым ротам, сканаў.

Не ведаю, ці гэта было сапраўды ў хоспісе Маці Тэрэзы, бо такое магло здарыцца паўсюль: Святы Айцец падбадзёрваў адну паміраючую жанчыну. Час не меў для яго абсалютна ніякага значэння. Прэзідэнты, афіцыйныя прыёмы... Ён заставаўся з ёю, аж пакуль яна не сканала. Я памятаю той чалавечы шкілет, прыкрыты толькі тоненькім цюлем, бо ўсё астатняе было для яе зацяжкім. І невядома, скуль ён ведаў, што той чалавек паміраў: у апошнюю хвіліну ўзяў яе за руку, благаславіў і сам прыкрыў твар прасціною. Толькі Папа мае такі асаблівы кантакт з тымі, каго свет адкінуў, пра каго ўжо ніхто не памятае... Я спачатку не разумеў таго значэння, якое мае дотык. Яго дотык, які сунімаў боль і быў знакам таго, што ён церпіць разам з імі.

На наступны дзень пасля інаўгурацыі пантыфікату Ян Павел ІІ, парушаючы ўсе патрабаванні пратаколу, пакінуў Ватыкан для таго, каб сустрэцца са сваім церпячым сябрам кардыналам Анджэем Дэскурам. Пры мне кардынал Дэскур ніколі не казаў пра гэта адкрыта, але я, як і ўсе, ведаў, што сваё цярпенне ён ахвяраваў у інтэнцыі канклаву, а ведаючы яго вялікую шматгадовую прывязанасць да Караля Вайтылы, няцяжка было здагадацца, за каго ён прасіў Бога.

Працяг >>

Матэрыял і фотаздымкі да яго друкуюцца паводле альбома
«Święty Ojciec. Arturo Mari. Wspomnienia i fotografie»
з дазволу выдавецтва «Biały Kruk» (Польшча).

Пераклад М. Гракава


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY