Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(36)/2006
Галерэя
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ

СВЯТЫ АЙЦЕЦ
Гісторыя
Мастацтва
Культура
Актуальная размова

ПРАЎДА ТОЛЬКІ АДНА

«КОД ДА ВІНЧЫ»: РОЗДУМ ПАСЛЯ ПРЭМ’ЕРЫ
Паэзія

ПАЗНАЮ ЦЯБЕ, БОЖА

ВЕРШЫ
Мастацтва

ПАЎНОЧНЫЯ РЫЦАРЫ
Літаратуразнаўства
Пераклады

ДАРОГА ДА ЭМАУС

ВЕРШЫ
Вандроўкі
Мастацтва

Дадатак да артыкула - Галерэя
Данута БІЧЭЛЬ

НЕ ПАКІДАЙЦЕ СВАЙГО АНЁЛА ПРЫВЯЗАНЫМ ДА ДРЭВА...

(Думкі пасля наведвання майстроўні Пятра Янушкевіча)

У пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя я збірала экспанаты для Музея Максіма Багдановіча ў Гродне. У залу, у якой экспанавалася кніга паэта «Вянок», дзе распавядаецца пра дзейнасць Віленскага адраджэння, быў патрэбны невялікі абразок Маці Божай Вастрабрамскай у імправізаваную каплічку, і я вырашыла пашукаць мастака, каб ён намаляваў добрую копію.

На выставе гродзенскіх мастакоў убачыла анёлаў на карціне Пятра Янушкевіча. Пётр згадзіўся намаляваць Вастрабрамскую Мадонну. Ён стварыў абразок на дошцы, як у старажытныя часы: візію Маці Міласэрнай у цёмным блакіце начнога неба.

Мастак сказаў, што ён маліўся да Маці Божай Вастрабрамскай, і Яна з’явілася такой у яго малітве. Душа мастака прыняла гэты абраз. Ксёндз Анатоль Маркоўскі асвяціў яго, а я малілася да Маці Міласэрнай, пакуль працавала ў музеі.

Зноў папрасіла ў Пятра Янушкевіча, каб намаляваў Арханёла Міхала ў імправізаваны дзіцячы пакой таго Максіма, якім ён быў у Гародні ў пяцігадовым узросце. Мастак прынёс малюнак наіўнага вершніка з крылцамі і гарачым промнем у руцэ – зноў удалася Пятру падробка пад дзіцячы малюнак. І вершнік быў на драўлянай, здаецца, дубовай дошцы. Прыёмная камісія, куды ўваходзілі людзі, якія не любілі Бога, нізка ацаніла абразы Пятра Янушкевіча, аднак абодва абразы занялі сваё месца ў экспазіцыі і цяпер берагуць спадчыну паэта.

Мастак Пятро Янушкевіч нарадзіўся 18 мая 1960 года – у той самы шчаслівы дзень, калі нарадзіўся Слуга Божы Святы Айцец Ян Павел ІІ, у каталіцкай вёсцы Клінчаны, недалёка ад Гродна.

Дзяды Пятра па маці выехалі ў Польшчу. Мастак расказваў, што неяк дзед Антон Колбан, ідучы ранкам на працу, убачыў на балконе сваёй кватэры зязюлю. Гэта было ў горадзе Хожуў. Расказаў дзед пра гэта на працы. Яму кажуць: «Нешта важнае адбудзецца». І гэта ў той дзень нарадзіўся Пятро.

Дзяды Андрэй і Юзэфа Янушкевічы мелі чацвёра дзяцей, каля 20 гектараў зямлі. Яны не захацелі ўцякаць у Польшчу, але і ў калгас не ўступілі. І ўся вёска Клінчаны не пайшла ў калгас. Зямлю канфіскавалі ўлады. Мужчыны ездзілі працаваць у горад, а савецкія найміты рабілі набегі: забіралі коней, білі жанчын нагамі ў жывот.

У 1961 годзе згарэла вёска — яе падпаліў брат Пятра Манюсь. Ён не хацеў: малы ўзяў запалкі і падпаліў за хлявом ялавец. Была сухая восень – і за паўгадзіны вёскі не стала.

Янушкевічы пабудавалі хатку на адно акно. А пасля бацька сваімі рукамі пабудаваў самы вялікі дом. Ён і цяпер стаіць. Маці адна жыве ў ім, слухае радыё «Марыя».

Дзед Андрэй пасвіў кароў, рабіў дудачкі, прыгожа граў і апавядаў пра птушак. Пятро памятае казку пра чорнага бусла, які быў галоўным у бусліным выраі: перад адлётам у цёплыя краіны ён заглядваў усім буслам у дзюбу, а калі хто з буслоў еў не жабаў, а зярняты, таго ў вырай не браў.

Бацька Вацлаў Янушкевіч меў добры голас, і з манашкай Тафіляй, якая жыла ў Клінчанах у сваёй хаце (яна і цяпер там жыве, праўда не ўстае з ложка, ёй ужо болей як 100 гадоў) яны разам адпявалі памерлых...

Пятро вучыўся ў Падліпскай сярэдняй школе. У акцябраты ён уступіў за цукеркі – дзяцей завялі ў буфет і дазволілі ўзяць па «жмені» цукерак. У піянеры Пятро не ўступаў. У той дзень, калі прымалі ў піянеры, Пятро прапускаў заняткі. Аднойчы ў час медагляду ён не паспеў адвязаць шнурочак (цесна быў завязаны на шыі) і схаваў медалік пад паху. Настаўніца давяла яго да слёз. Нават рабілі праверкі, каб у дзяцей не было крыжыкаў і медалікаў на шыі. Але Пятро насіў медалік на даўжэйшым шнурочку і хаваў яго ў кішэні.

У камсамол Пятро таксама не ўступаў, але яго напалохалі, што ў войску прымушаюць ведаць статут на памяць, і Пятро здаўся, уступіў у 10 класе ў камсамол.

Да першай споведзі іх падрыхтавала манашка Тафіля. Дзяцей увечары завезлі ў Адэльск, ксёндз іх паспавядаў, і яны там начавалі. У нядзелю яны ўрачыста на святой Імшы прымалі Першую Камунію...

Пеця з малых гадоў любіў маляваць — з 5-га класа.

У 9 класе знаёмы хлопец завёў яго ў Гародні ў студыю мастака М. Апіёка. У Мінскае мастацкае вучылішча Пятро не паступіў – не напісаў дыктоўку.

Уладкаваўся ў горадзе працаваць афарміцелем, бо саромеўся вяртацца ў школу. У аўтобусе ён сустрэў дырэктара Падліпскай школы, які ўгаварыў Пятра вярнуцца ў школу. Заканчвалася першая чвэрць, і Пятру «аўтаматам» выставілі «тройкі» па ўсіх прадметах.

Пасля заканчэння школы ён паехаў у Піцер, каб паглядзець Эрмітаж... У сваёй школе працаваў афарміцелем і тры разы ў тыдзень ездзіў у Гародню ў студыю. У 1978 годзе ў сям’і Янушкевічаў здарылася гора. Бацька позна вечарам рубаў дровы на панадворку і папрасіў прынесці яму пераносную лямпу. Гэта павінен быть зрабіць Пятро, але лямпу панесла яго малодшая сястра Тэрэза. Яе забіла токам. Маці вельмі гаравала.

Праз зіму, вясной, Пятра забралі ў войска. Служыў у Бесарабіі, у пасёлку Сарата. Іх аддзяленне абслугоўвала вайсковую хлебапякарню. Пятро і там быў афарміцелем. Калі пачалася вайна ў Афганістане, а з 20 салдат трэба было ехаць на вайну 19-ці, то пакінулі Пятра, каб талент не загінуў.

Пасля дэмабілізацыі Пятро з’ездзіў у Пецярбург у Акадэмію мастацтваў, але «клімат» у акадэміі яму падаўся нездаровым, і ён не здаў дакументы на паступленне.

У Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут на факультэт манументальнага жывапісу Пятро прайшоў з другога заходу. Там быў асобны конкурс для тых, хто адслужыў у войску. Бралі чатыры чалавекі. Пятро быў чацвёртым. Гаўрыла Вашчанка і Уладзімір Стальмашонак вучылі традыцыйнай школе жывапісу. Алег Хадыка вучыў постмадэрнізму, г. зн. уваходжанню ў вобраз, разбурэнню межаў паміж зрокавым і пачуццёвым. Студэнты знаходзіліся цалкам пад уплывам мыслення Алега Хадыкі, яго разбуральнай аўры.

Пятро Янушкевіч скончыў інстытут і атрымаў накіраванне ў камбінат «Мастацтва» ў Гродна. Там яму далі майстэрню, якая тады знаходзілася ў габрэйскай сінагозе. Яму пашчасціла з дыпломам – ён зрабіў насценны роспіс у тэатральнай зале Акадэміі мастацтваў у Мінску, які і цяпер захаваўся.

Напачатку ў Пятра было шмат заказаў. Ён афармляў мастацкую школу ў Шчучыне, а калі будаваўся вялікі прыгожы касцёл Святога Духа ў Беластоку, зрабіў для святыні 8 вітражоў па 8 метраў вышынёй – цудоўныя светлыя творы з жыцця Езуса Хрыста і Яго Апосталаў. Беластаччане палюбілі яго вітражы, часта ўпрыгожваюць імі выдавецкую прадукцыю – буклеты, абразкі, малыя кніжкі.

У пасёлку Паўднёвым на ўскрайку Гародні, дзе пабудаваны касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, таксама ёсць вітражы Пятра Янушкевіча. У неагатычным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Зарачаны вітражы Сэрца Езуса і Маці Божай таксама зрабіў Пятро. Калі ў пачатку 90-х гадоў аднаўлялася праваслаўная капліца на старых могілках у Гродне, мазаіку над уваходам «Спас Нерукатворны» і чатыры авальныя тондо ў царскія вароты таксама зрабіў Пятро Янушкевіч.

Неўзабаве ў Нямеччыне з’явіўся аматар яго карцін, які сам прыязджаў у Гародню, а пасля раптам знік. А тут яшчэ распаўся Савецкі Саюз, і мастацкія майстэрні сталі непатрэбныя...

У Пятра пачаўся амаль безнадзейны час, але ён разважае пра яго спакойна: «Я пакуль што да рынкавай творчасці не саспеў. Як рэстаўратар расчышчае слой пазнейшай фарбы, не ведаючы, што там пад ёй схавана, так і я іду ў майстэрню, каб вызваліцца ад таго, што ўва мне ёсць, каб спаліць...» Такі стан душы творцы, які ідзе ў майстэрню, як на першае спатканне, бярэцца за пэндзлі і пачынае маляваць тое, чаго не бачыць вачыма цялеснымі, але бачыць вачыма душы.

Як у ім ужываюцца глыбокая філасофія і імпульсіўнасць, парыў? Ён стварае карціну, як у сне, уяўленне намацвае вобраз, потым вобразы чапляюцца, штурхаюцца, нанізваюцца, нагрувашчваюцца адзін на другі, як хвалі накатваюцца адна на другую. На гэтую карціну наступае, засланяе яе другая карціна. Простыя лініі ламаюцца, закручваюцца ў спіралі. Хвалі расцякаюцца і касцянеюць, ледзянеюць у брылы, у шары, у кубы — што пэндзаль хоча, тое і вытварае. Вось карціна «Гаспадыня зімовага саду», дзе гаспадарыць завея, а не гаспадыня, якая патанае ў брылах лёду. Мастаку здаецца, што карціна вельмі халодная, такая замерзлая, што «халаднейшага холаду не бывае».

«Дзве рэчы забіваюць душу – роспач і фальшывая надзея», – казаў святы Аўгустын.

У Пятра няма ніякіх сродкаў на жыццё, але ён не збіраецца шукаць простую працу. «Я без гэтага памру», – кажа ён. Няма падтрымкі і ад творчага мастацкага саюза, які не займаецца сацыяльнай абаронай.

Разглядваючы творы Пятра Янушкевіча, я ўбачыла сябе ў маладосці, пра якую забылася: у Біскупцах пры святле месяца я рыфмавала – што прыходзіла ў галаву... Але сёння не я ёсць інструмент прыроды, я з прыроды ствараю прыладу творчасці. Я сабрала растрэсеныя пачуцці ў спакойную плынь з дапамогаю святой Эўхарыстыі, таямніцы пакаяння і малітвы на ружанцы...

З халоднай мастакоўскай душы плывуць змрочныя колеры фіялету, балота, едкай барвовасці. Аднойчы Пятро ў такім стане стварыў юнака са штылетам замест сэрца, бяздушны прыгожы твар — у вянку едкіх кветак, кілішак — у спешчанай руцэ, а ніжэй пояса — валасатая скура: намаляваў кентаўра. Галубок ад Бога ляцеў на той карціне. Пятро знішчыў свой аўтапартрэт. З жахам я разглядваю яго фотакопію.

На карціне «Кантракт» – цёмныя цені чалавека і анёла. Які кантракт яны заключаюць?

Карціна «Анёл». Сумны анёл, якога пакінуў гаспадар, адмовіўся ад яго аховы. «Не пакідай свайго анёла-ахоўніка прывязаным да дрэва! Папрасі анёла-ахоўніка, каб ішоў з табою. Калі ты заснеш пад кустом, ён цябе разбудзіць і нагадае, што цябе чакае доўгая дарога да нябеснага дому на Божую гару!» – гэта сказаў святы Базыль Вялікі.

Аднойчы Пятро гэтак у натхненні накладваў колеры знізу ўверх, нанізваў, як у сне, рэфлексіі ліній, паддаўшыся настрою, не заўважаючы візуальнага бар’еру паміж рэальным і нерэальным — так і з’явіўся твор, «Апошняя таямніца» (1996 г.). На пярэднім плане паўсталі галовы, чарапы, пачвары, у цэнтры стала — чорная жанчына з касой. За гэтым жахам узняўся Езус Укрыжаваны з ясным німбам над збалелай у цернях галавой. Святло прабівалася з-за крыжа... Пятро разгледзеў свой твор і зразумеў, што Бог падае яму руку, спыняе на ягоным палатне пачвараў, праганяе іх, спыняе крыжам змрок і запрашае мастака быць сведкам прысутнасці Бога. Сам дае яму жыццё, дыханне і ўсё...

«Хрыстус у чалавеку хоча любіць тое, што ў ім найгоршае», – сказаў Тамаш Мэртан...

За адну восень 2000 г. у Пятра памерлі бацька Вацлаў і брат Мар’ян. Маці Вацлава знайшла сілы сесці на ровар і заехаць з Клінчанаў у Падліпкі на святую Імшу.

З дапамогай Бога, маці, жонкі Зоі і дачкі Яланты ён выбраўся са змроку адчаю і гэтым летам у галерэі Антонія Тызенгаўза выстава Пятра Янушкевіча пацешыла аматараў выяўленчага мастацтва разнастайнасцю жанраў, філасофскай глыбінёй і светлым настроем. «Золата – просты колер, які не раскладаецца на спектр, з’яўляецца сімвалам Боскага пачатку, які не падзяляецца, бо ёсць і пачаткам, і сутнасцю ўсяго. Менавіта таму Пятро неаднойчы звяртаецца ў сваіх творах да ўласцівага сакральнаму жывапісу залатога фону», – так напісала Наталля Маліноўская ў газеце «Культура» пра выставу Пятра Янушкевіча.

З той выставы і з карцін, што знаходзяцца ў майстэрні Пятра Янушкевіча на вуліцы Міра, недалёка ад касцёла Маці Божай Анельскай, я выбрала тры карціны. Гэта карціна «Тры Каралі» (2005 г.) пра наведванне трыма мудрацамі нованароджанага Езуса ў Бэтлееме, створаная ў стылі дзіцячай наіўнасці, як фанцік ад цукеркі, але крыху зацемненая (мала што падзеі ночы, але самай светлай ночы ў гісторыі чалавецтва!). Другая карціна — «Разбураным святыням Беларусі прысвячаецца» (2005 г.).

Пятро разбурае памеры. Малыя будынкі і вялікі крыж, на якім выразна відаць цвікі. Постаць Збаўцы адбіваецца ў палаючым дрэве Крыжа. Палае сэрца. Свечка гарыць і сцякае, як вастрыё мяча. Цуркі, пісягі, бурбалкі крыві, павуцінне занядбання, грахоў. Трывога, адчай, чырвоныя ружы ў крыві і агні. За крывавым полымем, за прысакам – святлее халодная зеляніна. Гэтая глыбока трагічная карціна «асцерагае нас: глядзіце, каб гэты дзень не зваліўся на вас знянацку...» (пар. Лк 26).

Трэцяя карціна называецца «Каляднае ззянне» (2005 г.). У светлым ззянні — постаць Езуса Міласэрнага на фоне абрысаў касцёла. Ад працягнутай рукі Збаўцы ляціць белы галубок з галінкай лілеі ў дзюбе, светлым ценем птах павялічваецца ў паветры, у ветры, даючы адчуванне палёту, дасягае аблічча Божай Маці і Дзіцяці, светлыя німбы над іх галовамі дапаўняюць нябёсы. Слупы святла і лініі далягляду перакрыжоўваюцца, яснота над светам, Боскае «упоене» — прыгожае польскае слова»! — нібы нараджэнне ад пачатку, адданне сябе ў Яго рукі. Пятро кажа:

— Гэтую карціну хацелі купіць, але я паставіў завысокую цану. Няхай пакуль што пабудзе пры мне...

Дзве дзіцячыя галоўкі плаваюць у ружовым тумане. «Візуальны бар’ер».

— Кожны ранак у мастака пачынаецца так, нібы пачынаецца жыццё, — з чыстага ліста, — кажа Пятро...

Усе творцы — малыя дзеці, да іх трэба ставіцца так, як да хворых немаўлятаў, нават калі яны навучыліся хаваць сваю голую душу пад кепку-невідзімку...

«Мы, будучы Божым родам, не павінны думаць, што Боства падобнае да золата або срэбра, або каменя, увасобленага ў твор мастацтва і чалавечай думкі» (пар. Дз 17,29).

Выяўленчае мастацтва – гэта тая ж паэзія колераў, якія зразумелыя на ўсіх мовах. І кожнае адкрыццё выклікае ў чалавеку энтузіязм.

Калі мы развітваліся з Пятром Янушкевічам, ён сказаў так:

– У гэтым годзе мне споўнілася 45 гадоў, і я памяняў пашпарт. Памяняўся ў нас хатні нумар тэлефона. А гадзіннік, які стаяў на камодзе і маўчаў з таго часу, як я скончыў інстытут, – узяў і сам пайшоў.

Пятро Янушкевіч з сям’ёй з’яўляюцца вернікамі парафіі Адкуплення Крыжа пабернардынскага касцёла.

Фота Яраслава Ванюкевіча.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY