Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(36)/2006
Галерэя
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ

СВЯТЫ АЙЦЕЦ
Гісторыя
Мастацтва
Культура
Актуальная размова

ПРАЎДА ТОЛЬКІ АДНА

«КОД ДА ВІНЧЫ»: РОЗДУМ ПАСЛЯ ПРЭМ’ЕРЫ
Паэзія

ПАЗНАЮ ЦЯБЕ, БОЖА

ВЕРШЫ
Мастацтва

ПАЎНОЧНЫЯ РЫЦАРЫ
Літаратуразнаўства
Пераклады

ДАРОГА ДА ЭМАУС

ВЕРШЫ
Вандроўкі
Мастацтва

Кс. Вячаслаў ПЯЛІНАК MIC

«КОД ДА ВІНЧЫ»: РОЗДУМ ПАСЛЯ ПРЭМ’ЕРЫ

«Мой раман — гэта плён фантазіі, гэта не гістарычная праўда. „Код да Вінчы“ не скіраваны супраць хрысціянаў. Існуюць, праўда, тыя, хто лічыць, што гэтая гісторыя — „небяспечная, ерэтычная і антыхрысціянская“. Мне вельмі шкада, што я абразіў гэтых асобаў».

Вось так — проста, зусім бяскрыўдна і нават па-мастацку наіўна каментаваў свой раман Дэн Браўн 21 красавіка 2005 год у італьянскім часопісе Avvenire. Ды ніхто, бадай, прачытаўшы гэтую кнігу, і не сумняваўся ў выдуманасці яе сюжэта. Пытанні паўсталі зусім не наконт мастацкай фантазіі, а адносна вядомых постацяў гісторыі, якія, па волі пісьменніка, трапілі ў самы цэнтр дэтэктыўных падзеяў і павінны былі пражыць на старонках твора яшчэ адно, прыдуманае Дэнам Браўнам, жыццё.

Браўн мае рацыю: Хрыстус, якога мы ўбачылі ў яго рамане, ніколі не існаваў, як не існавала і Марыя Магдалена ў якасці Яго жонкі. З рэальнымі падзеямі гісторыі не мае нічога агульнага і той Леанарда да Вінчы, якім яго малюе Браўн — чалавек, апантаны ідэяй данесці да свету інфармацыю пра нашчадкаў Хрыста ў сваіх творах. Нарэшце, «Ватыкан паводле Браўна» існуе не ў Рыме, а толькі ў раманах, падобных да гэтага. Справа тут сапраўды не ў гісторыі, а ў творчай этыцы сучаснай культуры, якая ведае нямала падобных аўтараў.

Многім спецыялістам у галіне кінематографа падалося дзіўным, што кампанія Columbia Pictuers, якая экранізавала скандальны раман, не палічыла патрэбным змясціць у цітрах прынамсі стандартны каментар: «Фільм створаны на падставе выдуманых падзеяў, любыя супадзенні — выпадковыя». Самыя розныя асяродкі і асацыяцыі каталіцкай культуры некалькі разоў афіцыйна звярталіся ў кінакампанію, каб нагадаць вытворцам пра гэты просты, але важны прафесійны абавязак. Аднак Рон Говард, рэжысёр, лічыў інакш: «Мне гэтая ідэя падалася смешнай. Такім чынам я мог бы толькі выказаць сваё сумненне ў разумовых здольнасцях гледача».

Стрыманыя і асцярожныя выказванні аўтара і рэжысёра сапраўды могуць пакінуць уражанне, што гэта людзі з высокімі ідэаламі. І Дэн Браўн, і Рон Говард з удаваным здзіўленнем некалькі разоў з тэлеэкранаў і са старонак газет папрасілі прабачэння ў вернікаў. Аказваецца, мэта, якую паставілі гэтыя людзі, вельмі простая: абудзіць свет, агучыць некалькі новых ідэяў, распачаць дыскусію — словам, трохі дадаць фарбаў нашай шэрай штодзённасці. Свет даведаўся, што ў гэтым «творчым тандэме» міралюбны з натуры рэжысёр Говард проста быў прываблены неардынарнасцю сюжэта, прыдуманага аўтарам рамана: «Фільм — заўсёды выдумка, так як і раман Браўна — проста фантазія. Я не маю ў сабе нічога правакатарскага, а выбраў гэты твор таму, што асобныя ідэі кнігі сапраўды інтрыгуюць. Калі фільм узбуджае дыскусіі і дэбаты — значыць, гэта добры фільм».

Што ж, пытанне творчай этыкі і сумленнасці ў культуры — гэта рэчы вельмі асабістыя, і кожны, на жаль, разумее іх па-свойму. Цікавы той факт, што сам Рон Говард два гады таму стварыў цудоўны фільм Cinderella Man (у нашым пракаце — «Накдаўн»), у якім вельмі таленавіта паказаў сэнс малітвы, а таксама такія хрысціянскія і агульначалавечыя каштоўнасці, як сям’я, сужэнская вернасць і сумленнасць у кожнай жыццёвай сітуацыі. Некалькі міжнародных таварыстваў каталіцкай культуры назвалі гэтую стужку лепшым каталіцкім фільмам 2005 года, і вось цяпер той самы чалавек выпрабаваў свае сілы ў новым эксперыменце і паказаў цалкам іншае разуменне культуры, якую ён стварае. Але ці ён першы?

Імкненне да праўды або прыгажосці ўжо, на жаль, прынцып далёка не кожнага творчага чалавека. Скандальны раман і не менш скандальны фільм нібы праз павелічальнае шкло прымушаюць нас глянуць на праблемы сучаснага свету, у якім жорсткія законы шоў-бізнесу і гламурнай моды часта проста не лічацца з пачуццямі і нават элементарнымі правамі чалавека. Творчасць, пабудаваная на ідэалах праўды і прыгажосці, не можа прынесці тых звышпрыбыткаў, якія можна зарабіць на «сенсацыі», а дакладней, на скандале.

Тыя, хто быў абражаны «творчым эксперыментам» пад назваю «Код да Вінчы», у дыскусіі з яго аўтарамі і прыхільнікамі спрабуюць апеляваць да такіх аргументаў, як гістарычныя факты, рэлігійныя пачуцці і да Найвышэйшага абаронцы праўды — Бога. А ў адказ даносіцца толькі шум кулуараў новай славы, апладысменты вынаходцам «арыгінальных» творчых падыходаў і «неардынарных» канцэпцый культуры. Дык ці ёсць межы свабоднай творчасці чалавека, у якіх культура яшчэ існуе як культура, а праўда застаецца праўдаю? Няўжо адказнасць творцы вызначаецца толькі памерамі ганарару, а не сумленнем?

Памятаю, калі Ірына Жарнасек пісала кнігу «Будзь воля Твая» пра трагічныя падзеі ў Росіцы і па крупінках збірала ўсё, што датычыла смерці тых людзей ў сорак трэцім, яна аднойчы сказала мне: «Каб Вы ведалі, як я баюся памыліцца! Я адчуваю, што яны літаральна стаяць за маімі плячыма». Можа, камусьці здаецца дзіўнай такая вялікая далікатнасць пісьменніцы, якая піша пра даўнюю трагедыю? Нармальнаму чалавеку — не.

Дэн Браўн не абцяжарваў сябе такою «дробяззю» і даў вельмі адвольную інтэрпрэтацыю евангельскіх падзеяў, каб стварыць востры дэтэктыўны сюжэт. Пры гэтым яго зусім не бянтэжыў той факт, што ў Езуса з Назарэта — больш за два мільярды паслядоўнікаў, для якіх Ён не проста настаўнік ці маральны аўтарытэт, а ўцелаўлёны Бог. За гэтую праўду мноства хрысціянаў аддалі сваё жыццё, і нават сёння для многіх вера ў Езуса Хрыста становіцца прычынаю ганенняў і мучаніцтва. Ва ўсе часы з аднаго боку былі людзі, гатовыя прыняць смерць за праўду пра Хрыста, а з другога — тыя, хто рознымі спосабамі імкнуўся гэтую праўду сказіць.

Але вернемся да таго, на чым будуецца сюжэт рамана і фільма «Код да Вінчы». Варта адзначыць, што пра асобу Леанарда да Вінчы, як і пра створаныя ім шэдэўры, напісана шмат навуковых працаў, цэлыя інстытуты і асацыяцыі мастакоў скрупулёзна даследуюць творчасць генія Адраджэння. Безумоўна, Каталіцкі Касцёл ніякім чынам не ўплывае і не можа ўплываць на гэтую навуковую дзейнасць. Прэзідэнт Таварыства Леанарда да Вінчы (Leonardo Da Vinci Society), дацэнт Інстытута Мастацтва ў Лондане Джудзіт Вэроніка Філд (Field) у артыкуле, надрукаваным у Journal News, назвала сенсацыйныя высновы Дэна Браўна, пакладзеныя ў аснову рамана «Код да Вінчы», проста і зразумела: абсурд. Але хто для чытача з’яўляецца большым аўтарытэтам: мастацтвазнаўца Філд ці навеліст Браўн, і ці можа сёння важкае слова знаўцы гісторыі і культуры спыніць фантазію складальніка дэтэктываў?

Цікава, што нават вядомы псіхолаг Зігмунд Фрэйд, заснавальнік скандальнай у свой час школы псіхааналізу, вывучаючы палотны Леанарда, не заўважыў сваім надзвычай адчувальным да ўсяго таямнічага вокам тых славутых кодаў. Хоць Фрэйд і занатаваў некалькіх даволі дзіўных заўвагаў пра эратычныя матывы, якія ён разгледзеў у творах Леанардо, але яны ніякім чынам не закраналі асобаў Хрыста і Марыі.

Леанарда прысвечана таксама і трылогія «Хрыстос и Антыхрыст» Дзмітрыя Меражкоўскага, якога сучаснікі часам называлі «палонным культуры». Аднак і там мы не знойдзем аніякіх сенсацый і нават ускосных слядоў таямніцаў, якія «адкрыў» Браўн. Разам з тым, наўрад ці нават хтосьці з сусветных класікаў можа параўнацца з Д. Меражкоўскім у тонкім разуменні мастацтва і дасканалым веданні самых розных плыняў хрысціянскай культуры. Ды зноў жа, ці ўнушальны том Меражкоўскага, прытым напісаны не самым лёгкім стылем, можа спаборнічаць з вострасюжэтным трылерам?

Мы жывем у свеце, дзе не заўсёды аўтарытэт будуецца на ведах або мудрасці. Толькі адзін тэлеканал Discaverу, прычым без вялікіх намаганняў, на працягу аднаго тыдня робіць дзесяткі адкрыццяў і разгадвае сотні таямніцаў, кожная з якіх, здаецца, павінна змяніць свет. Аднак у свеце ўсё застаецца па-ранейшаму, прадзюсеры зарабляюць вялікія грошы, а людзі губляюць крытычны падыход да найважнейшых праяваў жыцця, асабліва да пытанняў веры. Нават калі мы бачым адносна няшмат адкрытай хлусні пра Хрыста ці Касцёл, аднак рэлігія сёння становіцца прыбытковым таварам, і на ёй спрабуюць зарабляць многія. Сёння кожны можа казаць і пісаць пра Хрыста ўсё, што яму прыйдзе ў галаву, гэтак жа, як кожны жадаючы можа абвясціць сябе знаўцам сноў ці экстрасенсам. Калі цывілізацыя зрабіла такі вялікі бізнес на ўсходніх рэлігіях, якія прайшлі варварскую адаптацыю пад попыт сучасных «спажыўцоў», то чаму чалавек павінен спыніцца прад Хрыстом? І вось Ён усё часцей і часцей з’яўляецца на старонках кніг і на экранах як мастацкі вобраз, больш ці менш далёкі ад таго Езуса, які хадзіў калісьці па зямлі, робячы дабро (пар. Дз 10, 38), а розныя людзі выкарыстоўваюць гэты вобраз у пэўных мэтах — кожны ў сваіх. Адна жанчына, выходзячы з парыжскага кінатэатра, падзялілася з рэпарцёрам сваімі думкамі: «Мне не важна, праўда гэта ці не. Мне нават не важна, кім Ён быў і ці быў наогул. Але я феменістка, і калі гэты Езус штосьці можа значыць для руху жанчын сёння — я за Яго абедзвюма рукамі».

Няма сумніву, што менавіта да такіх асобаў была скіравана спачатку кніга, а потым і фільм. І іх, на жаль, нямала. Ім, у адрозненне ад хрысціянаў, праўда не настолькі важная, а дакладней, для гэтага кола яна мае рэлятыўны характар. Таму аўтар можа бясконца паўтараць, што гэты раман — плод фантазіі, альбо, сабраўшы ўсе свае акторскія здольнасці, нават можна спачувальна заплакаць над абражанымі пачуццямі хрысціянаў, бо ён добра ведае — ягонага чытача гэта не спалохае, чытач застанецца верны свайму куміру. Нават калі ў каментары да кнігі або фільма бясконца паўтараць такія словы, як фантазія, выдумка ці фікцыя, то ўсё роўна спрацуе класічная ісціна, пра якую казаў Мальер: «Ілжыце, ілжыце, ілжыце, і штосьці з гэтага застанецца». А застацца можа сапраўды шмат.

Гістарычнасць асобы Хрыста, Евангелле і гісторыя першых стагоддзяў хрысціянства не з’яўляюцца выключнай прэрагатывай Каталіцкага Касцёла. Пра Езуса з Назарэта і пра Яго вучэнне пісала шмат гісторыкаў розных веравызнанняў і светапогляду. Найбольш вядомыя манускрыпты (рукапісныя тэксты Евангелля) І–ІІІ стагоддзяў сёння знаходзяцца ў розных бібліятэках свету і даступныя для вывучэння не толькі вузкаму колу багасловаў. З імі працавалі і працуюць гісторыкі, палеографы, даследчыкі старажытных культур і моваў. Ніхто не робіць таямніцы і з апокрыфаў, сярод якіх ёсць так званыя евангеллі ад Тамаша, ад Філіпа, ад Праўды, ад Марыі Магдалены і нядаўна апублікаванае евангелле ад Юды.

Ва ўмовах сучаснага свету проста немагчыма было б утойваць нейкія факты, паколькі гістарычныя крыніцы і дакументы агульнадаступныя, і да таго ж Касцёл не ставіць перад сабою такой мэты. Што б ні пісалі атэістычныя прапагандысты савецкіх часоў і сучасныя аматары сенсацый, якія маюць на дзіва падобныя погляды ў тым, што датычыць Касцёла, абсурдна гучыць абвінавачванне ў тым, што Папа разам з невялікай групай падданых трымае ў цёмным няведанні больш за мільярд вернікаў. Менавіта Каталіцкі Касцёл у апошнія дзесяцігоддзі прыклаў вялікія намаганні да таго, каб ачысціць атрыманую ад апосталаў веру ад розных легендаў, паданняў і міфалагічных дэталяў, якія напластоўваліся стагоддзямі. Безумоўна, гэта можна было зрабіць толькі з дапамогаю навукоўцаў, спецыялістаў у галіне гісторыі і культуры. Напрыклад, са згоды Касцёла было праведзена ўсебаковае вывучэнне такой вялікай рэліквіі, як Турынская плашчаніца, а ў 1997 годзе з выкарыстаннем самых сучасных метадаў лазернага даследавання была праведзена экспертыза рэліквій святога Пятра, знойдзеных у гротах пад ватыканскай базылікай.

У выніку скрупулёзных гістарычных даследаванняў мы змаглі больш даведацца пра першыя гады існавання хрысціянскіх супольнасцяў, а ў галіне агіяграфіі ўдалося аддзяліць сапраўдныя факты ад легендаў, якімі «абраслі» жыццяпісы святых. Таму няма сумненняў, што найбольш зацікаўлены ў чысціні і сапраўднасці веры менавіта сам Касцёл, які робіць канкрэтныя захады для пошуку праўды. Толькі застаючыся на пазіцыі праўды сёння можна мець сапраўдны аўтарытэт у справах веры, які не залежыць ад настрояў і моды, і Каталіцкі Касцёл, бясспрэчна, яго мае.

У наш час ніводзін сур’ёзны навуковец не ставіць пад сумніў аўтэнтычнасць евангельскіх тэкстаў у чатырох версіях: Мацвея, Марка, Лукі і Яна. Гэта менавіта тое Божае слова, якое было дадзена хрысціянам у першыя гады пасля смерці і ўваскрасення Пана. Іх сапраўднасць пацвярджаюць шматлікія папірусы, найбольш раннія з якіх адносяцца да канца І — пачатку ІІ стагоддзя. Самыя вядомыя з іх — Chester Beatty II, напісаны прыблізна праз 30 гадоў пасля смерці Хрыста, Rylands, які з’явіўся прыблізна праз 30 гадоў пасля напісання Евангелля паводле Яна, Bodner II, XIV і XV (ІІ ст.). Як бачым, не ў ІV стагоддзі, не ў часы Канстанціна, як піша Браўн, хрысціяне пачалі разумець, што Евангелле — гэта фундамент іх веры і гарантыя яе чысціні. Першы збор тэкстаў Новага Запавету з чатырма Евангеллямі, якімі мы карыстаемся і сёння, быў вядомы ўжо ў другой палове ІІ стагоддзя (170–180 гг.) як Мураторыеў канон, а ананімны хрысціянскі аўтар пісаў у 190 г. у палеміцы супраць Мантана пра тое, што ў гэты канон нічога не можа быць дададзена і нішто ў ім не можа быць зменена. Такім чынам, больш за стагоддзе да Канстанціна хрысціяне мелі нязменны, кананічны збор святых кніг.

Божае слова ў нескажоным выглядзе дайшло да нас ад самых вытокаў Касцёла, бо першыя хрысціяне вельмі рупліва і дакладна перапісвалі гэтыя тэксты. За дзвесце пяцьдзесят гадоў пасля Уваскрасення Хрыста было створана аж 5300 рукапісных копій тэкстаў Евангелля (для параўнання, існуе толькі 11 копій працаў Платона). Калі ўзяць пад увагу тагачасны вельмі дарагі кошт і працаёмкасць працэсу напісання кніг і вельмі сціплую матэрыяльную базу першага Касцёла, выснова відавочная — захаваць Евангелле і перадаць яго наступным пакаленнем было адным з самых важных заданняў нашых продкаў у веры. Гісторыкі сцвярджаюць, што для стварэння такой вялікай колькасці копій Касцёл павінен быў выдаткаваць на іх напісанне амаль усе свае матэрыяльныя сродкі.

Апокрыфы — некананічныя паданні пра жыццё Езуса — з’явіліся значна пазней, і так званае евангелле ад Філіпа таксама было напісана праз стагоддзі пасля смерці апостала. Наогул, такіх тэкстаў было даволі шмат. Некаторыя з іх захаваліся да нашых дзён і сёння даступныя чытачам. Айцы Касцёла і раннехрысціянскія аўтары не спрабавалі схаваць сам факт існавання апокрыфаў і ніякім чынам не паказваюць на тое, што ў іх ёсць нейкія таямніцы. Старажытныя аўтары часам цытуюць гэтыя тэксты, але ў іх ппрацах яны маюць, хутчэй, дапаможнае значэнне і ніякім чынам не закранаюць дактрыну веравучэння. А вось кананічныя Евангеллі ў ппрацах толькі трох прадстаўнікоў старажытнага хрысціянства — Клімента Рымскага (†101), Юстына (†165) і Ірэнэя (†200) — цытуюцца аж 30 000 разоў! Шкада, што мы так мала ведаем сваю ўласную гісторыю, а асабліва яе найбольш ранні перыяд — часы апосталаў і мучанікаў.

Думаю, што найлепшы доказ таго, што Евангелле не было сфальсіфікавана, — гэта само Евангелле. Калі б складанне Новага Запавету сапраўды было справаю рук імператара Канстанціна, якога Браўн вуснамі свайго героя называе «бязбожнікам», яму наўрад ці магла б перашкаджаць нейкая там «узлюбленая Месіі». Калі б толькі Канстанцін або хтосьці з моцных гэтага свету меў дачыненне да рэдагавання Евангелля, ці засталіся б у ім словы: «Любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас»? Кожны, хто вывучаў у школе гісторыю, ведае хоць трохі пра рымскую цывілізацыю і пра тое, якія каштоўнасці тады былі ў пашане. Навошта ж было цэзару паганскай дзяржавы, таму, каго падданыя абавязаны былі называць Dominus ac Deus — Валадаром і Богам, — адкідваць рэлігію, на якой спрадвеку трымаліся лад у дзяржаве і яго асабістая ўлада? Напэўна, немагчыма сабе ўявіць такой формы зямной улады, што да сённяшняга дня трымаецца на сіле, для якой маральныя прынцыпы Евангелля былі б выгадныя з прагматычнага пункту гледжання.

Няма нічога дзіўнага ў тым, што побач з кананічнымі Евангеллямі з’яўляліся апакрыфічныя тэксты. Часта іх мэтаю было абгрунтаваць якое-небудзь новае ілжэвучэнне, ерась, але нельга ўсіх без выключэння аўтараў апокрыфаў абвінавачваць у свядомым жаданні сфальсіфікаваць падзеі зямнога жыцця Збаўцы. Гэта робяць за іх сучасныя аматары старажытных «таямніцаў» і тыя, хто на гэтым будуе свой бізнес. У цэлым жа апокрыфы з’яўляюцца вельмі каштоўным дапаможным сродкам у вывучэнні Святога Пісання і падзеяў, што адбываліся на золку хрысціянства, і самі па сабе наўрад ці могуць быць сур’ёзнаю пагрозаю для веры. Большасць апокрыфаў не маюць сур’ёзных разыходжанняў з фактамі, пра якія апавядаецца ў кананічных Евангеллях, але ў апакрыфічных тэкстах, паходжанне якіх часцей за ўсё сумніўнае, прысутнічае больш мастацкай фантазіі і недакладнасцяў. Разам з тым, у апакрыфічным евангеллі ад Філіпа няма ніякіх згадак пра нейкія асаблівыя адносіны Хрыста з Марыяй Магдаленай. Такіх звестак няма нідзе, нават у апокрыфах, а значыць, гэта было проста прыдумана Браўнам або кімсьці да яго.

Так званае евангелле ад Праўды, або ад Магдалены, увогуле вельмі цяжка назваць аповедам. У гэтых тэкстах апісаны самыя розныя традыцыі егіпецкай і рабіністычнай мудрасці, якія дасягаюць свайго канчатковага ідэйнага завяршэння ў Месіі. Хрыстус у гэтым «евангеллі» — не Бог у гістарычнай рэчаіснасці Уцелаўлення, а Вышэйшая Мудрасць, праслаўленая гімнамі розных культур старажытнага Усходу.

Нарэшце, Зорка з Магдалы — гэта вобраз, які ў егіпіцкай і ў сірыйскай паэзіі азначаў пачатак мудрасці і існаваў задоўга да нараджэння Хрыста. Толькі ў раннім Сярэднявеччы ён быў упершыню ўжыты ў прысвечаным Марыі Магдалене гімне, які мы да сённяшняга дня чытаем у брэвіярыі ў дзень успаміну гэтай святой. Падобнае параўнанне існуе і ва ўсходняй хрысціянскай традыцыі ў акафісце святой Марыі Магдалене: «Боготечная звезда, сопутствующи Христу, славная Марие, посреди мироносиц явилася еси». Падобныя дахрысціянскія вобразы, такія, як «Зорка мора», «Брама Усходу» або «Вежа з косці слановай», былі пазней прысвечаны Марыі, Маці Хрыста. Такім чынам, калі б хтосьці паставіў перад сабою мэту сабраць усе тэксты, дзе ўжываецца, напрыклад, эпітэт «Зорка мора», ён змог бы прыдумаць нейкую новую захапляльную гісторыю пра Маці Божую, якая, тым не менш, не мела б нічога агульнага з праўдаю. Таму невыпадкова ніхто з сур’ёзных даследчыкаў ніколі не атаясамліваў паэтычны вобраз зоркі Магдалы з гістарычнаю асобаю Марыі Магдалены.

Шкада, што дзякуючы такім гора-даследчыкам, як Дэн Браўн, сёння шмат хрысціянаў пачалі лічыць апокрыфы чымсьці шкодным. Безумоўна, гэтыя тэксты ніколі не былі і ні ў якім выпадку не могуць быць крыніцаю веры. Дарэчы, калі, напрыклад, якісьці «вынаходнік» у будучыні прапануе замест Евангелля прыняць у якасці крыніцы звестак пра зямное жыццё Хрыста паэзію святога Яна ад Крыжа або «Спеў Узлюбленаму» Тэрэзы Авільскай, ён, напэўна, прыйдзе да яшчэ больш цікавых і арыгінальных «адкрыццяў», чым наш сучаснік Браўн.

Безумоўна, шмат асабліва крыўдных пачуццяў і эмоцый могуць узнікнуць у вернікаў, калі яны ўбачаць на вялізным экране, як сучасныя прадстаўнікі Касцёла хлусяць, адлічваюць мільёны еўра, гандлюючы праўдаю, і на працягу аднаго дня чыняць цэлы ланцуг забойстваў. І, нягледзячы на запэўніванні аўтараў гэтага «шэдэўра» ў тым, што гэта не больш, чым экранізацыя выдуманага рамана, мы ўвесь час чуем слова «Ватыкан», бачым базыліку святога Пятра, а са словам «Папа» па сюжэце фільма асацыюецца пантыфікат Яна Паўла ІІ.

Пасля прагляду фільма адна веруючая жанчына сказала: «Маёй веры ён не пашкодзіў, але пасля фільма я адчувала сябе бруднай і грэшнай. Я зразумела, што заплаціла гэтыя няшчасныя грошы чалавеку, які публічна, на экране, зганіў маіх продкаў, маю сям’ю, нарэшце, і маю маці, якая памірала з верай у Хрыста».

У гісторыі Касцёла, але не ў той, якую напісаў Браўн, былі сапраўды балючыя падзеі. Сённяшні Святы Айцец, а ў мінулым прэфект Кангрэгацыі веравучэння Ёзаф Ратцынгер, на парозе 2000 года адкрыў сакрэтныя да таго часу архівы Інквізіцыі. Гэтыя факты сёння даступныя для кожнага, хто мае да гэтага цікавасць, і проста смешна выглядаюць тыя абсурдна-касмічныя лічбы ахвяраў, пра якія мы чытаем у кнізе «Код да Вінчы». Беспадстаўна выглядаюць таксама абвінавачванні аўтара ў тым, што нейкія «таямнічыя факты» вядомыя толькі вузкаму колу людзей у Ватыкане.

Пасля ўрачыстага перапрашэння свету і асобных народаў, якое здзейсніў у год Вялікага Юбілею Слуга Божы Ян Павел ІІ, нам, католікам, няма ніякай патрэбы хаваць штосьці з нашага мінулага. У названых Святым Айцом «правінах сыноў Касцёла» мова ішла пра асобныя дзеянні, звязаныя з палітыкай, злоўжываннем уладаю і ўмяшальніцтвам у паўнамоцтвы свецкіх інстытутаў. Аднак нельга спяшацца з катэгарычным асуджэннем. Сапраўды, не заўсёды хрысціянскія кіраўнікі разумелі, што Евангелле трэба бараніць, не ўжываючы грубай сілы, і нават апосталы не адразу пачалі разумець, якога яны духу (гл. Лк 9, 51–56). Таксама і апостал Пётр, жадаючы бараніць Збаўцу, ударыў мячом слугу першасвятара ў Садзе Аліўным. Паўтаралася гэта з Пятром у гісторыі папства не аднойчы, асабліва калі Касцёл быў у небяспецы. Але ніводзін Пётр, што на працягу вякоў сцярог веру нават з мячом, не замахнуўся на Евангелле, хоць бы для таго, каб сцерці з яго словы: «Схавай свой меч» (гл. Ян 18, 10–11).

Ацэнка гістарычных падзеяў заўсёды мае сэнс, калі гэта робіцца на падставе фактаў, у дыялогу са знаўцамі эпохі і праблематыкі. Але я не думаю, што асобныя факты гісторыі, змяшаныя з аўтарскай фантазія ды яшчэ пададзеныя ў дэтэктыўным жанры, могуць дапамагчы зразумець віну або зрабіць адпаведныя высновы. Касцёл павінен разважаць над сваімі памылкамі, гэта праўда. Мы, хрысціяне, сёння іх робім не менш, чым учора. Грэх існуе ўсюды, у кожнай супольнасці людзей. І мы, католікі, павінны толькі ганарыцца тым, што сёння нашая сям’я духоўна дарасла да той свядомасці, якая дазваляе Папу ад нашага імя сказаць свету: «Даруйце». Гэта ачышчае сумленне нашмат лепш, чым падобныя кнігі ці фільмы, якія толькі памнажаюць падзелы.

Евангелле перажыло самыя розныя эпохі і было засвоена самымі рознымі культурамі. Чытаючы Божае слова, людзі ваявалі, забівалі адзін аднаго, здраджвалі, грашылі, але калі ўсё ж і сёння мы можам у ім прачытаць, што Бог ёсць любоў, не трэба ніякага іншага доказу таго, што чалавек яго не выправіў.

Экранізацыя рамана «Код да Вінчы», як і сама кніга, мае попыт у свеце. На кожнай глебе, безумоўна, яна пакідае сваё зерне. Для беларускага гледача або чытача гэта можа быць асабліва шкодным хоць бы таму, што тэмы, пра якія ідзе гаворка, яму малавядомыя. Канешне, не зусім правільна было б вырашыць праблему старым як свет словам «нельга», бо сёння яно дзейнічае толькі як рэклама, але вось усвядоміць хрысціянам, і прынамсі католікам, маральную адказнасць за скарб веры — гэта абавязак Касцёла.

Паглядзець фільм пры сучасных тэхнічных сродках, нягледзячы ні на якія забароны, — зусім не складана. Вось толькі ці здолее звычайны вернік пасля прагляду фільма разабрацца ў тым, што ў ім праўда, а што — не? Кожны, хто ўжо прачытаў кнігу або паглядзеў фільм павінен ведаць, што ён проста абавязаны прысвяціць час і намаганні для атрымання адпаведных ведаў па гісторыі Касцёла і асабліва закранутых пытанняў. Недастаткова пасля фільма толькі перажагнацца і схадзіць да споведзі.

Наогул, ці было б справядлівым ставіць пытанні толькі Браўну і рэжысёру Говарду? Ці не павінна ўся гэтая гісторыя стаць нагодай для кожнага верніка, а таксама і для Касцёла, каб усвядоміць адказнасць за захаванне і перадачу веры, якая акрамя сантыментаў і прыгожых пачуццяў павінна грунтавацца і на канкрэтных ведах? Нарэшце, чаму толькі тады, калі з’яўляецца навамодны антыхрысціянскі пасквіль, у верніка з’яўляецца прага пазнання, жаданне пашырыць свае інтэлектуальныя і культурныя далягляды? А ў штодзённым жыцці ці маюць хрысціяне цікавасць да таго, пра што піша каталіцкая прэса, ці часта бяруць у рукі добрую духоўную або мастацкую кнігу, глядзяць якасны рэлігійны фільм? Няўжо без скандалаў хрысціянства стане менш цікавым?

У адным артыкуле (і нават у некалькіх) немагчыма падрабязна спыніцца на ўсіх недарэчнасцях браўнаўскага рамана. Відавочна, што ўсе фантазіі падобных «вызваляльнікаў праўды» з «няволі клерыкалаў» маюць агульную мэту: прымусіць сумнявацца ў тым, што не падабаецца ў рэлігіі пэўным асобам. Як кожны твор постмадэрнізму, раман «Код да Вінчы» прапануе чытачу цэлы набор праблемаў: феменістычны рух, дзейнасць акультных сектаў, праблемы гісторыі, гістарычныя таямніцы, забойствы і, згодна з законамі жанра, высакародная місія ратавання чалавецтва ад катастрофы. Нагрувашчанне цалкам розных ідэяў знаходзіцца ў абсалютнай узаемазалежнасці, а дзесяткі людзей, што засяляюць адлеглыя эпохі, ствараюць адно дзеянне. Таямніца, якая ў кожнай такой кнізе з’яўляецца самай галоўнай праблемай усяго чалавецтва, дзякуючы геніяльнасці і гераізму адной асобы на нашых вачах раскрываецца і ўсё становіцца на свае месцы. Галоўная задача гэтага стылю — напісаць фантазію пра праўду.

Сярод гэтага хаосу мы, хрысціяне, павінны памятаць пра сваё галоўнае пакліканне: абвяшчаць Божае слова. Для гэтага мы не маем іншага свету, а толькі той, у якім нарадзіліся і жывем. Абшар місіі Каталіцкага Касцёла — гэта ўсе народы і ўсе культуры. Пакуль застаемся вернымі гэтай універсальнасці збаўлення, мы можам называць сябе католікамі, а гэта значыць, супольнасцю вернікаў, якая прапаведуе Хрыста і ва ўмовах жахлівай беднасці Індыі, і сярод бясконцых войнаў Афрыкі; супольнасцю, якая не спалохаецца разбэшчаных звычаяў Еўропы і не здрадзіць Яму там, дзе ў модзе самыя розныя літаратурныя стылі або плыні кінапрадукцыі.

У апошніх дакументах Касцёла шмат гаворыцца пра патрэбу дыялогу хрысціянаў з сучасным светам. Часта ён атрымліваецца менавіта такім, гэты дыялог: крыўдным і балючым, пазбаўленым звычайных правілаў пашаны да годнасці чалавека, атручаны задушлівай хлуснёй. У ім усё можа быць абгаворана, апранута ў брыдоту, а на самы шчыры аргумент знойдзецца беспардонная хлусня. І калі кнігі з таннай белетрыстыкай разыходзяцца мільённымі тыражамі, гэта азначае, што праблема — не ў празмернай цікаўнасці «пэўных асобаў», а ў сістэме каштоўнасцяў і тэндэнцыях культуры сучаснага свету.

Разам з тым Касцёл не можа абмежавацца толькі асуджэннем, чакаючы, калі народзіцца новы чалавек — рахманы і шчыры, гатовы да ўважлівага дыялогу. Нават калі наш сучаснік жыве ў разбітым на дробныя кавалкі часе, прабывае аразу ў некалькіх віртуальных вымярэннях, мае дзіўны падыход да пытанняў аўтарытэту, волі, а Бог яго цікавіць толькі з прагматычных матываў, менавіта такому, а не іншаму чалавеку трэба абвяшчаць Евангелле.

Нельга аплакваць руіны яшчэ пару стагоддзяў таму паслухмянага і пакорнага верніка, уздыхаючы над тым, што некрытычнае стаўленне да касцёльнага аўтарытэту разам з «індэксам забароненых кніг» адышло ў гісторыю. Устрымліваючыся ад скрайняга «мадэрнізму», але і не трымаючыся сутаргава ўжо нядзейсных схемаў, мы мусім знайсці спосаб, каб Слова Хрыста загучала сёння з новай моцай і не ў такой культуры, пра якую мы марым, а ў той, у якой жывем. Калі рэжысёр Говард не пажадаў змясціць каментар пра выдуманасць сюжэта фільма, гэта павінны зрабіць мы на белых плямах нашай хрысціянскай свядомасці.

Апошні Сабор заклікае нас быць уважлівымі да знакаў часу. Калі казаць пра кнігу і фільм «Код да Вінчы» — гэта вельмі балючы знак, які нельга не заўважыць. Аднак Бог у гэтай сітуацыі менш за ўсё чакае ад нас плачу і наракання. І тым больш нельга лічыць, што сучаснаму чалавеку, які раскуплівае ў кнігарнях падобныя творы, не патрэбнае Евангелле. Ян Павел ІІ увёў у лексіку Касцёла важнае паняцце: «Новыя бедныя нашага часу». Ці не ім сёння найбольш патрэбны Хрыстус і Яго Евангелле? Не заўсёды лёгка пачуць, а тым больш зразумець сярод дзікіх з’яваў сучаснасці той своеасаблівы енк сапраўды беднага і збунтаванага свету. Трывога, голад, сум і страх сёння маюць сваё аблічча і выяўляюцца інакш, бо змяніўся сам «бедны». Як знайсці спосаб прамовіць, як паказаць прычыну беднасці і як захапіць чалавека сапраўдным дабром — гэта не толькі пытанне або складаная задача; гэта — сур’ёзны выклік для нас, хрысціянаў.

У першыя дні пасля ўваскрасення Пана мы бачым вельмі красамоўны знак: дзверы былі замкнёныя з-за страху… Менавіта на парозе тых замкнёных дзвярэй мы чуем словы Збаўцы: «Не бойцеся!». Невялічкі гурток першых хрысціянаў не знаходзіўся ў лепшым за нашае культурным асяроддзі, а спектаклі, якія рымляне паказвалі ў тагачасных тэатрах, былі яшчэ больш жудаснымі, чым говардаўская прэм’ера. Нарэшце, нам вельмі многае тлумачаць словы Апостала: «Мы абвяшчаем Хрыста Укрыжаванага». Ён назаўсёды для адных застанецца спакусаю, для іншых — глупствам, але не знікнуць і тыя, для каго гэты «абсурд» у вачах свету будзе Знакам і Крыніцаю Збаўлення.

Гл. таксама:
Павел КАЗАЦКІ ОР: «ПРАЎДА ТОЛЬКІ АДНА»


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY