 |
Калі ты быў...
На ўсіх разумных простае адно –
зямля і неба, глыбіня і дно.
За днямі дні злятаюць на экран
агонь і вечар, попел і туман.
Тут па сабе пакінуў Божы Сын
след на вадзе, як босых ног спамін.
Там астывае ад вады жывой
гарачы пот дарогі палявой.
Кругом той час і не ідзе назад –
і камянее даўні свет, як сад.
Ты прападзеш, а свет не прападзе
ні ў часе, ні ў зямлі, ні на вадзе.
Кругом і потым будзе вечны свет,
калі ты быў і свой пакінуў след...
|
Тут і там
нарэшце спёка лягла шырока
папера машынка ручкі алоўкі
кругом неабходныя кніжкі
на крэсле і ложку неабходныя коцікі –
дзень не абыходзіцца без пісаніны –
так праходзіць жыццё неабходнае
але гэта цяпер і тут – а было тое там
там навечна разам Гаўя і Нёман
і Вялікі Луг ляжыць даўнім домам
там час гоніць хвост як альфа з амегай
ціхі вецер дыхае кожнай кветкай
мак таўкуць камары над вадою цёмнай
гоняць ластаўкі ў бераг да гнёздаў цёплых
небам Вострая Брама гоніць звон успамінам
і стаіць з хмаркай Бог над ліцвінкай з ліцвінам
|
Камень
жывеш і не ведаеш
пакінуць твае кнігі ў спакоі
ці пусцяць на размол
пакінуць твой камень пад снегам
ці выламаюць на размол
пакінуць твой свет
ці прададуць на размол
жывеш і не думаеш
па кім звоніць звон
бо свайго жывыя не чуюць
а мёртвыя наслухаліся
пакуль жылі
на мяжы бачнага і нябачнага
чутнага і нячутнага
кожны дзень і кожную ноч
спачывае спакой –
белы ад спёкі стомы і замеці
камень
|
Калі ізноў пачнуць...
Калі ізноў пачнуць, што не паспелі скончыць,
ты болей ні ўздыхнуць, ні плакаць не захочаш,
бо колькі можна зноў...
Ты ўсё паспеў сказаць пра ўсіх жывых
і мёртвых –
пусты, як той вакзал, цяпер глядзіш на мора
халодных ясных слоў...
Цяпер не падганяй у глотку цёмнай цішы
ні час, ні гэты Край, дзе дагрызаюць мышы
прысудаў поўны спіс...
Не выцірай ілжы – і будзеш беззаганным,
бо не відаць мяжы імёнам безымянным,
абліччам без вачэй і постацям без рыс...
|
Станцыя Беняконі
Край зямлі. Такое месца для спакою ў душах –
тут цягнік на Ліду рэдка цішыню парушыць.
Свой тут бедны, свой багаты – як зямля і неба.
Ад вакзала справа хаты, а могілкі злева.
Стома спіць. У Беняконях даўні свет прыгожы
затаіўся ў абароне ад людзей пахожых.
Толькі хмаркі ходзяць самі, кругом заглядаюць –
цені хмарак дзьмухаўцамі двары засыпаюць.
Цёплы вецер. Соснаў цені, як подых анёлаў,
і на мураванай белі ціхага касцёла
цень Міцкевіча явіўся – і ўздыхнуў, заплакаў
над Марыляю Путткамер з дома Верашчакаў.
|
Светлая льецца ніць
Прабачце нам, хто за намі.
Не біце ў нас перунамі.
Мы – спаленыя ў марозы...
Прабачце мне, хто за мною.
Не лёг я сцежкай зямною –
але не заняў дарогі...
Прабачце нам – хто без вестак.
І тым – хто на нашых месцах.
І станьце – за іх, за нас...
Прабачце мне след пражыты.
Кароткі, але спавіты.
У лёс, у подых, у час...
Тых не забудзьце вершы,
хто Чатырох за Першым.
Не забывайце жыць...
Свеціць Святло над Светам.
Свеціць – над тым і гэтым...
Светлая льецца ніць.
|
|
 |