|
|
№
2(36)/2006
Галерэя
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ
Гісторыя
Алена ВАЛЬЧУК
РЭЛІГІЙНАЕ ПЫТАННЕ Мастацтва
Культура
Актуальная размова
Паэзія
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Пераклады
Вандроўкі
Мастацтва
|
Венецыя заснавана ў V ст. новай эры племем венетаў, якія былі выцеснены з цэнтральнай Італіі племем лангабардаў (доўгабародых) на паўночна-заходняе ўзбярэжжа Адрыятычнага мора. Тут венеты засялілі невялікія астравы, што знаходзіліся за 4 км ад мацерыка ў маляўнічай марской лагуне, і займелі на той час поўную незалежнасць і бяспеку. Спатрэбіліся неверагодыя высілкі, тытанічная праца, каб не толькі зрабіць занятую тэрыторыю прыдатнай для жыцця, але і пабудаваць горад, які ў Сярэднявеччы стаў найбагацейшым у Еўропе і магутнай марской дзяржавай дзякуючы гандлю і ваенна-палітычнай экспансіі. Сам працэс будаўніцтва горада на мізэрных кавалках сушы, затапляемай марскімі прылівамі, здаецца сучаснаму чалавеку вялікай таямніцай. Гэта была унікальная ў сусветнай цывілізацыі урбаністычная мадэль, якой можа ганарыцца чалавечы геній. Прывезенай з мацерыка зямлёю засыпалі пратокі паміж маленькімі астравамі, скараціўшы іх колькасць да 18. Пад узведзеныя з цэглы, вапняковых квадраў і мармуру саборы і палацы, якія маюць ад 2-х да 4-х паверхаў, былі забіты сотні тысяч паляў з лістоўніцы, якую прывозілі з Далмацыі. Драўніна лістоўніцы, прапітаная салёнай марской вадой, стварыла арганічны матэрыял, не менш трывалы за камень, які ўжо не адно стагоддзе трымае капітальныя пабудовы, нягледзячы на перапады ўзроўню мора. Неверагоднае спалучэнне прыродных стыхіяў, адкрытай прасторы, блакітаў неба і мора, падзеленых маляўнічай палосай фасадаў палацаў, упрыгожаных ажурнымі шматарачнымі лоджыямі, славутымі «венецыянскімі» вокнамі, фігурнымі грабянямі атыкаў, міжволі нагадвае Каўчэг, створаны з дапамогаю Бога. Ядром незвычайнай горадабудаўнічай структуры Венецыі з’яўляецца плошча Сан Марка, першыя звесткі пра якую датуюцца IX ст. З боку лагуны плошча пачынаецца п’яцэтай (аванплошчай), пазначанай дзвюма антычнымі калонамі з суцэльнага граніту. Калоны ўвенчаныя скульптурамі святога Тэадора Цірона (першага нябеснага патрона Венецыі) і крылатага льва — атрыбута евангеліста Марка, які стаў сімвалам Венецыі ў VIII ст., калі мошчы святога апостала былі тайна прывезеныя ў родны горад венецыянскімі гандлярамі. У канцы XI ст. на плошчы пачалося будаўніцтва велічнага сабора Сан Марка, які стаў дамінантай усяго выдатнага архітэктурнага ансамбля, што складваўся не адно стагоддзе.
Архітэктура сабора Сан Марка ўяўляе грандыёзнае шматаспектнае мастацкае цэлае, у якім спалучыліся разнастайныя будаўнічыя традыцыі Ўсходу і Захаду Еўропы, азіяцкіх і афрыканскіх краін Міжземнаморскага рэгіёна. Збудаванне мае унікальную архітэктоніку, што складаецца з пяці крыжова-купальных структур, злучаных у выглядзе роўнаканцовага «грэцкага» крыжа, арыентаванага па баках свету. Блізкую архітэктоніку мае толькі сабор Святых Апосталаў у Салоніках, пабудаваны ў VI ст., што пацвярджае візантыйскі «генезіс» сабора Сан Марка. Галоўны фасад сабора Сан Марка звернуты да плошчы пяццю велічнымі арачнымі парталамі, апоры якіх аформлены двух’ярусымі гранітнымі калонамі з прыгожымі разьбянымі капітэлямі. Існуе паданне, што яны прывезены са славутага ерусалімскага храма Саламона. У конхах парталаў справа налева размешчаны мазаікі «Выкраданне цела св. Марка» і «Прыбыццё цела св. Марка ў Венецыю» (П’етра Векк’я), з другога боку — «Жыхары Венецыі ўрачыста сустракаюць цела св. Марка» і «Перанос рэшткаў цела святога ў сабор» (Себасцьян Рыччы). У цэнтральным партале — больш познія барэльефы, якія адлюстроўваюць алегорыі «Рамёстваў», «Месяцаў» і «Дабрачынстваў», а на вялікім тымпане — кампазіцыя «Страшнага Суда», выкананая ўжо ў XIX ст. Матыў арачных парталаў узмацняюць пазакамарныя пакрыцці верхняга яруса галерэі, аздобленыя белапеннымі карункамі мармуровых архітэктурных дэталяў і скульптуры. Гэты скульптурны дэкор выкананы ў канцы XIV ст. сям’ёй майстроў разьбы па камені Мазенья. Усе часткі фасадаў, якія можна ахапіць позіркам з ўзроўню зямлі, апрануты суцэльным дываном мармуровай інкрустацыі і цудоўнымі смальтавымі мазаікамі, што надае святыні незвычайную маляўнічасць і каларыстычную разнастайнасць. Белы мармур прывозілі з вострава Праконес, што ў Мармуровым моры, каляровы мармур, парфір і онікс для аздобы інтэр’ераў — з Малой Азіі і Егіпта. Мастацкае вырашэнне інтэр’ера ўспрымаецца больш цэласна. Адметнасцю будовы ўнутранай прасторы сабора, што абумоўлена унікальнасцю яго агульнай архітэктонікі, з’яўляюцца чатыры магутныя пілоны, прарэзаныя арачнымі праёмамі, якія ўтвараюць цэнтральнае сяродкрыжжа.
За алтарнай перагародкай у прэзбітэрыі знаходзіцца рэлікварый святога Марка і так званая Пала д’Ора (Залаты алтар) — шмат’ярусная сакральная кампазіцыя, накшталт іканастаса, выкананая з пазалочанай бронзы, каштоўных камянёў і перагародкавых эмаляў. З паўднёвага боку ад галоўнага алтара знаходзіцца алтар св. Пятра (XIII ст.), а з паўночнага — створаны ў стылі рэнесансу алтар св. Паўла, побач з якім месціцца капліца з візантыйскім абразом Мадонны Нікапеі (XI ст.) у залатой шаце, аздобленай перагародкавымі эмалямі, тэхніка выканання якіх нагадвае крыж святой Еўфрасінні Полацкай. Цяжка пералічыць усе каштоўнасці і рарытэты святыні Сан Марка, якія складаюць адно сакральна-мастацкае цэлае. Значная колькасць іх знаходзіцца ў музеі, размешчаным на антрасольным ярусе сабора. Пры выхадзе з яго на дах абхадной галерэі адкрываецца цудоўны від на плошчу Сан Марка, забудаваную ў выглядзе карэ будынкамі Старых і Новых Пракурацый, арганічна дапоўненую рэнесанснымі фасадамі бібліятэкі Сан Марка і мініяцюрнай ладжэты — творамі Якопа Сансавіна. Архітэктурны ансамбль сабора ўзнімаецца ў неба вертыкаллю вежы-кампаніле, адначасова старой і новай. Стромкая, як страла, званіца сабора была пабудавана ў пачатку XVI ст. на месцы яшчэ больш старажытнай, вядомай з IX ст. У 1902 г. яна нечакана абвалілася, але ў хуткім часе была рэканструявана па старых чарцяжах архітэктара Барталамеа Бона і пры гэтым дапоўнена ліфтавым пад’ёмнікам. Плошчу Сан Марка і нават падлогу сабора часам заліваюць марскія прылівы, і наведвальнікі горада-музея мусяць хадіць па спецыяльных мастках. Нельга не здзіўляцца гэтаму рукатворнаму цуду, што ўзнімае чалавека над прыроднымі стыхіямі. Эпосе Рэнесансу ў культуры Італіі, якая асветлена плеядай яскравых творчых асобаў, славутых мастакоў і дойлідаў, папярэднічала не менш цікавая і значная эпоха так званага протарэнесансу, што ахоплівае амаль два стагоддзі — ад пачатку XIII да другой чвэрці XV ст. У літаратуры і мастацтве яна звязана з імёнамі Дантэ, Джота, Нікола Пізана, у архітэктуры — Арнольфа дзі Камбіё. Характэрна, што большасць імёнаў сярэднявечных будаўнікоў невядомая, бо істотнай была толькі рэлігійная матывацыя іх дзейнасці. Грандыёзны сабор святога Антонія Падуанскага ў горадзе, які даў святому сваё імя, — сапраўдны шэдэўр архітэктуры протарэнесансу. У архітэктоніцы сабора Святога, як проста называюць у Падуі св. Антонія, таксама адчуваюцца прыкметы візантыйскага арэалу, але ў значна меншай ступені, чым ў саборы Сан Марка, і значна больш яскравыя рысы раманскага ўплыву. Яго архітэктурна-мастацкая стылістыка вызначаецца як раманска-ламбардская.
Падуя — горад значна больш старажытны за Венецыю. Агіяграфічна заснаванне Патавіума (першапачатковая назва горада) у XII ст. да н.э. звязана з імем Антэнора, героя Траянскай вайны, які пасля яе, разам з Энеем, які лічыцца заснавальнікам Рыма, прыплыў да берагоў Італіі. Гэтае міфічнае паданне робіць Падую «сястрой» Вечнага горада па агульных траянскіх вытоках. Дакладна вядома, што ўжо ў канцы III ст. тут існаваў інстытут біскупства. Аднак у сярэдзіне V ст. горад пацярпеў ад нашэсця гунаў, а ў VI ст. быў амаль цалкам разбураны іншымі варварамі — лангабардамі. Толькі ў X ст. Падуя цалкам адрадзілася, пры гэтым яна ўвесь час была горадам-рэспублікай, а не ўладаннем якога-небудзь феадала. На працягу некалькіх стагоддзяў грамадскае жыццё горада кіравалася так званай гвельфскай камунай — рэгулярнай калегіяй консулаў, што падпарадкоўвалася падуанскім біскупам, сярод якіх найбольш вядомы біскуп Сальваторэ Беліна (памёр у 1147 г.). 29 верасня 1221 г. некалькі вучоных дактароў з Балоньі заснавалі ў Падуі універсітэт, які прынёс сусветную славу гэтаму гораду, што ў эпоху Адраджэння прытуліў і беларускага генія — усходнеславянскага першадрукара Францішка Скарыну. У 1154 г. германскі імператар Фрыдрых Барбароса ўвайшоў у Паўночную Італію, каб скарыць незалежныя ламбардскія гарады і іх біскупаў. Пачалася вайна паміж «Свяшчэннай Рымскай імперыяй германскай нацыі» і Папскай курыяй, якая імкнулася да кансалідацыі нацыі на рэлігійнай аснове. Прыхільнікамі імператара выступалі нобілі — буйныя феадалы, званыя інакш гібелінамі. Іх супраціўнікі, гвельфы, было носьбітамі інтарэсаў розных пластоў гарадскога насельніцтва. Трагедыя гэтай доўгатэрміновай вайны (яна працягвалася да XV ст.), якая набыла характар грамадзянскай, выразна паказана Дантам у «Боскай камедыі». На першапачатковым этапе лідэрамі гібелінаў выступалі герцагі дела Скала, уладальнікі Вероны да 1405 года. Суседняя з Веронай Падуя, наадварот, была апірышчам гвельфаў. У 1256 г. яе захапіў герцаг Эцаліна да Рамана і яна стала ўладаннем імперыі, але хутка была вызвалена, як лічаць, з дапамогай свайго нябеснага патрона — святога Антонія.
Архітэктура сабора св. Антонія сапраўды унікальная. У параўнанні з пышнасцю венецыянскага сабора Сан Марка яна ўражвае стрыманай веліччу, урачыстай манументальнасцю, аскетызмам мастацкіх сродкаў. Паводле архітэктонікі — гэта шматкупальная крыжовая трохнававая базыліка з незвычайнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй. Крок магутных апорных канструкцый цэнтральнай навы зроблены роўным яе пралёту, у выніку чаго ўтвораны ўсяго дзве буйныя травеі, перакрытыя вялікімі паўсферычнымі купаламі на магутных светлавых барабанах. Нагрузка канструкцый купалоў і барабанаў з дапамогай ветразяў перадаецца на масіўныя слупы-пілоны (4,8 х 4,8 м) і падпорныя сценкі-контрфорсы. Бакавыя сцены квадратных травей цэнтральнай навы завершаны двухсхільнымі шчытамі, аформленымі прыступчатай аркатурай. Складаецца ўражанне, што кожная частка — нібыта асобны аднакупальны храм. Аналагічныя купалы ўзведзены таксама над рамёнамі трансепта. Самы высокі купал пастаўлены над прэзбітэрыем, яшчэ два, больш нізкія, — над алтарнай апсідай і капэлай Скарбаў, што стварае дынамічнае ступеньчатае нарастанне архітэктурных форм з боку алтара. Над сяродкрыжжам узвышаецца вялікі светлавы барабан, завершаны вастраверхім конусападобным шатром са скульптурнай выявай Арханёла Габрыэля. Шацёр сяродкрыжжа прыблізна пасярэдзіне прарэзаны скразной альтанкай, што надае яму яшчэ большую вышыню і дамінантнае значэнне ў складанай шматпланавай кампазіцыі вянчаючых мас збудавання. Яе дапаўняюць яшчэ дзве высокія вытанчаныя вежы над закрытымі па баках алтарнай апсіды, таксама накрытыя вастраверхімі конусападобнымі шатрамі, і два невялікія пінаклі на вільчаку цэнтральнай навы. Іх імклівыя вострыя гатычныя формы своеасабліва спалучаюцца з масіўнай пластыкай вялізных паўсферычных візантыйскіх купалоў, але пры гэтым мастацкі вобраз сабора не страчвае цэласнасці і гарманічнасці. Асноўная мастацкая моц сабора св. Антонія, безумоўна, у яго грандыёзнай архітэктанічнай кампазіцыі. Магчыма таму, дэкаратыўныя сродкі ў яго вонкавым абліччы даволі стрыманыя і далікатныя. Высакаякасная муроўка з добра апаленай цэглы з’яўляецца адметнай іманентнай уласцівасцю збудавання, аднак яе прыгожы тэракотавы колер выступае як істотны мастацкі фактар. Простым, але эфектыўным прыёмам у стварэнні цэласнага мастацкага вобраза сабора з’яўляецца складаная рытмізацыя архітэктурных элементаў: контрфорсаў, аконных праёмаў, аркатурных паясоў. Масіўнасць барабанаў купалоў зрокава змяншаецца рытмічным шэрагам тонкіх вертыкальных слупкоў. Для падкрэслівання архітэктурных дамінантаў густоўна выкарыстана разьбяная аздоба з белага мармуру.
У вонкавым абліччы сабора маса муроў зрокава значна пераважае над паверхняй зашклення высокіх стральчатых вокнаў, аднак гэта не перашкаджае выключна ўдаламу асвятленню яго інтэр’ера, дзе надзвычай уражвае веліч узнесенных на ветразях, нібыта павіслых у прасторы, гіганцкіх купалоў, умацаваных гатычнымі нервюрамі. Бакавыя навы перакрыты крыжападобнымі скляпеннямі. Ветразі купалоў, скляпенні, падпружныя аркі суцэльна дэкараваны шматколернымі фрэскавымі і мазаічнымі арнаментамі, выявамі святых і евангельскімі сюжэтамі. Убранне інтэр’ера тактоўна дапаўняе разнастайная арнаменціка мармуровай падлогі. Літаральна кожная капэла сабора мае адметнае мастацкае вырашэнне, створанае вялікімі мастакамі, сярод якіх П’етра Ламбарда, Стэфана да Ферара і іншыя. Асаблівую мастацкую каштоўнасць уяўляе афармленне капэлы Каўчэга святога ў паўночным крыле трансепта, выкананае ў 1500–1521 гг. у стылі Высокага Адраджэння паводле праекта архітэктара Андрэа Брыёска. Яна мае выгляд карынфскага порціка, у інтэркалумніях якога знаходзяцца 9 мармуровых гарэльефаў з выявамі найбольш славутых цудаў св. Антонія. У цэнтры на ўзвышшы з 7 прыступак пастаўлены саркафаг і алтар святога. Скляпенне капэлы аздоблена вытанчанымі залатымі арабескамі, створанымі вядомым ламбардскім майстрам-дэкаратарам Джавані Фальканета. На распалубках скляпення — выявы старажытнай Падуі ў тэхніцы мармуровай інкрустацыі. Зусім іншае мастацкае аблічча мае капэла Скарбаў, альбо Рэліквій, дэкаратыўнае афармленне якой створана ў канцы XVII — пачатку XVIII ст. (пасля 1691 г.) архітэктарам Філіпа Парадзі, вучнем «караля барока» Ларэнца Бэрніні, і падуанскім скульптарам Джавані Банаца ў стылі позняга барока. Скарбніца вырашана ў выглядзе трохпралётнай трыумфальнай аркі, атык якой завершаны дынамічнай шматфігурнай кампазіцыяй Глорыі. У арачных нішах знаходзяцца каштоўныя залатыя і срэбраныя вырабы сакральнага прызначэння, сярод якіх асаблівае месца належыць залатому сасуду-рэлікварыю языка святога. Гэты выдатны твор ювелірнага мастацтва выкананы ў 1434—36 гг. майстрам Джуліана да Фірэнца. Паломнікі па прыступках узнімаюцца на дугападобную галерэю, каб дакрануцца да святых рэліквій, аднак іх большая частка захоўваецца ў асобным музеі святога пры кляштары, дзе вернікамі з вялікай шчырасцю пададзены шматлікія сведчанні апякунства і цудаў св. Антонія. На падставе ацалелых рэшткаў цела святога зроблена дакладная навуковая антрапалагічная рэканструкцыя яго прыжыццёвага аблічча. У цэлым архітэктурна-мастацкі вобраз сабора і яго ўнутранай прасторы вызначае характэрнае для раманска-ламбардскага протарэнесансу творчае знітаванне кампанентаў рознага паходжання. Вялікую каштоўнасць мае жывапісны роспіс капэлы Сан Джакома Маджоры ў паўднёвым крыле трансепта, створаны вялікім італьянскім мастаком 2-й паловы XIV ст. Антык’ера да Дзевіа. У цэнтры трыпціха, размешчанага ў стральчатых гатычных аркавых нішах, адлюстравана Укрыжаванне Хрыста, пранізанае высокім трагізмам і шчырасцю пачуццяў. Кампазіцыйнае і каларыстычнае вырашэнне роспісаў сугучна жыццю сярэднявечнай Падуі.
На плошчу з правага боку ад сабора выходзіць фасад араторыя, альбо капліцы Сан Джорджа, пабудаванай з тэракотавай цэглы ў 1374 г. Фасад протарэнесанснай пабудовы сціпла аздоблены тонкімі пілястрамі і завершаны трохвугольным шчытом з прыступчатай аркатурай. Аднак унутры сцены і скляпенні капліцы багата ўпрыгожаны цудоўнымі фрэскамі работы Антык’ера да Дзевіа. На алтарнай сцяне размешчана фрэска «Укрыжаванне», над ёю — «Каранаванне Марыі», на уваходнай сцяне — «Звеставанне» і чатыры евангельскія сюжэты, на бакавых сценах — падзеі з жыцця святых Юрыя, Кацярыны і Люцыі. Вялікае ўражанне стварае ўвесь кляштарны комплекс сабора Сан Антонія з трыма цяністымі дворыкамі, абкружанымі стральчатымі аркавымі галерэямі, укрытымі карункавымі кронамі стагадовых вечназялёных магнолій, якія вясною закіпаюць безліччу амаль райскіх кветак. З усіх цудаў Паўночнай Італіі, якіх нямала, менавіта гэтая святыня сваёй невычэрпнай духоўнай аўрай выклікае наймацнейшае рэлігійнае пачуццё, і таму я не магла не падзяліцца ім з вамі, тым больш што святога Антонія Падуанскага надзвычай шануюць і ў нашай краіне.
|
|
|