Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(36)/2006
Галерэя
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ

СВЯТЫ АЙЦЕЦ
Гісторыя
Мастацтва
Культура
Актуальная размова

ПРАЎДА ТОЛЬКІ АДНА

«КОД ДА ВІНЧЫ»: РОЗДУМ ПАСЛЯ ПРЭМ’ЕРЫ
Паэзія

ПАЗНАЮ ЦЯБЕ, БОЖА

ВЕРШЫ
Мастацтва

ПАЎНОЧНЫЯ РЫЦАРЫ
Літаратуразнаўства
Пераклады

ДАРОГА ДА ЭМАУС

ВЕРШЫ
Вандроўкі
Мастацтва

Папа Ян Павел ІІ

«УСТАНЬЦЕ, ХАДЗЕМ!»

Пачатак у №2(28)/2004

Дзеці і моладзь

Асобнае месца ў гэтых разважаннях трэба прысвяціць дзецям і моладзі. Апроч сустрэчаў з імі ў часе візітацый былі яшчэ іншыя. Заўсёды маю асаблівую ўвагу прыцягваў свет студэнцтва. У мяне ёсць шмат прыгожых успамінаў, звязаных з універсітэцкім душпастырствам, да якога скіроўвала мяне сама атмасфера Кракава, горада, які традыцыйна лічыўся цэнтрам студэнцтва. Было вельмі шмат прычынаў для сустрэчаў: ад канферэнцый і дыскусій да дзён сустрэч і рэкалекцый. Зразумела, я падтрымліваў таксама цесныя кантакты са святарамі, якім было даручана душпастырства ў гэтай галіне.

Камуністы зліквідавалі ўсе перадваенныя каталіцкія таварыствы моладзі. А таму трэба было шукаць спосабу, каб кампенсаваць гэтую страту. І тут знайшоўся кс. Францішак Бляхніцкі, сёння ўжо Слуга Божы. Ён заснаваў так званы «аазавы Рух». Я вельмі блізка сышоўся з гэтым рухам і імкнуўся розным чынам яго падтрымліваць. Бараніў яго ад камуністычных уладаў, дапамагаў фінансава і прымаў удзел у сустрэчах. Калі надыходзілі канікулы, я пастаянна бываў на так званых «аазах», гэта значыць на летніх зборах моладзі, якая належала да згаданага руху. Прамаўляў, размаўляў з імі, спяваў з імі песні каля вогнішчаў, хадзіў у горы. Не раз адпраўляў св. Імшу, часта пад голым небам.

Ва ўсім гэтым заключалася рэалізацыя інтэнсіўнай душпастырскай праграмы.

У часе пілігрымкі ў мой Кракаў у 2002 годзе аазаўцы спявалі песню:

Езус ішоў узбярэжжам,
за Сабою Ён клікаў у дарогу,
каб людзі чулі
слоў Божых Праўду.
        О, Езу, клічаш Ты за Сабою,
        сёння імя маё ціха прамовіў,
        я пакіну свой на беразе човен
        і з Табою распачну новы лоў.

Тады я сказаў ім, што гэта аазавая песня як бы вывела мяне з Радзімы ў Рым. Яе глыбокі змест быў для мяне падтрымкаю, калі я стаў перад рашэннем канклава. А пасля я не разлучаўся з гэтаю песняю на працягу ўсяго пантыфікату. Зрэшты, мне пастаянна пра яе нагадвалі, не толькі ў Польшчы, але і ў іншых краінах свету. Яна заўсёды прыгадвала мне мае біскупскія сустрэчы з моладдзю. Я вельмі пазітыўна ацэньваю гэты вялікі досвед і прынёс яго з сабою ў Рым. Тут таксама шукаў яму якога-небудзь прымянення, ствараючы нагоды для сустрэчаў з моладдзю. Сусветныя дні моладзі ў пэўнай ступені вырастаюць з тога досведу.

Другім моладзевым рухам быў так званы «Sacrosong». Гэта быў тып фестывалю рэлігійнай музыкі і песні, які суправаджалі малітва і разважанне. Сустрэчы праходзілі ў розных месцах у Польшчы і прыцягвалі шмат моладзі. Я таксама ў іх удзельнічаў і крыху дапамагаў фінансава ў іх арганізацыі. Добра ўспамінаю тыя сустрэчы. Я заўсёды любіў спяваць. Шчыра кажучы, сапраўды спяваў пры кожным магчымым выпадку. Аднак найбольш і найахвотней спяваў менавіта з моладдзю. Тэксты бывалі розныя, у залежнасці ад абставінаў: каля вогнішча – народныя, гарцэрскія песні, а з прычыны нацыянальнага свята, гадавіны пачатку вайны альбо варшаўскага паўстання спяваліся тэксты жаўнерскія, патрыятычныя. З іх асабліва люблю «Чырвоныя макі на Монтэ Касіна», «Першую брыгаду», наогул – паўстанцкія і партызанскія песні.

Рытм літургічнага года іншым чынам вызначае характар гэтага спеву. На Божае Нараджэнне ў Польшчы заўсёды спяваецца шмат калядкаў, а перад Вялікаднем – пакутныя песні. У гэтых старых польскіх песнях – цэлая хрысціянская тэалогія; яны – скарб жывой традыцыі, які прамаўляе да сэрцаў кожнага пакалення, які фармуе веру. У маі і кастрычніку, апроч марыйных песняў, спяваем у Польшчы літаніі і Гадзінкі. Немагчыма пералічыць усё. Якое ж багацце заключана ў гэтай народнай паэзіі, што спяваецца да сённяшняга дня! Як біскуп я стараўся развіваць гэтыя звычаі, а моладзь асабліва ахвотна падтрымлівала традыцыю. Мяркую, што разам мы шмат бралі з гэтай скарбніцы простай і глыбокай веры, якую бацькі пакінулі ў песнях.

18 мая 2003 года дадзена мне было кананізаваць Маці Уршулю Ледухоўскую, вялікую выхавацельку. Яна нарадзілся ў Аўстрыі, але напрыканцы ХІХ стагоддзя ўся сям’я пераехала ў Ліпніцу Мураваную ў Тарноўскай дыяцэзіі. Некалькі гадоў яна жыла таксама ў Кракаве. Яе родная сястра Марыя, якую называюць «маці Афрыкі», была беатыфікавана. Брат Уладзімір быў генералам езуітаў. Прыклад гэтых сясцёр і брата паказвае, што прага святасці развіваецца асабліва моцна, калі знаходзіць адпаведную атмасферу ў добрай сям’і. Колькі ж залежыць ад сямейнага асяроддзя! Святыя нараджаюць і выхоўваюць святых!

Калі згадваю такіх выхавацеляў, міжволі думаю пра дзяцей. Заўсёды, падчас усіх візітацый, таксама й тых, якія адбываюцца тут, у Рыме, намагаўся і намагаюся знайсці час на сустрэчу з дзецьмі. Не пераставаў таксама заахвочваць святароў, каб шчодра прысвячалі ім час у канфесіянале. Асабліва важна добра фармаваць сумленне дзяцей і моладзі. Нядаўна я нагадаў пра абавязак годна прымаць святую Камунію (пар. Ecclesia de Eucharistia, 37), а такога тыпу паводзіны фармуюцца ўжо ад споведзі перад Першай Камуніяй. Кожны з нас, несумненна, можа з хваляваннем прыгадаць уласную першую дзіцячую споведзь.

Хвалюючае сведчанне пастырскай любові да дзяцей даў мой папярэднік св. Пій Х праз рашэнне, якое датычыла Першай святой Камуніі. Ён не толькі зменшыў абавязковы ўзрост, які дае магчымасць прыступіць да Стала Панскага (з чаго і я скарыстаў у маі 1929 года), але таксама адкрыў магчымасць прыняцця святой Камуніі яшчэ перад заканчэннем сёмага года жыцця, калі дзіця дастаткова падрыхтаванае. Душпастырскае рашэнне аб ранняй святой Камуніі вартае пахвалы і згадкі, бо прынесла шмат пладоў святасці і апостальства сярод дзяцей, спрыяючы таксама развіццю святарскіх пакліканняў.

Мне заўсёды спадарожнічала перакананне, што нам не ўдасца добра выхаваць дзяцей без малітвы. Як біскуп я імкнуўся заахвочваць сем’і і парафіяльныя супольнасці, выпрацоўваць у дзецях прагу сустрэчы з Богам на асабістай малітве. Маючы гэта на ўвазе, я нядаўна напісаў: «Ружанцовая малітва за дзяцей, а яшчэ больш з дзецьмі, з’яўляецца духоваю дапамогаю, якой нельга ігнараваць» (Rosarium Virginis Mariae, 42).

Зразумела, душпастырства дзяцей трэба працягваць і ў часе іх дарастання. Частая споведзь і духоўнае кіраўніцтва дапамагае моладзі ў распазнаванні жыццёвага паклікання і ахоўвае яе ад разгубленасці пры ўваходзе ў дарослае жыццё. Памятаю, што ў лістападзе 1964 года, падчас прыватнай аўдыенцыі, Папа Павел VI сказаў мне: «Бо сёння, дарагі брат, мы павінны вельмі клапаціцца пра моладзь, якая вучыцца. Галоўнае заданне нашага біскупскага душпастырства – гэта святары, рабочыя і студэнты». Мяркую, што гэтыя словы былі прадыктаваны асабістым досведам, бо сам Джаванні Баціста Манціні, калі працаваў у Сакратарыяце Стану, быў на працягу многіх гадоў задзейнічаны ў студэнцкім душпастырстве як Генеральны асістэнт Каталіцкай універсітэцкай федэрацыі ў Італіі (FUCI – Federazione Universitaria Cattolica Italiana).

 
Катэхеза

Нам было даверана заданне ісці і навучаць усе народы (пар. Мц 28, 19). У сённяшніх грамадскіх рэаліях мы можам выконваць гэтае заданне найперш праз катэхезу. Яна павінна нараджацца з роздуму над Евангеллем, але таксама з разумення справаў гэтага свету. Трэба разумець досвед людзей і мову, на якой яны паміж сабою дамаўляюцца. Гэта вялікае заданне Касцёла. Трэба, каб асабліва душпастыры былі шчодрыя ў сяўбе, хоць пасля іншыя будуць збіраць плён іх працы. «А Я кажу вам: падыміце вочы вашыя і паглядзіце на нівы, як яны пабялелі і паспелі да жніва. Хто жне, дастае плату і збірае плён дзеля жыцця вечнага, каб і жнец і сявец разам радаваліся. Бо ў гэтым сказана праўдзіва: адзін сее, а другі жне. Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі: іншыя працавалі, а вы прыйшлі на працу іх» (Ян 4, 35–38).

Мы добра ведаем, што катэхеза не можа паслугоўвацца толькі абстрактнымі паняццямі. Зразумела, яны абавязковыя, бо калі мы гаворым пра звышнатуральныя рэаліі, то нельга пазбегнуць філасофскіх паняццяў. Аднак катэхеза ставіць на першае месца чалавека і сустрэчу з ім у знаках і сімвалах веры. Катэхеза – гэта заўсёды любоў і адказнасць, адказнасць, якая нараджаецца з любові да тых, каго сустракаем у дарозе.

Новы Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, які быў пададзены мне для зацвярджэння ў 1992 годзе, нарадзіўся з жадання, каб мова веры была больш даступная і зразумелая для сучасных людзей. Значны ўжо сэнс вобраза Добрага Пастыра, змешчаны як «лога» на вокладцы ўсіх выданняў Катэхізіса. Гэты малюнак паходзіць з надмагільнай пліты з ІІІ стагоддзя, якая знаходзіцца ў рымскіх катакомбах Дамітоллі. Як было растлумачана, гэта фігура «падказвае агульнае значэнне Катэхізіса: Хрыстус Добры Пастыр, які сваім аўтарытэтам (посах) вядзе і ахоўвае сваіх вернікаў (авечкі), прыцягвае іх меладычнаю сімфоніяй праўды (флейта) і дазваляе ім адпачнуць у ценю «дрэва жыцця», свайго адкупленчага Крыжа, які нанава адчыняе рай» (пар. каментар да «лога» на вокладцы Катэхізіса). У гэтым вобразе можна ўбачыць клопат Пастыра пра кожную авечку. Гэта клопат, поўны цярплівасці, неабходнай, каб дайсці да паасобнага чалавека зразумелым для яго чынам. Ёсць тут таксама дар мовы, гэта значыць дар прамаўлення на мове, зразумелай для нашых вернікаў. Гэтага дару можам прасіць у Духа Святога.

Часам біскуп лягчэй трапляе да дарослых, благаслаўляючы іх дзяцей і прысвячаючы ім крыху часу. Гэта бывае больш каштоўным, чым доўгае разважанне пра павагу да слабога чалавека. Сёння трэба мець багатае ўяўленне, каб навучыцца размаўляць пра веру і пра справы найбольш важныя для чалавека. Таму патрэбна шмат любячых і думаючых людзей, бо ўяўленне жыве любоўю і думкаю і само жывіць нашу думку і распальвае любоў.

 
Карытас

У абавязкі пастыра ўваходзіць таксама клопат пра найменшых у евангельскім разуменні гэтага слова. Ужо ў Апостальскіх Дзеях і ў Лістах св. Паўла чытаем пра зборы, арганізаваныя Апосталамі, каб задаволіць патрэбы ўбогіх. Мне хацелася б тут прывесці прыклад св. Мікалая, біскупа з Міры ў Малой Азіі ў IV стагоддзі. У набажэнстве да гэтага святога, які быў біскупам тады, калі хрысціяне Усходу і Захаду яшчэ не былі падзеленыя, сустракаюцца абедзве традыцыі: усходняя і заходняя. І ў адной, і ў другой ён атрымлівае пашану. Яго постаць, хоць і атуленая шматлікімі легендамі, не перастае захапляць, асабліва дабрынёю. Да яго з даверам звяртаюцца найперш дзеці.

Колькі ж справаў можна вырашыць, калі распачынаць з даверлівай малітвы! Дзецьмі ўсе мы чакалі св. Мікалая і падарункаў, якія ён нам прыносіў. Камуністы хацелі пазбавіць яго святасці, а таму выдумалі «Дзеда Мароза». На жаль, апошнім часам таксама й на Захадзе Мікалай стаў папулярны ў спажывецкім кантэксце. Здаецца, сёння ўжо забыта пра тое, што яго дабрыня і шчодрасць былі найперш мераю яго святасці. Ён жа вылучаўся як святы біскуп, які клапаціўся пра бедных і пра тых, хто быў у патрэбе. Памятаю, што ў маленстве меў да яго асабістыя адносіны. Зразумела, як кожнае дзіця, я чакаў падарункаў, якія ён павінен быў мне прынесці 6 снежня. Аднак гэтае чаканне мела таксама рэлігійнае вымярэнне. Так, як і мае равеснікі, я адчуваў пашану да гэтага святога, які бескарысліва адорвае людзей падарункамі, і праз гэта з любоўю клапоціцца пра іх.

У рэчаіснасці Касцёла ролю св. Мікалая, гэта значыць таго, хто клапоціцца пра патрэбы найменшых, выконвае арганізацыя пад назваю Caritas. Камуністы расфармавалі гэту арганізацыю, пратэктарам якой пасля вайны быў кардынал Сапега. Як яго наступнік, я стараўся вярнуць яе да жыцця і падтрымліваць яе дзейнасць. Шмат мне ў гэтай галіне дапамог кс. інфулат Фердынад Махай, архіпрэзбітэр Марыяцкага касцёла ў Кракаве. Праз яго я пазнаёміўся з ужо згаданаю тут слугою Божаю Ганнаю Хжаноўскаю, дачкою вялікага прафесара Ігнацыя Хжаноўскага, арыштаванага на пачатку вайны. Добра яго памятаю, хоць не давялося пазнаёміцца з ім бліжэй. Дзякуючы актыўнасці Ганны Хжаноўскай узнікла і сфармавалася ў архідыяцэзіі душпастырства хворых. Розныя былі яго ініцыятывы, паміж іншага – рэкалекцыі для хворых у Тжэбіні. Гэта была вялікая справа, якая аказалася вельмі каштоўнаю: у ёй удзельнічала шмат людзей, таксама шмат маладых, гатовых да дапамогі.

 
У Апостальскім лісце на пачатак новага тысячагоддзя я нагадаў усім аб неабходнасці фармавання творчай любові. «Сёння патрэбна новае „ўяўленне пра міласэрнасць“» (Novo millenio ineunte, 50). Як не прыгадаць у гэтым кантэксце Маці Тэрэзу, якую ведаем як сапраўдную «місіянерку Міласэрнасці»?

Ужо ў першыя дні пасля выбару на Пятрову Сталіцу я сустрэў гэту малую, вялікую сястру, якая з таго часу часта да мяне прыходзіла, каб сказаць, дзе і калі ёй удалося адчыніць новыя дамы, агменьчыкі апекі над самымі беднымі. Пасля ўпадку камуністычнай партыі ў Албаніі я змог наведаць гэтую краіну. Была там таксама Маці Тэрэза. Албанія – гэта ж яе радзіма. Сустрэў яе яшчэ шмат разоў, чуючы кожны раз новыя сведчанні яе гарачай адданасці справе найбяднейшых сярод бедных. Маці Тэрэза памерла ў Калькуце, пакідаючы пасля сябе светлую памяць і справу вялікага кола яе духоўных дачок. Ужо пры жыцці шмат хто лічыў яе святою. Такою яна была прызнана ўсюды, калі памерла. Дзякую Богу, што дадзена мне было беатыфікаваць яе ў кастрычніку 2003 года, незадоўга да 25-годдзя пантыфікату. Тады я сказаў: «Сведчанне жыцця Маці Тэрэзы нагадвае ўсім, што евангелізацыйная місія Касцёла здзяйсняецца праз любоў, мацуецца малітваю і слуханнем Слова Божага. Вельмі яскрава гэты місіянерскі стыль увасоблены ў вобразе, што ўказвае нам новую благаслаўлёную, якая адною рукою трымае дзіця, а ў другой перабірае пацеркі ружанца. Кантэпляцыя і дзейнасць, евангелізацыя і пашырэнне чалавечнасці; Маці Тэрэза абвяшчае Евангелле сваім жыццём, якое цалкам ахвяравана ўбогім, але адначасова цалкам спавіта малітваю» (19 кастрычніка 2003 г.). Вось таямніца евангелізацыі праз любоў да чалавека, якая сыходзіць з любові да Бога. На гэтым заснавана гэтая caritas, якая павінна натхняць біскупа ва ўсёй яго дзейнасці.

Працяг >>
Пераклад з польскай мовы
Крыстыны Лялько.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY