|
|
№
2(36)/2006
Галерэя
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ
Гісторыя
Алена ВАЛЬЧУК
РЭЛІГІЙНАЕ ПЫТАННЕ Мастацтва
Культура
Актуальная размова
Паэзія
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Пераклады
Вандроўкі
Мастацтва
|
Імя Леанарда Падгорскага-Аколава цяпер бадай што забытае на Беларусі, аднак яго культурная і літаратурная дзейнасць, бясспрэчна, заслугоўваюць нашай увагі. Ён нарадзіўся ў 1891 годзе ў маёнтку Рым Слуцкага павету і паходзіў з той беларускай шляхты, якая ўсё яшчэ вызнавала ідэалы «краёвага» патрыятызму, высокай духоўнасці, гадавалася на творах Адама Міцкевіча, шанавала годнасць, захоўвала вернасць даўнім рыцарскім традыцыям і прагла служыць адраджэнню Айчыны. Любоў да паэзіі выявілася ў ім яшчэ з дзяцінства, перадалася ад бацькі, які быў яе вялікім аматарам. А далей — праз творы Адама Міцкевіча, праз непаўторны беларускі краявід — яна выразна ператварылася ў пакліканне, прывяла на сцяжыну прафесійнага міцкевічазнаўства і ўласнай паэтычнай творчасці. У дваццаць гадоў Леанард Падгорскі-Аколаў дэбютаваў як паэт і неўзабаве выдаў першы зборнік вершаў «Сонечны смех» (Львоў, 1912). Яго вучоба на факультэце паланістыкі Львоўскага універсітэта была перапынена першай сусветнай вайной і мабілізацыяй у расійскую армію. З 1917 г. служыў у польскім войску на чале з генералам Ю. Доўбур-Мусніцкім. У 1922 г. асталяваўся на сталае жыхарства ў Варшаве. Уваходзіў у авангардную паэтычную групу «Скамандар» і апрача вершаў у часопісе з такой жа назвай друкаваў артыкулы па тэорыі вершаскладання. Дзіўным аказалася тое, што ў часе дзёрзкіх авангардных пошукаў і эксперыментаў, калі віталіся самыя неверагодныя фармалізатарскія «выкрунтасы» і, як вядома, было «не да Бога», Падгорскі-Аколаў знайшоў сваё паэтычнае натхненне і свой голас менавіта ў евангельскіх сюжэтах і вобразах. Так, у 1923 г. выходзіць яго новая паэтычная кніга «Дарога да Эмаус», вершы ў якой не былі пазначаны рысамі бадзёрага, радаснага светаадчування, а наадварот, поўніліся пачуццём элегічнай самотнасці і рэлігійнымі перажываннямі. Тады, калі ўсе «паэтычныя скрыжаванні» актыўна займаліся новым героем эпохі – чалавекам-працаўніком, якому пасля рэвалюцыйных пераўтварэнняў адкрыўся новы свет, Падгорскі-Аколаў у сваіх вершах выводзіў проста нечуванага на той час «героя эпохі» – ён выводзіў на вуліцу сучаснага яму горада Хрыста з Яго адвечнай самотай і непазнанасцю... «Ёсць тое дужа складаны досвед, паэт нібыта ідэнтыфікуе сябе з Хрыстом, у якім шукае суцяшэння і які адначасова перажывае трагедыю свайго блукання ў пустэльні горада. Ёсць у тым тоненькім томіку нейкая дзіўная нота вельмі на свой манер створанага месіянізму, нота інтымнасці рэлігійных перажыванняў, абсалютна пазбаўленых пры тым аксесуараў афіцыйна- га культу», – так пісаў у 1960 г. пра вершы гэтай кнігі ў прадмове да выбраных твораў Леанарда Падгорскага-Аколава польскі даследчык Севярын Поляк. У наступным, 1924 г., Падгорскі-Аколаў выдае ў Вільні ў друкарні Хамінскага яшчэ адзін адметны зборнік – «Беларусь», прысвечаны настальгічным успамінам па пакінутай Бацькаўшчыне (Случчына, як вядома, на той час уваходіла ў склад Савецкай Беларусі). Менавіта гэтыя дзве невялічкія па памеры кніжачкі, напоўненыя глыбокімі і праўдзівымі рэлігійнымі перажывання- мі і патрыятычнымі пачуццямі, складаюць самую важкую частку паэтычнай спадчыны Падгорскага-Аколава. У пазнейшы час аўтар іх стаў слынным міцкевічазнаўцам, даследчыкам літаратурнай творчасці свайго славутага земляка. Ён напісаў і выдаў вельмі каштоўную сваімі дакладнымі дакументальнымі звесткамі кнігу «Realia Mickiewiczowskie» (два тамы яе выйшлі адпаведна ў1952 і 1955 гг.). З 1955 г. Леанард Падгорскі-Аколаў стаў дырэктарам Літаратурнага музея Адама Міцкевіча ў Варшаве, але лёс не адвёў яму для гэтай справы многа часу: у 1957 г. Падгорскі-Аколаў памёр. У гэтай падборцы для чытачоў «Нашай веры» пададзены пераклады вершаў з кнігі Леанарда Падгорскага-Аколава «Дарога да Эмаус», зробленыя па выданні «Leonard Podhorski-Okołów. Wybŗr poezji» (Варшава, 1960).
Гл. таксама:
|
|
|