Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(36)/2006
Галерэя
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ

СВЯТЫ АЙЦЕЦ
Гісторыя
Мастацтва
Культура
Актуальная размова

ПРАЎДА ТОЛЬКІ АДНА

«КОД ДА ВІНЧЫ»: РОЗДУМ ПАСЛЯ ПРЭМ’ЕРЫ
Паэзія

ПАЗНАЮ ЦЯБЕ, БОЖА

ВЕРШЫ
Мастацтва

ПАЎНОЧНЫЯ РЫЦАРЫ
Літаратуразнаўства
Пераклады

ДАРОГА ДА ЭМАУС

ВЕРШЫ
Вандроўкі
Мастацтва

Таццяна МУШЫНСКАЯ

«АРГАН — САКРАЛЬНЫ ІНСТРУМЕНТ...»

Напэўна, кожнага чалавека, не абыякавага да музыкі, хвалюе гучанне аргана, гучанне велічнае і магутнае. Яно прымушае мысліць філасофскімі катэгорыямі, прымушае думаць пра вечнае...

Дзве надзвычай важныя падзеі адбыліся ў культурным жыцці рэспублікі напрыканцы 2005 года. У кастрычніку ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі быў урачыста адкрыты арган. Ён маўчаў ажно сем гадоў, а першы канцэрт пасля рэстаўрацыі меў назву «Новае жыццё вялікага аргана». Другой важнай падзеяй сталася не менш урачыстае адкрыццё новага аргана ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.

Суседства падзей падказала ідэю дыялогу двух вядомых беларускіх арганістаў, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў — кандыдата мастацтвазнаўства, галоўнага арганіста архікатэдральнага касцёла Уладзіміра Неўдаха і салісткі Полацкага канцэртнага зала Сафійскага сабора Ксеніі Пагарэлай.

 
— Наколькі я ведаю, у кожнага з вас музыканцкае жыццё звязанае менавіта з арганам, гэтым велічным і прыгожым інструментам...

К. Пагарэлая. Сапраўды, арган як інструмент вызначыў мой чалавечы і творчы лёс. Нарадзілася я ў Краснадары, горадзе праваслаўным, дзе пра існаванне аргана нават гаворкі не было. Яшчэ ў дзяцінстве вельмі любіла слухаць грампласцінкі і музыку Баха. Выправілася вучыцца ў Маскоўскую кансерваторыю — і таму, што яна з’яўлялася для мяне ўзорам вышэйшай музычнай адукацыі, і таму, што хацела навучыцца іграць на аргане.

Пасля кансерваторыі паехала ва Уладзівасток менавіта таму, што там планавалася будаўніцтва і адкрыццё аргана. Але сапраўднага аргана там няма дагэтуль. Проста ў лютэранскую царкву прывезлі і паставілі электраінструмент. Я зразумела, што ва Уладзівастоку аргана не дачакаюся. У Полацк ехала менавіта таму, што там быў арган. Гэта здарылася 17 гадоў таму. За гэты час і інструмент, і Полацк паспелі зрабіцца роднымі...

У. Неўдах. Першую вышэйшую адукацыю я атрымаў у Мінску: у 1992 годзе скончыў Беларускую акадэмію музыкі як музыказнаўца, потым — аспірантуру і адразу з’ехаў у Аўстрыю. Другую адукацыю — як арганіст — я атрымліваў за мяжой... Там вучыўся 6 гадоў. У горадзе Грацы скончыў Універсітэт музыкі і мастацтва, Інстытут касцёльнай музыкі і аргана. Прафесар Ёган Трумер, у якога я займаўся, неаднойчы прыязджаў у Мінск, праводзіў майстар-класы з нашымі студэнтамі, яго запрашаюць на дзяржаўныя экзамены. У 2002 годзе ён быў абраны ганаровым доктарам Беларускай акадэміі музыкі.

 
— Якія пачуцці пераважалі ў вашай душы падчас канцэрта ў гонар адкрыцця аргана ў вялікай зале філармоніі?

К. Пагарэлая. Перш за ўсё — радасць! Ад усведамлення, што інструмент нарэшце пачаў гучаць. Напярэдадні мы рэпеціравалі, і майстар Станіслаў Мацвеевіч Чарняўскі таксама знаходзіўся ў эйфарыі. Мы зараджаліся эмоцыямі і ад яго... Сама ідэя такога канцэртнага складу належала мастацкаму кіраўніку Белдзяржфілармоніі Юрыю Мікалаевічу Гільдзюку. Падзея аб’яднала арганістаў, бо мы ніколі раней не сустракаліся ў адным канцэрце — Ігар Алоўнікаў, Канстанцін Шараў, Уладзімір Неўдах і я. І таму адчувалася вельмі беражлівае, уважлівае стаўленне музыкантаў адзін да аднаго.

Упершыню трапіла ў адрэстаўраваны будынак філармоніі, сапраўды еўрапейскі! Убачыла поўную залу слухачоў. Гэта так натхняе! І музыка на канцэрце адкрыцця была і светлая, радасная, і драматычная...

У. Неўдах. Было вельмі прыемна, што на ўрачысты канцэрт запрасілі менавіта нас, чацвярых арганістаў. Гэта яшчэ больш зблізіла... Наша звышзадача — паказаць арган і ягоныя магчымасці ў розных эпохах.

Апошні раз да аднаўлення я іграў у вялікай зале ў 1998 годзе. І тады ўжо хадзілі чуткі, што арган альбо спыняўся ў час канцэрта, альбо яго немагчыма было «запусціць». Цяперашні стан інструмента прыкметна палепшыўся. Арган па-сапраўднаму адрэстаўраваны, даведзены да стану канцэртнага выканальніцтва. Усе функцыі адноўлены. Адзінае засмучэнне: акустыка ў вялікай зале пасля рамонту пагоршылася... Памятаеце, навясную столь на ўзроўні заслоны? Увесь гук ідзе туды, на дах... Увогуле, калі арганіст здымае рукі з клавішаў, у зале павінна заставацца і гучаць рэха. Цяпер гэтага, на жаль, няма... Атрымоўваецца прамы гук, акустычна ніяк не афарбаваны. Мы чуем монагучанне, прыблізна 1/3 ад таго гуку, які б мог быць.

 
— У той час, калі арган у вялікай зале філармоніі маўчаў, ці адчувалі вы сваю запатрабаванасць як арганісты?

У. Неўдах. Цудоўна, што ў нашай краіне цяпер не тры арганы, як гэта было раней (два — у Мінску і адзін — у Полацку). Існуе непараўнальна больш варыянтаў для канцэртнай дзейнасці. Касцёлы знаходзяцца ў буйных гарадах, і ў слухача заўсёды вялікая цікавасць да арганнай музыкі. Напрыклад, існуе канцэртны зал у Пінску, давялося выступаць у Гродна, дзе абласная філармонія ладзіць канцэрты ў кафедральным саборы пасля рамонту аргана.

К. Пагарэлая. Полацк — гістарычны цэнтр Беларусі, туды трапляе шмат турыстычных груп. Мае канцэрты праходзяць кожны тыдзень. У нядзелю, а 15-й гадзіне, у мяне канцэрт арганнай музыкі, невялікі, на 45 хвілін.

У. Неўдах. Арган у Сафійскім саборы Полацка яшчэ ў савецкія часы ўстанаўлівала чэшская фірма «Riegerkloss». Нам пашанцавала, што фірма атрымлівала дзяржаўныя заказы на пабудову інструментаў. І ўсе яны якасныя. У Славакіі мне давялося іграць на адным з такіх інструментаў. На экспарт іх рабілі больш старанна...

К. Пагарэлая. Іграем у саборы шмат, здараецца, што канцэрты арганнай музыкі праходзяць і сярод тыдня. Не заўсёды ведаю, калі давядзецца іграць. Але, з другога боку, даводзіцца іграць часта і для рознай аўдыторыі. Вядома, можна пакідаць старую праграму, можна адыграць новую — скласці, вывучыць яе. Працы шмат, але яна ўвесь час стымулюе павышаць прафесійнае майстэрства.

Акрамя таго, у Полацку праходзяць два фестывалі. Першы ў красавіку — камернай старадаўняй і сучаснай музыкі. Другі — у лістападзе — арганны фестываль «Званы Сафіі», якому летась споўнілася 10 гадоў.

19 кастрычніка 2005 г. адбылося адкрыццё аргана ў Мінску, у філармоніі, а 30 кастрычніка тыя самыя арганісты — К. Шараў, У. Неўдах, я, а таксама аўстрыйскі прафесар Ёган Трумер удзельнічалі ў юбілейным фестывалі «Званы Сафіі». Цікава, што дзесяць гадоў таму прафесар удзельнічаў у першым канцэрце фестывалю. Некалі арган адкрываў у Сафійскім саборы знакаміты музыкант і кампазітар Алег Янчанка, а цяпер на юбілейны фестываль прыязджаў ягоны вучань Аляксандр Арлоў. З’яўленне «Званоў Сафіі» шмат у чым падрыхтаваў і арганіст Канстанцін Шараў, які часта выступаў у Сафійскім саборы, часта прыязджаў да нас з канцэртамі.

 
— Ці ёсць розніца ў арганах, якія гучаць у канцэртных залах і ў храмах падчас набажэнства?

У. Неўдах. Калі размова ідзе пра канструкцыю, дык прынцыповай розніцы няма. Але інструменты адрозніваюцца сваімі памерамі. Арганы, якія стаяць у нашых храмах, пабудаваны пераважна ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. віленскімі фірмамі. Захаваліся і інструменты з папярэдніх эпох. Вядома, што храмы ўзводзіліся на ахвяраванні вернікаў. І арганы — таксама... У залежнасці ад фінансавага становішча парафіі будаваўся і інструмент.

Зусім нядаўна быў адрэстаўраваны арган у ракаўскім касцёле, за 40 км ад Мінска. Вельмі харошы інструмент — 2 мануалы, каля 20 рэгістараў, рамантычнае гучанне. Арган адпавядае храму і, вядома, разнастайнасць рэгістраў скіравана на тое, каб выкарыстоўваць яго ў першую чаргу ў набажэнстве, але ў канцэртных інструментах рэгістравых магчымасцяў звычайна больш.

 
— Уладзімір, я ведаю, што за значнай падзеяй у культурным жыцці краіны — адкрыццём аргана ў архікатэдральным касцёле — стаіць шмат вашых уласных намаганняў, творчых і арганізацыйных...

У. Неўдах. З’яўленне новага аргана ў архікатэдральным касцёле — вялікі ўклад у нашу музычную культуру. Што датычыць акустычных параметраў гучання інструмента, дык у касцёле яны проста ідэальныя! Інструмент быў спецыяльна спланаваны і пабудаваны для нашага храма. Ганаруся тым, што з’яўляюся аўтарам праекта інструмента. Была выбрана менавіта такая форма — і для таго, каб арган займаў мала месца на хорах, дзе трэба яшчэ размясціць і хор, і аркестр, і для таго, каб гук напаўняў усю святыню ў верхняй і цэнтральнай навах.

Калі ў 2002 годзе ішоў адбор фірм, якія будуюць арганы, дык выбар быў спынены на лепшай аўстрыйскай фірме «Pflueger», з арганамі якой я пазнаёміўся падчас вучобы ў Аўстрыі. У 2000 годзе тая ж фірма пабудавала ва універсітэце г. Граца цудоўны вучэбны арган — спецыяльна для аўтэнтычнага выканання барочнай музыкі. Варта дадаць: фірма «Pflueger» — не фабрыка музычных інструментаў, якая купляе гатовыя элементы і толькі збірае іх па заказе, а менавіта фірма, дзе ўсе робіцца сваімі рукамі — ад клавішаў да металічных трубаў. 12 верасня 2005 года інструмент быў прывезены ў нашу краіну, і першая брыгада аўстрыйскіх майстроў манціравала яго на працягу цэлага месяца. Потым у кастрычніку другая брыгада аўстрыйскіх майстроў скончыла мантаж, і арганам можна было карыстацца ў неслужбовы час, а таксама рыхтавацца да ўрачыстага адкрыцця інструмента, якое адбылося 10 снежня.

Адначасова быў адкрыты новы алтар, які дадаў інструменту акустычных магчымасцяў, бо ад яго адбіваецца гук. Арган быў асвечаны на самым пачатку службы, і з 10 снежня мы карыстаемся ім падчас набажэнства. Адкрыццё новага аргана — велізарная радасць, як і тое, што падзея адбылася якраз напярэдадні Божага Нараджэння.

У нашага інструмента — тыповыя асаблівасці вялікіх катэдральных інструментаў. У яго 35 рэгістраў. Самая вялікая труба аргана важыць 120 кг. У межах усёй клавіятуры — настроеныя званочкі. Усё стварае адчуванне свята.

Якія задачы ў інструмента? Суправаджаць службы, узмацняць урачыстасць, прыгажосць, веліч каталіцкага набажэнства. Зыходзячы з гэтага, быў падабраны неабходны набор рэгістраў. У інструменце няма ніякай электронікі. Пры ўсталяванні новага аргана ад камп’ютэра прынцыпова адмовіліся. Па-першае, таму што не такая вялікая колькасць рэгістраў, а па-другое, і камп’ютэрная сістэма можа «захварэць»... Электрычнасць выкарыстоўваецца толькі для асвятлення і кампрэсара, які падае паветра. Як у эпоху Баха, арган цалкам механічны, усё зроблена ў лепшых традыцыях эпохі барока. Гэты інструмент знаходзіцца ў цудоўнай акустычнай сітуацыі, магчыма, адной з лепшых ва Усходняй Еўропе.

 
— Вы кажаце пра тое, які цудоўны інструмент у касцёле, якая цудоўная акустыка. Гэта вельмі прываблівае прафесійных музыкантаў, але, наколькі я разумею, канцэртнае выкананне менавіта на інструменце не прадугледжваецца?

У. Неўдах. Паняцце «канцэрт» звязанае найперш са свецкім жыццём, хоць існуе і канцэрт як музычны жанр. Рознымі кампазітарамі напісаны духоўныя канцэрты — для розных галасоў і інструментаў. Дарэчы, існуе і прадпісанне ІІ Ватыканскага Сабору пра тое, што музыка розных эпох не павінна быць забытая, яна можа выкарыстоўвацца ў час набажэнства, а таксама ў жыцці парафіі па-за літургіяй.

З другога боку, трэба ўсведамляць, што новы арган у касцёле — гэта вялікая падзея ў музычнай культуры. Дзякуючы інструменту мы можам перадолець пэўную перарванасць традыцый музычнай каталіцкай культуры. І найперш праз літургічную дзейнасць мы можам паказаць прыгажосць каталіцкай музыкі, каталіцкай культуры, якая з’яўляецца часткай усёй нашай клуьтуры.

Пра традыцыі кажу нездарма... Каталогі службовых нотаў, якія былі і ў нас у катэдральным касцёле, і ў іншых касцёлах краіны, надзвычай багатыя! Ноты сведчаць пра тое, што творы не проста стаялі ў бібліятэцы, яны выкарыстоўваліся! Моцарт не пісаў свае месы для таго, каб іх выконваў дзяржаўны калектыў на сцэне філармоніі. Ён пісаў для храма, для святаў. І Бах пісаў кантаты для пэўных святаў.

 
— Калі вы абое выступаеце ў свецкіх канцэртах, дык якім чынам будуеце праграму, як адбіраеце для яе творы?

У. Неўдах. У праграмы імкнуся ўключаць тыя творы, якія ў дадзеным момант вельмі хочацца выконваць. Альбо даўно хацелася іграць. Альбо ўвасобілася мара і нарэшце знайшоў ноты. Творы такога кшталту — заўсёды ў цэнтры. Але ўсё роўна імкнуся пабудаваць праграму ў храналагічным парадку, каб чаргаваліся розныя эмоцыі, каб была дынамічная разнастайнасць. Калі выконваюцца творы розных эпох, вельмі важна, каб у канцэрце адчувалася адна ідэя.

К. Пагарэлая. Якая асноўная праблема ў арганістаў? Усе інструменты розныя. Мы не можам свабодна планаваць праграму, не ведаючы, які інструмент стаіць у пэўнай зале. Для таго, каб вызначыць, якія творы іграць, трэба ведаць канкрэтны арган. Спачатку вывучаеш, які інструмент і набор ягоных рэгістраў, а потым фармуеш збор твораў і агульную канцэпцыю. Напрыклад, на старадаўніх інструментах можа кепска прагучаць сучасная музыка. Нават да інструментаў мінулага стагоддзя трэба ставіцца асцярожна. Зразумела, сучасныя арганы больш мабільныя і універсальныя — на іх можна іграць усё!

Ёсць арганісты, якія спецыялізуюцца на музыцы пэўнага стагоддзя, пэўнай эпохі, напрыклад, бахаўскай. Далёка не ўсе бяруцца выконваць арганную музыку сучасных кампазітараў, а такіх сачыненняў шмат у маім рэпертуары — арганныя творы беларускіх кампазітараў Ганны Кароткінай, Аляксандра Літвіноўскага, Дзмітрыя Лыбіна, Надзеі Давідоўскай. Некалькі гадоў таму ў Сафійскім саборы прайшоў мой канцэрт, які складаўся толькі з твораў, напісаных беларускімі аўтарамі для аргана. На многіх міжнародных фестывалях я з вялікім задавальненнем выконвала арганныя творы нашых кампазітараў — у Германіі, Швейцарыі, Аўстрыі, у іншых краінах.

 
— Дзе вы берыцё ноты арганных твораў?

У. Неўдах. На жаль, у нас няма нотных выдавецтваў, таму трэба сябраваць з такім жа гамбургскім арганістам, які, магчыма, дазволіць скапіраваць нейкія ноты ў яго...

К. Пагарэлая. Заходнім музыкантам не надта даступная наша музыка, бо ноты не друкуюцца, няма аўдыёзапісаў. Але і мы мала ведаем іх сачыненні. Таму атрымаць ноты можна, калі ты прыехаў на фестываль, дзе табе іх нехта падарыць. Або выпадкова пачуеш нейкі твор і папросіш, каб ноты адксерылі... Памятаю, у Базелі ў мяне быў канцэрт, калі я іграла сачыненні беларускіх творцаў. Пасля канцэрта падышоў Ботэнберг, кампазітар з Канады, які сказаў: «Гэта вельмі смела, што вы берыцё іграць невядомую музыку і не баіцеся гэтага! Можна, я вам прышлю свае ноты?» Праз некалькі месяцаў у Полацк прыходзіць пасылка з Канады, а ў ёй — ноты... Потым кампазітар прыязджаў у Полацк на фестываль, каб паслухаць сваю музыку, а ў Мінску сустракаўся з беларускімі калегамі.

 
— Як часта выконваюцца вамі адныя і тыя ж арганныя творы ў канцэртах?

У. Неўдах. Калі Гродзенская філармонія плануе цыкл канцэртаў у катэдральным саборы, дык яна звяртаецца з пэўнаю просьбай: альбо гэта будзе сольны канцэрт, альбо спалучэнне сольнага музіцыравання з іншымі інструментамі, вакалістамі, харавым калектывам. Часам перад юбілейнымі канцэртамі называюцца канкрэтныя творы — на Захадзе так здараецца вельмі часта. Арганізатары канцэртаў апытваюць арганістаў, каб даведацца, у чыім рэпертуары ёсць пэўны твор.

 
— Як вы лічыце: ці адрозніваюцца пачуцці слухачоў, якія ўспрымаюць арганную музыку ў касцёле і ў канцэртай зале?

У. Неўдах. Калі разважаць пра сучасную музыку, дык нават у матэрылах ІІ Ватыканскага Сабору звяртаецца ўвага на тое, што трэба па магчымасці выкарыстоўваць у службах музыку розных эпох. На Захадзе вялікая колькасць сучасных кампазітараў піша музыку для набажэнстваў. Наладжваюцца нават конкурсы сачыненняў, робяцца заказы — калі ў вялікім храме адбываецца значнае свята. Арган застаецца галоўным сакральным інструментам у каталіцкім касцёле, і яго сакральнасць захоўваецца, нават калі на ім будзе выконвацца сучасная і ультрасучасная музыка.

К. Пагарэлая. Рэакцыя залы — гэта заўсёды вялікая падтрымка. На Захадзе публікі на арганных канцэртах менш, чым у нас. Наша на такія канцэрты ходзіць з большай цікавасцю. Калі ў Мінску ў мяне праходзяць канцэрты ў касцёле св. Роха, зала заўсёды поўная, але ў Сафійскім саборы гэта амаль непрадказальна, бо мы ўсё-такі залежым ад турыстаў. Увогуле ў зале 350 месцаў, а на сцэне ставяць яшчэ 150 крэслаў. Здараецца, на канцэрт прыходзіць 500 слухачоў, і некаторыя нават стаяць, а здараецца, прыйдзе ўсяго 100 чалавек.

За мяжой на арганныя канцэрты ў саборах збіраецца 50 чалавек — і гэта ўжо аншлаг. Але часам аказваецца і паўнюткая зала, калі праходзіць фестываль або праграма прываблівае сваёй незвычайнасцю. Справа ў тым, што заходні чалавек чуе арган досыць часта, кожную нядзелю, калі не часцей, і, магчыма, не заўсёды ўспрымае яго як канцэртны інструмент.

У. Неўдах. На маю думку, на Захадзе ўспрыманне арганнай музыкі ўсё-такі больш сур’ёзнае. Там лепш успрымаецца і сучасная арганная музыка, больш блізкая да ХХ стагоддзя. Увогуле стаўленне да аргана на Захадзе іншае, бо там ён з’яўляецца неад’емнай часткай культуры і сталай традыцый. У нас жа, на жаль, традыцыя каталіцкай музыкі была перарваная, таму не такая трывалая традыцыя слухання арганнай музыкі. Арганіст павінен умець імправізаваць у час службы. І імправізаваць не толькі ў стылі Баха, але і ў сучасным. І ягоная задача — знайсці менавіта ўласны стыль. Гэта мы ведаем па прыкладах вялікіх арганістаў і кампазітараў з розных краін — Месіяна, Дзюпрэ, Хайлера і інш.

Існуе гукавы вопыт слухання аргана. Розныя эпохі заўсёды былі ілюстраваны ў гучанні аргана падчас службаў, таму на канцэртах сучаснай музыкі слухачам не чужое гучанне аргана і выяўленне розных стыляў. Заходні чалавек слухае арган, магчыма, больш з пазнавальнага пункту гледжання, для нашых слухачоў, напэўна, больш важнае магічнае, казачнае гучанне аргана...

Фота А. Спрынчана.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY