|
|
|
№
2(72)/2015
Год кансэкраванага жыцця
Паэзія
Літаратуразнаўства
Гісторыя хрысціянства
Уладзімір КАРОТКІ,
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ ХРЫСЦІЯНІЗАЦЫЯ БЕЛАРУСІ: ВЕРСІІ, ГІПОТЭЗЫ, СВЕДЧАННІ Ў ПОМНІКАХ СТАРАЖЫТНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ Прэзентацыя
Асобы
На кніжнай паліцы
Пазіцыя
Мастацтва
|
У яго адметным слове адбіліся шматлікія рэаліі часу, падзеі, факты, праблемы, канфлікты, найбольш значныя праявы жыцця народа, духоўны патэнцыял нацыянальнай інтэлігенцыі, яе маральнае і творчае аблічча. Па сутнасці, уся творчасць Ніла Гілевіча — гэта ўнікальна таленавітая кніга, пазначаная пячаткай мастакоўскага ўніверсалізму як у сцвярджэнні светапоглядных ідэалаў і прынцыпаў, так і ў сферы выяўлення дамінантных матываў і вобразаў, эстэтыкі пачуццяў, культуры палемікі, выверанасці мелодыі радка, фразы. Пры ўяўнай прастаце ўвасаблення жыццёвых карцін, малюнкаў і з’яваў у яго творах ёсць глыбіня мыслення і, як вельмі слушна сказаў эстэт, філосаф, літаратуразнаўца У. Конан, — «рэнесансная шмаграннасць інтэлекту, адданасць сваёй Бацькаўшчыне — найперш» [1, с. 237]. Гэта цытата з літаратуразнаўчага эсэ У. Конана «На прасветлым алтары Радзімы» (2001), у якім постаць Ніла Гілевіча і працэс эвалюцыі яго таленту раскрываюцца, на першы погляд, традыцыйным шляхам — ад спасціжэння сутнасных асноў паэтычнага пісьма творцы на пачатку літаратурнага шляху і да трактоўкі мастацкіх адкрыццяў пісьменніка на мяжы ХХІ стагоддзя. Цікавая выснова, якой падагульняе даследчык свае развагі пра знакавасць здзейсненага народным паэтам, заслужаным дзеячам навукі, педагогам Нілам Гілевічам: «Апошнія гады на мяжы новага стагоддзя сталіся для паэта і рыцара нацыянальнай культуры шчодраю восенню. Заціхлі ранейшыя шквалы маладосці. Затое прыбавілася мудрасці, — чалавечай і пісьменніцкай відушчасці. У паэзіі ўсё часцей трапляюць хрысціянскія матывы, пакаяльныя вершы-малітвы» [1, с. 259]. Зрэшты, аўтар эсэ неаднойчы звяртаў увагу на выкарыстанне паэтам біблійна-хрысціянскіх матываў і характэрных малітоўна-спавядальных жанраў [1, с. 242, 244, 253, 254]. Яшчэ ў 60-я гады нарадзілася патрэба ў разуменні прысутнасці Боскага пачатку ва ўсім, што называецца жыццём. Адбывалася гэта праз абуджэнне эмацыянальнай памяці дзяцінства, праз асэнсаванне таго, як разумеўся з Богам слабадскі, гайнаўскі люд. І няхай у вершах сярэдзіны 60-х гадоў слова «бог» пішацца з маленькай літары (нават пры выкарыстанні па-народнаму свойскага, блізкага «божа» — верш «Я на поплаў выйшаў…»), відавочнай становіцца спроба Ніла Гілевіча зазірнуць у глыбінныя асновы светабыцця, наблізіцца да ўспрымання высокіх Боскіх запаветаў як праявы духоўнай культуры народа, яго фізічнай і маральнай сілы, унутранай красы, еднасці з прыродным светам. Пазней, у 70-80-я гады, істотна пашыраецца і выкарыстанне паэтам адпаведнай лексікі (Бог, Божа, німб, храм, душа, анёлак, крыж, рай, пекла...) і характэрных выслоўяў (Божа мілы, Божа моцны, дай вам бог, з божай ласкі і інш.). Праўда, падобную лексіку Ніл Гілевіч выкарыстоўвае пераважна ў сатырычных вершах, найперш тады, калі дае водпаведзь заўзятым крытыкам або выкрывае праявы эстэтычнай глухаты, меркантыльнасці, прагі славы і чыноўнага крэсла («Урок сучаснага танца», «І нарэшце», «Кузьма», «Аднаму заўзятаму крытыку», «Непапраўны характар», паэма-камедыя «Формула іржавіны»). У сістэме мастацкай вобразнасці лірыкі Ніла Гілевіча на самым пачатку 70-х гадоў стала прапісаўся эпітэт «боскае», а часам «божае», як выяўленне найвышэйшай дасканаласці, доўгачаканай радасці, выключнай значнасці або непераўзыдзенага хараства. Такога, як у наступных радках: «Бомы жаўранкаў у звечарэлым полі.//Там, дзе студзіць цёплы дол раса,//Дзе з жытнёвых каласоў паволі//Выплывае божая краса» [2, с. 232]. Пра тое, як нараджаюцца мастацкая ідэя і паэтычныя вобразы, можна знайсці цікавыя тлумачэнні ў выступленнях і інтэрв’ю пісьменніка. Так, на пытанне журналісткі В. Мядзведзевай (газ. «Звязда», 1999, студзень) адносна месца, якое выбраў бы паэт (сад, хату, вуліцу або лес), калі было б магчыма хоць на нейкі час вярнуцца ў краіну дзяцінства, ён сказаў наступнае: «Не сад, не хату, не вуліцу, не лес, а — поле! Навакольнае поле — з пагоркамі і лагчынамі, <...> з крушнямі камення на ўзмежках, з жоўтымі нівамі жыта і бялёсымі гонамі аўса, з блакітнымі разлівамі лёну, з белымі азярынамі грэчкі, з укрытымі ружовым і бэзавым цветам прасцягамі бульбы…» [3, с. 609]. Калі ж дадаць настроенасць душы паэта на сугалоссе вечаровай цішыні і спеваў слабадскіх жнеяў, то разумееш, адкуль прыйшоў у лірыку Ніла Гілевіча такі нечаканы ў сваёй першароднасці вобраз Божай красы. Усё, што звязана з таленавітым выкарыстаннем духоўных скарбаў продкаў нашчадкамі або іх эмацыянальнай далучанасцю, пражытасцю і перажытасцю дзівосных з’яваў прыроды, што абуджаюць веру ў росквіт культуры краіны, жывучасць беларускай мовы або выклікаюць павагу да крывіцкага гонару жанчыны, пазначана ў творчасці вялікага майстра пячаткай боскасці («Сурма Пузыні», «Пацеркі Божай Маці», «Споведзь крывічанкі», «Грае Ірына Шуміліна»). А вось як выказана захапленне талентам хармайстра Віктара Роўды: «І я сказаць на цэлы свет гатоў, // Што гэты боскі спеў да гэтай залы // Вы неслі ў сэрцы тысячы гадоў» [2, с. 371]. Жыццёвыя калізіі пачатку 90-х гадоў («безгаловы рынак», «продаж-купля душ праз торг», «куды ні глянь — разбой і гвалт», «беспрасветны час знявер’я і шаленства» — «Кірмаш», «Які ганебны пераход…», «У беспрасветны час…» і інш.) адзываюцца ў душы лірычнага героя Ніла Гілевіча болем па далёкім местачковым кірмашы, па людской даверлівасці, маральнай чысціні, высокай паэзіі: «А што за мова там гучала! // Якую там я мову чуў!..»
Канец 80-х гадоў для многіх пісьменнікаў, талент якіх фармаваўся ў савецкую эпоху, стаўся пераломным момантам: мянялася шкала светапоглядных і эстэтычных арыенціраў. Настала пара адкрыцця значнасці хрысціянскіх ідэалаў і прызнання высокіх боскіх ісцінаў. І кожны па-свойму пераадольваў бар’ер атэістычнага бязвер’я. Так, Валянціна Коўтун прыйшла да глыбіннага разумення сутнасці хрысціянскай веры праз мастацкую рэстаўрацыю вобразаў Цёткі (раман «Крыж міласэрнасці»), вялікай асветніцы Еўфрасінні Полацкай (раман-жыціе «Пакліканыя», праз лібрэта «Шлях палачанкі»). А яшчэ скіраванасць душы Валянціны Коўтун да сутнасці хрысціянскай веры таленавіта праявілася пры мастацкім перастварэнні зруйнаваных сталінскай эпохай творчых лёсаў гулагаўскіх нявольніц (вобраз Лесі Беларускі) праз шырокае выкарыстанне біблійных маральных ісцін і вобразнай сімволікі (паэтычны зборнік «Малітва да Калымы»).
Аб тым, якім складаным быў шлях Ніла Гілевіча да пазнання і спавядання боскіх ісцін, сведчаць многія яго вершы апошніх дзесяцігоддзяў («Рэпліка», «У беспрасветны час…», «Каменні ляцяць на дарогу», «Сон», «Уваскрэсне!», «Каго шкада», «Мой кароткі адказ», «Не бойся», «Радкі з усяночнай» і інш.), а таксама дзённікавыя запісы, мемуары пісьменніка. Відаць, нямала паспрыялі разбурэнню фальшывых ідэалаў і словы бацькі, сказаныя сямейнікам у 1972 годзе перад смерцю: «Вось так, дзеці, усё жыццё змагаўся за праўду і справядлівасць супроць зладзюганаў, хабарнікаў і ўсякай іншай свалаты, але ўсё маё змаганне было марным, <...> нягоднікі як панавалі ў нашым жыцці, так і пануюць…». Словы Сымона Пятровіча сын пракаменціруе ў сваім абрысе пройдзенага шляху наступным чынам: «Запозненае для сябе адкрыццё «белай партыйнай вароны». Але незапозненая споведзь для дзяцей» [6, с. 24]. Тая запозненая споведзь-пакаянне адгукнецца пажыццёвай думкай-зарокам аб неабходнасці тварыць сябе, сцвярджаючы найвышэйшае прадвызначэнне «любіць і адчуваць і ведаць Слова» [4, с. 463], бо яно ад Бога, а значыць святое. У сваім набліжэнні да боскіх вышыняў духу паэт Ніл Гілевіч і яго лірычны герой становяцца сапраўды відушчымі, бо акрэсліваюць дыстанцыю паміж дабром і злом, паміж сакральна чыстым і хлусліва д’ябальскім. Надыдзе час і ў гэтай відушчасці паэт скрушна прамовіць: «А наступіць жа, прыйдзе час — і давядзецца аднойчы людзям майго пакалення <...> з жахам зразумець, у якую бездань бездухоўнасці і дзікунства цягам многіх дзесяцігоддзяў піхалі нас, ды і ўзмаліцца, хоць і не ўмеючы: даруй, Госпадзе, і прымі пакаянне цёмных і неразумных, — хоць перад блізкай магілай прымі!.. <...> Але колькі яшчэ няшчасных, <...>, што так і не знайшлі дарогу да храма, што так і не раскаяліся, так і працягваюць заставацца паслугачамі д’ябла і шкадаваць аб д’ябальскім мінулым!» [6, с. 25]. Язычнік па светаадчуванні, Ніл Гілевіч раіць сучаснікам чытаць, «калі гатовы — Біблію», бо «гэта вялікая кніга мудрасці чалавечай» [7, с. 191]. Паэт купіў яе ў 25 гадоў, а да спасціжэння зместу гэтай вялікай Кнігі ішоў доўгія дзесяцігоддзі. На пачатку 90-х вершам «Мой кароткі адказ» паэт і дзяржаўны дзеяч Ніл Гілевіч на максімальна шчырай, даверлівай ноце раскрые ўвесь трагізм бязбожнага грамадства:
Сваім палітычным апанентам ён пераканаўча давядзе, што толькі спавяданне такіх народных і агульначалавечых запаветаў, як вернасць бацькоўскай зямлі, шанаванне памяці продкаў, руплівая праца на мастацкай ніве, адданае служэнне роднаму Слову ратуе талент творцы, яго сумленне і чалавечы гонар. А яшчэ ён папросіць Усявышняга прабачыць за колішнія правіны: «Хай Бог даруе хібы маладосці…» [4, с. 54]. Творчы і чалавечы шлях Ніла Гілевіча ў айчынным прыгожым пісьменстве — гэта ўнікальны прыклад штодзённага сцвярджэння боскага паклікання служыць адной задачы: вымярэнню чалавечага ў чалавеку праз яго любоў да справы ўсяго жыцця — Словам вешчым, што ад Бога, праўдзіва слугаваць боскім дарам мастака Радзіме і свайму народу.
Побач з пакаяльна-спавядальным усведамленнем сваіх і чужых грахоў перад Усявышнім у паэзіі Ніла Гілевіча 90-х гадоў галоўным становіцца выкарыстанне хрысціянскіх матываў, сюжэтаў, вобразаў, адпаведнай лексікі ў барацьбе — бескампраміснай, паслядоўнай — з тымі сіламі, для якіх незалежнасць краіны, дзяржаўнасць мовы, нацыянальная ідэя як асноўная кансалідуючая сіла былі чужымі, катэгарычна непрымальнымі. Пасля вялікага Купалы цяжка знайсці ў нашай літаратуры творцу, сэрца якога заходзілася б такім болем і адчайнай скрухай за лёс нацыянальнай святыні — мовы, якая гэтак шануецца ў любасных Богу народаў. Нездарма ў апошнім паэтычным зборніку «З Божай ласкі — дасеўкі» (2014) мы чытаем прапанову майстра слова ўнесці істотную папраўку ў будучы дакумент адносна прычыны завяршэння яго зямнога жыцця. Медыцынскае заключэнне «дашчэнту знасілася сэрца» прапануецца падаць у іншай версіі:
Прычын збалеласці шмат. Аб’ектыўнага характару, асабістага, грамадскага, прыватнага… Але над усім — трывога і клопат, вера і роспач, надзея і зманлівасць мары адносна галоўнага: бачыць сваю краіну, яе народ, яго культуру вартымі прызнання ў свеце, а пачынаецца яно з аднаўлення храма ўласнай душы, у якой ёсць месца Богу як высокай маральнай чыннасці, як праявы гармоніі асобы з самой сабою, светам і Сусветам. Калі ж Божая міласць не праліваецца святлом ачышчэння і пазнання беларускім людам сапраўдных ісцін, тады Ніл Гілевіч і яго лірычны герой гатовы ў адчайна-палемічным запале абурыцца няміласцю Усявышняга, як тое здарылася ў вершы «Апекуну ўсіх моў на зямлі — Богу» (1989). На ўсіх крутых віражах нацыянальнага жыцця і асабістага лёсу паэт Ніл Гілевіч застаўся верным раз і назаўсёды дадзенай яшчэ ў 1947 годзе клятве — служыць роднаму слову, быць яго абаронцам («Першая клятва»). І па сённяшні дзень менавіта ён застаецца самым адважным «змаганцам за лёс // Нам Богам даверанай мовы» [4, с. 378]. Самабытнасць і прыгажосць крывіцкай мовы, яе лексічнае багацце, напеўнасць, паэтычны лад сцвярджаюцца праз апеляцыю творцы да самых высокіх і непадлеглых сумневу аўтарытэтаў. «Няма нічога, — даводзіць лірычны герой верша «Санет філолагам», — свяцей за Слова вешчае ад Бога» [4, с. 463]. Невыпадкова і пацеркі на шыі Божай Маці «з самацветаў мовы беларускай» [4, с. 466]. Нават сам Мяккі Знак дашле палемічнае пасланне пану акадэміку, аргументуючы законнасць сваіх прэтэнзій да навуковых высноў вучонага: «Я ж не вараг, не самазванец — // Я пераняты з Божых губ. // Я той у мове, з кім не зманіць // Ніводзін мне падлеглы гук» [4, с. 446]. Ужо чвэрць стагоддзя словам-болем, «сэрцам, парваным ушчэнт», паэт намагаецца скіраваць душу беларуса на шлях да беларускай Беларусі гэтак ахвярна, «як Янка. Або як Ларыса» [4, с. 378]. Спавядаць нацыянальную ідэю ў якасці каталізатара духоўнай еднасці грамадства і на пачатку 90-х гадоў было гэтак жа складана і небяспечна, як і заўсёды ў айчыннай прасторы. У дзённіку пісьменніка ад 7 ліпеня 1993 года чытаем: «Божа, як сумна, горка і брыдка! Як горка! Нішто не аб’яднае нас, нішто! Тое, што можа нас аб’яднаць — таго ў душах няма. Свяшчэнны доўг перад Беларуссю — г. зн. перад мовай і культурай Беларусі, перад Святым Духам Беларусі — няма!» [11, с. 296]. Пакутлівыя, трывожныя думкі… І як вынік усяго — «сэрца натруджана» [4, с. 55]. Такім запісам ад 1 студзеня 1993 года паэт і дэпутат Вярхоўнага Савета пачынае свой верш «Дзённік». Гэта яшчэ адзін дакумент эпохі, свайго роду летапіс толькі не падзей, адбітых у часе, а думак і эмоцый, зафіксаваных са здзіўляючай дакладнасцю і амаль пратакольным лаканізмам: дата, месяц, думка, эмоцыя… на працягу года, ад студзеня да снежня. Аб’ёмна, рухома, на мяжы адчайнай экспрэсіі раскрываецца эмацыянальна-псіхалагічны стан асобы на крызісным разломе запаветнай мары беларуса-адраджэнца, што тройчы падкрэслена абазначаным адным і тым жа спосабам словаўтварэння — бяспраўна, бяздомна, бяздольна. У той жа час тройчы паўторанае ключавое слова «горка» кожны раз даецца ў суправаджэнні новай эмоцыі — «горка і сумна», «горка і прыкра», «горка і смешна», — выклікаючы адчуванне абсурднасці таго, што чынілася на ўзроўні высокіх рашэнняў. Складанасць беларускай рэальнасці, трагізм становішча тых, хто сумленна, праўдзіва нёс у жыццё адраджэнскія ідэі, па-мастацку магутна пададзена Нілам Гілевічам у зборніку «На высокім алтары», які абазначаны аўтарам як «новая кніга паэзіі». Сапраўды, новая, бо раней не ўзнікала адчуванне такой пагрозлівай небяспекі жыццю і дзейнасці кожнага, хто адкрываў беларускаму грамадству неабходнасць змагання за гістарычную будучыню нашай краіны. У сувязі з гэтым даецца і адпаведная назва аднаго з раздзелаў зборніка — «Над бяздоннем іду…». Верш «Каменні ляцяць на дарогу…», якім адкрываецца раздзел, — зусім відавочная алюзія на біблійныя Дзеі Апосталаў. Ім часта даводзілася бараніць саміх сябе ад неправедных судоў і расправаў. Так, святы Павел, адкрыўшы самога сябе дзякуючы пралітаму з нябёсаў боскаму святлу, пераканаўча даводзіць: «Я кажу словы ісціны і здаровага сэнсу» [12, с. 212]. Траплялі прапаведнікі вучэння Хрыста ў вязніцы, іх білі і закідвалі камянямі: «І білі камянямі Сцяпана, які маліўся і казаў: Госпадзе Ісусе! Прымі дух мой!» [12, с. 179]. Але паспеў пры гэтым Сцяпан, верны паслядоўнік і мудры прапаведнік святога вучэння, выказаць Усявышняму апошнюю просьбу, якая засцерагла б «цвёрдахрыбетны люд» ад далейшай варажнечы і боскай кары: «Госпадзе! Не лічы ім граху гэтага!» [12, с. 179]. І лірычны герой Ніла Гілевіча ўпэўнены, што яго напаткае калісьці лёс тых, хто нёс прарочае слова... Каменні зайздрасці, аблыжных ацэнак дзейнасці ў розных сферах быцця — грамадскага, дзяржаўнага, літаратурнага, гісторыя з аўтарствам паэмы «Сказ пра Лысую гару», перакручванне рэальных фактаў афіцыйнымі і па добрай волі піяршчыкамі выклікалі не толькі пратэст, абурэнне зламыснай хлуснёй, але і адчуванне сваёй праваты і духоўнай моцы. Таму, уратаваўшы свой верш (а насамрэч — душу, сумленне) ад пошласці і сытасці высокай воляй нябеснага заступніка, лірычны герой Ніла Гілевіча па-хрысціянску прабачыць многім іх грахі. У развагах пра вартасці сваёй творчасці — «усякі быў мой верш, але не пошлы», паэт абазначыць і тое, што ўтрымала яго на належнай вышыні духоўнасці і майстэрства:
Дух, духоўнасць, душа… Гэта, бадай, ключавыя словы ў мастацкім выяўленні Нілам Гілевічам аблічча сучаснага грамадства, аблічча сучаснага творцы. Не зганьбаваць сумлення, дбаць пра храм уласнай душы. Апекаванне храмам душы ляжыць, як прызнаецца паэт, у сферы даўно абраных ім духоўных ідэалаў («Выбухайце, сябры, выбухайце!», «Што я думаў…», «Мой верш», «Як вернік у храм...» і інш.).
Гэтым многае тлумачыцца ў грамадзянскай пазіцыі, філасофіі быцця, у сістэме эстэтычна-мастацкай вобразнасці і форматворчасці Ніла Гілевіча. Талент, слова, творчасць у разуменні пісьменніка — з’явы малітоўна высокія. Перад імі нельга быць няшчырым ці хлуслівым, таму ў працэсе тварэння паэтычнага цуда ён уваходзіць у майстэрню агранкі вершаванага слова па-асобаму «Я ў верш хачу заходзіць, як у храм — // Як вернік у касцёл або ў царкву» [7, с. 354]. Узвесці высокі храм Паэзіі немагчыма, калі не рупіцца пра храм Душы, яе чысціню і непадкупнасць. Многія вершы, дзённікава-мемуарная проза пісьменніка паказваюць на тыя прышчэпкі маральнасці і фізічнай ахайнасці, што закладвалі з часоў дзяцінства трывалы імунітэт супраць любых праяваў няпраўды, фальшу і няшчырасці. Некалі маці, — прыгадае літаратурны двайнік Ніла Гілевіча — яго лірычны герой, даводзіла яму праўду сваіх словаў, абраўшы самы важкі (з вышыні яе жыццёвых прынцыпаў) аргумент:
Прыдалася, вядома, і бабуліна навука, калі яна так хораша ўшчувала і настаўляла малога на шлях чысціні ў зваротах-малітвах да Бога:
Зусім відавочна, што парады бабулі маюць не толькі канкрэтны змест (выхаванне навыкаў гігіены), але і значны падтэкст: вялікім справам і здзяйсненням дапамагаюць нябесныя сілы пры адпаведнай вышыні духу, яго моцы і чысціні. З дня ў дзень — цягам не аднаго дзесяцігоддзя — ствараецца Нілам Гілевічам храм Паэзіі, падмурак якога мацуюць спаконвечныя ісціны: быць вышэй за ўсе матэрыяльныя выгоды, пазбягаць кампрамісаў з сумленнем, заставацца ва ўсім самім сабою, каб — крый Божа! — не трапіць у сонмішча некаторых сучасных дзеячаў, што ганаруюць саміх сябе высокімі званнямі, сумніўная чыннасць якіх відавочная. І тады, як не аднойчы здараецца ў творах пісьменіка, ён на яве і нават у сне ратуе душу зваротам да голасу сваіх мудрых продкаў, што даўно спачылі на кладзішчах («Наконт апосталаў і прарокаў», «Міні-рэпартажы з кантрольна-прапускнога пункта ў рай», «Чый крык? (новая беларуская лічылка)»):
Так рэзка асадзіць тых, хто бессаромна «загуляўся ў вялікіх», мог толькі той, хто сваім трагічным лёсам і магутным талентам заслужыў права быць прарокам, быць сапраўдным апосталам нацыі. Дарэчы, паэт часта звяртаецца да месца вечнага спачыну чалавека: могілкі, клады, могліцы, пагост — гэта не толькі адзнака духоўнай повязі творчасці Ніла Гілевіча з жыццём і гістарычным мінулым пакаленняў, скарбамі іх душы. Праяўляецца тут і купалаўская традыцыя вяртання ценю продкаў на зямлю як напамін наступнікам пра неабходнасць думаць над сутнасцю быцця, над тым, што было калісьці і што ёсць сёння. Задумацца ўрэшце, як зразумець песню легендарнага Гусляра, што раз у год пакідае свой курган-магілу. Адчуць усім нутром глабальнасць жыццёвай катастрофы Мужыка («Адвечная песня»), цень якога на паваленым крыжы абураецца бязладнасцю лёсу нашчадкаў: «Раскрыйся нанова, магіла: // Страшней цябе людзі і свет» [14, с. 33]. У цыкле вершаў «Вянок на алтар», напісаных Нілам Гілевічам у жанры японскага «танка», купалаўская канцэпцыя бачання і мастацкага ўзнаўлення рэальнасці ў двух часавых зрэзах — было і ёсць — і з такім катэгарычным пратэстам супраць сацыяльнага зла і духоўнага заняволення працоўнага люду напаўняецца новым ідэйна-мастацкім зместам. І найперш праз абвостраную відушчасць лірычнага героя сакральнай для пісьменніка ідэі — годнага лёсу народа, паўнакроўнага жыцця нацыянальнай мовы:
Так убачылася галоўнае: не цень мужыка-беларуса, а сама мова выходзіць з магіл, бо жывучая, бо не знае тлену. Нават пры сучасным моўным нігілізме. Пры гэтым значна, з праекцыяй на час і беларускую рэальнасць апошніх дзесяцігоддзяў, успрымаецца і трансфармуецца ў сістэму мастацкіх ідэй і вобразаў біблійны матыў здрадніцтва і пакаяння («Не падбівай, не падбухторвай…», «Радкі з усяночнай», «Кляновы лісточак», «Кажаш, што ты…», «Палемічнае», «Запраданцам», «Пра ласку Божую і плату Д’ябла», «Сон», «Стрэмка», «Пра песню і суддзяў» і інш.). Апынуўшыся ў 90-я гады на самым піку грамадска-палітычных падзей і дэбатаў, пісьменнік і яго лірычны герой убачылі безліч праяваў таго, як многія, каму самі нябёсы судзілі дбаць пра чысціню душы, лёгка пераступалі законы Хрыстовай маральнасці, ігнаруючы праўдзівыя, мудрыя словы апостала Паўла: «І вось мы, будучы родам Божым, не павінны думаць, што Боства падобнае да золата, альбо да срэбра, альбо каменя, увасобленага ў твор мастацтва і выдумкі чалавечай» [12, с. 197]. Здрада ідэалам, Айчыне, запаветам продкаў, сям’і, боскаму таленту, вышыні духу — усё выклікае пратэст, адчуванне Божага гневу і разуменне таго, за што душу і сэрца творцы балючай стрэмкай працяў аднойчы пасланы з нябёсаў удар — Божае слова-праклён. Паслаў, відаць, за тое, што яшчэ не ўсё зрабіў, каб зрок вярнуць сляпым, а слых — глухім. Каб душу бязбожную прымусіць схамянуцца і ўразумець: ёсць самы страшны грэх, за які і плата адпаведная, такая, як у вершы «Пра ласку Божую і плату Д’ябла»:
І ў размове з журналістам газеты «Ляхавіцкі веснік» (2003, кастрычнік) на пытанне аб тым, які грэх нельга дараваць нават сябру, паэт адкажа, што цяжэй за ўсё дараваць здраду. Асабліва здраду сябра: «Калі ты ў яго верыў, а здарылася цяжкая, крутая хвіліна ў тваім жыцці — ты замест падтрымкі атрымліваеш, як кажуць, нож у спіну» [7, с. 192]. Здараецца, што дарогі сяброў па розных прычынах разыходзяцца. Толькі рабіць гэта трэба па-людску, па-боску, без паклёпніцкага «распні» і хлуслівых кпінаў. У гэтым выпадку асабліва надзённа гучаць словы апостала Паўла аб тым, што самае галоўнае ў жыцці чалавека — гэта «мець беззаганнае сумленне перад Богам і людзьмі» [12, с. 209]. Сёння, ужо на самым ускрайку жыцця, і пісьменнік, і яго лірычны герой, аналізуючы пражытае і пройдзенае, прызнаюць многія памылкі і грахі. Прызнаюць «шчыра, як на духу». Памянялася, напрыклад, стаўленне да рэлігіі: «Сёння — з разуменнем яе неабходнасці, з павагай да людзей набожных» [7, с. 188]. Многае цяпер убачылася з «вышыні ўзросту» і пазнанай праўды жыцця, якая паўстала ў святле трагічнага быцця асобы, трагічнага быцця народа на ўсіх паваротах яго гістарычнага лёсу. Тамара Нуждзіна
Літаратура
|
|
|
|