Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(72)/2015
Год кансэкраванага жыцця
Паэзія

ВЕРШЫ

«КАБ ЗРАБІЛАСЯ СВЕТЛА…»
Літаратуразнаўства
Гісторыя хрысціянства
Прэзентацыя
Асобы
На кніжнай паліцы

КНІГА-ВІТРАЖ
Пазіцыя

«ГАЛАНТНЫЙ ВЕК»...
Мастацтва

Сяргей ХАРЭЎСКІ

КНІГА-ВІТРАЖ

Габрусь, Т. В.
Сакральнае дойлідства Беларусі: 1000-гадовая спадчына =
Сакральное зодчество Беларуси: 1000-летнее наследие =
The Sacral Architecture of Belarus: Millennial Legacy /
Т. В. Габрусь. — Мінск : Беларуская навука, 2014. — 483 с., іл.
ISBN 978-985-08-1718-1.

Тамара Віктараўна Габрусь — слынная даследчыца гісторыі архітэктуры і манументальнага мастацтва Беларусі — аўтар сотняў навуковых артыкулаў і шматлікіх кніг, што складаюць падмурак нашае айчыннае гістарыяграфіі па праблемах станаўлення, развіцця і аховы здабыткаў беларускае даўніны. Яе кнігі «Помнікі манументальнага дойлідства Міншчыны» (1991), «Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока» (2001), «Саборы помняць усё: Готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі» (2007),«Паэзія архітэктуры» (2012) сталі неад’емнаю часткаю нашае культурнае прасторы, багатымі крыніцамі для вывучэння нацыянальнае спадчыны. Таму заўсёдная цікавасць да яе кніг цалкам натуральная. А па эксперыментальным падручніку «Мастацтва бачыць свет» (2000), у якім прымала ўдзел Т. Габрусь, вывучылася ды ўзгадавалася пакаленне беларускіх школьнікаў.

Новая кніга Тамары Габрусь, «Сакральнае дойлідства Беларусі: 1000-гадовая спадчына», прысвечаная нашай храмавай архітэктуры, сталася яшчэ адным важкім унёскам славутай даследчыцы ў скарбонку айчыннае навукі. Гэтае багата ілюстраванае выданне вобразна прадстаўляе стрыжнёвую плынь манументальнай культавай архітэктуры Беларусі ад Ранняга Сярэднявечча да нашае сучаснасці, рэпрэзентуючы эвалюцыю светапоглядных і эстэтычных уяўленняў, а таксама змены веравызнаўчых, сацыяльных і палітычных прыхільнасцяў беларускага народа. Сакральны будынак ёсць спецыфічнаю візуальна-семіятычнаю адзінкаю, што фіксуе ключавыя рэлігійна-культурныя зместы. Уяўленне аб «святым месцы» транслюе лакальныя гістарычныя сэнсы і звязаныя з імі візуальныя маркеры на абжытую прастору ў цэлым. Сабраны ў кнізе матэрыял яскрава сведчыць пра велізарнае багацце невымоўнага хараства, што засталося нам у спадчыну. Выданне такога роду друкуецца ўпершыню ў выглядзе багата ілюстраванага даведніка. Прэзентаванае на выставе «Выдавецкі дом «Беларуская навука»: адметныя выданні 2014» у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі, гэтае выданне атрымала дыплом 1-й ступені «За ўклад у захаванне духоўнае спадчыны», стаўшы лаўрэатам 54-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі». «Сакральнае дойлідства Беларусі: 1000-гадовая спадчына» выйшла адначасна на беларускай, рускай і англійскай мовах, бо прызначанае для самага шырокага кола чытачоў.

Сакральная архітэктура, якой прысвечаная новая кніга Тамары Габрусь, нясе не толькі функцыянальную і эстэтычную нагрузку, але выконвае яшчэ і семіятычную функцыю, выступаючы сродкам паведамлення: і як аб’ект сацыякультурных зносінаў, і як знакавы комплекс, з дапамогаю якога адбываецца перадача інфармацыі і звязаных з ёю эмоцый, мнеманічных зместаў, псіхалагічных установак і нормаў. У самым агульным сэнсе сакральная архітэктура служыць формаю фіксацыі, трансляцыі і прэзентацыі базісных культурных архетыпаў. Ад самага пачатку хрысціянства на нашай зямлі храмавае будаўніцтва спалучае ў сабе рысы традыцыяў паўднёвае Візантыі і заходніх краінаў, такім чынам транслюючы нам праз вякі культурныя архетыпы з усіх куткоў Еўропы. Пра гэта Тамара Габрусь піша ў пачатку сваёй кнігі, раскрываючы ва ўсіх дэталях гісторыю нашага сакральнага дойлідства за 1000 гадоў! Аўтарка падрабязна спыняецца на самых вытоках, ад першых хрысцянскіх святыняў, што паўсталі ў нашым краі на мяжы Х і ХІ стагоддзяў, ад полацкага Сафійскага сабору. У першай частцы кнігі змешчаная ўся, без выняткаў, гісторыя культавага будаўніцтва, ад сівых часоў готыкі да нашых дзён. Пры гэтым разглядаюцца не толькі асобныя сакральныя збудаванні, але і іх сукупнасць, узаемная стылістычная сувязь, эстэтычная і семантычная пераемнасць, а таксама іх назвы, тытулы і прысвячэнні, што з’яўляюцца спецыфічнымі семіятычнымі адзінкамі. Важна і тое, што Тамара Габрусь прасочвае непарыўную сувязь, у яе дыялектычным адзінстве, архітэктурных школаў і народных традыцыяў дойлідства ўсіх славянскіх народаў з Еўропаю. Важна і тое, што даследчыца знітавала сучасныя практыкі інтэпрэтацыі культурнае і рэлігійнае спадчыны з працэсам станаўлення нацыянальнае школы вывучэння гісторыі архітэктуры і аховы помнікаў.

У частцы «Мураваны летапіс» змешчаныя, нібы ў зіхоткім вітражы, дзясяткі каляровых здымкаў хрысціянскіх храмаў розных перыядаў, часам з дадаткам абмерных планаў. Выстаўленыя ў храналагічным парадку, па часе збудавання святыняў, гэтыя ілюстрацыі даюць нам панарамнае ўяўленне і пра зменлівасць стыляў, і пра рэгіянальныя адрозненні гэтае часткі нашае нацыянальнае спадчыны. Тут можна ўбачыць на фота не толькі першыя цэрквы Полацка і Гродна, але і раннія гатычныя касцёлы XIV i XV стст. у Наваградку, Уселюбе, Ішкалдзі. Чытач можа назіраць, як паступова збліжаюцца прынцыпы архітэктанічнага формаўтварэння ў хрысціянскіх храмах усіх канфесій у XVII–XVIII стагоддзях, калі і цэрквы, і касцёлы будаваліся ў супольным рэчышчы пануючага тады стылю барока. І менавіта ў тую эпоху былі ўзведзеныя такія, сусветнага маштабу, шэдэўры нашае архітэктуры, як касцёл Адшукання Святога Крыжа ў Гродне, Мікалаеўская царква ў Магілёве, іншыя праваслаўныя ды ўніяцкія цэрквы і касцёлы, пра якія піша Тамара Габрусь; яна прыклала шмат намаганняў, каб гэтыя шэдэўры не заставаліся ананімнымі. Дзякуючы старанням даследчыцы ў нашую культурную прастору вернутыя імёны дзясяткаў выбітных дойлідаў, гэткіх, як Марцін Фалькоўскі, Андрэй Асікевіч, Францішак Карава ды многія іншыя.

Сімвалічны перанос сакральных сэнсаў, рэалізаваных архітэктурнымі сродкамі, што фарміруюць асаблівую камунікатыўную прастору культуры, часам суправаджаецца спробамі прамога капіявання зыходных узораў. І гледзячы фотаздымкі з гэтае кнігі, мы бачым, як эпоха класіцызму амаль сцёрла канфесійныя адрозненні паміж рознымі хрысціянскімі цэрквамі, калі ўзоры, запазычаныя ў антычным свеце, шматкроць паўтораныя ў еўрапейскіх архітэктурных школах, лёгка і натуральна капіяваліся на сценах цэркваў і касцёлаў Беларусі.

Упершыню ў нашай гістарыяграфіі, менавіта ў гэтай кнізе аўтарства Тамары Габрусь, у адзін непарыўны шэраг узораў храмавага дойлідства розных эпохаў былі пастаўленыя і такія шэдэўры архітэктуры Заходняе Беларусі міжваеннага часу, як касцёлы святых Пятра і Паўла ў Ражанцы Шчучынскага раёна, Унебаўзяцця Панны Марыі ў Начы, святога Ліна ў Пелясе, Маці Божай Ружанцовай у Радуні, праваслаўны Пакроўскі сабор у Баранавічах ды многія іншыя храмы, якія да таго даследчыкі абміналі ўвагаю.

У трэцяй частцы кнігі, што завецца «Драўляныя шэдэўры», прадстаўленыя дзясяткі храмаў, якія цудам ацалелі да нашых дзён праз стагоддзі. І тут мы бачым выдатныя фотаздымкі, што з найлепшых ракурсаў прэзентуюць гэтыя ўнікальныя здабыткі нашае даўніны. Ад самых старадаўніх, такіх як колішні касцёл, а цяпер царква святой Параскевы Пятніцы ў Збірагах, пад Брэстам, якой ужо паўтысячы гадоў, і Спаса-Праабражэнскае царквы пач. XVII ст. у Порплішчы Докшыцкага раёна, да такіх шэдэўраў міжваеннага дойлідства Заходняе Беларусі, як касцёл святых Пятра і Паўла, пастаўлены архітэктарам Львом Вітанам-Дубяйкоўскім у Дрысвятах, на Браслаўшчыне, у 1920-я гг., і царквы Нараджэння Багародзіцы ў Лінове на Пружаншчыне. Завяршае гэты шыкоўны вітраж каляровых ілюстрацыяў фота навюткае царквы Серафіма Сароўскага ў Мінску, збудаванай у 2000 годзе.

Гэтыя асноўныя часткі кнігі суправаджаюць дыхтоўныя каментарыі, указальнік аб’ектаў і слоўнік «Асноўных тэрмінаў і паняццяў сакральнага дойлідства», што робіць выданне карысным для кожнага, хто пачынае сваё знаёмства з тым велізарным скарбам, які пакінулі нам продкі за тысячу гадоў, перадаўшы багацце эмацыйных, эстэтычных і духоўных сэнсаў, якімі напоўнена кожная, нават самая сціплая, беларуская святыня.

Сяргей Харэўскі,
мастацтвазнаўца.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY