|
|
|
№
2(72)/2015
Год кансэкраванага жыцця
Паэзія
Літаратуразнаўства
Гісторыя хрысціянства
Уладзімір КАРОТКІ,
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ ХРЫСЦІЯНІЗАЦЫЯ БЕЛАРУСІ: ВЕРСІІ, ГІПОТЭЗЫ, СВЕДЧАННІ Ў ПОМНІКАХ СТАРАЖЫТНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ Прэзентацыя
Асобы
На кніжнай паліцы
Пазіцыя
Мастацтва
|
На беларускай зямлі створана шмат розных скульптурных помнікаў, мемарыяльных знакаў. Але ці ведаем мы сёння па-сапраўднаму сваю гісторыю? У наш час усё новыя факты слаўнай мінуўшчыны раптоўна ўсплываюць на паверхню, усё новыя імёны дастойных асобаў з’яўляюцца з небыцця. Каб яны ізноў не забыліся, патрэбна іх сучасная мемарыялізацыя. Асаблівая і вельмі важная тэма ў сучаснай скульптуры — хрысціянскія вобразы змагароў за веру, яе герояў і пакутнікаў. І не толькі з часоў ранняга хрысціянства, але і з мінулага стагоддзя з яго ганебнымі праявамі бязбожніцтва, амаральнасці і ўсёдазволенасці. На такім праблемным фоне недастаткова распрацаваных і здзейсненых задач творчасць мінскага скульптара Валерыя Калясінскага падаецца вельмі цікаваю і паслядоўнаю. Ён імкнецца, каб яго прафесійная дзейнасць запаўняла «белыя плямы» ў нашай нацыянальнай памяці, выхоўвала адукаваных, духоўна-прасвятлёных асобаў. Яшчэ ў 1994 годзе, калі Валерый Калясінскі вучыўся на кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, упершыню ў жанры гістарычнага партрэта ў беларускай пластыцы ён стварыў бюст і медальён, прысвечаныя каралю Стэфану Баторыю, якія цяпер знаходзяцца ў Гродне, дзе ўладар Рэчы Паспалітай жыў у рэнесанснай рэзідэнцыі да канца сваіх дзён. Бронзавы бюст быў устаноўлены ў правай наве гродзенскага фарнага касцёла Францішка Ксавэрыя. Пад бюстам быў таксама размешчаны памятны медальён з адпаведнымі подпісамі. Гэты першы сакральны твор маладога скульптара адразу арганічна ўпісаўся ў інтэр’ер святыні, дзе захавалася вельмі шмат узораў барочнай скульптуры. Мінула 20 гадоў, і ў сувязі з рознымі перастаноўкамі (падчас рэстаўрацыі алтарных кампазіцый) бюст быў перанесены ў левую наву касцёла — у вялікую нішу, але чамусьці без медальёна. Натуральна, што варта было б аднавіць цэльную кампазіцыю, якою яна была першапачаткова, бо гэта ўжо самакаштоўная гістарычная з’ява, якую нельга «карэктаваць» адвольна. Захоплены вобразам вялікай духоўнай асобы, скульптар стварыў мадэль коннага помніка Стэфана Баторыя, які планаваўся для адной з новых гродзенскіх плошчаў у гонар караля. Але гэты праект, мабыць, яшчэ справа будучыні, а пакуль бронзавая мадэль знаходзіцца ў зборах Гродзенскага абласнога гісторыка-археалагічнага музея. Пасля гэтага важнага каралеўскага вобраза малады скульптар актыўна звярнуўся да мемарыялізацыі іншых гістарычных асобаў, якія звязаны з гісторыяй хрысціянства на Беларусі. Ён не адмаўляўся ад любой працы, якая можа ўзбагаціць патрэбную мемарыяльную інфармацыю. У 1999 годзе В.Калясінскі ўпершыню ў айчынным мастацтве стварыў вялікі бронзавы бюст і мемарыяльную шыльду ў памяць ксяндза пробашча Антонія Курыловіча (1876–1954) у гродзенскім касцёле кляштара бэрнандынаў, дзе святар доўгі час займаўся вялікаю душпастырскаю дзейнасцю. Дзякуючы яго тытанічным намаганням хрысціянскія і культурна-асветніцкія традыцыі на Гродзеншчыне не былі парушаныя, нягледзячы на страшэнныя наступствы войнаў, палітычных і ідэалагічных падзелаў і забаронаў. Скульптар адлюстраваў святара як вельмі дасціпнага, шчырага, прынцыповага і моцнага духам чалавека. Менавіта такім асобам і наканавана ў самыя адказныя і складаныя перыяды гісторыі зберагаць і благаслаўляць сапраўдныя каштоўнасці, без якіх у грамадства няма будучыні. З Гродна ў 1920-я гг. была звязана таксама духоўная дзейнасць святога пакутніка Максімільяна Кольбэ. Але толькі ў 2005 годзе ў гродзенскім касцёле францішканскага кляштара скульптару было даручана стварыць мемарыяльны знак з дзвюма каронамі ў гонар святара-асветніка і ахвярнага хрысціяніна, які аддаў сваё жыццё за іншага чалавека. Белая карона з лілеямі — сімвал чысціні, а чырвоная, з шыпамі-цернямі — сімвал пакутніцтва за веру. У аўтара гэтай выразнай кампазіцыі са светлага сілуміну і чырвонай бронзы ўжо быў вопыт працы з гэтай тэматыкай — у 1997 годзе ён выканаў у поўны рост скульптуру Максімільяна Кольбэ для польскай каталіцкай місіі ў Люрдзе (Францыя). Магчыма, калі-небудзь падобная скульптура з’явіцца і ў тых месцах Гродна, якія яшчэ памятаюць прысутнасць святога Максімільяна. Валерый Калясінскі не абмінуў творчай увагаю і Валожынскі раён Міншчыны, які перажыў цяжкую ваенную гісторыю барацьбы і супрацьстаяння падчас Другой сусветнай вайны ў 1939–1945 гады. Сярод тагачасных герояў і пакутнікаў былі і ксяндзы, якія ахвяравалі сваё жыццё дзеля міласэрнасці і сапраўлнай любові да людзей. У пяршайскім касцёле святога Юрыя ў 2011 г. майстрам была ўсталявана мемарыяльная шыльда, прысвечаная памяці пробашча Рогера Свідэрскага, які аднавіў гэтую святыню ў 1990-я гады. У той самы час скульптар стварае для пяршайскага кас-цёла ўнікальную кампазіцыю — рэліквіярый благаслаўлёных айцоў пакутнікаў Ахілеса і Германа, якія загінулі ад рук фашысцкіх карнікаў у 1943 г. за сувязі з партызанамі Валожыншчыны. На рэліквіярыі адлюстраваныя паўфігуры пакутнікаў, якія падтрымліваюць крыж збаўлення, што сам Бог Айцец спаслаў ім з неба на аблачынцы. У пакутнікаў засяроджаныя і непахісныя абліччы. Яны духоўна падрыхтаваныя да любога выпрабавання і ахвяры ў імя хрысціянскіх ідэалаў. Знізу кампазіцыю дапаўняюць сімвалічныя пальмовыя галінкі — атрыбуты пакутнікаў і несмяротнасці, і надпіс на лацінскай мове — «Pax et bonum» («Мір і дабро»). Рэліквіярый, якому ў сучаснай скульптуры няма аналагаў, настолькі ўразіў святароў і вернікаў, што скульптара папрасілі выканаць яшчэ некалькі аўтарскіх варыянтаў гэтай кампазіцыі — цяпер яны знаходзяцца ў касцёлах Лодзі і Граёва ў Польшчы. Апрача таго, на прылягаючай да касцёла тэрыторыі Валерый Калясінскі усталяваў на вялікім гранітным пастаменце мемарыяльную шыльду з партрэтнымі выявамі благаслаўлёных Ахілеса і Германа. Падобная кампазіцыя была створана скульптарам і на месцы іх пакутніцкай смерці ў вёсцы Баравікоўшчына. Нарэшце пасля доўгага забыцця і нікчэмнага замоўчвання мясцовыя людзі і пілігрымы маюць магчымасць і месца, дзе можна памаліцца і пакласці кветкі ў памяць благаслаўлёных святароў у іх санктуарыі. Вельмі шмат працуе скульптар над вобразам незабыўнага кардынала Казіміра Свёнтка (1914–2011). Валерый Калясінскі шчыра захоплены яго непахіснаю воляю і моцаю духу, якія дапамаглі святару пераадолець усе выпрабаванні лёсу, які правёў яго праз сталінскі ГУЛАГ і рэпрэсіі. Скульптара прыцягвае вялікая духоўнасць кардынала Казіміра Свёнтка, які быў душою хрысціянскага адраджэння на Беларусі ў 1950-я — 1990-я гг. Ён добра ведаў гэтага выключнага пастыра, удзельнічаў у набажэнствах, якія праводзіў кардынал у Мінску. Так неўзабаве ўзнікла ідэя стварыць скульптурны вобраз сучаснага павадыра людзей, якія мкнуцца да духоўнага ачышчэння. Ужо ў 1996 годзе з’явіўся скульптурны праект, які паступова ўдасканальваецца і чакае сваёй рэалізацыі для пінскіх, пружанскіх або мінскіх святыняў. Вялікім духоўным аўтарытэтам для скульптара з’яўляецца таксама славуты мастак-адраджэнец культуры беларускага, польскага і літоўскага народаў Фердынанд Рушчыц (1870–1936). В. Калясінскі неаднойчы быў на месцы яго радавой сядзібы побач з вёскаю Багданава ў Валожынскім раёне, дзе засталіся руіны дома, у якім была майстэрня мастака, а на месцы старога саду — былыя калгасныя свінарнікі. Так руйнавалася і знявечвалася пасля вайны памяць пра вялікага творцу на яго радзіме ажно да пачатку 1990-х гадоў. Потым прыйшло разуменне прыналежнасці яго таленту да нашай айчыннай культуры, але ніяк не знойдуцца сродкі на мемарыяльнае аднаўленне памятнага месца, дзе мастак стварыў усе свае шэдэўры і жыў да канца сваіх дзён. В. Калясінскі вырашыў зрабіць мемарыяльны знак у выглядзе капліцы на тым месцы, дзе была сядзіба і творчая майстэрня мастака, але гэта патрабуе грунтоўнага ўпарадкавання ўсёй прылеглай тэрыторыі, клопатнага ўзгаднення ў самых розных інстанцыях. Таму скульптар пачаў з больш рэальных для асабістага выканання скульптурных частак агульнай задумы. У адноўленым багданаўскім касцёле святога Міхала, пабудаванага на падмурках знішчанай падчас вайны старой святыні, ён стварыў мемарыяльную шыльду ў памяць хросту Ф. Рушчыца ў гэтым храме. На двары касцёла плануецца стварыць унікальны памятны знак з рэльефнай шыльдай і ўсталяваць яго на тым месцы, з якога мастак у 1899 г. намаляваў свой выдатны сімвалічны пейзаж «Каля касцёла» (знаходзіцца ў экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь). Дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы нашчадкаў Рушчыца ў Варшаве шыльда ўжо выканана ў матэрыяле, і неўзабаве адбудзецца адкрыццё гэтага памятнага знаку. В. Калясінскі стварае свае скульптуры, рэльефныя памятныя знакі не толькі ў метале. Ён часта наладжвае пленэры скульптуры ў камні ў Івянцы, Ашмянах, Светлагорску. У 2011 годзе скульптар выканаў сімвалічную кампазіцыю «Вечны адпачынак дай ім, Пане...» на даваенных могілках у вёсцы Вялікія Эйсманты, што на Гродзеншчыне. Анёл, высечаны з граніту, сцеражэ духоўны спакой на могілках, каб памяць пра людзей хрысціянскай веры ніколі не згасала, каб могілкі з часам станавіліся гістарычнай нацыянальнай каштоўнасцю, мемарыялам памяці для духоўна выхаваных нашчадкаў, сведчаннем паважлівых адносінаў да нашых землякоў, родных і блізкіх. «Анёл» В. Калясінскага як бы заклікае да такіх адносінаў у нашым грамадстве, каб не заставалася болей, як было ў недалёкім бязбожным мінулым, пакінутых і занядбаных месцаў вечнага спачынку. Немагчыма не адзначыць і вялікі ўклад В. Калясінскага ў развіццё сучаснага медальерства. Ён паслядоўна і мэтанакіравана распрацоўвае юбілейныя манетападобныя жэтоны і медалі, прысвечаныя самым розным значным падзеям. Не толькі помнікі маюць магчымасць прыгадваць сучаснікам пра слаўнае былое, але і маленькія манеты і медалі, у якіх ёсць большыя шанцы захавацца ў розных калекцыях на працягу стагоддзяў і сведчыць перад будучыняй пра нашу жывую гістарычную памяць. Скульптарам ужо створана цэлая серыя такіх ювелірных кампазіцый, прысвечаных хрысціянству на Беларусі: манетападобны жэтон да 350-годдзя абраза Маці Божай Кангрэгацкай у Гродне, медаль у гонар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, нацельныя абразкі з выявамі Маці Божай Будслаўскай і Маці Божай Жыровіцкай. Яны служаць справе духоўнага прасвятлення, а таксама неаднойчы ўжо экспанаваліся на выставах, іх з вялікім задавальненнем набываюць у свае калекцыі нумізматы Беларусі, Расіі, Польшчы і іншых краінаў. Скульптар не абмяжоўваецца супрацоўніцтвам толькі з католікамі. Ён з задавальненнем адгукаецца і на праекты праваслаўнай канфесіі, бо з’яўляецца шчырым прыхільнікам еднасці ўсіх хрысціянаў. Пры ўездзе ў Пяршаі ім была створана ў 2001 годзе кампазіцыя з выяваю Маці Божай, паабапал якой усталяваныя высокія праваслаўны і каталіцкі крыжы. Кампазіцыя была асвечана святарамі гэтых канфесій. Яна нясе ў сабе добрую ідэю, пачэрпнутую з Евангелля, — «каб усе былі адно» (Ян 17, 22). В. Калясінскі выдатна разумее, што абраны ім творчы шлях не ўсланы ружамі. Яму даводзіцца шмат падарожнічаць, актыўна працаваць, каб годна ўзняць гістарычную і хрысціянскую тэматыку. Але ў гэтым і ёсць сапраўднае прызначэнне скульптара-наватара: служыць сваім талентам вялікай справе вяртання гістарычнай памяці. Ужо сёння яго шматгранная творчасць выклікае вялікае захапленне і прызнанне ў грамадстве. Няхай і надалей спрыяюць шчыраму майстру Божая ласка і дух стваральніцтва. Яўген Шунейка
|
|
|
|