Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(72)/2015
Год кансэкраванага жыцця
Паэзія

ВЕРШЫ

«КАБ ЗРАБІЛАСЯ СВЕТЛА…»
Літаратуразнаўства
Гісторыя хрысціянства
Прэзентацыя
Асобы
На кніжнай паліцы

КНІГА-ВІТРАЖ
Пазіцыя

«ГАЛАНТНЫЙ ВЕК»...
Мастацтва

СВЕДЧАННІ ЦУДАЎ
ПРАЗ ЗАСТУПНІЦТВА
СВЯТЫХ ЯЦКА І ВІТА

(з «Жыцця святога Яцка»,
напісанага Станіславам лектарам)

ХХХ. ЦУД АЗДАРАЎЛЕННЯ АД ГЛУХАТЫ
КАЛЯ ТРУНЫ СВЯТОГА ЯЦКА

Адна пані на імя Маргарэта з ваколіцаў Кракава пражыла ўдавою больш за дваццаць гадоў. Захварэўшы, яна цалкам аглухла так, што не магла чуць ні званоў, ні людзей, ні нават наймацнейшага грукату. І вось, прыйшоўшы да касцёла братоў прапаведнікаў у Кракаве, яна з вялікай пабожнасцю заклікала святога Яцка і святога Віта, біскупа з Ордэну прапаведнікаў, кажучы: «Святы Яцку і святы Віце, выбаўце мяне ад гэтай глухаты». І, падышоўшы да труны святога Яцка, пацалавала і прыклала да яго вушы. І калі яна гэта зрабіла, адразу ж пазбылася глухаты ды атрымала ласку чуць усё як найлепей. Пры гэтым цудзе былі і бачылі памянёную пані аздароўленаю: брат Багуслаў лектар, брат Геранім, пан Андрэй і Якуб ды многія іншыя вартыя даверу людзі. У год Пана 126940.

 

ХХХІІІ. ЦУД АЗДАРАЎЛЕННЯ ЎСЯГО ЦЕЛА

Адна шляхетная пані, дачка графа Сулькі, Кракаўскага кашталяна, жонка Скарбіміра, вельмі цяжка захварэла, так, што не магла ні есці, ні піць, ні гава­рыць. І калі лекары не спадзяваліся ўжо, што выжыве, бацька яе пан Сулька, Кракаўскі кашталян, заклікаў благаслаўлёнага Яцка і брата Віта, біскупа з Ордэну прапаведнікаў, кажучы: «О святы Яцку і святы Віце, прызвольце дапамагчы маёй дачцы, бо памірае, і я прывяду яе да вашай труны з найлепшай ахвяраю». І як толькі даў гэтае абяцанне, хворая бадзёрым голасам усклікнула: «Дзякую Богу майму і святым яго, благаслаўлёнаму Яцку і святому Віту, бо цяпер збаўленая я ад сваёй хваробы і небяспекі смерці. І адразу ж устала ўжо здаровая ды са сваім бацькам, памянёным панам Сулькам, і шматлікім початам з вялікай пашанаю падышла да труны святых Яцка і Віта і пабожна споўніла абяцанне, якое зрабіў бацька. Пры гэтым цудзе былі і сваімі вачыма бачылі: пан Сулька, Кракаўскі кашталян, яе бацька, шляхетныя Пётр і Андрэй, яе браты, пані Фларэнцыя і яе сястра Клемэнцыя. У год Пана 127141.

 

ХХХVI. ПРА НЕЗВЫЧАЙНЫ ДВАЙНЫ
ВОДАР ПРЫ МАГІЛЕ СВЯТЫХ ЯЦКА
І БІСКУПА ВІТА

Нейкі пан на імя Жэгота, які да таго часу быў свецкім святаром, натхнёны пабожнасцю, прыйшоў да касцёла братоў прапаведнікаў у Кракаве і, калі пабожна пацалаваў труну святога Яцка, затым святога Віта, адчуў дзівосны пах і такое тхненне найпрыемнейшага водару, якое не можа выказаць чалавечая мова. Уражаны гэтым водарам, ён, насуперак спа­дзяванням свету, уступіў у Ордэн Братоў Прапаведнікаў і служыў у ім, пахвальна ведучы святое жыццё. Пасля ён пад прысягою пацвердзіў, што чуў той пах ля памянёных трунаў. У год Пана 127442.

 

ХХХVIІІ. ПРА АЗДАРАЎЛЕННЕ
СМЯРОТНА ХВОРАГА ЮНАКА

Нейкі пан на імя Багуслаў з жонкаю, якую звалі Магдалена, мелі адзінага сына, якога звалі Віславам і які захварэў на такую цяжкую хваробу, што лекары не спадзяваліся, што будзе жыць. І калі ён быў пры смерці і ўжо канаў, пані Магдалена, ягоная маці, прасіла з малітваю, даючы абяцанні, святога Віта, біскупа з Ордэну прапаведнікаў, і святога Яцка, кажучы: «О святы Віце і святы Яцку, дазвольце дапамагчы майму сыну, які канае, і я прывяду яго да вашых магілаў са шчодраю ахвяраю». І як толькі яна дала сваё абяцанне, адразу ж хлопец гукнуў да яе, кажучы: «О найдаражэйшая маці, хутчэй ха­дзем да касцёла братоў прапаведнікаў у Кракаў, каб падзякаваць Богу за маё аздараўленне і яго святым, благаслаўлёнаму Яцку і святому Віту. Бо яны былі ля мяне ў дзівоснай славе, адзін з біскупскімі адзнакамі, а другі апрануты ў габіт братоў прапаведнікаў. Калі я канаў, яны сказалі мне: У імя Езуса Хрыста вылечваем цябе ад хваробы, на якую ты пакутуеш, устань, ідзі да нашых магілаў ды споўні абяцанне, якое дала за цябе твая маці». Тады памянёная пані Магдалена, маці аздароўленага, са сваім мужам, панам Багуславам, і многімі суродзічамі прыйшлі ў Кракаў з вёскі, якая па-народнаму называецца Палечніца, да братоў прапаведнікаў, дзе спачываюць целы згаданых святых, і ўрачыста прынеслі абяцаную ахвяру. Пры гэтым аздараўленні былі і сваімі вачыма бачылі ды пацвердзілі, прысягаючы перад [Бэнэдыктам] прыёрам, братам Геранімам, лектарам Багуславам: ужо згаданыя бацька і маці, пан Пэлка, ягоны брат, пан Яраслаў рыцар, пані Канстанцыя, пані Станіслава і многія вартыя даверу людзі. У год Пана 1280, на другі дзень пасля Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны43.

 

XLVII. ПРА АЗДАРАЎЛЕННЕ АД ХВАРОБЫ
НОГ ПРАЗ ЗАСТУПНІЦТВА СВЯТОГА ЯЦКА

Адна пані з шляхетнага роду, удава графа Тамаша з Брэзы на імя Дабраслава, дала пабожнае абяцанне пешкі наведаць святыню святога Станіслава і благаслаўлёных мужоў Яцка і Люмбучанскага (Lumbuzani) біскупа Віта з Ордэну Братоў Прапаведнікаў. І калі пусцілася ў дарогу і прыйшла ў вёску, якая называлася Модлінца, з некалькімі спадарожнікамі, упала духам і, не могучы больш ісці пачатым шляхам, наказала занесці сябе да мяжы гэтай вёскі; і, калі апынулася ў адзіноце, пачала са слязьмі і малітвамі прызываць благаслаўлёных мужоў, а менавіта брата Яцка і брата Віта, Любачанскага (Lubozanum) біскупа, кажучы: О святы Яцку і святы Віце, я паабяцала пешкі прыйсці да вашых грабоў, але цяпер зваліла мяне падагра і не магу выканаць маё абяцанне, таму малю, каб дазволілі прыйсці мне на дапамогу і выбавілі мяне ад хваробы ног. І молячыся так, чуваючы ў малітве, была змораная лёгкім сном. І вось дзве вялебныя постаці сталі пры ёй, адна апранутая ў габіт братоў прапаведнікаў, другая з біскупскімі адзнакамі, а за імі ішла следам шматлікая працэсія братоў, гучна ўсклікаючы: «У дзяржаве Пана голасна граюць арганы святых». Тады першыя два сказалі ёй: «Дабраслава, адданая Богу, устань і скончы пачаты шлях, і праз заслугі тых, якіх ты заклікала, якія тут з табою, убачыш, што ты аздароўленая». Ачнуўшыся, яна пачала гукаць: «Хутчэй, хутчэй хадзем у Кракаў да братоў прапаведнікаў, да магілаў святых брата Яцка і брата Віта, біскупа, бо толькі што яны былі ля мяне з мноствам братоў і выбавілі мяне ад найцяжэйшай хваробы ног». І тады, прыйшоўшы да магілаў святых брата Яцка і брата Віта, біскупа, яна склала падзяку Богу за поўнае аздараўленне ад хваробы. Засведчыла гэтае аздараўленне памянёная пані Дабраслава перад панам Жэготам, Кракаўскім кашталянам, панам Пятром, панічамі Грыміславам і Фларыянам, пані Канстанцыяй, яе сястрою, паннаю Маргарэтаю, братам Клемэнсам, кракаўскім лектарам, і многімі іншымі, вартымі даверу, людзьмі. У год Пана 1289, у дзень святога Бэрнарда абата44.

Пераклаў з лаціны Алесь Жлутка.

Паводле: Stanislauslector.
De vita et miraculis sancti
Iacchonis ... auctore
Stanislao lectore Cracoviensi //
MPH. T. 4. Lwów, 1884.

Гл. таксама:
Юлія ШЭДЗЬКО :: КАРОТКІ НАРЫС ПРА ПАЧАТАК ІСНАВАННЯ ДАМІНІКАНСКАГА ОРДЭНУ ::
Валеры БУЙВАЛ :: ШЛЯХАМІ СВЯТОГА ДАМІНІКА ::
Раіса ЗЯНЮК :: ОРДЭН ПРАПАВЕДНІКАЎ НА ЗЕМЛЯХ БЕЛАРУСІ ::
Алесь ЖЛУТКА :: БЛАГАСЛАЎЛЁНЫ ВІТ — ПЕРШЫ БІСКУП ЛІТВЫ-БЕЛАРУСІ: ПРАЗ ЦЕРНІ ДА СВЯТАСЦІ ::
Марэк МІЛАВІЦКІ OP :: ДЗЕЛЯ ЗАХАВАННЯ ГІСТАРЫЧНАЙ СПАДЧЫНЫ ::
Юлія ШЭДЗЬКО :: «ВЫХОДЗІЦЬ НАСУСТРАЧ...» ::


  1. Stanislaus lector. De vita et miraculis... P. 875.
  2. Ibidem. P. 877.
  3. Ibidem. P. 879.
  4. Ibidem. P. 881.
  5. Ibidem. P. 888.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY