|
|
|
№
2(72)/2015
Год кансэкраванага жыцця
Паэзія
Літаратуразнаўства
Гісторыя хрысціянства
Уладзімір КАРОТКІ,
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ ХРЫСЦІЯНІЗАЦЫЯ БЕЛАРУСІ: ВЕРСІІ, ГІПОТЭЗЫ, СВЕДЧАННІ Ў ПОМНІКАХ СТАРАЖЫТНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ Прэзентацыя
Асобы
На кніжнай паліцы
Пазіцыя
Мастацтва
|
Міхась СКОБЛА
З РАБРА БЕЛАРУСКАЙ ВЯРБЫ
Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш
У юбілейным 2010-м, калі адзначаліся 100-я ўгодкі Ларысы Геніюш, у мінскай сядзібе ТБМ імя Францішка Скарыны прайшла вечарына памяці паэткі. Адметная яна была тым, што прысутныя на вечарыне вядомыя людзі (пісьменнікі, мастакі, гісторыкі) чыталі не вядомыя, не публікаваныя раней геніюшаўскія вершы. Выцягнутыя незадоўга перад гэтым са шматгадовай архіўнай цішы, яны «першапублікаваліся» галасамі, прыходзілі ў свет духам, а не літарай. Вершаў пятнаццаць тады прагучала — пазней чытачы сустрэліся з імі на старонках геніюшаўскага двухтамовіка, з якім паспела да юбілею выдавецтва «Лімарыус». Пасля імпрэзы я папрасіў удзельнікаў проста на аркушах з вершамі запісаць свае ўражанні пра толькі што прачытаны твор ці кароткую подумку пра яго аўтарку. У паслявечарыннай гамане і мітусні не ўсе здолелі выканаць просьбу, але напісанае — засталося. Экспромты, вядома ж. Але хіба тэкст, занатаваны похапкам, саступае па шчырасці напісанаму пасля працяглых разважанняў? Хутчэй наадварот. Зрэшты, у кожнага творцы свае спавядальні, і лепш туды без пільнай патрэбы не лезці… Памятаю, з якім хваляваннем на той вечарыне чытаў верш «Хрыстос васкрос, і свет прачнуўся…» мастак Аляксей Марачкін. Імпрэза адбывалася акурат на Звеставаннне, і гэта стварала адпаведны ўзнёслы настрой у цеснаватай зале. А пад вершам чытальнік напісаў: «Ларыса Геніюш — наша Жанна д’Арк. Яна патрабавала ад нас, сваіх сяброў, быць свабоднымі. Яна жывіла нас энергетыкай супраціву, каб мы супрацьстаялі цемры, падману і здрадніцтву. Яна і сёння ў Беларусі самая актуальная паэтка». Паэта Сяргея Законнікава пасля прачытання верша «Пяро маё, цяжкое ад адчаю…» перапаўнялі непадробныя сыноўскія пачуцці: «Ларыса Антонаўна, як матуля, бараніла нас, беларусаў. Бараніла сваёй пяшчотай, ласкай, любоўю, бараніла мужнасцю, сумленнай смеласцю, бясстрашнай паэзіяй. Так можа толькі мама, матулечка, маці!». Гісторык Міхась Чарняўскі выбраў для чытання верш на гістарычную тэму: «Топчуцца коні тэўтонаў па землях адвечных прусаў…» Хоць якія там тэўтоны з прусамі — алегорыя верша відавочная, таму і не аддавала яго аўтарка ў друк, таму і праляжаў ён у архіве амаль паўстагоддзя. Блізкі сябра паэткі і публікатар яе знакамітай «Споведзі» на палях верша напісаў коратка і ясна: «Да спасціжэння Ларысы Геніюш нам яшчэ ісці ды ісці. Дойдзем да Геніюш — дойдзем да Беларусі». Паэт Васіль Зуёнак агучыў на вечарыне верш «Лёг світаннем на стол позні ранак барвовы…», а водгук свой разгарнуў у цэлае міні-эсэ, згадаўшы другую, таксама доўгія гады апальную, паэтку: «Калі б вы зналі…» — споведна прызналася аднойчы Ганна Ахматава. І кожны раз, калі я кранаюся душой паэтычных радкоў Ларысы Геніюш, хочацца ўсклікнуць таксама: «Калі б вы зналі, з чаго нараджаліся яе вершы!». Яна сама расказала аб гэтым у сваёй вялікай — перад Богам і людзьмі — «Споведзі». І расказалі аб тым, расказваюць і расказваць будуць сведкі гэтай споведзі — вершы. Няйначай сам лёс дыктаваў радкі непакоры паэтычнай музе Ларысы Геніюш. Яны абедзве — і Геніюш, і Ахматава — ніколі духам сваім не былі вязнямі. Яны паўставалі трыумфатарамі, пераможцамі над светам цемрашалаў і катаў». Чатыры водгукі (а можна было б прывесці і больш) — і ў кожным удзячнасць чытача, суайчынніка, нашчадка. Зборнік «Духу магутныя чары…» так і можна было б назваць: кніга людской удзячнасці, бо менавіта ўдзячнасці ў ёй найбольш — і ў пасмяротных успамінах, і ў прыжыццёвых лістах. Успаміны Рыгора Барадуліна, Адама Мальдзіса, Масея Сяднёва, Паўліны Мядзёлкі, Міхася Чарняўскага, Вольгі Іпатавай, Зянона Пазняка, Аляксея Марачкіна, Дануты Бічэль, Уладзіміра Арлова ўжо друкаваліся ў першым у Беларусі «персанальным» біяграфічным альманаху «Асоба і час» (№3), а чатырнаццаць аўтараў занатавалі свае згадкі адмыслова для новай кнігі. Сярод іх вільнянка Леакадзія Шышэя (была з Ларысай Геніюш у адным лагеры ў Комі АССР), зальвянка Яніна Шматко (запісала галасы зэльвенскіх знаёмых паэткі), мастак Уладзімір Басалыга (аздабляў зборнік паэткі «Невадам з Нёмана»)…
У лістах у Зэльву (іх у кнізе 49) — таксама ўдзячнасць. Львавянка Аксана Сенатовіч сярод іншага дзякавала беларускай паэтцы за «спогады» аб пражскіх украінцах, былы гулагавец Мікола Канаш — за вершы, што дапамагалі выжыць на «беласмертнай поўначы», поўны сваіх вялікіх задумаў трыццаціпяцігадовы Уладзімір Караткевіч — за цяпло і беларускі дух зэльвенскай хаты, дзе ён «моцна адагрэўся душою». Бываючы ў Зэльве, стараюся і я не мінаць тае хаты — на былой Царкоўнай вуліцы, сённяшняй Савецкай, у будучыні (хочацца спадзявацца!) — імя Ларысы Геніюш. Збудаваная ў далёкім 1895 годзе, яе хата цудам ацалела ў міжваенным пажары, выстаяла пад бомбамі Другой сусветнай, каб улетку 1956-га прытуліць Ларысу Антонаўну і Івана Пятровіча, якія вярнуліся з савецкай няволі. За сто дваццаць гадоў неаднойчы перабудаваная, яна і да гэтай пары ўсё тоіць у сабе патаемны дух даўніны і, здаецца, гатовая адгукнуцца на покліч сваёй былой гаспадыні: «О сям’я Генюшоў, благаслаўлёная хата!». Ці не ўсе аўтары кнігі «Духу магутныя чары…» пабывалі ў той «благаслаўлёнай» хаціне. З яе згаданы ўжо Міхась Чарняўскі выносіў пад покрывам ночы рукапіс «Споведзі» і дзеля засцярогі ад чужых вачэй даваў кругаля праз стары мост над Зальвянкай і зарэчны лес. З той хаты ў 1971 годзе Васіль Быкаў вывез яшчэ адзін смелы па тым часе тэкст, прачытаўшы які, можна было падумаць, што ў ціхамірнай Зэльве выспявае антысавецкае паўстанне, падбухторшчыкамі якога выступаюць… намеснік рэдактара мясцовай газеты і дэпутатка пасялковага савета, якія (так, прынамсі, выглядала) паставілі свае подпісы пад артыкулам, дзе крытыкавалася нацыянальная палітыка ЦК КПБ. Той напісаны, як падаецца, самой Ларысай Геніюш артыкул пад назвай «Ці наступіць гэты доўгачаканы рашучы паварот?» (ён змешчаны ў раздзеле «Dubia») Быкаў тады ж, падалей ад ліхіх вачэй, перадаў на захаванне Нілу Гілевічу, а народны паэт (праз сорак з гакам гадоў!) уручыў мне для публікацыі.
Адзін з карэспандэнтаў паэткі, мовазнавец Фёдар Янкоўскі, успамінаў, як у правінцыйнай кнігарні набыў адразу 11 кніг «На чабары настоена» і пасля з радасцю дарыў іх сябрам. Быў распаўсюднікам Слова Ларысы Геніюш!.. Відаць, не памылюся, калі скажу, што і ўсе аўтары кнігі «Духу магутныя чары…», каму пашчасціла пры жыцці ведаць паэтку (а іх ажно 64!), таксама неслі ў беларускі свет тое духаўздымнае Слова. А часам і цярпелі за яго, рызыкавалі за яго сваёй свабодай ці кавалкам хлеба, цярпліва перахоўвалі да лепшых часоў. І тут ужо сваю ўдзячнасць мусім выказаць ім мы — чытачы гэтай кнігі. Сярод архіўных знаходак, якія трапілі ў кнігу, не выпадае абмінуць увагай перапіску Ларысы Геніюш з Канстанцінам Езавітавым. Датуецца яна 1943 годам, калі паэтка ўжо была аўтаркай вядомай сярод беларусаў на чужыне кнігі «Ад родных ніў». Энергічны Езавітаў адным з першых ацаніў талент Геніюш, настойліва рэкамендаваў яе вершы кампазітару Аляксею Туранкову, раіў паэтцы засесці за напісанне гістарычнай паэмы, распаўсюджваў, дзе толькі мог, немалы наклад кнігі (найперш рупіўся, каб як мага больш асобнікаў трапіла ў беларускія школы). А адзін з лістоў закончыў шчырым сяброўскім заклікам: «На той зямлі, дзе мы праводзілі першую баразну, зараз Вы мусіце сеяць. Сейце, мая даражэнькая, сейце лепшае, што знойдзецца ў Вашым сэрцы. Сейце зярняткі ўсхожыя, каб зарунела і закаласавала як найхутчэй, як найбуйней!». На жаль, час для сяўбы быў неспрыяльны. Усяго праз два гады савецкія спецслужбы схопяць Езавітава і вывезуць у Мінск, дзе ён і загіне ў турэмных засценках. Тады ж пачнецца паляванне і на Ларысу Геніюш, якую ўрэшце не абароніць і спехам прынятае чэхаславацкае грамадзянства...
Чытаеш кнігу «Духу магутныя чары…» і міжволі прыгадваецца апавяданне Янкі Брыля «Цуды ў хаціне», бо і ў зэльвенскай хаце адбываліся цуды. І найпершы з іх — цуд пасвячэння ў беларусы, калі наведнік пасля гутаркі з Ларысай Антонаўнай выходзіў на вуліцу чалавекам іншай якасці. А хіба не цуд тое нацыянальнае яднанне, якое здаралася на Геніюшавых шматлюдных днях народзінаў, ці той факт, што аднойчы пасля пабыўкі ў Зэльве гісторык Мікола Ермаловіч пачаў пісаць вершы? Таленавіты са школьнай лаўкі Алесь Разанаў пісаў іх і раней, але сустрэчу з Геніюш таксама запомніў на ўсё жыццё — энергетыка яе была настолькі адчувальнай, што ён мусіў перапыніць размову. Сучасныя парапсіхолагі, магчыма, вытлумачаць гэта фенаменальным біяполем ці чымсьці яшчэ, але нас у дадзеным выпадку цікавіць найперш сама з’ява. Феномену Ларысы Геніюш, яго паходжанню і станаўленню прысвечана ўжо нямала розных тэкстаў, у будучай Беларусі ім, магчыма, зацікавяцца новыя пакаленні даследчыкаў, якія зададуцца гарэцкаўскім пытаннем — што яно? І сапраўды, усё з нечага ўзнікае, усё ў нешта вытлумачальна пераходзіць: смала-жывіца — у каштоўны бурштын, пясчынка на дне марскім — у бліскучую перліну, жоўты пясочак — у празрыстае шкло… У чалавека, як істоты адушаўлёнай, паходжанне больш складанае, якое самае разгалістае радаводнае дрэва не ахопіць. Як не здолее прадпісаць самы ганаровы гербоўнік ступень годнасці для паэта. Вось які «радавод» — па мячы і па кудзелі — вызначыла сама для сябе Ларыса Геніюш:
З гліны Бог стварыў першачалавека Адама, з ягонага рабра — Еву. У радках паэткі біблійная гісторыя перамяшалася з канкрэтна-быццёвай, гліна месапатамская — з глінай беларускай, прынямонская вярба перагукнулася з лацінскім verba (слова). Дарэчы, вярба, паводле падлікаў даследчыкаў, часцей за іншыя дрэвы згадваецца ў беларускай паэзіі. Самае непераборлівае і жыццёваўстойлівае дрэва — дзе ў зямлю ні ўткнеш, там і вырасце. Вярба, што аддала сваё «рабро» для містычнага акту паэтатварэння, і сёння паўсюдна расце на Зэльвеншчыне. Яна прарасла ўжо і ў свет святочна-сакральны, хто ж не ведае прыказкі-прыпеўкі: «Не я б’ю — вярба б’е, праз тыдзень — Вялікдзень…»
У сувязі з гэтым як не прыгадаць і гісторыю будзённа-празаічную. Гады два таму папрасіла мяне маці прыехаць і пасекчы на дровы спілаваныя дарожнікамі ўзбоч вясновай вясковай вуліцы вербы. Цэлае лета прыехаць не выпадала, а пад самую восень падышоў я з сякерай да курганка напілаваных калодак і — сумеўся. Даўжынёй усяго па локцю, бязлітасна і канчаткова адарваныя ад пажыўнай зямлі, яны павыганялі да сонца метровыя парасткі! Толькі сваёй унутранай сілай! Тыя парасткі, што так праглі ўкараніцца ў родную зямлю, я тады перасадзіў з дрывотніка на азёрны бераг. Як яны там пайшлі ў рост — на вачах проста! Надзвычай чуйная латышка Візма Бэлшавіца пісала: «Я чую, як расце трава», а мне хацелася засведчыць, што бачу, як расце вярба... Паэзія — не скіданае ў стажкі бібліятэк шматкніжжа, не выпадковы збор рыфмаў, эпітэтаў і метафар. У ёй закадаваныя сэнсы, да якіх людзі мусяць прыслухоўвацца і прыглядацца. Беларуская паэзія падае нам вярба-льны знак. І знак гэты адназначна вітальны — мы мусім выжыць, мы павінны расці — сілкуючыся з роднай зямлі ці (на крайні выпадак) толькі з назапашаных аўтаномных рэсурсаў. Як тая непераборлівая вярба, што расце на голых сухадолах, пры балоце-чароце ці на гліне пры даліне. Расце, каб нехта з паэтаў і ў наступных стагоддзях наўслед за Ларысай Геніюш мог сказаць: «я з рабра беларускай вярбы». І будуць вербы шумець каля грэблі, і пад вярбой Алена мыцьме ручнікі, і на перадвелікодную Вербніцу нас — так небалюча-ласкава — будзе біць тая вярба… Жыццялюбна-неўміручая, як і яе спаконвечны сузямельнік — беларускі народ. Міхась СКОБЛА
|
|
|
|