 |
|
* * *
Нас двое на свеце:
Паэт і чытач.
Як родныя дзеці,
І смех наш і плач.
І хто з нас падсудны,
І хто з нас суддзя, —
Не ўсочыць аблудны
Крытычны бадзяк.
А што ўзварушылі
Жыццю напаказ
Святыя вышыні —
То толькі для нас.
Ніхто тут чынамі
Таптацца не змог.
І трэці між намі
Адзін толькі Бог.
|
|
ЧЫТАЮЧЫ КНІГУ КНІГ
А ўсё-ткі Біблія — і ў святасці — тварэнне
Такое чалавечае, зямное —
Усё тут дзеецца пад нашым сутарэннем:
Ад жменькі гліны да каўчэга Ноя;
Ад грэшнай Евы да сляпца Адама,
Што побач жыў, а райскага не бачыў!..
Усё: ягнятка з Божымі слядамі
І ўрок тысячагоддзяў — грэх свінячы;
Будынак камунізму ў Вавілоне,
Што меркаваўся дублікатам раю;
І каласкі — як на калгасным полі
Мы ў час галодны — дбайна Рут збірае;
І тупае з Хрыстом-яздоўцам вослік,
І п’юць віно, і ў закусі — масліны;
Звяроў, кузюрак, птушак шматгалоссе,
Сухмень і дождж на горы і даліны... —
Зямное ўсё ў біблейскіх зімах-летах,
Усё пакрою і шыцця зямнога...
Дык што — сусвет канчаецца на гэтым?..
Спытайцеся, смяротныя, у Бога.
|
|
* * *
Закон фізічны на зямлі — падзенні,
Палёты — супрацьлегласці закон.
Супрацьстаяння гэтага саўдзельнік —
Я стаўлю, як гулец, жыццё на кон.
Не знаю: перамога ці параза
Мяне чакае сёння на крыжы.
Калі б вядома ўсё было — адразу
І лётаць расхацелася б, і жыць.
|
|
* * *
Слоў не штукуй, каб памаліцца,
З літанняў не чакай высноў
Зямных, імгненных, — прытуліцца
Да Боскай ласкі шмат шляхоў,
Абы душой не памыліцца:
Бог чуе ўсё без лішніх слоў.
|
|
БІБЛЕЙСКІ МАТЫЎ
Натхнёна песняй цар Давід маліўся,
Кахаў жанчын, мячом красаў грамы…
Чытаю запаветныя псальмы —
І сам сабе пытаннем аб’явіўся:
Няўжо пракляцце вершыцца над светам
І назаўсёды тыя дні прайшлі,
Калі цары паэтамі былі
І царавалі на зямлі паэты?..
|
|
* * *
— Божа! Якую б музыку я тварыў!
Якія ў душы маёй моўкнуць сугуччы…
Чаму ж Ты мне дзверы ў той свет не адкрыў?..
…Музыка, як без яе мне балюча…
— О не, Мой сыне, я дар табе даў,
Каб ты беларускім словам пакутваў
І вечна ішоў па Маіх слядах:
Вольны — і ў безвыходнасць закуты…
|
|
КВЕТКІ
Добрай вясны вам, людзі, —
Сонечнай, юнай, квяцістай.
Вясну за кветкі не судзяць:
Кветкі з душою чыстай.
Добрага лета вам, людзі!
У сонечнай абалонцы
Лета з кветкамі будзе:
Кветкі — равесніцы сонца.
Добрай вам восені, людзі, —
Хоць восень маўчыць аб гэтым,
Але вясна не забудзе,
Што ў яве пладоў — смерць кветак.
Добрай зімы вам, людзі:
Снежнай, марознай, завейнай, —
Кветкі ў душы не астудзіць
Зіма — і вясну не заменіць.
|
|
 |