|
|
|
№
2(72)/2015
Год кансэкраванага жыцця
Паэзія
Літаратуразнаўства
Гісторыя хрысціянства
Уладзімір КАРОТКІ,
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ ХРЫСЦІЯНІЗАЦЫЯ БЕЛАРУСІ: ВЕРСІІ, ГІПОТЭЗЫ, СВЕДЧАННІ Ў ПОМНІКАХ СТАРАЖЫТНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ Прэзентацыя
Асобы
На кніжнай паліцы
Пазіцыя
Мастацтва
|
Калі я раптам чую «будзьце як дзеці», у маім уяўленні ўзнікае знаёмы з юнацкіх гадоў вобраз Маленькага прынца з аднайменнага твора рамантычна-загадкавага, блізкага і далёкага Антуана дэ Сэнт-Экзюперы. Яго «Планета людзей» (у сіняй, як неба, ці жоўтай, як пясок у пустыні, вокладцы), выдадзеная ў «Мастацкай літаратуры» ў 1976 годзе, была амаль у кожнай хатняй бібліятэчцы. Найбольш чыталі менавіта «Маленькага прынца» (1943 г.), але слова «прыпавесць» у дачыненні да гэтай мудрай, шчымліва-светлай казкі амаль не згадвалася: сапраўды, «дзіўны народ — гэтыя дарослыя»; дробязі здаюцца ім важнымі, а галоўнага яны не бачаць. Замест таго каб упрыгожваць свой дом, узрошчваць свой сад і сваю планету, яны вядуць войны, муштруюць іншых людзей, цешацца ўсялякаю мішурою і «абражаюць сваёю мітуснёю і прагнасцю прыгажосць захадаў і ўсходаў»… Я пераказала гэтыя думкі Маленькага прынца адвольна, бо добра памятаю яго мілыя развагі, якія дагэтуль (відаць, не толькі ў мяне) выклікаюць сумную ўсмешку, бо нічога ў людзях не змяняецца. Дарэчы, пра ўсмешку… Экзюперы лічыў яе простым штодзённым цудам, здольным аб’ядноўваць усіх людзей, а часам і выратоўваць. Аднойчы яна выратавала і яго: прыехаўшы ў Мадрыд як карэспандэнт парыжскіх газет, ён быў выпадкова затрыманы рэспубліканскімі патрульнымі, якія не ведалі французскай мовы (яго маглі расстраляць), і тады пісьменнік, усміхнуўшыся, жэстам папрасіў у канваіра цыгарэту. Канваір у адказ таксама ўсміхнуўся. «Гэта было, як світанак», — напіша Экзюперы ў «Пасланні да заложніка» (1943 г.).
Ён нарадзіўся 29 чэрвеня 1900 года ў Ліёне і, як многія дзеці са статусных каталіцкіх сем’яў, выхоўваўся ў каледжы Нотр-Дам дэ Сэнт-Круа пад пільным вокам айцоў езуітаў. Вучыўся сярэдне і паводзіў сябе далёка не прыкладна, але з маленства складаў вершы, добра маляваў, любіў тэхніку. Быў шумным, непаседлівым, але мог доўга маўкліва глядзець на агонь (вобраз агню часты ў яго творчасці). Дзяцінства было шчаслівым, амаль казачным, а праходзіла яно ў таямнічым бабуліным замку, куды маці Антуана — мастачка Марыя дэ Фанскаломб — перабралася з пяццю дзецьмі пасля смерці мужа. Казкі расказвала і маці, і гувернантка Паўла, якая паходзіла з Ціроля — дзівоснай краіны лясоў і гор. Дзеці любілі і замак (асабліва гарышча), і парк каля яго, і нават свае сонна-салодкія хваробы, бо яны давалі большае права на бязмежны акіян матчынай любові. Маці, схіляючыся над ложкамі сваіх анёлаў, разгладжвала ласкавымі рукамі ўсе «хвалі і складкі», адганяючы ўсялякія цені. «Вы, — пісаў Антуан Экзюперы ў адным з лістоў да маці, — супакойвалі нашы ложкі, як Божая рука супакойвала хвалі на моры». Дзіцячае пачуццё абароненасці матчынай цеплынёю, утульнасцю ўсяго дома, дзе нават камін гудзеў ноччу, нібы добры чмель, пераконвалі хлопчыка ў абсалютнай бяспецы ўсяго свету, і можа таму ён нічога не баяўся. «Адкуль я? Я з майго дзяцінства, быццам з нейкай краіны», — пісаў Экзюперы ў «Ваенным лётчыку».
Але фармаванне душы, як вядома, часта суправаджаецца болем — у юнацтве ён здаецца асабліва невыносным, і памяць пра яго звычайна застаецца на ўсё жыццё. Калі Антуану было 17 гадоў, ад рэўматоіднага кардыту памёр яго 15-гадовы брат Франсуа. Дзеці ў сям’і Экзюперы выхоўваліся паводле хрысціянскіх запаведзяў — прычым вера не выказвалася ў марных словах, а была часткаю глыбокага ўнутранага жыцця кожнага. Менавіта вера стрымлівала дзяцей ад лішніх пытанняў, змушаючы самастойна задумвацца над жыццёвымі супярэчнасцямі. Калі Бог такі добры, то чаму павінен памерці 15-гадовы хлопчык? Магчыма, з гэтага пытання пачыналася пастаянная ўнутраная работа ў душы Антуана, які стаў задуменным і маўклівым. Пазней ён з горыччу скажа: «Варта толькі падрасці, як міласэрны Бог пакідае вас на волю лёсу»… Дарэчы, у каледжы за звычку Антуана глядзець у неба і яго задуменнасць сябры далі яму мянушку «Лунацік», што вельмі яго злавала — ён усё жыццё быў рассеяным (мог не зачыніць кабіну ў самалёце!), але быў смелым, таварыскім, вясёлым, справядлівым, шчодрым. У 1919 годзе на экзаменах у ваенна-марскую вучэльню Тоніо (так звалі яго ў сям’і) «зрэжацца» ... на сачыненні: ён атрымае самы нізкі бал з-за прынцыповага нежадання раскрыць прапанаваную тэму ў фальшыва-патрыятычным стылі. І ён стаў… студэнтам архітэктурнага аддзялення Парыжскай акадэміі мастацтваў, але хутка зразумеў, што яго пакліканне — авіяцыя, і першае яго апавяданне мела запаветную назву «Лётчык». Тады яму было 26 гадоў, і ў гэтыя дзве стыхіі — неба і творчасць — ён увайшоў амаль адначасова.
Будучы вельмі моцна прывязаным да неба і літаратуры, ён яшчэ мацней, як дзіця, быў усё жыццё прывязаны да маці, і з узростам гэтая прывязанасць (пяшчота!) узрастала. Маці была для яго першым дарадцам і крытыкам — сапраўдным сябрам. Лісты да маці ахопліваюць найбольшую частку жыцця Экзюперы — з яго 17-ці гадоў, калі ён паступаў у ваенна-марскую вучэльню, і да 1944 года. Апошні ліст яна атрымала пасля яго гібелі, у 1945 годзе. Лісты пачынаюцца двума нязменнымі зваротамі: «Дарагая мама!», «Мамачка!» і заканчваюцца подпісамі-запэўніваннямі: «Ваш пачцівы сын Антуан», «Ваш вялікі сын Антуан», «Любячы Вас сын Антуан». Гэта — лісты-аповеды і споведзі, юнацка-мужчынскія справаздачы і просьбы (у тым ліку — у юнацтве — цукерак і шнуркоў для чаравікаў). Матчына любоў сілкавала Экзюперы, вучыла ахвярнасці і шчодрасці і, як у маленстве, давала пачуццё абароненасці. «Вы — лепшае, што ёсць у мяне ў жыцці, — піша Экзюперы ў адным з ранніх лістоў. — Сёння я, як хлопчык, сумую па дому <...>. Вы — адзінае суцяшэнне, калі мне становіцца сумна. <...> З Вамі я быў у бяспецы, я належаў толькі Вам, і гэта было так хораша. Вось і цяпер усё гэтак жа. Толькі Вы — абарона, толькі Вы ўсё ведаеце і можаце суцешыць мяне, так ці інакш я ўсё роўна адчуваю сябе зусім маленькім хлопчыкам. Да пабачэння, мама. У мяне працы — вышэй за галаву. Тут, як і ў Сэн-Морысе, квакаюць жабкі, але яны тут квакаюць значна горш!..» Жабкі — гэта вельмі важныя «персанажы», бо хто ж першы палохае і здзіўляе дзіця, калі яно робіць (таксама першыя) крокі па зялёнай траве?.. Яны ўсё жыццё побач з намі — усмешлівыя, лупатыя і трошкі страшныя, асабліва калі не квакаюць, а ўпарта-няўцямна разглядаюць цябе, падскокваючы да самых ножак… Экзюперы вельмі часта з замілаваннем згадвае ў лістах да маці шчаслівае дзяцінства і нават прызнаецца: «Я не вельмі ўпэўнены, што жыў пасля таго, як прайшло дзяцінства…» Між тым яго жыццё было заўсёды вельмі напоўненым. І шчасцем — таксама. Ён быў шчаслівы ў небе, у нядоўгім каханні і ў доўгім, верным, сапраўдным мужчынскім сяброўстве (зрэшты, ён прыгожа сябраваў і з жанчынаю — Рэнэ дэ Сассін, аб чым сведчаць яго лісты (1923–1930 гг.).
Калі чытаеш гэтыя лісты і кніжкі ў часавай паслядоўнасці, з радасцю і лёгкім сумам бачыш, адчуваеш, разумееш, як дзіця, хлопчык, юнак вырастае ў мудрага мужчыну. Праўда, лісты пішуцца радзей, і ўжо не пра ўсё расказваецца, маўляў, штодзённае жыццё такое нязначнае, аднастайнае, а пра ўнутранае жыццё гаварыць цяжка — «стрымлівае нейкае пачуццё сарамлівасці». «А між тым, — піша Антуан маці, — Вы не можаце сабе ўявіць, наколькі гэта ўнутранае жыццё — адзінае, што мае для мяне значэнне. У ім адбываецца пераацэнка ўсіх каштоўнасцяў і нават у тым, што тычыцца думак пра іншых. Мне ўсё роўна, што нехта «добры», таму што яго вельмі лёгка чымсьці крануць. Мяне — такога, якім я ёсць, — трэба шукаць у тым, што я пішу, — гэта добрасумленна вывераны і асэнсаваны вынік усяго, што я думаю і бачу. <...> Я, мама, хутчэй жорсткі ў адносінах да сябе самога і маю права не прымаць у іншых тое, што не прымаю і выпраўляю ў самім сабе. <...> Трэба прабачыць мне, што я не ўвесь на паверхні, а глыбока ўнутры. Я такі, якім магу быць, і гэта часам нават цяжкавата. Вельмі мала людзей, з якімі я па-сапраўднаму шчыры і якія хоць на кропельку ведаюць мяне. Вы сапраўды адзіная, каму я больш за ўсіх даю ўсяго сябе <...>, таму што было б поўнай адсутнасцю годнасці прапаноўваць сябе кожнаму…» Як ніхто з пісьменнікаў, Экзюперы ў сваіх кнігах і лістах раскрыў сваю душу ў паслядоўнасці яе духоўнага ўзрастання і яе напаўнення. Няма сумнення ў тым, што ён быў не проста веруючым чалавекам, а сапраўды глыбока веруючым, але звычка жыць «не на паверхні», а «глыбока ўнутры», напэўна, не дазваляла яму шмат гаварыць і пісаць пра гэта. Нездарма ж лічыцца, што самыя інтымныя стасункі чалавека — гэта стасункі з Богам. Прысутнасць Божая, жыццё ў Яго прысутнасці і ў лістах, і ў кнігах пісьменніка больш чытаюцца па-за тэкстам і ў метафарычнасці тэксту. Будучы ліцэістам, Экзюперы захоплена піша маці пра дзівосна прыгожыя старонкі Бібліі: «…які цуд, якая простасць, якая веліч стылю і часта — якая паэзія запаведзяў <...> шэдэўры заканадаўчай думкі і здаровага сэнсу. Усе законы маралі ўражваюць сваёй прадуманасцю і прыгажосцю: гэта цудоўна» (Парыж, ліцэй Сэн-Луі, 1918 год). У больш сталым узросце ён піша пра тое, што ў яго цяпер так мала патрэбаў, што, здаецца, ён мог бы жыць у кляштары. Вядома, у гэтым ёсць яго своеасаблівая іронія лётчыка, які не раз адчуваў сваю адзіноту ў небе ці ў пустыні, куды выляталі яго крылатыя машыны. Магчыма, ён так любіў і неба, і пустыню, і адзіноту, што сярод зорак і камянёў адчуваў дыханне Створцы і ўсёй планеты і асабліва востра ўсведамляў, наколькі моцныя повязі кожнага чалавека з усім чалавецтвам, і ўсе людзі ў свеце — як адзіная Божая тканка. З’яўленне Маленькага прынца ў пустыні перад лётчыкам, які пацярпеў аварыю, — гэта знакава-сімвалічнае нагадванне даросламу чалавеку пра яго «ўнутраную радзіму», пра яго дзяцінства, а знікненне Маленькага прынца — гэта трагедыя дарослага, у душы якога гіне дзіця. Між тым сцэна смерці Маленькага прынца пры ўсёй яе казачнасці была напісаная Экзюперы пад уплывам уласнага досведу: пасля аварыі ў Лівійскай пустыні ён расказваў у лісце свайму сябру пра тое, што адчуваў, паміраючы ад прагі ў пясках. Тады яму здалося, што каля яго з’явілася высокая маўклівая Дзева. «Яна напаіла мяне, Яна праліла ў маю душу бязмежны спакой разам з малаком зорак. Я быў ахоплены невымоўным бязмерным шчасцем і не спадзяваўся дажыць да раніцы <...> У мой апошні час Яна накрыла мяне агромністым аксамітным покрывам…» Магчыма, так у яго свядомасці зліваліся ў той момант вобразы зямной маці і Божай Маці… А знайшлі яго тады ў пясках — арабы…
Калі пачалася Другая сусветная вайна, ён быў мабілізаваны і ўжо 4 верасня 1939 года прыбыў на ваенны аэрадром у Тулузу, у сваю часць. Але дактары прызналі яго не прыдатным для службы ў ваеннай авіяцыі — і па ўзросце, і па стане здароўя. Яму было 39 гадоў, аднак пасля некалькіх аварый (першая — у 1923 годзе, з праломам чэрапа) ён з цяжкасцю ўціскваў сваё амаль двухметровае цела ў самалёт і нават лётны камбінезон нацягваў з дапамогаю сяброў. Але ён перамог і сваё цела, і медыцыну, і 3 лістапада 1939 года быў залічаны ў авіячасць дальняй разведкі.
У адным з лістоў ён коратка сфармулюе кірунак сваіх творчых высілкаў у кнігах, напісаных падчас вайны: «Заходняя хрысціянская цывілізацыя сама вінаватая ў тым, што апынулася пад пагрозаю. Што яна зрабіла за апошнія восемдзесят гадоў, каб прыцягнуць сэрцы людзей да сваіх вартасцяў? <...> Маё пакаленне гуляла на біржы, абмяркоўвала ў барах мадэлі аўтамабіляў і кузаваў, займалася агіднай спекуляцыяй на амерыканскіх таварах…» Свае думкі пра разбурэнне духоўнай культуры і неабходнасць яе адраджэння А. дэ Сэнт-Экзюперы ўвасобіць у кнізе «Ваенны лётчык» (1942), забароненай акупацыйнымі ўладамі, — у 1943 годзе яе падпольна выдалі ў Ліёне ўдзельнікі руху Супраціўлення. Гэтая кніга (аповед лётчыка пра свой адзін дзень на вайне) была годным адказам перадавой французскай культуры на злачынствы фашызму, якія Экзюперы бачыў у жахлівых маштабах з вышыні палёту. Пад пагрозаю было ўсё, што ён любіў, але ён хацеў удзельнічаць у вайне «не з-за сваёй любові», а «паводле сваёй унутранай веры». Таму свае думкі пра адраджэнне духоўнасці ён увасобіў у вобразе сабора і камянёў, якія некалі складалі сабор, а цяпер былі разрозненыя — разрозненыя людзі, якія, «аб’яднаўшыся, маглі б скласці сабою сабор, ператвараюцца ў груду камянёў, якія сваім цяжарам трушчаць адзін аднаго». Магчымасць знішчыць фашызм Экзюперы бачыў у абуджэнні прагі чалавека да Ісціны, да духоўнага фармавання асобы і яе здольнасці стаць часткаю агульнай вялікай садружнасці ўсіх людзей. Экзюперы лічыў, што кожны чалавек павінен разумець сваю асабістую адказнасць за тое, што адбываецца на зямлі, за грахі ўсіх людзей. «Кожны — за ўсіх». Словы «…я адказны», — пісаў ён, — «павінны быць дэвізам годнасці кожнага чалавека». «Гэта — вера ў дзеянні». Працытую некалькі думак паводле майго любімага выдання ў сіняй вокладцы (мой пераклад з рускай мовы можна апраўдаць маёю любоўю да Экзюперы).
«У мяне няма ні адчування вялікай небяспекі (рыхтуючыся ў палёт, я хваляваўся куды мацней), ні такога пачуцця, быццам я выконваю вялікі абавязак. Бітва паміж Захадам і нацызмам на гэты раз, у межах маіх дзеянняў, зводзіцца да кіравання рукаяткамі, рычагамі і кранікамі. Так і павінна быць. Любоў сакрыстыяніна да Бога зводзіцца да любові запальваць свечкі. Сакрыстыянін размеранымі крокамі ходзіць па касцёле, якога ён не заўважае, і задаволены тым, што кандэлябры расквечваюцца ў яго адзін за адным. Калі ўсе свечкі запаленыя, ён пацірае рукі. Ён ганарыцца сабою. Я таксама выдатна адрэгуляваў крок вінтоў і трымаю курс з дакладнасцю да аднаго градуса…» «…Ноччу, калі падводзяцца вынікі, Бог часова пазбаўляе людзей магчымасці карыстацца іх багаццямі. І пакуль людзі будуць адпачываць, расціснуўшы да раніцы пальцы па волі неадольнага сну, перада мною ясней паўстане захаваная імі спадчына. Можа быць, тады мне раскрыецца тое, што цяжка перадаць словамі. Я прыду да агню, як сляпы, якога вядуць за далоні. Ён не змог бы апісаць агонь, але ўсё ж такі ён яго знайшоў. Магчыма, так і мне з’явіцца тое, што трэба абараняць, тое, чаго не бачна, але што жыве, падобна палаючым вуголлям, пад попелам вясковых ночаў. Мне не выпадае чакаць адмены вылету. <...> Але я хацеў бы своечасова атрымаць тое, чаго заслужыў. Я хацеў бы мець права на любоў. Я хацеў бы зразумець, за каго паміраю <...> Цяпер я не адчуваю любові, але калі сёння вечарам мне нешта адкрыецца, значыць я папрацаваў ужо раней, носячы камяні для нябачнага збудавання. Я сам рыхтую сваю ўрачыстасць, і я не маю права гаварыць, што ўва мне раптам узнік нехта іншы, бо гэтага іншага ствараю я сам. Ад усіх маіх ваенных прыгодаў я не чакаю нічога, апрача гэтай павольнай падрыхтоўкі…» «Жыць — гэта паступова нараджацца. Было б занадта проста мець ужо гатовыя душы!» «Калі чалавеку для таго, каб ён адчуў сябе чалавекам, трэба ўдзельнічаць у спаборніцтве ў бегу, спяваць у хоры або ваяваць, то гэта ўжо і ёсць тыя повязі, якімі ён імкнецца звязаць сябе з іншымі людзьмі і з усім светам. Але ж якія нетрывалыя такія повязі! Сапраўдная духоўная культура цалкам запаўняе чалавека, нават калі ён не рухаецца. <...> Унутранае жыццё дамініканіна, які моліцца, насычанае да бязмежнасці. Чалавекам у поўнай меры ён становіцца менавіта тады, калі, укленчыўшы, нерухома застывае ў малітве. <...> Бязмежнасць, падараваная мне домам майго маленства <...> — вось тыя кволыя, бясцэнныя багацці, якімі ўзнагароджвае толькі духоўная культура, таму што бязмежнасць існуе толькі для духу, а не для вачэй…»
«…І я працягваю свой палёт <...> Я зніжаюся ў кірунку нямецкіх пазіцый з хуткасцю 800 кіламетраў у гадзіну <...> для таго, каб яны пайшлі прэч з нашай зямлі. <...> Я іду на смерць. Я іду на рызыку. Я прымаю не бой. Я прымаю смерць. Мне адкрылася вялікая ісціна. <...> Кожная кулямётная чарга <...> — як пацеркі ружанца. Тысячы ружанцаў імкнуцца да нас, іх пругкія ніткі расцягваюцца да магчымага і рвуцца на нашай вышыні. <...> Уся раўніна працягнула да мяне свае ніткі і тчэ вакол мяне бліскучую сетку <...> Гэты дождж узыходзячага агню неабходны <...>, каб ты нарэшце паўстаў перад трыбуналам Страшнага Суду. Вось тады ты ўсё зразумееш. <...> Агонь вызваліў цябе не толькі ад плоці, але адначасова і ад культу плоці. Чалавек перастае цікавіцца сабою. Яму важнае толькі тое, да чаго ён далучаны. Паміраючы, ён не знікае, а зліваецца з гэтым. Ён не страчвае, а знаходзіць сябе <...> Адзін этап адсутнічае — няма страху. І я жыву не чаканнем смерці ў кожную бліжэйшую секунду: я жыву ўваскрэсеннем, што настае адразу ўслед за папярэдняй секундай. Я жыву ў якімсьці струмені радасці. У няспынным патоку ўзрушэння. І раптам мне сапраўды становіцца хораша. Быццам кожную секунду мне зноў дарыцца жыццё. <...> Я жывы. Я яшчэ жывы. Я ўсё яшчэ жывы. Я ператварыўся ў крыніцу жыцця. <...> О, ці ведаюць тыя, хто страляе ў нас знізу, што яны ў нас выкоўваюць?» Кніга «Ваенны лётчык» — гэта роздум пра самае галоўнае: быць ці не быць чалавеку Чалавекам, ці здолее кожны нарадзіць у сабе Чалавека, адказваючы не толькі за сябе, але і несучы на сабе грахі кожнага, адказваючы за іх. Вярнуць людзям жыццё Духу, а не толькі Розуму, — аднавіць хрысціянскія асновы цывілізацыі — «спадчынніцы Бога» — у гэтым Экзюперы бачыў выратаванне ад фашызму і ўвогуле ад зла бездухоўнасці. Ён, які амаль нічога не баяўся, са страхам думаў пра тое, што на вайне ў кожную хвіліну ў кімсьці са смяротных можа быць недарэчна забіты Моцарт. Ці ж толькі на вайне?..
У абарону гэтых жа вартасцяў было напісанае і «Пасланне да заложніка», адрасаванае сябру — Леону Верту, які знаходзіўся ў нацысцкім палоне (яму Экзюперы прысвяціў і «Маленькага прынца»), але галоўная размова пісьменніка з самім сабою і людзьмі павінна была адбыцца ў іншай кнізе, якую ён сам задумваў як выніковую, — Экзюперы назваў яе «Цытадэль» і рабіў накіды да яе задоўга да вайны. Гэта мусіла быць своеасаблівая біблія, якая дапамагала б людзям узводзіць у сваіх сэрцах цытадэль чалавечнасці. Экзюперы верыў, што чалавек здольны да перамогі над самім сабою, што людзям вельмі патрэбная вада з чыстых, глыбокіх калодзежаў і зорнае неба над галавою, але трэба кожны дзень, як Маленькі прынц, клапаціцца пра «сваю ружу» — сваю душу, узрошчваць свае сады Духу. Калі б ён не верыў у тое, што закінутае ім у кнігі зерне павінна ўзысці, наўрад ці ён стаў бы расказваць нам гісторыю пра мілае дзіця з астэроіда пад нумарам В-612. …Нядаўна, гледзячы па тэлевізары «Тэрыторыю памылак», дзе сур’ёзныя мужчыны (дактары, кандыдаты, фізікі і матэматыкі) гаварылі пра дзівосную магчымасць падарожнічаць у мінулае і будучыню, а таксама пра зніклых людзей і цягнікі, якія потым з’яўляліся «там і там», я пачула пра самалёт-прывід, які лятае недзе над вадою, па ўсіх прыкметах, заблукаўшы яшчэ з часоў вайны. І я падумала пра Экзюперы. Яго самалёт знік з «планеты людзей», упаўшы ў мора… Як і Маленькі прынц, Экзюперы загінуў імгненна. Маленькага прынца ўджаліла змяя, а лётчыка з яго самалётам — варожыя кулі. Гэта было 31 ліпеня 1944 года на трасе Аннэсі — Грэнобль. Антуан-Мары-Ражэ дэ Сэнт-Экзюперы (Тоніо, Сэнт-Экс) любіў гэтыя мясціны, бо непадалёку, на зямлі, знаходзіўся замак Сэн-Морыс, дзе ў чароўным дзяцінстве ён быў такі абаронены і такі шчаслівы…
Выкарыстаная літаратура:
|
|
|
|