Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(72)/2015
Год кансэкраванага жыцця
Паэзія

ВЕРШЫ

«КАБ ЗРАБІЛАСЯ СВЕТЛА…»
Літаратуразнаўства
Гісторыя хрысціянства
Прэзентацыя
Асобы
На кніжнай паліцы

КНІГА-ВІТРАЖ
Пазіцыя

«ГАЛАНТНЫЙ ВЕК»...
Мастацтва

Раіса ЗЯНЮК

ОРДЭН ПРАПАВЕДНІКАЎ НА ЗЕМЛЯХ БЕЛАРУСІ

Гісторыя дамініканаў на беларускіх землях налічвае амаль восем стагоддзяў. Вельмі хутка пасля зацвярджэння новага ордэну папам Ганорыем ІІІ у 1216 г. яго члены з’явіліся ў маладой еўрапейскай дзяржаве — Вялікім Княстве Літоўскім.

Датай пачатку дзейнасці першай дамініканскай місіі на землях ВКЛ можна лічыць мірнае пагадненне паміж Міндоўгам і крыжакамі ў 1250 годзе. Яно стварыла спрыяльныя ўмовы для працы каталіцкіх місіянераў на землях княства. Аднак удзельнікі місіі і іх колькасць невядомыя. Адзінае, аб чым можна казаць з пэўнай верагоднасцю, — гэта пра кіраўніка і аднаго з удзельнікаў місіі – біскупа Віта1.

Пасля таго, як Міндоўг прыняў хрост, з’явілася магчымасць прызначэння біскупа для ВКЛ. Першым літоўскім біскупам у 1253 годзе быў абраны прыбліжаны да Міндоўга крыжацкі святар Хрысціян2. Амаль адначасова біскупскія пасвячэнні атрымаў і Віт. Некаторыя даследчыкі лічаць, што першыя біскупскія пасвячэнні атрымаў менавіта ён. Гісторык-дамініканін а. Славамір Бжазецкі OP адзначае, што, згодна з сярэднявечным звычаем, біскупа абіралі з шэрагу місіянераў, якія дзейнічалі на той тэрыторыі, бо менавіта яны ведалі ўмовы працы і мову людзей, сярод якіх працавалі3.

Дамінікане дзейнічалі ў ВКЛ і падчас кіравання Гедыміна, які ў лісце ад 1323 г. да Папы пісаў і аб тым, што пры ім знаходзяцца манахі дамініканскага і францішканскага ордэнаў, якім дадзена права прапаведаваць хрысціянскае вучэнне. Гедымін прасіў прыслаць да яго манахаў, якія б ведалі літоўскую і рускую мовы, і прапаноўваў пабудаваць для іх святыні на ўзор існаваўшых у Вільні і Навагрудку касцёлаў, пры якіх былі супольнасці францішканаў і дамініканаў4.

Першыя віленскія дамінікане прыбылі ў новую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага з Германіі і жылі ў невялікай хатцы, каля якой прыбудавалі каплічку5. Сустракаюцца звесткі і аб тым, што сакратаром Гедыміна на пачатку 1320-х гг. быў дамініканін Мікалай, які ўваходзіў у склад Вялікакняскай Рады6, а браты ордэну былі пісарамі князя, але іх імёны не захаваліся. Пры Альгердзе наяўнасць братоў ордэну на беларуска-літоўскіх землях не пацвярджаецца, хаця першапачатковая капліца ў Вільні, па некаторых звестках, працягвала існаваць7.

Пасля хросту Ягайлы распачалася новая хваля місіянерскай дзейнасці каталіцкіх святароў і манахаў на абшарах ВКЛ. Сярод братоў ордэну, чые імёны захаваліся, можна назваць каралеўскага прапаведніка, дамініканіна Мікалая Вэнжыка. Ён вызначыўся падчас выправы на Жмудзь у 1413 г., калі праз перакладчыка рыхтаваў людзей да хросту8. Ёсць згадкі пра дамініканіна Мікалая, інквізітара, які ў 1435 г. быў прысланы ў Вільню Жыгімонтам І9.

У актах правінцыяльнай капітулы ў Варцы пад 1468 г. адзначаецца факт накіравання братоў у Навагрудскі кляштар10. Беларуска-літоўскія землі да канца XV ст. з’яўляліся для ордэну місійнымі тэрыторыямі, але з пачатку XVI ст. дамінікане стала абаснаваліся ў ВКЛ. Да пачатку ХІХ ст. ордэн адчыніў на беларускіх землях 50 кляштараў (49 – мужчынскіх, 1 – жаночы).

Для захавання адзінства і аблягчэння кіравання былі створаныя тэрытарыяльна-адміністрацыйныя адзінкі – правінцыі. На чале кожнай з іх стаяў правінцыял, які не меў абсалютнай улады і ў кіраванні абапіраўся на правінцыяльны капітул, падначалены генеральнаму капітулу і генералу ордэну.

Да XVII ст. кляштары на беларуска-літоўскіх землях належалі да Польскай правінцыі, створанай каля 1228 года. Першапачаткова ў яе ўваходзілі польскія, чэшскія і мараўскія землі11. На пачатку XVII ст. Польская правінцыя мела 63 кляштары, аб’яднаныя ў 8 кантратаў; кляштары на беларуска-літоўскіх землях уваходзілі ў Рускую (17 кляштараў) і Літоўскую (1 кляштар) кантраты12.

У 1622 г. была створана і зацверджана Руская правінцыя імя св. Гіяцынта. У яе ўвайшлі кляштары ў Астроўне, Беліцы, Шклове. У 1772 г. Руская правінцыя на беларускіх землях мела 23 кляштары. Перад першым падзелам Рэчы Паспалітай у Рускай правінцыі дзейнічалі 63 кляштары з 565-цю дамініканамі13.

Зацвярджэнне Рускай правінцыі стала штуршком для іншых беларуска-літоўскіх кляштараў у справе стварэння асобнай правінцыі. З канца XVI ст. ролю наймацнейшага асяродку апазіцыі Кракаўскаму кляштару пачаў адыгрываць Віленскі кляштар. Менавіта ў Вільні пачалі нараджацца першыя праекты (Адама Пякарскага, біскупа Віленскага Бэнэдыкта Войны, Даміяна Фанцэзы і інш.)14 па адасабленні кляштараў на літоўска-беларускіх землях і стварэнні ўласнай ордэнскай тэрытарыяльна–адміністрацыйнай адзінкі.

Вынікам гэтай дзейнасці стала зацвярджэнне генеральным капітулам у Рыме ў 1644 г. кангрэгацыі Анёла Апекуна, у склад якой увайшлі 12 канвентаў (у Вільні — Св. Духа, Сейнах, Мярэчы, Дзярэчыне, Астраўцы, Гродна, Высокім Двары, Коўна, Расенях, Кальварыі Жмудскай, Вярбілаве і ў Вільні на Лукішках) са 155-цю законнікамі. Згодна з пастанаўленнем генеральнага капітула ў Валенсіі ў 1647 г. кангрэгацыя стала правінцыяй15. Пачатак яе існавання быў азмрочаны войнамі з Маскоўскім царствам. Маладая правінцыя панесла значныя страты: 15 чалавек былі забітыя, 27 чалавек памерлі у выніку эпідэмій 1655–1658 гг.16. Нягледзячы на гэта, першае стагоддзе існавання правінцыі адзначылася шматлікімі фундацыямі: з 1667-га па 1766 г. на яе тэрыторыі было заснавана 26 кляштараў, з якіх 15 – на беларускіх землях. Гэты час адзначаны ростам колькасці дамініканаў у Літоўскай правінцыі: з 155-ці ў 12 кляштарах на момант яе заснавання да 679-ці ў 43-х кляштарах на момант першага падзелу Рэчы Паспалітай17. Кляштары на беларускіх землях актыўна ўдзельнічалі ў жыцці правінцыі.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і зменаў дзяржаўнай прыналежнасці беларускіх земляў становішча Каталіцкага Касцёла змянілася. У Расійскай імперыі ў адносінах да манаскіх ордэнаў былі прынятыя законапалажэнні, у адпаведнасці з якімі забараняліся кантакты з замежнымі генераламі і правінцыяламі. Кляштары і манахі траплялі пад юрысдыкцыю мясцовых біскупаў18. У гэтай сітуацыі дамінікане палічылі мэтазгодным стварыць у 1782 г. уласную правінцыю, якая атрымала назву Беларускай. У склад правінцыі ўвайшлі 7 кляштараў Літоўскай правінцыі і 9 — Рускай. Першы капітул Беларускай правінцыі адбыўся ў Княжыцах у лютым 1783 года. Тады ж быў абраны правінцыял для 16-ці кляштараў — ім стаў а. Альберт Шалухэ. Акты капітулу былі зацверджаныя не генералам ордэну, а біскупам С. Богушам-Сестранцэвічам па вышэйзгаданых прычынах19. Беларуская правінцыя праіснавала да другога падзелу Рэчы Паспалітай (пасля кляштары ізноў увайшлі ў межы Літоўскай і Рускай правінцый20). У 1839 г. Руская і Літоўская правінцыі ордэну былі аб’яднаныя ў Літоўска-Рускую правінцыю. У гэтым жа годзе быў абраны апошні правінцыял, прызнаны расійскімі ўладамі, — а. Дамінік Заленскі.

З’яўленне пляцовак дамініканаў на беларускіх землях не заўсёды было вынікам дзейнасці толькі ордэну, але і ініцыятываю пэўных асобаў. Сярод фундатараў дамініканскіх касцёлаў і кляштараў былі манархі (фундацыя ў Вільні належала вялікаму князю Аляксандру21), духавенства (кляштар дамініканаў у Полацку фундаваў кс. Тамаш Гірскі, прэлат Віленскі22), а таксама прадстаўнікі магнатэрыі і шляхты.

Прычыны, якія пабуджалі да фундацыі кляштара, былі рознымі: шлюб, нараджэнне дзіцяці, аздараўленне, старасць, адсутнасць нашчадкаў, цесная сувязь сям’і альбо пэўнай асобы з ордэнам. З нагоды шлюбу, напрыклад, фундавалі кляштар дамініканаў у Ракаве Г. Сангушка і Канстанцыя Тэадора з Сапегаў. Яны ж фундавалі кляштар у Смалянах пасля нараджэння першынца Казіміра. Пасля аздараўлення дзіцяці Марыі-Лукрэцыі Капцёвай Строццы ад першага шлюбу (Дамініка Радзівіла) жанчына фундавала кляштар дамініканаў у Пінску. На схіле жыцця вырашыў заснаваць дамініканскі кляштар у Чашніках Ж. Слушка. Адсутнасць сям’і і нашчадкаў была прычынай для фундацыі кляштара ў Палонцы С. Бжуханьскім (у гэтым выпадку ордэн станавіўся спадкаемцам фундатара). Значную групу фундатараў складалі ўдовы. На беларускіх землях імі былі заснаваны кляштары ў Хатаевічах (Барбарай Канстанцыяй Друцка-Горскай) і ў Ельні (Зоф’яй Марыянай Адахоўскай і Ганнай Пшэслаўскай). Адной з прычынаў фундацыі была цесная сувязь сям’і альбо пэўнай асобы з ордэнам: членства ў Трэцім ордэне, уступленне ў першую ці другую галіну ордэну. Такімі сувязямі вызначаліся сем’і Сапегаў, Радзівілаў, Патоцкіх. Сапегі былі фундатарамі дамініканскіх кляштараў у Астроўне, Гродне, Беліцы, Заслаў’і23. Пра Патоцкіх існавала нават пагаворка: «tam diu domus Potociana, quam diu religio dominicana» (так доўга будзе стаяць дом Патоцкіх, як і дамініканская традыцыя)24.

Фундуш агаворваў абавязкі братоў ордэну, якія ў далейшым павінны былі жыць і працаваць у канкрэтным касцёле і кляштары. Напрыклад, першапачатковымі фундушавымі абавязкамі дамініканаў Стаўбцоўскага кляштара былі наступныя: 1) кожную нядзелю адпраўляць адну Імшу за душы фундатараў; 2) кожную суботу за душу Багуслава адпраўляць адну Імшу; 3) таксама ў суботу за душу Ганны Слушкі — адну Імшу і адну за Міхала Даманьскага; 4) штомесяц — за душу Яна Коса і асобна — за душу Ганны Акіньчовай па дзве св. Імшы; 5) штомесяц за душы Яна Цельшаўскага і Багуслава Пясецкага па дзве Імшы; 6) за душу Зоф’і Пілецкай — дзве Імшы штомесяц і за душы Максімільяна і Юдыты Стравіньскіх — адну Імшу25. Фундатар мог вызначыць і іншыя кірункі дзейнасці, якія павінны былі рэалізоўвацца пры кляштары (утрыманне школы, шпіталю і г.д.).

Дамініканскія храмы часцей за ўсё будаваліся ў стылі барока, які найбольш уражваў вернікаў. Не апошнюю ролю адыгрывала жаданне фундатараў і значнасць дадзеных імі фундушаў. Першапачаткова большасць дамініканскіх касцёлаў будавалася з дрэва, але з цягам часу на іх месцы ўзводзіліся мураваныя будынкі (у Нясвіжы, Наваградку, Пінску і г.д.). Прычыны для перабудовы былі розныя. Часцей за ўсё — аварыйны стан альбо пажары. XVIII ст. – гэта час перабудовы драўляных дамініканскіх касцёлаў у мураваныя. Большасць дамініканскіх комплексаў другой паловы XVII ст. паўстала ў перыяд росквіту ідэалогіі сарматызму, таму многія касцёлы былі збудаваныя ў стылі «сармацкага» барока. Шматлікія святыні ордэну былі пабудаваны і перабудаваны ў стылі позняга беларускага барока. Першаўзорам для іх стала перабудова касцёла Св. Духа ў Вільні26.

Выгляд кляштараў, згодна з ордэнскімі канстытуцыямі, не павінен быў мець аніякіх празмернасцяў, адпавядаць сваім мэтам, а таксама звычаям і архітэктурным традыцыям мясцовасці і часу27. Канстытуцыі ордэну мелі распараджэнні адносна знешняга выгляду кляштараў. Кляштары на беларускіх землях ніколі не выглядалі бедна, што было немагчыма ў сувязі са значнасцю фундушаў, але ніколі не мелі вялікай колькасці прадметаў раскошы, калі не лічыць багатых бібліятэк, што не толькі было дазволена канстытуцыямі, але і заахвочвалася імі28.

Звыклы дамініканскі кляштар быў двухпавярховым, меў як мінімум тры келлі, бібліятэку, рэфектар, 2 печы. У келлі дамініканіна знаходзіліся стол, крэсла, ложак, шафа. Прыёр мог займаць 2-3 больш багата абстаўленыя пакоі.

На беларускіх землях ордэн займаўся не толькі прапаведаваннем — дамінікане актыўна ўдзельнічалі ў адукацыйнай, культурнай, грамадска-палітычнай дзейнасці, у сферы аховы здароў’я і сацыяльнай апекі.

Душпастырская дзейнасць палягала перадусім на працы ў парафіях з-за недахопу дыяцэзіяльных святароў. Так, парафіі існавалі пры дамініканскіх касцёлах у Маляцічах, Полацку, Беліцы, Астроўне, Астраўцы, Галоўчыне, Смалянах, Дудаковічах, Забелах, Оршы і г.д.29. На тэрыторыі Мінскай губерні ў ХІХ ст. парафіі існавалі пры 9-ці з 14-ці дамініканскіх пляцовак. Парафій не мелі кляштары ў Дунілавічах, Мінску, Пінску, Заслаў’і, Клецку. Некаторыя кляштары забяспечвалі духоўныя патрэбы вернікаў не з адной, а з некалькіх парафій. Так рабілі, напрыклад, дамінікане Забельскага кляштара, абслугоўваючы, акрамя ўласнага, 5 іншых парафіяльных касцёлаў.

Дамініканскія парафіі былі дастаткова колькаснымі: Стаўбцоўская, напрыклад, налічвала 1267 чалавек (1804 г.), Хатаевіцкая — 1558 (1808 г.), Ракаўская – 2257 (1818 г.), Зембінская — 1001 чалавека (1829 г.).

Аб ступені заангажавання ў душпастырскую працу сведчыць таксама і працэнт святароў, якія мелі права спавядаць: у дамініканаў у 1773 г. гэты працэнт быў самы высокі сярод усіх ордэнаў. У Рускай правінцыі такую юрысдыкцыю мелі амаль усе святары, у Літоўскай – 82%. Гэтак жа выглядала справа і з наяўнасцю пастаянных прапаведнікаў: сярод дамініканаў перад падзеламі Рэчы Паспалітай іх налічвалася 338 чалавек, сярод бэрнардынаў — 251, сярод езуітаў — 20030.

Адным з кірункаў душпастырскай дзейнасці была арганізацыя ружанцовых брацтваў і правядзенне місій. Ружанцовыя брацтвы існавалі пры кожным дамініканскім кляштары і касцёле. Іх дзейнасць была адной з формаў прапаганды марыйнага культу, характэрнага для ордэну. Права на заснаванне ружанцовых брацтваў мелі толькі дамінікане. У храме брацтва зазвычай мела свой алтар і фундуш. Асноўнай дзейнасцю членаў брацтва былі супольныя і прыватныя малітвы і харытатыўныя справы.

Не менш значным кірункам дзейнасці дамініканаў з’яўлялася правядзенне місій. Місіі, якія праводзілі члены ордэну ў парафіях, працягваліся ад двух да васьмі тыдняў і ахоплівалі, у залежнасці ад мясцовасці, да дзясяткаў тысяч людзей. Для правядзення місій у парафію прыбывала некалькі дамініканаў, вызначаных правінцыялам альбо капітулам. Яны праводзілі набажэнствы, прамаўлялі пропаведзі, навучалі парафіянаў праўдам веры і малітве31.

Дамінікане распаўсюджвалі на тэрыторыі беларускіх земляў культ святых, якія належалі да іх ордэну: св. Дамініка, св. Гіяцынта, св. Кацярыны Сіенскай, св. Тамаша Аквінскага. На Беларусі значнае распаўсюджанне атрымаў культ св. Вінсэнта Ферэра: алтары з яго абразамі былі ў кожным дамініканскім касцёле, а ў Оршы абраз з яго выяваю знаходзіўся ў галоўным алтары. Развіццё гэтых культаў было адной з прычынаў, па якой дамініканскія храмы наведвала значная колькасць вернікаў.

Адукацыйная дзейнасць рэалізоўвалася дамініканамі ў двух кірунках: унутрыордэнскім і знешнім — утрыманне школаў для свецкіх асобаў). Кожны кляштар у той ці іншай ступені быў уключаны ў адукацыйную дзейнасць. Важную ролю ва ўнутрыордэнскай адукацыі адыгрывалі кляштары ў Мінску і Шклове, Гродне, Нясвіжы, Пінску, Забелах, Дзярэчыне32.

Складальнік карты – Р. Зянюк,
графічнае выкананне – В. Муская

Пры дамініканскіх кляштарах утрымліваліся і рознаўзроўневыя школы для свецкіх асобаў. Пасля забароны дзейнасці езуітаў у 1773 г. дамініканам была перададзена частка сярэдніх навучальных установаў, што раней належалі езуітам. Папулярнымі былі павятовыя школы і гімназіі дамініканаў у Забелах, Гродне, Наваградку, Нясвіжы. Князь Адам Казімір Чартарыйскі, які ў першай чвэрці ХІХ ст. быў куратарам Віленскай навучальнай акругі, адзначаў, што: «Усё ж дамінікане і базыліяне мелі найбольш колькасныя і найлепш забяспечаныя школы» (пераклад з польск. аўт.)33. Наваградская павятовая школа была адной з самых буйных у Гродзенскай губерні. Сёння яна вядома перш за ўсё тым, што там атрымаў адукацыю Адам Міцкевіч. Навучанне ў ёй, як і ў іншых павятовых школах, праводзілася па праграме, зацверджанай Віленскім універсітэтам. У школе меліся выдатна забяспечаныя кабінеты фізікі і прыродазнаўства. У навучальным працэсе дапамагала і бібліятэка кляштара. У 1826 г. у школе налічвалася 9 настаўнікаў і 141 вучань. Існавала яна да 1831 года34. Парафіяльныя школкі існавалі амаль пры кожным кляштары (у Маляцічах, Беліцы, Астроўне, Смалянах, Дудаковічах, Княжыцах і г.д.). Дзейнасць Каталіцкага Касцёла ў сферы адукацыі была спынена пасля паўстання 1830–1831 гг.

Дамінікане не заставаліся ў баку і ад грамадска-палітычных падзей. Незадаволенасць каталіцкага духавенства змяненнем свайго становішча пасля падзелаў Рэчы Паспалітай праявілася ў стварэнні імі тайных арганізацый. У 1796 г. была створана Віленская асацыяцыя, сярод удзельнікаў якой быў прыёр віленскіх дамініканаў кс. Ф. Цяцерскі35. У 1797 годзе Ф. Цяцерскі быў асуджаны на катаргу, але Паўлам І гэтая мера была замененая на высылку ў Нерчынск.

Дамінікане ўдзельнічалі ў паўстаннях 1830–1831 і 1863–1864 гг. У. Заеўскі пісаў, што «на Літве патрыятычным стаўленнем адрозніваліся законнікі, асабліва з жабрачых ордэнаў, такіх як дамінікане, кармэліты, бэрнардыны, францішкане»36. Падчас падрыхтоўкі і правядзення паўстання 1830–1831 гг. у касцёлах зачытваліся дакументы паўстанцаў, некаторыя святары змагаліся ў іх атрадах37. Дамініканін Людвік Барталамей Ясіньскі ў касцёльным убранні са стулаю на грудзях і з крыжам у руках заклікаў народ да зброі. 14 красавіка ён удзельнічаў у абароне Ашмянаў, пасля, як капелан 12-га палка ўланаў, дзяліў з паўстанцамі ўсе трыумфы і паражэнні. Быў арыштаваны і сасланы ў Сібір38.

Святары былі ініцыятарамі збору ахвяраванняў на патрэбы паўстання. Вядома, што ў Друйскім дамініканскім кляштары падчас паўстання 1830–1831 гг. рыхтавалі зброю для паўстанцаў, што і стала прычынаю касацыі кляштара ў 1832 годзе. Звесткі аб удзеле каталіцкага духавенства ў паўстанні сталі прычынай для М. Мураўёва даслаць імператару запіску з прапановаю аб пераводзе католікаў з-пад улады Папы Рымскага пад уладу імператара. Пасля атрымання гэтай запіскі Мікалай І пагадзіўся з прапановаю Мураўёва скасаваць частку кляштараў. Дамінікане страцілі свае кляштары ў Заслаўі, Друі, Дзярэчыне, Галоўчыне, Шклове, Княжыцах, Крычаве, Смалянах, Беліцы, Дудаковічах і іншых мясцовасцях.

Актыўнасць удзелу каталіцкага святарства ў паўстанні 1863–1864 гг. бачная па колькасці клеру сярод асуджаных, у тым ліку і на смяротнае пакаранне. У 1863 г. смяротны прысуд атрымалі 8 святароў. Сярод іх быў 56-гадовы дамініканін Тэафіл Рачкоўскі, якога арыштавалі падчас бітвы каля в. Палішкі 5 (17) жніўня 1863 года. У якасці меры пакарання яму быў вызначаны расстрэл, здзейснены 11 жніўня 1863 года39.

Дамінікане былі неабыякавымі да справы уніі на беларускіх землях. У адной з келляў віцебскага дамініканскага кляштара часова пражываў Язафат Кунцэвіч40. Дамінікане Забельскага кляштара на тэрыторыі сваёй парафіі ўласным коштам пабудавалі ўніяцкую царкву і прызначылі на яе ўтрыманне пэўную суму грошай. У 1811 г., калі стан царквы пагоршыўся, стараннямі тагачаснага прыёра Забельскага кляштара яна была адрэстаўраваная. Калі ўніятаў пераводзілі ў праваслаўе, у Забелах да 1837 г. яны змагаліся за захаванне сваіх пазіцый, у чым полацкім праваслаўным архіепіскапам Васілём Лужынскім былі абвінавачаны дамінікане. Менавіта дамінікане, па словах В. Лужынскага, сваёй дзейнасцю падтрымлівалі унію. Аб гэтым жа сведчыў епіскап Полацкі і Віленскі Ісідор, адзначаючы ў сваіх лістах, што 52 забельскіх дамініканіна, якія маюць парафію і мноства капліцаў на яе тэрыторыі, куды горнуцца ўніяты, спрычыняюцца да развіцця уніі і да супраціўлення распараджэнням ураду41. У 1840 г. разглядалася справа «о противозаконных поступках забельских ксендзов доминикан». Заключалася яна ў тым, што частка свалнянскіх прыхаджанаў (былых уніятаў) не жадала прымаць праваслаўе і перайшла ў каталіцтва. На ўсе звароты праваслаўнага духавенства свалнянскія прыхаджане заяўлялі, што «вера наша ёсць толькі адна <...>, і мы яе ніколі не пакінем», або што «вера ваша руская ўсё роўна як жыдоўская»42, і лічылі за грэх хадзіць у царкву. У тым, што склалася такое становішча, былі абвінавачаныя дамінікане Забельскага кляштара43.

Сярод членаў дамініканскага ордэну былі навукоўцы, педагогі, мастакі, архітэктары. Вядома, напрыклад, прозвішча Адама Аўгустына Яцыны (1785–1822 гг., нарадзіўся на Віцебшчыне), выкладчыка дамініканскіх школ у Гродне і Наваградку (1809–1810 гг.), дзе яго вучнем быў Адам Міцкевіч. Навучанню лаціне ў школе ён прысвяціў сваю працу Observationes de studio linguae latinae. Дунілавіцкі прапаведнік Антоні Клімашэўскі (1758–1827 гг.) з’яўляўся аўтарам надрукаваных дыспутаў Aktas scholastcus publicus. Фаўст Цяцерскі (1760–1833 гг.) у 1818–1824 гг. выконваў абавязкі візітатара дамініканскіх школаў у Літве. Яго «Дзённік візітатара» («Дневник визитатора доминиканских монастырей Северо–Западного края») за 1821–1832 гг. быў надрукаваны Віленскай археаграфічнай камісіяй. Пазней ён займаўся гісторыяй Літоўскай правінцыі, напісаўшы пра яе другі том — Historia domestica Provinciae Lithvanae Ordinis Praedicatorum. Pars altera Anno, 1824.

Пры кожным дамініканскім кляштары існавалі багатыя бібліятэкі. У Мінскай губерні гэта былі кнігазборы, колькасць тамоў у якіх дасягала ад 28-мі (у Хатаевіцкім кляштары) да 1200 кніг (у Нясвіжскім канвенце). Пінскі кляштар меў у сваёй бібліятэцы 410 кніг у 521-м томе, 324 тамы налічвала бібліятэка Мінскага кляштара, 261 — Заслаўскага, 168 — Дунілавіцкага, 251 — Друйскага, 173 працы ў 218-ці тамах меў Халопеніцкі кляштар, 62 — Клецкі44.

Значную ўвагу дамінікане ўдзялялі развіццю музычнай культуры. У Забелах і Пінску яны ўтрымлівалі музычныя школы. Кожны дамініканскі касцёл меў арган, чаго не маглі сабе дазволіць многія парафіяльныя касцёлы альбо касцёлы, што належалі іншым манаскім ордэнам. Члены ордэну падчас фармацыі абавязкова вывучалі музыку.

Ордэн дамініканаў ніколі мэтанакіравана не быў заангажаваны ў справу арганізацыі аховы здароў’я і сацыяльную службу. Утрыманнем шпіталяў і хворых, згодна з уласнымі канстытуцыямі, займаліся прадстаўнікі іншых манаскіх супольнасцяў, але пры кожным кляштары дамініканаў утрымліваўся шпіталь — дакладней, невялікія прытулкі для бедных, старых, бяздомных і хворых45. Такога роду шпіталі існавалі пры кляштарах дамініканаў у Стоўбцах, Зембіне, Ракаве, Друі, Халопенічах, Дунілавічах. Так, у 1818 г. дамінікане Друйскага кляштара па ўласнай ініцыятыве давалі прытулак 9-ці бедным46. Былі выпадкі пражывання старых і бедных людзей непасрэдна пры кляштары, калі спецыяльнай пабудовы для іх не існавала, а фундушу на іх утрыманне не прадугледжвалася. Такім чынам утрымліваліся 4 асобы пры Халопеніцкім кляштары47.

З фундушавага абавязку шпіталь утрымліваўся пры кляштары ў Дунілавічах, дзе быў пабудаваны будынак для 7-мі бедных. На іх утрыманне Дунілавіцкі двор выдзяляў па 7 кашуляў, бочцы жыта і палове бочкі ячменю, а з маёнтка Лучай — па 15 рулонаў сукна штогод. Акт візітацыі 1818 г. зазначае, што, нягледзячы на пажар 1812 г., пасля якога шпіталь згарэў, будынак быў адноўлены і нагляд за хворымі быў належны48.

Першапачаткова ордэн прапаведнікаў быў заснаваны як жабрацкі, г.зн. не мог мець аніякай уласнасці і павінен быў існаваць выключна за кошт міласціны. Але Марцін V у 1425 г. і Сікст IV буламі 1475 і 1477 гг. дазволілі ордэну мець ва ўласнасці зямлю і сталыя крыніцы даходу.

Такім чынам, ад моманту атрымання фундушу ордэн і яго кляштары ўключаліся ў эканамічныя і гаспадарчыя адносіны. Маючы ва ўласнасці пэўную колькасць зямлі, залежных сялянаў, населеныя пункты, прадпрыемствы, члены ордэну станавіліся адказнымі за захаванне і памнажэнне гэтай уласнасці. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у дачыненні да ўсіх сфераў жыццядзейнасці неправаслаўных канфесій былі выдадзены розныя ўказы, прадпісанні і палажэнні. У 1795 г. «определено было настоящее значение духовных имуществ: все они, как движимые, так и недвижимые, числившиеся за белым ли или монашествующим духовенством, признаны общим достоянием духовенства, а не принадлежностью отдельных церквей и монастырей <...> сообразно с этим <...> запрещено монастырям продавать их, дарить и выменивать, а епископам вменено в обязанность наблюдать, чтобы церковная собственность не была расточаема»49. Аднак каталіцкія кляштары і духавенства з’яўляліся землеўласнікамі да 1842 г., калі іх маёмасць была перададзена ў ведамства Міністэрства дзяржаўных маёмасцяў, а капіталы духавенства — у Міністэрства ўнутраных спраў і фінансаў з прызначэннем духавенству штатнага ўтрымання замест прыбытку, які яны атрымлівалі са сваіх уладанняў50.

Колькасць кляштараў каталіцкіх ордэнаў зменшылася ў сувязі з грамадска-палітычнымі падзеямі ў ХІХ ст. Першая хваля касацыі кляштараў згодна з урадавымі пастановамі распачалася пасля падаўлення паўстання 1830–1831 гг. На беларуска-літоўскіх і ўкраінскіх землях было скасавана 58 дамініканскіх кляштараў. У 1832 г. было скасавана 32 кляштары. У перыяд паміж паўстаннямі (1833–1862 гг.) Ордэн прапаведнікаў страціў яшчэ 6 кляштараў. Адразу пасля паўстання 1863–1864 гг. былі скасаваны 3 кляштары. Апошні дамініканскі кляштар на Беларусі быў скасаваны ў 1875 г. у Нясвіжы.

Гл. таксама:
Юлія ШЭДЗЬКО :: КАРОТКІ НАРЫС ПРА ПАЧАТАК ІСНАВАННЯ ДАМІНІКАНСКАГА ОРДЭНУ ::
Валеры БУЙВАЛ :: ШЛЯХАМІ СВЯТОГА ДАМІНІКА ::
Алесь ЖЛУТКА :: БЛАГАСЛАЎЛЁНЫ ВІТ — ПЕРШЫ БІСКУП ЛІТВЫ-БЕЛАРУСІ: ПРАЗ ЦЕРНІ ДА СВЯТАСЦІ ::
СВЕДЧАННІ ЦУДАЎ ПРАЗ ЗАСТУПНІЦТВА СВЯТЫХ ЯЦКА І ВІТА ::
Марэк МІЛАВІЦКІ OP :: ДЗЕЛЯ ЗАХАВАННЯ ГІСТАРЫЧНАЙ СПАДЧЫНЫ ::
Юлія ШЭДЗЬКО :: «ВЫХОДЗІЦЬ НАСУСТРАЧ...» ::


  1. Brzozecki S. Litewska prowincja dominikanów // Dominikanie. Gdańsk – Polska – Europa / red. D.A. Dekański, A. Golembnik, M. Grubkа. – Gdańsk –Pelplin. – S. 141; Вялікае княства Літоўскае: у 2 т. / рэдкал. Г. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2005 - 2007. – Т. 1 – С. 446.
  2. Міндаў, кароль Літовіі ў дакумэнтах і сьведчаннях. / Укл. А. Жлутка. Менск, 2005. – С. 109.
  3. Brzozecki S. Litewska prowincja dominikanów. – S. 141.
  4. Батюшков П.Н. Белоруссия и Литва. Исторические судьбы Северо-западного края. – Санкт-Петербург, 1890. – С. 67.
  5. Podręczna encyklopedya kościelna (РЕК) – T. 9-10: D-E. – S. 88.
  6. Brzozecki S. Litewska prowincja dominikanów. – S. 142.
  7. PEK. – T. 9-10: D-E. – S. 88.
  8. Brzozecki, S. Misje ludowe Dominikanów prowincji Litewskiej w latach 1751 – 1826: praca doktorska. – Lublin, 2005. – S. 51.
  9. PEK. – T. 9-10. – S. 88.
  10. Brzozecki S. Litewska prowincja, s. 143.
  11. PEK. – T. 9-10. – S. 87.
  12. Spież J.A. Dominikanie w Polsce // Dominikanie. Szkice z dziejów zakonu / red. M.A. Babraj. – Poznań, 1986. – S. 272.
  13. Spież J.A. Dominikanie w Polsce. – S. 273.
  14. Brzozecki S. Litewska prowincja dominikanów. – S. 146-148.
  15. Wołyniak. Wykaz klasztorów Dominikańskich prowincji Litewskiej. – S. 1-2.
  16. Brzozecki S. Litewska prowincja dominikanów. – S. 153.
  17. Brzozecki S. Litewska prowincja dominikanów. – S. 153.
  18. Никотин И.А. Столетний период (1772–1872) русского законодательства в воссоединённых от Польши губерниях и законодательство о евреях (1649–1876): в 2 т. – Вильно, 1886. – 2 т. – С. 194-203, Толстой Д. А. Римский католицизм в России.: ист. исслед.: в 2 т. – Санкт-Петербург, 1876. – 2 т.
  19. Brzozecki S. Misje ludowe Dominikanów prowincji Litewskiej. – S. 68-69.
  20. Spież J.A. Dominikanie w Polsce. – S. 296.
  21. Brzozecki S. Misje ludowe Dominikanów. – S. 64.
  22. Gwiazda H. Fundacje i fundatorzy klasztorów dominikańskich w Wielkim Księstwie Litewskim w latach 1648 – 1696 // Studia nad historią dominikanów w Polsce 1222-1972: w 2 t. / red. J. Kłoczowskiego. – T. 1. – Warszawa, 1975. – S. 626.
  23. Gwiazda H. Fundacje i fundatorzy. – S. 630-634.
  24. Brzozecki S. Misje ludowe Dominikanów. – S. 64.
  25. Borejko Chodźko, I. Diecezja Mińska około 1830 r. : w 2 cz. – Lublin, 1998. – Cz. 2 Struktury zakonne. – S. 43.
  26. Архітэктура Беларусі: нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэксце: у 4 т. / рэдкал. А.І. Лакотка [і інш.]. – Мінск, 2005 – 2006. – Т.2. – С. 293
  27. Księga Konstytucji i zarządzeń braci zakonu Kaznodziejów.–Poznań, 2003. – 150 s.
  28. Księga Konstytucji...
  29. Brzozecki S. Misje ludowe Dominikanów prowincji Litewskiej. – S. 66.
  30. Spież J.A. Dominikanie w Polsce. – S. 287.
  31. Brzozecki S. Litewska prowincja dominikanów. – S. 155.
  32. Świętochowski R. Szkolnictwo teologiczne dominikanów. – Kraków, 1977. – S. 2-4.
  33. Rękopisy z Archiwum Kuratorii ks. Adama Czartoryskiego // Бібліятэка Віленскага Універсітэта. – F 2. – KC 31. – k. 33.
  34. Rękopisy z Archiwum Kuratorii ks. Adama Czartoryskiego. – k. 576.
  35. Канфесіі на Беларусі. – С. 22.
  36. Zajewski W. Powstanie listopadowe 1830 – 1831. Polityka-wojna-dyplomacja. Toruń, 2002.– S. 189.
  37. Канфесіі на Беларусі. – С. 25.
  38. Świętochowski R. Wkład kulturalny. – S. 31.
  39. Rok 1863 / Red. W. Studnicki. – Warszawa, 1977 (Wileńskie źródła archiwalne). – S. 93.
  40. Кулагін А.М. Каталіцкія храмы на Беларусі. – С. 171.
  41. Wołyniak. Wykaz klasztorów Dominikańskich prowincji Litewskiej. – S. 316.
  42. Цыт. па: Канфесіі на Беларусі (к. XVII–ХХ ст.). – С. 28.
  43. Канфесіі на Беларусі (к. XVII–ХХ ст.). – С. 28.
  44. Pidłypczak-Majerowicz M. Inwentarze bibliotek klasztornych w białoruskich zbiorach archiwalnych i bibliotecznych w Mińsku. – Warszawa, 2006. – S. 14.
  45. Świętochowski R. Wkład kulturalny Zakonu Kaznodziejskiego. – S.13.
  46. НГАБ. – Фонд 1781. – Воп. 27. – Спр. 355. – арк. 11 адв.
  47. НГАБ. – Фонд 1781. – Воп. 27. – Спр. 355. – арк. 3 адв.
  48. НГАБ. – Фонд 1781. – Воп. 27. –Спр. 355. – арк. 19.
  49. Толстой Д. А. Римский католицизм в России. – С. 117.
  50. Католическая Церковь накануне революции 1917 г. Сборник документов / Сост. и отв. ред. М. Радван. – Люблин, 2003. – С. 47.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY