Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(72)/2015
Год кансэкраванага жыцця
Паэзія

ВЕРШЫ

«КАБ ЗРАБІЛАСЯ СВЕТЛА…»
Літаратуразнаўства
Гісторыя хрысціянства
Прэзентацыя
Асобы
На кніжнай паліцы

КНІГА-ВІТРАЖ
Пазіцыя

«ГАЛАНТНЫЙ ВЕК»...
Мастацтва

Андрэй ШПУНТ

«ГАЛАНТНЫЙ ВЕК»...

Развагі пра кнігу «„Галантный век“ в гербах городов Беларуси:
историко-геральдичекое исследование» /
С.Е.Рассадин. — Минск: Беларуская навука, 2013. — 102 с.

На працягу 2001 г. мінскі часопіс «Архівы і справаводства» друкаваў серыю артыкулаў доктара гістарычных навук Сяргея Рассадзіна пад агульнаю назваю «Галантный век» городской геральдики Беларуси». Увазе грамадства прапанавалася выснова аб тым, што заганаю нашых гарадскіх гербаў часоў Станіслава Аўгуста з’яўляецца іх каталіцкі, а значыць «клерикальный», «реакционный» рэлігійны характар, адсутнасцю якога адрозніваюцца створаныя ў той жа перыяд для захопленых земляў былога Вялікага Княства Літоўскага гербы з Расійскай імперыі. У адказ у гарадзенскім часопісе «Герольд Litherland» быў надрукаваны артыкул «Клерыкальныя» беларускія гарадскія гербы ад Станіслава Аўгуста Панятоўскага» [9], дзе гаварылася аб няслушнасці высноваў С. Рассадзіна. І вось у 2013 г. у выдавецтве «Беларуская навука» ўбачыла свет манаграфія С. Рассадзіна «Галантный век» в гербах городов Беларуси: историко-геральдичекое исследование» [15], у аснову якой ляглі таксама публікацыі ў часопісе «Архівы і справаводства».

Засяродзім увагу на тым, на чым пабудавана кніга, — супрацьпастаўленні «явно реакционной, упаднической» каталіцкай беларускай гарадской геральдыкі часоў Станіслава Аўгуста і расейскіх гербаў, падараваных Кацярынай ІІ нашым гарадам.

З 14-ці гарадскіх гербаў, дараваных прывілеямі Станіслава Аўгуста ад 1792 г., да рэлігійных можна аднесці менш за палову:

Браслаў — «Вока Боскага Наканавання»;

Прывалка — «У блакітным полі арханёл Міхал у блакітным панцыры і чырвонай мантыі з залатою тарчаю і чырвонымі маланкамі ў правай руцэ. У нізе — чорны д’ябал у чырвоным агні»;

Радашковічы — «У сярэбраным полі св. Стэфан, пабіты камянямі»;

Угор’е — «У сярэбраным полі св. Юры перамагае цмока»;

Цырын — «У блакітным полі стаіць алень св. Губерта»;

Шэрашова — «У блакітным полі ў чырвона-залатым строі арханёл Габрыэль з лілеяй у руцэ, злева — пальма».

С. Рассадзін далучае яшчэ сем гербаў — Астрыны, Ашмянаў, Барысава, Воўпы, Гарадной, Геранёнаў і Радуні. Заўважым, што аўтар манаграфіі ігнаруе два агульныя падыходы да прынцыпу будавання геральдычных класіфікацый:

1. Падзел гербаў робіцца на аснове паходжання. З улікам паходжання, напрыклад, алень як эмблема ўладальніцкага герба трапляе ў групу ўладальніцкіх гербаў; алень св. Губерта трапляе ў групу рэлігійных гербаў; проста алень, як эмблема сама па сабе, трапляе ў групу анімалістычных гербаў. Адна толькі група ўладальніцкіх гербаў можа аб’ядноўваць у сабе ўсю разнастайнасць эмблемаў геральдычнай класіфікацыі.

2. Падзел гербаў робіцца на аснове падабенства. Эмблемы групуюцца паводле прынцыпу ўжывання, як сродкі вытворчасці ці прадметы культуры, нарэшце, па простым падабенстве. Такім чынам, усе выявы аленяў трапілі б у адну групу — анімалістычную [8].

Герб можа мець прыкметы розных групаў, але мае дачыненне толькі да адной, бо ў кожным гербе ёсць ці дамінуючая фігура ці ганаровае месца ў шчыце, калі такой фігуры няма.

Астрына, 1792 г.

АСТРЫНА: «Башта, на якой рука ў даспехах з палашом».

Мы адносім гэты герб да групы архітэктанічных (з прыкметаю уладальніцкага). Як і большасць нацыянальных архітэктанічных гарадскіх гербаў, ён адлюстроўвае не рэальны помнік архітэктуры, а саму ідэю горада. Ад уладальніцкай групы — «збройная рука з шабляй» як адзін з варыянтаў «Малой Пагоні» (калі на шчыце прыведзены не ўвесь герб «Пагоня», а толькі яго элемент. «Однако формальный подход представляется здесь явно недостаточным, — сцвярджае С. Рассадзін. Обратим внимание: неизвестный художник на военно-оборонительных качествах изображаемого объекта внимание зрителя не акцентирует. <...> это скорее символ неподвластности времени.

<...> В «herbie» Острины также выше башни изображена еще одна, по-видимому, тоже главная во всей композиции фигура, а именно «ręka zbrojna w górę z pałaszem wyniesiona». Очевидно, что это — десница с мечем Господним [15, с. 42—43].

Па-першае, уся архітэктура, змешчаная ў палях тагачасных гербаў, відавочна з’яўлялася ўвасабленнем цвярдыні, што бароніць вернікаў — жыхароў горада (а вернікамі былі ўсе) ад націскаў варожых сілаў, але гэта не дае падставы звязваць архітэктанічныя гербы з гербамі рэлігійнымі; паводле гэтага штучнага прынцыпу ўся разнастайнасць геральдычных фігураў апынулася б у адной групе — «рэлігійнай», бо па сутнасці тлумачэнне амаль любога сімвала мае працяг у рэлігійнай плоскасці, не важна — каталіцкай, праваслаўнай ці ўвогуле паганскай. І, па-другое, тое ж самае можна аднесці і да ўзброенай рукі з шабляй на версе даха як дэталі ўладальніцкага герба.

Ашмяны, 1792 г.

АШМЯНЫ: «... на адным баку рука, якая трымае шалі, на другім баку — тарча, паміж імі цяля з надпісам пад ім “Memoria Stanislai Augusti 1792 (у памяць Станіслава Аўгуста)».

«Весы — светский символ <...> атрибут одной из языческих богинь, а именно Фемиды. С другой стороны, в католической эмблематике весы — атрибут Архангела Михаила <...>. Эти же Весы воздаяния ассоциируются и с самим Иисусом Христом. Характерная для эмблем 1792 г. католическая специфика заставляет предполагать, что и «herb» Ошмян также не выпадает из общего контекста» [15, с. 54—55].

Мы адносім гэты герб да групы алегарычных (з прыкметаю ўладальніцкага), што сімвалізуюць характар горада (прамысловы, культурны, памежны і г.д.), прылады працы, сімвалы і прадукты вытворчасці, ваенныя атрыбуты; атрыбуты навукі і культуры; геаграфічнае становішча горада, узнікненне горада (назва мясцовасці, іншыя асаблівасці і г.д.); іншыя славутасці.

Барысаў, 1792 г.

БАРЫСАЎ: «У сярэбраным полі сярэбраная зачыненая брама, над ёю св. Пётр на воблаку».

«Но ведь это не городские Борисова, а именно райские врата. Об этом красноречиво свидетельствует изображенная над ними сверху фигура Святого Апостола Петра с ключами от этих врат в руке» [15, с. 43].

Мы адносім гэты герб да групы архітэктанічных (з прыкметаю рэлігійнага), што сімвалізуюць архітэктуру дадзенага горада ці архітэктуру ўвогуле, па сутнасці — сам горад, яго ідэю.

Воўпа, 1792 г.

ВОЎПА: «У блакітным полі — бабёр».

Мы адносім гэты герб да групы анімалістычных. Паходжанне анімалістычных гербаў гэтага перыяду незразумелае. Безумоўна, гэтая фігура, як і любы іншы сімвал, мае тлумачэнне. Бабёр, заўсёды заняты стваральнаю працаю, стаў сімвалам працавітасці, а ў хрысціянскай традыцыі — аскетызму. С. Рассадзін не бачыць анімалістычнага характару гэтага герба. «Очевидно, что расшифровка истинной символики эмблемы <...> требует отказа от попыток примитивного истолкования. <...> бобр в католической традиции служил символом аскетизма <...>. Итак, в эмблеме <...> по-видимому, нашла свое отражение отнюдь не фауна Беларуси, а символика католицизма [15, с. 49—50].

Тлумачэнне сімволікі бабра зразумелае і не абвяргае анімалістычнага характару герба Воўпы. Выснова С. Рассадзіна не дадае нічога новага, а «неявный религиозный смысл» можна пры жаданні ўбачыць практычна ў любым гербе.

Гарадная, 1792 г.

ГАРАДНАЯ: «Лось, які мае залатыя рогі».

Мы адносім гэты герб да групы анімалістычных. Як і ў прыкладзе з гербам Мсціслаўля, С. Рассадзін упарта не звяртае ўвагі на апісанне, ці blason, змешчаны ў прывілеі. Згадаем, што дакументальныя крыніцы маюць прыярытэт перад крыніцамі сфрагістычнымі, а тым больш апісанне мае прыярытэт перад выяваю, што мы бачым на прыкладзе Гарадной. Але… цытуем далей.

«Таким образом, вопреки содержащемуся там же блазонированию, на эмблеме в “дипломе” Городной изображен не лось, а олень. <...> Олень — символ набожности в христианской иконографии». Далей ідуць разважанні наконт таго, як павінен выглядаць сапраўдны Alces alces, і ў якасці высновы чытаем: «Возможно, мы имеем дело здесь не с простой ошибкой, а с некой контаминацией» [15, с. 44].

Напэўна, пісар ці нейкі чыноўнік, які намаляваў лася так, як умеў, вельмі здзівіўся б, даведаўшыся, што зрабіў не «просто ошибку», а нейкую «контаминацию»...

Геранёны, 1792 г.

ГЕРАНЁНЫ: «У зялёным полі чырвонае палаючае сэрца, пранізанае мячом».

Мы адносім гэты герб да групы «іншыя гарадскія гербы», паколькі нічога не можам сцвярджаць адносна яго паходжання. А. Цітоў пакінуў яго за межамі класіфікацыі «ў сувязі з незразумеласцю сімволікі» [4, с. 39]. «Между тем, — сцвярджае С. Рассадзін, — пылающее, мечем пронзенное сердце относится к основному фонду католической эмблематики» [15, с. 42].

Па-першае, у каталіцкай іканаграфіі Найсвяцейшае Сэрца Езуса і Беззаганнае Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі выяўляюцца адпаведна з цярновым вянком і ружовым. Па-другое, паводле прывілея Станіслава Аўгуста ад 25 траўня 1792 г., апісанне герба наступнае: «няўдзячнае сэрца, пранізанае мячом» [2, арк. 64 зв.]. Цяпер зразумела, чаму няма вянка цярновага ці ружовага. Акрэсленне «няўдзячнае сэрца» выразна сведчыць аб тым, што галоўная фігура геранёнскага герба не мае дачынення да «основного фонда католической эмблематики». Аналогію можна правесці з уладальніцкімі гербамі «Кара» («Оброна»): «сэрца, прабітае стралой» [18, s. 131.]; «Прыяцель»: «сэрца, прабітае стралой на місе» [18, s. 133.]; з гербамі «Лянген» («Прыяцель зменены») [19, s. 275] і «Вакоўскі» [19, s. 314].

Радунь, 1792 г.

РАДУНЬ: «У сярэбраным полі чырвоны рак».

Мы адносім гэты герб да групы ўладальніцкіх гарадскіх гербаў, але з умоўнасцю, якая выцякае з таго, што не вызначана яго дакладнае паходжанне. Гэтая акалічнасць дала падставу А. Цітову аднесці герб Радуні да «падгрупы штучных гербаў, якія маюць выявы геральдычных і негеральдычных жывёлаў» [4, с. 31]. У дадзеным выпадку гэта герб «Варня» («Вorewa»), ці проста «Rak»: «У сярэбраным полі чырвоны рак у слуп» [20, s. 157]. Аднак С. Рассадзін прапануе наступнае тлумачэнне: «Белорусский фольклор демонстрирует отрицательное отношение к этому персонажу. <...> Однако королю Станиславу II Августу мнение местного pospolstwa вряд ли было известно. <...> он, похоже, руководствовался совсем другими представлениями. В теологической схоластике католической Европы отношение к раку было совсем иным — сугубо положительным [15, с. 53—54].

Што ж, відавочна, каралеўскія пажалаванні гарадскіх гербаў грунтаваліся не на «идеологических основаниях белорусского фольклора».

У наступным раздзеле распавядаецца, як трэба рабіць сапраўдную геральдыку, — «Согласно герольдии правилам». «Случилось так, что явно реакционная тенденция окатоличивания компенсировалась совсем другой, подчеркнуто светской тенденцией развития геральдики городов Беларуси. <...> Разработанные ею (Расійскай Геральдмейсцерскай Канторай (далей — Кантора; заўв. А.Ш.) в то время гербы для наших городов представляли собой один из результатов неуклонного поступательного развития в России геральдического искусства» [15, с. 57].

З захопам нашых земляў Расейскай імперыяй новыя гаспадары, безумоўна, мелі патрэбу ў бачных сведчаннях сваёй улады, і гарадскія гербы прыйшліся тут вельмі дарэчы. Немагчыма згадзіцца з тым, што замест «адсталых, рэакцыйных, клерыкальных, каталіцкіх» гербаў мы былі ашчасліўленыя прадуктамі «неуклонного поступательного развития геральдического искусства». Адзначым найбольш характэрныя рысы расейскай гарадской геральдыкі, шырокае ўвядзенне якой пачалося падчас рэформаў Пятра І. Рэвалюцыйная ломка традыцыйнага расійскага грамадска-палітычнага ладу жыцця мела супярэчлівы характар. Еўрапейскія новаўвядзенні, перанесеныя на іншую глебу, часта выглядалі штучна. Штучнасць прысутнічала і ў геральдыцы. Расійскія гербы для беларускіх гарадоў мелі тыя ж асаблівасці, што і гербы па ўсёй імперыі, якім уласцівыя агульныя рысы: наяўнасць больш чым адной фігуры, натуралістычнасць, прысутнасць перспектывы, падзелы палёў, — гэта значыць процілегласць таму, што адрознівала нашы гарадскія гербы, якія па сваіх знешніх формах у цэлым ствараліся пад уплывам заходнееўрапейскай геральдыкі, але з захаваннем мясцовых традыцый, што выявілася ў адмове ад шэрагу канструктыўных і стылёвых яе асаблівасцяў — шматфігурнасці, шматпалёвасці і г.д. Гарадскі герб у ВКЛ XV–XVIII стст. — гэта, як правіла, адно поле, адна фігура, адна-дзве эмалі, адзін метал. Дзяржаўны стыль расійскай герольдыі быў далёкі ад канонаў геральдычнага мастацтва [21, s. 245].

Мэтанакіраванае скасаванне беларускіх гарадскіх гербаў з’яўлялася часткаю расійскай палітыкі, у якой гербы сталі адным са шматлікіх элементаў — з іх будавалася сістэма распрацаваных урадам захадаў па ўзмацненні ўласных пазіцый [17, c. 223]. Расійскі геральдыст Н.Ф. Дзямідава на прыкладзе гарадскіх гербаў і пячатак Башкірыі XVII–XVIII стст. сцвярджае, што расійскія гарадскія гербы часта мелі палітычную нагрузку, паколькі іх стваральнікі недвухсэнсоўна ставілі перад сабой мэту праслаўлення самадзяржаўя і зацвярджэння яго ўлады.

Гербы ператвараліся ў своеасаблівыя сімвалы каланіяльнай палітыкі імперыі [13]. Сцвярджэнне аб замене ўсіх беларускіх гарадскіх гербаў датычыць і тых нешматлікіх, дзе захаваліся старыя эмблемы, паколькі нават усяго толькі новая мастацкая рэдакцыя [5, c. 98] арганічна ўпісала «новыя» старыя гербы ў шэраг расійскіх. Цалкам страцілі свае гербы Менск, Магілёў, Віцебск, Гарадок, Слуцк, Полацк, Сураж, Чэрыкаў, Чавусы, Слонім, Орша, Брэст, Кобрын, Пружаны, Ліда, Дзісна, Гродна, Ашмяны, Ваўкавыск, Гомель, Мсціслаў.

Рэлігійныя гербы, створаныя ў традыцыях каталіцкай іканаграфіі, дзе ўжываліся некананічныя з пункту гледжання праваслаўя сюжэты, як, напрыклад, у гербе Кобрына (св. Ганна і Найсвяцейшая Панна Марыя з Дзіцем) прынялі на сябе наймацнейшы ўдар. Ацалеў толькі наваградскі герб, ды і тое фігура арханёла Міхала перамясцілася ў другое, менш ганаровае поле [6, с. 69—70].

Можна наракаць на незнаёмства пісараў, чыноўнікаў вялікакняскай (ці каралеўскай) канцылярыі з мастацтвам геральдыкі, але не пісары і чыноўнікі стваралі тыя гербы, яны ўсяго толькі спрабавалі больш-менш дакладна перавесці ў матэрыяльную плоскасць іх апісанне (blason).

Шматлікія гарады і мястэчкі на працягу сваёй гісторыі ў нас і ў іншых краінах маглі мець не адзін герб, таму часам паўставала пытанне, які ўсё ж абраць — ці самы старажытны, ці той, што выкарыстоўваўся найбольш працяглы час, ці, нарэшце, спыніцца на апошнім? Для тых, хто ведае гісторыю нашай Бацькаўшчыны не па бээсэсэраўскіх дапаможніках, адказ відавочны. Для аднаўлення герба дастаткова толькі апісання, і вось тут справа геральдыста, як свайго роду рэстаўратара, зрабіць так, каб ён адпавядаў патрабаванням геральдыкі як мастацтва і навукі. Зноў жа, у еўрапейскай геральдыцы ёсць шмат прыкладаў, калі старажытныя (і не вельмі) гербы карэктаваліся стылістычна, удасканальваліся ў сувязі з патрабаваннямі часу — і гэта ўсё, што можна дазволіць, што не павінна змяняць сутнасць самога герба.

С. Рассадзін слушна гаворыць пра недапушчальнасць «неприязненного избирательного отношения» [15, с. 94] да гарадскіх гербаў «галантного века» і пра тое, што «памятники исторической геральдики находятся выше приходящих симпатий и антипатий» [15, с. 94]. Так, але відавочна, што размова ідзе не пра гэта — не можа герб, дадзены чужынскаю ўладаю, замяніць айчынны. Гэты чужынскі герб, пры пэўных умовах, можа існаваць толькі тады, калі быў дадзены ўпершыню (такія прыклады ёсць у Польшчы), і гэта таксама будзе актам гістарычнай справядлівасці, які не павінен здзяйсняцца за кошт знішчэння нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны. Але што мы бачым? Аўтар манаграфіі, у свой час працуючы ў Дзяржаўным камітэце па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь, па службовых абавязках меў дачыненне і да нашай геральдычнай спадчыны. Гартаючы старонкі кнігі, мы праходзім праз «галерэю дасягненняў», здзейсненых падчас яго кіраўніцтва ў адносінах да наступных гербаў часоў ВКЛ:

Барысаў. Герб 1792 г., нададзены Станіславам Аўгустам. «У сярэбраным полі сярэбраная адчыненая брама, над ёю св. Пётр на воблаку»; з 2000 г. існуе ў рэдакцыі расейскай герольдыі — з зачыненаю брамаю [12, с.173–174].

 
Гомель, 1560 г.
(рэканструкцыя А. Цітова).
  Гомель, 1856 г.

Гомель. Замест герба 1560 г., нададзенага Жыгімонтам Аўгустам паводле апісання з прывілея «з гербом крыжа» [3], які, па словах С. Рассадзіна, «был гомельчанами, наверное, уже основательно забыт» [16, с. 115], горад у 1997 г. зноў атрымаў герб, нададзены расейцамі ў 1856 г. — «В голубом поле <...> золотая лежащая рысь» [12, с.102–103].

 
Мсціслаў, 1632 г.
(рэканструкцыя А.Цітова).
  Мсціслаў, 2001 г.

Мсціслаў. Замест герба 1632 г., нададзенага Уладзіславам ІV Вазам, «меч са шчытом наверсе» [22, s. 406]; горад у 2001 г. атрымаў герб, сканструяваны С. Рассадзіным, — «В серебряном поле <...> из голубого облака выходит длань Господня, вооруженная стальным мечом с золотой рукоятью, под ней герб Мстиславского княжества — красный волк, повернутый вправо» [12, с.230—231].

 
Мазыр, 1577 г.
(рэканструкцыя А. Цітова).
  Мазыр, 2001 г.

Мазыр. Герб 1577 г., нададзены Стэфанам Баторыем, — «У блакітным полі чорны арол з шыльдай з літарай «S» [5, c. 72]. З 2001 г. існуе ў рэдакцыі расейскай герольдыі — без шыльды з каралеўскай манаграмай і ў іншай стылістыцы [12, 120—121].

 
Ваўкавыск, XVI ст.
(рэканструкцыя А.Цітова).
  Ваўкавыск, 2001 г.

Ваўкавыск. Замест герба, які існаваў, магчыма, з 1503 г. паводле прывілея вялікага князя Аляксандра, «ваўчыная галава» [1], горад у 2001 г. атрымаў герб, створаны на аснове атрыманага ад расейцаў у 1845 г., — «В голубом поле серебряный волк» [12, с.146—147]. (Больш падрабязныя звесткі змешчаны ў нашых публікацыях [7; 9; 10; 11]).

На заканчэнне лічым неабходным зрабіць яшчэ некаторыя заўвагі.

Аўтар не шкадуе дыфірамбаў у адрас Кацярыны ІІ і дэманструе нядбайнасць пры кожнай нагодзе, калі гаворка ідзе пра Касцёл, Рэч Паспалітую, наш народ і нашы гербы, што выяўляецца ў іранічным пераходзе на польскую мову: Matka Boska, herb, «herby», местное pospolstwo і г. д.

Адносна шэрагу гербаў перыяду ВКЛ, што датычыць абгрунтавання выяваў ці каляровых (і канструкцыйных) характарыстык, у нас ёсць толькі гіпатэтычныя дапушчэнні, што тлумачыцца недасканаласцю апісанняў. Але С. Рассадзін «зняў» усе пытанні, аб чым красамоўна сведчаць, напрыклад, сцвярджэнні кшталту: «символика рисунка в привилее Геранёнам целиком понятна [15, с. 42], это явно не просто обозначение некоего объекта оборонительного зодчества <...>. Очевидно, что это — десница с мечем Господним. (Астрына) [15, с. 42—43]. Итак, это, de facto не лось, а золоторогий олень» (Гарадная) [15, с. 44].

Нарэшце, наступныя пасажы, якія пасуюць хутчэй да бээсэсэраўскіх дапаможнікаў, чым да кнігі, выдадзенай сучасным дзяржаўным выдавецтвам, пасажы, якія сведчаць аб дрэнным веданні аўтарам манаграфіі айчыннай гісторыі, і якія, на наш погляд, зневажаюць рэлігійныя пачуцці беларускага народа, які жыве ў краіне, дзе канфесійная «лінія падзелу» фактычна праходзіць па саміх сем’ях: «бобр в католической традиции служил символом аскетизма, который практиковался, однако, далеко не всеми монахами» [15, с. 49—50]. «Вся эта нововведенная клерикальная символика была именно католической. <...>». «Herby» от Станислава II Августа за 1792 г. также представляют собой красноречивое свидетельство того, что этот курс окатоличивания упорно проводился в жизнь вплоть до самого конца существования Речи Посполитой» [15, с. 56]. «Явно реакционная тенденция окатоличивания» [15, с. 57]. «Появление же в 1781 — 1796 гг. <...> целой серии екатерининских гербов <...> сделалось в геральдике городов Беларуси неким противовесом клерикально-католическому началу, которое внесли в нее станиславовские «herby» 1792 г. Уже сама объективность требует признать, что подчеркнуто натуралистический характер этих разработанных Герольдмейстерской конторой гербов, возможно, лучше соответствовал ментальности тогдашнего населения Беларуси, где в целом преобладали во всяком случае не католики» [15, с. 75].

Дарэчы, танальнасць высноваў С. Рассадзіна нічым не адрозніваецца ад той, якою прасякнута савецкая кніга Я. Мараша «Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII века» (Мінск, 1974) [14].

Пажадаем аўтару манаграфіі пацікавіцца, колькі ў тым «галантном веке» прадстаўнікоў Касцёла — нашых суайчыннікаў (і не толькі) працавала на ніве навукі, культуры і мастацтва — усяго таго, што складае гонар і аздобу нашага Краю.


  1. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). Фонд. 1710. Ваўкавыскі гродскі суд. — Воп. 1. — Спр. 32. Акт экстракта подтвердительного привилея короля Александра волковысским мещанам на магдебургское право. 1790 г. — Л. 401—403 зв.
  2. Расійскі Дзяржаўны архіў старажытных актаў (РДАСА). Фонд. 389. — Воп. 1. — Спр. 556. Подтвердительные грамоты и привилегии городам и местечкам. 1791–1792 гг.
  3. Спірыдонаў, М. Гербы гарадоў феадальнай Беларусі / М.Спірыдонаў // Маладосць. — Мінск. — 1990. — № 12. — С. 156–163.
  4. Цітоў, А.К. Гарадская геральдыка Беларусі / А.К.Цітоў. — Мінск: Полымя, 1989. — 207 c.
  5. Цітоў, А.К. Геральдыка беларускіх местаў / А.К.Цітоў. — Мінск: Полымя, 1998. — 287 c.
  6. Шпунт, А.А. Рэлігійныя гарадскія гербы Беларусі / А.А.Шпунт // Наша вера. — 2002. — № 2. — С. 68–71.
  7. Шпунт, А.А. Гарадскія гербы Беларусі з прыкметамі гербаў рэлігійнай групы / А.А.Шпунт // Наша вера. — 2002. — № 3. — С. 74–77.
  8. Шпунт, А.А. Класіфікацыя гарадской геральдыкі Беларусі / А.А.Шпунт // Вес. Нац. акад. навук Беларусі. Сер. гуманітар. навук. — 2004. — № 1. — С. 47–55.
  9. Шпунт, А.А. «Клерыкальныя» беларускія гарадскія гербы ад Станіслава Аўгуста Панятоўскага / А.А.Шпунт // Герольд Litherland. — 2004. — № 3–4. — С. 72–76.
  10. Шпунт, А.А. Рассадзін С.Я., Міхальчанка А.М. Гербы і сцягі гарадоў і раёнаў Беларусі / А.А.Шпунт // Герольд Litherland. — 2004. — № 3–4. — С. 123—135. — Рэц. на кн.: Рассадзін, С.Я. Гербы і сцягі гарадоў і раёнаў Беларусі / С.Я.Рассадзін, А.М Міхальчанка. — Минск: Беларусь, 2005. — 128 с.
  11. Шпунт, А.А. Гарадская геральдыка Магілёўшчыны XVI-XVIII cтст./ А.А.Шпунт // Шляхі Магілёўскай гісторыі: Зборнік навуковых прац удзельнікаў IV Міжнароднай навуковай канферэнцыі, Магілёў, 23–24 чэрвеня 2005 г. / МДУ імя А.А.Куляшова; уклад. І.А.Пушкін, В.В.Юдзін — Магілёў, 2005. — С. 74–79.
  12. Адамушко, В.И. Гербы и флаги Беларуси / В.И.Адамушко, М.М.Елинская. — Минск: Беларусь, 2006. — 256 с.
  13. Демидова, Н.Ф. Отражение политики русского правительства в Башкирии в гербах и печатях её городов XVII — XVIII вв. / Н.Ф. Демидова // Южно-Уральский археографический сборник. — Уфа, 1973. — Вып. 1. — С. 112–121.
  14. Мараш, Я.Н. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII века / Я.Н.Мараш. — Мінск: Вышэйшая школа, 1974. — 288 с.
  15. Рассадин С.Е. Галантный век в гербах городов Беларуси: историко-геральдическое исследование / С.Е.Рассадин. — Минск: Беларуская навука, 2013. — 102 с.
  16. Рассадин, С. «Галантный век» городской геральдики Беларуси / С.Рассадзін // Архівы і справаводства. — 2001. — № 4. — С. 108–117.
  17. Соболева, Н.А. Российская городская и областная геральдика XVIII—XIX вв. / Н.А.Соболева. — Москва: Наука, 1981. — 263 с.
  18. Cetwiński, M. Herby, legendy, dawne mity / M.Cetwiński, M.Derwich. — Wrocław: Krajowa agencja wydawnicza, 1987. — 319 s.
  19. Gajl, T. Polskie rody szlacheckie i ich herby. / T.Gajl. — Białystok: Dom wydawniczy Benkowski, 2003 — 233 s.
  20. Górzyński, S. Herby szlachty polskiej / S.Górzyński, J.Kochanowski. — Warszawa: Uniwersytet Warszawski, Alfa, 1994. — 176 s.
  21. Kuczyński, S.K. Polskie herby ziemskie: Geneza, tresci, funkcje / S.K.Kuczyński. — Warszawa: Wydawnictwo naukowe PWN, 1993. —334 s.
  22. Rimša, E. Lietuvos didžiosios kunigaikštystes miestu antspaudai / E.Rimša. — Vilnius: Žara, 1999. — 765 s.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY