Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(72)/2015
Год кансэкраванага жыцця
Паэзія

ВЕРШЫ

«КАБ ЗРАБІЛАСЯ СВЕТЛА…»
Літаратуразнаўства
Гісторыя хрысціянства
Прэзентацыя
Асобы
На кніжнай паліцы

КНІГА-ВІТРАЖ
Пазіцыя

«ГАЛАНТНЫЙ ВЕК»...
Мастацтва

Алесь ЖЛУТКА

БЛАГАСЛАЎЛЁНЫ ВІТ —
ПЕРШЫ БІСКУП ЛІТВЫ-БЕЛАРУСІ:
ПРАЗ ЦЕРНІ ДА СВЯТАСЦІ

Абраз благаслаўлёнага Віта
з Віленскага мастацкага музея.

У ранняй гісторыі Касцёла ў Літве-Беларусі дасюль застаецца шмат нерасчытаных старонак. Некаторыя паглынутыя часам падзеі і постаці толькі сёння пачынаюць, нібы прывіды, паўставаць з імглы стагоддзяў. Быццам знічкі на небасхіле, яны на імгненне загарэліся і згаслі, каб потым прадоўжыць свой шлях ужо ў іншай нябачнай сутнасці.

Такі лёс напаткаў і нашага першага легітымнага, засведчанага пісьмовымі крыніцамі і называнага святым, біскупа Віта з ордэну дамініканаў. Нам невядома, дзе і калі ён нарадзіўся, дзе вучыўся і выхоўваўся, калі і як памёр. Толькі пункцірна, абапіраючыся на нешматлікія дакументы і сціслыя паведамленні храністаў, няпэўныя звесткі агіяграфічных твораў, мы можам паспрабаваць узнавіць яго жыццярыс.

Асабліва цьмяным застаецца жыццё Віта да прыняцця біскупскай сакры. Толькі ў другой палове ХІІІ ст. яго імя з’яўляецца на старонках дакументаў і хронік. І адбылося гэта ў сувязі з узнікненнем на нашых землях магутнай сярэднявечнай дзяржавы. У канцы 40-х – пачатку 50-х гадоў ХІІІ ст., але не раней за ліпень 1251 г., прымае хрост наваградскі князь Міндаў і, уклаўшы дамову з Нямецкім ордэнам у Лівоніі, пасылае да папы Інацэнта ІV паслоў з просьбаю аб каранацыі на караля Лютовіі і прызначэння для ягонай дзяржавы біскупа. Прыгадайма, што Літвой (у дакументах: Лютовіяй, Літовіяй ці Летовіяй) называлася наша тэрыторыя да гвалтоўнага ўлучэння ў склад Расійскай імперыі, пасля чаго назва «Літва» стала таксама ўжывацца ў дачыненні да суседняй балцкай краіны, якая раней была Жамойцю. 15, 17 і 26 ліпеня 1251 г. Папа выдае, вітаючы князя з прыняццем хросту і ідучы насустрач ягоным просьбам, шэсць булаў, у якіх бярэ яго і ягоную краіну пад апеку і абарону Святога Пасаду, даручаючы біскупу Кульма ў Прусіі (сёння Хэлмна ў Польшчы) дамініканіну Гайдэнрыку каранаваць Міндава на караля Літовіі, а таксама выбраць вартую асобу і высвяціць яе на біскупа краіны, папярэдзіўшы гэтага біскупа і святароў пра неабходнасць быць памяркоўнымі пры збіранні дзесяціны ў будучай дыяцэзіі. У чацвёртай буле ад 17 ліпеня, скіраванай да Кульмскага біскупа, папа Інацэнт ІV дае яму такія наказы:

«Давяраючы тваёй абазнанасьці, даручаем табе моцаю гэтага ліста паставіць нашай уладаю мужа дастойнага і разважлівага, дасьведчанага ў духовых і сьвецкіх справах, прыдатнага для пантыфікальнага абавязку і годнасьці, біскупам і пастырам памянёнай Літовіі ды, заклікаўшы да сябе двох ці трох біскупаў, удзяліць яму дар пасьвячэньня. Але перш памянёны кароль [павінен] вызначыць яму найлепшы надзел зямлі для заснаваньня катэдральнага касьцёла, ды належныя і годныя ўпасажаньні. Мы хочам, каб яму было дазволена, у зручны для сябе час, наведаць зямлю гэтага караля і выканаць там усё, што павінен выконваць біскуп. Урэшце, пасьля таго як памянёны біскуп, які з нашай волі мае падпарадкоўвацца толькі рымскаму пантыфіку, згодна са зьместам нашага даручэньня будзе пастаўлены, вазьмі ад яго прысягу звычайнай вернасьці на імя нашага і Рымскага Касьцёла паводле формы, якую мы дасылаем табе запячатанаю пад нашай булаю»1.

Са зместу дакумента вынікае, што кароль браў на сябе абавязак перад высвячэннем біскупа забяспечыць яго ўсім неабходным для заснавання і функцыянавання біскупскай катэдры і дыяцэзіі. Будучы біскуп павінен быў наведаць зямлю караля. Ён меўся падпарадкоўвацца наўпрост Пантыфіку і скласці яму прысягу вернасці.

Справа каранацыі і высвячэнне біскупа, аднак, здзейсніліся не так хутка з розных прычынаў, і, магчыма, перадусім з-за супрацьдзеяння арцыбіскупа Лівоніі і Прусіі Альберта, які меў свае планы адносна будучага біскупа. Каранацыя адбылася толькі ў ліпені 1253 г. у Наваградку ці ў яго ваколіцах. У тым жа годзе быў высвечаны таксама і першы наш біскуп, дамініканін Віт. Пра гэтую падзею апавядаюць польскія хронікі ХІІІ ст. У Хроніцы Богухвала і Гадзіслава Паска паведамляецца: «У тым жа годзе (1253) былі пасвячоныя вялебным Пэлкам, Гнёзненскім арцыбіскупам, Пазнанскі элект Пётр і першы біскуп літвінаў брат Віт з Ордэну прапаведнікаў»2. Другая хроніка — «Вялікапольскі гадавік», удакладняе: «У тым жа годзе (1253) у вёсцы князя Земавіта Казлове быў высвечаны на біскупа Пазнанскі элект Пётр. Таксама ў тым жа годзе быў пастаўлены першы біскуп у Літовію брат Віт з Ордэну прапаведнікаў і там жа ў Казлове быў высвечаны разам з Пятром»3. Відаць, гэтае высвячэнне закранула інтарэсы незадоўга перад тым пастаўленага Папам арцыбіскупа Лівоніі і Прусіі Альберта, які прэтэндаваў на духоўную ўладу над дзяржаваю Міндава, бо 24 чэрвеня таго ж 1253 г. папа Інацэнт ІV ужо яму дае наказ паставіць для гэтай дзяржавы біскупа, такі ж, як даваў два гады перад тым Кульмскаму біскупу:

«Найдаражэйшы ў Хрысьце сын наш [Міндаў], найясьнейшы кароль Летовіі, нованавернуты да хрысьціянскае веры, горача жадае, як паведамляюць, каб y ягоных краёх была біскупская сядзіба, больш за тое, ён гатовы на свае сродкі збудаваць катэдральны касьцёл i шчодра ўпасажыць яго дзеля славы i хвалы Божае. Таму мы, схіляючыся да яго пабожных жаданьняў, даручаем гэтым апостальскім лістом табе, брату нашаму, да якога маем асаблівы давер, паставіць нашаю ўладаю, калі пра гэта будзе прасіць кароль, разважлівую, дасьведчаную ў духовых i сьвецкіх справах ды прымальную для памянёнага караля асобу на біскупа i пастыра і, далучыўшы да сябе двох ці трох біскупаў, удзяліць яму дар пасьвячэньня. Зрабі так, каб падданыя выявілі яму належную пашану i паслухмянасьць, a пасьля гэтага вазьмі ад яго для нас i Рымскага Касьцёлу прысягу звычайнай вернасьці згодна з формай, якую высылаем табе запячатанай пад нашаю булаю»4.

У другім сваім лісце ад 21 жніўня 1253 г. Папа канкрэтызуе свой наказ, даручаючы Альберту паставіць на просьбу караля Міндава біскупам Летовіі «брата Хрысціяна, прэзбітэра Нямецкага ордэну»5. Арцыбіскуп высвяціў Хрысціяна, але ўзяў ад яго прысягу на вернасць сабе, таму двума новымі лістамі ад 3 верасня 1254 г. Міндаву і Хрысціяну Інацэнт ІV вызваляе апошняга ад прысягі, дадзенай Альберту:

«Схіліўшыся да просьбаў тваёй сьветласьці, мы далі нашым лістом y адпаведнай форме даручэньне вялебнаму брату нашаму арцыбіскупу Лівоніі i Прусіі на тваё запатрабаваньне a нашай уладаю паставіць пастырам на катэдральны касьцёл, які ты ў сваіх краёх намерваўся наноў узьвесьці ўласным коштам i шчодра ўпасажыць, вялебнага брата нашага Хрысьціяна, біскупа Летовіі, a ў той час брата прэзьбітэра шпіталю сьвятой Марыі Нямецкага ордэну ў Лівоніі, i ўдзяліць яму дар пасьвячэньня, a таксама ўчыніць, каб падданыя выявілі яму належную паслухмянасьць i пашану, ды ўзяць пасьля ад яго прысягу звычайнай вернасьці для нас i Рымскага Касьцёлу паводле формы, якую мы даслалі яму ж запячатанай пад нашаю булаю. Але той жа арцыбіскуп, перш чым да яго дайшоў наш ліст, паставіў таго ж Хрысьціяна на памянёны касьцёл, узяўшы ад яго прысягу вернасьці сабе i свайму касьцёлу, хоць гэта ніякім чынам не ўваходзіла ў нашыя намеры, тым больш што зямля Летовіі знаходзіцца ў юрысдыкцыі i ўласнасьці сьвятога Пятра, i дзеля пашаны да тваёй высокасьці мы хочам, каб там быў біскуп падпарадкаваны нікому іншаму, як толькі Рымскаму пантыфіку. A паколькі потым y сваім поўным павагі лісьце ты папрасіў, каб мы з абачлівасьцю апостальскага пасаду паклапаціліся пра гэта, мы, схіляючыся да тваіх просьбаў, пастанаўляем, што той жа біскуп не павінен ні ў якай меры захоўваць згаданую прысягу, дадзеную такім чынам памянёнаму арцыбіскупу»6.

У той жа дзень трэці ліст з падобным зместам Пантыфік скіраваў таксама Наўмбургскаму біскупу, які павінен быў узяць ад новапастаўленага біскупа прысягу на вернасць Папу7. Як бачна з гэтых дакументаў, арцыбіскуп Альберт дамагаўся падпарадкаваць касцёльную арганізацыю ў Літве-Беларусі сваёй юрысдыкцыі. Мабыць, зважаючы на гэтыя памкненні Альберта, для кансэкрацыі біскупа Віта быў пакліканы як роўны ці нават вышэйшы ў статусе арцыбіскуп, Гнёзненскі мітрапаліт Пэлка, хоць даручэнне на гэтую кансэкрацыю было раней дадзенае Кульмскаму біскупу Гайдэнрыку, які каранаваў Міндава. Такім чынам, амаль адначасна для нашай дзяржавы былі прызначаныя два біскупы, за якімі, відаць, стаялі два канкуруючыя бакі: Гнёзненская мітраполія, якая імкнулася пашырыць свае межы на ўсход, і новае арцыбіскупства Лівоніі і Прусіі, якое ў 1255 г. таксама набудзе статус мітраполіі з сядзібаю ў Рызе і таксама ўжо ад пачатку будзе прэтэндаваць на пашырэнне сваіх межаў на ўсходнеславянскія абшары. Магчыма, не ў апошнюю чаргу і гэтая акалічнасць змусіць неўзабаве біскупа Віта звярнуцца да Папы з просьбаю аб вызваленні ад біскупскага абавязку на нашых землях.

Пад 1254 годам польскія хронікі змяшчаюць паведамленне пра беатыфікацыю Кракаўскага біскупа і мучаніка Станіслава. На ўрачыстасць абвяшчэння беатыфікацыі і ўзняцця рэліквіяў у Кракаў сабраліся князі польскіх земляў, сярод якіх быў і памянёны мазавецкі князь Земавіт, духавенства: папскі легат абат Мезаны, Апізо, Гнёзненскі арцыбіскуп Пэлка, многія польскія біскупы, а таксама «Віт, першы біскуп Літоўскі з Ордэну прапаведнікаў, Герард — першы біскуп Русі з Ордэну цыстэрцыянцаў, калісьці абат у Апатаве»8.

А ўжо праз год, 1 сакавіка 1255 г., новы папа Аляксандр ІV на просьбу Віта вызваляе яго ад абавязкаў біскупа, пакідаючы тытул: «[Аляксандр, біскуп, слуга слугаў Божых, вялебнаму брату] Віту, былому біскупу Літовіі, [збаўленне і апостальскае благаслаўленне]. Неяк ты настойліва прасіў нас, адмаўляючыся не ад годнасці, а ад месца, каб мы прынялі твой адыход. Параіўшыся з нашымі братамі, мы, хоць і неахвотна, спаўняем гэтае тваё жаданне і праз вялебнага брата нашага Тускулянскага біскупа ад нашага імя прымаем твой адыход ад пантыфікальнага абавязку, але не годнасці»9.

Ліст біскупа Віта ад 29 верасня 1257 г. з адпустам для францішканаў
у Клодзку. Вроцлаў, Дзяржаўны гістарычны архіў.

Пасля 1255 г. наш біскуп знікае з поля зроку пісьмовых крыніцаў, каб з’явіцца зноў праз два гады спачатку на чэшска-мараўскіх, а затым на польскіх землях. Так, 29 верасня 1257 г. ужо як «былы Літоўскі біскуп» ён удзяліў адпуст францішканскай капліцы ў Клодзку, якую папярэдне асвяціў10 і ў тым жа годзе ўчыніў тое ж самае для касцёла дамініканаў у Оламаўцу11. Яшчэ праз два гады, у 1259 г., такі ж прывілей атрымаў ад яго дамініканскі касцёл у мараўскім Брне12, а ў 1260 г. парафіяльны касцёл у Шпротаве ў польскай Сілезіі13. 29 чэрвеня 1262 г. ён у прысутнасці Познаньскага біскупа Багухвала і Любушскага біскупа Вільгельма асвяціў прэзбітэрый катэдры св. Пятра і Паўла ў Познані і ўдзяліў з гэтай нагоды адпуст14. Крыху пазней, 5 лістапада таго ж 1262 г., атрымаў ад яго адпуст таксама касцёл св. Міхала ў Вроцлаве15. Апошняя прыжыццёвая згадка пра біскупа Віта датаваная 20 красавіка 1263 г., калі ён асвяціў касцёл у гонар Усіх Святых і святога мучаніка Лаўрэнцыя ў Глуўнай16. Пасля гэтага след яго прападае. Паводле дамініканскай традыцыі апошнія гады жыцця Віт правёў у Кракаве, дзе нібыта быў спаведнікам князя Баляслава Сарамлівага. Толькі пад 1269 г., ужо пасля смерці і ў сувязі з яго культам, з’яўляецца паведамленне ў «Жыцці святога Яцка», напісанага ў ХIVст. кракаўскім лектарам Станіславам17. Пазней, відаць зыходзячы з гэтай даты, пачалі лічыць, што біскуп развітаўся з гэтым светам менавіта ў 1269 годзе. У памінальнай кнізе дамініканскага канвенту ў Кракаве ΝΕΚΡΟΓΡΑΦΙΑ seu OBITUS fratrum… Ordinis nostri дзень ягонай смерці аднесены да 24 траўня без указання года. Запіс паведамляе: «D. Vitus episcopus Lithiviensis alias Lithuaniae frater Ordinis hic sepultus et beatus dictus» (Святы Віт, біскуп Літыўскі, іначай Літвы, брат Ордэну, тут пахаваны і названы благаслаўлёным). Іншаю рукою дапісана: «Martyrenimest» («Бо ён мучанік»)18. Біскуп Віт быў пахаваны ў дамініканскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Кракаве побач са св. Яцкам Адрованжам, ягоным паплечнікам ці настаўнікам. Як піша ў сваёй «Гісторыі польскай літаратуры» Міхал Вішнеўскі, у кракаўскім кляштары дамініканаў захоўвалася копія ліста біскупа Віта да папы Інацэнта IV: «Dechristianorum in Lithovia conditione doplorabili, ad sanctissimum et beatissimum patrem dominum Innocentium papam quartum, fratris Vitide Ordine Praedicatorum episcopi Litoviensis, epistola» («Пра плачлівы стан хрысціянаў у Літовіі, ліст да найсвяцейшага і благаслаўлёнага айца пана Інацэнта чацвёртага, Папы, брата Віта з Ордэну прапаведнікаў, Літоўскага біскупа»19. На вялікі жаль, гэты дакумент не захаваўся да нашага часу, бо, верагодна, быў знішчаны пажарам, які ахапіў Кракаў у 1850 годзе. Мабыць, на яго абапіраўся дамініканскі гісторык Абрагам Бзоўскі, калі пісаў пра місію Віта ў Літве-Беларусі і пра апошнія гады ягонага жыцця: «Благаслаўлёны Віт з Ордэну прапаведнікаў … рупліва працаваў для навяртання паганскіх літвінаў. Таму ён быў пастаўлены Інацэнтам чацвёртым першым біскупам для гэтага народу, нядаўна ім ахрышчанага. Ад іх жа, калі неўзабаве яны разам з каралём Мендагам вярнуліся да аблуды і шанавання ідалаў, ён зазнаў жахлівыя крыўды і нягоды, ды нават быў паранены і нарэшце прагнаны. Вярнуўшыся ў Кракаў, у 1254 г. ён разам з арцыбіскупам і Герардам, ды іншымі біскупамі ўзяў удзел у той урачыстасці, калі былі ўзнятыя з труны, пранесеныя ва ўрачыстай працэсіі і выстаўленыя для публічнага ўшанавання рэліквіі цела святога Станіслава, біскупа і мучаніка, незадоўга перад тым далучанага Інацэнтам чацвёртым да ліку святых. Нарэшце, калі быў у Кракаве і думаў вярнуцца да даручанага яму статку, упаў у цяжкую хваробу, і, прадбачыўшы канец жыцця, умацаваны Найсвяцейшымі Сакрамэнтамі згодна з хрысціянскім абрадам, перасяліўся з зямной да нябеснай бацькаўшчыны з найвялікшым перакананнем усіх у ягонай святасці, якую выявіў вялікімі цудамі, учыненымі перад ягонымі рэліквіямі, пахаванымі ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Кракаве»20.

Дамініканскі касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Кракаве.

Такія нешматлікія і недастаткова пэўныя звесткі пра жыццё і дзейнасць біскупа Віта тым не менш далі спажыву розным здагадкам і гіпотэзам. Зыходзячы з імені, мяркуюць, што месцам яго нараджэння можа быць краіна, дзе быў пашыраны культ Віта — раннехрысціянскага святога і мучаніка. Святы Віт, які амаль ад самага нараджэння чыніў цуды, навяртаў паганцаў, вылечваў хворых, у тым ліку і хворых псіхічна, пасля адмовы зрачыся веры ў Хрыста, быў у дзіцячым веку (у 7 ці 12 гадоў) замучаны на загад Рымскага імператара Дыяклецыяна. Адбылося гэта каля 303 года. З Сіцыліі, дзе нарадзіўся і жыў святы, ягонае шанаванне паступова пашырылася ва ўсёй Еўропе. З 837 г. галоўным еўрапейскім асяродкам культу мучаніка стаў вядомы сваёй апостальскай працаю ў навяртанні палабскіх славянаў бэнэдыктынскі кляштар Новая Карбея ў Саксоніі, куды з кляштара бэнэдыктынаў Сэн-Дэні пад Парыжам перанеслі яго мошчы. Манахі бэнэдыктыны з гэтага кляштара, з якога выйшаў і Апостал Поўначы св. Ансгар, пашырылі культ Віта на поўнач і ўсход. У Х ст. Багемскі герцаг Вячаслаў атрымаў адтуль руку святога і заснаваў у Празе касцёл, пазней знакаміты сабор св. Віта. Папулярным быў святы і ў Польшчы. Святы Віт з’яўляецца апекуном-патронам Саксоніі і абацтва Новай Карбеі, многіх баварскіх і аўстрыйскіх гарадоў, Чэхіі і горада Прагі, а таксама акцёраў, аптэкараў, эпілептыкаў і істэрыкаў, хворых на вочы.

Лічыцца, што наш Віт быў славянінам, а больш дакладна, чэхам ці палякам. Як аргумент на карысць гэтага даюцца спасылкі на дакументы пра ягонае прабыванне на чэшска-мараўскай тэрыторыі і ў польскай Сілезіі пасля адыходу з пасады біскупа Літовіі, а таксама на побыт і пахаванне ў Кракаве. Але, калі наш біскуп быў названы ў гонар сіцылійскага Віта, то з гэткай жа верагоднасцю можна дапусціць, што ён паходзіў з усходнеславянскіх земляў, з Украіны ці з Літвы-Беларусі, дзе таксама, як сведчыць успамін святога ва Успенскім зборніку ХІІ-ХІІІ стст.21, напісаным на ўсходнеславянскіх землях, існаваў культ Віта і дзе ў першай трэці ХІІІ ст. ужо працавалі францішканскія і дамініканскія місіянеры. Існуе меркаванне, што культ Віта быў прынесены на ўсходнеславянскія землі з Сазаўскага кляштара бэнэдыктынаў у Чэхіі, дзе нават павінна была правіцца літургія па славянскім абрадзе22. У 20-я гады ХІІІ ст. у Кіеў выправілася дамініканская місія ў складзе чатырох братоў, ачоленая Яцкам Адрованжам, які заснаваў там канвент дамініканаў пры ўжо існуючым бэнэдыктынскім кляштары Найсвяцейшай Панны Марыі23. Да 1231 г. ім удалося дасягнуць пэўных поспехаў у хрысціянізацыі мясцовага насельніцтва, у тым ліку ў навяртанні некаторых русінаў у лацінскі абрад. Але ў 1233 г., мабыць, з прычыны непрыхільнага стаўлення да місіі з боку мясцовага, пастаўленага візантыйскім патрыярхам мітрапаліта і занадта патрабавальнага стаўлення місіянераў да неафітаў, дамінікане разам з Яцкам былі прагнаныя з Кіева, хоць некаторыя з братоў, відаць, заставаліся ў Кіеве аж да 1240 г., калі горад спустошылі татары. Пасля татарскага наезду місія была перанесеная ў Заходнюю Украіну. Не выключана, што наш Віт мог далучыцца да Яцка падчас ягонага прабывання ў Кіеве альбо нават быў рэкрутаваны ў ордэн з мясцовых насельнікаў ці наўпрост з выхаванцаў бэнэдыктынскага кляштара. Прынамсі ў першым «Жыцці св. Яцка», напісаным кракаўскім лектарам Станіславам, паведамляецца пра масавыя навяртанні і шматлікія пакліканні да прыняцця манаскага габіта ў Кіеве24. У такім выпадку навіцыят і пачатковую фармацыю будучы біскуп мог адбыць у кіеўскім кляштары бэнэдыктынаў, затым у канвенце дамініканаў, а прадоўжыць, напрыклад, у Кракаве. Часам можна сустрэць меркаванне, што ўжо ў 30-я гады ХІІІ ст. Віт быў кракаўскім канонікам. Але дакументы з 1235-га і 1236 гг., у якіх згадваецца нейкі prepositus Vitus25 і Vitus Cracoviensis prepositus26, датычаць, найверагодней, іншай асобы, бо ў «Календары» Кракаўскага капітула пад 1248 г. паведамляецца пра смерць гэтага аднайменніка нашага біскупа27.

Любча. Мастацкая рэстаўрацыя Паўла Татарнікава.

Невядома, калі дакладна распачаў Віт сваю місію на нашых землях. Магчыма, гэта адбылося ў саракавыя гады ХІІІ ст. пасля татарскага наезду на Кіеў. Цікавую звестку, спасылаючыся на паведамленне лідскага суддзі Станіслава Адамовіча, падае Тэадор Нарбут. Быццам бы да нейкай справы, якую разглядаў гэты суддзя, былі прыкладзеныя дакументы, дзе апавядалася, што пасля татарскага наезду на Кіеў князь Міндаў прыняў да сябе ўцекача Андрэя Кіяна, якому аддаў у валоданне мястэчка Любча каля Наваградка. Кіян запрасіў туды дамініканаў на чале з Вітам, які заснаваў у мястэчку дамініканскую місію і касцёл, а потым сваю рэзідэнцыю28. Нягледзячы на няпэўнасць гэтай звесткі, не падмацаванай канкрэтнымі дакументамі і перададзенай праз другія рукі, яна ўсё ж заслугоўвае даверу. У «Жыцці святога Яцка» пры апісанні цудаў, якія чынілі пасля смерці ён і Віт, апошні фігуруе пад найменнем episcopus Lubusensis, Lubecensis, Lubuzensis, Lubozanus, Lubuzanus29. Старажытная Любча ў кірылічных пісьмовых крыніцах пісалася таксама як Любч, Любеч30. Паколькі ў лацінскай мове не было спецыяльнай літары для азначэння гуку «ч», ён перадаваўся блізкімі па гучанні літарамі c, z, s. Лацінскія суфіксы -ensis, -anus у гэтым выпадку адпавядаюць нашаму –анскі, таму пададзеным вышэй лацінскім азначэнням будуць адпавядаць беларускія: біскуп Люб(у)чанскі, Любечанскі, Люб(у)чанскі, Люб(о)чанскі, Люб(у)чанскі. Былі спробы звязаць азначэнні з іншым, а менавіта Любушскім біскупствам, якое на той час падлягала Гнезненскай мітраполіі і якім кіраваў у 1252–1282 гг. біскуп Вільгельм31, які, дарэчы, паводле паведамлення «Вялікапольскага гадавіка», у 1262 г. разам з біскупам Вітам асвяціў прэзбітэрый пазнанскай катэдры. З гэтай жа прычыны мусім адкінуць і другое блізкае па гучанні Любэкскае біскупства, падпарадкаванае Брэменскай мітраполіі, на чале якога ад пачатку біскупскага служэння Віта і да ягонай смерці стаялі іншыя асобы32.

Дакументальныя крыніцы называюць таксама Віта episcopus Litovie ці episcopus Litoviensis (Littoviensis, Lithoviensis, Lythoviensis), Lithiviensis, Lithomiriensisі Luthomiriensis33. Таму сярод даследчыкаў з’явілася думка, што ў агіяграфічных творах была зроблена пісьмовая памылка і замест формы тыпу Lithoviensis з’явіліся напісанні накшталт Lubuzensis, Lubusensisці Lubecensis. Дапушчэнне гэтае выглядае даволі сумніўным, бо цяжка ўявіць, каб у дамініканскіх колах не было вядома пра місію Віта, якога называлі «апосталам Літвы» і разам з ягоным паплечнікам Яцкам Адрованжам ушаноўвалі як святога. Тым больш, што памяць пра Віта як Любчанскага біскупа захавалася і ў дамініканскай традыцыі. Апрача першых «Жыццяў святога Яцка», напісаных Станіславам лектарам у ХІV ст. і Севярынам Любомльскім у ХVІ ст., якія падаюць лацінскія варыянты назвы дыяцэзіі Віта, наўпрост Любчанскім біскупам называюць яго і пазнейшыя дамініканскія аўтары ХVII–XVIII стст., якія пісалі па-польску, Пётр Гіяцынт Прушч у «Духоўнай крэпасці»34 і Міхал Сейкоўскі ў «Календары святых», падаючы нават дату памінання нашага біскупа — 9 чэрвеня: Błog(osławionego) X(iędza) Wita pierwszego Biskupa Lubczańskiego Męczennika (Благаслаўлёнага ксяндза Віта, першага Любчанскага біскупа, мучаніка)35.

Пахаванне біскупа Віта: труна ў сцяне
дамініканскага касцёла
Найсвяцейшай Тройцы ў Кракаве.
Надпіс на труне:
«Бл(агаслаўлёны) Віт
з Ордэну прапаведнікаў,
Любускі біскуп,
таксама першы біскуп і апостал Літвы,
якую навяртаў у муках і цярпеннях,
24.V. 1259. Пасля смерці
праславіўся цудамі. Яго парэшткі,
пахаваныя тут, кракаўскія біскупы
тры разы выстаўлялі
для публічнага ўшанавання».

Такім чынам, супаставіўшы ўсе гэтыя факты і звесткі, выпадае лакалізаваць катэдру першага біскупа Літвы-Беларусі дамініканіна Віта ў Любчы на Наваградчыне. Да такога пераканання прыйшлі і многія іншыя даследчыкі, у т.л. і некаторыя з навукоўцаў Летувы36. Два варыянты азначэння біскупа Віта — Lithoviensisі Lubecensis, указваюць адпаведна на дзяржаву (ці падлеглую ягонай юрысдыкцыі тэрыторыю) і на сядзібу біскупа, пар., напр.: episcopus Livoniensis «Лівонскі біскуп» (тэрыторыя Лівоніі) і episcopus Rigensis «Рыжскі біскуп» (сядзіба ў Рызе) для азначэння аднаго і таго ж іерарха.

Культ Віта як благаслаўлёнага ці святога пачаў усталёўвацца ў першыя ж гады пасля ягонай смерці. Апрача цудаў, апісаных у «Жыцці святога Яцка», напісанага Станіславам лектарам у XIVст., але заснаванага на крыніцах ХІІІ ст., сведчаннем яго шанавання з’яўляецца выказванне дамініканскага пісьменніка і інквізітара Бэрнарда Гі, які, дарэчы, пазней стаў персанажам раманаў, у тым ліку славутага «Імя ружы» Умбэрта Эка, на генеральным капітуле ордэну ў 1277 г. пра тое, што «ў Кракаўскім кляштары ляжыць брат Яцак, здольны ўваскрашаць памерлых, і Віт, біскуп, здольны чыніць цуды»37. Пасля кананізацыі святога Яцка ў 1594 г. кардынал Юрый Радзівіл выставіў рэліквіі Віта для пакланення вернікаў, а ў 1599 г. генерал ордэну нават выдаў распараджэнне ўрачыста перанесці ягоную труну ў больш пачэснае месца, што сведчыць пра захады па афіцыйнай беатыфікацыі нашага біскупа, якая, аднак, так і не адбылася з розных прычынаў38. Пра шанаванне Віта на нашых землях сведчаць і згадкі ў ранніх творах айчынных гісторыкаў і іконаграфічныя творы39. Сёння Віт, якога на працягу сямі стагоддзяў дамініканскія, і не толькі, аўтары заўсёды называлі благаслаўлёным ці святым, мучанікам, які сеяў слова Божае на нашай зямлі ды быў тут паранены, прагнаны і забыты, спачывае, пахаваны ў капліцы Кракаўскага касцёла дамініканаў, і, можа, чакае вяртання ўжо ў іншай сутнасці ў сваю, давераную яму Святым Пасадам і Богам, дыяцэзію, да сваёй умілаванай, але няўдзячнай паствы, у нашую памяць, каб учыніць для ўсіх нас свой найдзівоснейшы пасмяротны цуд — цуд навяртання.

Гл. таксама:
Юлія ШЭДЗЬКО :: КАРОТКІ НАРЫС ПРА ПАЧАТАК ІСНАВАННЯ ДАМІНІКАНСКАГА ОРДЭНУ ::
Валеры БУЙВАЛ :: ШЛЯХАМІ СВЯТОГА ДАМІНІКА ::
Раіса ЗЯНЮК :: ОРДЭН ПРАПАВЕДНІКАЎ НА ЗЕМЛЯХ БЕЛАРУСІ ::
СВЕДЧАННІ ЦУДАЎ ПРАЗ ЗАСТУПНІЦТВА СВЯТЫХ ЯЦКА І ВІТА ::
Марэк МІЛАВІЦКІ OP :: ДЗЕЛЯ ЗАХАВАННЯ ГІСТАРЫЧНАЙ СПАДЧЫНЫ ::
Юлія ШЭДЗЬКО :: «ВЫХОДЗІЦЬ НАСУСТРАЧ...» ::


  1. Mindowe, rexLithowiae, in litteris et testimoniis = Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / Укл. А.Жлуткі. – Менск, 2005. – С. 57, дак. ІІ, 5.
  2. Kronika Boguchwała i Godysława Paska // Monumenta Poloniae Historica = Pomniki dziejowe Polski (далей – MPH). T. 2. Lwów, 1872. P. 572.
  3. Rocznik Wielkopolski // MPH. T. 3. Lwów, 1878. P. 22.
  4. Mindowe, rex Lithowiae … С. 60, дак.ІІ, 7.
  5. Тамсама. С. 61, дак.ІІ, 8.
  6. Тамсама. С. 64, дак.ІІ, 10.
  7. Тамсама. С. 66, 68, дак.ІІ, 11, 12.
  8. MPH. T. 2.P. 573; T. 3. P. 23.
  9. Mindowe, rex Lithowiae … С. 74, дак.ІІ, 15.
  10. Schlesisches Urkundenbuch / Bearb. W. Irgang. Bd. 3: 1251-1266.Bd. 3. S. 159, nr. 243 ;Wiadomości do dziejów Polskich z Archiwum Prowincyi Szląskiej / Zebr. A. Mosbach. – Wrocław, 1860. – S. 22.
  11. Codex diplomaticus et epistolaris regni Bohemiae. T. V. Fasc. 1 / Ed. J. Šebánek et S. Dušková. Pragae, 1974. P. 228, nr. 142.
  12. Ibidem. P. 325, nr. 207.
  13. Schlesisches Urkundenbuch. Bd. 3. S. 221, nr. 336.
  14. MPH. T.3. P. 34.
  15. Ibidem. S. 280, nr. 423.
  16. MPH. T.3. P. 34-35.
  17. Stanislaus lector. De vita et miraculis sancti Iacchonis ... auctore Stanislao lectore Cracoviensi // MPH. T. 4. – Lwów, 1884. – P. 875.
  18. ZeissbergH.R. Kleinere Geschichtsquellen Polens im Mittelalter. – Wien, 1877. – S. 150.
  19. Wiszniewski M. Historia literatury Polskiej. T. 2. – Kraków, 1840. – S. 158–159.
  20. Bzovius A. Propago D. Hyacinthi thaumaturgi Poloni, seu de rebus praeclare gestis in Provincia Poloniae Ordinis praedicatorum. – Venetiis, 1606. – P. 16.
  21. Успенский сборник XII-XIII вв. / Подг. О.А. Князевская, В.Г. Демьянов, М.В. Ляпон. – М., 1971. – С. 220; гл. таксама: ЙовчеваМ. Святой Вит в древнеславянской книжности // Древняя Русь. Вопросы медиевистики. 2006. № 4 (26). С. 9-19.
  22. Мурьянов М.Ф. Старославянские метаморфозы западного агиологического сюжета // Духовная культура славянских народов. Литература. Фольклор. История. Сб. статей к 9 Международному съезду славистов. – Л., 1983.
  23. Abraham W. Powstanie organizacyi Kościoła łacińskiego naRusi.T. 1. – Lwów, 1904. – S. 78–79.
  24. Stanislaus lector. De vita et miraculis …P. 857.
  25. Przeździecki A. Podole, Wołyń, Ukraina. Obrazy miejsc i czasów. T. 2. Dodatek D (Faksimile).
  26. AGAD. Dok. perg. 7215.
  27. MPH. T. 2. P. 921.
  28. Narbutt T. Obrys żywota błogosławionego Wita, biskupa Lubczańskiego na Litwie // Pamiętniki umysłowe. T. 3. 1846. S. 23-34; яго ж: Obrys żywota błogosławionego Wita, biskupa Lubczańskiego na Rusi Litewskiej // Pomniejsze pisma historyczne. S. 31-39.
  29. Stanislaus lector. De vita et miraculis... P. 888-889, 898; Severinus Lubomlius. De vita,miraculis et actis canonisationis sancti Hyacinthi. – Romae, 1594. – P. 59, 108.
  30. Пар. яшчэ згадку Любчы ў «Паведамленнях пра літоўскія шляхі» з 1401-1404 гг. на старанямецкай мове як Lubutz: Die littauischen Wegeberichte // Scriptores rerum Prussicarum. Hrsg. von dr.Th. Hirsch, dr. M. Toeppen und dr. E. Streihlke. Bd. 2. – Leipzig, 1863. – S. 708.
  31. Lubucensis (episcopatus): Eubel C. HierarchiacatholicaMediiAevi. Ed. Altera. T. I. – Monasterii, 1913. – P. 312.
  32. Lubicensis (episcopatus): Ibidem. P. 311,
  33. Regesta Lithuaniae ab origineusque ad Magni Ducatus cum Regno Polonieunionem. T. 1: Tempora usque ad annum 1315 complectens / Recensuit H. Paszkiewicz. Varsovie, 1930. P. 55, Nr. 276; P. 57, Nr. 287; P. 68, Nr. 343; P. 69. Nr. 349; P. 76, Nr. 379; P. 79, Nr. 394; P. 81, Nr. 404; P. 99, Nr. 481, 482; MPH. Ser. II. T. 8. Kronika wielkopolska (Chronica Poloniae Maioris). – Warszawa, 1970. – S. 101.
  34. Pruszcz P. Forteca duchowna Królestwa Polskiego. – Kraków, 1662. – S. 96.
  35. Sieykowski M. Dni roczne świętych, błogosławionych, wielebnych y pobożnych sług boskich Zakonu Kaznodziejskiego ... – Kraków, 1743.
  36. Narbutt T. Pismapomniejsze... S. 32-34; Przyałgowski W. Żywoty biskupów wileńskich. – Petersburg, 1860. – S. 3–4; Kurczewski J. Kościół zamkowy czyli katedra Wileńska. T. 1. – Wilno, 1908. – S. 307; яго ж: Biskupstwo Wileńskie od jego założenia aż do dni obecnych. Wilno, 1912. – S. 21; яго ж: Święci biskupi i apostołowie Litwy i Rusi Litewskiej. – Wilno, 1913. – S. 54–56; Wołyniak (Giżycki J.M.) Wiadomości o dominikanach prowincyi Litewskiej. Cz. I. – Kraków, 1917. – S. 126; Woroniecki J. Św. Jacek Odrowąż i wprowadzenie zakonu kaznodziejskiego do Polski. –Katowice, 1947. – S. 183; Kielar P. Wit // Hagiografia Polska. Słownik bio-bibliograficzny / Red. R. Gustaw. T. 2. – Poznań, 1972. –S. 547–548; Dainauskas J. Vilniaus vyskupijos istorijos bruozai // Lietuvos baznycios. Churches of Lithuania. T. 5. – Chicago, 1985. – S. 23–24; Petkus V. Dominikonailietuvoskultūroje. Vilnius, 2004. – S. 7, 43, 50, 64, 451,452, 912.
  37. Scriptores Ordinis Praedicatorum / Ed. J. Quetif, J. Echard. Vol. I. Parisiis, 1719. P. I; Miławicki M. Biskup litewski Wit – życie i dzieje kultu „błogosławionego»// Pośrednicy łask / Red. J. Marecki, L. Rotter. – Kraków, 2006. – S. 164.
  38. Больш падрабязна пра шанаванне біскупа Віта як благаслаўлёнага і ягоны жыццярыс гл. у грунтоўным артыкуле: Miławicki M. Biskup litewski Wit…S. 148-167, а таксама ў: Kielar P. Wit... S. 541-554, у: Szweda A. Problem biskupa litewskiego Wita // Komunikaty Mazursko-Warmińskie. 2002. Nr. 3(327), і ў: Kaczmarek K. Próba identyfikacji biskupa Litewskiego Wita // Cognitioni gestorum / Red. D.A. Sikorski, A.M. Wyrwa. – Poznań–Warszawa, 2006. – S. 359–372.
  39. Kojałowicz A.W. Miscellanea rerum ad statum ecclesiasticum in Magno Litvaniae Ducatu pertinentium. – Vilnae, 1650. – P. 2; абраз Віта ў Віленскім мастацкім музеі, які раней знаходзіўся ў віленскім дамініканскім кляштары Святога Духа.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY