Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(72)/2015
Год кансэкраванага жыцця
Паэзія

ВЕРШЫ

«КАБ ЗРАБІЛАСЯ СВЕТЛА…»
Літаратуразнаўства
Гісторыя хрысціянства
Прэзентацыя
Асобы
На кніжнай паліцы

КНІГА-ВІТРАЖ
Пазіцыя

«ГАЛАНТНЫЙ ВЕК»...
Мастацтва

Марэк МІЛАВІЦКІ OP

БЛАГАСЛАЎЛЁНЫ ВІТ —
ПЕРШЫ БІСКУП ЛІТВЫ-БЕЛАРУСІ:
ПРАЗ ЦЕРНІ ДА СВЯТАСЦІ

Дамінікане на землях Беларусі

Марэк Мілавіцкі OP — польскі тэолаг і гісторык, супрацоўнік Дамініканскага гістарычнага інстытута ў Кракаве, займаецца гісторыяй Ордэну прапаведнікаў у навейшы час. Нарадзіўся ў 1978 годзе. Жыве і працуе ў Кракаве.

 

Сёння Ордэн прапаведнікаў працуе ў Беларусі ў дзвюх парафіях: у Віцебску, дзе законнікі жывуць больш за 20 гадоў, і ў нядаўна створанай парафіі ў Магілёве. Браты належаць да асобнага беларускага вікарыяту, падпарадкаванага Польскай правінцыі імя св. Гіяцынта. У Віцебску браты працавалі і раней, але ў XIX ст. іх дзейнасць была перарваная ў сувязі з палітыкай расійскіх уладаў. Кляштар быў ліквідаваны, падзяліўшы лёс з большасцю іншых, зачыненых за ўдзел законнікаў у паўстаннях. Будынкі, якія належалі віцебскім дамініканам, перайшлі ў рукі праваслаўных, і прадстаўнікі Ордэну прапаведнікаў вярнуліся ў горад толькі напрыканцы XX ст. У Магілёве дамініканскага кляштара раней не было ніколі, але з суфраганаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі там меў рэзідэнцыю біскуп Юзаф Максімільян Станеўскі (1795-1871). Таму можна лічыць, што і ў гэтым горадзе ў пэўным сэнсе ёсць дамініканская традыцыя. На тэрыторыі сучаснай Беларусі вельмі шмат такіх слядоў прысутнасці дамініканаў.

Мэта гэтага артыкула — паказаць гэтыя сляды і прааналізаваць даследаванні, прысвечаныя ўнёску дамініканскага ордэну ў гісторыю і культуру беларускай зямлі. У сваіх разважаннях я абапіраюся на гістарычную літаратуру, выдадзеную ў Польшчы, Літве і Беларусі. Большасць працаў належыць польскім і літоўскім даследчыкам, аднак гісторыяй ордэну цікавяцца і беларускія навукоўцы, хаця іх даследаванні на гэтую тэму з’яўляюцца пераважна ў межах іншых працаў. У камуністычныя часы гэтым пытаннем займаўся Якуб Мараш у працах, прысвечаных «экспансіі» каталіцтва на беларускіх землях1.

«Уручэнне ружанца
святому Дамініку».
Абраз ХVІІІ ст.
з в. Кемелішкі
Астравецкага раёна.

Варта звярнуць асаблівую ўвагу на працы Ігара Ганчарука, прысвечаныя дзейнасці Каталіцкага Касцёла і каталіцкіх кляштараў у гісторыі і культуры на беларускіх землях2. Беларуская даследчыца Раіса Зянюк прысвяціла магістэрскую працу дамініканам Мінскай губерні XIX стагоддзя. На жаль, гэтая праца не была выдадзеная. Цяпер Р. Зянюк займаецца даследаваннем адукацыйнай дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ў часы яе прыналежнасці да Расійскай імперыі, дзе таксама былі дамінікане. У апублікаваных Р. Зянюк артыкулах займае важнае месца тэма асветніцкай дзейнасці братоў прапаведнікаў у першай палове XIX стагоддзя3. Адукацыйнай дзейнасці дамініканаў на беларускіх землях з канца XVIII ст. да першых дзесяцігоддзяў XIX ст. прысвяціў некалькі артыкулаў Андрэй Самусік4, які даследуе тэму адукацыі на беларускіх землях, дзе ўзгадваюцца таксама і дамінікане5. Пра школу гродзенскіх дамініканаў пісаў таксама Віктар Парфёненка6, але гэты журналіст у асноўным спасылаўся на ранейшыя даследаванні. Тамара Ліхач апублікавала даследаванні, прысвечаныя музычнай культуры ў дамініканскіх кляштарах наогул7 і ў прыватнасці на Беларусі8. Цікавае даследаванне на тэму кляштарнай архітэктуры належыць расійскай даследчыцы Інэсе Слюньковай9. Таксама заслугоўваюць увагі энцыклапедыі і слоўнікі: энцыклапедыі па архітэктуры і мастацтве Беларусі10, рэлігіі і храмах11 і дзве грунтоўныя працы: шасцітомнік «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі»12 і трохтомнік «Энцыклапедыя Вялікага Княства Літоўскага»13, у якіх ідзе гаворка пра большасць дамініканскіх кляштараў і пра найбольш выбітных прадстаўнікоў Ордэну прапаведнікаў. Вельмі важнае даследаванне па дамініканскай архітэктуры было апублікаванае на старонках часопіса «Наша вера»14. Цудоўным дадаткам да ўзгаданых даследаванняў можна назваць альбом «Беларусь у малюнках Напалеона Орды», дзе змешчаны выявы некаторых дамініканскіх кляштараў, у тым ліку і тых, якія, на жаль, не захаваліся да нашых часоў15.

Дамініканская тэматыка прысутнічае таксама і ў працах беларускіх гісторыкаў, прысвечаных асобным гарадам і мястэчкам, дзе шмат гаворыцца пра асноўныя манаскія супольнасці16. У краязнаўчых працах можна знайсці цікавую інфармацыю пра кляштары і законнікаў, пра помнікі мастацтва і архітэктуры, якія засталіся пасля іх. Часам гэтыя помнікі — адзінае, што нагадвае аб прысутнасці дамініканаў у той ці іншай мясцовасці.

Дагэтуль нераспрацаваныя крыніцы гістарычнай інфармацыі, якія могуць дадаць нешта значнае пра дамініканскі ордэн на Беларусі. Вялікія зборы знаходзяцца ў цэнтральных беларускіх архівах Мінска і Гародні. Дарэчы, дзякуючы гэтым зборам быў адкрыты архіў полацкага кляштара. Вялікі збор дакументаў, якія датычаць дзейнасці дамініканаў, знаходзіцца ў бібліятэках і архівах Вільні, асабліва ў Цэнтральным гістарычным архіве Літвы і ў бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта.

Кажучы пра зборы архіваў і бібліятэк, дзе ёсць дакументы, звязаныя з дамініканамі на Беларусі, нельга не назваць Архіў Польскай правінцыі дамініканаў у Кракаве. Сярод найважнейшых дакументаў варта назваць хроніку пінскага кляштара і інвентарны сшытак кляштараў Рускай правінцыі, службовыя дакументы Літоўскай і Рускай правінцый дамініканскага ордэну, да якіх належалі кляштары на Беларусі, перадусім — акты капітулаў гэтых правінцый. У нашым архіве захавалася таксама копія так званай «хатняй хронікі» Літоўскай правінцыі аўтарства яе правінцыяла айца Фаўстына Цяцерскага. Яе арыгінал калісьці знаходзіўся ў Вільні, але цяпер лічыцца страчаным. Шмат матэрыялаў на гэтую тэму можна таксама знайсці і ў Расіі, асабліва ў Санкт-Пецярбургу, куды пасля закрыцця кляштараў трапілі іх архіўныя і бібліятэчныя зборы.

Дамінікане з’явіліся на Беларусі ў Сярэднявеччы, аднак можна ўпэўнена сказаць, што да пачатку XVII ст. браты прапаведнікі не здолелі замацавацца на беларускіх тэрыторыях. Менавіта гэтае стагоддзе прынесла росквіт дамініканскаму ордэну на ўсходзе Рэчы Паспалітай. У 1612 г. была створаная Руская правінцыя, у 1646 годзе — Літоўская. На той момант на тэрыторыі ВКЛ існавала ўжо 24 кляштары, перадусім на тэрыторыі Жмудскага, Трокскага і Віленскага ваяводстваў. З 1648-га да 1696 г. ВКЛ узбагацілася яшчэ на 36 кляштараў — такім чынам, на працягу XVII ст. на гэтых землях узнікла 60 асяродкаў дамініканскага ордэну. Большасць з іх была заснаваная пры каралі Яне ІІІ Сабескім (1674–1696). Развіццё ордэну працягвалася і ў XVIII ст., але тады колькасць новых фундацый значна зменшылася.

Фундатарамі кляштараў станавіліся прадстаўнікі магнацкіх родаў, шляхты і духавенства. Да першай групы належалі Сапегі, Радзівілы, Пацы, Сангушкі, Слушкі. Менавіта з гэтага роду паходзіў фундатар першага кляштара братоў прапаведнікаў на тэрыторыі Беларусі — Крыштаф Слушка, які разам з жонкай Зоф’яй з дому Завішаў заснаваў кляштар імя св. Тамаша Аквінскага ў Мінску ў 1605 годзе. З роду Слушкаў паходзіла таксама сужэнства Аляксандра і Зоф’і з Зянковічаў, фундатараў двух дамініканскіх кляштараў у Рэчыцы і Стоўбцах.

Віцебскі касцёл святой Барбары.

Найбольш поўныя дадзеныя пра кляштары былі складзеныя ў 1773 г., калі па загадзе Апостальскага нунцыя кардынала Джузэпэ Гарамп’е рыхтаваліся спецыяльныя анкеты са спісамі кляштараў, манахаў і абавязкаў, якія яны выконвалі. Гэтыя дадзеныя акрэсліваюць сетку дамініканскіх кляштараў Рэчы Паспалітай да яе першага падзелу. Яны з’яўляюцца таксама крыніцаю пазнання душпастырскай дзейнасці супольнасцяў перад падзеламі. Паводле сабраных анкетаў, дамінікане мелі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай 164 кляштары ў складзе 3-х правінцый: Польскай, Літоўскай і Рускай, а таксама назіральнай Кангрэгацыі св. Людвіка Бертранда. На тэрыторыі Беларусі браты прапаведнікі мелі 45 кляштараў (23 — у Літоўскай правінцыі, 21 — у Рускай правінцыі), 27 % ад агульнай лічбы. Толькі кляштар у Брэсце належаў да Польскай правінцыі. У другой палове XVII ст. узнікла назіральная Кангрэгацыя св. Людвіка Бертранда, да якой належала 3 кляштары: у Верках (віленскай Кальварыі), Таргавіцы і Тэрэспалі (цяпер ніводнае з гэтых мястэчак не ўваходзіць у склад Беларусі). Апроч мужчынскіх кляштараў, на тэрыторыі Беларусі, у Наваградку, знаходзіўся кляштар дамініканскіх манашак, які належаў да Рускай правінцыі. Большасць дамініканскіх кляштараў была заснаваная ў гарадах і мястэчках, радзей у вёсках, гэта тычыцца і беларускіх земляў. З даследаванняў Галіны Гвязды вынікае, што з 36-ці кляштараў, заснаваных на тэрыторыі ВКЛ у другой палове XVII ст., 34 узніклі ў гарадах. У большасці гэта былі малыя мястэчкі (29 кляштараў), 3 павятовыя гарады і 5 сталіцаў ваяводстваў. Большасць (30 кляштараў — 84%) знаходзілася ва ўладаннях магнатаў і шляхты, 5 — у каралеўскім уладанні, адзін — у касцёльных уладаннях.

Важным аспектам функцыянавання кожнага кляштара была яго гаспадарка. Дзякуючы добрым эканамічным магчымасцям кляштар мог займацца душпастырскай дзейнасцю, перш за ўсё адукацыяй і дабрачыннасцю. Пра фінансаванне манаскіх супольнасцяў павінны былі клапаціцца фундатары, якія ўтрымлівалі кляштар галоўным чынам за кошт зямельных ахвяраванняў, адкуль кляштар чэрпаў даходы і прадукты гаспадаркі. Апроч таго, дабрадзеі перадавалі кляштарам легаты і відэркаўфы (грашовыя сумы, запісаныя на іх нерухомую маёмасць). Напрыклад, гродзенскія дамінікане займалі цэлы гарадскі квартал і мелі маёмасць у іншых частках горада. У 1675 г. землеўладальніца ахвяравала братам 10 зямельных надзелаў. Такім чынам, у XVIII ст. у самой Гародні браты валодалі 20-цю дзялянкамі — яны былі ўладальнікамі значнай колькасці зямлі ў горадзе. Аднак часам матэрыяльныя нястачы прымушалі манахаў пакідаць кляштары. Гэтак адбылося з кляштарам у Песках, фундатарам якога быў віленскі ваявода Казімір Сапега ў 1685 годзе. У 1778 г. зачыніліся кляштар і касцёл у Гошчаве, заснаваныя ў 1642 г., бо ўладальнік Глухоўскі адабраў у манахаў фундацыю. А да таго, у 1742 г., з рук мясцовага прыёра айца Раймунда Корсака прыняў хрост Тадэвуш Касцюшка: гэта адбылося ў Косаве, якое належала да Гошчаўскай парафіі. Дрэннае фінансавае становішча прымусіла дамініканаў аддаць кляштар у Глінішках рэгулярным канонікам ад пакуты, а тыя ў 1810 г. перадалі яго супольнасці ксяндзоў місіянераў. Аднак, нягледзячы на скасаванне адных кляштараў, дамінікане засноўвалі новыя, напрыклад, у Оршы (пасля 1782 г.) і Полацку (перад 1787 г.).

Дамінікане займаліся таксама марыйнымі санктуарыямі. Дамініканскі гісторык XIX ст. а. Садок Барач называе 19 беларускіх гарадоў і мястэчак, дзе ў дамініканскіх святынях знаходзіліся цудоўныя абразы Маці Божай: Астравец, Ашмяны, Брэст, Валеўка, Васілішкі, Дзярэчын, Друя, Дунілавічы, Гродна, Гошчава, Ельна, Княжыцы, Канюхі, Нясвіж, Орша, Пескі, Полацк, Шклоў, Ушачы.

У асноўным гэта былі абразы Маці Божай Снежнай (Ружанцовай), арыгінал якога знаходзіцца ў базыліцы Santa Maria Maggiore ў Рыме. Менавіта дамінікане распаўсюдзілі гэты абраз на тэрыторыі ВКЛ. Прывезеныя з Рыма абразы дамінікане змяшчалі не толькі ў сваіх кляштарах, але і перадавалі мясцовым магнатам, якія ў сваю чаргу перадавалі іх розным касцёлам і капліцам. Прыкладам гэтага можа быць абраз Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай) у Гародні, укаранаваны 28 верасня 2005 г. папскімі каронамі, — адзін з найважнейшых аб’ектаў марыйнага культу сённяшняй Беларусі.

Капліца ў Магілёве.

Становішча Каталіцкага Касцёла вельмі змянілася пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Дзяржавы, якія раздзялілі Рэч Паспалітую, абмежавалі ўплыў Касцёла на грамадскае, культурнае, палітычнае і нават рэлігійнае жыццё. Спачатку Касцёл на тэрыторыях, якія трапілі пад расійскую ўладу, быў у добрых умовах, займаючыся асветніцкай дзейнасцю, універсітэтамі, дабрачыннасцю і душпастырствам.

Ужо пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай частка кляштараў апынулася пад уладаю Расіі — Кацярына ІІ утварыла з іх Беларускую правінцыю святога Станіслава, якую генерал ордэну не прызнаў (яна праіснавала да 1801 г.).

Можна згадаць нават добрыя адносіны дамініканаў з царскімі ўладамі, пра што піша, напрыклад, у сваёй хроніцы Historia Domestica правінцыял Фаўстын Цяцерскі. Добрыя адносіны з імі падтрымліваў і цар Аляксандр І, які неаднаразова наведваў дамініканскія кляштары і размаўляў з правінцыялам, пра што Цяцерскі таксама ўзгадвае. Гэтая прыхільнасць дазволіла цару даверыць дамініканам некаторыя кляштары і школы езуітаў, калі іх супольнасць была выгнаная з Расіі ў 1820 годзе. У Забелах (Валынцах) яны некаторы час апекаваліся акадэмічнай гімназіяй, якая адыграла асаблівую ролю ў беларускай культуры дзякуючы школьнаму тэатру, дзе ставіліся спектаклі і на беларускай мове. Там працаваў вядомы драматург Каятан Марашэўскі. У калегіуме вучыліся паэт, драматург і літаратар Аляксандр Вярыга-Дарэўскі (1816–1884), археолаг, гісторык, этнограф і фалькларыст Канстанцін Тышкевіч. У павятовай дамініканскай школе ў Наваградку 7 гадоў вучыўся Адам Міцкевіч і яго сябра Ян Чачот.

У Нясвіжы ў дамініканаў 2 гады вучыўся пісьменнік і паэт Людвік Кандратовіч (Уладзіслаў Сыракомля). Ён прысвяціў школьным успамінам паэму «Szkolne czasy Jana Dęboroga», дзе напісаў пра сваіх настаўнікаў-дамініканаў17, а таксама ўзгадваў пра іх ва ўспамінах18. Дамінікане з кляштараў Валеўкі і Слоніма працавалі таксама ў школе ў Крошыне, адзін з айцоў, Пій Гарбачэўскі, быў настаўнікам Паўлюка Багрыма.

Абмерныя чарцяжы і планы віцебскага дамініканскага касцёла і кляштара пасля скасавання кляштара і прыстасавання будынкаў пад казармы гарнізоннага батальёна. 1839 г.

Пасля паўстання 1830 г. сітуацыя рэлігійных кангрэгацый у імперыі, у тым ліку і дамініканскага ордэну, змянілася да горшай, бо многія манахі прынялі актыўны ўдзел у паўстанні. Многія былі пакараныя смерцю, адпраўленыя ў ссылку. Школы былі зачыненыя, манахі страцілі магчымасць займацца выхаваннем дзяцей. За ўдзел у паўстанні яны былі пазбаўленыя кляштараў і маёмасці. У 1832 г. Мікалай ІІ спецыяльным указам «Аб закрыцці некаторых рыма-каталіцкіх кляштараў» ліквідаваў 56 дамініканскіх асяродкаў, сярод якіх 30 знаходзілася на землях Беларусі.

Пазней закрылася яшчэ некаторая колькасць кляштараў, і да 1864 г. дамініканскі ордэн перастаў існаваць на Беларусі, а на пачатку ХХ ст. — і на тэрыторыі ўсёй Расійскай імперыі. Адным з апошніх у 1864 годзе быў зачынены кляштар сясцёр дамініканак у Наваградку. Законніцы трапілі ў кляштары іншых жаночых кангрэгацый: 21 — у кляштар брыгітак у Гародні, 11 — у кляштар бэнэдыктынак у Мінску. Кляштарны маёнтак быў канфіскаваны на карысць дзяржавы і прададзены з аўкцыёну — былі страчаныя многія творы мастацтва, бібліятэка і архіў. Зямельныя надзелы прадаваліся або адыходзілі дзяржаве, часта ва ўладанне царскім чыноўнікам. Кляштарныя і касцёльныя забудовы перадаваліся Праваслаўнай Царкве, касцёлы перарабляліся ў цэрквы, часам цалкам разбураліся, а на іх месцы ствараліся новыя святыні. Праваслаўнай Царкве былі перададзеныя дамініканскія касцёлы ў Астраўцы, Васілішках, Віцебску, Гародні, Дзярэчыне, Дунілавічах, Заслаўі, Княжыцах, Пінску, Стоўбцах, Хатаевічах, якія былі пераробленыя ў цэрквы. Частка будынкаў перадавалася розным свецкім інстытутам: гарадскому магістрату, школам, казармам, шпіталям і вязніцам. Мноства былі разабраныя або з часам разбурыліся. Палітыка расійскіх уладаў прывяла да поўнага знішчэння манаскага жыцця ў Беларусі ў Расійскай імперыі.

У міжваенныя часы, калі частка беларускіх земляў знаходзілася ў межах ІІ Рэчы Паспалітай, дамінікане не вярнуліся ў свае ранейшыя асяродкі, хоць некаторыя біскупы запрашалі іх у свае дыяцэзіі. Браты змаглі ізноў вярнуцца на гэтыя тэрыторыі толькі калі Беларусь атрымала незалежнасць у 1990 годзе.

Гісторыя прысутнасці ордэну св. Дамініка на беларускіх землях пацвярджае, што браты прапаведнікі пакінулі тут вялікую спадчыну. Сёння пасля іх захаваліся барочныя святыні, а часам і цэлыя кляштарныя комплексы, напрыклад, добра захаваўся касцёл у Княжыцах, яскравы ўзор беларускага барока. Дзесьці дамініканскі след захаваўся ў назвах вуліцаў, але часта няма ўжо і гэтага. Дамінікане стварылі вялікія кнігазборы: найбольшую бібліятэку яны мелі ў Гародні — ад 10-ці да 15-ці тысяч тамоў. Цяпер значная яе частка знаходзіцца ў Гісторыка-археалагічным музеі горада. Вялікая бібліятэка была таксама і пры кляштары св. Тамаша Аквінскага ў Мінску. Пры многіх дамініканскіх кляштарах дзейнічалі друкарні, напрыклад, у Наваградку і Гародні.

Даследаванні прысутнасці і дзейнасці дамініканскага ордэну на землях Беларусі маюць вялікае значэнне, бо яны паглыбляюць нашыя веды пра ролю і значэнне манахаў у выхаванні рэлігійнага, грамадскага і культурнага аблічча гэтых земляў, а таксама спрыяюць рэлігійнай тоеснасці сённяшніх беларускіх католікаў. Самім жа дамініканам, якія працуюць цяпер на Беларусі, гэтыя даследаванні дапамагаюць знайсці карані ордэну, якія цягнуцца яшчэ з Сярэднявечча, дапамагаюць звярнуцца да вялікай спадчыны, якую некалькі стагоддзяў стваралі іх папярэднікі, пра што сёння сведчаць толькі ацалелыя святыні або іх руіны. А там, дзе не засталося ніводнага матэрыяльнага знаку дамініканаў, адзіным следам можа быць гістарычная памяць, якую трэба захоўваць і перадаваць іншым пакаленням, каб яны ўсведамлялі, што некалі было таксама духоўнаю і культурнаю моцаю беларускіх земляў.

Гл. таксама:
Юлія ШЭДЗЬКО :: КАРОТКІ НАРЫС ПРА ПАЧАТАК ІСНАВАННЯ ДАМІНІКАНСКАГА ОРДЭНУ ::
Валеры БУЙВАЛ :: ШЛЯХАМІ СВЯТОГА ДАМІНІКА ::
Раіса ЗЯНЮК :: ОРДЭН ПРАПАВЕДНІКАЎ НА ЗЕМЛЯХ БЕЛАРУСІ ::
Алесь ЖЛУТКА :: БЛАГАСЛАЎЛЁНЫ ВІТ — ПЕРШЫ БІСКУП ЛІТВЫ-БЕЛАРУСІ: ПРАЗ ЦЕРНІ ДА СВЯТАСЦІ ::
СВЕДЧАННІ ЦУДАЎ ПРАЗ ЗАСТУПНІЦТВА СВЯТЫХ ЯЦКА І ВІТА ::
Юлія ШЭДЗЬКО :: «ВЫХОДЗІЦЬ НАСУСТРАЧ...» ::


  1. Гл.: Мараш, Я. Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569–1795). – Мінск, 1971; гл.: Белозорович, В. А. Концепция католической Церкви в работах профессора Я. Н. Мараша // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа. Ч. 1 / рэд. С. В. Марозава, Э. С. Ярмусік, С. У. Сілава. –Гродна, 2008. – С. 32–36.
  2. Гл.: Ганчарук, І. Г. Навучальныя ўстановы рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі: канец XIV-XX ст.; Беларусіка=Albaruthenica, т. 6: Беларусь паміж Усходам і Захадам. Прабемы міжнацыянальнага, міжрэлігійнага і міжкультурнага ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. Ч. 1. – Мінск, 1997. – С. 180–188; Становішча і арганізацыйная структура Рымска-каталіцкага Касцёла на беларускіх землях у складзе Расейскай імперыі (1772–1830 г.) // «Гістарычны альманах». – Т. 6. – 2002. – С. 96–116; Каталіцкія манаскія ордэны на Беларусі ў 1770–1820-я гады // «Гістарычны альманах». – T. 9. – 2003. – С. 183–196 (гл. таксама час. «Наша вера», № 4 (30), 2004, с. 66–71); Каталіцкая Царква і культура на беларускіх землях: Навуковая канцэпцыя экспазіцыйнай тэмы Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа. Ч. 2 / рэд. Э. С. Ярмусік, С. В. Марозава, С. У. Сілава. – Гродна, 2009. – С. 233.
  3. Зянюк, Р. У. Адукацыйная дзейнасць ордэна дамініканцаў у заходніх губернях Расійскай імперыі к. XVIII–XIX ст. // Історія релігій в Україні. Науковий щорічник. Кн. 1. – Львів, 2008. – С. 338–345; Дзейнасць каталіцкага духавенства ў галіне адукацыі ў Гродне ў канцы XVIII- XIX ст. // Гарадзенскі палімпсест. – Мінск, 2012. – С. 195–207; Навучальныя ўстановы пры Забельскім дамініканскім кляштары (1716-1857 гг.). // Віцебскія старажытнасці. Матэрыялы навуковай канферэнцыі, прысвечанай 90-годдзю з дня нараджэння Л.В.Аляксеева. Віцебск, 28-29 кастрычніка 2010 г. – Мінск, 2012. – С. 351–356.
  4. Самусік, А. Ф. Асветніцкая дзейнасць дамініканскага ордэну на беларускіх землях у XVIII – першай трэці ХІХ ст. // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа. Ч. 2. – С. 197–202.
  5. Самусік, А. Ф. Дзейнасць манаскіх ордэнаў у галіне адукацыі на Беларусі ў першай трэці ХІХ ст. // «Гісторыя. Праблемы выкладання». – Т. 1. – 1998. – С. 37–47; Манаскія гімназіяльныя вучылішчы Гродзенскай губерні ў першай трэці ХІХ ст. // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта імя Янкі Купалы. Серыя 1, Гісторыя, філасофія, паліталогія, сацыялогія. – 2008. – № 3. – С. 44–47; Становішча адукацыйнай справы на беларускіх землях у канцы XVIII – пачатку XIX ст. // Весці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Серыя 2, Гісторыя. Філасофія. Сацыялогія. Эканоміка. Культуралогія. – 2007. – № 3 (58). – С. 3–7.
  6. Парфёненка, В. В. Пачаткі свецкай адукацыі ў Гродне (першая палова XIX ст.) // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа. Ч. 1. – С. 207–212.
  7. Ліхач, Т. Ордэн дамініканцаў і развіццё музычнай культуры Беларусі // Наша вера. – 2000. – № 1 (11), № 2 (12); Харалы і рукапісы нясвіжскіх дамініканцаў // Нясвіж-Nieśwież. Historia-kultura-sztuka: materiały konferencji naukowej w Nieświeżu (1994, 1997). – Warszawa–Mińsk, – 1998. – С. 94–98.
  8. Ліхач, Т. Арганы і званы каталіцкіх касцёлаў Беларусі // Мастацтва. –1995. № 4; Каталіцкія інструментальныя капэлы Беларусі // Мастацтва. – 1996. № 10; Тэорыя харальных спеваў на Беларсі. – Минск, 1999.
  9. Слюнькова, И.Н. Монастыри восточной и западной традиций. Наследие архитектуры Беларуси. – Москва, 2002.
  10. Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: у 5 т. – Мінск, 1984–1987; Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. – Мінск, 1993.
  11. Рэлігія і царква на Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. – Мінск, 2001; Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. – Мінск, 2008.
  12. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Мінск, 1993–1999
  13. Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: у 3 т. / рэд. Г.П. Пашкоў. – Мінск, 2005.
  14. Габрусь, Т. Святыні ордэна прапаведнікаў // Наша вера. – 2003. – № 3; Наша вера. – 2004. – № 1.
  15. Кулагін, А. М. Герасімовіч, У. А. Беларусь у малюнках Напалеона Орды. Другая палова XIX стагоддзя. – Мінск, 2001.
  16. Каталіцкія святыні. Мінcка-Магілёўская архідыяцэзія. Ч. 1: Будслаўскі, Вілейскі і Мінскі дэканаты. – Мінск, 2003; Саявец, А. А. Каталіцкія храмы на Браслаўшчыне // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа. Ч. 2. – С. 310–314; Васькоў, У. Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны. Гісторыя Гомельскага дэканата. – Мінск, 2011.
  17. W. Syrokomla, Szkolne czasy, nowe opowiadanie Jana Dęboroga.; Pisma epiczne i dramatyczne. T. 1. — Poznań, 1868.
  18. W. Syrokomla, Wędrówki po moich niegdyś okolicach. Wspomnienia, studja historyczne i obyczajowe. — Wilno, 1853, — с. 182-183. Пар. Ułamki pamiętników Władysława Syrokomli. «Gazeta Warszawska». R. 97. 1870, № 90 i 91).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY