|
|
|
№
2(72)/2015
Год кансэкраванага жыцця
Паэзія
Літаратуразнаўства
Гісторыя хрысціянства
Уладзімір КАРОТКІ,
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ ХРЫСЦІЯНІЗАЦЫЯ БЕЛАРУСІ: ВЕРСІІ, ГІПОТЭЗЫ, СВЕДЧАННІ Ў ПОМНІКАХ СТАРАЖЫТНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ Прэзентацыя
Асобы
На кніжнай паліцы
Пазіцыя
Мастацтва
|
Вобраз святога Дамініка і яго справы заўсёды захаплялі мастакоў і архітэктараў, таму зямное існаванне святога мае сімвалічнае выяўленне ў мастацтве. Народжаны ў 1170 г. у кастыльскім мястэчку Калеруэга, Дамінік дэ Гусман Гарсэс (Domingo de Guzman Garces) быў ахрышчаны ў мясцовым фарным касцёле імя святога Себасцьяна. Раманскі па стылі касцёл пабудавалі ў ХІІ ст. Гэты храм быў новым архітэктурным помнікам радзімы святога, а ў гістарычным сэнсе ён належаў да адной з ім эпохі — драматычнага змагання Рэканкісты за вызваленне ад мусульманскіх захопнікаў. Вобраз храма-крэпасці быў вельмі распаўсюджаны ў іспанскай архітэктуры. Пабудаваныя з каменных квадраў муры і вежа (разам з прэзбітэрыем яна захавала свой першапачатковы выгляд), вузкія праёмы вокнаў — усё суровае, падпарадкаванае лаканічнаму геаметрызму. Хрысцільня, у якой быў ахрышчаны Дамінік, на працягу стагоддзяў захоўвалася ў фарным касцёле, але потым была перавезеная ў Мадрыд, у каралеўскі кляштар імя святога Дамініка (Santo Domingo el Real), дзе прымаюць хрост члены каралеўскай сям’і Іспаніі. А замыкае цыкл зямнога жыцця святога яго грабніца ў базыліцы св. Дамініка ў Балоньі. Працу над грабніцаю распачаў у 1267 г. вялікі скульптар Протарэнесанса Нікола Пізана з вучнямі, але над ёю шчыравалі і іншыя скульптары: Нікола да Бары (XV ст.), малады Мікеланджэла, Альфонса Ламбардзі (XVI ст.), а завяршыў працу — рэльефам «Смерць св. Дамініка» — француз Жан-Батыст Будар ажно ў 1768 годзе. Вынікам калектыўнай творчасці стала прыгожая, складаная кампазіцыя ў славу знакамітага каталіцкага святога.
Чатырнаццацігадовы Дамінік прыехаў у кастыльскі горад Паленсія з вызначанай жыццёваю мэтаю — стаць святаром. З 1184-га па 1198 г. ён вывучаў тэалогію і мастацтвы ў адным з самых старажытных цэнтраў адукацыі хрысціянскай Іспаніі — Studium Generale de Palencia. У 1212 г. каралеўскім загадам Альфонса VIII Кастыльскага Studium атрымаў статус універсітэта, а ў 1263 г. папа Урбан ІV даў гэтаму ўніверсітэту прывілеі, якія прыраўнівалі яго да Парыжскага ўніверсітэта. Усё гэта адбывалася ўжо па-за рамкамі жыцця св. Дамініка. На жаль, ад паленсійскай старонкі яго біяграфіі не засталося амаль нічога. Краязнаўцы дагэтуль вядуць спрэчкі пра месцазнаходжанне гістарычнага будынка Studium, а потым універсітэта ў Паленсіі. Традыцыйна (на гэтым заўсёды настойвалі дамінікане) такім месцам лічыўся Дом святога Дамініка (Casa de Santo Domingo) у гістарычнай частцы горада, але гэты будынак быў разбураны ў 1892 г. (засталася толькі фатаграфія з яго выяваю). Пасля заканчэння вучобы Дамінік стаў прафесарам у Studium. У 1190 г. у Паленсіі ён быў высвечаны на святара і распачаў сваю гуманітарную дзейнасць. Малады ксёндз нават арганізаваў распродаж сваіх рукапісных кніг, каб на гэтыя грошы падтрымаць беднякоў, якія пакутавалі ад голаду. Неўзабаве ён атрымаў прызначэнне на служэнне рэгулярным канонікам у саборы горада Осма, таксама ў Кастыліі, непадалёк ад родных мясцінаў.
Невялікая раманская святыня, у якой распачаў служэнне будучы святы, не задавальняла патрэбаў шматлікай паствы, і на пачатку 1230-х гадоў на гэтым месцы распачалося будаўніцтва вялікага гатычнага сабора Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Менавіта ў гэтым саборы ў 1235 г. адбылася ўрачыстасць кананізацыі святога Дамініка. Галоўным гістарычным сведкам знаходжання святога ў Осме дагэтуль застаецца старажытны замак, пабудаваны ў Х–ХІ стст. і абноўлены ў XIV–XV стст. Доўгі час на гэтых землях ішло змаганне Рэканкісты, і хрысціяне замацавалі сваю лакальную перамогу пабудоваю магутнай крэпасці. Муры і вежы замка маюць яшчэ больш даўнюю гісторыю: у іх умураваныя карнізы і іншыя архітэктурна-пластычныя фрагменты перыяду Рымскай імперыі. Кельцка-іберыйскі горад Уксама-Аргелаэ, які стаяў на гэтым месцы, згадвалі ў сваіх тэкстах Клаўдзій Пталемей і Пліній Старэйшы. Малады святар хутка становіцца ўдзельнікам міжнароднай палітыкі. У 1205 г. кароль Альфонса VIII Кастыльскі пасылае яго ў складзе дэлегацыі на чале з біскупам Осмы Дзіега дэ Асэбэсам у Данію з мэтаю дамовіцца аб заручынах каралеўскага сына з дацкаю прынцэсаю. З гэтай жа мэтаю св. Дамінік упершыню наведаў Рым. Даследчыкі лічаць, што менавіта адкрыццё шырокага свету паспрыяла яго рашэнню ў выбары галоўнай жыццёвай справы — місіянерства. Верагодна, што гэтыя падарожжы (асабліва ў Рым) адбыліся па сушы, праз поўдзень Францыі, дзе святар мог на ўласныя вочы ўбачыць панаванне альбігойскай ерасі. У Капенгагене, на жаль, не засталося ніводнага храма, у якім маліўся будучы святы. Усе касцёлы, якія існавалі ў сталіцы Даніі ў ХІІІ ст., згарэлі ў пажарах або былі разбураныя і перабудаваныя.
Падчас аўдыенцый у папы Інацэнта ІІІ св. Дамінік гаварыў пра пакліканне да місіянерскага служэння і жаданне аднаўляць каталіцкую веру ў паўднёвай Францыі. У 1206 г. ён заснаваў першы кляштар у мястэчку Пруйль у французскім рэгіёне Лангедок. У кляштары быў таксама арганізаваны прытулак, дзе жылі жанчыны, якія навярнуліся з катарызму ў каталіцкую веру. Гэты Божы дом лічыцца пачаткам місіянерскай справы дамініканаў. Будынак існаваў да Французскай рэвалюцыі, падчас якой быў цалкам разбураны. У 1879 г. на гэтым месцы адбудавалі дамініканскі кляштар Нотр-Дам у неараманска-візантыйскім стылі.
У 1215 г. св. Дамінік засноўвае ў сталіцы княства Лангедок — Тулузе, ордэн братоў-місіянераў (пазнейшы дамініканскі). Дагэтуль адной з архітэктурных дамінантаў Тулузы з’яўляецца вялікі дамініканскі Якубаўскі касцёл (названы так паводле дамініканскага кляштара на вул. св. Якуба ў Парыжы; дарэчы, там жа падчас Французскай рэвалюцыі пасля секулярызацыі будынка была створана сумнавядомая палітычная секцыя якабінцаў). Але будаўніцтва касцёла распачалося ў 1230 г., ужо пасля смерці заснавальніка ордэну. У 1389 г. папа Урбан V перадаў у гэты касцёл рэліквіі доктара Касцёла св. Тамаша Аквінскага (у 1385 г. касцёл быў асвечаны ў яго гонар).
У Рыме з св. Дамінікам звязаны кляштар і касцёл св. Сабіны на Авентыне. У 1219 г. падчас свайго пятага падарожжа ў Вечны горад з дазволу папы Гано-рыя ІІІ Дамінік сабраў у гэтым (з тае пары дамініканскім) кляштары братоў ордэну. Кляштар стаў цэнтрам кіравання ордэну дамініканаў. Santa Sabina — адзін са старэйшых касцёлаў Рыма, пабудаваны ў 420-я гады, адразу пасля разгрому горада вестготамі Аларыха. На гэтым месцы некалі стаяў дом матроны Сабіны (ІІ ст.), пазней кананізаванай рымскай хрысціянкі. Касцёл св. Сабіны з’яўляецца класічным прыкладам палеахрысціянскай базылікі — ён мае тры навы, падзеленыя каланадамі, і вялікую апсіду. Чысціня яго архітэктурных формаў і ясная прыгажосць прапорцый — гэта рысы рымскай архітэктуры V ст., якія дагэтуль захаваліся ў першасным выглядзе. Вялікай мастацкай каштоўнасцю касцёла з’яўляюцца яго драўляныя дзверы V ст. з рэльефнымі выявамі біблійных сцэнаў. Сярод іх — адна з першых вядомых выяваў Укрыжавання Хрыста.
Найважнейшым цэнтрам ордэну неўзабаве становіцца Балонья, дзе ў 1220 г. св. Дамінік праводзіць першы генеральны капітул ордэну. 6 жніўня 1221 г. у Балоньі, завяршыўшы справу свайго зямнога жыцця, св. Дамінік памёр у кляштары св. Ніколы на Вінаградніку (San Nicolo delle Vigne), дзе працаваў над структурызацыяй ордэну і правёў першыя два капітулы. Яго пахавалі за алтаром св. Ніколы. У 1228–1240 гг. былі арганізаваныя працы па разбудове новага касцёла на гэтым месцы — базылікі св. Дамініка. Самым аўтэнтычным элементам пабудовы застаецца фасад касцёла ў раманскім стылі. Гладкая цагляная канструкцыя мае мінімум дэкору, але ўзбагачаная вялікім круглым акном-«ружаю». У архітэктурна-пластычным вырашэнні фасада адлюстраваны прынцып беднасці і сціпласці братоў ордэну. Белы мармуровы портык фасада — гэта ўжо элемент неараманскага стылю, дададзены ў кампазіцыю фасада замест барочнага портыка ў 1910 годзе. У XVIII ст. раманска-гатычная гармонія інтэр’ера базылікі была заменена ў выніку вялікай перабудовы раскошным барочным ансамблем архітэктуры, пластыкі і манументальнага жывапісу. Грабніца заснавальніка ордэну знаходзіцца ў капліцы св. Дамініка, пабудаванай у XVII cт. Фларыяно Амбразіні на месцы гатычнай капліцы. Іканаграфія св. Дамініка ў выяўленчых мастацтвах надзвычай багатая. Да вобраза святога звярталіся найвялікшыя творцы розных пакаленняў. Адна з самых ранніх выяваў св. Дамініка — фрэска ў базыліцы яго імя ў Балоньі. Святы паказаны ў белай туніцы дамініканскага манаха, белым скапулярыі і чорным плашчы. Гатычная традыцыя прадыктавала крохкія формы і лініі малюнка фрэскі. У левай руцэ святы трымае Евангелле, а правая рука паказана ў жэсце благаслаўлення. Да лаканізму мастацкага вырашэння імкнуўся ў сваім творы «Св. Дамінік у малітве» і Фра Беата Анжэліка (к. 1395–1455), мастак кватрачэнта. Але мастацкая форма ранняга Рэнесанса ўжо засвойвае прастору і рэалістычнае ўспрыняцце чалавечага вобраза. Геній позняга Рэнесанса Тыцыян (1480/85–1576) намаляваў карціну «Св. Дамінік» (к. 1565) напрыканцы свайго вельмі доўгага жыццёвага шляху. «Яго» святы нібы сатканы з цёплага святла (безумоўна, святла веры), у якім увасоблена выдатнае дасягненне венецыянскай школы жывапісу. Найбольш драматычная па вобразным і фармальна-каларыстычным вырашэнні карціна вялікага іспанца Эль Грэка (1541–1614) — на ёй святы Дамінік кленчыць перад круцыфіксам, абапертым на камень, моцна сціснуўшы рукі ў малітоўным жэсце. Гэтае маленне ў полі і пейзажны фон ствараюць вобраз усяго сусвету, што кіруецца воляй Усявышняга… Жыццё святога Дамініка ў творах мастацтва бясконцае, як і само хрысціянскае мастацтва. Валеры Буйвал
Гл. таксама:
|
|
|
|