Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(8)/1999
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
З жыцця Касцёла

«БОГ – ГЭТА ЛЮБОЎ»

ДА ХВАЛЫ АЛТАРА
Постаці

МАЦІ АПАЛОНІЯ

СВЯТАР І ПІСЬМЕННІК

АПАВЯДАННІ
Да юбілею 2000 года
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Нашы святыні

БАРАНАВІЦКІЯ КАСЦЁЛЫ
Па старонках старых выданняў

«BIEŁARUSKAJA KRYNICA»
Haereditas
Традыцыя

КРЫЖ З РУЖОВАГА ВАЛУНА
З жыцця Касцёла

Кс. Эдвард СТАНЕК

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ

Пачатак

ЧАЦВЁРТАЯ ПРАЎДА ВЕРЫ

13. Спасланне Духа Святога

З разважанняў аб чацвёртай праўдзе веры мы ўжо ведаем, што справа адкуплення была здзейснена праз мучэнні, смерць, уваскрэсенне і ўнебаўшэсце Езуса Хрыста. Гэта справа адкуплення была выключна справай Езуса Хрыста. З людзей таямнічым чынам супрацоўнічала з Ім адна Яго Маці. Адкупленне дало пачатак збаўленню. Справа збаўлення здзяйсняецца заўсёды, яна ёсць і будзе ажно да апошняга суда. У справе збаўлення ўдзельнічаюць Бог і чалавек, гэта выпадак супрацоўніцтва Бога з намі. Прыкладна так, калі б хтосьці заплаціў за ўсіх сасланых смяротнікаў з Польшчы, якія абслугоўвалі сібірскія руднікі. Хтосьці з іх заплаціў. Прыйшоў ад уладаў адпаведны дакумент. Знялі з іх кайданы. Атрымалі волю. Аднак цяпер яны мусяць вярнуцца з-пад Іркуцка да Віслы, мусяць прайсці гэты вялізны і цяжкі шлях. Вязень атрымаў волю, але з гэтага яшчэ не вынікае, што ён ужо ў родным доме. Збаўленне — гэта калі чалавек пераступае парог бацькоўскага дома. Гэта шчасце вяртання да сваіх самых блізкіх. Езус заплаціў за нашу волю. Шлях жа з зямлі выгнання ў Дом Айца кожны з нас павінен прайсці сам. Гэта шлях нашага зямнога жыцця.

На гэтым шляху неабходна супрацоўніцтва чалавека з Богам. Патрэбны асабістыя намаганні чалавека і патрэбна дапамога іншых людзей. Бо ўсе супрацоўнічаем у справе збаўлення іншых. Неяк я меў цікавую размову з жанчынай, якая цяжка хварэе. Напачатку яна нават не мела сілы трываць. Але вось ужо шмат месяцаў яна прамяніцца дзівосным спакоем. Калі я папытаў яе, як жа гэта сталася, яна адказала, што ёй прысніўся дзіўны сон. Яна ўбачыла Хрыста, які плакаў, а побач з Ім шмат іншых людзей са слязьмі на тварах. Іх слёзы ўтваралі возера, а хворыя людзі ўваходзілі ў тое возера і выходзілі з яго здаровымі. Гэта быў усяго толькі сон, але яна зразумела, што кожная гадзіна яе пакутаў мае сэнс, бо невядома, дзе, калі і хто будзе вылечаны яе слязьмі. Яна зразумела, што можа супрацоўнічаць у збаўленні іншых людзей. У адкупленні мы не можам супрацоўнічаць, гэта — справа Хрыста. У збаўленні ж можам — праз цяжар працы, пакутаў і дзякуючы малітве.

Хрыстус здзейсніў справу адкуплення на зямлі і ўвайшоў у Дом Айца. Увайшоў туды як Пасрэднік паміж намі і Айцом. Аднак паколькі справа збаўлення адбываецца на зямлі, то зямлі патрэбна была прысутнасць Бога, які б супрацоўнічаў з чалавекам. Таму ў хуткім часе пасля ўшэсця на неба Хрыстус відавочным чынам пасылае на зямлю свайго Духа. Гэта трэцяя Асоба Святой Тройцы. Дух, які напаўняе апосталаў у Вячэрніку. Як чалавек Хрыстус быў абмежаваны ў сваёй дзейнасці аднолькава і часам, і прасторай. Для збаўлення свету патрэбна было пераступіць бар’ер часу і прасторы. Як чалавек Хрыстус больш дзейнічаў вонкава, падаючы кожнаму, хто быў побач, руку дапамогі. Для вечнага ж збаўлення патрэбна дзейнасць знутры, каб кожны чалавек мог знайсці для свайго сэрца поўную волю.

У часе зямнога жыцця Хрыстус падрыхтаваў супольнасць людзей, якія паверылі ў Яго. Сабраў іх у Вячэрніку і вырашыў праз іх напоўніць свет збаўленчай энергіяй. Гэтую супольнасць Хрыстус, кажучы сучаснай мовай, трактаваў для Сябе як зарад атамнага рэактару. Патрэбна было толькі запаліць гэты рэактар і кантраляваць яго дзейнасць. Менавіта Святы Дух, які з’яўляецца энергіяй Божай любові, у Вячэрніку запаліў у людскіх сэрцах гэтую незвычайную энергію любові і пад кантролем агарнуў гэтай энергіяй усё чалавецтва.

Святы Дух змяняе чалавека знутры. Яго дзейнасць ідзе ў двух кірунках. Першы мае на ўвазе індывідуальны аспект. Святы Павел у Пасланні да філіпянаў піша, што Бог творыць у нас жаданне і дзейнасць. Святы Дух можа трапіць у чалавека, узбуджаючы ў ім найпрыгажэйшыя, высакародныя жаданні. Калі гэтыя жаданні будуць рэалізаваныя, чалавек дасягае найбольшых каштоўнасцяў, для якіх створана ягонае сэрца. Гэтая дзейнасць заўсёды творчая.

У Евангеллі ёсць сцэна спакушэння Езуса. У ёй ідзе гаворка пра іншы дух, пра князя гэтага свету. Ён ніколі не можа непасрэдна ўздзейнічаць на нашу волю. Бо воля рэагуе толькі на сапраўднае дабро, а злы дух не можа прапанаваць чалавеку сапраўднага дабра. Ён не мае доступу да волі, таму дзейнічае толькі праз пасрэднікаў, праз розныя пажадлівасці, якія ёсць у чалавеку: праз пажадлівасць цела, вачэй і пыху. Тым часам, Святы Дух можа непасрэдна ўздзейнічаць на волю чалавека, паказваючы яму найвышэйшыя каштоўнасці. Хрыстус, напоўнены Святым Духам, спакойна адхіліў спакусы злога духа, паказаўшы яго нікчэмнасць; Яго воля засталася вернаю самым высокім каштоўнасцям. Гэта індывідуальная дзейнасць Святога Духа, пра якую больш падрабязна пагаворым, разважаючы пра шостую праўду веры, калі будзе ісці размова аб супрацоўніцтве з Божай ласкай.

Другі кірунак дзейнасці Духа — агульнатворчы. Святы Дух стварае на зямлі Божае асяроддзе. Гэтае асяроддзе заўсёды ёсць там, дзе людзі збіраюцца ў Імя Езуса Хрыста. Мы закранаем тут таямніцу духоўнага вымярэння Касцёла. Закранаем таямніцу Касцёла, якая складаецца з Божага і чалавечага элементаў. Чалавечы элемент часта нас пагаршае. Шчаслівы той чалавек, які зможа ўбачыць Божы элемент у Касцёле, бо тады ён убачыць таксама сэнс таго, людскога, часта — слабага і грэшнага. Я неяк сустрэў мужа і жонку, якія некалькі гадоў таму прыйшлі ў сямейны аазіс. Праз пяць гадоў гэтыя людзі прызналіся, што яны знайшлі сябе ў Касцёле. Да гэтага Касцёлам для іх быў ксёндз. Яны былі незадаволеныя ксяндзом, крытыкавалі яго, цяпер жа зразумелі, што Касцёл — гэта супольнасць людзей, якія жывуць па Евангеллі. Яны зразумелі, што святар патрэбны гэтай супольнасці для таго, каб падаваў Эўхарыстыю, удзяляў разграшэнне, паказваў дарогу жыцця. Святар — слуга супольнасці. Яны знайшлі такую супольнасць, у якой творыць Божы Дух, і ў ёй знайшлі сябе.

На гэтым завяршаем разважанне над чацвёртай праўдай веры, зазначыўшы, што Хрыстус, які паслаў Святога Духа на зямлю, супрацоўнічае з намі праз гэтага Духа ў справе збаўлення.

ПЯТАЯ ПРАЎДА ВЕРЫ

1. Чалавечая годнасць

Мы разважалі над чатырма праўдамі веры: Ёсць адзін Бог; Бог — Суддзя справядлівы; Ёсць Тры Божыя Асобы, Другая Асоба Бога — Сын Божы, які адкупіў нас і збавіў. Перад намі — пятая праўда веры: людская душа несмяротная. Гэта заклік да роздуму над таямніцаю чалавека. Хачу падкрэсліць, што несмяротнасць чалавечай душы з’яўляецца таямніцаю веры, і таму мы не зможам адкрыць гэтую праўду ні з дапамогай пачуццёвага альбо інтэлектуальнага пазнання, ні нават з дапамогай інтуіцыі. Гэта праўда, якую Бог адкрыў нам, паказваючы таямніцу нашай вечнасці. Аднойчы створаны чалавек існуе ўжо вечна.

Спасылаючыся на Біблію і выкарыстоўваючы яе вобразы, паспрабуем адказаць на пытанне: у чым заключаецца значнасць чалавека? Па-першае, чалавек з’яўляецца шэдэўрам Бога таму, што ён вянчае ўсю створаную Ім працу. Калі свет ужо быў створаны, у апошнім творчым акце з’яўляецца чалавек — як завяршэнне ўсёй створанай працы. Бог, убачыўшы сваё стварэнне ва ўсёй паўнаце, засведчыў, што тое ёсць вельмі добра. “Ёсць”, бо свет заўсёды ствараецца Богам.

Сам чалавек з’яўляецца шэдэўрам таму, што Бог злучыў у ім два зусім розныя светы: свет матэрыі, да якога належыць наша цела, і свет духа, да якога належыць наша душа. Мы знаходзімся на стыку двух светаў — вялікіх і цудоўных, але розных. Чалавек, нібы той мост, паміж светам матэрыі і светам духа. Дзякуючы целу мы атрымалі ўваход у свет матэрыі. Гэта кантакт з цэлым матэрыяльным космасам. Дзякуючы ж душы мы атрымалі ўваход ва ўвесь неабдымны свет духа. І таму, што мы знаходзімся на стыку двух розных светаў, у нас найвышэйшым чынам і адкрылася веліч Бога як Майстра. Мы з’яўляемся шэдэўрам, а адначасна, з-за тае складанасці, мы — найбольш крохкі твор, які выйшаў з Божых рук.

Выкарыстаем зноў вобраз, хаця і ведаем, што кожны вобраз будзе недасканалым прыкладам. Мы з’яўляемся шэдэўрам Бога, які змог злучыць агонь з лёдам. Агонь — гэта дух, лёд — гэта матэрыя. Па логіцы іх немагчыма злучыць. Аднак Бог змясціў духа ў нас, у чалавеку як адзіным бачным стварэнні. Гэта значыць, Ён гэтак злучыў гэтыя два элементы, што ні агонь не знішчае лёду, ні лёд не гасіць агню. Гэтае злучэнне магчыма толькі дзякуючы любові. Чалавек у Божых планах з’яўляецца шэдэўрам любові, бо злучае цэлы свет матэрыі і духа. Мы з’яўляемся надзвычай тонкім злучэннем. Гэтае злучэнне, альбо гэты мост, перакінуты паміж светам матэрыі і светам духа, мае трываць вечна. Апрача таго, што цела, з якога мы часткова збудаваныя, рассыпаецца і мае пераменлівы характар, варта памятаць, што яно ніколі не перастае існаваць! Нам здаецца, што паколькі цела рассыпаецца, то чалавек перастае існаваць, альбо мост знікае. Тым часам, гэты мост ніколі не распадаецца. Ён заўсёды трывае, бо душа несмяротная, а ў ёй закадзіравана і цела. Калі чалавек сканчвае жыццё самагубствам, ён думае, што перастае існаваць, што ён знік, але гэта падобна да знішчэння стрэлак гадзінніка. Самазабойца можа толькі зрабіць, каб гадзіннік ягонага сэрца не паказваў гадзінаў, але ён застаецца гадзіннікам, цікае далей і будзе цікаць усю вечнасць, бо ягоная душа несмяротная.

У пошуках вобразу звернемся да камп’ютэра. Вобраз на экране няхай будзе нашаю зямною часовасцю, але гэтая часовасць мае паяднанне з сэрцавінай камп’ютэра. Таму вобраз можа знікнуць, але праз пэўны час яго можна аднавіць, бо ён закадзіраваны. Гэткае ж падабенства паміж целам і душою, якая нагадвае код камп’ютэра.

Хаця чалавечая душа несмяротная і ніхто ніколі не зможа яе знішчыць, але праз лучнасць з целам можна на яе ўплываць; альбо ўдасканальваць, альбо дэфармаваць. Гэты мост можа быць штораз прыгажэйшы і багацейшы. Усё залежыць ад таго, у які бок плыве жыццё — у бок духа, альбо ў бок цела. Альбо цела, аддаючы сябе ў якасці прылады на службу духа, супрацоўнічаючы з духам, будзе штораз удасканальвацца, альбо, выкарыстоўваючы дух і сцягваючы яго на зямлю, прывядзе да яго здрабнення.

Бачанне магчымасці ўдасканалення чалавека — гэта вельмі істотная рэч, бо час нашага побыту на зямлі кароткі, і важна, наколькі гэта магчыма, добра выкарыстаць яго. Матэрыяльны свет не перастане існаваць, але толькі пераўтворыцца. Нашае цела мае быць пераўтворана на ўзор цела Хрыста на Таборы так. Жыццё духа абдымае тады ўсё. Гэта можна назіраць на прыкладзе многіх святых. Св. Францішак кантактаваў з усёю прыродаю. Ён прыносіў у яе спакой. Усялякія звяры, птушкі, паўзуны, жамяра гарнуліся да яго. Ягонае цела было настолькі паддана духу, што ён прамяніўся на атачэнне. Ды гэтак павінна быць не толькі са св. Францішкам, але і з кожным з нас. У гэтым наша мэта. Нашае ўваскрослае цела будзе мостам паміж духам і ўсёй пераўтворанай рэальнасцю. Кожны з нас з’яўляецца шэдэўрам, тым дзівосным мостам, які лучыць два светы і які запраграмаваны самім Богам. У гэтым заключана незвычайная наша годнасць і веліч.

Аднак ёсць штосьці яшчэ большае. Святое Пісанне распавядае, што мы створаны па вобразу і падабенству Божаму. Мы — адзінае бачнае стварэнне, якое нагадвае свету прысутнасць нашага Стварыцеля. У чым жа ў нас утоены гэты вобраз, гэта таямніца нашага падабенства да Бога?

Па-першае, чалавек надзелены розумам і воляй, падобна як і Бог. Чалавек вольны. Усе іншыя ажыўленыя істоты гэтага свету не маюць свабоды, а мы маем. Па-другое, мы маем сумленне. Мы ведаем, што добра, а што дрэнна, можам выбіраць паміж дабром і злом. Бог таксама ведае таямніцу дабра і зла. Па-трэцяе, мы так створаны, што можам любіць Бога і іншых людзей. Паколькі Бог — гэта любоў, а чалавек таксама можа любіць, то калі б ён пайшоў па тым шляху, на якім жадае бачыць яго Бог, то сам рабіўся б штораз лепшым, прамяніўся б любоўю. Таму ад пачатку збоч Адама з’яўляецца ягоная жонка: каб на зямлі любоў Бога была бачнаю ва ўзаемнай любові людзей. Чалавек можа прыняць Божую любоў і можа на яе адказаць. У гэтым — трэці аспект вобраза Бога. Па-чацвёртае, мы можам будаваць сваё жыццё на аснове добраахвотнага выбару. Мы можам вырашаць, ці з’явіцца на зямлі новы чалавек. У рукі людзей Бог даў адказнасць за нараджэнне новых людзей. Гэткага прывілею не маюць нават анёлы. Кожны анёл выходзіць з рук Стварыцеля асобна, сярод анёлаў няма нараджэння. Чалавек жа разам з Богам бярэ ўдзел у стварэнні новага чалавека. Ад рашэння чалавека залежыць, з’явіцца на свет наступны чалавек альбо не. У нашы рукі Бог уклаў частку сваёй стваральнай улады; гэта — таямніца нашага бацькоўства і мацярынства. Бог з’яўляецца Айцом, і чалавека таксама можна назваць айцом. Зачацце звяроў вырашае інстынкт, чалавек жа можа добраахвотна ўдзельнічаць у стварэнні іншага чалавека.

Шкада, што мы шмат часу прысвячаем чаму заўгодна, але толькі не роздуму над уласнаю таямніцаю. Кім я ёсць? Трэба ўбачыць сваю веліч, адкрыць таямніцу цела і таямніцу духа. Толькі той, хто паставіць перад сабою гэтае пытанне і пачуе на яго адказ Бога, хто адкрые сваю таямніцу і багацце, той адразу ж пачынае разумець адказ на другое, асноўнае пытанне — навошта ён жыве? Які сэнс мае жыццё чалавека? Не толькі маё, але і кожнага, найлепшага і найбольшага, геніяльнага і слабога розумам? Роздум над пятай праўдай веры вельмі важны, бо лучыцца з адкрыццём сэнсу нашага жыцця. Мы з’яўляемся найбольшым шэдэўрам Бога, тым цудоўным мостам, які лучыць свет матэрыі са светам духу. Адначасна ў нас утоена запрашэнне, скіраванае да матэрыі — каб і яна перайшла ў свет духа.

Падзякуем жа Богу за тое, што гэтак цудоўна стварыў нас, за нашу несмяротнасць і нашае падабенства да Яго.

2. Таямніца чалавечага цела

У Кнізе Быцця бачым катэхізісны вобраз, у якім Бог паказаны як ганчар, які лепіць цела чалавека з зямлі. Гэты вобраз напісаны з улікам ментальнасці сучаснікаў аўтара. Ён заключае ў сабе дзве праўды. Першая: увесь чалавек — твор Бога, увесь знаходзіцца ў Яго руках. Другая: цела чалавека з’яўляецца часткаю матэрыі, бо сфармаванае з зямлі. Абапіраючыся на гэты вобраз, можна зразумець, чаму цела, калі адмірае, распадаецца ў зямлі.

Інтэрпрэтацыя самога фармавання чалавечага цела можа быць дваякай. Традыцыйная сцвярджае, што Бог фармуе чалавечае цела з зямлі, гэта значыць, з нежывой матэрыі. Другая ж больш гарманічна суадносіцца з нашым дынамічным бачаннем свету і абвяшчае, што Бог пры стварэнні чалавека выкарыстаў ужо сфармаванае цела. Калі б гіпотэза эвалюцыі знайшла калісьці пацверджанне (бо гэта пакуль што ўсяго толькі гіпотэза), то сцверджанне, што чалавечае цела было сфармавана ў працэсе эвалюцыі, не адмаўляе навукі Касцёла. Той момант, калі Бог стварыў душу і злучыў яе з целам, быў надзвычайным Яго ўмяшаннем. Таму цела магло быць сфармавана і раней, але не сам чалавек, бо чалавек — гэта злучэнне душы з целам. Стварэнне душы і яе злучэнне з целам — гэта новае стваральнае ўмяшанне Бога. Таму можна згадзіцца, што матэрыял для будоўлі гэтага цудоўнага мосту быў падрыхтаваны раней, але мост паўстае толькі тады, калі Бог надзяляе гэты матэрыял душою.

Наступнае сцверджанне навукі Касцёла абвяшчае, што ўсё чалавецтва паходзіць ад адной пары людзей. З навуковага пункту гледжання гэтая тэорыя заўсёды выклікала сумненні. Навейшыя даследванні паказваюць, аднак, на тое, што ў нуклеінава-пратэінавай кіслаце ва ўсіх жанчын, якія жывуць на зямлі, існуе ідэнтычны генетычны код. Вытлумачыць гэтую з’яву можна толькі адным: усе жанчыны маюць паходжанне ад адной. Таму сучасныя даследванні яшчэ раз пацвярджаюць навуку, абвешчаную Бібліяй.

У чалавеку вылучаюцца тры элементы: цела, жыццёвы элемент (які мае шмат назваў) і дух. Першыя два маюцца ўсюды, дзе ёсць ажыўленая матэрыя. Самая малая жывая клетка складаецца менавіта з гэтых двух элементаў, з матэрыі і з жыццёвага элементу. Жыццёвы элемент з’яўляецца для нас вялікаю таямніцаю. Гэтыя два элементы ёсць ва ўсім жывым, што ёсць на свеце. Але ажыўлены свет, апрача чалавека, мае духа, альбо той трэці элемент, які валодае розумам і воляю. Нашае цела ў цэлым не з’яўляецца сінтэзам найбольш творчых дасягненняў, якія мы можам назіраць у прыродзе. Ніхто з нас не зможа гэтак прыгожа заспяваць, як спявае салавей; ніхто не мае крылаў, якія паднялі б яго на вышыню арлінага палёту; ніхто з нас не мае гэткіх вачэй, як у савы, якая можа бачыць нават уначы. Ніхто з людзей не мае конскай сілы, нягледзячы на тое, што мы ўжываем мяса, а конь есць толькі авёс. Ніхто з нас не мае гэткай дакладнай арыентацыі ў прасторы, як птушкі, якія ўвосень і ўвесну вандруюць на сотні кіламетраў. Па многіх магчымасцях целы нашых зямных сяброў — звяроў, птушак, жамяры, істотаў, якія жывуць на зямлі — больш дасканалыя, чым нашае. Патрэбна шмат пакоры, каб бачыць гэтую іх дасканаласць і прыгажосць, здзіўляцца з іх і вучыцца ў іх. Бо мы маем розум і, дзякуючы гэтаму, можам не толькі назіраць за багатым светам прыроды, але і можам адкрываць для сябе законы, якія ім кіруюць. Аказваецца, што ў свет прыроды ўпісана вялікая мудрасць, часта яшчэ неадкрытая чалавекам, а ўжо знішчаная. Прывядзем толькі некалькі прыкладаў. Уражвае моцная пабудова пчаліных пляйстраў з надзвычай крохкага і нетрывалага матэрыялу, якім з’яўляецца воск. Здзіўляюць дакладны радар кажаноў, да гэтага дня незразумелая тайна пастаяннай тэмпературы ў мурашніку. Прырода – гэта кніга мудрасці, дзякуючы якой мы можам адкрываць таксама таямніцы нашага цела і ўдасканальваць майстэрства сумеснага жыцця з усімі жыхарамі нашае планеты.

Само злучэнне духа з целам у асноўным адбываецца пры дапамозе цэнтральнай нервовай сістэмы. Кожны з нас уяўляе сабой дзівоснае, таямнічае цела. Цела, перажываючы боль, перадае гэты боль духу, дух жа ўдзельнічае ў болю цела. Але здараецца і адваротнае, калі духоўныя перажыванні адбіваюцца на целе. Вельмі цікавыя вынікі даследванняў, якія праводзіліся падчас малітвы, калі ўзрастае інтэнсіўнасць працы мозгу і дасягае найвышэйшых ступеняў сваіх магчымасцяў. Дух патанае ў малітве, аднак, у ёй удзельнічае ўвесь чалавек. Вядомыя таксама і негатыўныя вынікі ўплыву духа на цела. Напрыклад, прыступы зайздрасці выклікаюць павышэнне ціску, сардэчныя хваробы, аслабленне зроку, слыху. Нянавісць, гнеў могуць стаць прычынай язваў альбо камянёў у жоўці і г.д. Душэўныя перажыванні адбіваюцца на целе.

Мы — вельмі таямнічае і яшчэ не даследаванае Божае тварэнне. Кажуць, што сам чалавечы мозг з’яўляецца сёмым кантынентам. Гэтак жа, як мала мы ведаем пра афрыканскі кантынент альбо пра Аўстралію, гэтак жа няшмат мы ведаем аб працы нашага мозгу. Магчымасці мозгу вельмі вялікія. Некаторыя сцвярджаюць, што яны выкарыстоўваюцца толькі на чатыры працэнты, астатняе ж заўсёды застаецца таямніцаю. З навуковага пункту гледжання мы назіраем вялікую цікавасць да гіпнозу ёгі — а гэта спробы падыходу да формаў энергіі, утоеных у чалавеку. Гэта плод, які спакушае. Ніхто не ведае, якія будуць вынікі, калі чалавек здолее прывесці ў рух і выкарыстаць затоеную ў ім энергію. У той час можа стацца, што мы зноў апынемся пад дрэвам пазнання дабра і зла і што неразумнае зрыванне яго пладоў можа прынесці чалавеку паразу. Здаецца, што наш мозг будзе выкарыстаны на сто працэнтаў толькі пасля нашага ўваскрэсення, калі цела дасканалым чынам будзе аддадзена пад уладу духа.

Кажу аб усім гэтым дзеля таго, каб кожны з нас з удзячнасцю схіліў галаву перад Стварыцелем, заўважаючы цуд у самім сабе. Гэткім цудам з’яўляецца назіранне за працай сэрца. Адзін малады чалавек пасля даследванняў у клініцы прыйшоў да мяне і сказаў: “Як прыгожа грае маё сэрца! Мы чуем толькі ўдары, а там жа ёсць цэлы аркестр!” Сучасныя медыцынскія сродкі здольныя адкрыць музыку сэрца. Таму не дзіўна, што дзіця, якое фармуецца пад сэрцам маці, пасля нараджэння супакойваецца толькі тады, калі яго прыкладаюць да яе сэрца. Дзіця прызвычаілася да прыгожай музыкі гэтага адзінага сэрца.

Мы — таямніца. Касцёл ад пачатку глядзеў на чалавечае цела як на вялікую, найдасканалейшую святыню, годную Бога. Ён ахінаў цела пашанай нават тады, калі ў ім знікала жыццё. Смерць — гэта не апошні парог чалавека, а пераўтварэнне. Цела — гэта зерне, якое адмірае ў зямлі дзеля таго, каб усё добрае, што ў ім ёсць, пераўтварылася ў прырожую расліну. Усё самае каштоўнае ў зерні жыве далей. Усё самае каштоўнае ў нас жыве вечна.

Нам трэба яшчэ паспрабаваць адказаць на канкрэтныя пытанні: калі з’яўляецца чалавек? Калі Бог стварае душу і ў які момант злучае яе з целам? Калі наступае смерць, альбо аддзяленне жыццёвага элементу ад цела? Як належыць разумець замагільнае жыццё? Ці ёсць магчымасць наладзіць кантакт з духам? Аднак да таго, як мы зробім гэта, патрэбныя яшчэ хоць бы сціслыя разважанні аб розных тыпах энергіі, якія ёсць у нас: энергіі розуму, волі, пачуццяў і пажадлівасці. Бо мы павінны ўмець у духу Евангелля глядзець на таямніцу, якую носім у сабе, на веліч твора, якім мы самі з’яўляемся.

Пераклад Ірыны Жарнасек

Працяг


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY