Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(8)/1999
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
З жыцця Касцёла

«БОГ – ГЭТА ЛЮБОЎ»

ДА ХВАЛЫ АЛТАРА
Постаці

МАЦІ АПАЛОНІЯ

СВЯТАР І ПІСЬМЕННІК

АПАВЯДАННІ
Да юбілею 2000 года
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Нашы святыні

БАРАНАВІЦКІЯ КАСЦЁЛЫ
Па старонках старых выданняў

«BIEŁARUSKAJA KRYNICA»
Haereditas
Традыцыя

КРЫЖ З РУЖОВАГА ВАЛУНА
З жыцця Касцёла

Лучай. Грызайльны роспіс касцёла з гербамі фундатараў. Мастак Анташэўскі. Канец ХVІІІ ст. (цяпер замалявана).
Вольга БАЖЭНАВА

ТЫПАЛОГІЯ ІЛЮЗІЯНІСТЫЧНАГА ЖЫВАПІСУ

Ў КАСЦЁЛАХ МІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
2-Й ПАЛОВЫ ХVІІІ — 1-Й ПАЛОВЫ ХІХ СТАГОДДЗЯ

Названая тэма магла з'явіцца толькі пасля выхаду з друку рукапісу 1840-х гадоў Яна Барэйкі Ходзькі1. На падставе вялікага апісальнага і статыстычнага матэрыялу гэтай працы можна гаварыць пра такую з'яву, як ілюзіяністычны жывапіс Беларусі ХVІІІ ст., пра тое, што было і магло б быць - таму што з усёй вядомай спадчыны захавалася толькі некалькі помнікаў. Гісторыкі мастацтва могуць канстатаваць пашырэнне ідэі прасторавага ілюзіяністычнага жывапісу на Беларусі ХVІІІ ст. у перыяд позняга барока, прыкладам якога на сённяшні дзень можна лічыць роспіс касцёла Божага Цела ў Нясвіжы (мастак К.Д.Хескі, 1751-53 гг.), святыняў у Будславе, Лучаі, Мінску (мастак Анташэўскі, канец ХVІІІ ст.) і двух касцёлаў за межамі Мінскай дыяцэзіі (Гальшаны, Магілёў). З 89 парафіяльных кляштарных касцёлаў Мінскай дыяцэзіі 30 мелі роспісы «на оптыку малёванэ» (такі польскі тэрмін выкарыстоўваўся ў апісаннях падобнага роду жывапісу).

Можна тэарэтычна ставіць пытанне аб пэўнай мінскай школе ілюзіяністычнага жывапісу 2-й паловы ХVІІІ - 1-й паловы ХІХ ст., паколькі існуе значная колькасць помнікаў, якія «ўкладваюцца» ў адзін і той жа перыяд; роспісы аб'ядноўваюцца стылістыкай выявы. У цэнтры гэтай з'явы стаіць адметная фігура мастака Анташэўскага2, вакол якога канцэнтруюцца ўсе гэтыя мастацкія праекты. Тэрыторыя ілюзіяністычных размалёвак абмежаваная Мінскай дыяцэзіяй, што цалкам справядліва для вылучэння топаса школы (як месца). Але на сёння гэта - тэарэтычная гіпотэза, паколькі захаваліся толькі тры помнікі (астатнія знішчаны рознымі бедствамі ці перабудаваныя).

Ілюзіяністычны жывапіс - «з'ява вялікай папулярнасці, такога роду ўпрыгожанні інтэр'еру можна бачыць на шырокіх прасторах усходніх земляў Вялікага Княства Літоўскага», - піша М.Каламайская. «Яскравым доказам гэтага, - працягвае яна, - з'яўляюцца неацэнныя запіскі Ходзькі, з якіх можна зрабіць выснову, як часта можна сустрэць такога рода алтары або вялікія кампазіцыі, што арганізуюць прастору паверхні сценаў. Гэта не было сапраўднай рэалізацыяй таго, што планавалася ў такой ступені ў Будславе, але іх было шмат. Трэба падкрэсліць, што маюцца на ўвазе не толькі фрэскі, якія па сваёй прыродзе з'яўляюцца на мураваных аб'ектах, напрыклад, у касцёлах: францысканцаў у Дзісне, езуітаў у Лучаі і ў Мінску або парафіяльных у Бабруйску, Лагойску, Наўлоках, Прыдруйску, Стайне (Барысаўскі павет) і Замосці (Слуцкі павет). Тут гаворыцца пра выбар пэўнага спосабу для стварэння ўражання раскошнага пышнага інтэр'еру3.

Карта ілюзіяністычнага роспісу ў касцёлах Мінскай дыяцэзіі (паводле рукапісу Яна Ходзькі, 1830г.).
Рукапіс Яна Барэйкі Ходзькі дае статыстыку пашырэння ілюзіяністычнага жывапісу на канец ХVІІІ - першую палову ХІХ стагоддзя. Гэта ўжо закат мастацкага феномену, які па сутнасці стаў адлюстраваннем глыбінных здабыткаў культуры Новага часу ХVІІ - ХVІІІ стагоддзяў, але да сённяшняга дня разглядаецца хутчэй як нейкая віртуознасць дэкаратыўнага характару, чым светапоглядная з'ява.

Для дасягнення ілюзіяністычнага эфекту, які раскрывае прастору, мастаку неабходна бачыць магчымасць перспектыўнага скарачэння формаў, валодаць уменнем стварыць такой перспектывай эфект тэатралізацыі прасторы, каб было магчыма аптычна павялічыць рэальны прадмет і аб'ём у некалькі разоў. Уменне структураваць свет з новай сістэмай каардынат, дзе нават бясконцасць паддаецца кантролю праз фіксацыю ў пэўных пунктах, было вынайдзена майстрамі ХVІІ ст., апрабавана ў вялікай колькасці размаляваных палацаў і храмаў і нават зафіксавана ў шэрагу навучальных дапаможнікаў па архітэктурнай перспектыве і тэатральных дэкарацыях.

Найбольш вядомыя кнігі - падручнікі такога тыпу жывапісу - належаць Андрэа Поца (канец ХVІІ ст.) і мастакам сямейства Галі - Бібіене (канец ХVІІ - 1-я палова ХVІІІ ст.). Самі кнігі і гравюры з іх былі надзвычай папулярныя ў ХVІІІ - ХІХ стагоддзях. Заходнееўрапейскія (у тым ліку польскія) гісторыкі мастацтва добра вывучылі гэту тэму (і да сённяшняга дня з'яўляюцца матэрыялы, у якіх паказаны усё новыя і новыя варыянты перспектыў праз італьянскі, нямецкі, французскі жывапіс).

Ілюзіяністычны алтар «Укрыжаванне».
Ілюзіяністычныя выявы дэманстравалі ўменне мастака (sic! а значыць і эпохі) авалодаць прасторай, упарадкаваць яе, убачыць у ёй тайну (калі, напрыклад, скрозь каланаду прарываўся незямны свет). Гэты прарыў ажыццяўляўся за кошт найвялікшага адкрыцця культуры барока ХVІІ-ХVІІІ стст. - за кошт умення імгненна даваць бачанне некалькіх прастораў адначасова; пры гэтым прастора рэальная і прастора ілюзорная злучаліся, што стварала ілюзію авалодання часам. Асваенне часам руху - галоўнае дасягненне культуры барока.

Для сучаснікаў ілюзіяністычны жывапіс па-іншаму выстройваў глыбінныя псіхалагічныя станы - мастацтва ХVІІІ ст. было самым моцным сродкам камунікацыі людзей. «Але яшчэ іншая дарога вызвалення вяла ў самае ядро часу, і жаданню ішоўшага скрозь стагоддзі «memento mori» («памятай пра смерць») і «vanitas vanitatum vanitas» («суета сует») супрацьпастаўлялася іншае - «carpe diem» («выкарыстоўвай дзень, лаві імгненне, бо яно мінае»). Гэта спараджае ў перыяд барока як паэзію, так і мастацтва вельмі венсуалістычнае (пачуццёвае) і, адпаведна акалічнасцям, святочнае, калі свята з'яўляецца апафеозам і вяршыняй (вянцом) часу, які мінае. Рэлігійнае цярпенне, якое апраўдваецца ілюзорнасцю зямнога свету, змяняецца эстэтычнай раскошай яго фарбаў, жывапіснай ілюзіяй», - піша Фрыц Штрых, даследчык культуры барока4. Свет культуры непарыўна звязвае мастацтва і рэлігійнае перажыванне. Нездарма тэарэтыкі мастацтва ХVІІІ ст. вызначалі мастацтва за яго ўменне схапіць усеагульны характар рэчаў як філасофію.

Агульны выгляд ілюзіяністычнага алтара ў перспектыве бакавой навы касцёла.
У 30-ці касцёлах Мінскай дыяцэзіі знаходзіўся ілюзіяністычны жывапіс рознага роду, паводле звестак з рукапісу Яна Ходзькі Барэйкі. З матэрыялаў гісторыка ХІХ ст. дакладна не вядома, драўлянымі ці мураванымі былі збудаванні. Высновы даводзіцца рабіць з ускосных заўвагаў па гэтым пытанні. Каля 11-ці касцёлаў былі мураваныя, усе астатнія - драўляныя. З мураваных захавалася тры - у Лучаі, Будславе і Замосці; з драўляных - адзін (у вёсцы Пагост Мёрскага раёна), а два перабудаваны (у Каралеўшчызне і Уздзе - дамы культуры).

Будслаў.
Выява Яна Хрысціцеля.
Гістарычная дакументацыя Барэйкі Ходзькі ў большасці дае ўяўленне пра алтары «малёванэ на оптыку», але ў сямі выпадках гаворыцца пра ўпрыгожванне касцёлаў: 1) «унутры касцёл таксама ўвесь «помалёваны оптычне» (драўляны ва Уздзе); 2) «унутраныя сцены і суфіт «малёванэ на оптыку» (драўляны касцёл у Капаткевічах); 3) «унутраныя сцены абцягнуты палатном «маляваным на оптыку» (драўляны касцёл у Беразіно ў 40 км ад Ігумена); 4) «унутры 4 алтары, пакрытыя як і сцены размалёўкамі» (драўляны з купалам 1809 года касцёл у Камайску); 5) «унутраныя сцены і алтары пакрыты «маловідламі на оптыку» аўтарства Анташэўскага» (мураваны, 1744 года кансэкрацыі ў Лучаі); 6) «скляпенне і ўсе сцены пакрыты прыгожымі размалёўкамі на муры, якія адлюстроўваюць рэлігійны змест, аўтарства майстра Анташэўскага» (мураваная катэдра ў Мінску); 7) «унутраныя сцены і скляпенні пакрыты антычнымі размалёўкамі» (мураваны філіяльны касцёл 1826 г. у Германавічах). Пры захаванні гэтага ілюзіяністычнага жывапісу інтэр'ераў касцёлаў Беларусь магла б ганарыцца дзесяткамі святыняў: толькі вопіс Мінскай дыяцэзіі дае 7 такіх помнікаў.

Галоўны алтар. Ілюзіяністычны роспіс на другім плане спалучаны з разьбяным алтаром на першым плане.
У астатніх выпадках у апісанні Барэйкі Ходзькі фіксуюцца алтары «на оптыку малёванэ», выкананыя на дошках, палатне, мурах. У Новым Пагосце - «тры алтары, маляваныя «оптычно» на дошках»; у Каралішчавічах - 5 алтароў, маляваных пад «покост» - г.зн. на аліфе «на оптыку»; у Капаткевічах - «вялікі алтар «оптычно» на дошках маляваны; у Свіслачы - «маляваны «оптычно» на дошках; у Пяршаях - «тры алтары, у вялікім алтары, «оптычно» на дошках маляваным - абраз Маці Божай Шкаплернай»; у Койданаве (цяпер Дзяржынск) - «пяць алтароў, маляваных «оптычно» на дошках»; у Іказні - «тры алтары маляваныя «оптычно» на дошках «пад покост»; у Бабруйску (касцёл быў у крэпасці і згарэў у 1888 г.)5 - «7 алтароў, вялікі алтар уключае абраз, маляваны на дошках, які прадстаўляе Беззаганна Пачатую».

Ілюзіяністыстычныя алтары на палатне мелі наступныя касцёлы: у Бабруйску - магчыма, як на сценах, абцягнутых палатном, у алтарах выявы былі на палатне; у Харомцах Бабруйскага павету - «тры алтары, маляваныя «оптычно» на палатне; у Параф'янаве «тры алтары, у вялікім, маляваным выдатна на палатне, размешчана фігура Хрыста, які церпіць на крыжы». На сцяне - у тэхніцы фрэскі або, дакладней, сухой фрэскі (як можна меркаваць) выкананы алтары ў Лучаі, Мінску, Лагойску, Гайне Лагойскага раёна («касцёл налічвае 5 алтароў, маляваных выдатна на муры»). Ва ўсіх іншых касцёлах няма дакладнага ўказання на тэхніку выканання размалёвак (касцёлы ў Замосці Уздзенскага раёна, у Наўлоках, Докшыцах, Давыд-Гарадку, Германавічах, Уздзе, Ігумене, Амнішаве (Лагойскі раён), у Турцы, Жарах (філіяльнай капліцы ад Даўгінава), у Дзедзіне (філіяльным касцёле ад Докшыцаў), у Лагойску, Ваўчковічах (філіяльным ад Мінска).

Лучай. Грызайльны роспіс «Эўхарыстыя». Мастак Анташэўскі. Канец XVІІІ ст. (цяпер замалявана).
На сённяшні дзень мы не можам да канца ўявіць, як выглядалі гэтыя ілюзіяністычна ўпрыгожаныя алтары і інтэр'еры храмаў. У рукапісе Яна Барэйкі Ходзькі даюцца вельмі кароткія апісанні - відаць, алтары былі тыповыя (калоны, якія перспектыўна скарачаюцца ўглыб з выявай у цэнтры пэўнага сюжэту Бібліі. У гістарычным апісанні зафіксаваныя асобныя адрозненні ў інтэр'еры. Напрыклад, у касцёле ў Замосці ў «алтары вялікім, маляваным «на оптыку», знаходзіцца абраз Укрыжаванага Хрыста, арыгінал якога належыць аўтарству вядомага мастака Чаховіча»; у касцёле філіяльным у Наўлоках «алтары маляваныя, якія прадстаўляюць добры пэндзаль, у іх абразы Найсвяцейшай Марыі Панны - твор незвычайна таленавітага мастака»; у касцёле Амнішава Лагойскага раёна «інтэр'ер змяшчае 3 алтары, маляваныя «на оптыку» з добрай імітацыяй архітэктанічнай»; у Ваўчковічах - касцёл філіяльны ад Мінска - «цэлы інтэр'ер выбелены - змяшчае 3 алтары маляваных «на оптыку».

Неабходна сказаць пра магчымы мастацкі і адміністрацыйны цэнтр ілюзіяністычнага жывапісу ў Мінскай дыяцэзіі. Першым мінскім дыяцэзіяльным біскупам быў Якуб Дадэрка, пры якім у большасці касцёлаў пачалі аднаўляцца інтэр'еры. Галоўныя заказы атрымаў мастак Анташэўскі, пра якога ў рукапісе Яна Барэйкі Ходзькі сказана наступнае: «Сцены і алтары пакрыты размалёўкамі «на оптыку» аўтарства Анташэўскага, які пакінуў пасля сябе шмат размалёвак, галоўным чынам фрэсак у розных касцёлах Мінскай дыяцэзіі6 (пра Лучайскі касцёл), і «скляпенні і ўсе сцены касцёла пакрыты выдатнымі размалёўкамі, выкананымі на муры, якія адлюстроўваюць рэлігійны змест, аўтарства вядомага ўжо маэстро7 Анташэўскага8 (пра Мінскі кафедральны касцёл).

Лучай. Грызайльны роспіс «Хрышчэнне». Мастак Анташэўскі. Канец XVІІІ ст.
Спробу выявіць творчае крэда Анташэўскага М.Каламайская робіць на падставе размалёвак, якія захаваліся ў Будславе, але аднаго помніка недастаткова для бясспрэчных высноваў. Яна канстатуе ў ілюзіяністычным жывапісе алтароў складаную архітэктурную пабудову і няўмелую выяву фігураў у барочна-класіцыстычным духу эпохі апошняга польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (станіславаўскі класіцызм). Арнаментальныя матывы і асаблівасці лепкі формы фігуры могуць быць суаднесены з размалёўкамі касцёла ў Лучаі, якія на сённяшні дзень захаваліся толькі на фатаграфіі і пацярпелі ў час нядаўняга «панаўлення». Ілюзіяністычная размалёўка капліцы св. Феліцыяна ў Мінскім кафедральным касцёле ў цэлым фігуратыўна, і манера мадэліроўкі фігураў адрозніваецца ад стылю Будслаўскага і Лучайскага касцёлаў. Аднак М.Каламайская ўказвае на адзін кантракт, у якім імя Анташэўскага згадваецца ў цікавым для нас кантэксце. У 1790 г. у касцёле францысканцаў у Дзісне з мастаком Міхаілам Стэфаноўскім быў падпісаны кантракт на выкананне двух алтароў «штукой оптычной», г.зн. ілюзіяністычных, «паводле абрысу, выданага ад яго міласці пана Казіміра Анташэўскага, мэтра «штукі оптычной», г.зн. паводле чарцяжа Казіміра Анташэўскага9. Анташэўскі быў мастаком, які санкцыянаваў работы падобнага роду.

Такім чынам, мы можам зрабіць наступную выснову. Тыпалагічная разнастайнасць ілюзіяністычнага жывапісу ў касцёлах Мінскай дыяцэзіі сведчыць пра яе вялікае пашырэнне ў канцы ХVІІ - 1-й палове ХVІІІ ст. і прымушае нас дапусціць яе значную наяўнасць у ХVІІ - 1-й палове ХVІІІ ст., калі падобны кірунак у размалёўках касцёлаў усёй Заходняй Еўропы быў пануючым, а на Беларусі не прадстаўлены нават адзінкавымі помнікамі. Пра манументальныя размалёўкі таго часу можна толькі меркаваць, абапіраючыся на скупыя архіўныя матэрыялы. Таму такія каштоўныя для нас звесткі пра размалёўкі касцёлаў канца ХVІІІ ст. - 1-й паловы ХІХ ст. з рукапіснай спадчыны беларускага гісторыка Яна Барэйкі Ходзькі.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY