Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(8)/1999
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
З жыцця Касцёла

«БОГ – ГЭТА ЛЮБОЎ»

ДА ХВАЛЫ АЛТАРА
Постаці

МАЦІ АПАЛОНІЯ

СВЯТАР І ПІСЬМЕННІК

АПАВЯДАННІ
Да юбілею 2000 года
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Нашы святыні

БАРАНАВІЦКІЯ КАСЦЁЛЫ
Па старонках старых выданняў

«BIEŁARUSKAJA KRYNICA»
Haereditas
Традыцыя

КРЫЖ З РУЖОВАГА ВАЛУНА
З жыцця Касцёла

Ірына ЖАРНАСЕК

МАЦІ АПАЛОНІЯ

У дачыненні да жанчын паняцце мужнасці ўжываецца даволі рэдка. Але пра гэтую жанчыну можна сказаць з упэўненасцю: мужная. А яшчэ яна — маці. Нягледзячы на тое, што не мела сваіх родных дзяцей, яна была сапраўднай маці для многіх. Маці Апалонія Пяткун...

Ёй быў дзевяноста адзін год, калі Бог паклікаў яе да сябе. Здарылася гэта 9 красавіка 1999 года ў доме сясцёр эўхарыстак на вул. Бірутэ, 19, у Вільні. Была пятніца Велікоднай актавы. У часе навэнны да Божай Міласэрнасці надышоў скон, пры якім, як сведчаць сёстры эўхарысткі з Вільні, прысутнічалі ўсе жыхаркі дому. А да гэтае хвіліны былі двухдзённыя малітвы сясцёр у капліцы. За яе душу маліўся ксёндз біскуп Юзаф Тунайціс, Святую Імшу адпраўлялі ксёндз біскуп Антоні Дземянка, іншыя святары. Потым цела Маці Апалоніі было перавезена ў Друю — на Беларусь. Тут, у дарагой для яе сэрца Друі, пад шапаткімі бярозамі маці Апалонія знайшла свой апошні спачын на ціхіх могілках, дзе роўнымі радамі ляжаць у сырой зямлі тыя, з кім шмат гадоў таму маці Апалонія пачынала свой шлях законніцы.

У 1923 годзе ў Друі з блаславення тагачаснага віленскага біскупа Юрыя Матулевіча паўстаў закон сясцёр служабніцаў Езуса ў Эўхарыстыі. Разам з рэфармаваным і адноўленым законам ксяндзоў марыянаў яму было наканавана скласці адну з найярчэйшых старонак гісторыі Касцёла на Беларусі ў дваццатым стагоддзі. Сярод першых эўхарыстак была і яна — дваццацігадовая дзяўчына, якая прыехала з латышскай Краславы ў беларускую Друю, каб апрануць хабіт законніцы. 29 чэрвеня 1929 года прынародна, у прысутнасці Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, яна дала абяцанне Пану Богу захоўваць чысціню, паслушэнства і ўбоства. Праз тры гады Апалонія склала вячыстыя шлюбы — паклялася назаўсёды заставацца з Езусам.

У той час яна і падазраваць не магла, колькі сілы і мужнасці спатрэбіцца ёй дзеля таго, каб стрымаць сваё слова. Напачатку ўсё здавалася не так і складана. Тры гады вучылася сястра Апалонія ў школе кравецтва і хатняй гаспадаркі. Скончыла яе і думала, што ўсё сваё жыццё будзе шыць літургічныя шаты і іншыя патрэбныя для Касцёла рэчы. Рабіла яна гэта з вялікай любоўю і сапраўдным майстэрствам. Але сталася так, што сваё сэрца на працягу доўгіх гадоў яна аддала не толькі знешняму ўпрыгожанню Касцёла, але і барацьбе за яго існаванне.

Увосень 1941 года яна была адной з першых сясцёр эўхарыстак, якія распачалі каталіцкую місію на тэрыторыі Савецкай Беларусі — у Росіцы і яе ваколіцах, што на Дрысеншчыне. Але ў хуткім часе сястра Апалонія была вымушана зноў вярнуцца да кравецкае справы, каб цяпер ужо ў Друі вучыць іншых гэтаму майстэрству. Яна не была ў Росіцы ў тыя дні, калі сёстры эўхарысткі разам з ксяндзамі марыянамі Антоніем Ляшчэвічам і Юрыем Кашырам рыхтаваліся скласці ахвяру са сваіх жыццяў. І ўсё ж душою яна была разам з імі, бо тры дні і тры начы разам з сёстрамі трывала на малітве. Сёстры вярнуліся з Росіцы ў Друю, у неба пайшлі блаславёныя Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра, якія навечна засталіся добрымі пастырамі, бо не пакінулі свае аўчарні.

Жыццё працягвалася. Сёстры чакалі канца вайны і не ведалі, што будуць сур’ёзныя выпрабаванні і пасля тае страшнае навалы. Менавіта ў тыя цяжкія гады генеральнаю маці Супольнасці стала Апалонія Пяткун. Летам 1945 года некалькі сясцёр выехала ў Польшчу. Гэткае рашэнне было прынята ў сувязі з тым, што на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі, якая ўз’ядналася з Усходняю, чакаўся пераслед Касцёла, такі ж, які перажыла, дый яшчэ перажывала, Савецкая Беларусь. Сёстры чакалі, што зробіць яна сама, іхняя маці. Яна вырашыла застацца. Ведала, што наперадзе будуць сур’ёзныя выпрабаванні. Але хіба магла яна выбраць лягчэйшае жыццё і пакінуць сваіх сясцёр у Хрысце там, дзе іх чакала небяспека? Не магла. Да таго ж адчувала, што іхняе жыццё і служба на беларускай зямлі набывае новы, глыбейшы сэнс — сэнс апостальства.

Маці Апалонія праводзіла сваіх сясцёр на станцыю ў Дукштах. У апошнія хвіліны перад ад’ездам сёстры ўсё яшчэ спадзяваліся, што яна адумаецца і паедзе разам з імі, тым больш, што два месцы яшчэ былі вольныя. Адказала ім: «Не. Нізавошта не магу гэтага зрабіць». Выправіла іх, а сама праплакала цэлую ноч у прыстанцыйных кустах. Праз суткі вярнулася ў Друю і сустрэла заплаканых твары сясцёр, якія ўжо страцілі надзею на яе вяртанне. Не, яна не магла не вярнуцца. Бо ведала, што ў хуткім часе сёстрам спатрэбіцца шмат і шмат сілы, цвёрдасці духу, спатрэбіцца яе матчына падтрымка і апека.

Улады пачалі нахабна прэтэндаваць на законны дом сясцёр. Пацягнуліся доўгія месяцы няроўнага змагання. Паездкі ў Мёры, Полацк, Мінск, нават у Маскву нічога не далі. Дом у рэшце рэшт адабралі. Шмат разоў маці Апалонія вымушана была ісці па выкліку да ўладаў, перад якімі яна з усіх сіл імкнулася неяк залагодзіць канфлікт, пераканаць, што законніцы ў Друі ніякія не ворагі. Ёй, вядома ж, не верылі. Яшчэ і яшчэ раз дапытваліся пра сясцёр, што выехалі ў Польшчу. Каторы раз рабілі рэвізію ў іхняй гаспадарцы, апісвалі яе. Маці Апалонія як магла падтрымлівала дух сясцёр. З сапраўдным мацярынскім клопатам яна, хоць была не нашмат старэйшаю за іх, давала сёстрам урокі вытрываласці ў веры. На Беларусі не было ўжо ніводнай супольнасці законнікаў, а эўхарысткі ўпарта трывалі. Нават некаторыя святары раілі ім разысціся па хатах, каб не прыцягваць да сябе лішняе ўвагі, але сёстры разам са сваёй маці трывалі. Трывалі на малітве і ў вялікім даверы Богу, нібы прадчуваючы, што надыдуць яшчэ цяжэйшыя выпрабаванні.

І яны надышлі. 1949 год у гісторыі Касцёла на Беларусі пазначаны новай хваляй арыштаў святарства. Ва Усходняй Беларусі ўжо не было каго арыштоўваць, прыйшла чарга святароў з Браслаўшчыны, Мёршчыны, Глыбоччыны, Пастаўшчыны... Некаторыя з іх, спадзеючыся на паратунак, гадамі хаваліся ад пераследу ў лясах, на аддаленых хутарах. Тады і пачалася для маці Апалоніі новая старонка яе біяграфіі, ці не найбольш яскравая і цяжкая. Яна, апранутая па-жабрацку, праходзіла тады не адзін дзесятак кіламетраў і прыносіла святарам ежу. Яе шляхі-дарогі пралягалі то ў адзін, то ў другі бок. І так — праз гады. Зносіўся абутак, ірвалася адзенне — не стамлялася толькі яе душа, гатовая ў любую хвіліну ірвануцца на дапамогу іншаму чалавеку. Не злічыў бы, напэўна, да прыкладу, ксёндз Баляслаў Заяц, колькі разоў прыходзіла яна, зняможаная, у чарговае месца ягонае схованкі, каб прынесці ежу і весткі пра тое, што дзеецца навокал.

А навокал дзеелася страшнае. У лагерах пасля кароткіх судоў, якія і судамі цяжка назваць, ужо мучыліся кс. Інгелевіч, кс. Лаўцэвіч, кс. Кударэўскі, а. Цікота, а. Паўлік і многія, многія іншыя. Зачыненыя касцёлы палохалі нязвыклаю цішаю, а то і нахабным калгасным гаспадараннем у святых месцах малітвы. Але малітва не магла знікнуць назусім. І яна трывала найбольш мужна ў дамах сясцёр эўхарыстак. Шчыльна зачыняючы дзверы ды завешваючы вокны, яны маліліся ў сваіх дамках, якія вонкава мала чым адрозніваліся ад суседніх. І ўсё ж розніца была істотная: у іхніх, часам надзвычай бедных дамах, прысутнічаў Езус у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Дзе — у шафе, дзе — у камодзе, дзе — у шуфлядзе. Маці Апалонія была перакананая: «Калі ёсць Гаспадар — не страшна».

Яна ўмела чэрпаць у Яго сілы. Бо інакш было б проста цяжка вытлумачыць, дзе яна знаходзіла іх для судоў з уладамі за маёмасць, для наведвання святароў, якіх шукалі тыя ж улады, для падтрымкі тых, хто мучыўся ў турмах, далёкіх лагерах. Ніхто ніколі ўжо не злічыць, колькі яна сабрала пасылак з харчамі ў розныя месцы ГУЛАГу. Часта сёстры мелі надзвычай сціплыя стравы на сваім стале, самі цярпелі і голад, і холад, і горыч. І ўсё ж яны знаходзілі сілы, каб падтрымліваць тых, хто знаходзіўся ў яшчэ большай бядзе.

У тыя страшныя гады маці Апалонія значыла для сясцёр значна больш, чым проста зверхніца іхняе супольнасці. Вельмі часта яе словы навукі і падтрымкі замянялі для іх словы святароў, якіх так не ставала. Яна ведала патрэбы кожнай сястры, ведала, у каго знасіліся боты, каму патрэбна новая сукенка, ведала, хто дзе хварэе, каму патрэбна асаблівая ўвага і падтрымка, бо пачыналі губляцца сілы. Маці — лепш пра яе, бадай, і не скажаш. На працягу доўгіх гадоў яна здолела быць клапатліваю маці і для святароў, і для сясцёр законніцаў, і для многіх свецкіх людзей, на чыё сумленне замахнулася атэістычная ўлада.

А тым часам самой ёй было вельмі нялёгка. І аднойчы яна горка напіша ў сваіх асабістых запісах: «Найважней, што няма тут Андрэйкі (а. Цікоты), ані нікога падобнага для дапамогі. Таму здараюцца вельмі цяжкія хвіліны. Калі б не вера ў тое, што настане потым, не хапіла б, мабыць, сілаў...» Ды вера ў Бога, у перамогу дабра над злом, святасці над бесчалавечнасцю давала ёй такія патрэбныя сілы. А яшчэ — асабістая ахвярнасць. Да самазабыцця. Да зношаных ушчэнт чаравікаў па бясконцых дарогах, да больш чым сціплага спажытку. Неяк, ужо ў старасці, яна мімаходзь прызналася сёстрам, як не магла яна тады дазволіць купіць сабе звычайную булачку, бо, можа, на той час камусьці так патрэбны быў той рубель, які б яна патраціла. «Яна абсалютна не памятала пра сябе», — скажа пра яе сястра Ядвіга Віршута, якая на працягу доўгіх гадоў была яе вернаю сяброўкаю.

Да глыбокай старасці, ужо і тады, калі не была зверхніцаю супольнасці, маці Апалонія напоўніцу жыла яе справамі. Яна бачыла ўсе праблемы, пастаянна звяртала на гэта ўвагу не толькі сясцёр, але і зверхніцаў. Яна была перакананая, што якімі б цяжкімі ні былі ўмовы жыцця сясцёр, яны ніколі не маюць права нядбала ставіцца да свайго духоўнага росту. Да глыбокай старасці сама яна працавала фізічна — шыла, гафтавала, цыравала. І ўсё гэта з вялікай любоўю і густам. Бо як жа інакш? Для Касцёла ж працуе, а тут нельга штосьці зрабіць не найлепшым чынам. Зрэшты, усё, што рабіла ў жыцці, заўсёды было для Бога і Касцёла.

Яе любілі і паважалі сёстры законніцы. Ёй былі глыбока ўдзячныя святары. Лепшае сведчанне пра тую ўдзячнасць — даўнія пажоўклыя лісты з лагераў, якія яна зберагла як найдаражэйшы скарб. Некаторыя з іх мы змяшчаем у гэтым нумары. Для маладзенькіх сясцёр, якія на працягу доўгіх гадоў патаемна, а цяпер ужо, дзякаваць Богу, адкрыта прыходзяць у супольнасць сясцёр служабніцаў Езуса ў Эўхарыстыі, яна заўсёды была прыкладам таго, як трэба служыць Богу і бліжняму. Для іх яна была і надалей застаецца маці. Зрэшты, на пахаванні маці Апалоніі Пяткун і ксёндз Антоні Лось сказаў: «У кагосьці ёсць маці Тэрэса з Калькуты. У нас жа ёсць маці Апалонія». У гэтых словах усё — і падзяка, і любоў, і прызнанне.

Перапіска святароў-выгнаннікаў з Маці Апаллоніяй


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY