|
|
№
2(8)/1999
На кніжнай паліцы
З жыцця Касцёла
Постаці
Да юбілею 2000 года
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Роздум аб веры
Паэзія
Нашы святыні
Па старонках старых выданняў
Haereditas
Традыцыя
З жыцця Касцёла
|
Натуральна, што мастацтва — адзін з важных кампанентаў набажэнства — большасцю хрысціянскіх філосафаў і сёння разглядаецца як лагічная праява «вечнага саюза Боскага пачатку і Прыгажосці». Мастацкі вобраз апрадмечвае Боскае, трансцэндэнтнае [6; с. 7, 69]; само ж мастацтва, як «сацыяльнае вырашэнне неўсвядомленага» [2; с. 83], як выяўленне невербальнага мыслення, заклікана адначасова ўздзейнічаць на ўсе ўзроўні псіхікі чалавека – і свядомыя, і падсвядомыя. Натуральна, што «грамадская тэхніка пачуцця» (гэтак вызначыў сутнасць мастацтва Л.Выгоцкі [2; с. 9]), стала адным з важных элементаў богаслужбовай практыкі. З усіх мастацтваў найбольш узвышаным, ідэальным традыцыйна лічылася менавіта музыка. Аўгустын, досыць негатыўна ацэньваючы жывапіс, дойлідства і іншыя выяўленчыя мастацтвы, найвышэйшым сярод іх, узорным называў музыку і звязваў яе з ісцінай, прыгажосцю і мудрасцю. Прызначэнне музыкі ён бачыў у выяўленні глыбінных рухаў чалавечай душы, а таксама ў спрыянні больш духоўнаму засваенню слоўнага тэксту [1; с. 178, 195]. На працягу многіх стагоддзяў хрысціянскія мысляры зноў і зноў пацвярджалі думку аб трансцэндэнтнай, Боскай сутнасці рэлігійнай музыкі. Нават прагматык і прыхільнік выключна вопытных метадаў даследавання У.Джэймс прысвяціў музыцы такія прачулыя словы: «Не лагічная прамова, а хутчэй музыка з’яўляецца тым элементам, пры дапамозе якога мы найлепшым чынам успрымаем містычныя ісціны... Музыка, бясспрэчна, дае нам анталагічныя адкрыцці» [3; с. 328]. Касцёльныя ўлады добра ўсведамлялі важную ролю музыкі ў агульным комплексе рэлігійнага культу. Розныя аспекты функцыянавання музыкі ў касцёле досыць падрабязна разглядаюцца ў разнастайных афіцыйных дакументах каталіцкага Касцёла. Кананічныя палажэнні набываюць асаблівую значнасць пры вывучэнні рэлігійнай музыкі Беларусі, бо, на жаль, засталося вельмі мала такіх традыцыйных гістарычных крыніц, як хронікі асобных кляштараў і касцёлаў, зборы дакументаў і актаў парафій і дыяцэзій і г.д. Таму цяжка прасачыць эвалюцыю музычна-літургічнай практыкі хоць бы аднаго канкрэтнага кляштара Беларусі на працягу больш-менш значнага гістарычнага перыяду. Усе звесткі фрагментарныя, з велізарнымі лакунамі. Афіцыйныя дакументы ў некаторай ступені кампенсуюць слабую фактаграфічную базу нашых ведаў у гэтай галіне. Разам з фундушавымі запісамі, дзе даволі часта ўпамінаецца музыка, яны з’яўляюцца асноўным матэрыялам, на падставе якога можна ўявіць сабе штодзённую музычную практыку касцёлаў. Схематычна іерархію афіцыйных крыніц можна паказаць прыкладна так: а) афіцыйныя пастановы, абавязковыя для ўсіх католікаў (рашэнні сабораў, папскія дэкрэты, канстытуцыі розных ордэнаў і да т.п.); б) палажэнні, абавязковыя ў межах касцёльнай ці ордэнскай правінцыі, дыяцэзіі ці іншай адміністрацыйнай адзінкі; в) фундушавыя запісы прыватных асобаў, якія стваралі неабходныя матэрыяльныя ўмовы жыццядзейнасці арганістаў, кантараў і інструментальных капэлаў. У Беларусі, акрамя парафіяльных касцёлаў, існавалі таксама кляштары тыпалагічна розных каталіцкіх ордэнаў. У залежнасці ад кананічных задачаў кожнага аб’яднання, сфармуляваных у канстытуцыях, асобныя ордэны аддавалі перавагу некалькім спецыфічным кірункам рэлігійнай дзейнасці: ці самаўдасканаленню і індывідуальнай малітве, ці барацьбе з ерасямі, ці захаванню ўзорнага літургічнага рытуалу, ці карпатлівай працы з масамі вернікаў і інш. Канстытуцыя дыктавала, у якой вопратцы павінен хадзіць манах, як ён павінен маліцца і працаваць, якую маёмасць ён можа мець, дзе трэба будаваць кляштар, як абстаўляць келлю і да т.п. Як коратка рэзюміруе вядомы сярэднявечны двуверш:
Bernardus vales, colles Benedictus amabat,
Канстытуцыі ордэнаў рэгулявалі выключна традыцыйныя, абавязковыя элементы музычна-літургічнай практыкі: харальную манодыю Імшы і дзённых службаў. Корпус грыгарыянскіх мелодый, які склаўся на пачатку другога тысячагоддзя, быў менавіта тым складальнікам рэлігійнай музыкі, які яскрава падкрэсліваў яе касцёльную спецыфіку, абумоўліваў еднасць і пераемнасць каталіцкай музычнай традыцыі на працягу стагоддзяў. Нягледзячы на вялікую ступень інтэграцыі касцёльнай музыкі ХVІІІ ст. з сучаснай свецкай мастацкай плынню, харал усё ж такі займаў прывілегіяваную пазіцыю ў музычным жыцці кляштараў. Адпаведна з мэтамі кожнага аб’яднання некалькі змянялася і стаўленне да музычнага мастацтва. Найбольш старажытныя па паходжанні ордэны так званых «monachorum», ці «манахаў» (бенедыкцінцы, цыстэрцыянцы, картузы) арыентаваліся пераважна на захаванне традыцыйных харальных спеваў. Звычайна даволі заможныя, ордэны «манахаў» зрабілі значны ўнёсак у развіццё каталіцкай музыкі, асабліва грыгарыянікі. Бенедыкцінцамі былі славуты творца сучаснай натацыі Гвіда з Арэцца і такія вядомыя тэарэтыкі музыкі, як Беда (VІІІ ст.), Аўрэліян з Рэоме (ІХ ст.), Хукбальд (+930), Рэгіна Прюмскі (+915), Ода з Клюні (879—942), Берно з Райхенаў, Герман Кантрактус; на пачатку другога тысячагоддзя цыстэрцыянцы правялі важную рэформу грыгарыянскіх спеваў; у ХІХ ст. бенедыкцінцы французскага кляштара Солесме па сутнасці адрадзілі старажытную традыцыю харала. Агульную арыентацыю «манахаў» у галіне музычнага мастацтва можна вызначыць як ахоўна-інтэлектуалізаваную. Гэта пацвярджаецца і нешматлікімі музычнымі помнікамі з кляштараў «манахаў» Беларусі: Градуалам цыстэрцыянак з Кімбараўкі і падручнікам «Пачаткі музыкі» нясвіжскага бенедыкцінца А.Варанца, а таксама актамі візітацыі бярозскіх картузаў.
Усе названыя вышэй ордэнскія аб’яднанні неад’емнай часткай жыцця манаха — чалавека, які цалкам прысвяціў сябе Богу, — лічылі штодзённае сумеснае (у хоры) адпраўленне поўнага кола набажэнстваў: канвентуальнай (манастырскай) Імшы, афіцыя, ватыўных (дадатковых, неабавязковых) набажэнстваў. Па сутнасці, кожны манах быў амаль што спеваком-прафесіяналам, бо веданне касцёльных спеваў адначасова з вывучэннем Святога Пісання, асноў літургікі і да т.п. з’яўлялася абавязковым прадметам для кожнага навіцыя.
Нешматлікія на Беларусі кляштары «манахаў» падпарадкоўваліся «Манаскаму ўставу» св. Бенедыкта Нурсійскага (першая палова VІ ст.), заснавальніка славутага італьянскага кляштара ў Монтэ Кассіна. Акрамя традыцыйных манаскіх абетаў (цнатлівасці, адмаўлення ад маёмасці і паслухмянасці), «манахі» прымалі таксама абавязак заставацца ў сваім кляштары да смерці (stabilitas loci). Яны арыентаваліся пераважна на адасоблена-кантэмпляцыйны стыль жыцця, на індывідуальную малітву, на фізічную і інтэлектуальную працу, імкнуліся мець як мага менш кантактаў са свецкім асяроддзем. Традыцыйны дэвіз «манахаў» — cruce et aratro (крыжом і плугам) — спрыяў хуткаму пераўтварэнню кляштараў у буйныя культурныя і гаспадарчыя цэнтры* [5; т. 1, с. 195]. Паводле Рэгулы св. Бенедыкта** ў кляштарах бенедыкцінцаў прадугледжвалася спецыяльная пасада кантара, які быў абавязаны распачынаць спеў [12; раздз. ХІХ]. «Пільнасці пры спяванні» спецыяльна прысвечаны ўвесь раздзел ХІХ. Асноўны яго сэнс сфармуляваны ў наступных словах, якія акцэнтуюць малітоўны, функцыянальны аспект літургічных спеваў: «Мы верым, што Бог прысутнічае ўсюды і вочы Пана бачаць добрых і злых на кожным месцы; тым больш гэта, без ніякага сумнення, датычыцца момантаў, калі мы стаім на службе міламу Пану. А таму мы павінны заўсёды памятаць, што сказаў прарок: «Служыце Пану са страхам»; а таксама словы: «Спявайце мудра»; ці яшчэ: «Перад абліччам анёлаў я пяю Табе» (Псальмы 2; 46; 137). А таму неабходна сачыць за тым, каб усё рабіць як перад вачыма Боства і анёлаў. Трэба стаяць і спяваць так, каб наш розум згаджаўся з нашым голасам». Гэтыя словы св. Бенедыкта нагадваюць аб думцы св. Аўгустына: «Psalmis et hymnis, cum oratis Deum, hoc versetur in corde, quod profertur in voce» («Калі моліцеся Богу, спявайце псальмы і гімны не толькі голасам, а і сэрцам») [7; с. 31]. У Статуце бенедыкцінцаў не абыдзены ўвагай і чыста эстэтычныя якасці касцёльнай манодыі. Так, у раздзеле ХLVІІ падкрэслена: «А спяваць ці чытаць няхай не адважваецца ніхто, акрамя тых, хто здольны патрэбным чынам выконваць гэты абавязак для павучэння слухаючых; няхай з пакорай, сур’ёзнасцю і са страхам робіць гэта той, каму загадаў апат». Розныя кляштары, якія падпарадкоўваліся Статуту св. Бенедыкта, былі на Беларусі тымі цэнтрамі, дзе надзвычай поўна захоўвалася старажытная харальная традыцыя. Адным з найбуйнейшых і заможных на нашых землях кляштараў «манахаў» была Бяроза Картузская, якая, як вядома, адыграла немалую ролю ў гісторыі краіны. Ордэн картузаў, заснаваны ў 1084 г. св. Бруно (+1101), вызначаўся асабліва суровым характарам. Самотнасць і адасобленасць, адданасць аскетычным практыкам, індывідуальная малітва і поўны разрыў усялякіх сувязяў са светам — вось тыповы modus vivendi картузіянскага манаха. Дэвіз ордэна — «stat crux dum volvitur orbis» («стаіць крыж, пакуль круціцца зямля») — настройваў братоў на цалкавітую абыякавасць да свету, да жыццёвай мітусні. Картузы адпраўлялі службу паводле ўласнага старажытнага рытуалу, блізкага да цыстэрцыянскага. Першапачаткова поўны афіцый (цыкл дзённых службаў) спяваўся ў хоры толькі па святах, штодзённа манахі былі абавязаны сумесна спяваць выключна ютрань і нешпары. Усе астатнія набажэнствы адпраўляліся прыватна, у келлях. На пачатку ХІІІ ст. была дададзена абавязковая штодзённая канвентуальная Імша. У касцёльных спевах картузаў дамінаваў старажытны, асвячоны тысячагадовай традыцыяй грыгарыянскі харал, аднак нават ён здаваўся ідэолагам ордэна занадта пышным і свецкім па сваім характары. Так, Гвіда, прыор Шартрскага кляштара і аўтар ‘’Consuetudines cartusiae’’ (1127), быў адным з ініцыятараў картузіянскай рэформы харалу, паводле якой скарачаліся доўгія мелізмы, спрашчаліся і ‘’правіліся’’ ў адпаведнасці з тагачаснай тэорыяй музыкі ўсе развітыя мелодыі, з рукапісаў выкідваліся так званыя ‘’арнаментальныя’’ неўмы*, якія патрабавалі асаблівай артыкуляцыі. Неабходнасць такіх радыкальных зменаў царкоўных мелодый была выклікана, на думку ініцыятараў рэформы, «сур’ёзнасцю жыцця эрэмітаў, якое не дазваляе марнаваць шмат часу на вывучэнне спеваў» [10; т. 14, с. 820]. Паколькі картузіянскі фармуляр службаў мэтанакіравана выкідваў тыя тэксты, якія не абапіраліся на Біблію, у спевах яны цалкам адмовіліся ад секвенцый і тропаў**, скарацілі колькасць гімнаў. З усіх мелодый ардынарыя Імшы картузы карысталіся толькі трыма Kyrie, двума Gloria, адным Credo, двума Sanctus і адным Agnus Dei. Не дазваляў шматгалосы спеў і ўжывання музычных інструментаў падчас набажэнстваў [7; с. 268—269]. (Цікава, што асноўныя кірункі харальнай рэформы картузаў нагадваюць славутую Трыдэнцкую харальную рэформу ХVІ стагоддзя.) Высокі ўзровень спеваў more gregoriano (паводле грыгарыянскага звычаю) у Бярозе адзначалі візітатары ў 1683 годзе; у 1686 годзе манахам было рэкамендавана «спяваць псальм «Deus misereatur nostri» ў штодзённых і святочных ютранях і хваленнях з той жа сур’ёзнасцю, з якой звычайна спяваем Magnificat i Benedictus; карыстацца паўзамі ў асобных віргах, занатаваных у градуале, і кантару спяваць да першай віргі (спецыяльны музычны знак) сольна; у псалмодыі рабіць паўзу ў сярэдзіне верса’’. У 1722 годзе ордэнскія ўлады прапанавалі павольней спяваць тэрцыю (кананічная гадзіна ў дзённай службе) і хутчэй — псальм ‘’Dоminum in adjutorium’’ [7; с. 25, 27]. Як бачна, усе заўвагі візітатараў датычаць выключна нюансаў выканання харала; сам змест гэтых рэмарак дэманструе высокі ўзровень манадыйнай традыцыі ў кляштары. У ферыяльныя дні бярозскія картузы спявалі ружанец, канвентуальную Імшу і пахавальны афіцый; у святочныя дні спяваліся таксама прыма, тэрцыя, нешпары, каронка да Св. Тройцы, а кляштарную Імшу суправаджаў арган. Цікава, што па нядзельных і святочных днях спецыяльна для вернікаў дадаткова служылі Імшу паводле рымскага рытуалу, таксама з арганам. Кляштар быў абавязаны ў год адпраўляць 364 спяваных і 362 чытаных Імшаў да Панны Марыі [7; с. 16, 17]. Пакуль што не знойдзена ніводнай спеўнай кнігі бярозскіх картузаў, а іх у кляштары было нямала, бо ў Бярозе знаходзіўся навіцыят ордэна [7; с. 20], а значыць ішлі заняткі па літургіцы і харальных спевах.
|
|
|