|
|
№
2(8)/1999
На кніжнай паліцы
З жыцця Касцёла
Постаці
Да юбілею 2000 года
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Роздум аб веры
Паэзія
Нашы святыні
Па старонках старых выданняў
Haereditas
Традыцыя
З жыцця Касцёла
|
«Я прыбыў да ўсіх без выключэння, каб на схіле гэтага тысячагоддзя прыгадаць адну галоўную праўду, на якой збудавана наша вера, праўду пра тое, што «Бог – гэта любоў» (1 Ян, 4,8), – такімі словамі 17 чэрвеня 1999 г. Святы Айцец Ян Павел II падагульніў мэту сваёй апостальскай пілігрымкі ў Польшчу. Гэта была ў многім незвычайная пілігрымка Папы на сваю радзіму. Па-першае, – самая працяглая па часе: яна доўжылася ажно 12 дзён; па-другое, – бадай, самая масавая: 10 млн палякаў і пілігрымаў з розных куткоў свету пабывала на сустрэчах з Папам; па-трэцяе, – відаць, самая напружаная па сваім рытме і па колькасці тых сустрэч і падзеяў, якія прыпадалі літаральна на кожны яе дзень. Больш за 20 гарадоў наведаў Ян Павел II у тыя дні, і кожны з іх стаў своеасаблівай апостальскай стацыяй любові на гэтым пілігрымскім шляху. Гданьск, Пэльплін, Эльблёнг, Ліхэнь, Быдгашч, Торунь, Элк, Вігры, Седльцы, Драгічын, Варшава, Сандомеж, Замосце, Радзымін, Ловіч, Сасновец, Стары Сонч, Вадавіцы, Глівіцы, Кракаў, Чэнстахова... Апошняя пілігрымка Папы мела выразны экуменічны характар: увага акцэнтавалася на універсальнасці хрысціянства. На парозе Вялікага юбілею 2000 года гэты акцэнт здаецца асабліва важным. У Седльцах і Драгічыне прагучала апостальскае маленне Святога Айца аб еднасці і заклік да рахунку сумлення, да скрухі і ўзаемнага прабачэння. «Няма салідарнасці без любові», а тым больш няма экуменізму без любові. У набажэнствах на Падляссі брала ўдзел шмат пілігрымаў з Беларусі. У Седльцах беларусы пачулі з вуснаў Святога Айца прывітальнае слова на сваёй роднай мове, а ў Драгічыне Папа падкрэсліў, што прысутнасць пілігрымаў з Беларусі, Літвы і Украіны напаўняе яго «асабліваю радасцю». Радасць, як і ўсюды, была ўзаемная. Гаворачы пра адметнасць сёлетняй папскай пілігрымкі, трэба абавязкова сказаць пра той незвычайны энтузіязм, пра тыя любоў і радасць, з якімі пілігрымы скрозь віталі Святога Айца. Мабыць, гэта дапамагала яму вытрымліваць непамерную загружанасць і напружанне кожнага дня, перамагаць стому і фізічнае цярпенне... Несумненна, адным з найбольш важных момантаў гэтай апостальскай вандроўкі Святога Айца (што мае вялікае значэнне таксама і для паўсюднага Касцёла на Беларусі) была беатыфікацыя 108 мучанікаў, ахвяраў II сусветнай вайны. Дзевяць з іх склалі ахвяру са свайго жыцця на нашай зямлі. «Мучаніцтва – найвышэйшае выпрабаванне чалавечнасці, выпрабаванне годнасці чалавека перад абліччам самога Бога,» – зазначыў Ян Павел II. Раней існавала меркаванне, што мучанік – гэта той, хто аддаў жыццё за веру. Вынясенне да хвалы алтара многіх святых Янам Паўлам II за час яго Пятровай паслугі, кананізацыя людзей, якія ахвяравалі сваё жыццё за іншых, паглыбіла сэнс мучаніцтва, дазволіла ў вобразе чалавека ясней і лепш угледзець вобраз Бога. І гэта, апошняя па часе беатыфікацыя, якая адбылася 13 чэрвеня ў Варшаве, чарговы раз пацвердзіла думку Святога Айца пра тое, што «святыя набліжаюць неба да зямлі», набліжаюць да нас Бога, сваёю ахвярнаю любоўю сведчаць пра Божую любоў да чалавека... «Будуйце сваё жыццё на скале, – заклікаў у часе пілігрымкі Папа. – На той скале, якою ёсць Хрыстус і Ягоныя запаведзі!» Як жа важна ўсім нам сёння, на парозе трэцяга тысячагоддзя хрысціянства, сэрцам адгукнуцца на гэты заклік свайго пастыра.
падчас беатыфікацыйнай Святой Імшы ў Варшаве 13 чэрвеня 1999 г. 1. «Благаславёныя міласэрныя, бо яны будуць памілаваны» (Мц 5, 7). Умілаваныя браты і сёстры! Са словамі гэтага Хрыстовага благаславення я спыняюся на маім пілігрымскім шляху сярод вас — вернага люду Божага Варшавы. Сардэчна вітаю ўсіх сабраных тут вернікаў, святароў, законнікаў і сясцёр законных, а таксама свецкіх вернікаў. (...) Дзякую Божаму Провіду, што дадзена мне зноў стаць на гэтым месцы, на якім дваццаць гадоў назад, у памятную вігілію Спаслання Духа Святога, асаблівым чынам перажывалі мы таямніцу Вячэрніка. Разам з Прымасам Тысячагоддзя кардыналам Стэфанам Вышынскім, з біскупамі і шматліка сабраным людам Божым сталіцы мы ўзносілі тады гарачыя просьбы аб дары Духа Святога. У тыя цяжкія часы ўпрошвалі мы Яго сілы, каб разлілася яна ў сэрцах людзей і абудзіла ў іх надзею. Было гэта маленне, якое сыходзіла з веры, што Бог дзейнічае і сілаю Духа Святога ўсё аднаўляе і асвячае. Было гэта маленне аб аднове аблічча зямлі. Гэтай зямлі. (Няхай сыдзе Дух Твой і адновіць аблічча гэтай зямлі). Як жа сёння не дзякаваць Богу ў Тройцы Адзінаму за ўсё, што мы на працягу апошніх дваццаці гадоў прачытваем як Яго адказ на тое наша маленне. Ці ж не ёсць адказам Бога ўсё, што за гэты час здзейснілася ў Еўропе і ў свеце, пачынаючы з нашай айчыны? На нашых вачах наступалі змены палітычных, грамадскіх і эканамічных сістэмаў, дзякуючы якім асобныя людзі і народы наноў убачылі святло сваёй годнасці. Праўда і справядлівасць вяртаюць сваю вартасць, становячыся неадкладным выклікам для ўсіх, хто цэніць дар свае свабоды. За гэта дзякуйма Богу, з надзеяй гледзячы ў будучыню. Аднак перадусім аддаем Яму хвалу за ўсё, што гэтае дваццацігоддзе ўнесла ў жыццё Касцёла. Таму яднаемся ва ўдзячнасці з Касцёламі заходняй і ўсходняй традыцыі, сярод блізкіх нам народаў, якія выйшлі з катакомбаў і адкрыта выконваюць сваю місію. Іх жыццёвасць — цудоўнае сведчанне моцы Хрыстовай ласкі, якая слабых людзей робіць здольнымі да гераізму, даведзенага нярэдка ажно да мучаніцтва. Ці ж гэта не плён дзеяння Божага Духу? Ці ж не дзякуючы гэтаму павеву Духа ў навейшай гісторыі мы маем сёння непаўторную здольнасць адчування паўсюднасці Касцёла і нашай адказнасці за сведчанне аб Хрысце і за абвяшчэнне Яго Евангелля «ажно па край зямлі» (Дз 1, 8). (...) 2. «Благаславёныя міласэрныя, бо яны будуць памілаваны» (Мц 5, 7). Літургія сённяшняй нядзелі надае нашай падзяцы асаблівы характар. Бо дазваляе ўбачыць ўсё, што здзяйсняецца ў гісторыі гэтага пакалення, у перспектыве адвечнай Божай міласэрнасці, якая найбольш поўна аб’явілася ў збаўчай справе Хрыста, «які быў выданы за грахі нашыя і ўваскрос дзеля апраўдання нашага». Пасхальная таямніца смерці і змёртвыхпаўстання Божага Сына надала гісторыі чалавецтва новую плынь. Калі мы назіраем у ёй балючыя знакі дзеяння зла, то маем пэўнасць, што не можа яно канчаткова запанаваць над лёсамі свету і чалавека. (Не можа яно перамагчы.) Гэта ўпэўненасць сыходзіць з веры ў міласэрнасць Айца, які так «палюбіў свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб усякі, хто верыць у Яго, не згінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16). Таму сёння, калі святы Павел указвае на веру Абрагама, «які не меў сумнення ў абяцанні Божым нявераю, але ўмацаваўся ў веры, аддаўшы хвалу Богу» (Рым 4, 20), яна дазваляе нам убачыць крыніцу гэтай сілы, дзякуючы якой нават самыя цяжкія выпрабаванні не ў стане былі адарваць нас ад любові Бога. Дзякуючы веры ў Божую міласэрнасць жыла ў нас надзея. Яна адносілася не толькі да сацыяльнага адраджэння і вяртання годнасці чалавеку ў зямным вымярэнні. Наша надзея сягае нашмат глыбей, бо кіруецца да Божых абяцанняў, якія выходзяць далёка за межы часовасці. Яе канчатковая мэта — удзел у пладах збаўчай справы Хрыста. Яна можа быць залічана нам за справядлівасць, калі мы «верым у Таго, хто ўваскрасіў з мёртвых Езуса, Пана нашага» (Рым 4, 24). Бо толькі надзея, што сыходзіць з веры ў змёртвыхпаўстанне, можа нас натхніць даваць у штодзённым жыцці годны адказ на бязмежную любоў Бога. Толькі з гэтай надзеяй мы можам ісці да тых, «каму дрэнна» (Мц 9, 12), і быць апосталамі Божай, аздараўляльнай любові. (...) 3. «Omnipotens aeterne Deus, qui per glorificationem Sanctorum novissima dilectionis tuae nobis argumenta largiris, concede propitius, ut, ad Unigenitum tuum fideliter imitandum, et ipsorum intercessione commendemur, et incitemur exemplo», — так моліцца Касцёл, успамінаючы ў Эўхарыстыі святых: «Усемагутны вечны Божа, Ты даеш нам новыя доказы свае любові, калі дазваляеш святым удзельнічаць у Тваёй хвале, учыні, каб іх малітва і прыклад натхнялі нас верна наследаваць Твайго Сына». (Comune sanctorum et sanctarum, Collecta.) Таксама такое маленне мы ўзносім сёння, калі захапляемся прыкладам сведчання, якое даюць нам благаславёныя, вынесеныя хвіліну таму да хвалы алтароў. Жывая вера, непахісная надзея і ахвярная любоў былі залічаны ім за справядлівасць, бо глыбока ўкараніліся ў пасхальнай таямніцы Хрыста. Таму слушна просім, каб па іх прыкладу мы маглі верна ісці за Хрыстом. (...) Калі мы сёння радуемся беатыфікацыі ста васьмі духоўных і свецкіх мучанікаў, то перадусім таму, што яны — сведчанне перамогі Хрыста, дар, які вяртае надзею. 4. «Munire digneris me, Domine Jesu Christe (...), signo sanctissimae Crucis tuae: ac concedere digneris mihi (...) ut, sicut hanc Crucem, Sanctorum tuorum reliquiis refertam, ante pectus meum teneo, sic semper mente retineam et memoriam passionis, et sanctorum victorias Martyrum» — гэта малітва, якую адгаворвае біскуп, закладваючы пектаральны крыж: «Умацуй мяне, Пане, знакам Твайго Крыжа і ўчыні, каб так, як гэты крыж з рэліквіямі святых, які нашу на сваіх грудзях, гэтак я заўсёды меў у думках і памяць мукі Тваёй, і перамогу, якую атрымалі Твае мучанікі». Сёння гэты заклік я раблю малітваю ўсяго Касцёла ў Польшчы, што на працягу тысячы гадоў нясе знак мукі Хрыста, пастаянна адраджаецца з пасеву крыві мучанікаў і жыве памяццю перамогі, якую яны атрымалі на гэтай зямлі. Бо калі мы здзяйсняем гэты ўрачысты акт, то пэўным чынам ажывае ў нас вера, што, нягледзячы на абставіны, ва ўсім можам атрымаць поўную перамогу, дзякуючы Таму, хто нас палюбіў (пар. Рым 8, 37). Благаславёныя мучанікі звяртаюцца да нашых сэрцаў: паверце, што Бог — гэта любоў! Паверце ў добрым і злым! Абудзіце ў сабе надзею! Няхай гэта надзея прарасце ў вас плодам вернасці Богу ў кожным выпрабаванні! (...) Спадабалася Богу «з’явіць многасць багацця ласкі сваёй на прыкладзе дабрыні» (пар. Эф 2, 7). Гэта – «багацце Яго ласкі», гэта – падмурак нашай непарушнай веры ў збаўчую прысутнасць Бога на шляхах чалавека ў трэцім тысячагоддзі! Яму няхай будзе хвала на вякі вякоў. Амэн.
Пераклад з польскай мовы Крыстыны ЛЯЛЬКО
|
|
|