|
|
№
2(8)/1999
На кніжнай паліцы
З жыцця Касцёла
Постаці
Да юбілею 2000 года
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Роздум аб веры
Паэзія
Нашы святыні
Па старонках старых выданняў
Haereditas
Традыцыя
З жыцця Касцёла
|
* * * І з пункту гледжаньня права Літва ад самага пачатку была забясьпечаная ад польскага наступу. Крэўскі дакумант 1385 г. як пачатак літоўска-польскіх адносінаў ніводным словам не гаворыць аб праве палякаў перасяліцца ў Літву ці займаць там становішчы. У ім маецца толькі запэўненьне Ягайлы «terras suas Lituaniae et Rusiae CORONAE regni Poloniae perpetuo applicare»а). «Applicare» — прылажыць — не значыць інкарпарацыі, рэзыгнацыі з самастойнасьці і незалежнасьці Літвы, тым больш, што гэтае «applicare» адносілася не да ПОЛЬШЧЫ, як хацелі палякі, але да КАРОНЫ, як дынастычнай Ягайлавай інстытуцыі, што тварыла фэўдальны сувэрэнітэт над падуладнымі землямі Польшчы й Літвы — самастойнымі адзінкамі. Гэтаксама ўмова Ягайлы з Вітаўтам з 18 студзеня 1401 году (пасьля паразы Вітаўта пад Ворскляй), якая мае характар вайсковага саюзу Літвы з Польшчай, не дае нейкага права палякам на інфільтрацыю ў Літву, а толькі зьмяшчае магчымасьць, што ў выпадку безпатомнай сьмерці Вітаўта Літва вернецца ў цясьнейшае падпарадкаваньне КАРОНЕ ды польскаму каралеўству. А нават найбольш выкарыстоўваны польскімі нацыяналістамі акт Гарадэльскай умовы між Вітаўтам і Ягайлам за подпісамі падручных з дня 2 кастрычніка 1413 году з шумнымі й «моцнымі» словамі: «incorporamus, invisceramus, appropriamus, coniugimus, adiungimus, confoederamus et perpetue anectimus»b) абсалютна нічога не гаворыць аб скасаваньні самастойнасьці і незалежнасьці Літвы ці аб праве палякаў пераходзіць граніцы ВКЛ. Набор слоў аб цесных дачыненьнях Літвы з Каронай і Польшчай, прытым слоў з паняцьцямі супярэчнымі, якія ня маюць ніякай юрыдычнай вартасьці, ёсьць літаратурнай дэклярацыяй, што Літва ня мае намеру разарваць саюзных дачыненьняў з Польшчай і з Каронай, а ў выпадку безпатомнай сьмерці Вітаўта ягоны наступнік, вялікі князь літоўскі, мае быць пастаўлены за ведамам Кароны й Каралеўства польскага ды наадварот: новы кароль, як валадар Кароны й Польшчы, мае быць пастаўлены за згодай вялікага князя літоўскага, паноў і шляхты літоўскай. Тут маем выразна раўнапраўныя бакі: Літва й Польшча. Палякі, міма ўсяго, прабавалі пасьля сьмерці Вітаўта (1430) супрацьставіцца аднастароннаму (літоўскаму) выбару на пасад вялікага князя СЬВІДРЫГАЙЛЫ падтрыманьнем кандыдатуры ЖЫГІМОНТА. Узьнікла ўнутраная вайна ў Літве, якая трывала да 1440 году, гэта й да сьмерці Жыгімонта Кейстутавіча. Жыгімонт стаяў на пазыцыях умовы Ягайлы зь Вітаўтам з 1401 году ды забавязваўся адступіць Кароне й Польшчы Падольле, Валынь і Холмшчыну. За тое ў дачыненьнях да праваслаўных Жыгімонт Кейстутавіч адхіліў дыскрымінацыйныя акты з 1387 і 1413, прызнаючы для праваслаўных усе «наданьні, свабоды, прывілеі й дастойнасьці», якія раней прадбачваліся толькі для каталікоў. (Трэці земскі прывілей 6 траўня 1434.) Калі і былі якія польскія інсьпірацыі, інфільтрацыі ў жыцьцё Літвы, захоп пагранічных земляў Літвы палякамі, то гэта было ў часе ўнутранага змаганьня паміж Жыгімонтам і Сьвідрыгайлам (1432-1440), але гэтаму наступу палякаў быў паложаны канец зарганізаваным пераваротам у Літве (1440), у выніку якога быў забіты Жыгімонт Кейстутавіч, а ягоны сын Міхалушка ўцёк у Маскву, якую палякі (кардынал Алесьніцкі) хацелі выкарыстаць у далейшым як змоўніцу да аслабленьня непакорнай Літвы. Аднак з гэтага нічога ня вышла, бо Ян Гаштаўт, Віленскі ваявода, уціхамірыў краіну ды вялікім князем літоўскім паставіў КАЗІМІРА, малодшага сына Ягайлы. Вунійныя дачыненьні Літвы да Польшчы былі парваныя. Так праграма Вітаўта аб поўнай незалежнасьці Літвы ўключна з каранаваным Вялікім Князем была адноўленая і то ў чыстай пачатковай форме: не Літва ёсьць дадаткам да Кароны й Польшчы, але Польшча ёсьць здабыткам літоўскай дынастычнай палітыкі. Адсюль тэрыторыя Літвы, яе ўнутраны лад і сувэрэннасьць ня могуць быць нарушаныя. Паколькі пасьля сьмерці Ягайлы (1434) каралём Польшчы быў Уладыслаў (Варнэнчык), а фактычна польскія магнаты з Алесьніцкім на чале ў імені малалетняга каралевіча, дык адбываліся спробы інтэрвэнцыі ў жыцьцё Літвы па старане Жыгімонта. Аднак з гэтага нельга рабіць вываду, быццам Жыгімонт Кейстутавіч, брат Вітаўта, быў польскім стаўленікам ці агентам. Палякі толькі сваім збройным удзелам супраць Сьвідрыгайлы (12.000 конніцы пад камандваньнем Якуба з Кабылян) вымагалі ад Жыгімонта розных канцэсіяў на карысьць Польшчы, прытым самавольна захаплялі пагранічныя землі, як Валынь і Падлясьсе. Жыгімонт Кейстутавіч у цяжкай патрэбе падпісаў цэлы рад дакумантаў на карысьць Польшчы, але духова ён з гэтым не пагаджаўся. «Мы ніколі ня былі нявольнымі, — пісаў ён да Альбрэхта Габсбурга, — ані нашае Вялікае Княства ніколі нікому, як толькі чалавечая памяць сягае, ня было падуладнае; і цяпер ня дзержым яго ад палякаў, але сядзім на сваім, пераняўшы яго з ласкі Божай паводле права наступніцтва па продках нашых, пасьля сьмерці брата нашага, сп. Вітаўта». Длугаш — гэты вялікі польскі патрыёт, — які дзе толькі магчыма фальшаваў гісторыю на карысьць Польшчы, не бяз прычыны ў сваёй ГІСТОРЫІ даў вельмі адмоўную атэстацыю Жыгімонту Кейстутавічу: «гэта чалавек на дзіва люты й жадны... прытым прагавіты... Хітры ды падступны панявольнік...» Калі б Жыгімонт быў звычайнай пешкай у руках палякаў, яны яго велічалі б. Як там ні было, але палітыка Жыгімонта Кейстутавіча была шкоднай для Літвы, бо давала палякам ня толькі захопніцтва пагранічных земляў, але і праніканьне ў нутро краіны. Таму то пераварот, наладжаны Янам Гаштаўтам з Чартарыскімі, вяртаў назад поўную незалежнасьць Літвы. У міжчасе польскі кароль Уладыслаў неспадзявана згінуў пад Варнай у барацьбе з туркамі (1444), а палякі, страціўшы вялікія сілы, прымушаныя былі аглядацца на Літву. У міжчасе ня было ўпэўненасьці, што да сьмерці Уладыслава. Туркі паказвалі галаву Уладыслава Варнэнчыка, але з яснымі валасамі, у той час, калі Уладыслаў Варнэнчык быў брунэтам. Была пушчаная некім вэрсія, што Варнэнчык выратаваўся ўцёкамі ды недзе знаходзіцца ў Партугаліі. Польскія магнаты ў Кракаве высылалі адумысныя пасольствы, каб выведаць праўду, але нічога канкрэтнага не маглі даведацца. Толькі ў 1445 годзе стала ясна, што Уладыслаў ня жыве, і тады рада польская пастанавіла паклікаць Казіміра — вялікага князя літоўскага — сабе на караля. Казімір ды ягоны пратэктар Ян Гаштаўт не адразу прынялі афэрту. Перш былі Літвой адабраныя ад Польшчы Падлясьсе і іншыя пагранічныя землі, якія перадаў Жыгімонт Кейстутавіч Польшчы, або палякі самі захапілі ў часе хатняй вайны ў Літве. Трэба было ўціхамірыць партыю Міхалушкі ды наладзіць парадак на ўсходнім паграніччы з Масквой. Адначасова вяліся тайныя перамовы з крыжакамі, каб наладзіць саюз супраць Польшчы і гэтым змусіць палякаў да ўступстваў. 30 лістапада 1445 адбыўся вялікі зьезд паноў Літвы, Жамойці і Русі, які пастанавіў зусім унезалежніць Літву ад Польшчы. Гэта аднак не абазначала рэзыгнацыі Літвы ад падпарадкаваньня Польшчы дынастыі Ягайлавічаў. Прыбыўшы на зьезд польскіх магнатаў у Пятркове ў тым жа годзе, прадстаўнік ад літоўскага зьезду князь Васіль Друцкі (Красны) гэтае выказаў асьведчаньне: «Князь Казімір заняў літоўскі пасад не як ўладальнік ад польскага каралеўства часова ды заступча, якога быццам можна водля ўпадабаньня адклікаць ад княжаньня назад да каралеўства, але як законны й прыродны дзедзіч Вялікага Княства Літоўскага, які гэтае Княства мае з спадчыны сваіх бацькоў і дзядоў, вялікіх літоўскіх князёў, на аснове прыроднага права, дзе ён зусім натуральна валадарыць». «Польскія паны, — напамінаў кн. Друцкі, — павінны быць асьцярожныя, каб дзеля свайго посьпеху не выклікалі небясьпечных войнаў, тым больш, што кн. Казімір ня быў бы ў гэтым абыякавы, але, хутчэй, моцна чуўся б пакрыўджаным, каб бяз яго рады і дазволу пасад бацькаўскі і ўрад польскага каралеўства нехта іншы меў бы дастаць». Крыху пазьней сам Казімір сказаў польскім паслом яшчэ больш адкрыта: «Калі б хто супраць ягонай волі хацеў бы заняць польскі пасад, таго ён будзе лічыць за свайго ворага ды будзе старацца ўсімі сіламі скінуць яго ды прагнаць». Кардынал Алесьніцкі падтрымоўваў кандыдатуру на караля Польшчы Фрыдэрыка Гогэнцолерна, і ў выпадку яго выбару Польшча магла б вайной дамагацца прылучэньня Літвы згодна з актамі вуніі. Так ён аргумантаваў. Шляхта ў Польшчы выказвалася за Балеславам Мазурскім. У 1446 на зьездах у Парчове й Берасьці абедзьвія дзяржавы схільныя былі на кампраміс. 17 верасьня Казімір Ягайлавіч прыняў КАРОНУ ды выбар на караля Польшчы, але падкрэсьліў непарушальнай дзедзічную ўладу над Літвой, якую прызнаў за дзяржаву зусім незалежную на раўні з Польшчай. Гэтым самым гублялі ўсякае юрыдычнае значэньне літоўскія абяцанкі далучыць Літву да Польшчы. Вунія аднак не была ліквідавана. Яе хацелі Літва й Польшча. У дачыненьні да Літвы (Беларусі) Казімір і паны літоўскія на зьезьдзе ў 1446 г. у Берасьці забавязваюцца: «copulavimus et anneximus volentes ipsorum esse dominus et rector divina disponente clementia. Ipsaque dominia, Regnum et Magnum Ducatum praefata ab omnibus hostibus, ex quacunque parte ipsa invadentibus, iam de facto tueri et defensare iuxta posse nostrum promittimus, tenemur et obligamur ac ad suscipiendum eiusdem regni Poloniae dyadema et coronam pro festo S. Johannis Baptistae proxime venturo sub nostro verbo ducali, quod praesenti scripto approbamus, Cracoviam venire promittimus et spondemus et ibidem coronari iuraque, privilegia, libertates et emunitates principum, praelatorum, baronum, boyarorum, procerum, nobilium, civitatum et omnium incolarum dominii utriusque, videlicet regni Poloniae et magni ducatus Lytwaniae praefatorum, more aliorum regnum et principum praedecessorum nostrorum regni Poloniae et magni ducatus Lythwaniae ratificare, confirmare, roborare, approbare tenebimurв). Як бачым, так Казімір — прадстаўнік дынастыі — як і літоўскія паны былі згодныя надалей утрымоўваць вунію Літвы з Польшчай ды захоўваць дасюль існуючыя земскія прывілеі. Перад тым, як Казімір выехаў з Вільні ў Кракаў на пасад караля, ён выдаў 2 травеня 1447 г. земскі прывілей Літве (яшчэ раз пацьверджаны ў 1457 г.), у якім забавязваўся вярнуць усе страчаныя землі ВКЛ ды не дапускаць ніякага чужаземства на становішчы ў ВКЛ або валаданьне нерухомасьцямі. «Абецуем і шлюбуем іж у землях тых нашых вялікага Княства зямель, гарадоў, местаў, а любо каторых-кольвек дзедзіцтв, у валадзеньне й у дзяржаньне, а любо некаторыя урады, а любо чці, не маем даць у чэсьць нікоега чужаземца, але толька родзічам тых зямель нашых прэдрэчаных Вялікага Княства Літоўскага дамо, і нашы пасьля будучыя дадуць у дзержаньне й валадзеньне». У дачыньнені да абсады каталіцкіх касьцёлаў прывілей пастанаўляў: «І мы... не іншаго ані іншых пастыраў маем да тых касьцёлаў афераваці, толька Вялікага Княства нашага Літоўскага тубыльца, есьлі ў годнасьці а сталасьці абычаеў найдзен будзець, а есьлі бы не, тагды іншае зямлі парсону пажытчону а пачтліву і слушну, каторая бы мела і радзіці і пажыточні быці, толькакраць колькакраць патрэба будзець» (Дзялынскі, Збор праў літоўскіх, Познань, 1841, 30.ІІІ). Яшчэ больш дакладна вызначаў самастойнасьць й сувэрэннасьць ВКЛ Аляксандр у земскім прывілеі з 6 жніўня 1492 г. Перш за ўсё Польшча акрэсьлівалася як чужаземная (замежная) краіна, 13 пункт: «У справах публічнага дабра гэтага Вялікага Княства нашага мы абавязваемся пасылаць весьнікаў або пасланцоў пры неадкладнай у гэтым патрэбе, паводля Рады нашых паноў, да чужаземных краін, як Масковія, Заволжская Арда, Перакопская Арда, Валахія, каралеўства Польскае, княства Мазавецкае, Прусія, Лівонія, Пскоў, Вялікі Ноўгарад, Цьвер і Разань, згодна са звычаем, які захоўваўся нашымі папярэднікамі, а таксама і да іншых некаторых краінаў, куды патрабаваць будзе неабходнасьць і дабро дамініяў нашага Княства Літоўскага...» Пункт 16: «Дастоінствы, дзяржавы і ўсе іншыя ўрады ці спадчынныя маёмасьці мы забавязваемся не раздаваць нікому з чужынцаў ці іншаземцаў, але толькі родзічам гэтых зямель В.Княства...» Пункт 31: «Калі якая дзяўчына або ўдава пажадае выйсьці замуж у іншыя краіны, за межы Вялікага Княства Літоўскага, то атрымаўшы выправу й прыданае, яна пакідае тутэйшыя спадчынныя маемасьці ды дае забавязваньне да іх ня ўмешвацца». Усе існуючыя земскія прывілеі пацьвярджалі наступныя Вялікія Князі: Жыгімонт Стары (18 кастрычніка 1529) і Жыгімонт Аўгуст (14 лютага 1547), забавязваючыся не дапускаць чужаземцаў на ўрады, становішчы так сьвецкія, як і касьцёльныя, а таксама ўладаньне ўсякімі добрамі ў межах Вялікага Княства Літоўскага. Закон супраць чужынцаў быў унесены ў аснаўным сьпіску ўсіх правоў ВКЛ у Першым Літоўскім Статуце 1529 г. У разьдзеле ІІІ, п. 3 пастанаўляў: «Тэж шлюбуем і абяцуем, іж у землях нашых таго Вялікага Княства земль і гарадоў, і мест, і каторых-кольвек дзедзіцтв, і дзержаньня, і тэж каторых-кольвек урадаў нашых або чэсьцей і дастойнасьцей жаднаму обцаму, але толька прыраджоным а тубыльцам тых земль нашых Вялікага Княства і вышай мененага ня будзем даваці, і патомкі нашы не будуць даваці ў дзяржаньне і ў пажываньне». (Статут ВКЛ 1529 г. Менск, 1960, 48). Наступныя Літоўскія Статуты — ДРУГІ з 11 сакавіка 1566 г. і ТРЭЦІ (1588) поўнасьцю ўключаюць ранейшыя забароны чужаземцам занімаць усякія становішчы, урады й дастойнасьці, а таксама дзяржавіць ці ўладаць усякімі добрамі ў ВКЛ. На асаблівую ўвагу заслугоўвае ІІІ Літоўскі Статут (1588) як канстытуцыйнае права Літвы ўжо пасьля Люблінскай вуніі (1569). Як ведама, палякі выкарысталі цяжкае становішча Літвы ў вайне з Масквой (1562—1582), сілай захапілі Валынь, Кіеўшчыну і Падлясьсе ды змусілі Літву да падпісаньня нявыгаднай ёй вуніі з Польшчай. Пункт 14 гэтага вунійнага акту касаваў усе супрацьпольскія бар’еры Літвы: «Усе статуты й уставы, якія яны ня былі ды ўсё роўна з якой прычыны супраць польскага народу ў Літве ўведзеныя ды замацованыя адносна набыцьця і дзержаньня маёмасьці ў Літве палякам усякім спосабам здабытыя, ці то па жонцы, або за выслугу, або купляй, ці дарунковым звычаем, менай, ці іншым шляхам згодна з звычаёвым і дзяржаўным правам, — усе гэтыя статуты, як супярэчныя праву, справядлівасьці ды супольнай братэрскай любові й уніі, а таксама супольнаму зьяднаньню, каб не маглі мець ніякай сілы ды каб заўсёды можна было так паляку ў Літве, як і ліцьвіну ў Польшчы ўсякім чэсным спосабам здабыць маёмасьць ды валодаць ёю згодна з правам тае краіны, дзе гэная маёмасьць знаходзіцца». Пункты 17-18 давалі магчымасьць палякам за пасярэдніцтвам караля займаць у Літве ўрады, становішчы й дастойнасьці, а ліцьвіном у Польшчы. Так гэта было на паперы. У рэчаіснасьці Літва зараз пасьля сьмерці Жыгімонта Аўгуста (1572) не прызнала пастановаў Люблінскай вуніі, абмяжоўваючых самастойнасьць і сувэрэннасьць Літвы, прызнаючы толькі фэдэрацыйныя зносіны Літвы з Польшчай. Гэтыя новыя адносіны выясьніліся поўнасьцю пры Баторым ды ягоным наступніку Жыгімонце Вазе, а праўным актам, устанаўляючым дзяржаўны лад у Літве, зацьверджаным вальным соймам пад Варшавай ды новавыбраным Жыгімонтам Вазам, стаўся ТРЭЦІ ЛІТОЎСКІ СТАТУТ з 11 лютага 1588 году. Раздзел ІІІ, арт. 12 гэтага Статуту нанова замацоўваў антыпольскую барыеру ды па-старому забараняў палякам сяліцца ў Літве ды займаць у ёй урады й становішчы. Розьніца адзначаная толькі тая, што Польшча цяпер названая «суседам» але на правох «чужаземца і загранічніка». Прачытайма поўнасьцю гэты артыкул: «Так жэ мы гаспадар абяцуем і шлюбуем пад прысягаю нашаю, каторую ўчынілі есьмо Вялікаму Княству Літоўскаму і ўсім станам, абываталям яго, бяручы то із Статуту старога караля яго міласьці Жыгімонта Першага, таму панству Вялікаму Княству Літоўскаму данага, а ў сесь укладаючы і на то пазваляючы, што ж у том панстве Вяліком Княстве Літоўском і ва ўсіх землях, яму прыслухаючых, дастойнасьцей духоўных і сьвецкіх, гарадоў, двароў, грунтаў, староств, дзяржаў, урадаў земскіх і дворных, пасэсый, або ў дзержаньне і пажываньне, і вечнасьцей жадных чужаземцам і загранічнікам ані суседам таго панства даваці ня маем, але то ўсё мы і патомкі нашы вялікія князі Літоўскія даваці будзем павінны толька Літве, Русі, Жамойці, родзічам старажытным і ўражэнцам Вялікага Княства Літоўскага і іных земль, таму Вялікаму Княству належачых. А хто бы з чужаземцаў, загранічнікаў і суседаў таго панства і ўсіх земль, яму прыслухаючых, важылся штось таго ўпрасіці, узяці і ў дзержаньне прыйці, а, упомненый будучы, таго заразом ня пусьціў, тагды маетнасьць яго ўся маець быці ўзята да столу і скарбу нашага Вялікага Княства Літоўскага. Ведзьжа і тубыльцам, хаця і родзічам Вялікага Княства Літоўскага, дастоенства й урады ўсякія маюць быці даваны добра значным і праўдзіва, нязмышлена ў том ваяводзтве або павеце аселым. А хаця хто обцага народу за свае заслугі ў той Рэчы Паспалітай прышоў ку аселасьці з ласкі даніны нашае або каторым іным правам тады і таковы толька аселасьці онае ўжываці маець, учыніўшы первей прысягу па ўзяцьцю онае аселасьці на першых рочках гродзкіх онага павету, перад ураднікамі земскімі або гродзкімі таго ж павету, каторыя на он час там прыбыці могуць, іж маець быці верным і зычлівым таму панству Вялікаму Княству Літоўскаму так, яко і тубыльцы, і служачы службу земскую таму ж панству. Але і таковыя на дастоенства і ўсякія ўрады духоўныя й сьвецкія ня маюць быці прыпушчаны, ані ад нас гаспадара ўстаноўлены, чаго пячатары і пісары нашы з павіннасьці сваее прасьцерагаці вінны будуць». (Я.Лаппо, Літоўскі Статут 1588 г. тэкст, Каўнас, 1938, 131). Дадайма да гэтага, што Польшча з свайго боку не блякавала так шчыльна праніканьня нашых родзічаў — ЛІЦЬВІНОЎ на становішчы й дастойнасьці ў Польшчы. Так, напрыклад, Юры Радзівіл з Несьвіскіх патэнтатаў, Віленскі біскуп і кардынал (1583) быў 9 жніўня 1591 перанесены папай Рыгорам ХІV на Кракаўскі пасад ды заняў гэтую катэдру бяз большага супраціву палякаў. Але, калі на Віленскае біскупства Жыгімонт Ваза ў паразуменьні з Радай Каралеўства Польскага вызначыў паляка, біскупа Луцкага, Бэрнарда Маціеўскага за згодай і прэканізацыяй папы Клемэнта VІІІ, паўстала доўгатрывалая вайна між Літвой і Польшчай. Перш загудзела Польшча супраць Юрага Радзівіла. На зьездах ваяводзкіх і паветавых сойміках сыпаліся пратэсты супраць караля і канцлера Яна Замойскага за пастаўленьне на чало каталіцкага Касьцёла ў Польшчы «Ліцьвіна», у той час, калі Літва забарыкавалася супраць палякаў. Замойскі бараніўся тым: «nie było tego (tedy) statutu, którym jeszcze nas Polaki od dygnitarstw W. Ks.L. odstrychnęli» (на сойме 1592). Змаганьне ішло каля васьмі гадоў, і Літва рубам стаяла нават супраць некаторай хісткасьці канцлера Льва Сапегі, які часамі здаваў пазыцыі, хочучы зрабіць ВЫНЯТАК для Мацееўскага дзеля кардынала Юрага Радзівіла на Кракаўскім пасадзе. Але Віленская Курыя і паслы літоўскія ды ўся апінія была супраць дапушчэньня паляка на становішча ў Літву. Літва супрацьстаўлялася станоўка не таму, што не хацела Мацееўскага на Віленскім пасадзе, але таму, што ён роджаны паляк у самай Польшчы, а як такога зусім не хацела, каб не было прэцэдэнсу для іншых палякаў. Зусім ня важна тое, што польская мова ў той час была ў абедзьвюх дзяржавах адной з моваў публічных. Не памагалі намаганьні і пагрозы Жыгімонта Вазы і папы Клемэнта VІІІ. Літва ўсьцяж цьвердзіла сваё: Віленскі біскуп мусіць быць «ex gente nostra Lituanorum et e medio nostri». Нават звычайныя людзі паводле кс. В.Прыалгоўскага (Żywoty biskupów wileńskich, 11, 29) абураліся: «W Wilnie wszyscy narzekali, że to byłoby nadwerężeniem praw ich i zwyczajów Litwy, poniżeniem sławy narodowej, gdyby obcy z urodzenia katedró biskupią zajął». Барацьба на сойме (кракаўскім) 1595 і на вальным у 1597 г., а таксама папская анатэма не зьмянілі становішча: Віленскі пасад быў неабсаджаны. Жыгімонт Ваза разам з палякамі і папай былі ўпорыстымі ды хацелі зламаць супраціў Літвы. І калі кароль разам з польскім канцлерам Замойскім выставілі грамату Мацееўскаму на заняцьце пасаду ў Вільні, канцлер Літвы Леў Сапега і падканцлер Габрыель Война адмовілі прылажыць свае пячаткі. Тады Жыгімонт за пячаткай польскага падканцлера Тарноўскага націскаў на Рым, каб супакоіць Літву. У Рыме сакру дастаў Мацееўскі, але не пасад у Вільні. Супраціў павёў цяпер бп. жамойцкі Мельхіор Гедройць, які 10 чэрвеня 1597 на паседжаньні Віленскай Капітулы заклікаў, каб у справе Мацееўскага ніхто ня сьмеў бязь ведама і дазволу станаў ВКЛ выступіць супраць законаў і свабодаў свае бацькаўшчыны. Капітула вытрымала лінію. І бой скончыўся перамогай Літвы. Пасьля сьмерці Юрага Радзівіла, які быў кардыналам і прымасам Польшчы, у 1600 г. папа Клемэнт VІІІ вызначыў Мацееўскага на прымаса Польшчы, а 16 чэрвеня 1604 даў яму кардынальскі капялюш. У Вільні на пасадзе сеў самы праўдзівы і стойкі ліцьвін Бэнэдыкт Война. Леў Сапега ў лісьце да Кр. Радзівіла з жніўня 1597 г. так выказваў сваю радасьць: «Jeśliż, czego Boże uchowaj, za pieczęcią koronną biskupstwo wilenskie Polak otrzyma, tać jusz nasze urzędy wszytkie o ziemię, bo jeśli biskupstwo, a czemu nie województwa, a czemu nie starostwa et id genus alia. A najtrudniej począć abo pieczęć złamać, nie wiem jako się ostoją drugie». Яшчэ дабітней выказаў гэтую думку Пракор Баўтрамеявіч у брашуры: «O Nominacyey Biskupa Wileńskiego», (1598, Bibl. Jag. i Kras. u Warsz.)1 «Zostałaby ta nominacya biskupa wileńskiego na swoich nogach i otrzymałby nominowany biskupstwo wileńskie, toby już zawsze nie trzeba ni do niczego używać urzędników litewskich... Za tymby poszło, że na ine wszytkie duchowne beneficia, za presentaciami koronnemi, inwestyowałby X. biskup ktoby mu się jedno zdał, mając po sobie ten argument: jeśli więtsze beneficium, to jest biskupstwo, za nominacyą pieczętarza koronnego i pieczęcią koronną w Litwie trzymam, czemu mniejsze za tymże nie mają być trzymane? A za tym natkawszy w kathedrę i w diocesią na wiekiby Litwę prostakami poczynił et inhabiles ad omnia beneficia ecclesiastica osądził. Jeśliby biskupstwo wileńskie tak poszło, to i źmodzkie zarazem. Zaczymby przedniejszy stan odcięto i z juryzdyciej litewskiej wyjęto. Czegoby się stan drugi świecki spodziewać miał, łacno uważyć i najprostszy może. Izali nie widzicie, na co się zanosi? że za samą tą nominacyą trzy prerogatywy Litwie się ujmują: Infuіa, Pieczęć i Laska. Bo gdy Polaka na biskupstwo wileńskie nominują, najprzedniejsze dygnitarstwo senatorskie Litwie, to jest biskup Litwin ustaje, kiedy urzędnik koronny nominuje; marszałek litewski, którego urząd jest nominować, swoj urząd traci; kiedy zaś pieczęcią koronną pieczętują, pieczętarz litewski na urzędzie swym szwankuje... Jeśli teraz wszytka Rzeczpospolita Litewska pierwszego senatora o b y w a t e l a t u t e c z n e g o nie otrzyma, jako potym powiat albo wojewуdztwo jedno wojewodę, kaśtellana, starostę Litwina otrzymać będzie mogło?». Калі раней (перад Люблінскай вуніяй 1569) бываў дапусканы сям-там паляк на некаторыя духоўныя становішчы зь недахопу сваіх, то цяпер (пасьля вуніі) бой ішоў за найважнейшае: не дазволіць палякам адчыніць вароты ў Літву, чаго ім хацелася ў тэксьце названай ды накіненай вуніі. І Літва свой бой выйграла. Аж да канца існаваньня Рэчы Паспалітай абодвух народаў пастановы аб чужаземцах і паляках у Літоўскім Статуце 1588 мелі абавязваючую сілу ды не знаходзім прыкладаў падобных да выпадку з Мацееўскім. Наадварот, пасьля Люблінскай вуніі штораз больш бачым літоўскіх маёнткаў у Польшчы ды штораз больш ліцьвіноў на высокіх польскіх становішчах. Канчаючы гэты нарыс, мы можам сьцьвердзіць, што распаўсюджаньне польскай мовы ў Літве (Беларусі) у канцы ХVІ—ХVІІІ ст. вяжацца з рэфармацыяй і дэмакратызацыяй шляхты, з доўгімі войнамі з Масквой, калі наша шляхта побач польскай змагаліся супольна. Касьцёл каталіцкі ў асноўным рэпрэзэнтаваў лаціну і інтарэсы буйных фэадалаў супраць шляхоцкага простанародзьдзя з «простай» польскай ці крывіцкай мовамі. Польскай мовай стаў карыстацца, змагаючыся з рэфармацыяй, а калі гэтая мова набыла шырокае распаўсюджаньне ў нашай краіне — лічыў яе «народнай» мовай шляхты. Такой жа «народнай» мовай сялянства і гарадзкіх нізоў была ў разумленьні магнатаў і каталіцкага Касьцёлу мова беларуская. Перавага польскай мовы над мовай беларускай у названым перыядзе наступіла дзеля абцяжаньня нашай мовы балястам славяна-рускага правапісу, акцыі царкоўнікаў (Курбскі і Ко), ганячай «народную» беларускую мову, ды непісьменнасьці шляхты ў «рускім пісьме». Прыняцьце польскай мовы як мовы літаратурнага працэсу зусім не абазначала ПАЛЯНІЗАЦЫІ нашай шляхты. Магнаты й шляхта з яшчэ большай зацятасьцю адстойвалі самастойнасьць й дзяржаўную незалежнасьць сваёй краіны ды не дапускалі ў яе межы палякаў.
|
|
|