Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(8)/1999
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
З жыцця Касцёла

«БОГ – ГЭТА ЛЮБОЎ»

ДА ХВАЛЫ АЛТАРА
Постаці

МАЦІ АПАЛОНІЯ

СВЯТАР І ПІСЬМЕННІК

АПАВЯДАННІ
Да юбілею 2000 года
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Нашы святыні

БАРАНАВІЦКІЯ КАСЦЁЛЫ
Па старонках старых выданняў

«BIEŁARUSKAJA KRYNICA»
Haereditas
Традыцыя

КРЫЖ З РУЖОВАГА ВАЛУНА
З жыцця Касцёла

Аляксей ЯРОМЕНКА

КРЫЖ З РУЖОВАГА ВАЛУНА

Паўднёвы захад Маладзечанскага раёна. Старажытныя мястэчкі — Аборак, Палачаны, Лебедзева, Холхлава.

Каталіцкая вера прыйшла ў гэтыя мясціны ўжо на пачатку ХV стагоддзя. У 1437 годзе быў заснаваны касцёл у Холхлаве, у 1443 — касцёлы ў Аборку і Гарадзілаве, у 1475 — у Груздаве, у 1476 — у Лебедзеве, трошкі пазней — у Хожаве. З часам з’явіліся і кляштары: бернардзінцаў у Беніцы — у 1701 г., трынітарыяў у Маладзечне — у 1762 г.; пры філіяльным касцёле ў Палачанах зрабілі сваю рэзідэнцыю дамініканцы.

Яшчэ нядаўна ніводная з названых святыняў не дзейнічала. У храме найстарэйшай з парафій — касцёле імя Марыі ў Холхлаве — знаходзіўся склад калгаснай тэхнікі. Касцёлы ў Аборку, Груздаве і Беніцы, хоць і былі абвешчаны помнікамі архітэктуры, ператварыліся ў руіны. Касцёлы ў Гарадзілаве, Лебедзеве, Хожаве, Маладзечне ўвогуле зніклі з твару зямлі.

Адзінай дзейнай святыняй у хрысціянаў заставаўся старажытны каменны крыж, устаноўлены за паўтары кіламетры на поўнач ад вёскі Палачаны, справа ад дарогі на Лебедзева, амаль пасярод дарогі ад развілкі на Яхімоўшчыну да вёскі Зоранька. Здаўна гэты крыж шанаваўся ў мясцовага насельніцтва як цудадзейны і, як напісана ў архіўных матэрыялах, «не было ў наваколлі чалавека, які б прайшоў міма крыжа, не ўкленчыўшы каля яго ці не паклаўшы ахвяраванне». Рабілі гэтак не толькі католікі і праваслаўныя, але і тыя, хто лічыў сябе атэістамі.

Крыж, высечаны з валуна ружовага колеру, мае вышыню каля 1,2 м. На плоскасці верхняга промню выбітыя літары: уверсе «Р», а пад ёю «S»; на папярочнай перакладзіне, амаль метровай, і ніжэй — неразборлівыя надпісы. У старчаку верхняга промню — заглыбленне, якое, відаць, засталося ад металічнага крыжыка.

Крыж не заўсёды знаходзіўся на гэтым месцы. Яго перанеслі сюды ў 1870-я гады з урочышча Калінаў Роў, дзе ён стаяў у атачэнні двух дубоў (падобна, што ў старажытнасці тут было язычніцкае капішча і крыж з’явіўся пасля хрысціянізацыі краю; магчыма, нават быў высечаны з паганскага божышча). Сёння можна толькі здагадвацца пра тое, чаму святыню перанеслі ў новае месца, куды не перапыняецца паломніцтва. Нягледзячы на відавочную «лаціннасць» надпісаў на крыжы, яго шануе і праваслаўнае насельніцтва. Асабліва шмат людзей прыходзіць сюды ў дзень святога Пятра. Яны прыносяць да крыжа яйкі, мёд, яблыкі, грошы, палатно (потым гэтыя ахвяры падбіраюць убогія і жабракі) і моляцца.

У бязбожныя часы вернікі, застаўшыся без храмаў і святыняў, прыходзячы да крыжа, прасілі Бога наставіць на розум тых, хто не ведаў, што тварыў... І вось ужо адроджаная старажытная парафія ў саміх Палачанах і адбудаваная праваслаўная царква; рэстаўраваная капліца на каталіцкіх могілках у Лебедзеве; зноў адчыніла свае дзверы адноўленая царква ў Беніцы, дзе рэстаўруецца і старажытны бернардзінскі касцёл; адрэстаўраваны цудоўны барочны касцёл у Холхлаве; пабудаваны новы велічны касцёл у Маладзечне.

А крыж з ружовага валуна па-ранейшаму стаіць на развілцы дарог. Па-ранейшаму каля яго ляжаць яблыкі, цукеркі — сведкі людскіх малітваў. Па-ранейшаму ён упрыгожаны і каталіцкімі комжамі, і вышыванымі праваслаўнымі ручнікамі.

Фотаздымак крыжа – з архіва аўтара


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY