|
|
№
2(8)/1999
На кніжнай паліцы
З жыцця Касцёла
Постаці
Да юбілею 2000 года
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Роздум аб веры
Паэзія
Нашы святыні
Па старонках старых выданняў
Haereditas
Традыцыя
З жыцця Касцёла
|
ДУХОЎНАЙ СВАБОДЫ НІХТО НЕ АДБЯРЭЛісты святароў-выгнаннікаў да сясцёр-эўхарыстак
Айцец Андрэй Цікота да маці Апалоніі Пяткун
5 ліпеня 1951 г. Дарагая сястра Апалонія! У пачатку чэрвеня атрымаў твой ліст, які ты пісала ў дарозе і за які шчыра дзякую. Гэта сумна, што дзядзька Антоні гэтак доўга хварэў, але маю надзею, што цяпер ён ужо ачуняў. Пры выпадку перадай яму ад мяне сардэчнае прывітанне. Вельмі хацелася б ведаць, дзе цяпер знаходзяцца Тамаш і Юзаф, мы не перапісваемся. Шкада, што пасылкі да іх вярнуліся назад — чакайце ад іх лістоў. Дзякую за паведамленне пра нашых родзічаў, якія выехалі ў Варшаву. Добра, што яны там някепска жывуць і працуюць. Але вы добра зрабілі, што засталіся на радзіме і працуеце сярод сваіх братоў і для сваіх братоў. Місія Яна і Веранікі вельмі важная, і Найвышэйшы дапаможа вам яе выканаць. Будзьце ўпэўненыя, што Ён вас ніколі не пакіне і будзе для вас найлепшым настаўнікам. Хто паніжаецца, а хто ўзрастае — цяжка цяпер зрабіць выснову, і вы пра гэта не клапаціцеся. Важна толькі добра выконваць абавязак, які нам дадзены. Тым, хто выехаў, перадайце маё прывітанне і запэўніце, што я памятаю іх у сваіх малітвах. Пра пасылку ад а. Варанько ўжо пісаў. Пасля таго, як паслаў мой апошні ліст, я атрымаў: 30 мая 1951 г. пасылку з Мінейтаў ад Юліяна Пушкеля; 25 чэрвеня адну з Друі ад Магдалены Мароз (с.), другую з Бабарыкаў ад Казіміры Пупін. Усе пасылкі прыйшлі ў добрым стане. Прыміце, калі ласка, ад мяне сардэчную падзяку і перадайце яе разам з сардэчным прывітаннем усім маім дабрадзеям. Напэўна ж, яны ведаюць, што я рады быў бы напісаць да кожнага з іх асобна, але не магу. Прашу не забыцца ні Бабарыкаў, ні Мінейтаў, ні Ярмолава. Вельмі ўдзячны за ўсё, што мне прыслалі: за сала, кілбасы, сухарыкі і пячэнне, але асабліва ўдзячны за ягады. Цяпер і сухароў мне хопіць надоўга, тым больш, што цяпер рэдка іх ужываю. Дзякуюць вам і мае таварышы, якія жывуць са мной. Немагчыма не падзяліцца з імі. Палякі дзякуюць вам за цыгарэты і тытунь. Дарагая Апалонія, я заўсёды пабойваюся, што вы самі сябе абдзяляеце і часта адымаеце ад сябе, каб дапамагчы нам. Будзьце разумныя, не крыўдзіце сябе. У адным з лістоў ты прапанавала мне глюкозу. Гэта дае мне смеласць папрасіць вас калі-небудзь прыслаць адну альбо дзве банкі згушчанага малака замест глюкозы. Сала можна прысылаць менш, чымсьці вы прысылаеце. Я заўсёды ўжываў яго асцярожна, у апошні ж час ужываю яшчэ менш. Сухарыкі, толькі не надта тлустыя, вельмі мне карысныя. Хтосьці прыслаў мне аднойчы 400 рублёў, хтосьці яшчэ — 200. Грошы прыйшлі праз фінансавы аддзел, і наша канцылярыя не магла мне назваць адрасата. Калі ведаеш, хто гэта мне прыслаў, то перадай ад мяне сардэчную падзяку і скажы, што наступны раз няхай лепш мне прышлюць прадукты, хоць бы і згушчанае малако альбо згушчаную какаву. З тых грошай 200 рублёў аддаў у дзяржаўны дэпазіт, а астатнія 400 рублёў пакуль што ляжаць на рахунку і не ведаю, калі пачну іх выкарыстоўваць. Дарагая Апалонія, пра ўсё гэта: малако, сухарыкі і інш. напісаў табе, каб ты ведала маю сітуацыю і тое, што можна зрабіць без цяжкасцяў, — зрабіла. Скажы тое ж і тым, каму можна сказаць. Іншыя ж няхай прысылаюць, што хочуць, — усё прыдасца. Аднак без гэтага можна абысціся і жыць так, як жывяце вы і шмат іншых, як жылі айцы ў пустэльні. Можна жыць на чорных сухарах (свежага хлеба ем вельмі мала) і вадзе, а нам яшчэ даюць вызначаную страву... Таму яшчэ раз прашу: не абцяжарвайце сябе зашмат. Паўтары тыдні таму меў вельмі вострую рожу. Была высокая тэмпература, і казалі, што цяжка было мяне пазнаць. Цяпер усё амаль што бясследна прайшло, толькі апетыт і харчаванне яшчэ не дайшлі да нормы. Цяпер маё здароўе гэткае ж, як і пісаў у мінулым лісце. Хадзіць яшчэ не магу, сяджу з цяжкасцю, але калі ляжу, то болю амаль не чую. Лекары запэўніваюць, што ўсё будзе ў парадку. Аднак я маю іншае прадчуванне і давяраю толькі Найвышэйшаму і ва ўсім паддаюся толькі Яго волі. Зашмат напісаў пра розныя прадукты і пра сваё здароўе — ажно сорамна, бо ведаю, што вы маеце даволі свайго клопату і цяжару; хоць ты і пісала мне ў адным лісце, што вы перасталі хварэць, але думаю, што і ў вас хваробаў хапае. Штодня малюся за вас, за ўсіх парафіянаў і маіх дабрадзеяў — як умею, прашу Бога, каб дапамагаў вам ва ўсіх вашых цяжкасцях і клопатах, а таксама і ў вашых добрых справах.
Усім сэрцам ваш у Хрысце Андрэй.
Новы адрас: Іркуцкая вобл., гор. Тайшэт, п/а Нова-Чунка. Р.S. Маё прозвішча заўсёды пішацца з літары «Ц» — Цікота. Мінейты напісалі «Тікота», і гэта выклікала мітрэнгу. Папярэдзь і іншых зацікаўленых, бо калі-небудзь могуць вярнуць пасылку.
Кс. Юзаф Францкевіч да маці Апалоніі Пяткун
19.03.1952 г. Шаноўная Маці Начальніца! Ваш ліст ад 3.ХІІ.51г. я атрымаў 18 сакавіка 1952 г. Вялікі дзякуй за навіны і памяць пра мяне. Думаю, што мае сябры ў лагерах, асабліва беларусы, жывуць някепска — голаду не церпяць. Каб іх толькі Бог захаваў пры жыцці ды здароўі. Хоць мне часам і бывае вельмі цяжка, я стараюся быць задаволеным, не наракаць і ва ўсім бачыць Божую Волю. Пасылак з прадуктамі мне, калі ласка, не пасылайце, бо гэта для вас вялікі клопат, а для мяне малая карысць. Пасылкі прыйдуць самае ранейшае ў ліпені альбо жніўні, часткова сапсаваныя і пагрызеныя: занадта далёкая дарога для харчовых пасылак. Грошы на маё прозвішча прашу не прысылаць. Ведаю, што ў вас шмат матэрыяльнага клопату ў сваіх справах. Замест харчовай пасылкі, калі можаце, вышліце мне зімовую шапку, такую, якую я насіў, пачку пёраў для пісьма, цёплыя шкарпэткі, цёплыя рукавіцы і вітаміны «С» ды «РР» — ад тутэйшай хваробы цынгі. Я цяпер бедны, як ніколі дагэтуль, нічога свайго не маю — аніводнай анучы. Але задаволены з гэтае прычыны. Цяпер лісты будуць прыходзіць часцей, бо паветраная камунікацыя ўжо рэгулярная. Пасылкі на караблі пачнуць прымаць, напэўна, ужо з красавіка альбо з мая. У нас пачынаецца дзень, хутка сонца ўжо зусім не будзе заходзіць — увесь час відна. Мясцовыя распавядаюць, што гэты год выключны, мароз даходзіў толькі да 50о і снежных бураў было няшмат. Снегу мала, клімат суровы, але ўсюды «неба і зямля распавядаюць хвалу Панскую». І надалей працую ў шпітальнай лабараторыі — пры аналізах. У медыцыне лацінская мова мае вялікі шацунак. Дасылаю сваё прывітанне духоўным братам і сёстрам, сябрам і ўсім парафіянам. Як здароўе с. Фэлі і Франі? Як жывуць у Казакове? Дзе хлопцы служаць у войску? Няхай напішуць мне — усё адно, на якой мове. Пра бр. Юзафа і іншых пісаў мне з Дзвінска бр. Пётрусь. Нябесны наш Апякун, чыю ўрачыстасць цяпер святкуем, няхай усіх нас і надалей ахінае сваёю цудоўнаю апекаю.
Адданы ў Пану Юзаф.
А. Тамаш Падзява да маці Апалоніі Пяткун
9 чэрвеня 1955 г. Дарагая сястра Апалонія! Ліза паведаміла мне, што прысланая пасылка была ад сястры; добра, што яна выслана ад яе як ад адрасата. Перапрашаю, што толькі цяпер дасылаю сваю падзяку, хоць ведаю дакладна, што сястра клапоціцца пра мяне, таксама ведаю і тое, што сястра не чакае падзякі. Аднак выказванне гэтай падзякі патрэбна мне самому, таму што, калі, сястра, робіш мне дабро, то нібы збіраеш распаленыя вуголлі на маю галаву. Усё больш і больш чую сябе даўжніком сястры, а мой доўг можа заплаціць толькі Бог. Дарагая сястра! Вельмі прашу зашмат не клапаціцца, цяпер я добра забяспечаны, можа, як ніколі раней у Савецкім Саюзе. Грашыма атрымаў 300 рублёў, плюс 50 рублёў у пасылцы. Але ж і сама пасылка была вельмі каштоўнаю. Усё гэта разам з заробкам — няхай сабе і невялікім, — дае мне магчымасць спакойна жыць і лячыцца. Штодня магу сабе нават малака купіць, што немагчыма было ў Омску, хоць і жылося мне там у цэлым някепска. Купляю таксама пшанічны хлеб, цёмны і белы, які ёсць, замест звычайнага жытняга, якога, не ведаю чаму, не магу есці. Можа, я гэткі распешчаны? Цяпер лета, спякота, харчоў менш патрабуецца. Не ведаю, што будзе ў ліпені і жніўні, бо ўжо цяпер пячэмся на сонцы, як на патэльні. Гэта праўда, што я заўсёды любіў цяпло, і цяпер яшчэ чую сябе някепска. Толькі хвароба не прайшла, змаглася толькі з наступленнем цяпла, але за паўгода я ўжо прывык да яе. Цяпер ужо проста не звяртаю на яе ўвагі. Пэўны час хварэў, здаецца, на малярыю, але ўжо паправіўся. Працую на будоўлі трохпавярховага дому. Праца нялёгкая. Гаворка тут не аб сілах, але зарабляю мала, ды гэта ўжо цяпер мяне мала непакоіць. Усё, што было ў пасылцы, атрымаў цэлым і несапсаваным, пісаў пра гэта 4 ліпеня Лізе, дык тут ужо не буду паўтарацца. Грошы і канверты — таксама. Як і дагэтуль, нічога мне не патрэбна, маю нават белыя сухары, толькі вось менавіта яны могуць хутка скончыцца. Яшчэ не ведаю, але можа тут буду мець магчымасць дастаць іх. Духоўна таксама чую сябе вельмі добра. Бо адчуваю, што пра мяне памятаюць. Нічога не прагну і, апрача смерці, нічога не чакаю. Працы маю ажно зашмат, каб не сумаваць. Мая сітуацыя яшчэ не праяснілася. Аднак надзеі на волю амаль што не маю зусім. Звальняюць толькі сапраўдных злачынцаў, я ж ніякай віны, апрача маёй веры ў Бога, не маю. Але ж хіба няверуючыя людзі здолеюць хоць калі-небудзь зразумець, што веруючы чалавек не з’яўляецца для іх небяспечным? Альбо павераць, што я не маю ў дачыненні да іх ніякай віны, калі яны адно слепа вераць толькі ў тое, што павінен быць вінаваты? Аднак яны — толькі паслухмяныя прылады ў руках таго, хто ведае, што робіць, і, відаць, хоча, каб я быў тут. Для мяне досыць таго, што Ён ведае маю невінаватасць перад людзьмі, хоць, безумоўна, не перад Ім. Гэта мяне не толькі супакойвае, але і ў глыбіні душы робіць шчаслівым. Я не хачу іншай волі, апроч той, якую дае мне Ён Сам. Таму да гэтага часу нікуды не пісаў да ўладаў і не маю намеру пісаць. Няхай трымаюць мяне тут, колькі хочуць. Аднак маёй духоўнай свабоды ніхто ў мяне не адабраў і адабраць не можа. Сардэчныя мае прывітанні Аліне, Тэклі, Франі, брату Юзафу і ўсім вашым родным. Няхай вас Бог шчодра ўзбагачае, няхай багаславіць вам, няхай распраменьвае над вамі сваё Аблічча і злітуецца над вамі.
Застаюся заўсёды ўдзячны вам — ваш Тамаш.
Кс. Лявон Лаўцэвіч да маці Апалоніі Пяткун
1.12.1952 г. Шаноўная і добрая сястра Апалонія! Бязмежна ўзрадаваўся, калі атрымаў ад сястры ліст, поўны суцяшэння і спагады, за што сардэчна дзякую. У маім цяперашнім становішчы кожны ліст, атрыманы ад найдаражэйшых мне людзей, дадае мне бадзёрасці. Бо тады чую, што не цалкам я адасоблены ад знешняга свету і што ёсць людзі, якія памятаюць мяне, шчыра дзеляць са мной гэты крыж, які Збавіцель у дабрыні сваёй усклаў на мае плечы — каб ішоў за Ім. Добра ведаю: тое, што сталася са мной і маімі дарагімі братамі, — сталася па волі Божай. А нам застаецца толькі згаджацца з Яго святой воляй. Няхай усё гэта будзе на яшчэ большую хвалу Божую! Дзякую таксама за святочныя зычэнні і за аплатак, які ёсць знакам братэрскай любові ў Хрысце Пану. Я таксама са свайго боку спяшаюся перадаць вам найлепшыя і найсардэчнейшыя святочныя пажаданні. Каб Божае Дзіцятка сваёй маленькай ручкай багаславіла шаноўную сястру і ўсю яе сям’ю, якая цяпер расцярушаная па свеце, і абдарыла спакоем, які свет не можа даць, духоўнай раўнавагай, поспехамі, вытрываннем у цяжкіх жыццёвых выпрабаваннях, мужнасцю пры розных непамыслотах, што сустракаюцца ў жыцці, здароўем і ласкамі з неба. Ведаю, што пры ламанні аплатка ў вігілійны вечар не адна слязінка сцячэ па вашых тварах, калі ўспомніце, што вы — сёстры без пастыраў, якія суцяшалі вас і былі вашымі праваднікамі ў духоўным жыцці. Дык няхай жа пры недахопе нас Найвышэйшы Пастыр і Божы Настаўнік суцешыць вашыя сэрцы і душы ды ўліе ў іх надзею на лепшае заўтра. Мне таксама сумна, калі ўзгадаю, што я адзін тут з братоў на далёкай чужыне, адарваны ад дарагіх майму сэрцу авечак. Праўда, ёсць тут нашыя землякі, але няшмат. Я суцяшаю іх, дадаю сілы і надзеі дзеля таго, каб выцерпець і штодня несці свае крыжыкі. Дзякуй Усемагутнаму Богу за тое, што Ён даў вам радасць, і вы маеце ўжо пастыра ў Браславе і маеце доступ у сваю святыню. Молім Яго злітавацца над намі. Няхай дарагая сястра разам са сваёй сям’ёй памятае пра мяне ў сваіх малітвах і ўзносяць мольбы да Яго трону з просьбай багаславення для мяне і цярплівасці, патрэбных для таго, каб несці тыя крыжы, якіх і тут не бракуе. Я таксама не забываю пра вас, штодня памятаю пра сваіх дабрадзеяў і сяброў. Укладу ў канверт лісток да майго дарагога брата Юзафа Інгелевіча і ласкава прашу пераслаць яго яму. Бо я не маю іншага спосабу звязацца з ім. Дзякую за абяцанне зрабіць свэтар. Даручаю Божай апецы сястру разам з сям’ёй. П. Амілі дасылаю свае святочныя віншаванні.
Кс. Лявон.
Кс. Казімір Тамковіч да сясцёр у Браславе
29 жніўня 1954 г. Дарагія сястрычкі! Ваш ліст ад 22 чэрвеня, высланы з Вільні, атрымаў досыць даўно. З адказам трохі запазніўся. Прычына ў тым, што хацеў адказ выслаць «спрытным» лістом, што і раблю. Бязмежны дзякуй вам, дарагія сястрычкі, за ваш, такі цёплы, сардэчны і поўны суцяшэння ліст. Веру і глыбока перакананы, што сястрычкі ў сваіх гарачых, чыстых і сардэчным малітвах памятаюць пра нас — выгнаннікаў, бадзягаў далёкай Поўначы — Запаляр’я. Гэта нас вельмі цешыць і мацуе ў нашай невядомай пілігрымцы. Так спадабалася Пану. Годныя мы альбо, можа, нягодныя таго, але Ён адарваў нас ад нашых дарагіх авечак. Кінуў нас у статак, які ў многіх выпадках мае зусім іншыя паняцці, і гартуе нашыя нервы. Загадвае сустрэць і перажыць шмат вельмі цікавага ў жыцці чалавека. Ідзем. Так спадабалася Пану. Fiat Voluntas Dei. Б’ючы нас, Ён нас любіць. Цалуем руку Яго Провіду і ідзем туды, куды спадабалася Яму нас весці. Вялікі дзякуй за адрас Станіслава. Напісаў да яго, але адказу яшчэ не атрымаў. Цяжка падтрымліваць непасрэдную сувязь, толькі праз агульных знаёмых. Таму прашу перадаць сардэчнае прывітанне ўсім маім братам у Хрысце. Як адчуваюць сябе і трымаюцца сёстры? Ці слухаюцца клавішы с. Разаліі? Як маецца наймалодшая сястрычка Гэля? Заканчваю. Жадаю моцнага здароўя і ўсялякіх ласкаў ад Найвышэйшага. Сардэчнае прывітанне ўсім сястрычкам. Далучаю таксама прывітанне і а. Баляславу.
Заўсёды шчыра ваш кс. Казімір.
|
|
|