|
НА БРАСЛАЎСКІМ ЗАМЧЫШЧЫ |
Летняга дажджу не дапытацца -
сцішыцца ці не?
Маўчыць, трапней б'ючы...
Слізгае па хвалях, як па тарцы,
лёгкі човен, на вачох драбнеючы.
Сонца долу вызірне вясёла
і ўсіх дбайна навучае грамаце -
піша залатым пяром касцёла,
абмакнуўшы ў хмарах,
бы ў атраманце.
|
НАЧНЫЯ СТРОЧЫЦЫ |
Драўляны храм з Прынямоння
прывезлі ў новы прыход.
А тут наваколле нямое,
не йдзе на Імшу народ.
Вясковыя вулкі крывыя,
ні святара, ні людзей.
Нячысцікі клічуць Вія,
сабраўшыся на грудзе.
Музейны не рыпаўся ганак -
хто ў хату прайшоў патайком?
Жагнацца спрабуе ранак
здранцвелым за ноч ветраком.
|
МІЦКЕВІЧ У КРАКАВЕ |
У касцёле - да ранку кленічы.
А з-пад крыпты
сырой зімою
у малітву прасіўся,
калеючы,
шэпт: «O, Litwo, Ojczyzno moja!»
Зноў паэты не маюць рацыі.
Зноў скляпенні, нібы ў цагельні.
Прымусовай рэпатрыяцыі
заслужыў пасля смерці геній.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
«Сніцца лета з дажджом-залевамі,
сніцца Свіцязь... А тут ад смагі
з каралямі ды каралевамі
аж парэпаліся саркафагі.
Храм вялікі. Святыя рызамі
захінуць і насвенцяць булак -
я сваім землякам бязвізавым
палітычны даю прытулак.
Сам хаваўся. Мой Край няславілі.
Слову ж нашаму - быць пачуту.
Збройны вершнік, на вежы Вавеля
пажыві, перацерпім смуту.
Пану Богу святое самае
пра Радзіму шапні на вушка.
Глянь - уздыбіў каня над брамаю
брат-ліцвін генерал Касцюшка.»
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Істамбул, Парыж - скрозь аднакава
па чужыне брысці з сумою...
Скаланаў камяніцы Кракава
шэпт: «O, Litwo, Ojczyzno moja!»
|
ТРЫ ІМГНЕННІ СВІЦЯЗІ |
1
Вісіць вясёлкі восілка
над гаем і над лугам.
Пакручваецца возера
ганчарным кругам.
2
Падданая святла і лесу,
йдучы няспешнаю хадою,
бы з гліны Боскага замесу
ты вырастаеш над вадою.
3
Плыве з-пад ног апірышча,
а сонца з хмар апальнае
цябе спаймала ў прыгаршчы,
як вазу для абпальвання!
|
* * * |
Купалы царквы, як паветраныя шары,
надзьмутыя лёгкім дыханнем ладану,
прывязаныя да зямлі
тонкімі срэбнымі ланцужкамі
дзіцячых галасоў на хорах.
Пад неміргаючымі позіркамі свечак
купалы летуценяць
пра вольны завоблачны свет.
Гатычныя вежы касцёлаў
нецярпліва ўздрыгваюць у прадчуванні імклівага старту,
прыкінуўшыся міжзорнымі караблямі.
І ў гэтым замёрлым чаканні
ўся Заходняя Беларусь
нагадвае вялізны касмадром.
Але прыгажэй за ўсіх
узлятаюць кітайскія пагады,
глядзіце - яны ўжо прыселі
і ўзмахнулі павольнымі крыламі.
Ды як адарвацца ад зямлі
касцёлам, цэрквам і пагадам,
калі столькі грахоў
пакідаюць людзі ў спавядальнях?
І раптам прымроіцца -
храмы ўзляцелі!
І ўсё чалавецтва, задраўшы галовы,
глядзіць на неба.
А можа, так і адбылося калісьці
на маёй таямнічай зямлі -
вунь у Гародні ізноў гісторыкі адкапалі старыя падмуркі,
дзе даўней стаяла
Фара Вітаўта.
|
* * * |
Ракa Беларусь
з дзвюхбаковаю плынню -
на захад і ўсход -
няспынна цячэ.
На ўсход у пірацкіх імклівых пірогах
вывозяцца скрыні з дабром,
бясконца плывуць вязанкі плытоў -
падсочаныя да галавакружжа
сасновыя бары,
белавежавыя храмы,
намоклая воўна аблокаў.
Панура сядзяць на лодках
Сцяпан Палубес,
манах Сімяон,
шляхціц з Дастоева,
пісьменнік з Глушы.
Зваротная плынь прыносіць
попел скарынавых кнігаў,
кроў мсціслаўскіх недасекаў,
чорныя галавешкі.
На захад -
сплаўляем слёзы,
назад - прыплывае маўчанне.
Рaка Беларусь
з намоленых вячыстых дуброваў,
забальзамаваная чарнобыльскім дажджом -
навечна захоўвае мошчы
святых і герояў
ад Чарадзея да Каліноўскага,
ад Еўфрасінні да Ларысы...
Ніякавее ракa -
пагойдваецца на хвалях рaка,
нібы апошні човен.
|
КУПАЛАЎСКІ МУЗЕЙ. 7-Я ЗАЛА. 30-Я ГАДЫ |
Здымкі класіка. Профіль. Анфас.
Лёс, выходзіць, Вас песціў і лёсціў.
Выдавалі штомесячна Вас -
нават гіпсавы Пушкін зайздросціў.
Хай фатограф пратрэ акуляр -
з-над Арэсы гамонка даносіцца.
Касавурыцца моўчкі шкаляр
на Купалу-ардэнаносца.
Вось Купалу машына вязе,
вось Купала заняты гаворкаю.
Вось Купала стаіць у чарзе -
не па хлеб, па аўтограф да Горкага.
Вось Купала ў прэзідыўме зноў ж
разам з іншымі дбае аб міры...
Пакладзіце ля ордэна нож,
што зрабіў песняру харакіры!
Шырачэзны паставілі стол,
абабіты зычліўцамі дбала -
уначы каб сукно заглушала
немы крык прадсмяротных лістоў...
Попыт быў? Допыт, намысел быў
і егіпецкі морак абставін,
і паэт непрытомна бубніў:
«Волю й шчасьце гадуе нам Сталін».
На парэнчах запёклася кроў.
І аблок, як бінтоў, не хапала
пад нажніцамі пражэктароў
у Маскве.
Там, дзе спаляць Купалу.
|
КУПАЛА Ў НЬЮ-ЁРКУ |
Вызвольна-індзейскаму лету
падтакваюць познія ранкі.
Даводзіцца чуць і паэту:
- Прэч з нашае дзедзіны, я н к і!
|
ПЕРАКАТ |
Плыты мінаюць выспу астраўка,
дзе плынь ірве пастронкі між каменняў.
Як захаплёны піяніст, рака
перабірае клавішы бярвенняў.
|
|
|