|
|
№
2(8)/1999
На кніжнай паліцы
З жыцця Касцёла
Постаці
Да юбілею 2000 года
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Роздум аб веры
Паэзія
Нашы святыні
Па старонках старых выданняў
Haereditas
Традыцыя
З жыцця Касцёла
|
Беларусь дахрысціянская І. Першыя людзі Прыйшоўшы на беларускія землі, хрысціянства сустрэлася тут, як і ў іншых еўрапейскіх краінах, з мясцовай этнічнай культурай. Далейшы працэс быў не знішчэннем папярэдняга культурнага здабытку, як спрабуюць давесці крытыкі хрысціянства, а ўзаемадзеяннем, узаемадапасаваннем дзвюх ідэалогіяў. Гэткі сінтэз меў на ўвазе тое, што адпрэчваліся толькі тыя элементы, якія супярэчылі новаму мысленню, новай эпосе, новаму грамадскаму ладу. Хрысціянская вера не толькі перапрацоўвала, уздымала традыцыйную народную культуру да патрабаванняў часу, ушляхотнівала і напаўняла сваім творчым духам, але і сама ўбірала ў сябе рысы гэтай культуры, апраналася ў яе плоць, набываючы непаўторны мясцовы каларыт. Таму, прыступаючы да разгляду лёсу і характару першапачатковага беларускага хрысціянства, неабходна бліжэй прыгледзецца да той культурнай гісторыі, якая яму папярэднічала і служыла спажыўнай глебай. Рэканструкцыя дахрысціянскай гісторыі Беларусі - задача нялёгкая. Беларускія пісьмовыя помнікі паўсталі ўжо ў хрысціянскі перыяд. А дахрысціянская матэрыяльная культура - пабудовы, творы мастацтва, рэчы - пахаваныя пад зямлёю. Тым не менш, дзякуючы працы цэлых пакаленняў навукоўцаў самых розных спецыялізацыяў былі знойдзеныя ключы да многіх таямніцаў жыцця архаічных культураў у т.л. і беларускай. Велізарную ролю адыгралі археалагічныя раскопкі асабліва двух апошніх стагоддзяў, незаменныя ў вывучэнні дапісьмовай эпохі. Пранікнуць у сферу духовага жыцця гэтай эпохі дапамаглі параўнальныя даследаванні фальклорна-абрадавага матэрыялу розных індаеўрапейскіх народаў і яго супастаўленне са зместам ранніх пісьмовых, пераважна рэлігійных тэкстаў накшталт індыйскіх «Ведаў» ці старагрэцкай эпіка-касмалагічнай літаратуры (паэмы Гамера, Гесіёда ды інш.). Вялікую каштоўнасць маюць таксама творы больш позніх грэцкіх і лацінскіх аўтараў, раннехрысціянскіх пісьменнікаў, дзе сустракаюцца звесткі і пра наш край. Бадай адзінымі мясцовымі крыніцамі, якімі можа апераваць даследчык дахрысціянскай мінуўшчыны Беларусі, выпадае лічыць археалагічныя матэрыялы і вуснае паданне, зафіксаванае этнографамі і фалькларыстамі. Безумоўна, абедзве гэтыя крыніцы маюць шэраг недахопаў. Тэрыторыя Беларусі ў параўнанні з іншымі краінамі вывучаная яшчэ вельмі слаба. Сама методыка інтэрпрэтацыі археалагічных дадзеных вымагае сур'ёзнай крытыкі, да прыкладу, - метады прывязкі археалагічных культураў да вядомых з пісьмовых крыніцаў этнасаў1. Яшчэ больш няпэўныя высновы атрымліваюцца пры аналізе абрадаў і вуснай народнай творчасці беларусаў. Гэты культурны пласт уяўляе сабою творы грамадскай свядомасці розных эпохаў, якія бывае даволі цяжка падзяліць і храналагічна і тэрытарыяльна. І ўсё ж, пры пэўнай асцярожнасці і крытычнасці ў падыходзе да матэрыялу ды пры карэктным супастаўленні з іншымі крыніцамі, і тут можна атрымаць дастаткова надзейныя вынікі.
Родавы калектыў арганізоўваўся на прынцыпах матрыярхату, калі зверхнікам роду была жанчына, а паходжанне вызначалася па мацярынскай лініі2. Некаторыя рудыменты матрыярхальнага ладу заўважныя ў беларускай народнай культуры і сёння. Жыццё ў родавай абшчыне з сумеснаю працаю і паляваннем, з ураўняльным размеркаваннем здабытага, а таксама залежнасць ад прыроднага асяроддзя, сулучнасць з ім адпавядала і пэўнаму характару светаўспрымання. Індывід не вылучаў сябе з роду і з навакольнага свету. Гэта выяўлялася, напрыклад, у тым, што ў свядомасці касмічныя аб'екты атаесамляліся з жывёламі ці людзьмі, а людзі - з раслінамі, жывёламі ці касмічнымі аб'ектамі. Такое бачанне свету да сёння захавалася ў нашай мове: мы называем сузор'і «мядзведзямі», «касцамі» ды інш. У мове сонца «ўзыходзіць» і «заходзіць», «смяецца», месяц «расце» і «старэе», магутны юнак параўноўваецца з дубам, дзяўчына - з калінаю, чалавек у казках робіцца ваўком, а птушка перакідаецца ў чалавека. Яшчэ больш заўважная гэтая знітаванасць, непарыўнасць ментальнага свету, адсутнасць у ім размежавання між чалавекам, прыродаю, космасам у гэткай характэрнай для архаічнай свядомасці з'яве, як татэмізм. Асобны род і кожны яго прадстаўнік выводзяць сваё паходжанне і назву ад татэма - жывёлы, расліны, альбо, радзей, ад іншага прыроднага аб'екта ці з'явы. У сувязі з гэтым жывёла-татэм лічыцца крэўным родзічам кожнага чалавека з гэтага роду. Правадыр-жэрца, увесь род і асобны яго член - гэта ўвасабленне татэма. Але татэм - таксама і ўвесь космас альбо ягоная частка. Татэм - гэта адзіна-множная істота, якая ахоплівае род, яго ахоўніка-звера, прыроду, сусвет. Татэм памірае і нараджаецца пры смерці і нараджэнні кожнага прадстаўніка роду. Складаючы ў ахвяру і з'ядаючы татэма, а на земляробчай стадыі грамадства - разгрызаючы расліну-хлеб і п'ючы яе сок-віно, родавы калектыў праз гэта дае жыццё татэму ў сабе. Тым самым род умярцьвяе і вяртае да жыцця таксама сябе самога, прыроду і сусвет. Жыццё татэма разыгрываецца ў дзеянні: імітуюцца ягоныя гукі голасам, рухі - танцам, надзяваецца ягоная маска і знешнія атрыбуты - шкура, пер'е ды інш.3 Дыфузнасць першабытнага мыслення вядзе да таго, што індывід успрымае свет праз прызму родавага калектыва і сябе як яго часткі. Так, напр., прасторавыя катэгорыі звязваюцца з чалавечым целам, дзе галава - верх, ногі - ніз, твар - перад, спіна - зад, рукі - права і лева, а працяканне часу з чалавечым жыццём - як нараджэнне, жыццё і смерць сусвету4. Больш таго: дамінуе ўсведамленне, што не толькі навакольны свет уплывае на род і асобу, але і чалавек можа актыўна ўплываць на сусвет. Таму ўсім штодзённым жыццём калектыў спрабуе інтэрпрэтаваць свет і ўздзейнічаць на яго. Усе найбольш значныя моманты жыцця роду - барацьба, шэсце, яда, палавы акт, плач і смех - асэнсоўваюцца ў касмічных катэгорыях як змаганне са смерцю і перамога над ёю салярна-вегетатыўнага боства. У абрадава-магічнай сферы наўмыснае выкананне гэтых жыццёвых актаў павінна ўзнаўляць у зямным плане такое змаганне і спрыяць перамозе бога. У гэтай спецыфічнай свядомасці частка атаесамляецца з цэлым, якасць - тоесная прадмету, якому яна ўласцівая, а адзінкавае - агульнаму. Перажыткі такога бачання свету мы знаходзім і пазней - у заключнай фазе паганства. Так, напрыклад, у старагрэцкай драме хор выбіраецца з абшчыны і складаецца з людзей аднаго полу, аднаго ўзросту, аднаго сацыяльнага статусу і з адной мясцовасці. У п'есе гэты хор выконвае ролю аднаго персанажа і сябе называе ў адзіночным ліку - «я». Напачатку хор і быў адзіным галоўным героем, а калізія рэалізоўвалася партыямі двух паўхор'еў альбо запявалы і астатняга хору. Актор, які вычленіўся з хору пазней, нібы яднае ў сабе ўвесь хоравы калектыў і, мяняючы маскі, можа выконваць некалькі роляў. У семантыцы хору і актора выразна бачыцца нерасчлененасць асобы і родавага калектыву. На сцэне ў выглядзе хору і актора дзейнічае ўвесь род5. Такі зусім асаблівы лад мыслення, у якім усё злітае, узаемазвязанае і ўзаемапрасякнутае, дзе ўсё ёсць адным, дзе чалавек ёсць жывёлаю і раслінаю, прыродаю і сусветам захаваецца на працягу ўсяго родавага ладу, а пазней застанецца ў абрадзе, фальклоры і літаратуры, дажываючы аж да нашых дзён. Гэтая свядомасць атрымала назву комплекснай, а паводле сваёй характэрнай уласцівасці жыць міфам і ўвесь час спараджаць міф - міфатворчай. ІІ. Індаеўрапейцы: лёсы і свядомасць Бронзавы век, які на тэрыторыі Беларусі пачаўся на мяжы 3-га і 2-га тысячагоддзяў і доўжыўся да УІІ ст. да н.Х., быў адзначаны выхадам на гістарычную арэну індаеўрапейскіх плямёнаў. Сфармавалася індаеўрапейская этнакультурная супольнасць раней - яшчэ ў 5-4 тысячагоддзях да н.Х., хутчэй за ўсё, недзе на абшарах Малой Азіі, прыкладна ў раёне Месапатаміі. Уся агульнасць мела адзіную, падзеленую на дыялекты, мову, адзіныя абрады і звычаі. У 3-м тысячагоддзі індаеўрапейцы пачалі рассяляцца са сваёй прарадзімы ў розных кірунках, падзяляючыся ў працэсе міграцыі на ўсё больш дробныя супольнасці, племянныя групы і асобныя плямёны, а некалі агульная мова стала дзяліцца на шэраг падобных, але ўжо самастойных моваў. Паміж асобнымі індаеўрапейскімі плямёнамі і іхнімі мовамі захаваецца значнае падабенства; паміж іншымі паўстануць велізарныя адрозненні, але ўсё ж яны не страцяць свайго ўнутранага адзінства. Грунтуючыся на гэтым, мовазнаўцы падзяляюць сёння ўсе індаеўрапейскія народы і іх мовы на некалькі сем'яў: індыйскую, іранскую (персы, скіфы, сарматы, таджыкі, асеціны, цыгане), кельцкую (галы, ірландцы, шатландцы, валійцы), раманскую (лаціны і іншыя італійскія плямёны, а таксама сённяшнія італьянцы, іспанцы, партугальцы, французы, румыны), германскую (готы, датчане, нарвежцы, шведы, галандцы, англійцы, немцы), балцкую (летапісная голядзь, латышы, летувісы), славянскую (венеды, анты, склавіны, палабскія славяне, лужычане ці лужыцкія сорбы, кашубы, славенцы, харваты, сербы, македонцы, балгары, чэхі, славакі, палякі, украінцы, расійцы і беларусы). Некаторыя сем'і прадстаўленыя толькі адною моваю, як албанская, армянская, грэцкая, а таксама вымерлыя хецкая і тахарская. Індаеўрапейскія мовы маюць агульныя рысы на ўсіх структурных узроўнях - фанетыцы і лексіцы, марфалогіі і сінтаксісе6. Падамо хаця б адзін хрэстаматыйны прыклад з лексікі: слова «маці» мае гэткія паралелі - у ст.-інд. m(t(, ст.-іранск. m(t(r, ст.-гр. mЈthr (m"thr), лац. mater, ст.-ірл. mathir, ням. Mutter, арм. mayr, алб. motre, летув. m(t(, ст.-слав. мати.
Індаеўрапейцы, якія прыйшлі на беларускія землі на мяжы 3-га і 2-га тысячагоддзяў, займаліся пераважна жывёлагадоўляй і менш - земляробствам. Жылі яны ў паўзямлянкавых жытлах і карысталіся ўжо не толькі каменнымі, але таксама бронзавымі і меднымі прыладамі. Памерлых спальвалі, хоць было пашыраным і трупапакладанне, калі нябожчыка клалі на спіну ў выцягнутым стане ці з падагнутымі нагамі, альбо ў скурчаным выглядзе на баку, пасыпаючы вохраю. Побач клалі каменныя сякеры, лукі са стрэламі, прылады працы, посуд, упрыгожанні7. Светапогляд індаеўрапейцаў таксама базаваўся на архаічных уяўленнях пра адзінства чалавека з навакольным светам. Грамадскія дачыненні наладжваліся на аснове патрыярхату: на чале сямейна-родавых калектываў стаяў мужчына, а паходжанне вызначалася па бацькоўскай лініі. Сям'я і род былі арганізаваныя паводле дуальна-родавага прынцыпу, калі мужчыны дадзенага роду маглі браць жонак толькі з пэўнага іншага роду, мужчыны якога ў сваю чаргу жаніліся толькі з жанчынамі з першага роду. У сувязі з гэтым разрознівалася сфера «свайго» і «чужога». «Сваё» азначала самога індывіда, ягоны род і «сваяцкі» род, з якім здзяйсняліся шлюбныя дачыненні. Але, паводле закону тоеснасці індывіда і калектыва, часткі і цэлага, «сваімі» былі таксама сацыяльная і ўзроставая група, да якой належаў чалавек, ягонае племя, племянны татэм, зямля, на якой жыло племя. І наадварот, усё, што не ўваходзіла ў абсяг «свайго» было «чужым». З гэтага вынікае, што і ўвесь бачны і нябачны сусвет таксама падзяляўся на два бакі: «свой» - асвоены, упарадкаваны, знаёмы і «чужы» - неасвоены, хаатычны і неўпарадкаваны, варожы8. Сфера «свайго» ўяўлялася падзеленай на тры ўзроўні: вышэйшы, сярэдні і ніжэйшы, што адпавядала траістай іерархізацыі сусвету - на «неба», «зямлю», «падземны свет» і грамадства - на рэлігійна-жрэцкі, вайсковы і гаспадарчы станы. У сувязі з гэтым некаторыя навукоўцы вычляняюць тры функцыі: «верхавенства», «моц», «вытворчасць». Хутчэй за ўсё, у індаеўрапейскім грамадстве гэтыя функцыі размяркоўваліся між асобнымі родавымі калектывамі («плямёнамі») гэтак, што нейкая функцыя замацоўвалася за пэўным калектывам (напр., «племя жэрцаў», «племя воінаў»). Магчыма, падобная іерархія сярод плямёнаў існавала і пазней. Так, выказвалася меркаванне пра тое, што нашыя крывічы, будучы «племем святароў», спраўлялі тэакратычную ўладу над іншымі славянскімі і неславянскімі плямёнамі ў рэгіёне9. У кожным разе, абодва ментальныя падзелы - двухчленны і трохчленны - надоўга будуць вызначаць духовы лад індаеўрапейскіх этнасаў. Чляненне сусвету на «высокі», «сярэдні» і «нізкі», якое асацыюецца з падзелам у часе на будучыню, цяперашні час і мінулае, наглядна рэалізуецца ў сімвале «сусветнага дрэва», характэрным і для неіндаеўрапейскіх народаў. «Свой» свет такім чынам уяўляўся як арганізаваная, упарадкаваная сістэма. Парадак - галоўная астоя існавання такога свету. Сродкам аднаўлення парадку ў грамадстве быў абмен, пры якім кожны акт давання ці дарэння павінен быў кампенсавацца гэткім жа актам з боку атрымальніка. Падобны сэнс мела і ахвяра, пакліканая прыводзіць да ладу адносіны між чалавекам і боствам, кампенсаваць богу ягоныя шчадроты, выклікаць ягоную міласць, захоўваць альбо аднаўляць парушаны парадак у грамадстве ці сусвеце10. У выніку ўзаемадзеяння прышлых індаеўрапейскіх плямёнаў з абарыгенамі, а таксама натуральнага ўнутранага розвітку шнуравікоў да сярэдзіны 2-га тысячагоддзя да н.Х. на ўсёй паўднёвай частцы Беларусі да лініі Менска і вышэй развілася тшцінецкая і роднасная ёй сосніцкая культура (існавалі ў ХV-ХІ стст. да н.Х.). На паўднёвым захадзе Беларусі з тшцінецкай змыкалася лужыцкая культура, пашыраная на прасторы ад Балтыку да Дуная і ад р.Шпрэе ў Германіі да Валыні. Некаторыя археолагі адносяць гэтыя культуры да протаславянскіх11.
ІІІ. Славяне сярод сваіх суседзяў
Вылучэнне славянаў У жалезным веку (VІІ ст. да н.Х.-VІІІ ст. пасля н.Х.) ужо выразна акрэсліліся асобныя групы індаеўрапейскіх плямёнаў: германцы - на поўначы Еўропы, кельты - на захадзе і ў цэнтры, славяне - на ўсходзе. У раннім жалезным веку ў выніку міграцыі паморскіх плямёнаў ва ўсходнім арэале лужыцкай культуры - на тэрыторыі Польшчы, паўночна-заходняй Украіны і паўднёва-заходняй Беларусі - сфармавалася генетычна звязаная з лужыцкай культура падклёшавых пахаванняў (рэшткі спаленых целаў змяшчаліся ў урны, накрытыя вялікім гаршком - «клёшам») ці, як яе інакш называюць, паморская культура (VІІ - ІІ стст. да н.Х.). Археолагі лічаць яе ўласна славянскаю. Магчыма, менавіта на абшары паморскай культуры і была прарадзіма славянаў, якую спрабуюць лакалізаваць у розных месцах на прасторы ад Одэра да Дняпра. Арэал рассялення ранніх славянаў не заставаўся замкнёным. У ІІІ-ІІ стст. да н.Х. у яго пранікалі кельты, якія перайшлі Карпаты і рассяліліся ў Сілезіі і Малапольшчы. Узаемадзеянне з кельтамі пакінула відавочны след у культуры славянаў. З канца ІІ ст. да н.Х. на славянскія тэрыторыі пачалі прасочвацца германцы, у выніку чаго пазней тут склалася пшэворская культура, у фармаванні якой бралі ўдзел не толькі германцы і славяне, але і кельты. Уласна славянскаю лічаць тэрыторыю гэтай культуры на ўсход ад Віслы12.
Скіты ды іншыя герадотаўскія народы і Беларусь
Герадот, які хутчэй за ўсё сам пабываў на паўночным узбярэжжы Чорнага Мора, а магчыма і ў самой Скітыі, апісваў у сваім творы толькі тое, што бачыў на свае вочы альбо чуў ад годных даверу людзей. Усіх скітаў ён падзяляў на царскіх, скітаў-вандроўнікаў і аселых скітаў-земляробаў. Большасць сучасных даследчыкаў лічыць герадотаўскіх скітаў поліэтнічнай супольнасцю, у якой уласна скітамі - іранскімі плямёнамі - былі толькі вандроўныя насельнікі паўднёвай часткі Скітыі. Скітаў-земляробаў некаторыя залічаюць да праславянаў, магчыма перш за ўсё да іх адносіцца саманазва скітаў - «скалоты», зафіксаваная Герадотам (пар. пазнейшае «склавіны», «sclavi»). Са скітамі-земляробамі, якія жылі па берагах Дняпра, найверагодней можна было б суаднесці мілаградскую археалагічную культуру. На поўнач ад скітаў-земляробаў, у вярхоўях Барыстэна-Дняпра, Герадот змяшчаў племя андрафагаў, што ў перакладзе са старагрэцкай азначае «людаеды». Мяркуюць, што імі маглі быць пакінутыя помнікі днепра-дзвінскай культуры на Віцебшчыне15. Часам на нашай тэрыторыі лакалізуюць яшчэ два герадотаўскія племені - будзінаў і неўраў. Паводле Герадота, будзіны - вандроўнае племя з блакітнымі вачыма і светлымі валасамі. Яно жыло ў лясах на адлегласці большай за 15 дзён шляху ад Меатыды (Азоўскага мора). Мова племені адрознівалася ад скіцкай і грэцкай. Асабліва цікавыя паведамленні гісторыка пра неўраў, якія жылі на поўнач ад скітаў-земляробаў. Ён піша, што неўры былі змушаныя пакінуць сваю зямлю з-за мноства змеяў і перасяліцца на землі будзінаў. Навакольныя плямёны лічылі неўраў чараўнікамі і распавядалі, што раз у год кожны з неўраў на некалькі дзён ператвараўся ў ваўка, а затым зноў рабіўся чалавекам. Вядома, што паданні пра ваўкалакаў надзвычай пашыраныя сярод беларусаў. Пра неўраў пісалі і пазнейшыя аўтары (Пліній Старэйшы, Аміян Марцэлін ды інш.) у першых стагоддзях пасля Н.Х., змяшчаючы іх ля вытокаў Дняпра. Там жа лакалізуюць неўраў і некаторыя сучасныя даследчыкі16. На думку вядомых славістаў П.Шафарыка, Л.Нідэрле ды інш., неўры былі продкамі славянаў. Археолагі часам атаесамляюць неўраў з носьбітамі мілаградскай культуры. Аднак трэба падкрэсліць, што і месца рассялення і этнічная прыналежнасць будзінаў і неўраў не могуць быць вызначаныя дакладна з-за няпэўнасці пісьмовых звестак і таму да сёння лічацца дыскусійнымі, выклікаючы шэраг спрэчак. Готы. Першыя хрысціяне сярод готаў, скітаў і склаваў
Ужо на пачатку хрысціянскай эры - у часы чарняхоўскай і вельбарскай культураў - нашы землі маглі мець нейкія сувязі з хрысціянскім светам і прымаць адтуль Слова Божае. На пачатку летапіснай эпохі працягвала існаваць традыцыя пра ранняе хрысціянства ў Прычарнамор'і і спробах місіі на поўнач ад Чорнага Мора. Ускосна пра гэта сведчыць прыведзенае ў недатаванай частцы «Аповесці мінулых гадоў» паданне пра св.Андрэя Першазваннага. У аснове легенды ляжыць кароткае паведамленне вядомага хрысціянскага гісторыка Эўсэбія Кесарыйскага (жыў на пачатку ІІІ ст.), у сваю чаргу абапёртае на страчаны твор Арыгена, пра тое, што св.Андрэю як абшар місійнай працы кіданнем лёсаў была прызначаная Скітыя. Большасць даследчыкаў лічыць гэтую звестку Эўсэбія праўдзіваю. Не супярэчыць ёй і тыя часткі апакрыфічных «Жыццяў» апосталаў Пятра і Андрэя (напісаныя ў канцы V - пачатку VІ ст.), дзе апавядаецца пра сумесную місію братоў у Малой Азіі. Затым шляхі іх разышліся: Пётр накіраваўся ў Рым, а Андрэй з малаазійскага горада Сінопы, размешчанага на паўднёвым узбярэжжы Чорнага Мора, вырушыў у Скітыю18. На гэтым грунце і базуецца легенда «Аповесці мінулых гадоў», дзе зыходным пунктам місіі Андрэя таксама стае Сінопа. Затым ён прыбыў у Корсунь (славянская назва былой грэцкай калоніі на паўднёва-заходнім узбярэжжы Крыма непадалёк ад сённяшняга Сімферопаля) і, пабачыўшы, што адтуль недалёка да вусця Дняпра, захацеў водным шляхам ісці да Рыму. Падымаючыся ўверх па Дняпры, ён выйшаў на бераг ля Кіеўскіх гораў, абвясціў сваім вучням прароцтва пра моц будучага Кіева, а сам узышоў на горы, паставіў на іх крыж і паблаславіў. Затым, памаліўшыся, ён рушыў далей і дасягнуў Ноўгараду. Тут, апавядаецца далей, яго здзівіў звычай ноўгарадцаў, мыючыся, хвастаць сябе венікам, а пасля лазні аблівацца сцюдзёнай вадою. З Ноўгараду св.Андрэй прыплыў да варагаў, а адтуль - у Рым, дзе ўсім распавядаў пра дзіўную завядзёнку ноўгарадцаў. Пасля Рыму Апостал зноў вярнуўся ў Сінопу, каб працягваць сваю місійную працу19. Як вядома, асоба св. Андрэя была выкарыстаная для падвышэння статусу Канстанцінопальскай царквы пасля падзелу 395 г. Рымскай імперыі на Заходнюю і Усходнюю з двумя асобнымі імператарамі. Толькі незадоўга да падзелу Канстанцінопальскае епіскапства набыло статус мітраполіі, а затым у 381 г. - патрыярхату. Да гэтага Канстанцінопальскі епіскап падпарадкоўваўся Гераклейскаму архіепіскапу (у Малой Азіі). Іншыя патрыярхаты мелі больш старажытнае паходжанне, а іх заснаванне звязвалася з дзейнасцю апосталаў. Рымскі патрыярхат меў неаспрэчную легітымацыю свайго заснавання св.Пятром. Антыяхійскае епіскапства, а затым патрыярхат, магло ганарыцца тым, што ягоным першым епіскапам быў св.Пётр, які затым прыйшоў у Рым. Александрыйскі патрыярхат паўстаў з епіскапства, якое першым узначальваў св.Марк - вучань Хрыста. Ерузалемскі вёў сваё паходжанне ад Апостала Якуба, які першым прыняў тут епіскапскую ўладу. Таму Канстанцінопаль, прэтэндуючы на ролю сталіцы Імперыі, апрача кананічнага прызнання, імкнуўся падмацаваць свой статус духова. Постаць св.Андрэя пасавала таму, што, паводле Евангелля (Ян 1, 35-42), гэта быў родны брат Пятра - заснавальніка Касцёла і Рымскага патрыярхату. Св.Андрэй прадставіў Пятра Хрысту і быў Першазванным, як і яго брат, г.зн. першым быў пакліканы да ліку апосталаў. Абаперціся можна было і на старую традыцыю пра місію св.Андрэя ля Чорнага Мора: няцяжка было крыху змясціць абшар ягонай дзейнасці крыху на захад, каб туды трапіла і тэрыторыя Візантыі20. З канца V - пачатку VІ ст. і пачала распрацоўвацца візантыйская легенда пра св.Андрэя. У VІІІ ст. яна дасягнула найбольшай выразнасці. Вядома, што Маскоўскі патрыярхат лічыць сябе пераемнікам (праз Кіеўскую мітраполію) Канстанцінопальскага. Але легенда, змешчаная ў «Аповесці мінулых гадоў», не з'яўляецца правізантыйскай. Хутчэй наадварот! У апавяданні пра св.Андрэя ўвогуле не гаворыцца пра Візантыю. Апостал выбірае шлях да Рыму не праз візантыйскія тэрыторыі, а доўгую кругавую дарогу па Дняпры, а затым праз краіны Заходняй Еўропы. Канцовы пункт падарожжа таксама невыпадковы, тым больш, што ў Рыме св.Андрэй нібыта здае справаздачу са сваёй місіі. Такім чынам, у паданні выразна выяўляецца прарымская арыентацыя яго аўтара. І калі слушнае дапушчэнне М.Чубатага пра тое, што яно паўстала ў 60-х гадах ХІІ ст. пры мітрапаліце Кліменце Смаляцічы21, калі да ўлады ў Кіеве прыйшла антывізантыйская партыя,то робіцца зразумелым і сатырычны выпад супроць ноўгарадцаў, епіскап якіх адстойваў візантыйскія інтарэсы.
Больш спрыяльныя ўмовы для новай рэлігіі складваліся ў Баспорскім царстве, на мяжы ІІІ і ІV ст. тут ужо існавалі дзве дыэцэзіі : Баспорская і Гоцкая (у паўночным Крыме). Як бачна з назвы, з Баспорскай дзяржавы ішоў хрысціянізацыйны ўплыў на готаў, якія часткова яе зруйнавалі. Двума другімі асяродкамі, якія пашырылі з часам сваю ўладу на готаў, былі біскупствы на тэрыторыі рымскай правінцыі Мезіі (сёння паўноўна-заходняя частка Балгарыі і ўсходняя, прычарнаморская частка Румыніі) у гг. Маркіянопаль і Томы. Біскупская катэдра ў Херсанесе ўзнікла пазней, недзе на пераломе ІV і V ст. На ІІІ Сусветным Саборы ў Эфесе (431 г.) ужо прысутнічаў яе іерарх. Дарэчы, з біскупствам у Херсанесе можа быць звязаная і першая на этнічна беларускай тэрыторыі хрысціянская знаходка. Гэта нацельны крыжык, датаваны VІ ст. і падобны да тых, якія вырабляліся ў тагачасным Херсанесе. Знойдзены ён быў у мінулым стагоддзі каля Драгічына на р. Буг на старым гарадзішчы, размытым ракою22. Але адзінкавасць знаходкі не дае падставаў для нейкіх высноваў наконт пашырэння хрысціянства ў гэты перыяд на нашых землях. Пазней, у VІІІ ст., Херсонскае біскупства будзе ператворанае ў мітраполію, у якую ўвойдуць новыя епархіі ў Суражы Крымскім і Фуллі. Тады ж ператворыцца ў мітраполію і Гоцкае біскупства, падпарадкоўваючы сабе новаствораную катэдру ў г. Таматарха (былая Фанагорыя, і будучая славянская Цьмутаракань)23. З усіх гэтых асяродкаў, пачынаючы з першых стагоддзяў, зыходзіў магутны хрысціянізацыйны імпульс, скіраваны перш за ўсё на поўнач ад Чорнага мора, куды ўсё больш імкліва шырылася новая вера.
Такім чынам, ужо з канца ІІ і пачатку ІІІ ст. можна гаварыць пра пэўныя здабыткі хрысціянізацыі сярод скітаў і готаў. Афіцыйны хрост гоцкіх плямёнаў быў здзейснены крыху пазней, каля 375 г., біскупам Вульфілам, які, аднак, навяртаў готаў у арыянства. Магчыма, яшчэ ад гоцкіх часоў сярод славянаў, апрача прававернага хрысціянства, пашыралася і арыянская гэрэзыя. Пранікненне хрысціянства ў чарняхоўскую эпоху на землі, дзе пазней складуцца ўсходнеславянскія народы, пацвярджаецца і матэрыяламі раскопак. На Украіне гэтай праблемай займаўся археолаг Э.Сымановіч. Даследуючы чарняхоўскія пахаванні, у якіх побач з крэмацыяй (трупаспальваннем) сустракаецца інгумацыя (трупапакладанне), ён звярнуў увагу на змены ў абрадзе інгумацыі: перамену арыентацыі - нябожчыкаў у пэўны момант пачалі класці галавою не на поўнач, а на захад; збядненне ці поўнае знікненне інвентару, апрача посуду, у якім маглі захоўвацца вада, віно альбо алей, неабходныя для хрысціянскіх рытуалаў; пахаванне не ў адзенні, а загорнутым у тканіну; з'яўленне драўляных трунаў альбо ямаў, абкладзеных дрэвам ці сфармаваных пэўным чынам. Даследчык зрабіў выснову, што падобныя змены ў пахавальным абрадзе сведчаць пра пашырэнне хрысціянства. Ён выказаў таксама меркаванне, што гэтак званыя «вялікія дамы», раскапаныя на чарняхоўскіх селішчах, маглі выкарыстоўвацца для малітоўных сходаў і набажэнстваў32. Вялікая колькасць бясспрэчных хрысціянскіх помнікаў знойдзена на месцы былой Гоцкай дыяцэзіі ў паўночным Крыме: пячэрныя храмы і кляштары, пахаванні, прадметы культу. Падобныя ж помнікі, датаваныя ІV-V стст., знойдзеныя і на месцы Херсанесу33. Да гоцкіх часоў належалі, відаць, і рэшткі разбураных хрысціянскіх святыняў, якія, паводле сведчання Канстанціна Парфірароднага, можна было яшчэ бачыць у ягоныя часы (сярэдзіна Х ст.) у нізоўях Днястра (сёння тэрыторыя ўсходняй Малдовы і паўднёва-заходняй Украіны)34. На Украіне і ў паўднёвай Польшчы неаднаразова знаходзілі таксама прывазныя і мясцовыя вырабы з хрысціянскай сімволікай і крыжыкі. Асабліва важным аргументам уяўляецца знаходка формы для адліўкі нацельных крыжыкаў каля в.Чарноўка ў Чарнавіцкай вобласці на Украіне35. У Беларусі, наколькі нам вядома, падобныя археалагічныя пошукі не праводзіліся. На думку М.Брайчэўскага, уплыў хрысціянскіх ідэяў на славянскае насельніцтва чарняхоўскай культуры выявіцца пазней у светапоглядзе антаў і склавінаў, пра які пісаў у VІ ст. Пракопій Кесарыйскі (каля 500 - пасля 562г.). Пракопій паведамляе, што славяне лічаць уладаром усяго толькі аднаго бога, творцу маланак, і не прызнаюць наканавання. З гэтага нібыта вынікае, што ў ранніх славянаў ідэі адзінага Бога і залежнасці чалавечага лёсу не толькі ад Боскае волі, але і ад волі самога чалавека перапляліся з паганскімі ўяўленнямі, дзе хрысціянскі Бог зліўся з Перуном, якому прыносілі ў ахвяру быкоў36. З усяго сказанага можна меркаваць, што хрысціянізацыя ў той альбо іншай меры закранула ўвесь абшар чарняхоўскай культуры, у т.л. і яе нязначны арэал на беларускім Палессі. Працэс пашырэння новай веры на ўсёй прасторы паўночней Чорнага мора быў перарваны прыходам гунаў, якія ў 375 г. уварваліся ў Прычарнамор'е і, разбіўшы готаў, часткова падпарадкавалі іх сваёй уладзе, а часткова адцяснілі на захад. Асобныя гоцкія і славянскія плямёны ўвайшлі ў склад гунскага племяннога аб'яднання, якое навалаю пракацілася па Заходняй Еўропе, скрануўшы са сваіх месцаў іншыя народы і даўшы пачатак Вялікаму перасяленню. Другой падзеяй, якая адмоўна адбілася на лёсе хрысціянства сярод плямёнаў былой Скітыі, сталася падзенне Рыма ў 476 г.
|
|
|