|
|
№
2(8)/1999
На кніжнай паліцы
З жыцця Касцёла
Постаці
Да юбілею 2000 года
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Роздум аб веры
Паэзія
Нашы святыні
Па старонках старых выданняў
Haereditas
Традыцыя
З жыцця Касцёла
|
FIAT FOLUNTAS TUA...«... Таму, ужываючы паўнату нашай Апостальскай улады, устанаўліваем цябе, умілаваны сын, дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі лацінскага абраду, адначасова адорваючы цябе тытулам неіснуючай сёння архідыяцэзіі Бланданы...», – з абвяшчэння булы Святога Айца Яна Паўла ІІ распачаўся абрад кансэкрацыі новаменаванага біскупа – айца Казіміра Велікасельца, які з рук кардынала Казіміра Свёнтка і нунцыя Апостальскай Сталіцы Дамініка Грушоўскага прыняў біскупскую сакру ў базыліцы меншай – старажытнай Пінскай катэдры. Ва ўрачыстасці прымалі ўдзел ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп А.Кашкевіч з дапаможным біскупам А.Дзямянкам, госці з Польшчы – біскуп Элцкай дыяцэзіі Э.Самсэль, дапаможны біскуп Люблінскай дыяцэзіі Р.Карпіньскі, прадстаўнікі закону дамініканаў і іншых кангрэгацый і законаў, больш за 60 святароў з дыяцэзій Беларусі, шматлікія вернікі. Няпросты быў шлях да святарства айца Казіміра. Нарадзіўся ён 5 мая 1945г. у в.Стараволя Пружанскага раёна. Бліжэйшы касцёл, які яшчэ дзейнічаў, быў у Кобрыне. І, напэўна, яшчэ тады, калі бацька вазіў яго на ровары за дзесяткі кіламетраў у гэты касцёл, нарадзілася яго глыбокая вера. Нягледзячы на атэістычнае процістаянне, гэтая вера развівалася, дапамагала выстаяць падчас службы ў войску, дапамагла і падчас цяжкай працы на будоўлі ў Вільні. Менавіта ў Вільні, молячыся перад абразом Маці Божай Вастрабрамскай, Казімір прасіў, каб Найсвяцейшая Панна дапамагла распазнаць волю Божую; менавіта там узнікла яго пакліканне да святарства. «Будзь воля Твая», – паўтарыў ён услед за Марыяй, у апеку якой мама аддала будучага святара яшчэ ў маленстве. У Вільні ён пазнаёміўся і з айцамі-дамініканамі, з якімі пазней звязаў свой святарскі лёс. Але, відаць, аднаго паклікання было недастаткова. Бог выпрабоўваў яго намер яшчэ некалькі гадоў. Тры гады ўлады не давалі дазволу на паступленне ў Рыжскую семінарыю, але а. Казімір не марнаваў часу: разам з цяперашнім біскупам А.Дзямянкам нелегальна вучыўся ў доктара тэалогіі ксяндза В.Пянткоўскага (парафія Мядзведзічы), адначасова працуючы качагарам. Урэшце, у 1981г. Казімір Велікаселец быў прыняты ў Рыжскую семінарыю. Падчас свае вучобы ў семінарыі а. Казімір склаў першыя законныя шлюбы ў манаскі ордэн айцоў-дамініканаў. Пасля заканчэння Рыжскай семінарыі (у 1984г.) у дзень Святой Тройцы быў высвечаны кардыналам Ю.Вайвадсам і атрымаў прызначэнне ў сваю першую парафію. Гэта была парафія Св.Тройцы ў Ішкалдзі. Пад духоўнай апекай а.Казіміра былі таксама Юшкавічы, Гарадзішча, Сталавічы, Паланечка, Новы Свержань, Гарадзея, Карэлічы, Мір, Ганцавічы, бо ў той час святароў катастрафічна не хапала і кожны з іх абслугоўваў многія адлеглыя парафіі. Акрамя душпастырскага служэння, а. Казімір займаўся адбудоваю і рамонтам святыняў. У 1992г. ён быў прызначаны Генеральным вікарыем для Пінскай дыяцэзіі, адначасова выконваў абавязкі дэкана Баранавіцкага дэканату і пробашча касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў г.Баранавічы. «Будзь воля Твая», – такія словы абраў айцец Казімір для свайго біскупскага герба, а значыць і для свайго душпастырскага служэння. «Чалавек малітвы», – так называюць айца Казіміра святары. «Гэта святы святар, ён столькі навярнуў да веры самых зацятых грэшнікаў», – гавораць пра яго былыя парафіяне. «...Дарагі брат, тыя святарскія дабрадзейнасці, якія ты праявіў, усе поспехі і прыроджаныя здольнасці старайся прымяняць, клапоцячыся аб святарах і верніках, аднаўляючы дабрадзейнасці і з яшчэ большай руплівасцю служачы Хрысту. Дадзена ў Рыме, у св.Пятра, дня 6 мая 1999г., Пантыфікату Нашага 21 года»... Ва ўрачыстай гаміліі ў часе Святой Імшы ксёндз-біскуп А.Дзямянка засяродзіў сваю ўвагу на вялікай і адказнай ролі біскупства ў жыцці паўсюднага Касцёла. Ён, у прыватнасці, сказаў: «...Знамянальна, што наш брат прымае сёння сакру ў гэтай цудоўнай святыні з 600-гадовай гісторыяй. Яе муры захоўваюць памяць аб многіх верных Слугах Евангелля, пачынаючы ад св.Андрэя Баболі ажно да святароў – мучанікаў за веру апошніх дзесяцігоддзяў, якія сваім жыццём і сваёй ахвярнасцю засведчылі вернасць Хрысту. У гэтых жа мурах сёння, напрыканцы ХХ стагоддзя, а.Казімір прымае новую высокую годнасць у Касцёле і намашчэнне Святога Духа, каб з яшчэ большаю адказнасцю і моцай працягваць справу дванаццаці Апосталаў і выконваць місійны наказ Хрыста, які з гэтым наказам асабліва звяртаецца да біскупаў: «Ідзіце на ўвесь свет і абвяшчайце Евангелле ўсялякаму стварэнню» (пар.Мк 16,15). Прыняцце біскупства павінна паўплываць не толькі на асобу самаго а.Казіміра, але таксама на Касцёл мясцовы і паўсюдны, за які Яго Эксцэленцыя прымае адказнасць разам з усёй Калегіяй Біскупаў на чале са Святым Айцом. Дарагі айцец Казімір! Ты атрымліваеш сакру біскупа ў дзень нараджэння св.Яна Хрысціцеля, які пракладаў сцежкі Збавіцелю свету. Заданне св. Яна выконвалася ў Касцёле ва ўсе вякі, аднак сёння такое супадзенне набывае глыбокі сімвалічны сэнс. Прастуйце дарогу Пану да ўваходу ў ІІІ Тысячагоддзе! – вось сучасная місія Касцёла і найважнейшы абавязак біскупа. Таму жадаю табе з новай сілай Духа Святога адважна ісці дарогай Яна Хрысціцеля і быць «голасам, які кліча ў пустыні» (пар.Ян 1, 23). Выконвай сваю службу ў імя Айца, якога ў Касцёле прадстаўляеш, і ў імя Ягонага Сына Езуса Хрыста, якога ўладу – настаўніцкую, святарскую і пастырскую – выконваеш, і ў імя Святога Духа, які ажыўляе Касцёл Хрыста і сваёй ласкай перамагае нашую слабасць». Пажадаем жа і мы новаменаванаму біскупу Казіміру, каб ён змог як мага паўней выканаць Божую волю і каб дапамагаў нам, вернікам, вучыцца заўсёды і ва ўсім распазнаваць яе.
|
|
|