|
|
№
2(8)/1999
На кніжнай паліцы
З жыцця Касцёла
Постаці
Да юбілею 2000 года
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Роздум аб веры
Паэзія
Нашы святыні
Па старонках старых выданняў
Haereditas
Традыцыя
З жыцця Касцёла
|
Ільдэфонс Бобіч... Тэолаг, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык. У літаратуры ён быў вядомы як пісьменнік Пётра Просты. Але найперш ён быў святаром, адданым беларускай справе, пашырэнню роднага слова ў Касцёле. На жаль, многім з нас мала што гаворыць яго імя. Тым часам постаць ксяндза Ільдэфонса Бобіча, як і пісьменніка Пётры Простага, заслугоўвае ўвагі нашчадкаў. І найперш — як постаць таго, хто рупіўся пра нашую будучыню. Нарадзіўся Ільдэфонс Бобіч 22 студзеня 1890 года ў сям’і небагатага беларускага селяніна ў вёсцы Дзедзіна Дзісенскага павету, што на Віцебшчыне. Вучыўся ў Ковенскай гімназіі, якую закончыў у 1909 годзе. Менавіта тут ён адчуў вялікую любоў да Бацькаўшчыны, яе народнай творчасці, культуры, гісторыі. Тут жа далучыўся да беларускага адраджэнскага руху і паспрабаваў пісаць першыя апавяданні. Літаратурны дэбют Пётры Простага адбыўся 25 студзеня 1907 года, калі ў газеце «Наша ніва» было надрукавана яго апавяданне «Слёзы». Дэбют адбыўся, аднак ён не ўскружыў галаву маладому хлопцу, не перашкодзіў яму пачуць у сваім сэрцы ціхі, але настойлівы голас нябёсаў, які клікаў яго. У тыя дні ён напісаў: «Маё юначае сэрца вагаецца — як быць? Пан кліча мяне. Пан хоча, каб я сваё жыццё прысвяціў Яму. Як быць? Пэўна, выбар адзін — адказаць згодай». У 1909 годзе юнак паступіў у Віленскую духоўную семінарыю, дзе праявіў сябе здольным вучнем, добрым клерыкам. Яго накіравалі на далейшую вучобу ў Рым, дзе ён вучыўся з 1911 па 1913 год. Там Ільдэфонс Бобіч атрымаў блаславенне Папы Рымскага Пія Х для ўсяго беларускага народа, а таксама для выдання беларускай каталіцкай газеты «Беларус» («Biełarus»), якая выходзіла ў Вільні з 1913 па 1915 г. Рэдактарам-выдаўцом газеты, якая друкавалася лацінкай, быў А.Бычкоўскі, а з № 5 за 1914г. – Б.Пачопка. Эпіграфам да ўсіх нумароў былі словы з Евангелля: "шкада мне гэтага народу … бо не мае што есці". Тады ж у Вільні пад рэдактарствам Б. Пачопкі выйшаў беларускі малітоўнік «Бог з намі». У газеце «Беларус» даволі часта змяшчаліся артыкулы І.Бобіча, пераважна на рэлігійныя тэмы. 27 ліпеня 1915 года Ільдэфонс Бобіч атрымаў святарскае пасвячэнне. Гэта быў якраз той час, калі беларуская мова пакрысе займала сваё належнае месца ў Касцёле, час, калі яна пачала гучаць з амбонаў. Кс. Адам Станкевіч пісаў у сваёй кнізе «Родная мова ў святынях», што, працуючы ў Ідолце, ксёндз Бобіч паслугоўваўся беларускаю моваю. З 1920 года кс. Бобіч служыў вікарыем катэдральнага касцёла ў Вільні. У гэты час у Вільні праходзіў з’езд беларускага каталіцкага духавенства. Сярод яго арганізатараў і актыўных удзельнікаў быў і кс. Ільдэфонс Бобіч, які выступаў з рэфератам пра беларускае рэлігійнае выдавецтва. З’езд прыняў шэраг пастаноў, у якіх меркавалася пашырыць выкарыстанне беларускага слова ў Касцёле. Прапаноўвалася ўвесці родную мову ў Віленскай духоўнай семінарыі, а таксама дабівацца ад Апостальскай Сталіцы прызначэння на пасаду біскупа-суфрагана кагосьці з беларускіх святароў. Пастанова была перададзена біскупу Матулевічу, які паабяцаў, па магчымасці, паспрыяць яе ажыццяўленню. Неўзабаве пасля з’езду ў Вільні паўстала арганізацыя святароў-беларусаў «Светач», якая адразу ж была забаронена камісарам ураду Вільні. Ксёндз Бобіч шмат працаваў дзеля таго, каб як мага больш святароў прыгарнуліся да беларускае справы. Ён напісаў і прадставіў рэцэнзентам працу «Нядзельныя Евангеллі і навукі» ў трох тамах. Цэнзар кс. прафесар А.Крайяліс даў сваю згоду на друкаванне кнігі, але сакратар біскупскай курыі кс. І.Халецкі перш чым даць цэнзарскі дазвол да подпісу біскупа, даслаў ліст у Варшаву езуіту Шчапанскаму, у якога пытаўся, ці можна выдаваць гэтую кнігу. Адказ быў адмоўны, але кс. Крайяліс напісаў біскупу Матулевічу пра беспадстаўнасць забароны і кс. Бобіч атрымаў дазвол на выданне сваёй працы. Адначасова са службай у катэдры кс. Бобіч выкладаў у Віленскай духоўнай семінарыі. У душпастырскай працы ён шырока паслугоўваўся беларускаю моваю, а гэта, як вядома, не падабалася ні тагачасным уладам Вільні, ні многім палякам.
У 1930 годзе кс. Бобіча перавялі ў Іўе, дзе ён служыў адначасна пробашчам і дзеканам Вішнеўскага дэканату. Тут ён напісаў два тамы казанняў: «Родная мова ў Касцёле» і «Навучайце ўсе народы». Ён планаваў напісаць яшчэ чатыры тамы, але раптоўная смерць стала таму перашкодай. Памёр кс. Ільдэфонс Бобіч 28 красавіка 1944 года. Пахаваны ў Іўі. Балюча, што імя гэтага надзвычай таленавітага, адданага Беларусі чалавека амаль невядомае нашым сучаснікам. Мала хто ведае і пісьменніка Пётру Простага. Між тым, ягоныя творы (апавяданні «Слёзы», «У калядны ціхі вечар», «Воля», «Скарб», «Абразкі» і інш.) атрымалі высокую ацэнку сучаснікаў. Да прыкладу, Максім Багдановіч, гаворачы пра творчасць аўтараў «Беларуса», пісаў: «У аднаго толькі Пётры Простага ёсць праўдзівая здольнасць. Галоўная вартасць яго — у стройным развіцці дзеяння ды ў сціснутасці і гучнасці мовы, надзвычайна пекнай па свайму складу». Пётра Просты быў аўтарам п’есы «Свякроўка», якая так і засталася ненадрукаванай, брашуры «Нашто беларусам газеты». Некаторыя яго празаічныя творы перакладзены на ўкраінскую мову. Сам жа ён перакладаў з расейскай мовы. Хочацца спадзявацца, што знойдуцца людзі, якія пажадаюць выдаць кнігу твораў пісьменніка Пётры Простага. А, можа, беларускім святарам прыдаліся б і ягоныя казанні?
|
|
|