Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(8)/1999
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
З жыцця Касцёла

«БОГ – ГЭТА ЛЮБОЎ»

ДА ХВАЛЫ АЛТАРА
Постаці

МАЦІ АПАЛОНІЯ

СВЯТАР І ПІСЬМЕННІК

АПАВЯДАННІ
Да юбілею 2000 года
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Нашы святыні

БАРАНАВІЦКІЯ КАСЦЁЛЫ
Па старонках старых выданняў

«BIEŁARUSKAJA KRYNICA»
Haereditas
Традыцыя

КРЫЖ З РУЖОВАГА ВАЛУНА
З жыцця Касцёла

Ірына ЖАРНАСЕК

ДА ХВАЛЫ АЛТАРА

Падарожныя нататкі з Польшчы.
Чэрвень 1999 года

Дачакаліся!

Вось і дачакаліся мы. Дачакаўся Касцёл на Беларусі, дачакалася наша зямля: дзевяць чалавек, якія пралілі сваю кроў у імя Бога на нашай зямлі, узносяцца да хвалы нябеснага Алтара. Паўсюль у касцёлах прачытаны ліст біскупаў Беларусі — натхнёны зварот да вернікаў у сувязі з гэтай неардынарнай падзеяй. Не адзін слухач выціраў слёзы, калі слухаў пра гісторыю пакутніцтва гэтых адважных, стойкіх у веры людзей, якія ў гады ліхалецця мінулай вайны не пашкадавалі сваёй крыві і свайго жыцця, але прынеслі іх у ахвяру Богу за тых, хто быў побач. Тым самым яны далі ўсім нам прыклад праўдзівае любові да Бога і бліжняга.

Мар’яна Бярнацкая
Мар’яна Бярнацкая

Сціплая сялянка з Навумавічаў, што блізу Гародні. Ці думала яна некалі, полючы грады ў гародзе, жнучы ў полі жыта, што настане час высокага ўзлёту яе духа над гэтай зямлёй? Настолькі высокага, што яе імя стане вядомым і шанаваным не толькі яе землякамі, але і людзьмі ў розных кутках зямлі? Фашысты гналі на расстрэл яе цяжарную нявестку. Мар’яна загарадзіла ім шлях, усёй сваёй істотай пратэстуючы супраць бесчалавечнасці. Але ў тое ж імгненне Мар’яна зразумела, што хтосьці павінен прынесці ахвяру Богу ў імя жыцця. Гэтым кімсьці стала сама яна, Мар’яна. Яна сама папрасіла тых нелюдзяў, каб яны замест нявесткі і жыцця, што білася ў той пад сэрцам, расстралялі яе, Мар’яну. Ніхто ўжо ніколі не скажа, ці зварухнулася штосьці ў душах карнікаў. Яны «злітаваліся» і... выканалі Мар’яніну просьбу. А яна, усцешаная тым, што ратуе дарагія для яе жыцці, папрасіла перад смерцю даць ёй ружанец. Так і памерла — з малітваю на вуснах. Яе смерць была толькі маленькаю кропляю ў бесчалавечным крывавым моры вайны. І ўсё ж тая смерць была асаблівая, бо вучыла іншых, як трэба любіць сваіх дзяцей і як трэба шанаваць жыццё ва ўлонні маці, якое Бог кліча на свет. Калі б толькі кожная жанчына, ідучы на забойства свайго дзіцяці, якое жыве ў яе мацярынскім улонні, памятала пра ахвяру Мар’яны!..

Айцец францішканін Герман Стэнпель
Айцец францішканін Ахілес Пухала
Айцы францішкане Ахілес Пухала і Герман Стэнпель.

У гады вайны яны служылі душпастырамі ў францішканскіх касцёлах Гародні, Івянца, Радомска, Вільні, Пяршаяў. У часе ваеннага тэрору гітлераўцаў у чэрвені 1943 года ў Івянцы выбухнула ўзброенае паўстанне супраць акупантаў. У адказ на яго гестапа ўчыніла шматлікія арышты, хваля якіх дакацілася і да Пяршаяў. Вернікі папярэдзілі пробашча а.Ахілеса і вікарыя а.Германа, што ім таксама пагражае арышт. Калі б яны згадзіліся ўцячы, то выратавалі б свае жыцці. Але тады яны былі б кепскімі пастырамі, што пакідаюць сваю аўчарню, калі да яе набліжаецца вораг. Яны ж былі добрымі пастырамі і таму засталіся з тымі, каго вялі да Бога. Іх арыштавалі разам з іншымі жыхарамі Пяршаяў. Але з усіх арыштаваных былі замучаныя толькі яны — смелыя, ахвярныя айцы францішкане. Гестапаўцы замучылі іх у гумне на ўскрайку вёскі Баравікоўшчына 19 ліпеня 1943 года. Гумно пасля гэтага падпалілі, замятаючы сляды злачынства. Але вернікі раскапалі потым попел, дасталі парэшткі пакутнікаў і пахавалі іх пры касцёле ў Пяршаях. Пакутніцкая смерць а. Ахілеса і а. Германа ўвабрала ў сябе ўсю прагу крывавай помсты фашыстаў. Больш у Пяршаях у тыя дні ніхто не загінуў.

Ксёндз Генрык Глябовіч
Генрык Глябовіч.

У той дзень, калі ён быў пасвечаны на святара, у акце асабістага ахвяравання папрасіў Пана Бога: «Я ёсць і хачу быць Тваёй Ахвярай. Толькі пажадай яе прыняць, Пане. Пажадай прыняць яе — перамененую і ачышчаную Найсвяцейшай Марыяй. Пажадай далучыць яе да Ахвяры Твайго Сына... за душы, якія Ты мне даверыў спрадвеку. За гэтыя душы, Пане, сёння я кладу сябе на патэну збоч Твайго Сына і разам з Божым Ахвярнікам усклікаю да Цябе: «Прымі, Ойча Святы, усемагутны, вечны Божа, гэтую беззаганную Ахвяру і мяне — грэшнага твайго слугу. Каб яна паслужыла для збаўлення мяне і ўсіх на вечнае жыццё». Бог прыняў ахвяру кс. Генрыка Глябовіча 9 лістапада 1941 года ў беларускім гарадку Барысаве. За тое, што нёс Божую праўду людзям з Хатаевічаў, Кораня, Аколава, гестапа расстраляла кс. Глябовіча. Было яму тады трыццаць сем гадоў.

Святары-пакутнікі Мечыслаў Багаткевіч, Уладыслаў Мацькавяк і Станіслаў Пыртак.

Ксёндз Мечыслаў Багаткевіч Ксёндз Станіслаў Пыртак Ксёндз Уладыслаў Мацькавяк

4 сакавіка 1942 года фашысты расстралялі іх у Беразвеччы, што блізу Глыбокага. Першым з іх (3 студзеня 1941 года) быў арыштаваны ў Браславе пробашч з Іказні кс. Мацькавяк. На наступны дзень кс. Пыртак, які служыў вікарыем у Іказні, пайшоў у Браслаў у надзеі неяк апраўдаць свайго пробашча. Але яго таксама арыштавалі. Ксяндза Багаткевіча арыштавалі 16 студзеня 1942 года ў Дрысе (сучасны Верхнядзвінск). Усіх іх добрыя людзі папярэджвалі аб небяспецы. Але яны не захацелі ратавацца ўцёкамі. Напярэдадні сваёй смерці яны адправілі ў вязніцы Святую Імшу і ў сваіх брэвярыях напісалі апошнія словы да родных і блізкіх. Ранкам 4 сакавіка іх вывелі з камеры ў апошнюю дарогу. Вязні праводзілі іх гучным плачам. Хтосьці са святароў сказаў тады: «Не плачце, наша смерць будзе для вас вызваленнем... Мы ахвяруем сваю кроў за вас». Яны паблаславілі вязняў і выйшлі. Стоячы над сваёй магілай, да таго, як грымнулі стрэлы, святары разам усклікнулі: «Няхай жыве Хрыстус Валадар!»

Ксёндз марыянін Антоні Ляшчэвіч
Ксёндз марыянін Юры Кашыра
Ксяндзы марыяне Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра.

Яны загінулі ў страшным полымі беларускага мястэчка Росіца. У яе агні фашысты знішчылі 1528 чалавек, сярод іх былі і ксяндзы марыяне, якія да гэтага працавалі тут на місіі. Самі яны маглі выратавацца гэтак, як выратавалі сясцёр эўхарыстак, якія разам з імі ўдзельнічалі ў той місіі. Але святары не пажадалі ратаваць свае жыцці — захацелі да канца быць са сваімі парафіянамі. Цэлыя суткі яны спавядалі людзей, сагнаных гітлераўцамі ў вялізны Росіцкі касцёл, удзялялі ім сакрамэнты, маліліся разам з імі, адпраўлялі Святую Імшу. Фашысты пачалі выводзіць з касцёла людзей групамі, замыкалі іх у адной з хатаў, падпальвалі. Разам з адной такой групай паехаў насустрач сваёй смерці ксёндз Ляшчэвіч. Ягоныя апошнія словы да сясцёр былі: «Будзьце мужныя. Маліцеся». А назаўтра гэткім жа жудасным шляхам быў выпраўлены і ксёндз Кашыра. Разам з групай вернікаў ён быў спалены ў адной з хатаў Росіцы, той самай Росіцы, чый попел і праз шмат гадоў далятае да нашых сэрцаў страшным напамінкам пра бесчалавечнасць і... высакародную святасць.

...Ну што ж, католікі Беларусі дачакаліся, што сыны нашай зямлі, а таксама тыя, хто ў свой час прыехалі служыць на ёй Богу і ахвярна пралілі тут сваю кроў, будуць прызнаныя блаславёнымі. Яшчэ жывуць людзі, якія ведалі іх — смелых, добрых і бясконца ахвярных. Тым даражэйшаю будзе гэтая падзея для ўсіх нас. Дык, значыць, выбіраемся ў Польшчу, туды, дзе Святы Айцец Ян Павел ІІ абвесціць пра гэтую, такую важную для нашай Бацькаўшчыны падзею ўсяму свету.

У Варшаву!

Раніцай, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, мы, пяцёра пілігрымаў з Полацка, разам з ксяндзом Францішкам Кіселем выпраўляемся ў няблізкі шлях, каб прысутнічаць на ўрачыстай беатыфікацыі. У Польшчы цяпер знамянальная падзея — чарговая пілігрымка Папы Рымскага Яна Паўла ІІ. Розныя гарады наведвае Святы Айцец, і ўсюды яго сустракаюць шчаслівыя агромністыя натоўпы. Польшча ў гэтыя дні ператворана ў расквечаную, вясёлкавую краіну, з якой, здаецца, ключом б’е крыніца радасці. Такое ўражанне, што ніхто там у гэтыя дні не працуе, для ўсіх — свята. У прадчуванні тае радасці і мы едзем у Варшаву.

Самы ганаровы пілігрым сярод нас — сястра эўхарыстка Ядвіга Віршута. Гэта яна была ў ліку тых сясцёр эўхарыстак, якія разам з ксяндзамі марыянамі ўдзельнічалі ў Росіцкай місіі. Дзякуючы ёй мы шмат чаго даведаліся пра тыя падзеі. Яна ж чула апошнія словы кс. Антонія Ляшчэвіча, яна малілася ў суседнім пакоі, калі кс. Юры Кашыра праз усю ноч маліўся, клаўся крыжам, просячы падтрымкі ў Нябеснага Айца. Яна ж і назвала тую ноч ксяндза Кашыры «ноччу ў Садзе Аліўным». Яна ж на наступны дзень разам з яшчэ адною сястрою цалавала ногі ксяндзу Кашыру, выпраўляючы яго ў апошнюю дарогу. Сястра Ядвіга ахвотна распавядае пра тыя дні, жадаючы, каб як мага больш людзей ведала пра Росіцкую трагедыю, бо ў той трагедыі ёсць не толькі боль, страх і смерць, але ёсць і жыццё, тое, што непадуладна кулям нелюдзяў, полымю вайны. Таму жыццю ўсё гэта не страшна, бо яно вечнае.

Дня беатыфікацыі сястра Ядвіга чакала шмат гадоў. Яна і раней малілася да кс. Ляшчэвіча і кс. Кашыры і была ўпэўненая, што яны падтрымліваюць яе з нябеснае вышыні. Цяпер жа настаў час, калі пра росіцкіх мучанікаў даведаюцца многія, і цяпер ужо многія будуць маліцца да іх. «Дзякуй Богу, дажыла да гэтага дзянька», — цешыцца сястра Ядвіга, і ўсе мы, вядома ж, падзяляем яе радасць.

«Няма салідарнасці без любові»

Мы прыбылі ў Варшаву на світанні, прадбачліва пакінулі машыну ў гасцінных марыянаў на Стэгнах і гарадскім транспартам кіруемся туды, куды спяшаюцца дзесяткі, сотні, тысячы людзей — на пляц Пілсудскага. Там адбудзецца сустрэча са Святым Айцом, урачыстая Святая Імша, у часе якой і будуць беатыфікаваныя 108 чалавек, сярод якіх і дзевяць чалавек з Беларусі. Сястра Ядвіга хвалюецца: не жартачкі — такога моманту прычакала. Ідзем, прабіраемся праз натоўпы, спяшаемся ў свой першы сектар, наколькі, вядома, можам спяшацца разам з 82-гадовай сястрой Ядвігай.

Наш першы сектар аказаўся так далёка ад алтара, што мы адразу ўзгадваем пра біноклі, якіх мы, на жаль, не маем. Але тым, хто ззаду за намі, яшчэ горш — яны ўсе ў парку, сярод дрэў. Мы ж цешымся, што здагадаліся ўзяць з сабою складное крэселка для сястры Ядвігі. Да набажэнства яшчэ тры гадзіны, а сектары ўжо запоўненыя людзьмі. За дзве гадзіны да пачатку Святой Імшы яны зачыняюцца. Раней прыходзіць можна, пазней — не. Тых, што прыйшлі раней, шмат. Яны сядзяць на зямлі, мы ж ужо такой магчымасці не маем — няма месца. Дыктар час ад часу паўтарае словы Святога Айца: «Няма салідарнасці без любові», заклікаючы тым самым тых, што сядзяць на зямлі, падняцца, каб усім было вальней. Але не ўсе спяшаюцца адгукнуцца на тую просьбу. Тлумачэнне: «Мы тут ад пяці гадзін». І няма чаго на гэта сказаць.

Над пляцам увесь час гучыць музыка, спявае хор. Раз-пораз дыктар называе супольнасці, якія знаходзяцца на пляцы, чытаючы назвы транспарантаў. Пакуль што нічога не чую пра Беларусь, хоць нашы нацыянальныя сцягі можна зрэдку ўбачыць над натоўпам. Шкада, што немагчыма прабіцца да землякоў, запытаць, адкуль яны прыехалі.

Нарэшце набліжаецца час прыезду Святога Айца — усе ў трапяткім чаканні. Едзе! Над пляцам — гром воплескаў, радасных прывітальных воклічаў. «Перажыць бы нам у Беларусі калі-небудзь штосьці падобнае», — думаецца пра сваё. А яшчэ зайздросна думаецца пра тое, як умеюць палякі шанаваць усё сваё, роднае — і гісторыю, і сучаснасць. Ужо ідзе Святая Імша, а я лаўлю сябе на тым, што грашу несканцэнтраванасцю думкі, бо ўсё чакаю і чакаю, калі тут, на гэтым пляцы ўзгадаюць і пра маю Радзіму. Але чым далей, тым няўтульней робіцца на душы, бо раз-пораз над пляцам гучаць словы пра 108 палякаў-пакутнікаў. Атрымліваецца, што нібыта і няма на гэтым свеце ні нашае пакутнае зямлі, ні нас, ні тых, хто праліваў за яе кроў... Нібы пачуўшы мае думкі, сястра Ядвіга ціха шэпча: «Дык а што ж нашых не ўспамінаюць? Ці я, можа, не пачула?» Мне няма чаго ёй адказаць. Зрэшты, не былі нават названыя не толькі імёны нашых пакутнікаў, але і імёны многіх і многіх палякаў, тых самых, са ста васьмі. Горка... Чаму ж нашыя суседзі, з якімі мы некалі былі ў адной дзяржаве, не пажадалі зразумець, як шмат азначае гэтая падзея для нашай Бацькаўшчыны? А можа, менавіта таму і не хочуць разумець, што нас звязвае колішняя дзяржаўнасць? Як не разумелі некалі друйскіх марыянаў, якія настойліва неслі беларускае слова ў Касцёл. Не захацелі зразумець у 1938-м, калі група беларускіх марыянаў была вывезена з Друі ў цэнтральную Польшчу. Разам з айцамі Смулькам, Дашутам, Хамёнкам быў тады высланы з Друі і ксёндз Кашыра, якога цяпер тут чамусьці называюць палякам. Ён жа вярнуўся праз некалькі гадоў у дарагую ягонаму сэрцу Друю, каб тут праліць сваю кроў, аддаць сваё жыццё за людзей роднае зямлі. Сам ён з Мёршчыны, з праваслаўнай сям’і і толькі ў васемнаццаць гадоў прыняў каталіцызм, а цяпер... Як сумна і горка!

Але што ж... Ды й нашмат важней сутнасць самой падзеі. Нашмат важней, каб культ пакутнікаў з Росіцы, Беразвечча, Барысава, Пяршаяў, Навумавічаў найперш пашыраўся ў нас. Бо гэта ж нашы заступнікі ў небе. І таму ад нас, а не ад суседзяў залежыць тое, каб беларускія католікі ведалі, да каго ім трэба звяртацца ў сваіх малітвах.

Ну што ж, заспакоімся гэтым і павіншуем адзін аднаго з цудоўнай падзеяй — беатыфікацыяй. Дачакаліся! І прыгадаем яшчэ раз словы Святога Айца: «Няма салідарнасці без любові». А любоў, як вядома, можа ўсё.

На Стэгнах

У марыянаў свята: закон дачакаўся, што да хвалы Алтара ўзнесеныя два іхнія браты – а. Антоні Ляшчэвіч і а. Юры Кашыра. Так ужо атрымалася, што росіцкія пакутнікі склікалі ў Варшаву марыянаў з усяго свету — з Афрыкі і Бразіліі, з Канады і ЗША, Англіі, Італіі, Славакіі, Літвы і, вядома ж, з Беларусі.

У часе кароткай малітвы генерал ордэна а. Адам Банецкі сказаў пра тое, што Бог нібы падказвае марыянам, куды трэба ім цяпер звярнуць найпільнейшую ўвагу — на Беларусь. Урачыста і радасна гучыць Магніфікат, потым — гімн марыянаў. Дачакаліся! А яшчэ пазней — шмат размоў, шчырых, сардэчных гутарак. На нейкі час галоўную ўвагу забірае наша сястра Ядвіга. Па просьбе правінцыяла а. Яна Рокаша яна распавядае пра Росіцкую місію, пра тое, якімі яна ведала і якімі засталіся ў яе памяці ксяндзы Ляшчэвіч і Кашыра. Ксёндз Антоні Лось распавядае, як і чым жывуць марыяне на Беларусі ў нашы дні. Няпроста пакуль наладзіць у нас нармальнае рэлігійнае жыццё. Але ўсё будзе. Усё будзе, бо мы маем дапамогу з нябёсаў!

Ліхэнь

Як апошні акорд пілігрымкі ў Польшчу — наша паездка ў Ліхэнь, святое месца, якое 150 гадоў таму абрала Маці Божая для таго, каб з’явіцца польскаму народу. Месца, куды імкнуць шляхі тысячаў і тысячаў пілігрымаў. Ліхэнь адзначаны шматлікімі аздараўленнямі, пра што яскрава сведчаць шмат кульбаў, мыліцаў, пакінутых тут колішнімі калекамі, якія ў адзін са шчаслівых дзён паехалі адсюль здаровымі людзьмі. А шматлікія воты падзякі Маці Божай на сценах касцёла святой Дароты кажуць самі за сябе. Ходзім ад капліцы да капліцы, якіх тут вельмі шмат, молімся каля рэліквій блаславёнага Юрыя Матулевіча, блаславёнай Фаустыны Кавальскай і Максіміліяна Кольбэ. Наведваем капліцу Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Божай Чанстахоўскай, Святога Крыжа, блукаем па лесе, у якім адбыліся цудоўныя аб’яўленні Маці Божай, цалуем адбітак Яе ног на камені, мыемся вадою з цудадзейнае крыніцы і, вядома ж, уражаныя веліччу, застываем перад агромністай базылікай, якую колькі дзён таму пасвяціў Святы Айцец. У адной з яе залаў — выстава, якая знаёміць з жыццём і духоўным подзвігам 108 пакутнікаў за праўду і веру, якіх учора беатыфікаваў Святы Айцец. Ідзем ад стэнда да стэнда, сустракаем знаёмыя абліччы, узіраемся ў нязнаныя раней, чытаем і цешымся. Як добра, што ўсё тут менавіта так, а не іначай! Дзякуй марыянам! Гэта яны апякуюцца Ліхэнем. І, можа, яшчэ і таму ён робіцца для нас родным і блізкім.

На кожным кроку тут можна пачуць пра Маці Божую Балесную, Каралеву Польшчы. А крыжовы шлях на Кальварыю знаёміць нас не толькі з крыжовым шляхам Езуса, але і з крыжовым шляхам Польшчы. Доўга стаім перад скрыняй з попелам Асвенціма, молімся і не хаваем адзін ад аднаго сваёй узрушанасці. Як усё ж гэта важна, калі гісторыя народа так моцна сплецена, сцэментавана, як тое каменне на крыжовым ліхэньскім шляху, хрысціянствам! І як важна, што народ умее гэтым жыць! Сярод ліхэньскіх пілігрымаў вельмі шмат моладзі, дзяцей, якія адчуваюць сябе тут гэтак жа добра і натуральна, як нашыя ў дзіцячых лагерах адпачынку. Адно што спажытку для душы ў тых нашых летніках днём з агнём шукаць ды шукаць.

Кожнага вечара а дзевятай гадзіне ў касцёле святой Дароты — апэль да Маці Божай. Урачыста і прыгожа гучыць тут спеў: «Марыя, Каралева Польшчы». Цікава, як бы ўспрынялі палякі гэты спеў у маім родным касцёле на Беларусі, дзе замест слоў «Каралева Польшчы» гучыць «Каралева наша» (гэта называецца — знайсці выйсце са складанага становішча). Зрэшты, некалі гэткае ж выйсце знайшоў і паляк дамініканін Ян Гура, калі рыхтаваў праграму для сустрэчы са Святым Айцом. Зразумеў тады айцец Гура, што на той сустрэчы будуць не толькі палякі. Даўно прачытала пра гэта ў адной з ягоных кніг, а памятаецца. Добры айцец Гура! Ён не хацеў пакрыўдзіць гасцей, што ехалі з розных куткоў свету ў Польшчу, каб сустрэцца са Святым Айцом. Як жа не стае іншы раз нам імкнення не пакрыўдзіць суседа, але зразумець тое, што ляжыць у яго на сэрцы.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY