Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(8)/1999
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
З жыцця Касцёла

«БОГ – ГЭТА ЛЮБОЎ»

ДА ХВАЛЫ АЛТАРА
Постаці

МАЦІ АПАЛОНІЯ

СВЯТАР І ПІСЬМЕННІК

АПАВЯДАННІ
Да юбілею 2000 года
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Нашы святыні

БАРАНАВІЦКІЯ КАСЦЁЛЫ
Па старонках старых выданняў

«BIEŁARUSKAJA KRYNICA»
Haereditas
Традыцыя

КРЫЖ З РУЖОВАГА ВАЛУНА
З жыцця Касцёла

Вольга БАЖЭНАВА

ВЫДАННЕ РУКАПІСА ЯНА БАРЭЙКІ ХОДЗЬКІ

Ужо дзесяткі гадоў гісторыкі архітэктуры і каталіцкага Касцёла на Беларусі фіксуюць у сваіх матэрыялах інфармацыю з рукапісу Яна Барэйкі Ходзькі (псеўданім Ян са Свіслачы) «Гісторыка-статыстычныя звесткі аб рыма-каталіцкіх касцёлах Мінскай дыяцэзіі ў 1845 годзе». Цяпер гэты рукапіс апублікаваны Люблінскім інстытутам Паўночна-Усходняй Еўропы (Люблін, 1998) і будзе даступны больш шырокаму колу даследчыкаў. Яго падрыхтаваў да друку на польскай мове (мове арыгінала) прафесар Мар’ян Радван. Выдадзеная кніга называецца «Мінская дыяцэзія каля 1830 года. Парафіяльныя структуры»*. Ян Барэйка, які працаваў над кнігай у 1845 годзе, аналізаваў інфармацыю 1830 года, таму рэдактары сучаснага выдання падкрэслілі ў назве менавіта гэту дату. Значэнне працы неацэннае, паколькі гэта найбольш поўны кампедыум звестак пра касцёлы Мінскай дыяцэзіі ў першай палове ХІХ стагоддзя. На сённяшні дзень страчаны не толькі многія архіўныя матэрыялы нашай гісторыі, але і ад саміх помнікаў не засталося і следу. Кніга Яна Ходзькі дапаўняе нашу культурную памяць звесткамі пра настолькі значнае і цудоўнае мінулае, што па-іншаму ўспрымаюцца і ацэньваюцца тыя фрагменты, якія аб гэтым страчаным сведчаць.

У беларускай гісторыі шмат фрагментарных з’яваў, якія без шырокага кантэксту аналагічных фактаў не могуць разглядацца як асаблівасці развіцця нашай культуры. Часам узнікае спакуса залічыць іх да культуры тых земляў, дзе нешта блізкае заяўлена больш шырока і даследавана больш глыбока. Рукапіс Яна Барэйкі Ходзькі дае магчымасць гаварыць пра асобыя тыпы архітэктурных збудаванняў — мураваных і драўляных — пра гісторыю алтарнай драўлянай і стукавай скульптуры насценнага жывапісу, які ўпрыгожваў інтэр’еры храмаў. Гісторыкі любой спецыяльнасці знойдуць у гэтай кнізе даволі шмат звестак па гісторыі Беларусі. Аўтар пісаў кнігу з мэтай захаваць памяць пра людзей, чыімі ахвяраваннямі былі ўзведзеныя касцёлы.

Структура апісання матэрыяла такая, што, апрача гістарычнай даведкі, якая тычыцца храналогіі будаўніцтва касцёла і яго фундатараў, паведамляюцца звесткі пра ксяндзоў, парафіянаў, даецца апісанне інтэр’ера храма і яго архітэктуры. Храналагічны парадак захаваны ад ХIV да ХІХ стагоддзя. Кожнае стагоддзе ўключае апісанне касцёла ад моманту яго ўзнікнення да 1830-х гадоў — часу складання рапарта, на падставе якога Ян Ходзька пісаў свой статыстычны кампедыум. Такім чынам, бачная дынаміка росту каталіцкіх парафій Беларусі (у ХІХ ст. — Мінскай дыяцэзіі) за гэты перыяд: у ХІV cт. пабудаваны 3 касцёлы; у ХV ст. — 11; у ХVІ ст. — 12; у ХVІІ ст. — 40; у ХVІІІ ст. — 23; у ХІХ ст. — 4. Найвышэйшы росквіт будаўніцтва касцёлаў прыпадае на ХVІІ стагоддзе. Статыстыка ў працы Яна Ходзькі прадстаўлена і шэрагам табліцаў па розных кірунках, якія характарызуюць стан справаў у Мінскай дыяцэзіі.

Мінская дыяцэзія была ўтворана ў 1798 годзе і ахоплівала тады межы Мінскай губерні. Яна вылучалася з Віленскай, часткова з Кіеўскай і Луцкай дыяцэзій. Яе тэрыторыя была даволі шырокай: ад Заходняй Дзвіны на поўначы да Прыпяці на поўдні. На захадзе і поўначы дыяцэзія межавала з Віленскай дыяцэзіяй, на ўсходзе — з Магілёўскай арцыдыяцэзіяй, на поўдні — з Луцка-Жытомірскай. Мінская дыяцэзія складалася першапачаткова з 13 дэканатаў. Першым ардынарным (кіруючым) арцыбіскупам стаў ксёндз Якуб Ігнацы Дадэрка, канонік алыцкі (г. Алыка на Валыні), віцэ-езуіт (член ордэна езуітаў, скасаванага ў 1773 годзе ва ўсім свеце, акрамя Расійскай імперыі). З Янам Барэйкам Ходзькам арцыбіскуп Дадэрка быў, відаць, дастаткова блізка знаёмы, паколькі з ініцыятывы апошняга ў Мінску стварылася Дабрачыннае таварыства, якое будавала на Траецкай Гары Дабрачынны дом-інтэрнат для няшчасных і сіротаў, а Ян Ходзька быў старшынёю таварыства.

Кафедральным саборам Мінскай дыяцэзіі быў былы езуіцкі касцёл Езуса, Марыі і Барбары ў Верхнім горадзе. У сваіх першапачатковых межах дыяцэзія праіснавала да 1840-х гадоў. Звесткі пра касцёлы Ян Барэйка Ходзька браў з парафіяльных справаздачаў за 1830—1831 гады, сабраных арцыбіскупам Г.Цецішоўскім і з шэрагу іншых крыніц. Рукапіс захавала жонка гісторыка і перадала ў бібліятэку Ягелонскага універсітэта ў Кракаве, а копію — у бібліятэку Каталіцкага універсітэта ў Любліне праз ксяндза Браніслава Ісаса.

У кнізе змешчаны важны матэрыял для гісторыкаў мастацтва: у ёй не толькі фіксуецца наяўнасць скульптурных алтароў, роспісаў касцёлаў, але і даюцца дастаткова дакладныя характарыстыкі мастацкіх асаблівасцяў помнікаў, напрыклад: «прыгожая архітэктура», «збудаванне вытрымана ў стылі прыгожай італьянскай архітэктуры», «цудоўны будынак», «упрыгожана старасвецкай разьбой», «жывапіс зроблены добрым пэндзлем», «твор выдатнага мастака», «напісана ўмела», «дасканалая манера», «жывапіс таленавітага, вельмі добрага мастака».

Апублікаваны рукапіс Яна Барэйкі Ходзькі з’яўляецца для нас магчымасцю яшчэ раз успомніць і з павагаю звярнуцца да лёсу інтэлігента Беларусі другой паловы ХVІІІ — першай паловы ХІХ стагоддзя, калі жыў яе аўтар. Лёс яго трагічны і неаддзельны ад трагічнай гісторыі Краю. Вядома, што пісьменнік, гісторык, грамадскі дзеяч Ян Барэйка (першае родавае прозвішча) Ходзька памёр у Мінску 10 лістапада 1851 года і быў пахаваны ў Заслаўі, але месца магілы да цяперашняга часу не знойдзена і помнік яму пакуль не пастаўлены.

Згадаем некаторыя факты з яго біяграфіі, апублікаванай у 1937 г. у Польскім біяграфічным слоўніку і з кароткага артыкула з Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі. Нарадзіўся Ян Барэйка Ходзька 24 чэрвеня 1777 года ў маёнтку Крывічы (на Мядзельшчыне) у шляхецкай сям’і, якая жыла ў Ашмянскім і Вілейскім паветах. Выхоўваўся дома, а з 11 гадоў — у ксяндзоў-піяраў у Вільні, якім заўсёды быў удзячны за выхаваную ў ім любоў да слова. Займаўся самаадукацыяй, паколькі ў 1794 годзе памёр яго бацька. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) жыў у межах Мінскай губерні ў сваім маёнтку Крывічы каля Вілейкі. У сядзібе была вялікая бібліятэка, якая засталася ў спадчыну ад сваяка Ігнацыя Ходзькі — вучонага езуіцкага манаха, якому належыць вельмі цікавая праца «Літоўскія малюнкі». Пра Яна Барэйку засталося некалькі ўспамінаў яго сучаснікаў, дзе ён паўстае чалавекам, якога «ўсюды было шмат». Станіслаў Мараўскі — урач, пісьменнік, мемуарыст, які ўваходзіў у масонскую ложу пад кіраўніцтвам Яна Ходзькі, — апісвае яго як чалавека дужага, моцнага, «з прыгожым, характэрным польскім тварам, мажнага, асвечанага, які ўмеў пісаць гладка, лёгка і многа, больш усяго гаварыць, прытым громка, у голас, так што сцены дрыжалі». Сам С.Мараўскі — таксама адметная фігура ў беларускай культуры. Ён сябраваў у Пецярбургу з піяністкай Марыяй Шыманоўскай, мастакамі Аляксандрам Арлоўскім і Юзафам Аляшкевічам, пакінуў вельмі цікавыя, поўныя іроніі, нататкі пра жыццё беларускай шляхты першай паловы ХІХ стагоддзя. Ян Ходзька для пакалення С.Мараўскага і сваіх сыноў быў узорам прадстаўніка сарматызму — старой ідэалагічнай дактрыны Рэчы Паспалітай. «Гэта былы шляхціц!» — усклікае мемуарыст. Дзякуючы сваім сынам і Тамашу Зану Ходзька далучыўся да руху філаматаў; усе яго сыны сталі годнымі людзьмі. Старэйшы Аляксандр — паэтам, прафесарам Калеж дэ Франс; Станіслаў — прафесарам хіміі і фізікі ў камунальнай школе ў Фрэйбургу, жыў у Парыжы; Юзаф — даследчыкам Каўказа і г.д.

Цікавая тэндэнцыя яшчэ аднаго жыццёвага дзеяння Ходзькі: ён быў прыхільнікам асветы простых людзей. Склаў, напрыклад, адукацыйную праграму народнай школы, напісаў кнігу «Пан Ян са Свіслачы» (1821) — своеасаблівую навучальную аповесць, якая дазваляла па новай методыцы адукоўваць вясковых людзей. У кнізе выведзены вобраз вандруючага па кірмашах ад Бешанковічаў над Дзвіною цераз Глыбокае, Маладзечна, Мір, купца. Мудры падарожнік разглядае і крытыкуе жыццё сялянаў, гаворыць з імі пра гаспадарку і гандаль, здароўе і выхаванне дзяцей, забабоны і грахі. (Нешта падобнае, заснаванае на сакратаўскіх гутарках, сёння прапаноўваюць амерыканскія вучоныя з універсітэта Монт-Коэр штата Нью-Джэрсі на чале з Мацеем Ліпманам. Гэты метад вельмі папулярны і выкарыстоўваецца ў выкладанні шэрагу гуманітарных прадметаў у еўрапейскіх школах.) Кніга «Пан Ян са Свіслачы» вытрымала 6 выданняў на польскай і літоўскай мовах. Аўтар атрымаў за яе званне Ганаровага члена Віленскага універсітэта.

У 1822—1823 гадах Ходзька са сваім сакратаром Тамашом Занам аб’ехаў Віленскую, Магілёўскую, Віцебскую губерні з мэтай інспекцыі школ, паколькі ў той час выконваў абавязкі школьнага інспектара; яго справаздачы значна палепшылі навучальную працу. У 1826 годзе пасля разгрому Патрыятычнага таварыства Ян Ходзька быў арыштаваны па справе філаматаў, высланы ў Варшаву, а потым у Пецярбург. Вярнуўся ў Вільню толькі вясной 1830 года, але пасля паўстання быў зноў арыштаваны па справе свайго сына Юзафа – кіраўніка паўстання ў Вільні. Пісьменніка выслалі на Урал, а па вяртанні на радзіму ён убачыў «руіны свайго дома і сям’і». У 1837—1842 гадах у Вільні выйшаў 12-томавы збор яго твораў. Застаўся вялікі рукапісны архіў, сярод яго — кніга «Апісанне гістарычнай Мінскай дыяцэзіі» і «Слоўнік польскіх зваротаў». Адзначым, што як чалавек эпохі Асветніцтва, ён вельмі любіў тэатр, напісаў і выдаў некалькі п’есаў (напрыклад, «Вызваленая Літва...», 1812), некаторыя п’есы засталіся ў рукапісах.

Рукапіс Яна Барэйкі Ходзькі, прысвечаны апісанню касцёлаў Мінскай дыяцэзіі, ацалеў («рукапісы не гараць»!) і пасля паўтаравяковага чакання ў архівах быў выдадзены. На сённяшні дзень разам з ужо апублікаванымі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. дзвюма кнігамі (ксяндза Ксыза «Біскупства Мінскае», Кракаў, 1898 і ксяндза Ф.Жыскара «Нашы касцёлы», Варшава—Пецярбург, 1913—1914, т. 1—2) кніга Я.Барэйкі Ходзькі з’яўляецца неацэнным сведчаннем нашай багатай, але часткова страчанай гісторыі. Гэта самая ранняя з абагульняльных манаграфій па гісторыі і мастацтве касцёлаў застаецца нязменнай крыніцай звестак для ўсіх даследчыкаў Беларусі, і таму яе унікальнасць бясспрэчная.


    *На жаль, на вокладцы памылкова надрукавана імя Ігнацы, а не Ян, што можа быць вытлумачана нічым іншым, як друкарскай няўважлівасцю. Ва ўступным артыкуле Мар’яна Радвана ўказваецца толькі імя Яна Барэйкі Ходзькі, што і адпавядае сапраўднасці.

    Што тычыцца аргументаў супраць магчымага дачынення да гэтага рукапісу Ігнацыя Ходзькі, то яны наступныя. Польскі біяграфічны слоўнік (Кракаў, 1937, т. 3, с. 381—385) называе двух Ігнацыяў Ходзькаў. Першы Ігнацы Ходзька (1720—1792) — езуіт, бібліятэкай якога карыстаўся Ян Барэйка Ходзька (Radziszewski Fr. Wiadomoњci o bibliotekach), не можа быць аўтарам рукапісу пра стан касцёлаў на 1830-я гады — да таго часу ён ужо памёр. Другі Ігнацы Ходзька (1794—1861); (псеўданім Wirszajtos), пісьменнік і мемуарыст, не мог стварыць падобнай працы, таму што апісанне касцёлаў не ляжала ў коле яго інтарэсаў; з дакументамі, на падставе якіх cкладаўся рукапіс, ён сутыкнуцца не мог. Ігнацы Ходзька жыў прыкладна з 1825 года ў сваім родавым маёнтку Дзевятня ў Завілейскім павеце, які ўваходзіў у склад гістарычнай Ашмяншчыны. Гэты пісьменнік пісаў аповесці, якія грунтаваліся на мясцовым матэрыяле і на ўласных успамінах (“Obrazy litewskie”, “Poddany”, “Poddani litewskie”). Ігнацы Ходзька быў пляменнікам Яна Барэйкі Ходзькі. Дзядзька апекаваў яго з 1814 года пасля смерці бацькоў, даў яму працу ў канцылярыі радзівілаўскай спадчыны (дзе сам быў пракуратарам), увёў яго ў літаратурнае жыццё Краю, даў рэкамендацыю ў масонскую ложу, браў у падарожжа ў Варшаву (1815).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY