|
|
№
3(9)/1999
На кніжнай паліцы
Да юбілею 2000 Года
Мастацтва
Роздум аб веры
Нашы святыні
Паэзія
Архітэктура
Проза
Haereditas
Замежныя вандроўкі
На кніжнай паліцы
Традыцыя
|
У кожным горадзе ёсць помнікі архітэктуры, якія вызначаюць аблічча места і з цягам стагоддзяў становяцца яго пашпартам, яго візітоўкай. Аблічча Рыма непарыўна звязана з Калізеем, Парыж ва ўсім свеце пазнаецца праз Сабор Парыжскай Божай Маці (Нотр Дам дэ Парі), Масква вядомая сваім Крамлём, Вільню найлепшым чынам прэзэнтуе Вострая Брама, Нясвіж — Слуцкая Брама і замак.
Безабаронны храм знішчылі самым злачынным метадам. І вось ужо 30 гадоў на месцы цудоўнага помніка, які быў сэрцам Оршы, гуляе вецер, расце дзядоўнік...
У розных месцах гістарычнага цэнтра Оршы з пачатку ўвядзення хрысціянства будаваліся праваслаўныя храмы, якія не захаваліся, бо, як правіла, былі драўляныя. Тым не менш яшчэ ў ХVІ ст. у Зааршыччы дзеілі Уваскрасенская ды Мікольская цэрквы.
З разгледжаных прыкладаў горадабудаўніцтва Оршы больш чым за паўтара стагоддзя вынікае, што гістарычны цэнтр горада развіваўся паводле ўзору еўрапейскай культуры з досыць яскрава выяўленымі нацыянальнымі праявамі, што асабліва адбіліся ў архітэктуры. Гэта адначасова сведчыць пра урбаністычны характар гарадской культуры Беларусі, якая складвалася ў ХV—ХVІ стст. і да ХVІІІ ст. дасягнула асаблівага росквіту. У ХVІІ—ХVІІІ стст. аршанская архітэктура — цалкам мураванае дойлідства. На прыкладзе тых помнікаў, якія захаваліся і сталі прадметам даследвання, можна сцвярджаць, што аршанскай архітэктуры гэтай пары характэрныя стылі барока і класіцызму. Першая палова ХVІІІ ст. у гісторыі беларускага мастацтва вядомая як працяг спелага стылю рэнесансу. Напэўна, у гэтым стылі быў збудаваны вялікакняскі палац і іншыя пабудовы замка. Замкавая царква Святой Тройцы ХV ст. хутчэй за ўсё ўзводзілася ў стылі готыкі, аб чым сведчаць аналагічныя помнікі ў Наваградку, Вільні, Полацку. З Оршай цесна звязана жыццё выдатнага дзеяча гісторыі і культуры Беларусі, вялікага канцлера Льва Сапегі. Пасля Філона Кміты-Чарнабыльскага пасаду аршанскага старосты доўгі час займалі прадстаўнікі роду Сапегаў — Андрэй Іванавіч, Аляксандр Рыгоравіч, Казімір-Леў Сапега. У 1620 г. на пасадзе аршанскага маршалка быў князь Сямён Сангушка. У гэты час аршанскім падстаростам стаў князь Я.Друцкі-Любецкі. У 1635-50-я гг. пасаду аршанскага старосты займаў князь Р.Ю.Друцкі-Горскі. Аршанскім земскім суддзёю быў князь Іван Лукомскі. Княгіня Ганна Статкевіч-Агінская заснавала ў Куцейне жаночы Успенскі кляштар. Княгіня Алена Саламярэцкая таксама прымала ўдзел у фундацыі кляштара. Ігумен куцеінскага кляштара Яіль Труцэвіч узначаліў друкарню, у якой за кароткі час было выдрукавана шмат выданняў, важных для беларускай культуры, адукацыі і школьніцтва. У 1630 годзе ў Оршу прыехаў выдавец Спірыдон Собаль, які выдаў першы буквар і ўпершыню ўвёў ва ўжытак гэтае слова, якое пазней перайшло ў расейскую мову і там канчаткова замацавалася.
У 1758 г. з ласкі Божай і з ініцыятывы і фундатарства аршанскага старосты Івана Лянскоўскага пачалося ўзвядзенне мужчынскага базыльянскага кляштара. Будаўнічым працам папярэднічала вялікая творчая праца па стварэнні архітэктурнага праекта комплексу. Ансамбль узводзіўся выдатнымі майстрамі і па тым часе даволі хутка: за 16 гадоў ён быў завершаны, аздоблены ўнутры і асвечаны ў 1774 годзе. Кляштар размясціўся недалёка ад гістарычнага цэнтра горада, на правым беразе Аршыцы. Гэта сведчыла пра тое, што цэнтр места канчаткова склаўся і быў забудаваны, а таксама пра тое, што горад пашыраў свае межы: у паўднёвым Задняпроўі былі збудаваныя комплексы куцеінскага манастыра, на паўночным прадмесці — місіянерскі кляштар і на паўночным захадзе — комплекс базыльянскага кляштара з бажніцаю. Кляштарны будынак мае галерэйную сістэму планіроўкі, пакрыты вальмавым дахам. Падвальны і першы паверхі маюць крыжовыя скляпенні, другі — бэлечнае перакрыццё. Фасады аздоблены пілястрамі, руставанымі цягамі і плоскімі нішамі. Велічны гмах трохнававай базылікі з двухвежавым фасадам быў збудаваны ў стылі віленскага барока. Светлыя стромкія вежы святыні і вялікі купал цэнтральнай навы, якія былі бачнымі з розных пунктаў места, нібы трымалі на сабе ўвесь горад і надавалі яму строгі урбаністычны вобраз. І наогул храм рабіў Оршу ўзнёслаю, урачыстаю. Асабліва ўражвала бажніца, аблічча якой адбівалася на люстраной гладзі Аршыцы. ...Я памятаю гэтае непаўторнае хараство з дзяцінства. Сам храм, яго вобраз і дух былі блізкімі стану маёй душы, настроенай на ўспрыманне прыгожага і вечнага, эталонам якога для мяне стала бажніца. Праз яе вобраз я далучаўся да культуры, да мастацтва. У маім усведамленні гэтая святыня існавала вечна. Мяркую, што так усведамляць свет вакол сябе я стаў у 5—6 гадоў. Маё маленства праходзіла ў непасрэднай блізкасці ад храма, на левым беразе Аршыцы. Візуальная прысутнасць святыні была пастаяннаю. Уздзеянне бажніцы было магутным і дабратворным. Я быў шчаслівым ад гэткага суседства, супольнага лёсу і існавання. З цягам часу ў людской памяці сцёрлася ўласнае імя святыні, і яе называлі проста царквою. Пасля вайны яна стаяла без купалаў і даху, але гэта былі рамантычныя руіны, і такі стан святыні цалкам адпавядаў стану беларускай культуры: параненай, скалечанай, аднак жывой і прыгожай...
Пасля сканчэння мінскай Мастацкай вучэльні я застаўся працаваць у сталіцы. У той жнівеньскі дзень ехаў у Оршу наведаць бацькоў у свой першы адпачынак. Тады і адбылася гэтая жахлівая сустрэча. На мяне зеўрыла нутром канаючая святыня, у якой не было правай навы і вежы. Чугунная «баба» заўзята працавала ўжо не адзін дзень... Я быў у шоку, стаяў і плакаў. Першы раз убачыў бажніцу знутры і быў узрушаны яе дасканалаю прыгажосцю. Я стаяў перад канаючым феніксам. Ён маўкліва знікаў, пераўтвараўся ў пыл і прах. А побач заўзята мітусіліся бяздушныя нікчэмнасці, якія ведалі хіба што, калі націскаць рычагі, марылі пра сваю звыклую пляшку гарэлкі, і гэтым, відаць, вымяраўся іх сэнс быцця і культурны абсяг... У наступныя выходныя дні я зрабіў страшныя і сапраўды ўжо гістарычныя фотаздымкі, а неўзабаве «баба» давяршыла сваю чорную справу і самазвалы яшчэ доўга вывозілі святыню (не магу сказаць «друз») на вечныя могілкі. Як мага хутчэй я паехаў у Менск, мяркуючы, што са сталіцы можна зрабіць больш эфектыўныя захады па ўратаванні святыні. Адразу былі напісаны лісты ў тыднёвік «Літаратура і мастацтва» і Савет міністраў. Я наіўна спадзяваўся, што ўся рэдакцыя газеты і Саўмін кінуцца ратаваць помнік і караць вандалаў. Аніякай рэакцыі ніадкуль не дачакаўся. Значна пазней даведаўся ад Уладзіміра Караткевіча, што ён таксама намагаўся спыніць злачынства. Але ўсё было марна. Ад бажніцы Апекі Маці Божай Аршанскай застаўся толькі невялікі кавалак цаглянай кладкі: гэта рэшткі вежы левай навы, якая прымыкала да будынка кляштара з паўночнага боку. Знішчэнне аршанскай бажніцы Апекі Маці Божай выпадак, на жаль, заканамерны. Ён цалкам адпавядаў нацыянальнай культурнай палітыцы савецкіх уладаў усіх рангаў. І гэтая палітыка не давала збояў. Некалькімі гадамі раней былі зруйнаваныя выдатныя помнікі нацыянальнай культуры ў Полацку, Віцебску, Гародні, Пінску і іншых гарадах. Сярод іх — храм Звеставання ХІІ стагоддзя ў Віцебску. У Гародні для знішчэння Фарнага касцёла святога Вітаўта запрасілі падрыўную каманду з Ленінграда (ведалі, дзе браць спецыялістаў па руйнаванні нашай культуры). Гэтая брыгада за сваю злачынную працу атрымала грашовую прэмію, баян і падзяку гарадскіх уладаў! Усё было зроблена «зграбна і тонка»... У Оршы знішчэнне культурнай спадчыны мела свае адметнасці: помнікі руйнавалі чыгуннай «бабай». Упершыню такое дзікунства я ўбачыў дзесьці ў 1958 ці 1959 годзе, калі руйнавалі саборную царкву Нараджэння Багародзіцы канца ХVІІ ст. Храм, вымураваны з чырвонай цэглы, стаяў на правым беразе Аршыцы насупраць замчышча. Праўда, у народзе яго ўсё ж называлі касцёлам. Так склаўся лёс, што я ўжо тады разумеў вартасць гэтага помніка, яго значэнне для нашай культуры. Напярэдадні яго знішчэння я зрабіў некалькі замалёвак святыні ў сваім дзіцячым альбоме. Гэта былі мае першыя самастойныя пленэрныя замалёўкі. Я вучыўся, напэўна, у класе 6-м і ўжо сур’ёзна займаўся маляваннем. Першым маім настаўнікам у мастацтве быў Сцяпан Сямёнавіч Дзерваед. Ён шмат папрацаваў над маёй душой, наставіў вока і руку. Я бясконца ўдзячны яму за тое, што ён з’явіўся на маім шляху. Магчыма, маім сённяшнім удзелам у мастацтве я абавязаны яму. На жаль, той дзіцячы альбомчык не захаваўся. Знішчэнне царквы Нараджэння Багародзіцы спарадзіла ў маёй дзіцячай душы ўнутраны пратэст супраць тых, хто руйнаваў храмы і разам з тым абудзіла сапраўдную любоў да архітэктуры, разуменне вартасці помнікаў і самой культуры. Факт вандалізму, сведкам якога я быў у дзяцінстве, засеў стрэмкаю ў маім сэрцы на ўсё жыццё. Цяпер археолагі праводзяць раскопкі падмуркаў гэтай царквы, а побач нехта збудаваў нейкую страшэнную драўляную пачвару ў знак далейшага здзеку з нашай памяці. У запаведнай гістарычнай зоне ўсякае новабудаўніцтва забаронена законам. Тым не менш на месцы помніка спакойна ўзводзіцца антымастацкая, саматужная спаруда, якая абражае нашую нацыянальную культуру. Мы, жыхары Беларусі канца стагоддзя і тысячагоддзя, сёння як ніколі адчуваем сябе абрабаванымі і знявечанымі маральна. Мы апынуліся на мяжы нацыянальнай катастрофы. Духоўнае калецтва, генацыд і Чарнобыль не прайшлі бясследна. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы для нашай дзяржавы, а значыць і для культуры, адраджэнне беларускай нацыі працягваецца. Яно ўжо няспыннае. Гарантам яго з’яўляецца нацыянальная дзяржава. Мы жывем у новым грамадстве, зусім у новым свеце. На золку 2000 год, і гэта дае нам права ставіць новыя задачы і ажыццяўляць самыя смелыя праекты дзеля далейшага адраджэння. Упэўнены, што сённяшні стан беларускага грамадства дазваляе нам ставіць на парадак дня аднаўленне многіх значных помнікаў дойлідства. Такія праекты ўжо даўно існуюць у шмат якіх гарадах Беларусі і ў першую чаргу ў Мінску і Віцебску, што для нас асабліва важна. Праца ў гэтым кірунку набывае рэальныя абрысы. Дык быць на вызначаным Богам месцы (пры старанні аршанскага старосты Івана Лянкоўскага і пры падтрымцы ўсіх аршанцаў як сваім талерам, так і сваім мазалём) храму Апекі Аршанскай Маці Божай! Паўстаць яму з небыцця, невуцтва і бязбожніцтва! Быць адноўленым і храму Нараджэння Багародзіцы, як і іншым злачынна знішчаным помнікам. З гэтай ідэяй мы ўваходзім у ХХІ стагоддзе. Оршы ў новым стагоддзі ізноў быць пры сваіх помніках-дзецях. Мы павінны вярнуць гораду страчанае урбаністычнае аблічча, пераўтварыць яго зноў у еўрапейскі горад.
|
|
|