У семдзесят гадоў дзед Пятро ўпершыню ўзяў у рукі разьбярскі рыштунак. Бо толькі ў гэтым узросце адчуў у сабе пакліканне да мастацтва. Відаць, так было наканавана лёсам, якога загадзя нікому ведаць не дадзена. Раней жыццё ні вольным часам, ні натхненнем яго не песціла. Трэба было дбаць пра кавалак хлеба для сям’і, гадаваць дзяцей, належна трымаць сялянскую гаспадарку. Звычайны чалавечы клопат, з якога творчай душы цяжка вырвацца. А ў дадатак да ўсяго ў дзеда Пятра памерла жонка і на яго абрушыўся цяжар адзіноты. Нават не верыцца, што ў такім узросце магло з’явіцца натхненне. Дзіўна, што, не валодаючы сакрэтамі мастацкай апрацоўкі дрэва, ён стварыў вялікую скульптурную кампазіцыю «Новая эра».
Тэматыка, абраная Пятром Зяляўскім, сведчыць пра яго светапогляд, выхаваны і скіраваны ў вечнае — да Бога. Гэтая скіраванасць тлумачыцца толькі непахіснаю вераю, якую ён свята пранёс праз усё жыццё. Сапраўды, з першых да апошніх дзён Пятро Зяляўскі належаў касцёлу. Не толькі таму, што жыў каля самых муроў касцёла Сэрца Езуса ў Слабодцы. Наведваць храм і маліцца было для яго гэткай жа неабходнасцю, як дыхаць, есці альбо спаць. Вось чаму ў хвіліны адзіноты касцёл не толькі даў яму духоўнае апірышча, але і натхніў на незвычайны для селяніна занятак. У маленькім памяшканні, прыстасаваным пад гараж для матацыкла, узнікла творчая майстэрня, дзе нарадзіліся скульптуры Маці Божай, Езуса, св. Юзафа, Юрыя Пераможцы... Вядома, прымацоўваючы на франтоне дома белага анёла, Пятро Зяляўскі не здагадваўся, што яго позняе захапленне мастацтвам выкліча вялікую цікавасць і прынясе шырокую вядомасць.
Свае галоўныя персанажы мастак размясціў у агародзе перад домам. «Адам і Ева ў раі» занялі месца на фасадзе. Франтон быў аддадзены для «Уцёкаў у Егіпет» і двум «Юркам»... У грамадстве ўжо пачыналася перабудова, час адраджэння духоўнасці. І Зяляўскі ўзводзіў уласны храм...
Мне пашчасціла бачыць не толькі гэты незвычайны храм, але і самога маэстра. Пашчасціла, таму што праз год пасля сустрэчы ён пакінуў наш свет. А неўзабаве пачалі знікаць скульптуры. Ніхто не апекаваўся захаваннем незвычайнай спадчыны. Толькі дзякуючы асобным навукоўцам некаторыя фігуры знайшлі прытулак у Браслаўскім музеі.
Усяго дзве памяткі засталіся сёння ў Слабодцы і сведчаць пра незвычайнага чалавека і таленавітага мастака — крыж на скрыжаванні дарог пад буслянкаю і скульптура Маці Божай за касцёлам.