|
|
№
3(9)/1999
На кніжнай паліцы
Да юбілею 2000 Года
Мастацтва
Роздум аб веры
Нашы святыні
Паэзія
Архітэктура
Проза
Haereditas
Замежныя вандроўкі
На кніжнай паліцы
Традыцыя
|
Дзеля навяртання Русі пісаў і выпісваў гэта з найпаўнейшае гісторыі Касцёла кс. Бенедыкт Гербест, капелян societatus Jezu1, з дазволу старэйшых над сабою. На некалькі аркушаў; шмат значных рэчаў тут скарочана; у дадатку (прыкладаецца) рэестрык.
Таму, калі хочаш быць у гэтай еднасці Пана Езуса, слухай таго пастыра, якога Ён паставіў. Амэн.
Да чытача
Маючы ад любага Бога гэты адпачынак (дадзены мне для таго, каб душам людскім паслужыць у іх выратаванні) з радасцю і як найлепш выконваю я свой абавязак. Таму, будучы цяпер пры галоўным Львоўскім касцёле, па жаданні яго мосці кс. арцыбіскупа Львоўскага і дзякуючы накіраванню майму на гэтае месца старэйшымі, не хацеў бы я занядбаць збавення і тых, хто нябачна адлучаны ад царкоўнага адзінства. Бо Пан наш любы Езус, устанавіўшы сакрамант адзінства перад самай сваёю смерцю, якою нас з'яднаў, усіх сваіх верных моцна заклікаў да адзінства. Да гэтага ж адзінства хоча Ён весці нас праз царкоўны каляндар, які ўжо сёння па многіх прычынах неабходна выправіць2. Ці не годзе ўжо адзінаму хрысціянскаму люду неаднолькава і Вялікдзень, і Божае Нараджэнне, і іншыя святы праз увесь год святкаваць? А з-за таго, што ў гэтым слаўным і галоўным на Русі нашым Львове таксама ёсць хрысціяне, якія сінодам і айцам святым ва ўсім вераць (як Грэкі з Руссю і Армяне) - для іх асабліва, не могучы з імі, як хацеў бы, спрачацца, напісаў я аб паходжанні нашага Рымскага Касцёла. Бо так яны практычна і зручна змогуць па сваёй ахвоце гэта чытаць і далучацца да праўды. Я ўжо маю ўдвая большую працу аб гэтым; але яшчэ не надышоў час, асабліва для патрэбных духоўных маіх працаў, - хацеў бы я, каб яны былі выдадзены прыстойна. Усе мы смяротныя, таму, каб зрабіць хоць нешта, старэйшыя нада мной пагадзіліся выдаць гэткую працу ў сціслым выглядзе. Праўдзівасць гэтых маіх доказаў паходжання Касцёла грунтуецца найперш на Евангеллі і на Дзеях Апосталаў: з боку вяршэнства Пятра над усім хрысціянствам. Потым зноў жа з боку вяршэнства св. Пятра і з боку ягоных намеснікаў, Рымскіх біскупаў. Яна мае за сабою гісторыю ўсіх паўсюдных (агульных) сінодаў і кансіліумаў. А рэшту гэтае Касцельнае гісторыі і пачатак летазлічэння ад Нараджэння Пана браў я з дакладных і годных даверу працаў перапісчыкаў, што завуцца хранолагамі: яны, для пацверджання імі напісанага, прыводзяць (цытаты) як з лацінамоўных, так і з грэцкамоўных крыніцаў. Калі б хто толькі адно тое зразумеў, што ёсць у Новым Запавеце і ў Сінодах святых айцоў аб вяршэнстве таго пастыра, якога на сваё месца Пан Хрыстус пасадзіў (калі б нават не ведаў, што сталася потым, і як грэкі да турэцкае няволі дайшлі) - ужо гэтага таму чалавеку было б дастаткова для разумення тае рэчы, што кожны, хто хоча быць збаўлены, павінен быць у паслушэнстве Рымскага Кацёла: бо там Сталіца св. Пятра і была, і цяпер ёсць. Чытай жа ўважліва, прашу, кожны (чалавек), каму любае выратаванне! А чытаць ён павінен так, каб Пана Бога і аб веры, і аб паслушэнстве вінавата прасіў. І калі цябе Бог пачуе ў гэтым, жыві добра, не чынячы зла, бо многім ужо да навяртання нішто не перашкаджае - толькі грахі. Пане Езу! Дай нам усім, каб мы паводле волі Твае святое жылі і каб было такое адзінства, у якім Ты з Айцом Тваім ёсць. Амэн.
Пісаў у Львове, месяца травеня,
(Бенедыкт Гербест)
Паходжанне веры Рымскага Касцёла: для Русі і Армянаў асабліва.
Хрыстус Пан і Настаўнік, Збаўца наш і Пастыр добры, даў ключы царства нябеснага св. апосталу Пятру - ягнятаў сваіх з авечкамі сваімі наказаў яму пасвіць. Таму Пётр часта быў першым між апосталаў у царкоўных справах. Гэты св. Пётр укрыжаваны ў Рыме, а св. Павел тамсама ў той жа дзень быў засечаны цэзарам Неронам3. І таму сваё права адпушчэння грахоў, дадзенае яму Хрыстом Панам, св. Пётр перадаў сваім намеснікам. З гэтай прычыны ўсе св. айцы ўсюды на ўсіх правамоцных сінодах прызнавалі за рымскім біскупам першынство - значыць, за катэдрай св. апостала Пятра.
(Частка першая)
І Вось як было на Нікейскім (325) сінодзе: там быў асуджаны Александрыйскі капелян4 Aрыян5, які не прызнаваў Хрыста Пана за праўдзівага Бога. На месцы папы Сільвестра (хоць і адбывалася гэта ў Грэцыі) сядзеў гішпанскі біскуп Озіус з двума рымскімі капелянамі. Патрыярхам месцы былі вызначаны ў наступным парадку: Александрыйскі, Антыяхійскі і Ерузалемскі; а наконт Канстанцінопальскага не было тут ніякае змены. На гэтым сінодзе былі зацверджаны каноны пра тое, што папа мае права збіраць сіноды і асабіста судзіць усіх біскупаў. Сінод прасіў папу Сільвестра пацвердзіць свае пастановы і акты. Пасля першага агульнага кансіліуму на Канстанцінопальскай патрыярхіі сядзелі наступныя арыяне:
Эўзэбій (340)
ІІ
Канстанцінопальскі сінод (381) праходзіў так: тут быў асуджаны Maкедоній, які на працягу 18 гадоў быў біскупам у Канстанцінопалі: ён замахнуўся менавіта на Боства Св. Духа. Паразумеўшыся наконт веры ў Св. Духа, удзельнікі сіноду прызналі, што Дух паходзіць ад Айца. Але яны не сцвярджалі, што Дух зыходзіць непасрэдна ад самога Айца. Выбраўшы Канстанцінопальскага патрыярха, сінод прызнаў ягонае першынство перад усімі іншымі патрыярхамі. Калі на якім сінодзе прысутнічалі папскія легаты, яны, баронячы Нікейскія каноны, (заўсёды) прызнавалі вяршэнства трох вышэйзгаданых патрыярхаў. І потым, тлумачачы веру ў Св. Духа (каб хто не памыліўся, не так сінод разумеючы), дадалі, што Св. Дух зыходзіць і ад Сына. Бо Ён з'яўляецца Духам Сына гэтак жа, як і Духам Айца, згодна з напісаным. Пасля гэтага сіноду св. Ян Хрызастом (398)6 выправіўся да папы Інакенція. Ян Хрызастом, ведаючы пра ўладу сталіцы св. Пятра і пра Нікейскія каноны, выконваючы волю грэцкіх біскупаў, згодна з воляю іхняга цара, звярнуўся ад імя іх сіноду да Рыма, да папы. Нестар7, які таксама быў Канстанцінопальскім патрыярхам, вынайшаў новае адшчапенства (482): бо, прызнаючы за Хрыстом Панам дзве Асобы, тым не менш не хацеў называць Панну Марыю Божай Маці.
ІІІ
На Эфескім кансіліуме (430) гэты Нестар быў асуджаны. Кірыл, Александрыйскі патрыярх, сядзеў тут на месцы папы Цэлестына (таму называюць яго галавою біскупаў). Рашэнні гэтага сіноду былі пасланы на разгляд папы. Пасля таго кансіліуму, пры Флавіяне, добрым Канстанцінопальскім патрыярху (448), злы Канстанцінопальскі архімандрыт Эўтыхес вынайшаў зусім новую ерась. Калі ж Флавіян заўпарціўся ёй, Александрыйскі патрыярх Дыяскор (449) прымусова пазбавіў яго кіраўніцтва. Таму Флавіян таксама быў вымушаны апеляваць да папы Льва (як св. Хрызастом да таго апеляваў да папы Інакенція).
IV
Халцэдонскі кансіліум (451) асудзіў згаданага Яўціхія разам з ягоным абаронцам Дыяскорам - яны прызнавалі толькі адну прыроду Хрыста. Гэты кансіліум, у параўнанні з папярэднімі сінодамі, апісаны дастаткова і мае вельмі высокую ацэнку з боку папскае катэдры. Бо папа Леў называецца ў рашэннях кансіліума намеснікам і Пятра, і Бога. Папскае месца на гэтым сінодзе займалі два біскупы і адзін капелян. Тут Канстанцінопальскі патрыярх таксама дабіваўся (прызнання) свайго вяршэнства над усімі біскупамі. Але гэтаму працівіліся папскія легаты, а потым і сам папа Леў, баронячы Нікейскія каноны і запабягаючы цараградскай пысе, не дазволіў яму гэтага зрабіць. Армяне, якія прызналі першыя тры сіноды, пагардзілі халцэдонскім (кансіліумам) і з таго часу падаліся ў адшчапенцы. Пасля гэтага чацвертага сіноду Aкаціус Канстанцінопальскі партыярх (471) зноў пачаў рассяваць арыянскія аблуды і забруджваць імі Цараградскую катэдру. На Акаціуса і на двух цэзараў, якія яго абаранялі (на Зянона і Анастасія) папы Фелікс і Анастасій пасылалі пракляцці. А панавалі гэтыя два цэзары доўга, таму і зло доўга панавала ў Канстанцінопалі - аж да цэзара Юстына (520). Потым аб'явіліся ератыкі-трысагісты (526)8. І таму папа Фелікс праклінаў Пятра, Александрыйскага патрыярха. Трысагісты вучылі, быццам святы мусіў быць укрыжаваным тройчы. Потым Aнціміус, Канстанцінопальскі патрыярх, пачаў адраджаць еўціхіянскую ерась (534). І, навучыўшы гэтай ерасі жонку цэзара Тэадору, Пётр давёў гэтую жанчыну да таго, што дзеля яго тая выгнала з Рыма двух папаў - Сільвестра і Вігілія (537).
V
Канстанцінопальскі сінод (553) асудзіў і таго Анціма еўціхіяніна, і Пятра, александрыйскага трысагіста. Пасля заканчэння гэтага сіноду пачалі з'яўляцца новыя ератыкі, якія называлі сябе монафелітамі: гэтым аблудам далі грэцкую назву, бо іхняя ерась узнікла (і развілася) ў Грэцыі. А монафелітамі назвалі іх з-за таго, што яны прызнавалі за Хрыстом наяўнасць толькі аднае волі. Вельмі доўга трывала гэтая ерась у Грэцыі, але ж яшчэ больш - у Канстанцінопалі. Вынаходства гэтае аблуды прыпісваюць Анастасію, Антыяхійскаму патрыярху (558).
Ян ІV, Канстанцінопальскі патрыярх, пачаў называць сябе экуменічным (г.зн. усеагульным) патрыярхам, і таму ён меў намер склікаць усеагульны сінод. Гэтаму ягонаму намеру мужна супраціўляліся два папы - спачатку Пелагій (579), а пасля яго - св. Рыгор (590).
Сарацыны9 захапілі Ерузалем (636) у той час, калі грэкі не спыняліся ў вынаходстве новых сектаў! Св. папа Марцін, сабраўшы ў Рыме сінод (647), асудзіў вышэйзгаданых Канстанцінопальскіх монафелітаў Паўла, Сергія і Піра, за што пазней грэцкі цэзар Канстанцін выгнаў яго з Рыма ў Херсанес. Супраць монафелітаў выступаў таксама і папа Віталіян (657), які займаўся абгрунтаваннем дзвюх прыродаў Хрыста Пана.
VІ
Канстанцінопальскі сінод (681) таксама асудзіў сваіх патрыярхаў-монафелітаў: і Кіра Александрыйскага, і Макара Антыяхійскага, таксама як і грэцкіх патрыярхаў з усімі іх паслядоўнікамі. Часам да монафелітаў адносяць і Ганорыя, Рымскага біскупа, які адначасова (622) з Сергіем і вышэйзгаданым св. папам Марцінам быў абвешчаны патрыярхам. Але Ганорый з катэдры св. Пятра нічому такому (ератычнаму) не навучаў; а калі што і было, то было патаемна. Бо гэта пацвярджае і Рымскі сінод часоў папы Марціна - на гэтым сінодзе пра Ганорыя не было і згадкі. На тым усеагульным Канстанцінопальскім сінодзе, які прыняў (да разгляду) ліст папы Агафона (як намесніка св. Пятра), ніхто не спрацівіўся таму, што пісаў папа пра заўсёдную беззаганнасць Рымскага Касцёла. xxxКасцёл Рымскі, - кажа папа, - ніколі не скажаўся ніякімі ератычнымі новаўвядзенняміyyy. Канстанцінопальскі сінод (679) адкрыў (папа) Агафон - пасля ягонае смерці правамоцнасць рашэнняў гэтага сіноду была пацверджана папам Львом ІІ (682). На гэтым сінодзе папскія месцы (перад усімі найпершае) займалі два капеляны і адзін дыякан. Пасля сіноду Канстанцінопальскія патрыярхі зноў пачалі вызнаваць новую аблуду; і доўга ж яны прытрымліваліся яе - на працягу 80 гадоў! Па-грэцку іх называлі іканаклястамі і іканамахамі, бо яны выступілі супраць (існавання) абразоў - трушчылі ды палілі іх. Былі яны ў часы наступных цэзараў:
Піліпіка (712),
А чым займаліся тым часам папы Рымскія? Збіраючы сіноды, яны абаранялі (правамоцнасць існавання) абразоў. І гэтак тое зло ўкаранілася было ў Канстанцінопалі, што іканамахскі сход (755) налічваў аж 338 біскупаў! З-за гэтага і вялікая несправядлівасць была з іхняга боку ў адносінах да каталікоў, якія паўсюдна моцна стаялі за звычайныя абрады.
VІІ
Другі Нікейскі кансіліум (789) быў скліканы супраць іканаклястаў, або абразаборцаў. На кансіліуме пацверджана і ўхвалена ўсеагульная вера ў моц як абразоў, так і св. рэліквіяў, а таксама пашана да іх. Папскае месца тут займалі два капеляны: абодва называліся Пятрамі. Да папскіх пасланняў была выказана вялікая пашана. Іканаклясцкія ж сіноды пацярпелі паразу, бо на іх не было ніводнага прадстаўніка папы. Французскага караля Карла10 папа Леў ІІІ абвясціў (801) Заходнім цэзарам, бо ў гэтым была вялікая неабходнасць. Канстанцінопальскі патрыярх Фядот зноў (815) навярнуўся да іканамахіі. А ў гэтай справе дапамог яму грэцкі цар Леў Пяты (813), ад якога св. Ян Дамаскін11 (за тое, што бараніў абразы) цярпеў вялікі пераслед. І потым, пры царах Міхалу ІІ (821) і Тэафілу (829) квітнела ў Канстанцінопалі абразаборства. Канстанцінопальскага патрыярха Ігнація, каталіка, калі той прабыў на сваёй пасадзе ўжо 16 гадоў (847-863), Фоці выгнаў з патрыяршаства. Той Фоці не меў яшчэ ніводнага высвячэння: раней быў жаўнерам, а потым служыў пры двары цара Міхала ІІІ12. Ігнаці, пазбавіўшыся свае катэдры, уцёк да тагачаснага папы Мікалая. Папа ў сваім лісце пракляў і цэзара, і Фоція за той гвалт, які яны ўчынілі над Ігнаціем. У тым жа годзе (867) папа Мікалай памёр. Неўзабаве забілі і цара Міхала. Пасля ягонае смерці папа Адрыян дамогся ад цэзара Базыля13, каб усеагульны сінод быў скліканы ў Канстанцінопалі.
VІІІ
Канстанцінопальскі сінод (869) зняў Фоція з патрыяршаства і вярнуў Ігнація. Тут зноў былі асуджаны іканаклясты (з-за іх узніклі ерасі ў грэкаў; гэтыя ерасі пераняла ад іх наша Русь, якая не хоча прызнаваць разных абразоў - быццам бы разны абраз не такі ж выразны, як і маляваны). Папу ў Канстанцінопалі ў той час прадстаўлялі два біскупы і адзін дыякан. І на гэтым сінодзе таксама было прызнана вяршэнства папаў над усім Касцёлам, дадзенае ім як правамоцным вікарыям св. апостала Пятра ад самога Хрыста Пана. Канстанцінопальскія патрыярхі атрымалі на гэтым сінодзе больш высокі, у параўнанні з астатнімі патрыярхамі, статус - за імі ўжо прызнавалася права на першае месца пасля папы. Пасля 8-га сіноду (апошняга, у якім прынялі ўдзел грэкі) Ігнаці зноў на працягу 7 гадоў з'яўляўся Канстанцінопальскім патрыярхам і падначальваўся папу. Пры Ігнацію, у цараванне цэзара Базыля14, русічы прынялі веру Касцёла. Пасля смерці Ігнація Канстанцінопальскую патрыярхію заняў (877) Фоці, бо цэзар Базыль разгневаўся на папу за тое, што ён асвяціў (на царства) Заходняга цара, а таксама за тое, што былі навернуты суседзі (грэкаў) - балгары. Гэты ж патрыярх Фоці адарваў грэкаў ад Рымскага Касцёла - гэтак яно ёсць і цяпер. А гэты раскол Фоці найбольш хацеў ажыццявіць вось з-за чаго: нібыта Рымскі Касцёл памыляецца ў тым, што вызнае паходжанне Св. Духа ад Сына. Вартая жалю і мізэрная справа - разрыў адзінства! Таму нязгодная Грэцыя ўжо атрымлівае сваё! Як дайшла яна ад царкоўнае нязгоды да турэцкае няволі - бачыцьмем ніжэй. Нашы палякі рымскую веру прынялі спачатку часткова (918), а потым, пры князю Мецлаве, і цалкам (965). Рускі князь Уладзімер, узяўшы за сябе сястру грэцкіх цароў Базыля і Канстанціна, таксама і веру пераняў у Канстанцінопаля (990). У той жа час грэкі і балгары, жорстка і працягла ваюючы (паміж сабою), рабілі (гэтай сваёй варажнечай) мацнейшымі туркаў. Лепш было б, каб (грэкі) не адарвалі балгараў ад Рымскага Касцёлу. Яўстрат, Канстанцінопальскі патрыярх, праклінаў (1028) Рымскі Касцёл за тое, што Касцёл прызнае зыход Св. Духа і ад Айца, і ад Сына. Папа Інакенці дыскутаваў з Канстанцінопалем па гэтым пытанні (1138). Армянскі патрыярх дакляраваў паслушэнства папу Яўгену. Гэты патрыярх пісаўся каталікосам. Папа Аляксандр па жаданні Мануэля, грэцкага цара, паслаў да яго (1159) з мэтаю заключэння вуніі вучонага кардынала. Але грэкі забілі кардынала і цягалі ягонае цела па Канстанцінопалі. Армяне дакляравалі паслушэнства таксама і папу Люцыю. У тыя часы ў Канстанцінопалі змяшчэнне патрыярха было частаю з'яваю - бо ішла бойка за ўладу цэзара. Венеды15 захапілі Канстанцінопаль (1204) і недзе праз 50 гадоў грэкі перабраліся да Азіі. У гэтыя ж гады адбываўся вельмі вялікі Латэранскі (1215) кансіліум з прычыны меўшай адбыцца уніі з грэкамі. Міхал Палеалог16, грэцкі цар, які заклікаў свой народ да адзінства, зноў намагаўся адваяваць Канстанцінопаль (1259). Потым адбываўся вялікі Лігдунскі кансіліум (1274), на якім паходжанне Св. Духа было вырашана выводзіць і ад Сына. Да гэтае веры прысталі былі і сам цэзар, і Канстанцінопальскі патрыярх бек. Калі ж гэты добры цэзар памёр, ягоны злы сын Андронік не ўчыніў яму належнага пахавання, помсцячы бацьку пасля смерці за прыняцце рымскае веры.
(Частка другая)
І Ад гэтага часу туркі былі ў вялікай моцы, бо іхні Атаман (1300) быў ваяўнічы, магутны і доўга панаваў; да таго ж ён быў першым (іхнім) царом.
ІІ
Турэцкі цар такі страшны быў для грэкаў, што, калі б не меў ён у праціўніках татараў, грэкі хутка былі б у турэцкіх лапах.
ІІІ
Жыў турэцкі цар Амурат (1350)17, з якім быў парадніўся грэцкі цар Ян Палеалог18: бо сыну свайму Андроніку ўзяў жонку-магаметанку, сястру жонкі згаданага Амурата, царства якога з Азіі пачало пашырацца і на Еўропу - (яно прасціралася) ад татараў да Канстанцінопаля.
ІV
Баязэт19, заваяваўшы Канстанцінопаль (1374), звергнуў Яна Палеалога з царства; уладу ж аддаў ягоным сынам - спачатку Андроніку, а потым Эмануэлю, які не хацеў быць Баязэтавым янычарам - другі раз з вялікімі сіламі давялося Баязэту заваёўваць Канстанцінопаль. Дрэнна было б ужо ў той час грэкам, калі б татары не спусташалі Баязэту зямель.
V
Магамет20 перанёс (1402) сваю сталіцу з Азіі да Адрыянопаля, недалёка ад Канстанцінопаля, і хацеў быць прыяцелем грэкаў. Гэты Магамет першым пераправіўся праз Дунай у Валахію21.
VІ
Амурат ІІ (1416)22, галоўны вораг хрысціянаў, канчаткова падпарадкаваў сабе Грэцыю. З гэтым (фактам) сутыкнуўся (1443 і 1444) наш Уладзіслаў23, кароль Польшчы і Венгрыі. У часы Амурата ІІ грэцкім царом быў Ян Палеалог (1418), а Канстанцінопальскім патрыярхам - Язэп (1424). У 1438 і 1439 адбыўся агульны з грэкамі Фларэнтыйскі сінод, на які прыехалі цэзар Ян Палеалог з патрыярхам Язэпам і з усімі найвучонейшымі грэкамі. На гэтым сінодзе ўсе грэкі, за выключэннем толькі аднаго - Марка, біскупа Эфескага - пагадзіліся ў тым, што Св. Дух зыходзіць і ад Сына. Прызнаўшы вяршэнства папы над паўсюдным Касцёлам, (грэкі) з любаю згодаю прысталі да Рымскага Касцёла. Але і гэтая унія доўга не пратрывала. (Грэкі аддалі перавагу турку, а не папу, як жыды цэзару, а не Езусу!). Армяне на гэтым Фларэнтыйскім кансіліуме прынялі былі з'яднанне веры. (А хоць бы ўзяць армянаў і русічаў нашых любых - ці не лепш (нам) з імі з'яднацца, чым са сваімі непрыяцелямі?) Кіеўскі мітрапаліт Ісідар, праваслаўны, вёў нашу Русь да касцельнае уніі з Масквою (1440). Калі ж Русь прыстала да уніі, Уладзіслаў, кароль Польшчы і Венгрыі, надаў рускім святарам тыя ж вольнасці (1443), якімі карысталіся духоўнікі Рымскага Касцёлу. (Глядзі пра гэта in Actis Castren. Leopoliensibus, anno Domini 1537).
VІІ
Турэцкі цар Магамет ІІ24, калі грэкі зноў адракліся ад Рымскага Касцёла, зноў захапіў Канстанцінопаль (1453), тады ж быў забіты і апошні іхні цар Канстанцін (Гэй! пыхлівая нязгода, да чаго ж ты і грэкаў давяла!). З тых часоў ужо турак ставіць грэкам патрыярхаў, і ўсе яны з чарняцоў. Вось і цяпер, ад часу выпраўлення календара, ужо трох жывых патрыярхаў маюць. Хай жа і з гэтага пабачаць усе, што для згоднага адзінства патрэбен адзін пастыр. Пане Езу! Злітуйся над тымі, што заблукалі, і прывядзі іх да Твае аўчарні, да аднаго пастыра - Табою пастаўленага Пятра. Амэн.
ЗАКАНЧЭННЕ
Калі Бог караў жыдоў, то ў ласцы сваёй пасылаў ім прарокаў; цяпер, пад гневам Божым, яны прарокаў не маюць. Таксама і ў грэкаў, і ў Русі нашай пры іх Бог усё адняў: не маюць яны ані памяці, каб умець xxxОйча нашyyy і xxxВеру ў Богаyyy (прачытаць); ані розуму, каб заўважаць патрэбныя дзеля збавення рэчы; ані волі добрай, каб добра жыць. Таксама і адносінамі да сакрамантаў забіваюць яны дзіцячыя душы; не маюць біскупскага бежмавання; не ведаюць, што такое моц адпушчэння грахоў; у Праваслаўнай Царкве дапускаецца ідалапаклонства; у шлюбе ж дапускаецца яўнае чужаложства; які характар - пра тое і не пытай, etc. Пане Божа! Злітуйся і адымі павадыроў у сляпых. Амэн.
РЭЕСТРЫК
Папскае вяршэнства з Евангелля (34) і ад св. Пятра (68); а таксама папскае вяршэнства над патрыярхамі і на сінодах
Нікейскім (325),
Да папы апелявалі: св. Хрызастом (398), св. Флавіян (448), Ігнаці (847). Папы пракліналі патрыярхаў (471) Канстанцінопальскіх (534) і іншых (647), калі тыя адступаліся ад веры (526), etc. Памылкі, пыха і заняпад Канстанцінопальскае патрыярхіі. Таго патрыярха не было на Нікейскім сінодзе (325). Арыяне (340). Захапіў патрыярхію насуперак нікейскім канонам (382). Нестарыяне (428). Абарона імі гэтае патрыярхіі на Халцэдонскім сінодзе (451).
Зноў арыяне (471).
Туркі ўбіраюцца ў моц (990), маюць цароў (1300), прыйшлі ў Еўропу (1350), захапілі Канстанцінопаль (1374), аселі ў Адрыянопалі (1402) і перайшлі праз Дунай, трымаючы ў сваёй уладзе Канстанцінопаль (1452).
У Кракаве. У друкарні Андрэя Пятркоўчыка.
Року Панскага 1586.
Пераклад са старапольскай
і каментар Алеся Бразгунова, аспіранта Інстытута літаратуры імя Я.Купалы НАН Беларусі.
|
|
|