|
* * * |
...У Жалі Жаль...
Якая хісткая скрыжаль!..
Я саступіць
з яе баюся,
Сваёй пакутай ганаруся,
Мо і ўратуюся
я ёй...
|
ПАКАЯННЕ |
У трапяткую ў думках
непазбежнасць,
Бы ў возера халодную
залежнасць...
А зранку месячык
ласкава ўсміхнецца,
І зноў даверлівасць прачнецца,
Ўпадзе ружовым сполахам
на зрошаны мурог.
І жарсцяў трызненні зямныя
Растануць
ростанню дарог.
Забыць нялепшае: а, можа...
Ісці сваёй хадой.
Забыць усё на раздарожжы,
Гаіць жывой вадой...
Зламаць сябе —
пакутная задача.
Агонь Душы,
баюся,
страчу...
Я стаць інакшаю не ў стане?
Слабы я чалавек?
Схаваюся ў трымценні
Пакаяння
За стромкі шчыт
слабых павек.
|
* * * |
А бэз ад слёз маіх растаў.
Няма ні кораня,
ані галінак,
ані кветак...
Неразуменне смерці,
непрыняцце.
І чуецца:
Душа вядзецца Ангелам.
Прашу Яго —
Пашлі Надзею Даравання.
|
* * * |
Бясконцасць ростані
як немажлівасць слёз.
Душа трызніць,
баіцца аступіцца...
Цяжар грахоў уладна адступае.
Ілля стамлёны на гары Харыў1
праз пакаранне смерцю
ВЕЧНАГА ЖЫЦЦЯ чакае...
|
* * * |
І толькі памяць родніць нас.
Зрываюцца,
бы кропелькі,
лісткі-сустрэчы,
ў жахлівым леце
не згасае Час.
Жыццё шчыміць Уваскрасеннем,
і трызніць Дух.
Душа
пакорлівай Манашкай,
дзіцяткам,
сярод нас.
Даверлівасць
чакання-
-выбаўлення,
Жорсткасць
і боль.
Хвіліна
ў роспачы-
-сумненні
ўзыходзіць
Небыццём.
|
* * * |
У гулкую цемру схавана зямля.
І бачу я Ангела ў ззянні крыло.
Прысутнасць Тваю адчуваю,
Мой Товіт2.
Высокія словы казала Табе,
Расталі яны, нібы дым фіміяма.
Ды ў гэтым зіхоткім і прывідным Храме...
Агорне Душу маю ціхі спакой,
Як Дабравесце — світанне.
І бачу я Ангела ў ззянні крыло.
Прысутнасць Тваю адчуваю,
Мой Товіт.
|
* * * |
І зіхацела
бурштыном лісцё
Падчас
сустрэчы з Музай.
Яна ішла,
ляцела, нібы ў сне,
І я збаялася яе...
Ёй вусны ціха прамаўлялі:
«Хачу быць успамінам,
крокам,
Нябачным адбіццём Тварца
ў квяцістым леце».
Праз сэрца мне
Адказвала сама:
«А кім паслана
я табе
Ў знямозе...»
|
* * * |
А паміж намі — акіян.
Людскія хвалі — хуткай рэчкай.
І звычак стрыманых
стрыечнасць.
То родняць,
то ламаюць нас.
Маўчы. Ні словечка ў адказ,
Мне тайны сэнс даўно вядомы.
Пакута шчасця не для нас —
Няхай другіх яна адорыць.
Ад продкаў — шлях-наканаванне:
Ляцець Страцімавым крылом,
І вечнае ахвяраванне,
Нібы на злом,
на злом,
на злом...
На злом
гарачай галавы.
Ёй непаседна
на плячы.
Мы — ўкрыжаваныя мячы,
Мы — вочы мудрае савы.
Што не засне
і не мігне.
Мяне
Сястрой бярозка называе,
І абдымае голлем стан,
Ды карані свае хавае,
Бо паміж намі —
акіян.
|
* * * |
Праз белы мармур Тваіх сцен —
я на каленях.
Паветра не стае зусім
маім маленням.
Я веру ў Дар!
І ён —
нібыта з Казкі.
Не за Маленні,
Не за Боль, —
А толькі з Твае Ласкі.
|
- Харыў (з габр. пустэльны) — багатае шматлікімі крыніцамі і сакавітай расліннасцю адгор’е г. Сіная (Сінайскі паўвостраў). Нярэдка ў Святым Пісанні г. Сінай і адгор’е Харыў называюць адно замест другога. Перад адыходам Майсей пад пагрозаю смерці пераконвае юдэяў выконваць закон (Дэкалог), дадзены вялікаму прароку на Сінаі. У гэтай сітуацыі Майсей называе Сінай Харывам.
- Товіт — старазапаветны праведнік, роўны па славе патрыярху Іову (правобраз Анёла-Ахоўніка), вядомы багаццем, подзвігамі міласэрнасці, уласным пакутніцтвам, ад якога яго выратаваў арханёл Рафал. Сын Товіта, Товія, у суправаджэнні арханёла Рафала дзеля атрымання бацькавых грошай ад Гаваіла ідзе ў Экбатаны, дзе ў Рагах Мідзійскіх ратуе Сару (дачку Рагуіла, далёкага сваяка Товіта), пабіраецца з ёю, пры дапамозе рыбінай жоўці ацаляе бацьку: вяртае ягоным вачам зрок.
|
|