Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(9)/1999
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
Да юбілею 2000 Года
Мастацтва

ВЕРА І ЭКРАН
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Нашы святыні

ПІНСКІЯ КЛЯШТАРЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Архітэктура
Проза

МЯСТЭЧКА ДЗЯРЭЧЫН
Haereditas

ГЕРБЕСТ БЕНЕДЫКТ
Замежныя вандроўкі
На кніжнай паліцы
Традыцыя

БЕЛЫ АНЁЛ НА ФРАНТОНЕ

Брандт Ёзаф (1841—1915). Партрэт Зянона Ленскага. 1888—1895. Палатно, алей. 52 х 36.
Надзея УСАВА

ВЯРТАННЕ ІМЯ: ЗЯНОН ЛЕНСКІ

Сярод мінскіх мастакоў пачатку стагоддзя ёсць некалькі, якія хутчэй за ўсё застануцца вядомымі нашчадкам толькі па прозвішчах, бо дасюль не адшукана ніводнага іх твора. Гэта Герасім Пінус, Мікола Бонч-Асмалоўскі, Эраст Сукоўскі... Да іх далучалі імя беларускага мастака польскага паходжання Зянона Ленскага (1864-1927). Ён аказаўся згубленым і для польскага і для беларускага мастацтвазнаўства: для Польшчы Ленскі - другарадны мастак няпэўнай вартасці, для Беларусі - невядомы чужынец, ад якога нічога не засталося. Як і некаторыя іншыя мастакі памежжа і культурных скрыжаванняў, Зянон Ленскі застаецца «вечным маргіналам» незразумелага акрэслення: ці то «беларускім мастаком польскага паходжання», ці то «польскім мастаком на ўсходніх крэсах», ці то «правінцыйным расейскім мастаком», ці то адукаваным касмапалітам-еўрапейцам, часовым жыхаром Мюнхена, Парыжа, Пецярбурга, Мінска і Варшавы.

Народжаны на Міншчыне ў шляхецкай сядзібе з яе традыцыйнай ізаляцыяй і правінцыйнасцю, ён пасля шматгадовых замежных вандровак вярнуўся на радзіму і трывала ўпісаўся ў тутэйшую атмасферу, стаўшы «часткай мясцовага краявіду», неад'емнай складовай краёвай культуры з яе гарманічным ладам жыцця, кансерватыўнай трываласцю формаў, свойскасцю і аўтэнтызмам. І ў гэтым сэнсе ён тыповы тутэйшы, мясцовы, краёвы мастак (лепшых тэрмінаў пакуль няма).

Апошнія знаходкі ў мінскіх зборах, дапоўненыя трыма вядомымі творамі з фондаў Нацыянальнага музея ў Варшаве, дазваляюць зрабіць накід творчага жыццярысу мастака.

Зянон Ленскі належаў да дзесятага пакалення старажытнага рыцарскага роду герба «Ostoja», малодшая лінія якога асела на беларускіх землях Рэчы Паспалітай пры каралі Сігізмундзе Аўгусце ІІІ у сярэдзіне ХVІІІ ст.1. Дзед мастака Антоні Ленскі (1797-1873), які валодаў вялікімі фальваркамі на Міншчыне (Хотаў, Сула, Татары, Аннопаль, Стажынкі), быў старшынёй мінскага межавага суда. Магчыма, гэта ягоны партрэт пэндзля Юзафа Пешкі захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі - мажорны рамантычны вобраз маладога багатага шляхціца, у будучым - бацькі сямі дзяцей2.

Старэйшы сын Антонія Аляксандр (1836-?) узяў шлюб з дачкою прадвадзіцеля дваранства Барысаўскага павету Сабінай Карказовіч і атрымаў у спадчыну родавы маёнтак Сула каля Койданава. Зянон, другі сын Аляксандра, нарадзіўся ў Суле ў часе разгрому польскага паўстання ў 1864 годзе і паводле старой шляхецкай традыцыі быў названы ў гонар дзядзькі - малодшага брата бацькі, маладога паўстанца. У паўстанні прымаў удзел і другі дзядзька Зянона - Канстанцін Ленскі3. Бацька, здаецца, быў лаяльны да царскага рэжыму.

Ленскі Зянон. Аўтапартрэт. 1891. Дошка, алей. 18 х 13,5. Нацыянальны музей у Варшаве.
Першапачатковую адукацыю сын заможнага шляхціца атрымаў у Віленскай гімназіі (1875-1883) у гады актыўнай постмураўёўскай русіфікацыі Вільні. Малады гімназіст быў захоплены археалогіяй - павальнаю «хваробаю» адукаванага кола інтэлігенцыі4. Цікавасць да жывапісу прыйшла ўжо ў Пецярбургу, падчас вучобы ў Горным інстытуце. Спачатку Ленскі сумяшчаў заняткі з рысавальнымі класамі пры Акадэміі мастацтваў, але пасля «ўнутранага душэўнага канфлікту»5 зрабіў выбар на карысць жывапісу.

У Акадэміі мастацтваў, дзе Ленскі быў вольным слухачом прыблізна з 1885-86 гг., ён сышоўся з землякамі - мінчуком Казімірам Мардасевічам (1859-1923), віленцам Станіславам Богушам-Сестжанцэвічам (1871-1927), сынам пінскага паўстанца Тадэвушам Дмахоўскім (1862-1939), Віктарам Мазуроўскім (1862-1944), былым вучнем Віленскай рысавальнай школы Людамірам Яноўскім (1862-1939), Зыгмунтам Піатровічам са Жмудзі (1862-1956). Пра шматгадовыя сяброўскія і творчыя стасункі паміж гэтымі мастакамі сведчаць напісаныя Людамірам Яноўскім партрэты Канстанціна Ленскага (1888)6, Тадэвуша Дмахоўскага (1894), С.Богуша-Сестжанцэвіча (1897). Зянон Ленскі напісаў партрэт З.Піатровіча (1900).

Навука давалася яму лёгка, хоць ён ніколі не імкнуўся зрабіць мастацтва сваёй прафесіяй (нездарма баталіст Ян Розен заўважыць у сваіх успамінах, што Ленскі «бавіўся жывапісам»)7. Хутка прыйшоў і першы поспех - малы і вялікі срэбныя медалі за натурныя класныя пастаноўкі.

Ленскі Зянон. Партрэт Схаластыкі Карказовічавай з роду Уняхоўскіх. Другая палова 1880-х гадоў. Палатно, алей. 62 х 51. Справа ўверсе: гербы Ленскіх і Карказовічаў. НМГіК, Мінск.
Яноўскі Людамір (1862—1939). Партрэт дзядзькі мастака Канстанціна Ленскага (1841 г.н.), 1888. Палатно, алей. 45 х 36,5. НММ РБ.
Ленскі Зянон. Партрэт Катажыны Радзівіл з роду Ржавускіх. 1890. Папера, акварэль. 28,7 х 24,5. Нацыянальны музей у Варшаве.
Да перыяду 1880-х гадоў можна аднесці ранні партрэт работы Ленскага - ягонай бабкі па матчынай лініі Схаластыкі Карказовіч з роду Уняхоўскіх (1799-1880; НМГіК, Мінск). Гэта характэрны тып партрэта «in memoria» (напісаны, верагодна, з дагератыпа) з жорсткаю лініяй малюнка, дакладнасцю жывапісу, натуралістычнымі рысамі злёгку прыхарошанай старасці. Даніна традыцыйнаму сармацкаму партрэту - гербы Ленскіх і Уняхоўскіх у правым верхнім баку.

Тры гады, якія творца правёў у Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, далі яму асновы прафесіяналізму, але не задавальненне ўзроўнем адукацыі. Сапраўды, гэта былі не лепшыя часы перадрэформенай Акадэміі: кансерватызм і руціну ў навучанні дапоўнілі скандалы, выкліканыя злоўжываннямі і парушэннямі закону ў верхніх акадэмічных колах, што прывяло ўрэшце ў 1889 годзе да змены ўсяго складу праўлення.

Моладзь усё больш прыцягвалі замежныя прыватныя школы Мюнхена і Парыжа. У 1889 годзе атрымалі стыпендыі і з'ехалі за мяжу ўсе прыяцелі Ленскага - Піатровіч, Мазуроўскі, Мардасевіч, Вейсенгоф. У гэтым жа годзе «адразу пасля атрымання медалю», як адзначае кузіна Ленскага Міхаліна8, у Мюнхен выехаў і Зянон Ленскі.

У Мюнхене ўжо даўно існавала польская калонія на чале з вядомым баталістам Ёзафам Брандтам (1841-1915). Ганаровы прафесар Баварскай Акадэміі жывапісу, ён яшчэ ў 1866 годзе адчыніў тут прыватную майстэрню і школу малявання.

З афіцыйнай атмасферы халоднага Пецярбурга маладыя мастакі трапілі ў сяброўскае кола аднадумцаў, занятых пошукамі новых сродкаў і прыёмаў жывапісу. Школа Брандта раскрывала зусім іншыя далягляды. Ад сентыменталізму афіцыйных нямецкіх школ яна адрознівалася рэалізмам і прыўзнятаю эмацыйнаю настроенасцю (хоць і з адценнем меланхоліі). Бравурны жывапіс шматфігурных палотнаў самога Брандта ўражваў, але не стаў для Ленскага ўзорам: ягоны талент быў больш сціплы, камерны. Гасціннаму і добразычліваму мэтру, напэўна ж, прыйшоўся да душы малады незалежны жывапісец: напрыканцы 1880-ых гадоў ён напісаў рамантычны партрэт9 Ленскага - элегантнага «дэндзі» ў зграбным уборы з вішнёваю шыйнаю хусткаю на асляпляльна-белай кашулі, але з трагічным, амаль «байранаўскім» позіркам. Такога мастака больш, чым баталіі Брандта павінны былі прыцягваць творы іншага «мюнхенца» - стыльныя інтэр'еры і таямнічыя сімвалісцкія жанры польскага жывапісца Уладзіслава Чахурскага (1850-1911)10. Нездарма пазней, ужо на радзіме, у сваёй вёсачцы Татары каля Ракава, якая дасталася Ленскаму ў спадчыну пасля смерці бацькі (Сула адышла старэйшаму брату Міхалу), ён пабудаваў невялічкі палац у стылі Людовіка ХV паводле праекта гэтага вядомага польскага мастака-эстэта.

У Мюнхене Зянон Ленскі пачаў працаваць самастойна: не аддаючы перавагі ніводнаму жанру, ён пісаў краявіды, фігурныя жанры і «поўныя жыцця» партрэты, якія выстаўляў у гарадскім «Kunstveriene». Магчыма, да гэтага перыяду можна аднесці і ягоную копію «Мужчынскага партрэта» Веласкеса з багатых збораў Мюнхенскай Пінакатэкі11. Падарожжы па Еўропе ў тыя часы лічыліся неабходнымі для адукацыі і выхавання густу мастака.

Першае абавязковае «рытуальнае» падарожжа ў Парыж расцягнулася на некалькі месяцаў. Ленскі быў літаральна зачараваны французскім жывапісам, ягонай лёгкасцю і свабодай. Парыж, куды мастак вяртаўся неаднойчы, зрабіў сваю справу: жывапіс Ленскага стаў разняволеным, артыстычным, набыў «элегантнасць і французскую зграбнасць... без непрыемнай цукровай саладжавасці»12. У Парыжы мастак зрабіўся апантаным калекцыянерам (гэтая страсць не паменшылася з гадамі - бацькоўскі дом у Суле быў запоўнены творамі французскага мастацтва).

У 1890 годзе, мяркуючы па творах, Зянон Ленскі быў ужо ў Расіі. У гэтым годзе ў Пецярбургу ён напісаў партрэт княгіні Катажыны Радзівіл13 з роду Ржавускіх (жонкі афіцэра-дыпламата Вільгельма Адама Радзівіла). Сапраўдным партрэтам гэтую сціплую акварэль назваць цяжка: хуткі профільны накід альбомнага характару дае ўяўленне пра знешнасць, але не пра характар гэтай інтэлігентнай і чароўнай какеткі-інтрыганкі і палітычнай авантурысткі. Таленавітая журналістка, яна пад псеўданімам надрукавала з'едлівую кніжку пра норавы вышэйшага свету нямецкай сталіцы. Калі аўтарства раскрылася і княгіню перасталі прымаць у салонах Берліна, яна з мужам пераехала ў Пецярбург, маючы ўжо рэпутацыю небяспечнай аферысткі. Яе партрэт дэманструе не столькі майстэрства Ленскага, колькі кола яго знаёмстваў.

Партрэт мужчыны з роду Ленскіх. Папера, акварэль. 1897. 31 х24. НМГіК.
Зянон Ленскі.Фотаздымак з часопіса «Świat», 1909 г.
Да гэтага ж перыяду належыць і «Мужчынскі партрэт» з Нацыянальнага музея ў Варшаве (1891 г.). Безумоўна, гэта аўтапартрэт14 мастака: дастаткова параўнаць яго з партрэтам работы Ю.Брандта і здымкам-партрэтам Ленскага ў часопісе «Świat» за 1909 год15. На невялікім, напісаным у стрыманай шэра-вохрыстай гаме палатне - засяроджаны малады чалавек з самотна-задуменным тварам. Партрэт кампазіцыйна просты, псіхалагічна дакладны і выразны, хоць і вельмі сціплы. У ім не адчуваецца моцнага жывапіснага тэмпераменту, але няма і млявасці колеру. Менавіта лаканічнасць і жывапісная тонкасць уласцівыя манеры Ленскага ў партрэтах. У краявідах, пра якія можна меркаваць толькі па водгуках крытыка і адзінай рэпрадукцыі ў «Tygodniku Wileńskim» (№ 14/191, с. 4) мастак быў больш разняволены і артыстычны. Назва гэтага краявіду («З вянецыянскіх матываў»,1911) сведчыць аб вандроўцы ў Італію.

Біяграфічныя падрабязнасці жыцця творцы пасля яго прыезду на радзіму невядомыя. Нейкі час ён жыў у Пецярбургу. Можна толькі здагадвацца, якімі абставінамі (вайсковай службай?) выкліканы гэтак званы «кавалерыйскі» аўтапартрэт мастака 1893 года. У гэтай невялікай акварэлі мастак відавочна любуецца сабой - вершнікам у мундзіры вайскоўца, які гарцуе на пародзістым кані16. Мяркуючы па гэтай працы, Ленскі любіў акварэль і добра валодаў гэтай тэхнікай. У НМГіК РБ у Мінску захаваўся акварэльны партрэт 1897 г. - сціплая дакладная рэалістычная акварэль у любімай ім шэрай манахроннай гаме - мужчыны з роду Ленскіх, магчыма, аднаго з братоў ці кузэнаў.

Зянон Ленскі. З Венецыянскіх матываў. Палатно, алей. Да 1911 г.. Месцазнаходжанне невядома.
Мяжа стагоддзяў - пік творчай актыўнасці Зянона Ленскага. Ён выстаўляў свае творы ў Мінску (1898, 1911), Пецярбургу (1898), Кракаве (1900) і Варшаве (1901-1902), упрыгожваў фрэскамі родны дом у Суле, пачаў будаўніцтва прыватнага дома ў Татарах (менавіта ён намаляваны Тадэвушам Дмахоўскім на экслібрысе Зянона Ленскага)17, наведваў артыстычны гурток, які збіраўся ва Устроні - маёнтку вядомага грамадскага дзеяча Канстанціна Прушынскага. Гасцямі Прушынскіх былі і мастакі - вядомы Вільгельм Катарбінскі з суседняга Кальска, студэнт Кракаўскай Акадэміі мастацтваў Яўген Геперт, малады Антоні Уняхоўскі18. Ленскі намаляваў партрэт гаспадыні дома Марыі Прушынскай (як сведчыць «Інвентар БДМ», НМГіК РБ), ён да вайны захоўваўся ў Мінску. Многія партрэты са збору сям'і Ленскіх трапілі ў беларускія музеі пасля рэвалюцыі.

У сховішчах Нацыянальнага мастацкага музея захаваўся партрэт сястры мастака Эльжбеты Ленскай, па мужу Васілеўскай, датаваны 1903 годам19. У 20-30-ыя гады ён належаў Беларускаму дзяржаўнаму музею, потым - Карціннай галерэі ў Мінску.

Ленскі Зянон. Партрэт Эльжбеты Васілеўскай з роду Ленскіх, сястры мастака. 1903. Палатно, алей (дубл. на картон). 44 х 27,5. НММ РБ, Мінск.
Пасля шлюбу з Казімірам Васілеўскім Эльжбета стала гаспадыняю багатага маёнтка Гародня (што пад Оршай на Віцебшчыне) са старажытным асабняком, які ўпрыгожвалі фрэскі і карціны надзвычай моднага тады Генрыха Семірадскага, сваяка Васілеўскіх. Пасля смерці мужа маладая бяздзетная ўдава павінна была саступіць дом сваёй залвіцы20. Драматычная змена лёсу і меланхалічны пэндзаль мастака напоўнілі прыхаваным смуткам гэты чароўны жаночы вобраз - лепшы з вядомых партрэтаў Ленскага. Пры складаным эмацыйным настроі мадэлі партрэт вылучае «абсалютная непрэтэнцыёзнасць і абсалютная простасць формы». Застаецца шкадаваць, што гэта апошні па часе вядомы партрэт мастака, які сведчыць, што Ленскі мог бы лічыцца адным з найлепшых партрэтыстаў Беларусі на пачатку стагоддзя.

Жывапіс быў для Ленскага хутчэй духоўным прыстанкам, чым «полем дзейнасці» ці сродкам для існавання. З-за дзіўнай сціпласці ён не любіў выстаўляць сваіх твораў, а лічыў за лепшае дарыць іх сваім знаёмым. Тэматыка ягоных твораў ахоплівае ўлюбёныя мясціны, кола сям'і і знаёмых. У нейкім сэнсе Ленскі быў рэдкім прыкладам мастака-прафесіянала, што ўспрымаў жывапіс як эстэтычную гульню і практыкаваў «мастацтва дзеля мастацтва». Гэта хіба адзіны такі творца ў тагачаснай Беларусі.

Часам сябры без дазволу адпраўлялі яго карціны на выставы ў Варшаву (яны мелі там поспех і набываліся)21, але гэта не стымулявала мастака да больш актыўнай выставачнай дзейнасці. Такім чынам і для Польшчы, і для Расіі Зянон Ленскі застаўся невядомым незнаёмцам, але - па сваім жаданні.

Мастак так і не стварыў уласнай сям'і22, якая б захавала яго спадчыну, таму мы маем прыблізныя звесткі пра яго творчасць у апошні перыяд, які вядомы толькі па мясцовай прэсе. У гады першай сусветнай вайны Зянон Ленскі згадваўся не як мастак, а як калекцыянер і грамадскі дзеяч. У 1916 годзе ён уваходзіў у надзорчую раду Таварыства Аховы помнікаў і браў актыўны ўдзел у дабрачыннай акцыі на карысць Таварыства - арганізацыі рэтраспектыўнай выставы старажытнага мастацтва23.

У 1918 годзе імя Ленскага сустракалася сярод сяброў выдавецкага камітэта аднаднёўкі «Siew Bellony» побач з імёнамі мастакоў К.Біске, Г.Вейсенгофа, Б.Адамовіча24. Гэта апошняя дакументальная звестка пра яго жыццё на Беларусі.

Ленскі Зянон. Аўтапартрэт на кані. 1893. Папера, акварэль, гуаш. 23,6 х 30,7. Нацыянальны музей у Варшаве.
Аб польскім перыядзе творчасці мастака - апошніх дзевяці гадах ягонага жыцця - нічога невядома. Хутчэй за ўсё, ён жыў у сваім фальварку, на шчасце, аўтаматычна ператварыўшыся ў эмігранта: паводле Рыжскай дамовы 1921 года мяжа паміж Польшчай і Расіяй прайшла па галоўнай алеі вялізнага стагадовага парка ў Суле. На польскім баку засталіся яго Татары25 і толькі чацвёртая частка бацькоўскага маёнтка, але родавая ўсыпальніца Ленскіх - тасканская ратонда - апынулася ў гэтай частцы і прыняла цела старога мастака, які памёр ад рака падчас кароткага гасцявання ў Варшаве ў лістападзе 1927 года.


  1. Żychliński T. Złota Księga szlachty polskiej.
  2. Пешка Ю. Партрэт Антона Ленскага. Другая палова 1820-х — 1831, палатно, алей. 7 х 21,5. ЗЖ-79. Атрыбуцыя Т.А.Карповіч // Сядзібны партрэт Беларусі ХVІІ — першай паловы ХІХ ст. Мн., 1997. № 14.
  3. НГА РБ, ф. 299, оп. 2, д. 6184, л. 141. Ведомость об осеквестрованных, конфискованных и подвергнутых запрещению имениях, принадлежавших лицам, участвовавшим в мятеже 1863 года.
  4. Каталог предметов Музея древностей при Виленской публичной библиотеке. Вильно, 1885. С. 31.
  5. Piątkowski H. Ś.p. Zenon Łęski // Kurjer Warszawski. № 331. 2 grudnia. 1927.
  6. Яноўскі Людамір. Партрэт Канстанціна Ленскага. 1888, палатно, алей. 45 х 36,5, НММ РБ КП-7444 (№ БДМ-10300).
  7. Rosen Jan. Wspomnienia (1860—1925). Warszawa, 1933. S. 139.
  8. Życka L., Łęska M. Działalność popowstaniowa Polaków na Ziemi mińskiej. Warszawa, 1939. S. 121, 127-128.
  9. Брандт Ёзаф. Партрэт Зянона Ленскага. Канец 1880-х — пачатак 1890-х гг. Быў у антыкварным продажы ў Варшаве ў 1993 г.
  10. Чахурскі Уладыслаў (1850—1911) — польскі мастак мюнхенскага кола. З 1879 г. жыў у Мюнхене, быў блізкім сябрам князя-рэгента Леапольда. Аўтар шматлікіх партрэтаў прыгожых дам у гістарычных касцюмах на фоне інтэр’ераў з стыльнаю мэбляю і кветкамі. Яго творы высока цаніліся за гладкую фактуру, элегантны стыль, тэхнічнае майстэрства і былі вядомыя ў Еўропе.
  11. У 1969 г. перададзена на пастаяннае захаванне з НММ РБ у Маскоўскае мастацкае вучылішча імя 1905 года. КП -2612.
  12. Mutermilch H. Obrazy Z. Łęskiego. // Prawda, 1900. № 11. S. 129.
  13. Ленскі Зянон. Партрэт Катажыны Радзівіл з роду Ржавускіх. 1890. Папера, акварэль. 28,7 х 24,5. Нацыянальны музей, Варшава. 160022.
  14. Ленскі Зянон. Аўтапартрэт. 1891. Дошка, алей. 18 х 13,5. Нацыянальны музей, Варшава. МР-2497.
  15. W.D.Mińsk-Litewski.// Świat, 1909. № 31, 31 lipca. S. 10. (Zenon Łęski, artysta-malarz, znany z wystaw w Paryżu i Monachium.)
  16. Ленскі Зянон. Аўтапартрэт на кані. 1893. Папера, акварэль, гуаш. 33,6 х 30,7. Нацыянальны музей, Варшава. 160021. Ленскі Зянон. Партрэт мужчыны з роду Ленскіх. 1897. Папера, акварэль. 31 х 24. НМГіК РБ.
  17. Дмахоўскі Тадэвуш. Экслібрыс Зянона Ленскага. 1890-ыя гг. — пачатак 1900-ых. Папера, цынкаграфія. 11,5 х 8. НММ РБ, ЗГ-141.
  18. Aftanazy Roman. Dzieje rezydencji na dawnych Kresach Rzeczypospolitej. Województwa mińskie, mścisławskie, połockie, witebskie. Cz. 2. Warszawa, Kraków. 1991. S. 362.
  19. Ленскі Зянон. Партрэт Эльжбеты Васілеўскай з роду Ленскіх. 1903. Палатно, картон, алей. 44 х 27,5. НММ РБ, КП-5491.
  20. Aftanazy Roman. Dzieje rezydencji na dawnych Kresach Rzeczypospolitej. Województwa mińskie, mścisławskie, połockie, witebskie. Cz. 2. Warszawa, Kraków. 1991. S. 292.
  21. Гл. № 12.
  22. Ś.p. Zenon Łęski, artysta-malarz, obywatel Ziemi mińskiej. // Kurjer Warszawski, 1927, dnia 30 listopada.
  23. S.D. Mińskie Koło Warszawskiego Towarzystwa Opieki nad Zabytkami Przeszłości. // Tygodnik ilustrowany 1918. S. 254.
  24. Zienkiewicz Tadeusz. Polskie życie literackie w Mińsku w XIX i na początku XX wieku (do roku 1921). Olsztyn, 1997. S. 11.
  25. Пасля смерці мастака да 1939 г. Татары належалі яго брату Канстанціну Ленскаму (1866) і яго нашчадкам.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY