|
|
№
3(9)/1999
На кніжнай паліцы
Да юбілею 2000 Года
Мастацтва
Роздум аб веры
Нашы святыні
Паэзія
Архітэктура
Проза
Haereditas
Замежныя вандроўкі
На кніжнай паліцы
Традыцыя
|
Пасля Люблінскай уніі 1569 года, якая аб'яднала Вялікае Княства Літоўскае і Польшчу ў Рэч Паспалітую, на тэрыторыі Беларусі было заснавана шмат рыма-каталіцкіх касцёлаў і кляштараў. Аднымі з першых на новых землях з'явіліся члены ордэна езуітаў. Стэфан Баторый бачыў у езуітах сродак для ажыццяўлення сваіх палітычных намераў і шчодра апекаваўся ордэнам, адорваючы яго землямі і прывілеямі, будуючы касцёлы, кляштары, школы. Пры Жыгімонце ІІІ (католіку) праграма езуітаў стала палітычнай праграмай дзяржавы. Шмат якія магнаты і мясцовыя феадалы ішлі за прыкладам сваіх уладароў і набліжалі да сябе езуітаў: бралі іх у духоўнікі, ахвяравалі сродкі на будаўніцтва місіяў, рэзыдэнцыяў і калегіумаў. Уласнасць калегіумаў усё больш павялічвалася за кошт гэтых дарункаў, а таксама ліхвярскіх аперацыяў, якія езуіты праводзілі досыць умела. Ордэн езуітаў у канчатковым выніку стаў адным з найбуйнейшых землеўладальнікаў Беларусі. С.Бярнарскі, супрацоўнік Архіва Правінцыі Малапольскай, сцвярджае, што пасля ліквідацыі езуіцкага ордэна ў 1773 годзе 90% старажытных польскіх архіваў езуітаў незваротна загінулі. Аднак у архівах Рыма1, Парыжа, Кракава, Варшавы і іншых гарадоў захоўваюцца шматлікія дакументы, якія датычаць езуіцкіх канвентаў. У гэтай працы выкарыстаны матэрыялы, выяўленыя ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве Санкт-Пецярбурга, Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы і Архіве старажытных актаў (г. Масква). Гэта - візітацыйныя і інвентарныя апісанні рухомай і нерухомай маёмасці, дакументы пра рамонт і перабудову кляштарных збудаванняў, сведчанні пра ўнутранае жыццё пінскага канвенту, а таксама пра дзейнасць езуітаў у розныя перыяды іх існавання і пра падзеі, сведкамі якіх яны былі. Сярод выяўленых матэрыялаў надзвычай каштоўная калекцыя дакументаў 16-18 стст., якія захоўваюцца ў Архіве старажытных актаў. Гэта тастаманты розных асобаў на карысць пінскага езуіцкага кляштара, купчыя паперы на дамы, землі, гарадскія ўчасткі, кантракты з майстрамі, апісанні будынкаў і іншыя дакументы. Сярод публікацый найбольш значнымі з'яўляюцца тыя, аўтары якіх працавалі з аўтэнтычнымі дакументамі езуітаў. З гэтай групы бібліяграфічных крыніцаў варта назваць пяцітомавую працу С.Заленскага «Езуіты ў Польшчы», а таксама «Слоўнік мастакоў-езуітаў», складзены польскімі даследчыкамі Я.Паплатэкам і Е.Пашэндам. У гэтых працах сабраныя багатыя звесткі па гісторыі езуіцкіх кляштараў, у тым ліку пінскага. Бясспрэчную цікавасць маюць таксама працы па гэтай тэме даследчыкаў Я.Мараша, В.Чантурыі, Е.Квітніцкай. Гісторыя існавання і дзейнасці езуіцкага канвента пазначаная не толькі ўзлётамі, але і заняпадамі, частымі пажарамі, аблогамі і разбурэннямі. «Таварыства Езуса», як часта называлі сябе езуіты, «...нагадвала, з аднаго боку, войска з цэнтралізацыяй улады зверху... з чыста вайсковаю дысцыплінаю; з другога - гэта тайнае таварыства, дзейнасць якога была абсалютна схаваная ад чужых вачэй». Езуіты знаходзіліся ў варожым для сябе асяродку і таму павінны былі думаць не толькі пра патаемнасць сваіх заняткаў, але і пра абарону.
Нават калі дапусціць магчымую ўмоўнасць таго, што адлюстравана на гравюры, ёсць усе падставы меркаваць, што пінскі езуіцкі кляштар першапачаткова выглядаў менавіта гэтак. З'яўленне езуітаў у Пінску не было выпадковасцю: яны заўсёды імкнуліся да вялікіх гарадоў і мястэчкаў. Пінск на пачатку 17 ст. (побач з такімі гарадамі, як Полацк, Віцебск, Мінск) з'яўляўся буйным цэнтрам Рэчы Паспалітай: у ім налічвалася больш за 10.000 жыхароў, 800 жылых дамоў, 14 цэркваў і 2 кляштары (каталіцкі і праваслаўны). Цэнтрам горада заставаўся замак, вакол якога мясціліся дамы гараджанаў, зямельныя ўчасткі, кірмаш і мноства цэркваў. У 1630 годзе ў доме, пабудаваным пінскім стольнікам Мікалаем Ельскім, езуіты заснавалі рэзідэнцыю - месца сталага знаходжання членаў ордэна, якое праз два гады было ператворана ў калегіум.
Падчас вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648-1654 гг. атрады казакаў на чале з Б.Хмяльніцкім зруйнавалі на сваім шляху ўсё, што звязвалася з каталіцтвам: у Пінску былі разрабаваныя і разбураныя будынкі францішканскага і езуіцкага кляштараў. Падзеі руска-польскай вайны прынеслі жыхарам горада незлічоныя пакуты: у 1655 г. шмат якія гарадскія будынкі, у тым ліку кляштар езуітаў, зноў апынуліся ў пажарышчы. У канцы стагоддзя для кляштара нарэшце настаў шчаслівы час: нават войска шведскага караля Карла ХІІ, якое ў 1706 г. падчас акупацыі Пінска зруйнавала мястэчка Каралін і разбурыла сам горад, пашкадавала езуіцкія забудовы. Не выклікае сумнення той факт, што члены «Таварыства Езуса» разлічвалі застацца ў горадзе надоўга, а можа, і назаўсёды, бо ў самым цэнтры Пінска яны збудавалі велічны касцёл і калегіум, якому адводзілася важная роля: падпарадкаваць грамадскую думку інтарэсам ордэна.
Польскі мастацтвазнаўца Адам Мілабендскі сцвярджае, што ў 17 ст. на тэрыторыі ВКЛ будаўнікамі кляштарных комплексаў зазвычай «былі польскія або апалячаныя дойліды, якія па традыцыі з'яўляліся членамі архітэктурна-скульптурных групаў і цэхаў, а таксама прафесійныя архітэктары новага тыпу, пераважна іншаземцы». Пад «апалячанымі дойлідамі» А.Мілабендскі, напэўна, мае на ўвазе мясцовых майстроў. Даследчык будаўнічай дзейнасці езуітаў, ксёндз Ежы Пашэнда, адзначае, што ў 16-17 стст. значэнні слоў «муляр» і «дойлід» былі сінанімічныя, таму адрозніць праектантаў і шараговых будаўнікоў часта амаль немагчыма. Пазней сітуацыя змянілася і будаўнічыя прафесіі дакладна размежаваліся: так, напрыклад, мулярамі маглі быць звычайныя манахі, а архітэктарамі толькі тыя, хто атрымаў спецыяльную, часцей за ўсё матэматычную адукацыю. На будаўніцтве езуіцкіх будынкаў маглі працаваць і не члены ордэна, але імі нязменна кіраваў манах-езуіт. У 1980-х гг. у сувязі з рэстаўрацыяй будынка калегіума спецыялісты інстытута «Белпраектрэстаўрацыя» (навуковы кіраўнік Г.Босак) правялі комплексныя навуковыя даследаванні, якія пацвердзілі першапачатковую версію3 рэстаўратараў пра неадначасовае будаўніцтва двух карпусоў, адзін з якіх размешчаны паралельна Піне (захад - усход), а другі - пад прамым вуглом да першага (поўдзень - поўнач). Гэты факт пацверджаны і дакументальна: знойдзены кантракты з майстрамі на выкананне будаўнічых, сталярных, кавальскіх і іншых работ. Так, напрыклад, у 1651 годзе паміж кіраўніцтвам калегіі і мулярам Матэвушам Фалькоўскім заключаны кантракт, паводле якога апошні павінен быў «...кіраваць будаўніцтвам пінскай калегіі ў адпаведнасці з праектам...» Другі кантракт, датаваны 7 сакавіка 1654 г., падпісаны Р.Валовічам і М.Фалькоўскім, архітэктарам, кіраўніком будаўніцтва пінскага калегіума («Architektem rzemiosła mularskiego»), жыхаром Вільні, які абавязваўся закончыць распачатую працу. З дакументаў відавочна, што Матэуш Фалькоўскі кіраваў не толькі ўзвядзеннем калегіума, але і касцёла. Яму былі дадзеныя вялікія паўнамоцтвы: дойлід браў на працу патрэбных яму майстроў, прызначаў ім аплату.
Бясспрэчную цікавасць мае кантракт, датаваны 1672 годам, заключаны рэктарам пінскай калегіі М.Стажыньскім з «архітэктарам рамяства мулярскага», віленскім магістрам Янам Вінцэнтам Сальвадорам, які ўзяў на сябе абавязак «...ад самай зямлі... збудаваць пінскі калегіум, злучыўшы новыя муры са старымі мурамі, выклаўшы скляпенне найлепшым чынам...» У 1670-х гг. рэканструкцыя калегіума была завершаная4. Будынак складаўся з двух розных па велічыні аб'ёмаў, якія сыходзіліся пад прамым вуглом; сваім падоўжаным заходнім фасадам арыентаваўся на пляц, дзе са старажытных часоў і да 1950-х гг. знаходзіліся гандлёвыя рады і кірмаш. Аўтары «Слоўніка мастакоў-езуітаў» пашыраюць нашыя веды пра людзей, якія працавалі ў 50-70-я гг. 17 ст. у пінскім езуіцкім калегіуме і, бясспрэчна, з прычыны сваіх прафесійных ведаў бралі ўдзел у будаўніцтве. Гэта муляры Крыштаф Стэфановіч, Войцах Ярашэвіч, Балтазар Шынкінер, Казімір Піятроўскі, каваль Міхал Хердэр. Сярод майстроў былі таксама архітэктары Ф.Карэу (1731-1802)5, Я.Клаус (1678-1737)6, М.Кісілеўскі (1738-1802)7, К.Мацелакоўскі і Ю.Алендскі, муляры Я.Тупальт (1707-1769)8, токар Ф.Лор (1703-1755)9, слесар і каваль Я.Отта (1648-1682)10, пазалотчык Д.Трусовіч (1648-1682)11 і інш. Адзначым высокае майстэрства аўтараў збудавання, якія стварылі выключна гарманічны цэльны вобраз калегіума, што ўражвае сваёй велічнай прыгажосцю. У 1720 г. у пінскім калегіуме жыло звыш 70 манахаў, сярод якіх было 10 прафесароў і 3 місіянеры. Кляштару належала мноства дамоў у Варшаве, Мінску, Магілёве, Слуцку, Віцебску, Бабруйску. У комплекс кляштара ў розныя перыяды яго існавання, апрача манументальных будынкаў касцёла і калегіума, уваходзілі і іншыя збудаванні, каменныя і драўляныя. Так, напрыклад, паводле звестак 1773 г. у агароджы кляштара знаходзіліся каменная двухпавярховая аптэка12, драўляная капліца, Г-падобны каменны жылы корпус, афіцына, карэтная, альтанка, стайня, дрывотня, багадзельня, бурса «для ўбогіх...». На планах сярэдзіны 19 стагоддзя многіх з пералічаных намі будынкаў ужо няма, у агароджы кляштара з'яўляюцца гандлёвыя крамы (першыя ў 1809 г., потым, з усходняга боку - у 1857 г.), а ў 40-х гг. з боку паўднёвага фасаду калегіума на сродкі кляштара і вучэльні былі збудаваныя каменыя флігелі: адзін для навучэнцаў духоўнай вучэльні (спальні), другі - для здачы ў арэнду. Прынцыпы арганізацыі надворнай прасторы комплекса вылучаліся максімальнай дакладнасцю: амаль усе будынкі размяшчаліся па перыметры чатырохвугольнай у плане тэрыторыі, уздоўж каменнай агароджы. У цэнтры дзядзінца знаходзіўся сад «з альтанкай, размаляванай знутры і звонку, і флюгерам наверсе». Даследчыца беларускай архітэктуры Е.Квітніцкая ў артыкуле «Калегіумы на Беларусі 17 ст.» піша: «...Паводле сярэднявечнай традыцыі збудаванне каталіцкіх кляштараў групуецца каля ўнутранага, абведзенага аркамі надворка (клуатра)». Падобную аркаду, якая праходзіла па ўнутраных дваровых фасадах будынка, першапачаткова меў калегіум у Пінску; праз яе навучэнцы і брація выходзілі ў сад; абараніўшы сябе ад ворагаў і нядобразычлівых позіркаў, езуіты маглі клапаціцца пра духоўную і фізічную гармонію членаў ордэна». Будынкі, якія ўваходзілі ў комплекс езуіцкага кляштара ў 17-18 стст., шмат разоў перабудоўваліся, вялося таксама і новае будаўніцтва. Адну з самых значных перабудоваў касцёла, што ажыццяўлялася пад кіраўніцтвам архітэктара Яна Тупальта, можна датаваць 1749-1753 гг. Менавіта тады на касцёле былі ўзведзены каменныя вежы замест драўляных, фасады ўпрыгожаныя гіпсавымі скульптурамі, а з абодвух бакоў фасаду ўзведзены арыгінальныя крылы, якія служылі таксама званіцамі. Па сведчанні сучаснікаў касцёл уражваў не толькі сваімі памерамі, але і адмысловаю працаю лепшых еўрапейскіх майстроў, якія стварылі галерэю цудоўных фрэсак, упрыгожылі інтэр'ер святыні разьбою па дрэве, скульптурнымі кампазіцыямі, вырабамі з бронзы. Пасля касацыі ордэна езуітаў у 1773 годзе кляштар у Пінску зачынілі, а маёмасць канфіскавалі. Да 1787 года будынак калегіума пуставаў, а потым яго занялі уніяты, якія пераабсталявалі касцёл ў сваю царкву. Работы па рэканструкцыі касцёльнага будынка, распачатыя езуітамі, на момант закрыцця кляштара яшчэ не былі завершаныя. У 1795 годзе, пасля далучэння пінскіх уніятаў да праваслаўя, уніяцкая царква была пераасвечаная ў праваслаўную пад тытулам Нараджэння Багародзіцы, а ў калегіуме, апрача кляштарнай браціі, былі змешчаныя гарадскія і службовыя ўстановы і вучэльня. 29 мая 1800 года ўсе будынкі былога езуіцкага канвенту аддалі Богаяўленскаму праваслаўнаму манастыру, драўляныя карпусы якога згарэлі падчас пажару 1799 г.
У 1875 годзе ў сувязі з пераводам у Пінск Ляданскай духоўнай вучэльні распрацоўваецца новы праект рэканструкцыі калегіума, у адпаведнасці з якім 2/3 усіх памяшканняў прыстасоўваліся для вучэльні, 1/3 - для манастыра. У справе пра рамонт 1875-1882 гадоў, апрача падрабязнага апісання калегіума, ёсць таксама графічныя матэрыялы - план мясцовасці і планы паверхаў са звесткамі аб прызначэнні кожнага памяшкання. Аналіз гэтых матэрыялаў дазваляе сцвярджаць, што менавіта ў 70-я гг. адбылася значная перапланіроўка збудавання, якая прывяла да зменаў яго ўнутранага, а таксама вонкавага выгляду - будынак стаў больш «свецкім» і рэпрэзентатыўным. Закладка галерэі, што праходзіла па ўсходнім фасадзе, была зробленая, хутчэй за ўсё, у апошнія гады 19 ст. У запісцы13 да праекта рэстаўрацыі калегіума, складзенай прафесарам архітэктуры П.Пакрышкіным, які прыехаў у Пінск з Санкт-Пецярбурга, адзначаецца: «...пажадана раскрыць аркі з усходняга боку, як было ў старажытнасці». Аўтар праекта лічыў таксама неабходным аднавіць на кляштарным корпусе «форму даха з франтонам, слупамі і аркамі на гарышчы». Угнутасць даху, на думку архітэктара, адбылася з прычыны «ўсадкі і разбурэння будынка, адхіленне вонкавай сцяны патрабуе абавязковай разборкі скляпенняў у келлях».
На жаль, нягледзячы на аўтарытэтнасць абедзвюх камісій, іх прапановы не рэалізаваліся з-за адсутнасці сродкаў. (Забягаючы наперад, можам з жалем канстатаваць, што праз 80 гадоў з гэтай жа прычыны праект рэстаўрацыі будынка беларускімі спецыялістамі таксама не быў цалкам рэалізаваны.) У 1919 годзе будынкі езуіцкага кляштара зноў перайшлі да экс-езуітаў. На пачатку 20-х гг. кіраўніцтва ордэна вырашыла правесці рамонтныя работы будынка калегіума: былі пераробленыя франтоны на паўночным, усходнім і заходнім фасадах, адрамантаваныя дымаходы, ліквідаваная прыбудова з боку заходняга фасаду, праведзены атынковачныя работы. Будынак канчаткова набыў тое аблічча, якое мы бачым сёння. У 1920-х гг. адначасова з рамонтам калегіума ішла рэканструкцыя агароджы, а з усходняга боку будавалася новая ўваходная брама. Будынкі флігеля захаваліся да нашых дзён, Г-падобны дом, які ў дакументах называецца «Новы (вялікі) свет», пасля выгнання езуітаў перайшоў да Адукацыйнай камісіі: старажытнае збудаванне, ужо ў перайначаным выглядзе, існавала да 1888 г. і, на жаль, так і не даследаванае, было разабрана ў сувязі з кепскім тэхнічным станам. У 1939 годзе адна з вежаў касцёла, дзе знаходзіўся снайпер, што страляў па салдатах Чырвонай Арміі, якія ўвайшлі ў горад, была пашкоджаная. У гады Вялікай Айчыннай вайны моцна пацярпеў інтэр'ер касцёла. Самая вялікая з святыняў ВКЛ патрабавала рэстаўрацыі, але кіраўніцтва рэспублікі і горада прыняло іншае рашэнне: у 1956 г. касцёл узарвалі. Тады ж разабралі і агароджу кляштара. У пасляваенны час былы езуіцкі калегіум перадалі вайсковаму ведамству, а пазней у ім размясціліся адміністрацыйныя арганізацыі і карцінная галерэя. Пасля завяршэння рэстаўрацыі ў 1995 годзе ў будынку калегіума знайшоў прытулак унікальны Музей Беларускага Палесся14. Трохпавярховы корпус калегіума з высокім дахам мае тры франтоны. Цяжка вызначыць, які фасад галоўны - паўночны, усходні або заходні: як бы павярнуўшыся «спіною» да ракі, калегіум звяртаецца да жыхароў і гасцей горада, запрашаючы ўсіх палюбавацца яго магутнасцю і веліччу. Пінскі езуіцкі калегіум - першая навучальная ўстанова ў палескім краі, якая стала хутка вядомай праз актыўную дзейнасць езуітаў. Будынак ужо праз некалькі гадоў пасля адкрыцця не змяшчаў усіх ахвотных вучыцца. Езуіты прымалі ў свае школы і дзяцей шляхты, і дзяцей з ніжэйшых саслоўяў. Магчыма спрошчана, але па сутнасці правільна выказвае сваю думку пра іх перспектывы гісторык А.Гажалчынскі: «...першыя мелі прызначэнне ў будучыні дапамагаць ордэну матэрыяльна, другія - адукоўваць будучых членаў ордэна». Вядома, што сярод навучэнцаў езуіцкай школы-калегіума было шмат таленавітай моладзі, якая пакінула значны след у многіх галінах гісторыі, філасофіі, мовазнаўства і іншых сферах дзейнасці. Адным з выпускнікоў 1748 г. быў Адам Нарушэвіч, слынны польскі паэт, гісторык, выкладчык і рэлігійны дзеяч. Ён сабраў 230 тамоў археаграфічных крыніцаў, сярод якіх шмат дакументаў беларускага паходжання. У яго працах нямала карыснай інфармацыі па гісторыі Пінска. У рукапісных дакументах ёсць сведчанні пра тое, што з 1726 года пры касцёле Станіслава існавала брацтва «Добрай смерці». У 20-40-я гг. 18 стагоддзя пры езуіцкім кляштары працавала друкарня, у якой выдаваліся кнігі на лацінскай і польскай мовах пераважна духоўнага зместу (напрыклад, у 1735 г. выйшла кніга «Казанні Пятра Скаргі»). Вядома, што пры пінскім кляштары быў створаны школьны тэатр: так, у дзень урачыстага святкавання кананізацыі святых Косткі і Алойза ў яго будынку збіралася шляхта, якая глядзела драматычную дзею, прысвечаную святым. У пінскім калегіуме знаходзілася вельмі багатая бібліятэка. Мясцовыя жыхары расказваюць, што старажытныя рукапісы, рарытэтныя выданні і іншыя каштоўнасці, якія фармавалі бібліятэчны фонд, у 1940 г. былі вывезеныя ў Ленінград. Кіраўніцтва ордэна не шкадавала сродкаў для ажыццяўлення сваіх задачаў: у калегіуме ўсё было заклікана для таго, каб уражваць чалавечае ўяўленне і ўздзейнічаць на пачуцці. Класы, калідоры, капліцу і трапезную ўпрыгожвалі скульптурныя творы, каштоўныя абразы і партрэты фундатараў. Ёсць думка, што ў будынку знаходзіўся насценны жывапіс, у прыватнасці, у калідоры і ў адкрытай галерэі, якая праходзіць па першым паверсе ўсходняй і заходняй лініі калегіума. Сёння з усяго комплексу пінскага езуіцкага кляштара захаваўся толькі адзін будынак, які ўражвае сваімі памерамі і веліччу. Ён маляўніча вызначае сілуэт Пінска, замацоўвае сістэму гістарычнай планіроўкі цэнтра горада. У 1953 годзе Пастановаю Савета міністраў БССР № 625 ад 18 мая будынак езуіцкага калегіума ўзяты пад дзяржаўную ахову.
|
|
|