|
|
№
3(9)/1999
На кніжнай паліцы
Да юбілею 2000 Года
Мастацтва
Роздум аб веры
Нашы святыні
Паэзія
Архітэктура
Проза
Haereditas
Замежныя вандроўкі
На кніжнай паліцы
Традыцыя
|
Хрысціянскія матывы ў беларускім кіно Кінематограф, які нядаўна адзначыў сваё стагоддзе, на працягу ўсяго свайго існавання звяртаўся да пытанняў веры, да таго ці іншага трактавання Бібліі і Божых запаведзяў. Многае ў экраннай практыцы было супярэчлівым. Было і тое, чаго наогул не прызнавала хрысціянская традыцыя (у тым ліку — адлюстраванне святога вобраза Езуса Хрыста). Аднак практычна ўсе буйныя майстры экраннага мастацтва так ці інакш у сваіх найбольш значных творах увасаблялі ў вобразнай форме ідэі хрысціянства, гаварылі пра неабходнасць пакаяння дзеля выратавання душы, пра пераадоленне спакусаў. Гэта тэмы фільмаў рускіх рэжысёраў Сяргея Эйзенштэйна («Іван Грозны»), Андрэя Таркоўскага («Андрэй Рублёў», «Ахвярапрынашэнне»), Івана Пыр’ева («Браты Карамазавы»). У польскім кіно да праблемаў веравызнання не раз звярталіся рэжысёры Анджэй Вайда, Кшыштаф Занусі, у італьянскім — Федэрыка Феліні, Лукіна Вісконці, у шведскім — Інгмар Бергман, у амерыканскім — Дэвід Уорт Грыфіт. Вышыні сустветнага кіно нараджаліся ў складаных духоўных пошуках. Час атэізму наклаў адбітак на трактоўку праблемаў веры ў кіно, разбуральна ўздзейнічаў на свядомасць, духоўнае самавызначэнне чалавека. Індустрыя «масавай культуры» з яе разбэшчанасцю і адмаўленнем усіх запаведзяў, культам жорсткасці, эротыкі і парнаграфіі актыўна садзейнічала распаду маралі. Сёння яе націск значна павялічыўся праз новыя тэхналогіі, але нарастае і хваля духоўнага супраціўлення. Ідзе несупыннае навяртанне да Бога, да Бібліі, да рэлігіі. Экран, у тым ліку беларускі, садзейнічае гэтаму, асабліва ў сферы відэакультуры. У 90-я гады з’явілася шмат фільмаў хрысціянскай тэматыкі. Яны адрасаваныя і вернікам, і тым, хто шукае веры. Асабліва важнае месца ў кіно апошняга дзесяцігоддзя заняў вобраз Крыжа як сімвала перамогі жыцця над смерцю і царствам пекла. «Не смерць на крыжы перамагла Збаўцу, а Хрыстус праз Крыж перамог смерць. Для нас Крыж — гэта тая адзіная сіла, якая аб’ядноўвае Зямлю з Небам, таямнічы мост, перакінуты праз бездань, па якому чалавек набліжаецца да Боства. Для нас Крыж і Уваскрэсенне непадзельныя»1. Як вядома, у ІV ст. імператар Канстанцін пабудаваў храм Уваскрэсення Гасподня, дзе знаходзяцца галоўныя святыні хрысціянскага свету — Галгофа і Грабніца Хрыста. Галгофскі крыж, падзелены на часткі, захоўваецца ў розных хрысціянскіх краінах. Большая яго частка — у алтары Ерузалемскага храма Уваскрэсення Гасподня, які католікі з часоў крыжовых паходаў называюць храмам Грабніцы Гасподняй.
У беларускім кіно ёсць своеасаблівы фільм, дзе вобразы Езуса Хрыста, Галгофы, Крыжа ўвасоблены сродкамі графікі. Гэта анімацыйны фільм Таццяны Жыткоўскай «Сын чалавечы» (1995), у якім расказваецца пра апошнія дні зямнога шляху Збаўцы. У мастацкім фільме рэжысёра Дыямары Ніжнікоўскай «Крыж міласэрнасці» (1995), знятым па аднайменным рамане пісьменніцы Валянціны Коўтун, паказаны пакутлівы і ахвярны шлях жыцця беларускай пісьменніцы Цёткі (Алаізы Пашкевіч). Яе крыж — выратаванне безнадзейна хворых людзей. Мастацкі тэлефільм В.Басава «Крыж на зямлі і поўня ў небе» па аповесці В.Карамазава — гэта гісторыя духоўных пошукаў выдатнага беларускага мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. «Крыж ля дарогі» (1994) — гэтак называецца дакументальны фільм Сяргея Галавецкага пра старадаўні звычай беларускіх сялянаў ставіць на скрыжаванні дарог вялікія драўляныя крыжы, убраныя рушнікамі. Гэта — праява імкнення людзей праз зварот да крыжа, праз малітву шукаць Божай дапамогі ў цяжкія моманты жыцця. У мастацкім фільме «Знак бяды» (1986) рэжысёра Міхаіла Пташука, знятым па аповесці Васіля Быкава, ёсць сімвалічны кадр: хутаранін Пятрок стаіць сярод поля ля вялізнага драўлянага крыжа, які ён сам зрабіў і паставіў на магілцы сына. У яго вялізнае гора, постаць яго схіленая, яго цягне ўніз, да зямлі, але крыж, здаецца, дае яму сілы, атуляе Боскай любоўю... Пераход ад язычніцтва да хрысціянства паказаны ў мастацкай форме ў відэафільме-спектаклі «Звон не малітва» (1997), знятым рэжысёрамі Генадзем Давыдзькам і Таццянай Кіракозавай паводле спектакля тэатра імя Янкі Купалы. У аснове яго — п’еса Івана Чыгрынава, у якой паказаны цяжкасці станаўлення хрысціянства ў барацьбе з язычніцтвам і перамогай над ім. Усё большае месца ў беларускім кіно займаюць вобразы гістарычных асобаў, звязаных і з лёсам сваёй Радзімы, і з гісторыяй хрысціянства. Першы такі вобраз — княгіня Рагнеда, жонка кіеўскага князя Уладзіміра. Яе жыццёвы шлях быў драматычным і горкім, але і велічным. Сёння яе вобраз трывала ўвайшоў у мастацкую культуру краіны. Балетмайстар Валянцін Елізар’еў на сцэне Вялікага Тэатра оперы і балета Беларусі паставіў балет «Страсці (Рагнеда)», дзе паказана, як ад чалавечых жарсцяў (абурэння несправядлівасцю, здрадаю, жорсткасцю) Рагнеда ўзнімаецца да разумення хрысціянскіх запаветаў аб цярплівасці і дараванні ў імя хрысціянскай любові да бліжняга. Віктар Шавялевіч зняў аднайменны тэлефільм (1995) паводле гэтага балета. У сваім дакументальна-мастацкім цыкле «Да вас, сучаснікі мае», «Прыйдзі і віждж», «Пастка для зубра» ён паказвае станаўленне хрысціянства ў славянаў, духоўныя пошукі гістарычных асобаў і сучасных людзей. Акцёры ўвасабляюць вобразы Рагнеды, Еўфрасінні Полацкай, вялікіх князёў Вітаўта і Ягайлы. А побач з імі, побач са здымкамі гістарычных мясцінаў, храмаў, палацаў і музейных рарытэтаў, зняты і нашы сучаснікі, якія сёння ўвасабляюць вышыні духоўнасці... Еўфрасінні Полацкай прысвечаны шэраг дакументальных стужак, знятых беларускімі дакументалістамі ў 90-я гады. Сярод іх «Полацкая пячатка» Л.Броўтмана (1979), дзе зняты Сафійскі сабор і Свята-Праабражэнская царква (царква Святой Еўфрасінні); «Еўфрасіння Полацкая» (1994) Вольгі Моракавай; «Сафія» (1995) В.Шавялевіча; «Запавет Еўфрасінні» (1997) Станіслава Гайдука. Полацк — адно са святых месцаў хрысціянства, і сёння яго найчасцей здымаюць кінематаграфісты. У 1996 г. В.Шавялевіч стварыў фільм «Полацкая Сафія». У фільме «Сафія Полацкая» (1998) рэжысёр Віталь Чацверыкоў таксама зняў каменны архітэктурны помнік старажытнай Беларусі. У карціне Уладзіміра Кавалёва «Усяслаў Чарадзей» расказваецца пра Полацкае княства ХІ—ХІІ стст., калі быў пабудаваны храм Святой Сафіі. Фільм «Зорка Афанасія» Міхася Князева расказвае пра праваслаўнага святога Афанасія Філіповіча. Шляхі хрысціянства на Беларусі звязаны з імёнамі вялікіх беларускіх асветнікаў. У тым ліку з імем Францыска Скарыны. Пра яго яшчэ ў 70-я гады быў зняты фільм «Я, Францыск Скарына», у якім галоўную ролю сыграў Алег Янкоўскі. У дакументальнай стужцы «Кнігі і кветкі. Адкрыццё помніка Францыску Скарыны ў Празе» (1996) рэжысёр Юры Гарулёў рэпартажна зняў урачыстасці, звязаныя з ушанаваннем у Празе памяці беларускага асветніка і першадрукара, які данёс да народа Слова Божае ў сваіх першых друкаваных кнігах. Тэолагу і рэлігійнаму рэфарматару, асветніку Беларусі ХVІ ст. прысвечаны фільм «Сымон Будны. Паэма» (1995) Мікалая Князева. Беларусь вядомая сваёй талерантнасцю да розных канфесіяў, сваёй верацярпімасцю і міралюбствам. У карціне Ірыны Волах «Шэрае, блакітнае, крыху зялёнага...» (1996) расказана гісторыя горада Валожына, яго храмаў, у якіх маліліся вернікі розных канфесій. Карціна Сямёна Шчаглова «Беларускі Ерусалім» (1995) апавядае пра лёс яўрэяў, якія нарадзіліся на Беларусі, але перасяліліся ў Ізраіль.
У фільме «Благавест. Драўлянае дойлідства Беларусі» (1998) рэжысёр Юры Ялхоў любоўна і паэтычна, у шматколернай гаме, у асяроддзі прыгожых пейзажаў паказаў драўляныя храмы Беларусі. Цэрквы і касцёлы тут — і гістарычныя помнікі, і месцы набажэнстваў.
У фільме «Званар» (1998) Аляксандра Анісімава паказана жыццё і духоўнае служэнне манахіняў у магілёўскім Свята-Нікольскім жаночым манастыры. У некаторых фільмах аўтары імкнуцца зразумець шлях да служэння Богу. У фільме Яўгена Росцілава «Андрэй Бандарэнка. Узрост душы» (1998) святар Каложскай царквы (былы музыкант) расказвае пра сваё духоўнае пакліканне. «Многа званых, але мала прызваных», — кажа ён. У фільме зняты набажэнствы, абрады вянчання, хрэсьбінаў, пахавання. Вельмі прыгожыя здымкі самой Каложскай царквы на фоне квяцістай прыроды. Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр зняты ў фільмах «Кола свету» (1993) Віктара Шавялевіча; «Мальба» (1996) Валерыя Шышова; «Жыровічы тут» (1998) Антона Войніча. Крыжы на могілках узнікаюць на экране і як сімвалы яднання душаў жывых з тымі, хто адышоў ад нас, і горкай, светлай памяці пра іх. У фільме «Забораўна» (1995) рэжысёр Сяргей Пятроўскі зняў вёску на Ушаччыне, дзе на могілках засталіся крыжы пасля Афгана. «Жылі-былі людзі...» (1991) — гэтак называецца карціна Валерыя Жыгалкі пра былых жыхароў Чарнобыльскай зоны, якія раз на год прыязджаюць на вясковыя могілкі, каб наведаць магілы родных, сваякоў. Мясцовы святар адпраўляе набажэнствы. Людзі моляцца, успамінаюць кожнага, каго ўжо няма з імі... Для хрысціянаў вера ў Хрыста-Збаўцу, у жыццё вечнае — аснова светаўспрымання, таму пытанні быцця і смерці для іх афарбаваны пачуццём любові да Усемагутнага Бога і да людзей. Роздумам пра вечнае адметны фільм Валерыя Жыгалкі «Калі мяне не стане...», у якім герой — пісьменнік Валянцін Тарас — разважае пра адносіны людзей да смерці, да ўшанавання памяці продкаў, з болем гаворыць пра разбурэнне крыжоў і помнікаў на могілках, пра хворыя чалавечыя душы. Аб гэтым жа расказвае рэжысёр Уладзімір Дашук у карціне «Грэх». «Герой» гэтай стужкі — малады хлопец, які раскопваў магілы, каб забраць у памерлых іх святыні: крыжы, ордэны, ружанцы. Ён не разумее свайго граху. Ён толькі разважае пра тое, што ў католікаў можна ўзяць больш «рэчаў», чым у праваслаўных. Гэты фільм — фіксацыя страшэннай з’явы: пагібелі душы. Пакаянне да героя не прыходзіць. Памяць аб продках — гэта і малітва за іх душы. У фільме «Імша па Купалу» (1993) рэжысёр Уладзімір Бокун зняў набажэнствы ў праваслаўных і каталіцкіх храмах у 50-годдзе з дня смерці Янкі Купалы (галоўная Імша адбывалася ў радашковіцкім касцёле, дзе быў ахрышчаны малы Ян Луцэвіч). У карціне Міхася Жданоўскага «Арганы Беларусі» (1995) апавядаецца пра нашу вялікую духоўную спадчыну — арганы, што засталіся ў касцёлах Беларусі з мінулых стагоддзяў. Адзін з арганістаў, Станіслаў, расказвае, што ў маладосці ён рабіў усю вясковую працу, але бацькі вырашылі вучыць яго на арганіста, і цяпер ён не ўяўляе сваё жыццё без арганаў. Жанчына, якую пасля смерці мужа-арганіста кабеты ўпрасілі замяніць яго, расказвае, як яна пакрыху вывучылася граць. Аўтары фільма згадваюць гісторыю арганаў на Беларусі ў мінулыя стагоддзі і сёння. На экране — беларускія арганы, зробленыя ў стылі позняга барока, ракако, у іх бачны стыль рамантызму. Сярод славутых арганістаў — Адам Мацяшкоўскі, Язэп Фолк, Станіслаў Манюшка. У беларускіх арганах ХVІІІ ст. адчуваецца ўздзеянне культуры фламандцаў і французаў. У кожнага народа сваё ўяўленне пра арганы: для немцаў ён — нібы жанчына, для англічанаў — мужчына, для беларусаў — вобраз сям’і. «Аvе Маria» — велічна і пранікнёна гучыць пад вокнамі касцёла. Гучаць арганы... Абуджэнне душы, выратаванне яе — тэма фільма «Свечка на пагорку» (1998) Міхася Жданоўскага. Яго маладыя гераіні — асуджаныя дзяўчаты (навучэнкі спецыяльнага тэхнічнага вучылішча № 1 у Петрыкаве). У дзяўчатаў зламаны лёс, за іх плячыма — злачынствы. Святар імкнецца дапамагчы іх пакаянню, знайсці месца для Бога ў іх душах. Шлях да выратавання пазначаны ў фільме Рэнаты Грыцковай «Хутка летца мінецца...» (1987). Гераіні карціны — немаладыя вясковыя жанчыны, што жывуць у далёкіх малых вёсачках у Бярэзінскім запаведніку. Паблізу няма храма, і яны збіраюцца разам у адной з хатаў. У іх ёсць Біблія, царкоўныя кнігі. Яны разам моляцца, душэўна дапамагаюць адна адной. Гэта драматычны і светлы фільм. У кінастужцы «Малітва» (1998) рэжысёра Юрыя Гарулёва апавядаецца пра адраджэнне касцёла ў расійскім горадзе Тамбове. Фільм быў адзначаны Гран-пры ў Польшчы на 30-м Міжнародным фестывалі «Непакалянаў-98», арганізаваным каталіцкім кінааб’яднаннем імя Максіміліяна Кольбэ. У дыпломе журы запісана: «Фільм з’яўляецца вялікім і хвалюючым сведчаннем паводзінаў і стасункаў людзей, умацаваных у Веры, Любові, Надзеі на Бога». Заслугоўвае ўвагі яшчэ адзін фільм гэтага рэжысёра —«Mater Misericordia» (1997) пра трагічны святарскі і чалавечы лёс ксяндза кардынала Казіміра Свёнтка. У апошнія гады праводзяцца фестывалі, спецыяльныя паказы хрысціянскіх фільмаў у рамках больш шырокіх мерапрыемстваў ці на спецыяльных кінапраграмах. Сярод фільмаў найбольш значныя — «Беларусь. Свята праваслаўя» (1992) Валерыя Кавалёва (пра 1000-годдзе праваслаўнай Царквы — святкаванне ў Беларускай і Польскай епархіях). У карціне «Магутны Божа» (1993) Міхася Жданоўскага апавядаецца пра Міжнародны фестываль духоўнай музыкі ў Магілёве. Фільм «Кон аніма («З душою»), створаны ў 1992 г. гэтым жа рэжысёрам, паказвае глыбокую адухоўленасць выканання духоўнай музыкі Мінскім камерным хорам пад кіраўніцтвам Ігара Мацюхова. Фестываль праваслаўных і славянскіх фільмаў «Залаты віцязь», які ўжо некалькі гадоў праводзіцца на Беларусі, дае магчымасць пазнаёміцца з рэлігійным жыццём у сучасным грамадстве. Мінск даваенны занатаваны ў шэрагу беларускіх стужак 20—30-х гадоў. У кадрах фільмаў «Каліноўскі» Уладзіміра Гардзіна і ў фільме «11 ліпеня» Эдуарда Аршанскага бачна, колькі храмаў — цэркваў і касцёлаў — было ў тагачасным Мінску. У першым беларускім «доўгім-доўгім» тэлесерыяле (33 серыі) «Пракляты ўтульны дом» (1998) Уладзіміра Арлова па рамане Стэфана Жаромскага «Вечная рака» значнае месца займаюць два ксяндзы — стары і малады, якія ўплываюць на хаду падзей. Кансультантамі фільма былі святары мінскіх касцёлаў.
Экран і вера — тэма глыбокая і шматгранная. Лепшыя фільмы на тэмы хрысціянства служаць духоўнаму ачышчэнню чалавека. Яны даюць працу нашай душы, вучаць жыць паводле Божых законаў.
|
|
|