|
|
№
3(9)/1999
На кніжнай паліцы
Да юбілею 2000 Года
Мастацтва
Роздум аб веры
Нашы святыні
Паэзія
Архітэктура
Проза
Haereditas
Замежныя вандроўкі
На кніжнай паліцы
Традыцыя
|
Аd Gloriam! Мелодыя ўзносіцца ў неба. Высокая, чыстая, лёгкая. І здаецца: промні святла сыходзяць ад таго Абсалюту, што тоіцца ў глыбіні духоўнай існасці кожнага з нас і імкнецца да Бога. І адбываецца душэўная падзея, тое насычэнне душы Боскім, што выдае ўражаннем - сама Гармонія створанага Першатворцам светапарадку і светапогляднасці выяўляецца ў гэтых гуках. Гукі ўваходзяць у нейкі мройны, містычны і адначасова пэўна вызначаны кантакт з такой фізічнай рэальнасцю, як бажніца Святога Ламбэрта ў Мюнстары. І двое музыкаў, безумоўна, адчуваюць гэта, прыйшоўшы да сценаў святыні. Імправізацыйная дынстынктоўнасць іх бемоляў і дыезаў відавочна падмацоўваецца, аднак, уяўленнем: яны вядуць толькі сваю партыю. Асноўнае ж - andante maestoso1 ad majorem Dei Gloriam2 пазначана ўнутраным слыхам. Аd Gloriam Dei - на хвалу Пана Бога - нібыта нячутны харал, магутны спеў, так бы мовіць, «тэрыторыі духу» (Б.Пастарнак): узвышанай готыкі сабору, яго шматзначных вітражоў, манахромна спакойных яго муроў; нячутная музыка ўсяго, што непадалёк бажніцы: велічна ўраўнаважанай катэдры ў раманскім стылі; ансамблевай забудовы вакол святыняў; непадробна прыгожага гістарычнага цэнтра Мюнстара.
Душа Сярэднявечча, увасобленая ў камені... Калі мастацтва будаваць ператварылі ў навуку, архітэктара называлі «magister lapidem» - магістр каменнай будовы. Калі сакральнасць сэнсу выяўлялася як ланцуг вобразаў, трансфармаваных у камені, а біблійная сімволіка пазначала жывую сутнасць культуры. Мы толькі што спрычыніліся да таямніцы Эўхарыстыі, што злучае кожнага верніка з вечна жывым Збаўцам. І свет успрымаецца ў неад'емнай залежнасці сэнсавых судачыненняў і неабходнасцяў. Вышэйшыя сутнасці нібыта набліжаюцца да нас - зрокава выяўленыя, пазначаныя абрысамі святыняў. Мы - чацвёра каталікоў з міжканфесійнай групы з Беларусі, што бралі ўдзел у Міжканфесійным дыялогу ў Вестфаліі: вядомая беларуская пісьменніца, рэдактар дзіцячага каталіцкага часопіса «Маленькі рыцар Беззаганнай» Ірына Жарнасек; навуковец і журналіст, супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі і літсупрацоўнік часопіса «Спадчына» Уладзімер Ляхоўскі; законнік-марыянін брат Вячаслаў Пялінак МІС і аўтар гэтых радкоў. ...Высокія хвіліны... Таямніца камяніцаў, прастора сублімаваных у архітэктурныя формы задумаў, пазначаных Божым Наканаваннем... ...Брукаванка, што памятае розныя дні зямлі Westfallen - Вестфаліі. Брукаванка, па якой спяшаемся мы, вандроўнікі з Беларусі... Наперадзе - наш добраахвотны гід, брат Вячаслаў Пялінак МІС. Лёгкі, спрытны, ён ледзь не ляціць над брукаванкаю Мюнстара. Падобна, пракідвае ў сваёй памяці, свядомасці нешта з вышэйшага свету ісцінаў, што-небудзь накшталт высноваў «райскага саду ідэй» («Іdeenparadis»), паводле Наваліса, а нам пазначае канкрэтыку выяўленчых фактаў. Законнік-марыянін - у ім яшчэ жывая паэзія «ранішняй гадзіны» (Наваліс) - і пэўна выяўлены сакральная ўпэўненасць і сталасць паклікання, адухоўлены імпэт прамоўніка казанняў, місіянера, што мае трывалыя веды і прагне імі падзяліцца. Ён з радасцю распавядае ледзь не пра кожную дэталь збудаванняў, кожную постаць барэльефаў, кожную выяву створанага ў імя Бога і з ласкі Божай. Мы слухаем, дадаем нешта сваё. Слухаем маналог Хараства. Перажываем высокія імгненні прадчування светлай урочыстасці Боскай... Тут, у Мюнстары... Адштурхоўваючыся ад празаізму і мітусні вуліцаў. У Дортмундзе - калі крочым па яго бажніцах, імкнучыся адстароніцца ад прыземленага прагматызму штодзённасці. Калі падымаемся на званіцу бажніцы Святога Райнольдзі, калі пазбаўляемся ілжывых жыццёвых сэнсаў, адчуваючы высокую эстэтыку формы - у перагуку званоў, у магічнай энергетыцы і прыцягальнасці гэтага залатога россыпу гукаў, аднолькава блізкага і католікам, і нашым сябрам - праваслаўным: Марыне Шырокавай, Івану Чароту, Міколу Матрунчыку, Алесю Шаўчуку. І, падобна, відавочна і слыхава - класічны гэты перазвон спрыяе экуменічным настроям: выканаўчы дырэктар Беларускай рэдакцыі Транссусветнага радыё, працу якога ажыццяўляюць евангельскія хрысціяне-баптысты, Сцяпан Пекун запісвае на магнітафон голас бажніцы, і час ад часу ў нашай вандроўцы мы чуем знаёмыя перагукі званоў... ...Перачытваю першыя старонкі, і мільгае думка: мабыць, у маім аповедзе шмат суб'ектыўнага, але ж знак прыватных уяўленняў у такіх нататках - непазбежны. Хаця, маю надзею, гэта знак Dei volente - волі Божай. Labore 0mus! Дзеля Міжканфесійнага дыялогу, як было згадана, у Дортмунд - цэнтр зямлі Вестфалія прыехала дэлегацыя з Беларусі, якую склалі католікі, прадстаўнікі праваслаўнай артадоксіі і евангельскія хрысціяне-баптысты. З Божай ласкі тых, хто ладзіў і імпрэзу, прапанавалі нам усім раскладам: «Laboremus!» - «Будзем працаваць!» Працаваць у супольнасці з Экуменічным таварыствам, Таварыствам хрысціянскіх цэркваў, Каталіцкім цэнтрам, Евангелісцкай суполкай. З прадстаўнікамі ўсіх хрысціянскіх канфесіяў. Калі мець на ўвазе канкрэтных асобаў, дык гэта найперш пастары Юдзіт Пальм (жанчыны-пастары - вынік новых павеваў у апошнія дзесяцігоддзі ў евангелічнай і англіканскай Цэрквах). І - доктар Альф Зайпель, што быў з намі неадменна, ад першага да апошняга дня. Гэта ўсё людзі, якія даўно апякуюцца канкрэтнымі канфесійнымі сувязямі ў Беларусі. Юдзіт Пальм мінулы год была ў Мінску. Працавала ў Міжнародным адукацыйным цэнтры. Імкнулася і імкнецца даць імпульс экуменічнай працы, пашырыць яе арэалы. Цяпер яна займаецца праблемамі экуменізму ў Іспаніі. Аднак не страчвае сувязі з Беларуссю. Пастар доктар Альф Зайпель непахісна прытрымліваецца праграмы і цвёрдай рэгламентацыі: расклад ёсць расклад. Вызначаны Міжнародным адукацыйным цэнтрам горада Дортмунда ў Кірхенкрайс - Заходні Дортмунд. Менавіта дзякуючы запрашэнню гэтага цэнтра адбываецца наша вандроўка. Супрацоўнік Міжнароднага адукацыйнага цэнтра, каардынатар нашай групы Алесь Шаўчук, які мае вопыт працы ў Дортмундзе, праваслаўны, сябра Брацтва Трох віленскіх мучанікаў, арганізуе, вынаходзіць, дапасоўвае. І дапамагае пры выпадку знайсці патрэбныя слоўныя і семантычныя эквіваленты нашай перакладчыцы - Святлане Аляніцкай. Святлана ж не проста добрасумленна, а часам нават самаахвярна перакладае - былі дні, калі з самага ранку да позняга вечара: розная праблематыка, розныя людзі, складаная стылістыка і няпросты лексікон. «Laboremus!» Мы ўспрынялі гэты нікім не агучаны, але нібыта бясслоўна абвешчаны прынцып, дадаўшы да яго - таксама пра сябе - дэвіз заснавальніка ордэна бенедыкцінцаў Бенедыкта Нурсіа: «Ora et labora!» - «Маліся і працуй!» І імкнуліся падпарадкоўвацца гэтаму закліку. Нават перад ад'ездам з Дортмунда мы змаглі прыняць удзел Святой Імшы ў адной з мясцовых каталіцкіх святыняў, дарогу да якой нам пазначылі гаспадар той хаты, дзе месціліся мы з Ірынай Жарнасек, каталіцкі дыякан Бэда Брайдунг і яго жонка фрау Рэгіна, а таксама іх суседка, былая грамадзянка былога Саюза Маргарэт Мандау. А тамтэйшы святар блаславіў нас у дарогу. Ну, а ўмовы для працы ў Вестфаліі былі створаныя адменныя. Нават нельга было зразумець - адкуль узнік стэрэатып пра стрыманую гасціннасць немцаў. Увага, добразычлівасць, спакойная злагада. Прыдатнае жытло для гасцей (былі выключэнні, аднак яны, як вядома, толькі пацвярджаюць правіла), выдатнае харчаванне: усё свежае, смачнае... У перапынках паміж пасяджэннямі і на іх - кава, сокі. Ну, а высакародную, шчодрую гасціннасць евангелісцкага пастара Франка Чэнчэра беларусы будуць памятаць доўга. Што датычыць непасрэднай працы, дык нашы гаспадары найперш інфармацыйна «ўгрунтавалі» нас у мясцовасці, завёўшы ў першы ж дзень у ратушу Дортмунда. Памочнік бургамістра Эккарт Ральс правёў нас па шыкоўнай мадэрновай будове. Аграмадны, светлы бюргерхалле - грамадзянская зала, дзе адбываюцца выставы, канцэрты, абрады шлюбаў. Шкляны купал, лёгкія люстры, галерэі... Раатзалле - зала для паседжанняў. Тут збіраецца Савет Дортмунда, у якім асноўныя галасы належаць партыі ХДС (хрысціянска-дэмакратычнага саюзу), хаця, як сцвярджаюць гаспадары, у палітыцы канфесійная прыналежнасць значэння не мае. Эккарт Ральс сведчыць яшчэ раз пра тое, што мы пэўна бачылі на свае вочы. Дортмунд - гэта ўжо не шэры гаршчок з вугалем, жыхары якога малілі Бога, каб ён зрабіў неба над горадам блакітным. Зноў жа - стэрэатып, да якога мы прызвычаіліся: Рурскі каменнавугальны басейн, сталеліцейныя заводы, дым, смог. Усё гэта - у мінулым. Разбураны падчас вайны горад паўстаў зялёны, увесь у кветках. Некалькі вёсак паяднаныя ў адзін горад - і Дортмунд мае ўсе перавагі горада ў спалучэнні з усімі дабротамі вёскі: катэджы, лесапаркі, дзе выдатна адчуваюць сябе і людзі, і вавёрачкі, і зайцы. Міжволі вяртаешся думкаю да нашых гарадскіх экстэр'ераў... І ландшафты ў нас не горшыя, і Бог не пакрыўдзіў - зеляніны, лясоў... Хараство... А мы ж так умеем засмеціць тое хараство... Але гэта - асобная размова... Вернемся ў Дортмунд. У ратушу. Асобая, вызначальная канцэпцыя існавання ратушы Дортмунда - дом адчыненых дзвярэй. Бюргерхалле - месца яднання жыхароў незалежна ад веравызнання, маёмаснага статусу, сацыяльнага становішча. Асноўная канцэпцыя існавання Каталіцкага цэнтра, што знаходзіцца непадалёк ад Ратушы, - стварэнне каталіцкага форуму: для каталікоў, для евангелістаў, для тых, хто не верыць. У аснову пакладзены ідэі святога Францішка з Асізі: несці казанне ў народ, быць разам з народам, вяртаць людзей да маральных і інтэлектуальных вытокаў хрысціянства. У Каталіцкім цэнтры - 1.000 пазаштатных супрацоўнікаў і 150 - штатных. Што датычыць штатнага персаналу, то ён павінен адпавядаць самым высокім патрабаванням: адукаванасць, эрудыцыя, наяўнасць асаблівага дару сейбітаў высокай прасьвяды. У Цэнтры арганізаваны розныя рэлігійныя курсы, існуюць размаітыя кансультацыйныя пункты, функцыянуе Каталіцкі клуб. Увогуле Каталіцкі цэнтр - духоўна-культуровы аазіс у горадзе, адно з самых прыгожых мясцінаў Дортмунда, дзе паядналіся сучаснасць і старажытнасць. Тут знаходзіцца і Пробстайн - архікатэдра, галоўны касцёл, што аб'ядноўвае 70 каталіцкіх парафіяў. (Дарэчы тут зазначыць, што колькасць каталіцкіх і евангельскіх суполак у Дортмундзе прыблізна аднолькавая.)
1200-ты - год яе заснавання... Спалучэнне готыкі і раманскага стылю... Два самыя старажытныя алтары... Подых эпохаў... І побач - крамы, склепікі гандляроў кнігамі (між іншым, не відаць таннай макулатурнай «прадукцыі», што засмеціла ўсе нашы кніжныя прылаўкі)... Кавярні пад адкрытым небам... Папахадзіць бы, сузіральным вокам спакойна агледзець, падумаць... Але ў нас праграма... Цікавая... Пра гэта думаецца, калі з вышыні званіцы касцёла святога Райнольдзі глядзіш на Дортмунд. Горад, што, як і ўвесь край Вестфалія, як уся Германія, зведаў розныя часы. Немцы памятаюць іх. Вучоныя і тэолагі спрабуюць тлумачыць падзеі даўняй і нядаўняй гісторыі, сыходзячы з таго пастулату, што «хрысціянская вера, імкнучыся да «Я» Хрыста, сцвярджае Яго, як Таго, у кім тоесныя асоба і справа» (Ё.Ратцынгер). Асоба і справа Асоба і справа - недзе ў гэтым кірунку адбываецца міжканфесійны дыялог у Вестфаліі. І тады, калі нам чытаюць лекцыі, і тады, калі госці з Беларусі выступаюць самі, працягваючы гаворку, распачатую чытаннямі на тэму «Роля асобы ў жыцці канфесій Беларусі ў ХХ стагоддзі» (травень 1999 г.). ...Сусветныя войны і рэлігія. Таталітарызм і рэлігія. Усе гэтыя праблемы датычаць немцаў непасрэдна. Зусім нядаўняя гісторыя... Мінулае, што яшчэ не паспела пакрыцца выратавальна-ахоўнай пацінай часу. І ці магчыма тое? Жорсткія, неверагодныя факты, чорныя перыяды... Калі рэальнасць набывала фантасмагарычны кшталт, нармальныя катэгорыі этыкі і маралі былі проста адпрэчаныя, з'явіліся «навуковыя» формулы: «біялагічны патэнцыял ворага», «вайна - з'ява біялагічная», «смерць мільёнаў - зусім не трагедыя, а проста статыстыка». У арбіту вар'яцкай свядомасці і вар'яцкай рэальнасці ўцягвалася ўсё - нават рэлігія. І арганізатары міжканфесійнага дыялогу паспрабавалі пазначыць шляхі тых, хто супрацьстаяў фашысцкай машыне. Думкай і справай, справай і думкай. Учынкамі. І для немцаў, і для нас, для ўсёй паваеннай Еўропы, для ўсяго чалавецтва - пытанні балючыя і прынцыповыя. І з таго, і з другога боку - высвятляюць - светапоглядна, фактаграфічна, тэалагічна - ход падзеяў. Ролю асобы - на тую пару і заўсёды. Ролю хрысціянскай думкі, хрысціянскіх каштоўнасцяў, хрысціянскіх паводзінаў. Што былі занядбаныя і ў іх, і ў былым Савецкім Саюзе. Высвятляюць - не зважаючы на знакаміты аргумент задаўненасці часу. Прамоўцы - суперінтэндэнт (у адстаўцы) Крыстаф-В.Далькёттэр - у Мюнстары і прафесар Манфрэд Цабель - у Фройдэнбергу - распавялі пра сапраўднага хрысціяніна і антыфашыста, мужнага нямецкага прапаведніка Марціна Німёллера і «жаўнера думкі», швейцарскага вучонага і тэолага Карла Барта. І госці з Беларусі - хто згадаў вядомае, хто - падсвежыў веды, хто - даведаўшыся ўпершыню - слухалі пра цвёрдую пазіцыю Марціна Німёллера, за якую яму давялося разлічвацца канцлагерам, пра тэалагічныя, філасофскія, грамадзянскія высновы Карла Барта, што доўга і плённа працаваў у Германіі, выкладаючы ва універсітэтах і выдаючы тут свае навуковыя працы, быў на радзіме Гегеля і Гётэ слынным, знаным, прызнаным. «Царква не павінна падпарадкоўвацца ўладам», «Уладар - толькі Бог». «Гонар чалавека, яго годнасць - неадменныя». Гэта ўсё тыя высновы, з-за якіх Карл Барт быў пазбаўлены ўсіх навуковых званняў у Германіі і высланы ў Базель. ...Хрысціяне... Асобы... Яны даюць нам магчымасць уведаць - так, Гітлер разагнаў Сінод, так, існавалі нямецкія хрысціяне, якія стварылі Нямецкі Хрысціянскі Сінод, так, гэты Сінод падтрымаў Гітлера і падтрымаў ганенні габрэяў. Але ж быў у 1933 годзе і зварот Німёллера да 18 тысяч пастараў Германіі, і 7 тысяч пастараў падтрымалі Німёллера. І гэта Марцін Німёллер абвясціў: «Не хачу быць нямецкім хрысціянінам, але хачу быць хрысціянінам-немцам». І гэта ён пасля выхаду з канцлагеру нікога не абвінаваціў, аднак пакаяўся сам. І гэта Карл Барт, швейцарскі тэолаг і мысляр, як зазначалася, не менш вядомы і ў Германіі, абвяшчаў у самыя змрочныя гады праўлення нацыстаў: «Дзяржава не мае права ахоўваць Пана Бога». «Служба Гітлеру - служба ідалу». І гэта яго, Карла Барта, апошнія словы былі: «Будзе правіць Бог». ...Прамоўцы ў Мюнстары і Фройдэнбергу па-рознаму вызначалі акцэнты ў сваіх дакладах, па-рознаму будавалі іх. Суперінтэндэнт у адстаўцы Крыстаф-В.Далькёттэр аддаў перавагу дэталізацыі фактаграфічнага матэрыялу, храналогіі жыцця Марціна Німёллера. Прафесар Марцін Цабель засяродзіўся на канцэптуальных момантах творчасці Карла Барта, імкнуўся падаць матэрыял маштабна, але лапідарна і ёміста. Даводзіў - пераканаўча, - што меркаванне пра ўплыў філасофіі экзістэнцыялізму - недакладнае. Барт - не прыхільнік ідэй Хайдэгера і Сартра, запэўніў прафесар, гэта выпадак, адэкватны выкарыстанню Тамашам Аквінскім катэгорый Арыстоцеля: дзеля таго, каб сцвердзіць - Бог вечны. Прафесар Манфрэд Цабель не толькі рабіў сэнсавыя кантрапункты. Ён насычаў гаворку эстэтычна, вобразна. І мы даведаліся, што Карл Барт любіў Моцарта: «Калі я памру, дык спадзяюся, на небе будуць граць «Маленькую начную серэнаду». І скончыў лекцыю прафесар словамі Барта: «Ніколі не спяшайцеся гасіць люльку». І красамоўным жэстам запаліў сваю.
...Дзве гадзіны ў нас засталіся для спаткання з горадам - пра тое была гаворка. Спатканне ўсё ж адбылося. Аднак Мюнстар - адзін з самых яскравых помнікаў трыумфавання хрысціянскай культуры, хрысціянскага дойлідства, палымнеючай готыкі... Адна з тых мясцінаў на зямлі, уражанне ад якой жывіць быццё... А ў Фройдэнбергу, дарэчы, у Акадэміі Густава Хайнемана, нам за сціслы час прачыталі і бліскучую лекцыю пра Карла Барта, і распавялі пра таго, чыё імя носіць Акадэмія, і пра Фонд Фрыдрыха Эберта (адзін з 6-ці палітычных фондаў Германіі), і пра наладжванне семінараў у Акадэміі пад дэвізам «Грамадзянская супольнасць», дзе вялікую ўвагу надаюць ролі культуры, мастацтва, літаратуры ў палітычным і грамадскім жыцці. Кіраўнік Акадэміі, палітолаг і гісторык Ёган Ханэль, як і прафесар Манфрэд Цабель, аддаў перавагу сціслай, канцэптуальна насычанай форме выкладання, што пакідала досыць часавай прасторы для нашых пытанняў і развагаў. Што датычыць пытанняў, дык тут вёў рэй гісторык і журналіст Уладзімер Ляхоўскі. Яго размаітыя веды (адчувалася практыка ў энцыклапедычным выдавецтве як супрацоўніка і аўтара) падштурхоўвалі думку прысутных, змушалі да скрупулёзнай дакладнасці. Добра прадуманы хранаметраж заняткаў даў нам магчымасць спакойна пазнаёміцца з Фройдэнбергам - прыгожым курортным гарадком. Ён увесь - з фахверкавых дамоў, зеляніны, квецені і чысціні. І нейкай асаблівай утульнасці. Нібыта ажыла ілюстрацыя да якой нямецкай казкі. Аднак жыццё прапануе іншыя, не казачныя сюжэты... Сялібы міласэрнасці ...Жыхары дэмакратычнай Германіі любяць паўтараць, што іх гісторыя пачыналася не з 12 гадоў улады Гітлера. Што ў іх даўнія і трывалыя не толькі палітычныя, грамадскія, культуровыя, але і этычныя, філантрапічныя традыцыі.
Дыяканія - міласэрнасць. У Оеспелі і ў Білефельдзе дапамагаюць знайсці сваё месца ў жыцці людзям, якім менавіта неабходная яна - хрысціянская міласэрнасць. У Оеспелі за 2 гады атрымліваюць адукацыю і прафесію маладыя людзі, што не маюць магчымасці зрабіць гэта ў звычайных умовах. З-за адхіленняў у псіхіцы ці фізічных недахопаў, з-за няздольнасці сацыяльна адаптавацца ў грамадстве. Навучэнцы атрымліваюць прафесіі слесараў, апрацоўшчыкаў металу, разьбяроў, краўцоў, садоўнікаў - спецыялістаў па ландшафце, цырульнікаў, фларыстаў. Ім дапамагаюць уладкавацца на працу. Ёсць у Оеспелі і сектары камунальных і побытавых паслугаў. Існуюць так званыя экалагічныя майстэрні, куды трапляюць старыя тэлевізары, радыёпрыёмнікі. Выбіраюцца складовыя часткі, пластмаса - да пластмасы, медзь - да медзі і г.д. Для гаспадаркі Германіі гэта вельмі патрэбная праца. Такіх моладзевых вёсак у Германіі існуе звыш 150-ці. Гэта - Оеспель - стваралася ў 1947 годзе. І ад пачатку павага да навучэнцаў, да іх асабістага, прыватнага жыцця сталася асновай установы. У кожнага з выхаванцаў свой пакой і ніхто (!) не мае права зайсці туды - нават настаўнікі. Між іншым, для навучэнцаў прыналежнасць да якой-небудзь хрысціянскай канфесіі - неабавязковая. (Хаця намаганні па духоўным і хрысціянскім выхаванні - адзін з асноўных прынцыпаў навучальнай установы.) А вось для выхавацеляў хрысціянскае веравызнанне - напачатку пажаданае, а калі праз пяць-шэсць гадоў выкладання настаўнік так і не вызначыўся з якой-небудзь хрысціянскай канфесіяй, дык ён павінен будзе пакінуць вёску Оеспель. Пра ўсё гэта і многае іншае нам распавялі ў вёсцы, шмат чаго расказаў і паказаў наш Алесь Шаўчук, што ў сваю пару працаваў у моладзевай вёсцы Оеспель выкладчыкам. Яго прымалі тут як сябра, аднадумцу, жаданага госця, хрысціяніна.
Сённяшні Білефельд, якім доўга апекаваўся і сын Бодэльшвінга-старэйшага - Фрыдрых фон Бодэльшвінг-малодшы, - гэта адзін з найбуйнейшых у Еўропе цэнтраў міласэрнасці з адгалінаваннямі ў іншых рэгіёнах Германіі. У Білефельдзе - да 10.000 супрацоўнікаў розных прафесій. І дзейнасць Цэнтра, як зазначае пастар Вольхютэр, самая разнастайная. Акрамя згаданай ужо дапамогі эпілептыкам, інвалідам, псіхічна хворым, тут апякуюцца беспрытульнымі, моладдзю, старымі. Тут ёсць дамы хуткай дапамогі, тут дапамагаюць лекавацца алкаголікам і наркаманам, уладкоўваюць сем'і, дзе бацькі - хворыя, а дзеці - здаровыя. У Білефельдзе існуе царкоўная школа багаслоўя, дзе 40% пастараў евангелічнай і лютэранскай цэркваў абавязкова падчас навучання праводзяць семестр ці больш. Вопыт Білефельда - неацэнны. Тут ёсць чаму вучыцца. І супрацоўнікі ахвотна перадаюць свой вопыт іншым. З нашай міжканфесійнай групы да практыкі ўстановаў Білефельда з асаблівай увагай прыглядаўся пастар царквы евангельскіх хрысціянаў-баптыстаў у Бараўлянах Алег Балутэнка. Зразумела - чаму. Колькі людзей з Рэспубліканскага анкалагічнага цэнтра на мяжы адчаю маюць патрэбу ў душпастырскай дабрачыннасці. Колькі - наноў павінны знайсці сваё месца ў грамадстве! Колькі - прыйсці да высноваў хрысціянства: адыходзячы з гэтага свету ці вяртаючыся да яго турботаў і згрызотаў... Праз пакуты і страты... «Ад паўнаты сэрца прамаўляюць вусны» Праз пакуты... І адстойваючы веру... Гэта спазнаў на уласным лёсе намеснік епіскапа Мінскай вобласці евангельскіх хрысціянаў-баптыстаў, член Мінскай цэнтральнай баптысцкай царквы, Прэзідэнт Мінскай місіі Рыгор Падвес. Ён зведаў на поўніцу ганенні і ўціск былых уладаў былога Саюза. Можа, таму яго аповед і аповеды іншых евангельскіх хрысціянаў-баптыстаў - згаданых ужо Сцяпана Пекуна, Алега Балутэнкі, а таксама Германа Родава - пра сваіх аднаверцаў Луку Дзекуць-Малея, Васіля Паўлава, Івана Праханава - насычаныя трагічнымі фактамі біяграфій, драматычнымі сюжэтамі нядаўняй рэчаіснасці. Евангельскія хрысціяне-баптысты найперш аддалі перавагу менавіта фактам, вызнаючы і падкрэсліваючы разгалінаванасць баптысцкіх суполак, іх інтэрнацыянальнасць. Часта згадваючы Асацыяцыю Віллі Грэма. Прадстаўнікі артадаксальнага праваслаўя скіравалі гаворку ў больш праблемны, абагульнены, навукова-тэалагічны бок. І - гэта адразу адчулася - засноўваючы выступленні на грунце агульнахрысціянскіх каштоўнасцяў і вызначэнняў, выводзілі гаворку на экуменічную «арбіту» з рэаліяў і персаналіяў той зямлі, якую мы прадстаўлялі ў Вестфаліі, - Беларусі. Нашай роднай зямлі. Доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры славістыкі БДУ, перакладчык, сакратар Біблійнай камісіі Іван Чарота скарыстоўвае свой багаты навуковы вопыт, канфесійную дасведчанасць і вернасць веравызнанню, каб пазначыць агульнатэарэтычны аспект разглядаемай праблемы: «Роля асобы ў жыцці канфесій...» І ён вядзе размову пра тое, што засяроджвацца на міжканфесійных супярэчнасцях - непрадукцыйна, аднак замоўчваць іх таксама нельга. Што ролю асобы ў рэлігійным жыцці трэба разглядаць у праекцыі на беларускі матэрыял - безумоўна, разглядаючы яго ў агульнаеўрапейскім кантэксце. Што нацыянальныя і канфесійныя спалучэнні - пытанне вельмі няпростае. Што знак асобы ў рэалізацыі пэўных ідэй - неацэнны. Што ў пару афіцыйнага дзяржаўнага атэізму роля і значэнне кожнай асобы, кожнага парафіяніна - мелі асобую вагу, былі падзеяй вызначальнай у свядомасці грамадства. Высокі ўзровень выступлення Івана Чароты падтрымлівае старшыня Праваслаўнага Беларускага Брацтва Трох віленскіх мучанікаў і старшыня Круглага стала Міжцаркоўнай дапамогі ад Сусветнай Рады цэркваў Мікола Матрунчык сваім аповедам пра вядомага беларускага грамадзянска-палітычнага і царкоўнага дзеяча Аляксандра Каўша, святара беларускай праваслаўнай царквы, прыхільніка аднаўлення беларускай дзяржаўнасці, рэдактара выдання «Беларуская зарніца», чалавека, што быў расстраляны немцамі за выратаванне габрэяў. Ён вельмі ўдала кампануе сваё выступленне - сціслае, насычанае думкай і спробай зразумець і асэнсаваць правамоцнасць чалавечага слова, што залежыць - першаасноўна і трывала - ад веры ў Слова Божае, тое самае, што было «на пачатку». Спрабавала свае сілы ў навуковым асэнсаванні ролі асобы ў канфесійным жыцці і жыцці грамадства ўвогуле, распавядаючы пра беларускага праваслаўнага асветніка, педагога, гарачага прыхільніка распаўсюджвання беларускай мовы на ўсе сферы жыцця грамадства, у тым ліку на скарыстанне яе ў царкоўным рытуале, у літургіі - Сяргея Паўловіча - аспірантка БДУ Марына Шырокава. Лагічным працягам, на маю асабістую думку, можа, нават вызначальным завяршэннем выступленняў і нашага візіту ў Зямлю Паўночны Рэйн - Вестфалію ўвогуле сталіся выступленні маіх аднаверцаў - католікаў. Зноў пацвердзіў сваё валоданне матэрыялам, сваю дасведчанасць і эрудыцыю Уладзімер Ляхоўскі, імкнучыся весці структурыраваны дыялог у гаворцы пра лідэра беларускага каталіцкага Адраджэння ксяндза Адама Станкевіча - аднаго з самых значных прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай эліты, чалавека, што прыняў пакуты падчас усталявання бальшавіцкага рэжыму ў Заходняй Беларусі і Летуве. А распачаў выступленні прадстаўнікоў каталіцкай канфесіі з дыялогу ў Дортмундзе брат Вячаслаў Пялінак МІС. Ён вёў гаворку пра дзейнасць і пакутны шлях нядаўна беатыфікаванага біскупа Юрыя Матулевіча, пра той скрут падзей, судатыкненні і сутыкненні веравызнанняў, светапоглядаў, палітычных ідэяў, трагічных падзеяў часу, пра змены ўладаў і сацыяльных ладаў, калі асоба, хрысціянін можа і павінен выявіць сваю вернасць Хрысту і вернасць чалавеку. І спраўдзіць - у рэальным гістарычным часе, праз канкрэтныя ўчынкі - повязь з вызначальнымі асновамі, вытокамі Быцця, з адзінствам Вышэйшай сутнасці. Прыняўшы, як біскуп Юры Матулевіч, пакутніцкі крыж... Юры Матулевіч... Святар, прафесар акадэміі, законнік і рэфарматар ордэну айцоў марыянаў, віленскі біскуп, апостальскі нунцый... Ён страціў - усё. І набыў - усё. Быў вынесены да хвалы алтароў... Як і ксяндзы-марыяне Юры Кашыра і Антоні Ляшчэвіч. Пра іх трагічны і высокі лёс узнёсла і прасветлена распавядала пісьменніца Ірына Жарнасек. Ксяндзы-марыяне маглі выратавацца. Але прынялі пакутны крыж... ...Здавалася, і ў аўдыторыі, дзе вялася гаворка пра нядаўна беатыфікаваных Папам Янам Паўлам ІІ святароў, адчуваўся ачышчальны, сакральны дух святых... А мне думалася яшчэ і пра моц моўленага слова. Калі «ад паўнаты сэрца прамаўляюць вусны»... Чыталася - і пра Юрыя Матулевіча, і пра росіцкіх марыянаў... У часопісах «Наша вера» і «Ave Maria». Пісалі пра іх і сённяшнія прамоўцы... Аднак... Жывая энергетыка... Высокая экспрэсія пачуццяў... І згадвалася: «...вы заплачаце і загалосіце, а свет усцешыцца; вы сумныя будзеце, але сум ваш у радасць зменіцца...» (Ян 16, 20).
«Напаіўшы адвечнай журбой ідэалу...»
А паслухаўшы спеў праваслаўнай Марыі Шырокавай, рускай, з Разані, што прыехала на Беларусь і займаецца пытаннямі перакладу з рускай мовы на беларускую і наадварот і спявае ў хоры Беларускага Брацтва Трох віленскіх мучанікаў пры Свята-Петрапаўлаўскай царкве, не магла адкаснуцца ад вядомых усім радкоў Блока:
...Міжканфесійнае, міжнацыянальнае...
Радкі невядомага аўтара. З паэмы «Відзежа Крыжа» (The dream of the Rood). ІХ стагоддзе. Англія той пары, калі папа Марынус падараваў каралю Альфрэду частку Святога Крыжа (885 г.).
Верш «Душа мая». Казіміра Сваяка. Паэта. Беларуса. Католіка. Святара. ...Нейтральны сусвет паэтаў... Духоўныя, эстэтычныя паралелі... Метамарфоза пераўтварэння жорсткасці і няўладзіцы жыцця ў форму гарманічнага катарсісу... У тое, што ствараецца Божаю воляю, з ласкі Божай... І неяк не помняцца, так бы мовіць, міні-інцыдэнты падчас вандроўкі, калі сутыкаліся нечакана, ледзь не побытава, погляд на хрысціянства як на ўсеабдымную духоўнасць і выратаванне праз Адкупленне і прызямленне вучэння Хрыста да дастасоўнай этыкі і дабрачынных звычак. Зноў жа - выплываюць у памяці словы Святога Айца папы Яна ХХІІІ, якія любіць пазначаць сённяшні наступнік Святога Пятра Ян Павел ІІ: «...тое, што нас, вызнаўцаў Хрыста, падзяляе, нашмат меншае за тое, што нас яднае». І напрыканцы ІІ тысячагоддзя ад Нараджэння Хрыстова, калі многае згадваецца паводле апакаліптычнай эсхаталогіі, гартаюцца вядомыя кожнаму хрысціяніну старонкі з «Адкрыцця Яна Багаслова», падвяргаюцца экзэгезе прароцтвы Настрадамуса (а вандроўка ладзілася якраз напярэдадні зацьмення сонца 11 жніўня), набываюць новае жыццё высновы Агрыппы Нэттэсгеймскага, калі ўсё нібыта насычана наканаваннем новай астральнай эры, новай інтэрпсіхічнай атмасферы... Калі... Можна яшчэ згадваць многае... Трывога... Але і спадзяванне... Экуменічнае чаканне. Калі - ураніцы ці ўвечары - каталікі і праваслаўныя, евангелісты і англікане, лютэране і евангельскія хрысціяне-баптысты; тыя, хто жыў падчас улады Гітлера, тыя, большая частка жыцця якіх прайшла ў былым Саюзе ў часы ваяўнічага атэізму, і хто захаваў веру і чалавечую годнасць, і тыя, хто прасвятлеў Боскаю ісцінаю апошнім часам, і тым, каму наканавана асноўную частку свайго жыцця меціць ХХІ стагоддзем, быць жыхарамі планеты ІІІ тысячагоддзя - Аnno Сhristi 2000... - адчыняюць адну і тую Святую Кнігу:
Крыўдзіцель няхай яшчэ крыўдзіць, і нячысты няхай яшчэ апаганьваецца, і справядлівы няхай яшчэ чыніць справядлівасць, і святы няхай асвячаецца.
І мы - чакаем. З Вераю. Надзеяю. З Любоўю да Хрыста, Збавіцеля нашага. У храме падчас Святой Імшы. У нязбытнасці дзён. І на вяршынях свядомаснага сузірання. З «адвечнай журбой ідэалу...» Усе хрысціяне. Спадзеючыся на вяртанне да агульнага вытоку. Агульнага кораня. А ён у хрысціянаў - адзіны.
|
|
|