Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(9)/1999
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
Да юбілею 2000 Года
Мастацтва

ВЕРА І ЭКРАН
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Нашы святыні

ПІНСКІЯ КЛЯШТАРЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Архітэктура
Проза

МЯСТЭЧКА ДЗЯРЭЧЫН
Haereditas

ГЕРБЕСТ БЕНЕДЫКТ
Замежныя вандроўкі
На кніжнай паліцы
Традыцыя

БЕЛЫ АНЁЛ НА ФРАНТОНЕ

Джакомо БІФІ

АНТЫХРЫСТ НАБЛІЖАЕЦЦА

Мысляр і прарок, які павінен яшчэ быць адкрыты

Заходняя філасофская культура да апошняга часу не надавала Уладзіміру Салаўёву асаблівай увагі. Тым не менш У.фон Бальтазар, якому ніхто не адмовіць у эрудыцыі і празарлівасці, сцвярджае, што салаўёўскае вучэнне - гэта «найбольш універсальнае разумовае тварэнне сучаснай эпохі» (Gloria ІІІ, 266).

Сапраўды, Салаўёў - аўтар велізарнай сілы і несумненнай арыгінальнасці. Ён выдатна арыентаваўся ва ўсёй філасофскай літаратуры мінулых стагоддзяў. Рыцыяналізм і хрысціянская вера цудоўна сумяшчаліся ў ім, дапаўняючы і асвятляючы адно аднаго. Мабыць, якраз гэтым тлумачыцца, чаму пануючы, пазбаўлены сапраўднай веры дагматызм не зусім прыняў яго.

Той, хто пераканана займаецца вывучэннем філасофіі Салаўёва, звычайна зачароўваецца ёю. Можна спадзявацца, што яе жыватворны ўплыў павялічыцца менавіта цяпер, калі і ў Расіі ёсць магчымасць пазнаёміцца са спадчынай філосафа.

У гэтай працы я не меў на мэце выкласці, нават у самым агульным выглядзе, усё салаўёўскае вучэнне. Наадварот, мне хацелася абмежавацца толькі тым, што ўяўляецца найбольш важным для сучаснага хрысціянства. Гэта прарочая перасцярога, якая з'явілася ў яго апошняй працы «Тры размовы пра вайну, прагрэс і канец сусветнай гісторыі, з уключэннем кароткага аповеду пра антыхрыста і з дадаткамі». Прароцтва можна коратка сфармуляваць наступным чынам: набліжаецца Антыхрыст!1

Тэма Антыхрыста ў хрысціянскай традыцыі

Размова пра Антыхрыста пачалася яшчэ з Пісання і з таго часу нязменна хвалюе ўсе пакаленні хрысціянаў.

Ужо Езус перасцерагаў: «...паўстануць ілжэхрысты і ілжэпрарокі, і дадуць вялікія знакі і цуды» (Мц 24, 24). Св. апостал Павел гаварыў пра «чалавека граху», «сына пагібелі», пра таго, «які супраціўляецца», «які павінен адкрыцца ў свой час» (2 Фес 3, 4). Імя «антыхрыст», якое стала агульнаўжывальным, упершыню сустракаецца ў Першым Пасланні Яна: «І як вы чулі, што прыйдзе антыхрыст, і цяпер з'явілася шмат антыхрыстаў» (1 Ян 2, 18).

Як вынікае ўжо з гэтых тэкстаў, з самага пачатку мела месца, так бы мовіць, «множнае» ўяўленне пра Антыхрыста. Гаворка ішла пра шматлікіх праціўнікаў Божага плану збаўлення, пра тых, хто ва ўсе часы выдае сябе за прапаведнікаў Евангелля і збавіцеляў.

У рускай рэлігійнай свядомасці тэма Антыхрыста заўсёды займала значнае месца, ва ўсялякім выпадку, пачынаючы з ХVІІ стагоддзя, з часу раскола. У пазнейшай літаратуры яна прадстаўлена трылогіяй Меражкоўскага «Хрыстос і Антыхрыст», напісанай практычна ў адзін час з салаўёўскімі «Трыма размовамі».

Салаўёў звярнуўся непасрэдна да праблемы Антыхрыста ў апошнія месяцы свайго жыцця, але цікавіўся ёю з маленства. У аўтабіяграфіі ён пісаў пра сябе сямігадовага: «...у дзяцінстве мною авалодала надзвычайнае рэлігійнае ўзрушэнне, так што я не толькі вырашыў пайсці ў манахі, але ў звязку з магчымасцю хуткага прышэсця Антыхрыста я, каб загадзя прывучыцца да пакутаў за веру, стаў караць сябе ўсялякім самакатаваннем»2.

Што ж уяўляе з сябе фігура Антыхрыста ў традыцыйнай рэлігійнай свядомасці? Яна мае некалькі вызначальных прыкметаў.

- Гэта перш за ўсё і галоўным чынам асоба на службе зла. Яго мэта - прывесці чалавека да пагібелі, яго спосаб дзеяння - падман. Усе яго злачынныя дзеянні скіраваныя супраць Хрыста, паколькі менавіта Езус Хрыстус, укрыжаваны і ўваскрослы Сын Божы, з'яўляецца адзіным збаўцам свету (Пар. 1 Ян 4, 3).

- Антыхрыст выдае сябе за валанцёра на службе дабра і нашага выратавання. А паколькі Божая задума збаўлення заяўлена ў Евангеллі, Антыхрыст убіраецца ў хрысціянскае адзенне, бароніць евангельскія «каштоўнасці». Дзеля таго, «каб прывабіць, калі магчыма, і выбраных» (Мц 24, 24), ён гаворыць моваю, падобнай да мовы Хрыста. Св. апостал Павел згадвае пра «ілжэапосталаў», якія прымаюць выгляд «Апосталаў Хрыстовых» (2 Кар 11, 13), і дадае: «І не дзіўна: таму што сам сатана прымае выгляд Анёла святла» (2 Кар 11, 14).

- Каб распазнаць Антыхрыста ў яго сапраўдным абліччы, трэба памятаць, што галоўнае - гэта яго стаўленне да Богачалавека, укрыжаванага і ўваскрэслага.

Ён можа разважаць па ўсіх пытаннях як сапраўдны вучань Бога і нават як сам Бог, запазычыўшы ў Яго аблічча і мову. Але ён ніколі не прыпадобніцца да Бога ў акце ўвасаблення і збаўлення. Вядома, што хрысціянства - гэта найперш нейкая рэальнасць, а не сістэма ідэй. Хрысціянінам можа называць сябе не той, хто ў той ці іншай ступені падзяляе евангельскае вучэнне, а той, хто прызнае існаванне і Боскасць Хрыста. Хітрыкі д'ябла могуць мець поспех толькі да таго часу, пакуль гаворка ідзе аб поглядах і «каштоўнасцях». Перад прышэсцем Хрыста ён бяссільны.

Апошнія перакананні Салаўёва

Да часу напісання «Трох размоваў» Салаўёў ужо не спадзяваўся ўбачыць, як ажыццявяцца велічныя задумы, у імя якіх ён гэтак доўга і цярпліва працаваў: ліберальная тэакратыя, прымірэнне Цэркваў, надыход Валадарства Божага на зямлі.

У сорак шэсць гадоў Салаўёў быў фізічна знясілены і расчараваны. Але яго прыгнечаны стан зусім не азначаў страты веры. Наадварот, яго вера ўсё больш адточвалася і ўдасканальвалася ў пакуце. Калі меркаваць па апошніх празарлівых выказваннях Салаўёва, яго прарочы дар стаў больш натхнёным.

Скіроўваючы свой погляд у надыходзячае ХХ стагоддзе, Салаўёў прадказваў, што «гэта будзе стагоддзе апошніх вялікіх войнаў, міжусобіцаў і пераваротаў»3.

За некалькі тыдняў да смерці ён прызнаваўся сябру: «Я прадчуваю блізкасць часу, калі хрысціяне зноў будуць збірацца ў катакомбы, таму што вера будзе гнанаю, - можа быць, менш рэзкім спосабам, чым у неронаўскія дні, але больш тонкім і жорсткім: хлуснёю, насмешкаю, падробкамі, ды ці мала чым яшчэ!»4

У прадмове да «Трох размоваў» (яна датаваная Светлаю Нядзеляю 1900 года) Салаўёў выступае супраць талстоўскага натуралізму, які не прызнае ні д'ябла, ні Збаўцу. Ён з незвычайнаю яснасцю фармулюе галоўную для кожнага чалавека задачу: усур'ёз прызнаваць уладу зла і верыць у неабходнасць найвышэйшага збаўчага ўмяшальніцтва. «Ці ёсць зло толькі натуральным недахопам, недасканаласцю, якія самі знікаюць з ростам дабра, альбо яно ёсць рэальнаю сілаю, якая праз спакусы валодае нашым светам так, што для паспяховай барацьбы з ёю трэба мець кропку апірышча ў іншым парадку быцця?»5 Гэтае простае, але поўнае драматызму пытанне пастаўлена ў самым пачатку кнігі. Яно і сёння застаецца адным з тых пытанняў, якія хвалююць і падзяляюць чалавецтва.

Погляд Салаўёва на канец чалавечай гісторыі, выкладзены ім у «Трох размовах», быў раней, у 1896 годзе, выказаны ім у лісце да яго сябра Яўгена Тавернье. Ён зводзіцца да трох сцвярджэнняў, у якіх няма і ценю некалі ўласцівага яму ілюзорнага аптымізму.

- «Евангелле будзе прапаведвацца па ўсёй зямлі, а значыць Ісціна будзе аб'яўленая ўсяму роду чалавечаму або ўсім народам». (Пар. Мц 24, 14: «І прапаведана будзе гэта Евангелле Валадарства па ўсім сусвеце як сведчанне ўсім народам; і тады прыйдзе канец»).

- «Сын чалавечы знойдзе мала веры на зямлі, гэта значыць, што сапраўды веруючыя будуць складаць пад канец толькі нязначную па колькасці меншасць, большая ж частка чалавецтва пойдзе за антыхрыстам». (Пар. Лк 18, 8: «Але Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?»; Мц 24, 12-13: «І з прычыны памнажэння беззаконня, ува многіх ахаладзее любоў. Перацярпелы ж да канца - уратуецца»; 2 Фес 2, 3: «...пакуль не прыйдзе перш адступленне»; 2 Тым 4, 3-4: «Бо настане час, калі здаровае навукі прымаць не будуць, але па сваіх прыхамацях будуць выбіраць сабе настаўнікаў, прыемных для слыху, і ад праўды слых адвернуць і звернуцца да казак»). Таму, заўважае тут Салаўёў, «трэба раз і назаўсёды адмовіцца ад ідэі магутнасці і знешняй велічы тэакратыі як прамой і неадкладнай мэты хрысціянскай палітыкі».

- «Тым не менш пасля кароткай і жорсткай барацьбы заступнікі зла будуць пераможаныя, і меншасць сапраўды веруючых атрымае канчатковую перамогу». (Пар. Мц 24, 31: «І пашле Анёлаў Сваіх з трубою гучнаю; і збяруць абраных Яго ад чатырох вятроў, ад краю нябёсаў, да краю іх»).

Але, дадае Салаўёў, «упэўненасць у канчатковай перамозе для меншасці сапраўды веруючых не павінна весці нас да пасіўнага чакання. Гэта перамога не можа быць простым і чыстым цудам, абсалютным актам Боскай усемагутнасці Езуса Хрыста, бо ў такім выпадку ўся гісторыя хрысціянства была б залішняя. Відавочна, што Езусу Хрысту для таго, каб сапраўды і разумна ўзяць верх над антыхрыстам, патрэбна наша супрацоўніцтва...»6.

Такія ідэі, выказаныя ім у 1896 годзе ў лісце да Тавернье. Праз чатыры гады яны будуць увасоблены ў драматычнай форме ў «Кароткім аповедзе пра антыхрыста».

Антыхрыст

Такім чынам, мы падышлі да цэнтра нашых развагаў.

Салаўёў прадбачыць, што пасля вялікіх войнаў ХХ стагоддзя асобныя дзяржавы пераканаюцца ў сур'ёзнай небяспецы, якая вынікае з іх суперніцтва, і аб'яднаюцца ў Еўрапейскія Злучаныя Штаты. «А прадметы ўнутранай свядомасці - пытанні аб жыцці і смерці, аб канчатковым лёсе свету і чалавека, - ускладнёныя і заблытаныя мноствам новых фізіялагічных і псіхалагічных даследаванняў і адкрыццяў, застаюцца па-ранейшаму нявырашанымі. Высвятляецца толькі адзін важны адмоўны вынік: рашучае падзенне тэарэтычнага матэрыялізму»7.

Не трэба думаць, што гэта прыводзіць да ўмацавання і пашырэння веры. Пашыраецца бязвер'е. І ў выніку ў еўрапейскай культуры складваецца сітуацыя, якую можна ахарактарызаваць як вакуум. І гэты вакуум запаўняецца Антыхрыстам, які сцвярджаецца і пераходзіць да рашучых дзеянняў.

Далей Салаўёў прапануе сваю версію, згодна з якой Антыхрыст выбіраецца прэзідэнтам Еўрапейскіх Злучаных Штатаў, потым абвяшчаецца рымскім імператарам, становіцца ўладаром усяго свету, нарэшце, умешваецца ў жыццё і арганізацыю Цэркваў. Але нас найперш цікавіць, якімі рысамі надзяляе філосаф гэты персанаж.

Ён быў, сцвярджае Салаўёў, «перакананым спірытуалістам». Верыў у дабро і нават у Бога, але любіў толькі аднаго сябе. Быў аскетам, навукоўцам, філантропам; дэманстраваў найвышэйшыя праявы ўстрымання, бескарыслівасці і дзейнай дабрачыннасці»8.

Яшчэ ў раннім юнацтве ён паказаў сябе тонкім і адукаваным экзэгетам: за сваю фундаментальную працу па біблейскай крытыцы ён уганараваны дыпломам доктара тэалогіі ў Цюбінгенскім універсітэце9.

Галоўная кніга, якая прынесла яму славу і ўсеагульнае ўхваленне, мела назву «Адкрыты шлях да агульнасусветнага шчасця». У ёй спалучаліся «высакародная пачцівасць да старажытных паданняў і сімвалаў з шырокім і смелым радыкалізмам грамадска-палітычных патрабаванняў і ўказанняў, неабмежаваная свабода думкі з найглыбейшым разуменнем усяго містычнага, безумоўны індывідуалізм з палымянай адданасцю усеагульнай справе, самы ўзвышаны ідэалізм кіруючых пачаткаў з поўнай вызначанасцю і жыццёвасцю практычных рашэнняў»10.

Праўда, некаторыя пабожныя людзі задаваліся пытаннем, чаму ў ёй ні разу не згадана пра Хрыста, на што іншыя ім пярэчылі: «Калі змест кнігі прасякнуты сапраўды хрысціянскім духам дзейснай любові і ўсеахопнай дабрыні, дык што ж вам яшчэ?»11

Зрэшты, «у яго не было перашапачаткова варожасці і да Езуса»12. Наадварот, ён прызнаваў Яго сумленнасць і вышыню вучэння.

Аднак тры рэчы не задавальнялі яго ў Езусе.

Перш за ўсё, Яго заклапочанасць мараллю. «Хрыстус, - сцвярджаў ён, - як мараліст надзяляў людзей дабром і злом, я з'яднаю іх дабротамі, якія аднолькава патрэбныя і добрым, і злым»13. Апрача таго, ён не прызнаваў за Хрыстом «Яго абсалютную непаўторнасць»14.

Ён адзін з многіх, гаварыў ён сабе, дакладней, Ён мой папярэднік, а менавіта - сапраўдны збаўца, які ачысціў сваё вучэнне ад таго, што непрыймальна для сучаснага чалавека. І, нарэшце, трэцяе: больш за ўсё яго выводзіла з сябе тое, што Хрыстус жывы, і ён істэрычна ўсклікаў: «Няма Яго ў жывых, няма і не будзе. Не ўваскрос, не ўваскрос, не ўваскрос! Згніў, згніў у пахавальні...»15.

Пацыфізм, экалагізм, экуменізм Антыхрыста

Аднак, бясспрэчна, найбольш самабытным і адметным мысляром Салаўёў выступае тады, калі гаворка заходзіць пра Антыхрыста-пацыфіста, Антыхрыста-экалагіста, Антыхрыста-экуменіста. Спынемся на гэтым падрабязней.

- Мы ўжо зразумелі, што ўсеагульны мір і спакой сутнасць тэмы літаратурнага шэдэўру нашага героя. Але далей ён ад слоў пераходзіць да справы. На другі год свайго ўладарання рымскі і агульнасусветны імператар выдае маніфест: «Народы Зямлі! Я абяцаў вам мір, і я дам вам яго»16. І пры гэтым у ім спее ўсведамленне перавагі над Сынам Божым: «Хрыстус прынёс меч, я прынясу мір».

Каб лепей зразумець гэтую думку, звернемся да трэцяй размовы салаўёўскай працы. У ёй спадар Z - суразмоўца, праз якога аўтар перадае свае погляды, - гаворыць: Хрыстус «прыйшоў прынесці на зямлю ісціну, а яна, як і дабро, найперш раздзяляе». «Ёсць, такім чынам, добры Хрыстовы мір, заснаваны на змяшэнні, або знешнім злучэнні таго, што ўнутрана варагуе паміж сабою»17. Гаворачы пра тое, як Салаўёў уяўляе сабе вайну ў самым звыклым і простым сэнсе гэтага слова, згадаем, што першая з трох размоваў цалкам прысвечана крытыцы талстоўскага пацыфізму і тэорыі непраціўлення. Вайна, піша Салаўёў, несумненнае зло, але трэба прызнаць, што і ў жыцці аднаго чалавека, і ў жыцці цэлых нацый бываюць сітуацыі, калі недастаткова адказваць папярэджваннямі і добрымі словамі суцяшэння на злачыннае насілле. Паводле Салаўёва, ідэалы міра і братэрства з'яўляюцца безумоўнымі і ідэальнымі ісцінамі, але да такіх не належаць ні пацыфізм, ні тэорыя непраціўлення. Апошнія залішне часта прыводзяць да таго, што грамадства патурае беззаконню і адмаўляецца ад абароны малых гэтых і слабых свету гэтага.

- Антыхрыст з'яўляецца экалагістам і ўжо прынамсі анімалістам. Салаўёў, зразумела, не карыстаецца гэтымі сучаснымі тэрмінамі, але гэта дастаткова ясна з яго апісання: «Новы валадар зямлі быў найперш чуллівым філантропам - і не толькі філантропам... Сам ён быў вегетарыянцам, ён забараніў вівісекцыю і ўстанавіў строгі нагляд за бойнямі; ім усяляк падтрымліваліся таварыствы аховы жывёлы»18.

- Антыхрыст пастаянна выяўляе сябе як цудоўны экуменіст, ён вядзе дыялог «коратка, мудра і красамоўна»19. Урэшце ён склікае прадстаўнікоў усіх хрысціянскіх канфесіяў на «сусветны сабор пад яго старшынствам»20.

Яго дзеянні скіраваныя на пошукі ўсеагульнай згоды паміж хрысціянамі ўсіх канфесіяў праз аказанне рознага роду добрых учынкаў.

«Але калі вы не можаце пагадзіцца паміж сабою, то я спадзяюся пагадзіць усе вашыя партыі тым, што дам ім усім аднолькавую любоў і аднолькавую гатоўнасць задавальняць сапраўднае імкненне кожнай»21. І ён сапраўды робіць гэта: вяртае католікам свецкую ўладу папы; дае праваслаўным Сусветны музей для збору, вывучэння і захоўвання каштоўных царкоўных помнікаў; засноўвае для пратэстантаў Сусветны інстытут для вольнага даследавання Святога Пісання з вялікім бюджэтам.

Яго «колькасны» экуменізм прыносіць свой плён: пераважная большасць сабору паддаецца на яго ўгаворы. І толькі група католікаў на чале з папам рымскім Пятром ІІ, маленькая кучка праваслаўных з старцам Янам і пратэстанты, якія засталіся з прафесарам Паўлі, супраціўляюцца абаяльнасці Антыхрыста.

Яны прыходзяць да сапраўднага экуменізму, да паяднання ў ісціне, з'ядноўваючыся ў адзіную Царкву і прызнаючы прымат Пятра. Аднак гэта ўжо «эсхаталагічны экуменізм», ён настае тады, калі падыходзіць канец гісторыі чалавецтва. «Гэтак адбывалася, - апавядае Салаўёў, - паяднанне цэркваў сярод цёмнай начы на высокім адасобленым месцы. Але цемра начная раптам азарылася яркім бляскам, і з'явіўся на небе вялікі знак: Жанчына, ахінутая сонцам; пад нагамі - месяц, і на галаве Яе - вянок з дванаццаці зорак»22.

Талстоўскія алюзіі

Зададзім сабе пытанне: ці меў на ўвазе Салаўёў якую-небудзь канкрэтную асобу, калі гэтак яскрава і нечакана абмаляваў Антыхрыста? Бясспрэчна, у сваім апошнім сачыненні ён меў на ўвазе «новае хрысціянства», вестуном якога ў тыя гады быў Леў Талстой.

На працягу ўсяго жыцця філосаф і раманіст сустракаліся, перапісваліся і цанілі адзін аднаго. Тым не менш паміж імі не было ўзаемаразумення, іх разыходжанні ў поглядах былі выразнымі і істотнымі. Гэта тым больш важна, што іх пазіцыі ў большасці канкрэтных пытанняў (смяротнае пакаранне, імкненне да ўсеагульнага міру, барацьба з вузкім нацыяналізмам, жывое адчуванне прыроды) у многім супадалі.

У лісце, датаваным 1894 годам, Салаўёвым зроблена, мабыць, самая моцная спроба да збліжэння пазіцый. Ён піша свайму праціўніку: «Усё наша рознагалоссе можа быць засяроджана ў адным канкрэтным пункце - уваскрэсенні Хрыста»23. Насамрэч гэта пытанне пытанняў не толькі хрысціянства, але і любога светапогляду, прынамсі такі пункт гледжання самога Салаўёва.

У «Евангеллі» Талстой зводзіць усё хрысціянства да пяці правілаў, якія ён выводзіць з Нагорнага казання:

1. Не тое што не забі, але не май зла на брата.
2. Не лічы пажаднасць плоцевую добрай справаю24, нават калі гаворка ідзе пра тваю жонку.
3. Ніколі не кляніся.
4. Не супраціўляйся злу злом, што б ні было.
5. Любі, дапамагай і служы ворагу свайму.

Паводле Талстога, гэтыя запаведзі ўзыходзяць, канешне, да Хрыста, але для таго, каб лічыць іх дзейснымі, зусім не абавязкова верыць, што Сын Божы жывы. Хрыстус у «Евангеллі» Талстога - лішняя фігура і больш за тое, там няма месца ні для Богачалавека, ні для Змёртвыхпаўсталага25.

Знакаміты адказ старца Яна Антыхрысту - гэта адначасова і адказ Салаўёва, і прамая водпаведзь вучэнню Талстога: «Усяго даражэй для нас у хрысціянстве сам Хрыстус - Ён сам, а ад Яго ўсё, бо мы ведаем, што ў Ім знаходзіцца ўся паўната Боства цялеснага»26. Усе «каштоўнасці», у тым ліку талстоўская мараль, пазбаўленыя якога б то ні было сэнсу, калі разглядаць іх па-за асобаю Збаўцы - нашага адзінага набытку - і па-за нашым збавеннем.

Прарочая перасцярога Салаўёва

Дык што ж такое «прарочая перасцярога», пра якую ішла гаворка на самым пачатку?

Прыдуць дні, гаворыць нам Салаўёў, - і нават ужо прыйшлі, гаворым мы, - калі факт Збавення, прызнанне якога патрабуе адважнага, цяжкага і свядомага акта веры, будзе раствораны хрысціянскім светам у «каштоўнасцях», якія лёгка абясцэньваюцца на сусветных рынках.

Хрысціянства звядзецца да чыста чалавечых паводзінаў: да ўзаемадапамогі, салідарнасці, філантропіі; сутнасць Евангелля - да дыялогу паміж народамі і рэлігіямі, да пошукаў дабрабыту і да прагрэсу, да заклікаў паважаць прыроду, «Царкву Бога жывога, стоўп і сцвярджэнне ісціны» (1 Тым 3, 15). Яно звядзецца да дабрачыннай, эстэтычнай, сацыялістычнай арганізацыі. У гэтым смяротная небяспека для тых, хто ратуецца цаною смерці Хрыста.

Вось аб чым папярэджвае нас адзін з найбуйнейшых рускіх філосафаў, вось чаго мы павінны асцерагацца. Нават калі «талстоўскае» хрысціянства заваюе сабе месца ў гасцёўнях, у палітычных і сацыяльных колах, на тэлебачанні, мы ні ў якім разе не павінны выракацца хрысціянства Езуса Хрыста, асяродкам якога з'яўляецца крыж, узрушальная праўда ўваскрэсення Божага.

Езус Хрыстус, Сын Божы, укрыжаваны і ўваскрослы, адзіны Збаўца чалавека, не можа быць падменены добрымі намерамі і светлымі ідэямі, якія лёгка засвойваюцца грамадствам. Езус Хрыстус - «камень», як Ён сам гаварыў пра сябе: «І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца; а на каго ён упадзе, таго расцісне» (Мц 21, 44).

Бясспрэчна, хрысціянства - гэта найперш прышэсце Хрыста, але бясспрэчна і тое, што яно мае на ўвазе і захоўвае несумненныя «каштоўнасці». Недапушчальна з любові да дыялогу ставіць прышэсце Хрыста ў адзін шэраг з агульнапрынятымі каштоўнасцямі, але нельга і адмахвацца ад сапраўдных каштоўнасцяў як ад чагосьці, чым можна пагарджаць. У гэтым пытанні належыць выяўляць «гнуткасць».

- Ёсць абсалютныя (або, як гавораць філосафы, трансцэндэнтныя) каштоўнасці: ісціна, дабро, цудоўны пачатак. Той, хто іх прызнае, шануе і любіць Хрыста, нават калі сам пра гэта не ведае і лічыць сябе атэістам. Гэта так, таму што ў самай глыбіні рэчаў Хрыстус ёсць праўда, справядлівасць, прыгажосць.

- Ёсць адносныя каштоўнасці: узаемадапамога, жаданне міру, павага да прыроды, добразычлівасць і да т.п. Каб пазбегнуць скажоных тлумачэнняў, патрэбная іх дакладная трактоўка. Узаемадапамога, мір, клопат аб прыродзе, добразычлівасць могуць схіліць хрысціяніна наблізіцца да Хрыста і яго таямніцы. Але калі яны абсалютызуюцца і адрываюцца ад сваіх каранёў або, што яшчэ горш, уступаюць у супярэчанне з дабравешчаннем Збавення, то яны становяцца прычынаю ідалапаклонства і перашкодаю на шляху да Збавення.

У той жа час у хрысціяніне гэтыя каштоўнасці - узаемадапамога, мір, прырода, добразычлівасць - могуць стаць неацэннымі імпульсамі да поўнага і самаахвярнага самааддання Езусу, Богу, Валадару сусвету і чалавечай гісторыі. Так было, напрыклад, з Францішкам Асізскім.

Але калі хрысціянін, жадаючы выявіць шырыню поглядаў і схільнасць да добрасуседства, усхваляе гэтыя другасныя каштоўнасці, але, сам таго не заўважаючы, аддае забыццю факт Збавення, то гэта значыць, што ён перашкаджае асабістай сувязі з Сынам Божым, укрыжаваным і ўваскрослым, упадае ў грэх адступніцтва і ўрэшце пераходзіць на бок Антыхрыста.

«Хата мая, дзіра мая, ратуй мяне!»

У прадмове да «Трох размоваў» Салаўёў піша, што ў яго час у некаторых расійскіх губернях узнікла новая рэлігія. Яна бязмежна спрошчвала прадмет богашанавання. Яе прыхільнікі, «прасвідраваўшы ў якім-небудзь цёмным куце ў сцяне хаты дзірку сярэдняй велічыні ... прыкладвалі да яе вусны і шмат разоў настойліва паўтаралі: «Хата мая, дзіра мая, ратуй мяне!»27

У гэтым неверагодным заблуджэнні, заўважае Салаўёў, ёсць ва ўсялякім выпадку адна вартасць: правільнае ўжыванне тэрмінаў. «Пра хату яны так і гаварылі - хата; і месца, прасвідраванае ў яе сцяне, справядліва называлі дзірою».

«У нашым грамадстве значна горш, - непрымірыма працягвае філосаф. - Чалавек страціў ранейшую праўдзівасць. Свая хата атрымала цяпер назву «Валадарства Богава на зямлі» і стала называцца «новым Евангеллем». (Тут палеміка з Талстым непрыхаваная і проста бязлітасная.)28

Але хрысціянства без Хрыста і без Добрай Навіны пра сапраўднае і асабістае ўваскрэсенне «ёсць такое ж пустое месца, як і звычайная дзіра, прасвідраваная ў сялянскай хаце»29.

Мне падаецца, што і цяпер мы маем справу ў чыстым выглядзе з культураю «пустаты», з свабодаю без зместу, з экзістэнцыяльным «нішто». Гэта самая вялікая трагедыя нашага часу. Але маштабы трагедыі яшчэ больш павялічваюцца, калі іншыя філосафы з любові да дыялогу ўпрыгожваюць гэту «пустату», гэтыя «дзіры» фальшывымі хрысціянскімі этыкеткамі.

Па-за Хрыстом - канкрэтнаю асобаю, жывою рэальнасцю - для чалавека застаюцца толькі «пустата» і адчай. У Хрысце, які ёсць паўната Айца, чалавек знаходзіць сваю паўнату і сваю адзіную надзею.


  1. В.С.Соловьёв. Три разговора о войне, прогрессе и конце всемирной истории, со включением краткой повести об антихристе и с приложениями. М.: Товарищество А.Н.Сытин и Ко. Фирма «ПИК». 1991.
  2. С.М.Соловьёв. Жизнь и творческая эволюция Владимира Соловьёва. Брюссель. Изд-во «Жизнь с Богом». 1977. С. 51.
  3. Тамсама. С. 392.
  4. В.Л.Величко. Владимир Соловьёв. Жизнь и творчество. СПб. 1904. С. 170.
  5. В.С.Соловьёв. Три разговора... С. 5.
  6. Тамсама.
  7. В.С.Соловьёв. Три разговора... С. 155.
  8. Тамсама. С. 157.
  9. Тамсама. С. 176.
  10. Тамсама. С. 161.
  11. Тамсама. С. 163.
  12. Тамсама. С. 157.
  13. Тамсама. С. 158.
  14. Тамсама. С. 157.
  15. Тамсама. С. 159.
  16. Тамсама. С. 165.
  17. Тамсама. С. 111.
  18. Тамсама. С. 166.
  19. Тамсама. С. 182.
  20. Тамсама. С. 169.
  21. Тамсама. С. 174.
  22. Тамсама. С. 184.
  23. С.М.Соловьёв. Жизнь и творческая эволюция Владимира Соловьёва. С. 328.
  24. Лев Толстой. Полное собрание сочинений. М.: ГИХЛ, 1957. Т. 24. С. 253.
  25. Лев Толстой. Краткое изложение Евангелия. Полное собрание сочинений. М.: ГИХЛ, 1957. Т. 24. С. 801.
  26. В.С.Соловьёв. Три разговора... С. 177.
  27. Тамсама. С. 6.
  28. З 1883 года Талстой распаўсюджваў рукапіс або літаграфію свайго «Кароткага выкладання Евангелля», якое займела назву «Евангелле Талстога». У працы «Валадарства Божае ўнутры нас» дадзена найбольш яснае выкладанне тэорыі непраціўлення і талстоўства (1891—1893).
  29. В.С.Соловьёв. Три разговора... С. 6.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY