Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(9)/1999
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
Да юбілею 2000 Года
Мастацтва

ВЕРА І ЭКРАН
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Нашы святыні

ПІНСКІЯ КЛЯШТАРЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Архітэктура
Проза

МЯСТЭЧКА ДЗЯРЭЧЫН
Haereditas

ГЕРБЕСТ БЕНЕДЫКТ
Замежныя вандроўкі
На кніжнай паліцы
Традыцыя

БЕЛЫ АНЁЛ НА ФРАНТОНЕ

Кс. Эдвард СТАНЕК

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ

Пачатак

ПЯТАЯ ПРАЎДА ВЕРЫ

3. Багацце нашага сэрца

...З дапамогаю розуму мы пазнаем свет, які нас атачае. Мы можам пазнаць існаванне і пэўныя якасці нашага Створцы і можам пазнаць саміх сябе. З дапамогаю розуму мы адрозніваем праўду ад маны, дабро ад зла. Менавіта розум мяркуе аб правідловасці людскога сумлення. Чым дакладней ён зможа адрозніць дабро ад зла, тым больш упэўнена ён зможа весці чалавека. Гэта вялікая ўлада, якая цяпер вельмі цэніцца сярод людзей, часта нават пераацэньваецца за кошт астатніх уладаў.

Другая ўлада - гэта воля, якая кіруе чалавечаю вольнасцю. Св. Аўгустын сказаў: «Чалавек - гэта воля». Воля - гэта сіла, якая прымае рашэнне. Воля заўсёды настроена на дабро. І не толькі пры выбары паміж дабром і злом. Нават калі мы будзем у свеце чыстага дабра, воля і надалей будзе выконваць сваю задачу. Справа ў тым, што воля можа адмовіцца ад малога дабра на карысць большага. Св. Павел прыгожа сказаў: «Усё мне дазволена, але не ўсё гэта карысна». Мы ўмеем адмаўляцца ад таго, што менш карысна, і выцягваць руку па тое, што больш карысна. У такім выпадку трэба зазначыць, што воля - гэта жаданне. «Хачу» і «хацеў бы» - гэта зусім розныя рэчы. Шмат людзей не бачыць тут розніцы. «Хацеў бы» - гэта прыгожае пажаданне, а «хачу» - гэта заўсёды канкрэтны чын. Воля вырашае, якімі быць нашым справам.

Сёння ў чалавеку недаацэнена тая энергія, якой з'яўляецца воля. Яна часта занядбаная, асабліва пры выхаванні. У нашым пакаленні яе планамерна адмаўлялі і знішчалі. Заўсёды скіраваная на дабро, яна, іграючы вырашальную ролю ў выніках дзейнасці чалавека, была прызнана за небяспеку для таталітарных сістэмаў. Таму было зроблена ўсё, каб выхоўваць пакаленне са слабой воляй. Пад выглядам удасканалення розуму, з дапамогаю знарок адурманьваючай інфармацыі занядбоўвалася ўдасканаленне волі. Шчаслівыя тыя, хто спаткаў мудрага выхавацеля і пад яго кіраўніцтвам гартаваў сваю волю.

Трэцяя энергія - пачуццё. У катэхізацыі і душпастырстве яна не заўсёды ацэньваецца адпаведным чынам. Пачуццё - гэта вельмі багаты і надзвычай пераплецены вянок розных негатыўных і пазітыўных сілаў, якія вызначаюць адносіны чалавека да Бога, іншых людзей і да свету. Калі на пярэдні план выступаюць пазітыўныя пачуцці, тады гэты кантакт лёгкі і вельмі творчы, калі ж негатыўныя, то ствараецца дыстанцыя, якая можа чалавека знішчыць. Авалодванне светам пачуццяў - вельмі цяжкая задача. Задача не ў тым, каб іх знішчаць, але ў тым, каб умела выкарыстоўваць. Мудрасць заключаецца ў тым, каб, з аднаго боку, выхоўваць пазітыўныя пачуцці і ўзбагачаць імі сябе і тых, хто побач, а з другога - умела выкарыстоўваць негатыўныя пачуцці там, дзе трэба ствараць дыстанцыю і будаваць абарончы мур перад небяспекаю атакі зла. Пачуцці павінны ствараць атмасферу чалавечага жыцця, бо яны ў значнай меры вырашаюць лёс нашага шчасця. Яны - таксама важны элемент любові і вырашаюць яе прыгажосць.

Апошні з чатырох дароў Бога - пажадлівасць, якая мае два асноўныя накірункі. Адзін - гэта магутная сіла, што дапамагае захаваць жыццё; яна праяўляецца ў выглядзе голаду і смагі. Другі - сіла, якая захоўвае род; яна скіраваная на прадаўжэнне жыцця. Гэты вялікі Божы дар. Выразна падкрэслім гэта, бо нават некаторыя святыя глядзелі на пажадлівасць толькі адмоўна і бачылі ў ёй прыладу, якую выкарыстоўвае шатан. Цяпер, асабліва ў Катэхезах Яна Паўла ІІ, Касцёл заклікае да сур'ёзнага погляду на гэты вялікі Божы дар. Гэты пазітыўны погляд асабліва важны яшчэ і таму, што цяпер у Польшчы высока ўзнімаецца хваля парнаграфіі. Яна заўсёды грунтуецца на легкаважным падыходзе да пажадлівасці і адрывае яе ад адказнай любові.

Трэба абавязкова бачыць гэтыя чатыры сілы, якія ёсць у нас, дзеля таго, каб падзякаваць за іх Богу. Трэба ўдасканальвасць сілу волі, а таксама гармонію пачуццяў. Трэба браць поўную адказнасць за ўсялякія парывы пажадлівасці - як за свае, так і за чужыя. Нарэшце, варта памятаць, што толькі любоў здолее захаваць гармонію паміж гэтым багатым зместам нашага ўнутранага свету, альбо паміж розумам, воляй, пачуццём і пажадлівасцю. Толькі любоў здольная творча скарыстоўваць гэтыя дары. Колькі разоў адзін з элементаў узвышае сябе за кошт іншых, столькі ж чалавек дэфармуецца. Евангелле наказвае аберагаць усе чатыры элементы, бо ўсе яны ад Бога, за ўсе трэба дзякаваць і ўсе трэба выкарыстоўваць так, як таго жадае Бог. Толькі праўдзівая любоў Бога і чалавека правільна выкарыстоўвае розум, волю, пачуцці і пажадлівасць.

Тое, што я сказаў, важна пры роздуме над самавыхаваннем. Але тады патрэбна шырэйшая гаворка. Наша ж задача - убачыць у кантэксце хрысціянскай антрапалогіі, якое вялікае багацце атрымалі мы ад Бога і якое цяжкае заданне нам даверана.

4. Зачацце чалавека

У рамках разважанняў над хрысціянскай антрапалогіяй хачу адказаць на канкрэтнае пытанне: калі наступае злучэнне душы з целам чалавека. Адказ на гэтае пытанне дапамагае зразумець адносіны Бога да чалавечага жыцця на самым пачатку яго існавання, у лоне маці. Цела ўтвараецца бацькам і маці, мужчынам і жанчынай. Клеткі, якія адзін і другі аддаюць для гэтага, яшчэ не з'яўляюцца чалавекам, гэта толькі матэрыял для чалавечага цела. Велізарная колькасць гэтага матэрыялу, надзвычай творчага, ніколі не будзе выкарыстана, а беззваротна гіне; так было запланавана самім Створцам. Злучэнне размнажальных клетак бацькі і маці - вялікая падзея. Зліццё гэтых дзвюх клетак у адну фармуе генетычны код, у якім запраграмаваны ўвесь чалавек. Калі б мы мелі доступ да гэтага генетычнага коду, то маглі б ужо ў той момант устанавіць шмат дадзеных, якія тычацца развіцця чалавека: не толькі пол, колер валасоў, вачэй, але нават слабасці і хваробы, якія чакаюць будучага чалавека, ягоныя здольнасці і нават ступень і род ягонай творчасці. Найдасканалейшыя камп'ютэры, якія ёсць на свеце, з'яўляюцца кепскай мэбляй у параўнанні з гэтай адзінай клеткай, у якой запраграмаваны чалавек - вялікі шэдэўр Бога.

Паводле навукі Касцёла, менавіта ў гэты момант, калі злучаюцца дзве размнажальныя клеткі бацькі і маці, і ўтвараецца генетычны код, Бог стварае духа і злучае яго з тым маленькім целам. Чалавек ужо створаны. Варта падкрэсліць, што ў стварэнні чалавека бяруць удзел бацька, маці і Бог, а кажучы дакладней, чалавек паўстае як шэдэўр паводле ўзаемнай любові Бога да чалавека, мужа да жонкі і жонкі да мужа. Кожны з нас - твор любові. Пан Бог утварае чалавечае цела так, каб яно магло выпрацоўваць матэрыял, які патрэбны для стварэння чалавека. Ён аддаў у нашыя рукі адказнасць за зачацце новага жыцця. Гэта мы вырашаем, будзе чалавек створаны альбо не. У залежнасць ад нашага рашэння Бог аддаў з'яўленне будучых пакаленняў. Калі цела падрыхтавана, Бог удыхае ў яго духа... Вядома, што ўжо на трэцім тыдні пачынае біцца сэрца і фармуецца мозг.

Калі клетка, у якой закадзіравана ўсё будучае чалавека, злучаецца з душой, то ў гэты момант ужо з'яўляецца чалавек, і кожны свядомы замах на гэтага чалавека - забойства. Таму прашу не здзіўляцца сцвярджэнню, што ўвесь шэраг супрацьзачаткавых сродкаў - гэта прылады, якія выклікаюць смерць створанага Богам чалавека. Кожнае свядомае і добраахвотнае перарванне чалавечага жыцця ў лоне маці - забойства чалавека. Вельмі знамянальная рэч. Касцёл ад самага пачатку гаворыць пра забойства. Пра гэта сведчаць вельмі старыя дакументы, у якіх выразна пішацца пра злачынства. У адным вельмі старым казанні, якое захавалася да нашых дзён, аўтар сцвярджае, што маці становяцца магілаю для сваіх дзяцей. На абароне жыцця ненароджанага дзіцяці стаіць пятае прыказанне веры. Таму стаўленне Касцёла ў абароне Божага права вырашана менавіта гэтак.

Адсюль вынікае, што нельга праводзіць ніякіх эксперыментаў на чалавечым плодзе, бо ўсе медыцынскія эксперыменты, якія рызыкуюць чалавечым жыццём, неэтычныя. З пункту гледжання каталіцкай навукі нельга таксама злучаць клеткі ў прабірцы, таму што вялізная колькасць гэткіх эксперыментаў сканчваецца смерцю. Пазіцыя Касцёла ў гэтым пытанні таксама вырашана.

Пан Бог аддаў у нашы рукі адказнасць за жыццё, а не права забіваць чалавека. Кожны з нас павінен адчуць сваю вялікую годнасць, утоеную ў мацярынстве і бацькоўстве, а таксама звязаную з гэтым адказнасць. Мы можам быць супрацоўнікамі Бога пры стварэнні чалавека. Уадначас падзякуем Яму за тое, што не аддаў у нашыя рукі адказнасць за смерць, бо гэта была б страшная адказнасць. На шчасце, права смерці Бог пакінуў выключна для сябе.

Пры гэтым трэба падкрэсліць, што маніпуляванне ведамі аб чалавечым ненароджаным жыцці, якое лучыцца з упартым маўчаннем, - гэта частка вялікай палітычна-эканамічнай гульні ў сусветным маштабе. Божы голас, які мы чуем у Касцёле, мэтанакіравана заглушаецца светам. Усё гаворыць пра тое, што трэцяя сусветная вайна будзе ўсчата не ракетамі, а разыграецца ў медыцынскіх кабінетах. Яна ўжо пачалася. Мы не ў стане цяпер паказаць праўдзівых лічбаў аб Кітаі, але паўсюль сцвярджаецца, што штогод на нашай планеце замардоўваецца каля 80 мільёнаў ненароджаных дзяцей. Гэтай лічбы дастаткова. Трэцяя сусветная вайна ўжо ідзе. Гэта трэба ўбачыць, каб зразумець высілкі Папы Рымскага, якія скіраваны перадусім да католікаў, нагадваючы аб прынцыпах жыцця, што тычацца Божага права. Калі хто лічыцца з Божым правам, то можа быць упэўнены, што ў ягоным сэрцы, у ягонай сям'і, у ягоным доме будуць спакой і творчая любоў. Гэта гарантыя самога Бога. Можа быць цяжка, можа, трэба будзе дзяліць акраец хлеба так, каб хапіла для ўсіх, але ў гэтым доме будзе шчасце. Несур'ёзнае ж успрыманне Божага права можа прывесці да дабрабыту, але чалавек будзе ў ім нешчаслівы.

Будзем жа памятаць Божую праўду - у гэтым наша задача. Прыгожую праўду аб вялікай адказнасці чалавека за стварэнне новага жыцця і страшную - калі гэтая адказнасць выкарыстоўваецца для знішчэння безабароннага дзіцяці.

5. Смерць чалавека

У велікодным сцэнары ёсць роздум над таямніцаю смерці. Нас цікавіць момант, калі цела сканчвае функцыянаваць. Мы ведаем, што чалавек складаецца з трох элементаў: цела, якое лучыць нас з усім матэрыяльным светам; з жыццёвага элемента, які маецца ва ўсіх жывых арганізмах, і з духа, надзеленага розумам і вольнаю воляю.

Смерць - гэта не канец чалавечага жыцця. Ёсць прыгожая прэфацыя, якую Касцёл спявае на жалобнай Святой Імшы. «Жыццё Тваіх верных, о Пане, змяняецца, але не сканчваецца, і калі распадзецца дом зямной пілігрымкі, знойдуць яны падрыхтаванае ў небе вечнае жытло». Смерць, аб якой гаворым, - гэта канец функцыянавання цела.

У асноўным вылучаюцца тры віды смерці. Першая - клінічная смерць альбо канец працы сэрца. Калі хто меў у руках кнігу «Жыццё пасля жыцця», той прыпомніць шэраг сведчанняў людзей, якія перажылі клінічную смерць і расказвалі, як яны назіралі высілкі лекараў, схіленых над іхнім целам, каб прымусіць сэрца зноў працаваць. Гэта прыкладна гэтак жа, калі б кіроўца выйшоў з уласнай машыны і, не рызыкуючы ехаць далей, чакаў, пакуль яе не прывядуць у рух механікі. Кіроўца не расстаўся са сваёй машынай. Медыцына ведае выпадкі, калі нават пасля доўгага перапынку сэрца чалавека ўдавалася рэанімаваць.

Другі від смерці - біялагічная смерць, якая настае пасля таго, калі перастае працаваць мозг. Маюцца сучасныя апараты, якія дазваляюць на маніторы назіраць дыяграму працы мозгу. Гаворка ідзе не аб свядомасці, бо яна можа быць адключана, але аб самой працы мозгу. Калі сканчваецца функцыянаванне мозгу, то нервовыя клеткі хутка распадаюцца, і ўжо тады няма гаворкі аб ажыўленні чалавека. Ці мозг сканчвае працаваць у той момант, калі дух аддзяляецца ад цела? Касцёл гэтак не лічыць. У той жа час ён прымае тэорыю аб так званай метафізічнай смерці, надыход якой нельга дакладна акрэсліць. Гэты момант вядомы Богу. У той час настае канчатковае расстанне духа з целам. Калі мы прымем пад увагу тры элементы, якія складаюць чалавека, то можам зрабіць выснову, што смерці паддаецца толькі цела, а паколькі жыццёвы элемент злучаны з духам, то чалавек жыве і надалей, толькі ўжо ў зусім іншым вымярэнні.

Калі можна ўжыць параўнанне з прыроды, то зробім гэткае: вусень, які сядзіць на капусце, і матылёк, які пасля пераўтварэння выходзіць з яго. Жыццё вусеня цесна звязана з капустай. Памірае вусень і становіцца матыльком. Матылька капуста ўжо не цікавіць. Матылёк існуе ў іншым жыццёвым вымярэнні. Смерць у гэтым выпадку - пераўтварэнне. Астанкі чалавека - тое, што засталося пасля ягонага пераўтварэння. Мы ўшаноўваем іх таму, што цела ўдзельнічала ва ўсіх нашых зямных цяжкасцях і было прыладаю тварэння дабра.

Калі гэткая праўда аб нашай смерці, то смерць павінна быць найбольш урачыстай гадзінай жыцця. Мы часта сустракаем людзей, якія адыходзяць на той свет надзвычай спакойна. Паміраў бацька некалькіх ужо амаль дарослых дзяцей. На працягу пяці месяцаў ён моцна пакутваў. У апошнія ж свае два дні ён адчуў выключную папраўку. Блізкія ўжо спадзяваліся, што ён паправіцца, а ён тым часам паклікаў жонку, дзяцей, падзякаваў ім за ўсё, развітаўся з імі, а пасля сказаў самаму старэйшаму сыну, каб запаліў грамнічную свечку і падаў яму, бо ён ужо адыходзіць у краіну Бацькоў. Прысутныя разгубіліся, але сын паслухмяна выканаў бацькаву волю. І праз некалькі хвілін бацька са святлом у руках пераступіў парог у новую рэальнасць. Усіх уразіла такое дасканалае ўспрыманне смерці. Гэты чалавек дарос да такога простага і адважнага погляду ў таямніцу ўласнай смерці.

Смерць - заўсёды таямніца. Ніхто з нас не ведае, пры якіх абставінах і як ён будзе паміраць. Усе вернікі ведаюць, які гэта знамянальны момант, і таму просяць у Бога шчаслівай смерці. Касцёл увёў гэтую малітву ў «Вітай, Марыя»: «Маліся за нас, грэшных, цяпер і ў хвіліну смерці нашай». Важна перажыць гэтую хвіліну як найбольш творча, бо чалавек хоча мець упэўненасць, што калі ён пераступіць парог вечнасці, то спаткаецца з Богам.

Найлепшай гарантыяй гэтага Касцёл лічыць Святую Камунію, гэтак званы Віятык. Яго можна ўдзяляць кожнаму, каму смерць зазірае ў вочы. Тут гаворка не аб намашчэнні хворых, але аб Святой Камуніі. Касцёл хоча, каб смерць хрысціяніна была з'яднана з Хрыстом, які прысутнічае ў Эўхарыстыі.

Часам мы маем магчымасць у ролі сведкаў удзельнічаць у тым, як іншыя пераступаюць парог вечнасці. Тут патрэбна вялікая духоўная сталасць. Мы не здольныя ўвайсці ў таямніцу чужой смерці, але важна падтрымаць і супакоіць таго, хто адыходзіць. Смерць прыгожая тады, калі той, хто канае, можа адной рукой сціснуць руку свайго прыяцеля, што застаецца на зямлі, другую працягнуць у бок Бога. Напоўненая спакоем прысутнасць людзей у хвіліны смерці чалавека - вялікі знак любові. Няварта тады чыніць ніякага руху, крыку, плачу, але з дапамогай веры, малітвы трэба памагчы чалавеку перайсці ў новую рэальнасць.

6. Кантакт з памерлым

У апошнім разважанні мы затрымаліся над таямніцаю смерці, над момантам, калі цела сканчвае свае зямныя функцыі. Падкрэслім яшчэ раз: чалавек тады не памірае, бо смерць - гэта толькі канец функцыянавання цела. Чалавек жыве, жыццёвы элемент, а таксама дух чалавека існуюць вечна. Праўда веры, якая змешчана ў словах «чалавечая душа несмяротная», - гэта толькі іншая форма сцвярджэння, што чалавек несмяротны. Расстанне з целам часовае. Наступіць новае злучэнне жыцця і духа з целам, якое пасля змёртвыхпаўстання будзе пераўтворана і ўзноўлена.

Цяпер нас цікавіць перыяд паміж смерцю і нашым змёртвыхпаўстаннем. Няшмат тут можна сказаць. Дадзеныя адкрыццяў вельмі скупыя. Відавочна, гэта не патрэбна для нашага збаўлення.

Аднак ёсць адно важнае пытанне: «Ці можна ўсталяваць кантакт з чалавекам, які памёр?» Абапіраючыся на наш недасканалы вобраз вусеня і матыля, спытаем, ці можа вусень, які застаецца на качане капусты, устанавіць кантакт з другім вусенем, які ўжо матылёк і ўжо лятае? Адказ просты. Можа ўстанавіць кантакт, але што іх лучыць? Пра што будзе размаўляць вусень з матыльком? Вусень штомоцы трымаецца за капусны ліст і баіцца з яго зваліцца, тым часам матылька цікавіць луг з кветкамі, дзе ён цешыцца сваёю свабодаю, узносячыся ў бок сонца. Вядома, матылёк можа прыляцець і сесці каля вусеня, але іхнія светы ўжо зусім розныя. Аб чым яны будуць размаўляць? Успамінаць тое, што было? Але які сэнс гэтых успамінаў?

Амаль усе рэлігіі свету гавораць аб гэтым кантакце, а некаторыя нават асабліва экспануюць яго на першы план. Сярод вялікіх рэлігій свету вельмі моцна падкрэслівае кантакт з памерлымі канфуцыянізм. Гэтая рэлігія заснавана на сумесным жыцці з усімі пакаленнямі, якія былі да нас. Кантакт з продкамі тут вельмі моцна экспанаваны на першы план.

Як да гэтага кантакту падыходзіць Бог, а за Богам і Касцёл? Кантакт магчымы. Гэта першае сцвярджэнне. Другое. Спробы непасрэднага ўстанаўлення кантакту Богам катэгарычна забароненыя - пад цяжкім грахом. Гэта было ўжо ясна абвешчана ў шырокім каментары да Божых запаведзяў. Чалавек на зямлі не мае права выклікаць памерлых. Гэта забараніў Бог, і гэта той чын, які заўсёды становіцца цяжкім грахом.

Святое Пісанне падае нам канкрэтны прыклад устанаўлення кантакту з памерлымі. У Першай Кнізе Самуіла мы можам дакладна прасачыць, як адрынуты Богам кароль Саул хоча дакладна ведаць, атрымае ён перамогу ў бітве, якая яго чакае, альбо не. Ён устанаўлівае кантакт з памерлым прарокам Самуілам. Той прыходзіць і сварыцца на караля за тое, што выклікае памерлых, нягледзячы на тое, што ведае: гэта - грэх. Далей ён прадказвае каралю ягонае паражэнне ў заўтрашняй бітве і смерць (1 См 28, 3-20). У гэтым фрагменце Святое Пісанне выразна павучае, што кантакт з памерлымі магчымы, але правакаванне яго - грэх.

Чаму Бог не хоча, каб людзі ўстанаўлівалі непасрэдны кантакт з памерлымі? Па-першае, таму, што толькі Ён ведае праўду аб свеце вечнасці. Калі чалавек хоча шукаць гэтую праўду, то павінен шукаць яе ў Бога. У Ягоных вуснах праўда бяспечная і ніколі нікому не пашкодзіць. Усялякія ж пошукі праўды ў іншых крыніцах, а менавіта дзеля гэтага выклікаюцца нябожчыкі, раўназначныя ігнараванню Бога. Паколькі пасля падзення анёлаў свет духа знаходзіцца не ў ідэальнай гармоніі з Богам, то існуе небяспека, што нейкага нябожчыка ў сваіх мэтах будзе выкарыстоўваць злы дух, а спраўдзіць гэта на зямлі мы не ў стане. Таму, каб не было непаразуменняў, Бог пакінуў для сябе непасрэдны пераказ усялякай інфармацыі, якая тычыцца жыцця ў вечнасці.

Па-другое, Хрыстус у прыпавесці аб Лазары і багацеі ўкладае ў вусны Абрагама вельмі знамянальныя словы. Паведамленні, якія пераказаны нябожчыкамі, не дапамогуць жыхарам Зямлі. Багацей упрошвае Абрагама паслаць памерлага Лазара для таго, каб ён папярэдзіў ягоных братоў, якія чыняць зло пры жыцці. Абрагам адказвае яму, што яны маюць Майсея і прарокаў, няхай іх і слухаюць. Багацей сказаў, што ўсё ж, калі б хтосьці з памерлых прыйшоў бы да іх, то яны навернуцца. На што Абрагам прамовіў: «Калі яны не слухаюць Майсея і прарокаў, то калі б хто з памерлых і ўваскрос, не павераць» (гл. Лк 16, 19-31). У чалавеку, які жыве на зямлі, існуе нейкая моцная перашкода ўспрымання праўды, пераказанай нябожчыкамі. Знамянальна, што Хрыстус у прыпавесці прыводзіць гэты тып аргументаў.

Касцёл звяртае ўвагу на вялізны ўплыў гэткага спаткання на псіхічныя перажыванні, якія для ўдзельнікаў могуць скончыцца трагічна. Кантакт з іншым светам настолькі вялікае перажыванне, што можа знішчыць нервовую сістэму чалавека. Яшчэ больш сур'ёзная небяспека тоіцца ў магчымасці ашуканства. Вядома, што і ў Кракаве ёсць людзі, якія нібыта выклікаюць духаў. Сумленныя даследванні гэтага тыпу з'яваў, якія адбываюцца на працягу апошняга дзесяцігоддзя, паказваюць, што найчасцей гэта ашуканства. Касцёл асцерагае ад уступлення ў кантакт з ашуканствам. Гэтая практыка не мае нічога агульнага з кантактам з нябожчыкамі, аднак ашуканцы могуць учыніць шмат зла.

Кантакт з нябожчыкамі магчымы пры пасрэдніцтве Бога. Ад самага пачатку Касцёл моліцца за памерлых. З імі можна спаткацца ў Богу. Яны могуць устанавіць з намі кантакт на зямлі. Мы ж не маем права імкнуцца да гэтага.

Ці існуе магчымасць жыцця ў кантакце з нябожчыкамі? Гаворка не аб іх з'яўлені, але аб усведамленні іх прысутнасці і апекі. Гэта магчыма і залежыць ад сілы веры і сілы любові, якая лучыла людзей да смерці. Чым большыя вера і любоў, тым лягчэйшы кантакт з нябожчыкам. Вось памірае маці і пакідае з бацькам двух няпоўнагадовых сыноў. Бацька сам выхоўвае дзяцей. Ён кажа ім: «Мы не бачым мамы, але яна ёсць з намі, яна і надалей нас любіць і дапамагае нам. Ніколі не думайце, што не маеце мамы, бо гэта няпраўда. Яна ёсць, толькі іншым чынам апякуецца намі». Хлопцы ўспрынялі гэта вельмі сур'ёзна. Цяпер яны маюць свае сем'і, але ўспамінаюць, як часта ў цяжкіх сітуацыях адчувалі і адчуваюць матчыну падтрымку. Бо ўсведамленне яе прысутнасці было вельмі глыбокім. Гэта не азначае, што даходзіла да сустрэчаў з маці, да яе з'яўленняў. Не, гэта повязі любові, повязі духа; яны застаюцца, смерць іх не перарывае. Чым большая сапраўдная любоў, якая абапіраецца на Бога, тым глыбейшае ўсведамленне прысутнасці людзей, якія адышлі ад нас.

На гэтым і скончым кароткі роздум над таямніцаю чалавека - адзінага бачнага твора Бога, створанага па Яго вобразе і падабенстве.

Працяг

Пераклад Ірыны Жарнасек.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY