|
|
№
3(9)/1999
На кніжнай паліцы
Да юбілею 2000 Года
Мастацтва
Роздум аб веры
Нашы святыні
Паэзія
Архітэктура
Проза
Haereditas
Замежныя вандроўкі
На кніжнай паліцы
Традыцыя
|
Сталіца Палесся Пінск - горад незвычайны. Тут сярод праваслаўнага насельніцтва, побач з Ляшчынскім манастыром, гісторыя якога губляецца ў першых вяках хрысціянства, адразу пасля хрышчэння Літвы ўзнік кляштар францішканаў. Калі не лічыць напаўлегендарных дамініканцаў у Наваградку, непрацяглага місіянерства гаштолдаўскіх францішканаў у Вільні і цьмяных звесткаў пра аўгустынцаў пры Вітаўце, то пінскі кляштар, які рэальна існаваў да 1852 г., можа лічыцца самым старажытным каталіцкім кляштарам у Вялікім Княстве Літоўскім. Інвентары ХІХ ст. сведчаць, што заснаваны ён у 1396 г. пінскім і тураўскім князем Жыгмунтам Кейстутавічам па просьбе яго жонкі Ганны Мазавецкай (Нац. гіст. архіў Беларусі, ф. 1781, воп. 27, адз. зах. 452). Жыгмунт быў і ахрышчаны першым пінскім плябанам і гвардыянам Вінцэнтам Францішканінам. Аўтар першага нарыса гісторыі кляштара Антоні Машынскі яшчэ бачыў у архіве кляштара лацінскі фундацыйны акт на пергаменце (да яго была прывешана пячатка на воску з выявай «Пагоні»), напісаны ў Пінску (1396 г.) у першы чацвер пасля Святога Духа ў прысутнасці сына князя Міхала, маршалка Монвіда, сакратара Румбоўда і многіх дваранаў (Ant. Moszyński. Historyja o klasztorze pińskim xx. Franciszkanów.-Athenaeum, 1844, t. 4, ń. 37). Князь прызначыў кляштару дзесяціну ўсякага збожжа, што належала замку ад воласці, і грунты ў Вышэвічах з двума сялянамі. І пазнейшыя ўласнікі Пінска не пакідалі францішканаў без апекі. Вялікі князь Казімір Ягелон пацвердзіў фундуш Жыгмунта і дадаў ім ва ўласнасць вёску Охава, фальваркі Статычаў і Дружылавічы, карчму з шынком у Пінску пры вул. Спаскай (1445). Кароль Аляксандр прызначыў штогод перад Божым Нараджэннем даваць з замка кляштару 4 камені воску і 2 бочкі мёду, а Жыгмунт ІІ Аўгуст удакладніў, што бочкі павінны змяшчаць па 12 вёдзер (пазней гэтую дань натурай замянілі на 100 злотых). Праваслаўны пінскі князь Фёдар Яраславіч даў для лоўлі рыбы луку Рыбалаўку і Язы на Піне, каралева Бона - вёску Кудрычы з 20 дымамі, з якіх плацілі чынш, і возера Блуднае. Уладзіслаў IV замяніў збожавую дзесяціну і частку гарадскіх грунтаў на в. Кашэвічы (Ганковічы), дазволіў вольны доступ у лясы Пінскага староства, даў валоку зямлі ў Сварыцэвічах, 3-х падданых з грунтамі, 2 моргі пад цагельню (1639 г. Нац. гіст. архіў Беларусі, ф. 1781, воп. 27, адз. зах. 452). Першы драўляны касцёл (як кляштарны і парафіяльны) пад тытулам Узнясення Маці Божай асвяціў Андрэй Васілла, першы віленскі біскуп. Драўляныя будынкі неаднаразова гарэлі: у сярэдзіне ХVІ ст., потым - у 1621 г. Адбудаваны ў 1629 г. касцёл кансэкраваў віленскі біскуп Яўстахі Валовіч са згоды луцкага біскупа, таму што Пінск належаў да яго дыяцэзіі. Касцёл і кляштар цалкам згарэлі 9 лістапада 1648 г., калі пры штурме Пінска войска Мірскага падпаліла горад (кляштарныя храністы падкрэслівалі, што Мірскі быў герэтыкам-пратэстантам, як і яго начальнік гетман Януш Радзівіл, і неашчадна паставіўся да касцёла). Але яшчэ перад тым касцёл быў разрабаваны казакамі і мяшчанамі (манахі перад бунтам пайшлі з Пінска, пакінуўшы кляштар на апеку абслугі). Як пісалі пазней у кнігах інвентароў, натоўп уварваўся ў касцёл, былі разбураны алтары, пасечаны абразы, пабіты арганы, келіхі і забрана ўсё самае дарагое з закрыстыі, аднак штосьці з абразоў, паводле запісаў інвентара адбудаванага касцёла (1675 г.), ацалела. Часам даводзіцца чытаць пра збудаванне ў 1510 г. каменнага касцёла, аднак архіўныя дакументы гэтага не пацвярджаюць (Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Минск. 1990. с. 323). У 1675 г. касцёл быў яшчэ драўляным, накрытым гонтамі, з двума крыжамі на фасадзе і трэцім на бабінцы, пад ім - абраз Маці Божай на пазалочанай медзі. Такі ж абраз (але ў сярэбранай пазалочанай шаце) знаходзіўся ў галоўным алтары - драўляным паліхромным, як і 5 бакавых (св. Францішка, св. Антонія, Дзевы Марыі, Звеставання, св. Ганны). Два абразы ў капліцы Маці Божай лічыліся цудадзейнымі. Толькі 3 абразы на сценах былі новыя, старых жа, на палатне і на дошках - 13. Мелася каменная, з цагляным скляпеннем і трыма вокнамі, закрыстыя, а пад ёю склеп для браціі і дабрадзеяў (Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Віленскага універсітэта, А-3862, л. 221 і далей). Больш дакладных звестак пра гэтую пабудову пакуль што не знойдзена. Магчыма, згаданая ў 1687 г. каменная закрыстыя засталася ад старога касцёла (ці капліцы), а, магчыма, яна пабудавана ў 1648 - 1661 гг., калі адбудоўваўся ў дрэве спалены ў 1648 г. кляштар. Успомнім, што ўжо ў 1639 г. францішкане мелі намер збудаваць цагельню.
У пінскім касцёле структура беларускага гатычнага храма спалучаная з планіроўкай храма Іль Джэзу ў Рыме - пачынальніка барока ў еўрапейскай архітэктуры. З рымскім храмам тут перагукваюцца толькі бакавыя навы ў выглядзе раду капліцаў, аднак іх прызначэнне зусім іншае. Капліцы Іль Джэзу злучаныя паміж сабою, у пінскім жа касцёле яны маюць нязначную глыбіню, між сабою ізаляваныя і раскрытыя армадамі ў галоўную наву. Бакавых наваў па сутнасці няма, бо восевая сувязь капліцаў разбурана; храм як бы аднанававы, дапоўнены паніжанымі капліцамі-камерамі для бакавых алтароў. Адзінства прасторы падкрэсліваецца цэльным комплексам манументальна-дэкаратыўнай разьбы, выкананым за кароткі час невядомымі майстрамі. Яго складаюць галоўны алтар, два бакавыя алтары на стыку навы і прэзбітэрыя, алтары ў капліцах: Маці Божай Ружанцовай і Антонія Падуанскага, св. Ганны (два апошнія не завершаны ці пашкоджаны) і амбона.
Верхні ярус уяўляе з сябе разьбяны картуш-раму авальнай формы, пастаўлены ў праём разарванага франтона паміж пастаментамі з сядзячымі скульптурамі работы таго ж майстра, што і скульптуры апосталаў. У разьбе картуша адчуваецца большая дынаміка і «барочнасць», што сведчыць ці пра больш позні час стварэння, ці пра іншага выканаўцу. Стылістычна разьба картуша належыць да сярэдзіны ХVІІІ ст. Вартая ўвагі дэталь рэльефа: «Укрыжаванне», да якога звернуты Францішак, узвышаецца на фоне храма, у агульных рысах падобнага да пінскага касцёла з даволі характэрнай франтальнай бакавой вежай. Паколькі фасад касцёла быў завершаны каля 1766 г., рэльеф не мог быць выразаны раней за гэтую дату, аднак не пазней за 1817 г., час узвядзення званіцы. Аналагічная кампазіцыя ў гродзенскім касцёле францішканаў з'явілася ў 1760-х гадах, блізкім да яе па часе стварэння можна лічыць і пінскі рэльеф. З незвычайным размахам пабудаваны табэрнакулюм, па сутнасці, самастойны твор мастацтва. Цэнтр яго ўвенчаны скульптурнай групай «Багамаці Апека». Марыя ў кароне ахінае сваім плашчом чатырох адарантаў: двое з іх - у папскай ціяры і каралеўскай кароне - стаяць на каленях, на другім плане схілілі галовы мужчына і жанчына цывільнага стану. У дзвюх скульптурах абапал увасобленыя апосталы, дзве жаночыя фігуры маюць алегарычны сэнс: сімвалізуюць мудрасць і беднасць. У бакавым алтары Езуса ордэрная структура ледзь выяўленая, месца бакавых калонаў занялі алегарычныя жаночыя фігуры - моцна збудаваныя постаці, пастаўленыя накшталт карыятыдаў (аднак яны нічога не падтрымліваюць). У цэнтры ніжняга яруса змешчана скульптура «Укрыжаванне». Фігура выразана надзвычай прыгожа, з тонка выяўленымі дэталямі напружанага, фізічна моцнага цела, пальцы рук здаюцца сціснутымі ў кулакі не столькі ад болю, як ад вымушанага бяссілля. Над «Укрыжаваннем» на фрызе - барэльеф «Плат Веранікі», характэрны для алтароў апошняй трэці ХVІІ і пачатку ХVІІІ стагоддзяў. Верхні ярус алтара выкананы ў выглядзе авальнага картуша, аздобленага рэльефнай разьбой і фігурамі херувімаў. Алтар завершаны скульптурай Яна Хрысціцеля з ахвярным баранчыкам на руцэ. Маляўнічасцю вызначаюцца фігуркі анёлаў, пасаджаных у самых розных позах на алтары, дзе толькі можна было іх размясціць. Такія ж мілыя анёлкі расселіся і ў алтары св.Францішка, падобным да алтара Езуса. У цэнтры - абраз Францішка на палатне ў шаце. Па баках яго стаяць скульптуры св. Бенедыкта і св. Клары ў доўгіх адзеннях з серабрэннем і пазалотаю. У верхнім ярусе картушы змешчана гарэльефная сцэна з'яўлення Францішку Асізскаму Маці Божай, якая паказвае рукой уверх на Езуса з крыжам. З шасці каплічных алтароў толькі адзін (Маці Божай Ружанцовай) захаваўся ў закончаным стане. Яго архітэктурная канструкцыя цалкам вызначана структураю прасторы капліцы, у якую ён упісаны. Алтар складаецца як бы з трох порцікаў, прыстаўленых да ўсіх трох сценаў капліцы. У цэнтры, пад разьбяным балдахінам, змешчаны абраз «Маці Божай» на дошцы, з цудоўнаю шатаю 1775 г. Іканаграфічна абраз належыць да тыпу «Замілавання», аднак характар вобразаў і манера выканання гавораць пра значны ўплыў мастацтва позняга Рэнесансу. Безумоўна, мясцоваю перапрацоўкаю жыційнага абраза тлумачацца пяць круглых клеймаў на полі абраза: «Звеставанне», «Сустрэча Марыі і Альжбеты», «Нараджэнне Хрыста», «Стрэчанне», «Хрыстус-падлетак у храме». Ніжэй размешчаны невялікі абразок «Святая сям'я» італьянскай школы. Паабапал пастаўлены скульптуры арханёлаў (хутчэй за ўсё, Рафала і Габрыэля), а паміж калонамі - св. Юры (у воінскіх даспехах, з трыумфальным вянком на галаве) і Казімір (у каралеўскім вобліку). На карнізе вакол балдахіна схіліліся ўніз анёлы з музычнымі інструментамі; за імі стаяць дзве жаночыя скульптуры. Верхні ярус алтара выкананы ў выглядзе глёрыі вакол вакна з воблачных клубоў, парасткаў аканта, валютаў, херувімаў і анёлаў. У бакавых крылах алтара змешчаны жывапісныя абразы. Супрацьлеглы алтар Антонія Падуанскага або застаўся незавершаным, або быў пашкоджаны. Да першапачатковай скульптуры належаць, напэўна, толькі анёлы абапал цэнтральнага абраза св. Антонія ў металічнай шаце, а таксама невялікі гарэльеф Саваофа. Дзве бакавыя скульптуры невядомых святых у манаскім і капланскім адзенні выдзяляюцца з асноўнага комплексу пінскай скульптуры пачатку ХVІІІ ст. Апошнім алтаром комплексу, гатовага ў асноўным да 1723 г., з'яўляецца алтар у першай ад хораў левай капліцы. Цяпер у ім змешчаны абраз «Св. Ганна, Яўхім і Марыя», аднак першапачаткова ён прысвячаўся св. Юзафу. Канструкцыйна ён найбольш блізкі да алтара Маці Божай Ружанцовай - аналагічныя карынфскія калоны, ракавіны над скульптурамі святых Бернарда Сіенскага і св. Клары. На жаль, і ў гэтым алтары не завершана дэкаратыўнае афармленне, дэкор. Чатыры скульптуры, што стаяць цяпер на карнізных выступах, размешчаны выпадкова. Св. Ян Непамук і св. Ануфры першапачаткова знаходзіліся ў алтары св. Ганны ў сярэдняй правай капліцы. Дзве іншыя скульптуры (магчыма, гэта «Елізавета Цюрынгская» і «Св. Барбара») невядома ці прызначаліся для алтара Святой Сям'і. Гэтыя скульптуры манументальныя, грувасткія, з выразнымі грубаватымі рысамі твараў належаць таму ж майстру (ці майстэрні), які выразаў скульптуры галоўнага алтара.
Амбона ўвенчаная надзвычай прыгожым балдахінам, ажурная разьба якога складаецца з разнастайных дэкаратыўных элементаў: лістоў аканта, расцвіўшых бутонаў кветак, стужак вянкоў, херувімаў, валютаў. На вяршыні стаіць арханёл Міхал з мечам і вагамі правасуддзя ў руках. Дзве бакавыя капліцы запоўнены гіпсавымі алтарамі арханёла Міхала і св. Барбары з насценнымі роспісамі ў фігурных рамах. У першым з іх цяпер цэнтральнае месца займае карціна «Дзева Марыя» мастака А.Ромера (пачатак ХХ ст.). Цэнтральны абраз св. Барбары таксама заменены, напэўна, у час рамонту на пачатку ХХ ст. У ляпным дэкоры алтароў скарыстаны элементы, характэрныя для 2-й паловы ХVІІІ ст. Відавочна, што манументальна-дэкаратыўны ансамбль пінскага касцёла, распрацаваны як адзіны комплекс, не быў завершаны. Што перашкодзіла гэтаму? Аўтар манаграфіі пра польскіх францішканаў К.Кантак (K.Kantak. Franciszkanie Polscy. Kraków, 1917) выказаў думку, што ў Пінску разьбу выканаў майстар Ян Шмыт, які працаваў у кляштарах літоўскай правінцыі францішканаў, у прыватнасці, у Гальшанах, і памёр у 1731 г. Смерць майстра магла спыніць працу над пінскай разьбою. Аднак згаданыя шэсць алтароў існавалі ўжо ў 1723 г., г.зн. за 8 гадоў да смерці Шмыта. Была яшчэ адна прычына, якой нельга абмінуць. У метрыках сярод памерлых францішканаў правінцыі літоўскай і беларускай лічыцца пад 1725 годам Антоні Аляхновіч, доктар тэалогіі і прафесар (Цэнтральны гістарычны архіў Літвы, ф. 1135, воп. 20, спр. 669). Не выключана, што нечаканая (у 58 гадоў) смерць гвардыяна кляштара, «будаўніка храма» спыніла працу над інтэр'ерам касцёла. Адзінымі на Беларусі роспісамі, прысвечанымі Францішку Асізскаму, з'яўляюцца роспісы ў крыжовай галерэі кляштара. Частку з іх бачыў у 1916 г. P.G.Oesterle і адзначыў «сардэчную наіўнасць, за якую мастаку можна ахвотна дараваць недахоп майстэрства». Аўтар падзяляе сюжэты на групы: 1) выявы св.Францішка са св. Дамінікам, затым чатыры папы з ордэна францішканаў у ціярах і чорных габітах, падвязаных вяроўкаю, з папскімі крыжамі і гербамі, 2) у паўцыркульных арках - цыкл з жыцця св. Францішка «Стыгматызацыя», «Праслаўленне св. Францішка», «Нараджэнне», «Д'ябал раздору, мамоны і плоці». Добра захавалася прыгожая кампазіцыя «Францішак з браціяй працуе ў садзе». На адной з карцінаў паказаны прафесар, які чытае лекцыю ў зале канвентуалаў. Пасля скасавання кляштара дзве яго лініі засталіся пры парафіяльным касцёле.
У хроніцы кляштара пад 1678 г. упамінаюцца досыць шматлікія воты пры алтарах (здаецца, яшчэ ў капліцы) св. Дамініка, Маці Божай Ружанцовай, св. Ружы, пры абразе Маці Божай Пултускай. У 1697 г. скончылі накрываць драўляны касцёл і ставілі купал пасярэдзіне даху і 4 - па вуглах (!). Нельга не звярнуць увагу на такое характэрнае для праваслаўнага храма, але нечаканае для архітэктуры касцёла 5-купальнае завяршэнне. У 1709 г. пачалі будаваць мураваны корпус кляштара, у 1720-м - новы навіцыят, у 1750-м рэстаўравалі касцёл і кляштар, у 1758-м быў вялікі пажар у Пінску, падчас якога пацярпеў касцёл езуітаў, але дамініканскі і францішканскі ацалелі. Хроніка прастадушна зафіксавала цікавы факт з гісторыі кляштара: нягледзячы на красамоўскія таленты дамініканцаў, пінчукі не надта хадзілі на Імшу; каб заахвоціць іх, дамініканцы нанялі езуіцкую капэлу ў дзень па 4 злотых, і людзі прызвычаіліся бываць на набажэнствах (1750 г.). Кляштар знаходзіўся на ўездзе ў горад ад поўначы, з правага боку Пецярбургскай вуліцы (Інв. 1818 г. - НГА Беларусі, ф. 1781, воп. 27, адз. зах. 351). Першы драўляны касцёл згарэў у 1797 г., пасля гэтага ў якасці часовай капліцы асвяцілі рэфектар (трапезную), у якую, відаць, перанеслі ацалелыя пры пажары алтары: а) вялікі, сніцарскі, з абразом Панны Марыі Беззаганнага Пачацця ў сярэбранай шаце вагой больш за тры фунты, б) Езуса, з вялікім «Укрыжаваннем», аздобленым шатамі, на пазалочаным крыжы, в) св. Вінцэнта з Ферары, з новым абразом у шаце, г) св. Дамініка, абраз у шаце вагой больш за 4 фунты. У закрыстыі - два фундатарскія партрэты, абразы, сніцарскія крэслы і літургічнае начынне з серабра (агульнаю вагою 17 ф. 101 лот, 11 пр), «Таямніцы Ружанцовыя», чаканеныя на сярэбранай блясе (вага больш за 2 кг), брацкі алтар двухбаковы з абразамі Маці Божай і Езуса, зноў жа ў сярэбраных шатах. (Міжволі ўзнікае пытанне: куды падзеліся гэтыя горы сярэбраных прадметаў з пінскіх і іншых касцёлаў?) Новы касцёл памерам 40 х 20 х 18 локцяў з дзвюма капліцамі і закрыстыяй пачалі мураваць у 1798 г. уласным коштам кляштара. Храм з франтальнай вежай і бабінцам на двух мураваных слупах у 1818 г. яшчэ не быў закончаны ў дэталях, але ўжо перакрыты скляпеннем. Будаўніцтва касцёла і кляштара (гатова была адна лінія) прыпынілася на дзесяць гадоў з-за недахопу сродкаў, таму што дзяржава адабрала фундушы. Толькі ў 1828 г. радца стану Пуслоўскі працягнуў будаўніцтва (адсюль пазнейшая назва « «касцёл Пуслоўскага»). У 1860-я гады касцёл прыстасавалі пад праваслаўны Фёдараўскі сабор, пры Савецкай уладзе разбурылі, а на яго месцы пабудаваны кінатэатр.
Галоўны алтар быў выкананы ў характэрнай для канца ХVІІІ ст. тэхніцы грызайлевай імітацыі архітэктуры - «на оптыку маляваны», двух'ярусны, уверсе - намаляваная на сцяне выява Арханёла Міхала, унізе - абраз Езуса на палатне. На алтары стаяў разьбяны цыборыум і «Укрыжаванне», памаляванае ў белы колер, з пазалотай. Бакавыя алтары Панны Марыі, св. Ганны, св. Францішка і св. Антонія таксама былі маляванымі на сценах «на оптыку» (г.зн. з выявай архітэктурнай перспектыўнай кампазіцыі). У апошнім з іх знаходзіўся старадаўні абраз св. Антонія з сярэбранай шатай і пазалочанай каронай. Над разьбянаю амбонаю са скульптурамі чатырох евангелістаў, памаляванай у белы колер і часткова пазалочанай, на сцяне вісеў абраз Езуса Назарэя (Трынітарскага) у сярэбранай шаце. Варта адзначыць тры фундатарскія партрэты (відавочна, Міхала і Кацярыны Вішнявецкіх і, магчыма, Войцаха Грабоўскага). Арганы на 12 галасоў мелі разьбяны праспект. Іграў на іх Пётр Яцкевіч, узростам 31 год, ужо 8 гадоў у законе (Візіта 1818 г. Нац. гіст. архіў Беларусі, ф. 1781, воп. 27, адз. зах. 343). У 1829 г. арганы адрэстаўравалі, арганістам служыў нейкі таленавіты «малы хлопчык» Францішак Паклінскі па часовым кантракце з яго бацькам (пакуль не вывучыцца другі, відаць, больш дарослы). Канвент у адну лінію памерамі 90х15х12 локцяў будаваўся напярэдадні скасавання, у 1828 г. вымураваны першы паверх, у 1829-м - другі і часткова сцены трэцяга; не быў скончаны нават у 1832 г. (Візіта 1829 г. Нац. гіст. архіў Беларусі, ф. 1781, воп. 27, адз. зах. 433). У 1835 г. касцёл перадалі пад праваслаўную царкву св. Барбары. У выніку даволі ашчаднай перабудовы над паніжаным дахам з'явіўся купал-цыбуліна. Няясна, ці захаваліся пад пазнейшымі пабелкамі бернардзінскія «аптычныя алтары». У корпусе кляштара ў 1858-1875 гг. размяшчаўся жаночы праваслаўны манастыр (Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. Мн., 1993. С. 392). Кляштар босых кармэлітаў фундаваны лантвойтам пінскім Шыманам Асоўскім 6 мая 1734 года. Драўляны касцёл св. Казіміра, асвечаны 29 верасня таго ж года, размяшчаўся непадалёку ад касцёла францішканаў. Касцёл прамавугольны ў плане, памерамі 30х18 локцяў, з дзвюма невялікімі вежамі на фасадзе, у інтэр'еры змяшчаў сем алтароў. У галоўным, сніцарскім, з скульптурамі святых, быў вялікі абраз Маці Божай Шкаплернай на палатне, з сярэбранай вызалачанай сукенкай і каронамі, бакавыя алтары прысвячаліся св. Тэрэзе, св. Лукашу, св. Яну ад Крыжа, св. Юзафу (абраз у шаце), св. Казіміру, прароку Іллі. Над закрыстыяй знаходзілася бібліятэка (250 кніг, сярод якіх можна адзначыць Статут Вялікага Княства Літоўскага 1647 г.). Кляштар вымураваны ў 1781 г., у адну лінію, 1-павярховы, пад ім - тры мураваныя склепы для пахаванняў - некропаль браціі і пінскай шляхты. Па фундушавых абавязках кармэліты служылі шматлікія памінальныя імшы (97 спяваных і 361 чытаная ў год) за фундатара, Данілу Аўсянага, князя Станіслава Шуйскага, Паўла Шырму, Людвіка Ажэшку, Еўфразыну Камінскую і інш. Сярод дабрадзеяў кляштара - Мікалай Ажэшка, Ануфры Друцкі-Любецкі, Якуб Неслухоўскі, Бенедыкт Радзевіч (Інв. 1818 і 1829 г. Нац. гіст. архіў Бел., ф. 1781, воп. 27, адз. зах. 356, 442). Пры скасаванні кляштара (1832 г.) спарахнелы касцёл быў разабраны, а кляштар прыстасаваны пад млын.
|
|
|