Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(9)/1999
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
Да юбілею 2000 Года
Мастацтва

ВЕРА І ЭКРАН
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Нашы святыні

ПІНСКІЯ КЛЯШТАРЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Архітэктура
Проза

МЯСТЭЧКА ДЗЯРЭЧЫН
Haereditas

ГЕРБЕСТ БЕНЕДЫКТ
Замежныя вандроўкі
На кніжнай паліцы
Традыцыя

БЕЛЫ АНЁЛ НА ФРАНТОНЕ

Алесь ЖЛУТКА

ЗАХОДНЯЕ ХРЫСЦІЯНСТВА НА БЕЛАРУСІ

Пачатак

Беларусь дахрысціянская

Тры славянскія супольнасці

Вялікае перасяленне народаў стымулявала рассяленне славянаў, якія пачалі перамяшчацца з першаснай сваёй тэрыторыі на новыя землі. У VІ ст. візантыйскія крыніцы і гоцкі храніст Ёрдан фіксуюць славянаў на шырэйшым абшары, падзяляючы іх на тры групы: склавенаў, якія займалі землі ад возера Балатон у Венгрыі на захадзе да Дняпра на ўсходзе і вярхоўяў Віслы на поўначы; антаў - на поўнач ад Чорнага мора паміж Днястром і Дняпром і венедаў - на поўнач ад вярхоўяў Віслы. Гэты падзел сведчыць пра дыферэнцыяцыю, якая адбылася ў славянскім масіве. Новыя этнакультурныя групоўкі пакінулі па сабе адметныя археалагічныя культуры. Пянькоўскую культуру, пашыраную ад ніжняга Дунаю да Северскага Данца адносяць да спадчыны антаў. Старажытнасці сукоўска-дзедзіцкага тыпу, знойдзеныя на прыбалтыйскіх землях усходняй Нямеччыны і Польскага Памор'я, магчыма, былі пакінутыя венедамі. А на аснове славянскага арэалу пшэворскай культуры склалася пражская культура тыпу Карчак, якая ў VІ-VІІ стст. пашыралася ад верхняй Лабы (Эльбы) да кіеўскага Падняпроўя. Мяркуюць, што яе носьбітамі былі склавены1.

Зона пражскай культуры ахоплівала паўднёвыя землі Беларусі ў басейне Прыпяці. На паўночны ўсход ад яе ў рэчышчы Дняпра і яго прытокаў рассяляліся ў V-VІІІ стст. плямёны калочынскай культуры. Цэнтр і поўнач нашай тэрыторыі займала банцараўская культура. Паходжанне абедзвюх апошніх, блізкіх між сабою культураў - спрэчнае. Частка археолагаў лічыць іх балцкімі, іншыя - адносяць да славянскіх альбо балта-славянскіх. Маючы на ўвазе пражскую культуру, даследчыкі канстатуюць, што засяленне Беларусі славянамі пачалося прынамсі з VІ ст. пасля н.Х. Магчыма, пражскія плямёны пранікалі і на поўнач у зоны калочынскай і банцараўскай культураў, асімілюючы мясцовае насельніцтва2.

ІV. Беларускія славяне і першыя хрысціяне сярод іх

Тры летапісныя племені

У VІІ-VІІІ стст. на беларускія землі перамясціліся іншыя славянскія групоўкі з захаду і поўдня. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», на нашай тэрыторыі аселі тры вялікія племянныя аб'яднанні - крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў3. Крывічы - самае магутнае з гэтых аб'яднанняў - занялі не толькі ўсю поўнач Беларусі прыкладна ад лініі Менск-Магілёў, але таксама Пскоўшчыну і Смаленшчыну, пасяліўшыся ў басейнах верхняга Дняпра, Заходняй Дзвіны, Волгі. Шэраг археолагаў, антраполагаў і лінгвістаў выказваюцца на карысць заходняга паходжання крывічоў. Так, вядомы расійскі археолаг В.Сядоў выводзіць іх з міжрэчча Ніжняй Віслы і Лабы, г.зн. з палабска-паморскага рэгіёну4. Да яго падобнае сцвярджэнне выказваў і выдатны знаўца славянскіх старажытнасцяў А.Спіцын. Назва гэтага племяннога аб'яднання мае, хутчэй за ўсё, патранімічнае паходжанне, г.зн. выводзіцца ад імя легендарнага родапачынальніка Крыва ці Крэва. Іншыя тлумачэнні - ад слова «крэўныя» альбо ад імя першасвятара Крэва - малапераканаўчыя.

Другая па велічыні племянная групоўка - дрыгавічы - найверагодней, мае паўднёвае паходжанне. Магчыма, яна вычленілася з магутнага аб'яднання славянскіх плямёнаў VІ-ІХ cтст., якое пад назваю «дулебаў» згадвалася ў «Аповесці мінулых гадоў»5 і займала дакладна неакрэсленую тэрыторыю, уключаючы украінскую Валынь, землі над сярэднім Дунаем і ў Чэхіі. Да дулебскіх старажытнасцяў адносяць, дарэчы, і матэрыялы, раскапаныя каля в.Хатомель на Століншчыне. Дрыгавічы засялілі поўдзень Беларусі ніжэй ад Менска у міжрэччы Нёмана і Прыпяці. На захадзе іх абмяжоўваў Буг, а на ўсходзе - Днепр, за якім пачыналіся землі радзімічаў. Найчасцей назву «дрыгавічы» спрабуюць звязаць са словам «дрыгва» для азначэння балоцістай мясцовасці, дзе пераважна рассяляліся дрыгавічы. Аднак няпэўнасць этымалогіі самога тэрміна «дрыгва», наяўнасць у племянным найменні характэрнага для патронімаў суфікса -іч, а таксама звесткі грэцкіх аўтараў пра племя з падобнай назваю «драговічы» («другувічы») у ваколіцах г.Салуня ў Македоніі (прыгадайма, што з таго ж рэгіёну паходзілі і Кірыла з Методыем) яшчэ ў VІІ ст.6, калі беларускія дрыгавічы наўрад ці вылучыліся з дулебскай супольнасці, робяць гэтую спробу даволі сумніўнай. Значна больш пераканальным падаецца меркаванне пра патранімічнае паходжанне назвы ад імя Драг ці іншых антрапонімаў з гэтай асноваю - Драгаў, Драгавіт, Драгавой і г.д. Да такой высновы схіляе і тое, што ў Канстанціна Парфірароднага і ў «Жыцці Дзмітрыя Салунскага» беларускія дрыгавічы выступаюць пад назвамі «драгувіты», «дрогувіты» і «другувіты»7.

Трэці славянскі племянны хаўрус - радзімічы - асеў на ўсход ад Дняпра ў даліне Сожа. На поўдні іх землі даходзілі прыкладна да Лоева, на поўначы - да Мсціслава, на ўсходзе - ледзь не да Бранска. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», радзімічы на чале са сваім князем Радзімам прыйшлі ў Беларусь з захаду - «от ляхов»8, г.зн. прыкладна з таго ж рэгіёну, што і крывічы. У перадачы летапісца пад імем князя, хутчэй за ўсё, схаванае імя міфічнага родапачынальніка. У дадзеным выпадку летапіс прама ўказвае на патранімічнае паходжанне племянной назвы.

Рассяленне славянаў на тэрыторыі Беларусі ў ІХ ст. (Паводле: Нарысы гісторыі Беларусі. Ч.І. Мн., 1994. С.65)
Засяленне Беларусі славянамі не было аднамомантным актам. Хутчэй за ўсё яно адбывалася некалькімі хвалямі, з вялікімі часавымі інтэрваламі між імі, і магло доўжыцца да канца Х ст. альбо нават і пазней. Перамяшчаліся, прынамсі першапачаткова, не асобныя плямёны, а, як ужо гаварылася, аб'яднанні, у якія ўваходзілі часткі, аскепкі плямёнаў. З зыходным пунктам высялення, прарадзімаю, і надалей захоўваліся больш альбо менш трывалыя сувязі. Адтуль альбо з суседніх рэгіёнаў (бо сярод славянскіх плямёнаў цыркулявала інфармацыя пра месцы, дзе лепей жыць, - міфалагічная геаграфія) маглі пазней прыбываць новыя шэрагі мігрантаў. Так, відаць, было з перасяленнем на ўсход нейкай часткі славянаў з палабска-паморскага рэгіёну, калі там узмацнілася нямецкая экспансія9. Славянскія групоўкі, якія аселі на нашай тэрыторыі, прынеслі з сабою тыпы гаспадарання, характэрныя і для іншых славянаў. Асноваю гаспадаркі было земляробства, хоць высокага розвітку дасягнула таксама і жывёлагадоўля. Вялікую ролю адыгрывалі і заняткі, абумоўленыя багатым і разнастайным прыродным асяроддзем - пчалярства, паляванне, рыбалоўства. Развівалася рамяство. Звычайнае для славянаў рассяленне уздоўж водных артэрыяў садзейнічала ўсталяванню трывалых гандлёвых стасункаў у тым ліку і з заходнееўрапейскімі народамі. Вада і лес - дзве стыхіі, якія наклалі адбітак на лад жыцця насельнікаў Беларусі. Беларусы - лясныя людзі. Усё жыццё іх праходзіла сярод лясоў, лес даваў ежу і абарону ад ворага, з дрэва будавалася жытло. Лес і вада давалі суцяшэнне і настройвалі на філасофскі лад.

Жыццё і погляд на свет

Грамадскае і духовае жыццё першых славянскіх жыхароў Беларусі грунтавалася на індаеўрапейскай спадчыне і на агульнаславянскіх уяўленнях пра чалавека, прыроду і сусвет. Славяне, інтэнсіўна кантактуючы з іншаэтнічнымі плямёнамі і народамі падчас пражывання побач і пры перасяленнях, запазычылі шэраг адметных рысаў. Асабліва адчувальны ўплыў яны зазналі з боку іранцаў, кельтаў і германцаў. Найбольш агульных рысаў у звычаях і мове славянаў з германцамі і балтамі, што можа тлумачыцца доўгім узаемадеяннем ці прыналежнасцю да адной этнакультурнай супольнасці, з якой пазней яны выдзеліліся ў самастойныя групоўкі. Менш значным было ўздзеянне неіндаеўрапейскіх плямёнаў, з якімі сутыкаліся славяне пры міграцыях - цюркаў і фіна-вуграў. З цюркамі найбольш інтэнсіўнымі былі кантакты падчас нашэсця гунаў, калі частка славянскіх плямёнаў апынулася ў непасрэдным суседстве з імі, а іншыя нават увайшлі ў склад гунскага масіву. З фіна-вуграмі, пераважна лівамі і эстамі, сутыкнуліся крывічы. Сляды іншаэтнічных уплываў даследчыкі бачаць у рэлігійных уяўленнях, у некаторых рысах гаспадарчага і грамадскага жыцця, у анамастыцы (уласных імёнах) і ў мове. Да іранскіх запазычанняў адносяць назвы славянскіх плямёнаў «харваты», «сэрбы» і, магчыма, надплемянное азначэнне «русь». Ва ўсходнеславянскіх мовах быў выяўлены шэраг магчымых іранізмаў у культавай сферы - «вера», «свет», «благ», «чара», «жэрці» («жраці»), «пісаць», «слова», «зло», «сорам», «віна», «магіла» ды інш. Кельцкае ўздзеянне выяўляюць у кавальскіх традыцыях славянаў, у племянных назвах накшталт «багемцаў» у Чэхіі, «бойкаў» і «галічанаў» на Украіне. Выказвалася думка пра магчымасць кельцкага паходжання назваў «Русь» і «Літва»10. Кельцкім лічаць і найменне аднаго з галоўных славянскіх бостваў - Перуна. З даўніх германскіх запазычанняў, якія былі зробленыя, відаць, ад усходніх германцаў - готаў, шмат якія належаць да грамадска-палітычнай і побытавай сферы - «князь», «крест», «хлеб», «кацёл», «шалом», «холм», «меч», «купіць», «доўг»11. Трэба адзначыць, што ў працэсе ўзаемадзеяння і славянскія плямёны моцна ўплывалі на іншыя. Найбольш відавочны гэты ўплыў на германцаў, перш за ўсё, датчанаў і немцаў, а яшчэ больш - на балтаў.

Архаічная свядомасць славянаў захоўвала самыя глыбінныя ўласцівасці агульнаіндаеўрапейскіх уяўленняў пра свет. Істотным чыннікам гэтай свядомасці заставалася супрацьпастаўленне «свайго» і «чужога», свету парадку - космасу і свету неўпарадчанага, чужога, варожага - хаосу. Такія супрацьпастаўленні былі звязаныя з універсальнай апазіцыяй «культура» - «натура». У адрозненне ад сучаснай, архаічная карціна свету мела на ўвазе не толькі тлумачэнне з'яваў, але і іх упарадкаванне згодна з гэтай карцінаю, іншымі словамі, была рэгулятыўнаю. Кожнае парушэнне парадку на асабістым, грамадскім, прыродна-зямным ці касмічным узроўні патрабавала ўмяшання чалавека, пэўных практычных дзеянняў, у тым ліку магічна-рытуальных. Само паняцце «парадак» семантычна і этымалагічна звязанае з гэткімі тэрмінамі, як «рад» у значэнні не толькі пэўнай прасторавай ці колькаснай паслядоўнасці, але і ў сэнсе сацыяльнай дамовы, «рада» - узгадненне, уладкаванне інтарэсаў розных частак грамадскай супольнасці (рада старэўшынаў, княская рада), а таксама і самаўпарадкаванне (параўнаем бел. «даць сабе рады», «парадзіць сабе»). Галоўным сродкам аднаўлення парадку быў абмен. Ягоны сакральны эквівалент - ахвяра. Вядома, напрыклад, што ва ўсходніх славянаў існавала будаўнічая ахвяра: пры закладцы дома забіваўся чалавек, а ў пазнейшыя перыяды - дробная хатняя жывёла. Зразумець яе сэнс можна, калі зважаць на тое, што ў архаічным светаўспрыманні асобны чалавек атаясамляўся са сваім грамадскім калектывам, зямным светам і космасам і ў свядомасці мог іх падмяняць. Але і дом як мадэль сусвету ўсведамляўся ў выглядзе чалавека, што добра бачна ў назвах частак будоўлі, напр., «вакно» ад «вока», «прычолак» ды інш. Такім чынам, атаясамляліся чалавек і космас, чалавек і дом, дом і космас. Паводле індыйскіх Ведаў сусвет утварыўся з цела першачалавека Пурушы, якога багі на пачатку свету прынеслі ў ахвяру, рассекшы на часткі. З яго цела ўзніклі ўсе нябесныя і зямныя аб'екты, грамадскія станы12. Гэткім жа чынам узнікае сусвет з расчлененага Тытанамі Дыёніса ў старагрэцкай міфалогіі. Як космас «разгортваецца» з ахвяры, гэтак паўстае з яе і дом - вобраз космасу. Падобным складаннем ахвяры старажытны будаўнічы забяспечваў адтварэнне сусвету, аднаўленне і захаванне парадку ў ім і ў сваім будучым доме. Даўнім рэхам адгукаецца ўспамін пра чалавечую ахвяру ў беларускіх прымхах. Лічыцца, што дом заўсёды будуецца «на нечыю галаву». Таму трэба быць вельмі ўважлівым пры яго закладцы. Цесля павінен слухаць гукі, якія даносяцца да яго з наваколля, і не рабіць першы ўдар сякераю, калі чуе чалавечы голас, бо той чалавек мусіць памерці, а сячы тады, калі, напрыклад, пяе певень (у такім выпадку замест чалавека загіне птушка)13.

Упарадкаваць можна было толькі «свой» свет. Для аддзялення ад «варожай» стыхіі хаосу ўжываўся сімвал круга, кола, кальца. Акружаная прастора - гэта ўпарадкаваная цэльнасць, адзінства. Адзінка - гэта цэльнасць і яе сімвал - круг. Радыусам ад цэнтра паселішча рабілася кругавое абворванне, каб захаваць цэласнасць і суладнасць у межах абворанай прасторы. Гэтак жа абворваўся пры закладцы і горад. Чатырохкутнік сімвалізаваў упарадкаваную бясконцасць і звязваўся з чатырма бакамі свету. Абодва сімвалы - круг і чатырохкутнік - стала прысутнічаюць у пахавальных абрадах індаеўрапейцаў, а затым і ў славянаў. Славянскіх нябожчыкаў хавалі ў чатырохкутных дамавінах з дрэва у круглай яме, альбо з кругавою агароджаю, альбо засыпалі круглым курганам14.

Ідэя парадку ўвасаблялася ў вобразе «сусветнага дрэва», якое сімвалізавала космас як жывую арганізацыю хаоса ў адзінстве упарадкаванай натуры і культуры. «Сусветнае дрэва» часта выступае ў трансфармаваным выглядзе як «сусветная гара», якая азначае прыроду ў яе арганізаванасці, альбо як «сусветны слуп», што семантызуе культуру. Паняцце «сусветнага дрэва» пакліканае упарадкаваць свет у прасторы і часе вакол адзінага цэнтра. Да гэтага вобразу прывязваюцца сістэмы якасна нераўназначных каардынатаў і апазіцыяў.

Галоўная з апазіцыяў «верх - ніз». Ніз надзяляецца адмоўнымі якасцямі, верх - дадатнымі. Рух уніз «ад неба да зямлі» азначае згасанне жыцця, смерць, рух знізу ўверх «ад зямлі да неба» - рост, плоднасць, жыццё, уваскрашэнне. У сувязі з гэтым зямля набывае падвойныя ўласцівасці як крыніца росту і жыцця, плоднасці і як жытло смерці. Гэткую ж дваістую семантыку мае і жанчына, якая суадносіцца з зямлёю і нізам, «цёмным» пачаткам, але яна ж і пачатак жыцця. Верх, неба - «мужчынскія», «светлыя» каардынаты. Між верхам і нізам змяшчаецца «сярэдзіна» - цэнтр - трэцяя вертыкальная каардыната. Але ўпарадкаванне здзяйсняецца і па гарызанталі: па баках свету - усход, поўдзень, захад, поўнач, якія таксама набываюць якасныя характарыстыкі. «Добры» накірунак - кругавы рух злева направа, «добрыя» бакі свету - усход і поўдзень, якія асацыяваліся з днём і святлом, у адрозненне ад «кепскіх» захаду і поўначы - сімвалаў ночы і цемры.

Галоўная гарызантальная апазіцыя - «усход - захад». Паколькі архаічная свядомасць атаясамляла прасторавыя і часавыя каардынаты, то, напрыклад, бакі свету прыраўноўваліся да частак дня - раніца, дзень, вечар, ноч ці да пораў году. Згодна з арыенцірамі «сусветнага дрэва» размяркоўваліся і першаэлементы, з якіх будаваўся космас. Неба (святло) суадносілася з усходам, паветра (вецер) - з поўднем, зямля - з захадам, вада - з поўначчу. Агонь, відаць, змяшчаўся ў цэнтры.

Славяне амаль без зменаў успадкавалі індаеўрапейскую сістэму колераў для азначэння каардынатаў свету, вертыкальных: верх асацыяваўся з белым, цэнтр - з жоўтым ці залатым, ніз - з чорным ці сінім колерамі; гарызантыльных: усход пазначаўся белым колерам, поўдзень - чырвоным, захад - сінім, зялёным, поўнач - чорным (цёмным)15.

Старажытныя славяне мелі своеасаблівы, адрозны ад хрысціянскага, погляд на чалавека, ягоную духовую сутнасць. У іх уяўленнях пра душу можна бачыць пэўныя аналогіі з даасізмам, дзе кожнаму ўзроўню чалавечага цела прызначалася свая «душа»: адна - галаве і рукам, другая - грудзям, трэцяя - жывату і нагам, альбо з поглядамі кітайскіх філосафаў, якія меркавалі, што адна «душа» дае чалавеку асобу, аблічча, а другая - жыццё. Падабенства бачаць этнографы і з уяўленнямі цюркскіх народаў, якія адрознівалі ў жывым чалавеку прынамсі чатыры духовыя субстанцыі: «бачныя» і «нябачныя», адлучныя ад чалавека і неадлучныя, без якіх ён траціў жыццё. Адна з гэтых субстанцыяў, «бачная» і адлучная, пасылалася небам. Яна надзяляла чалавека вобразам, абліччам, асобаю і была злучаная з ягоным імем, ценем, следам. Другая духовая сутнасць, «бачная» але неадлучная, давалася боствам агню і азначала жыццёвую сілу, здароўе, шчасце, удачу, харызму ўлады. Трэцяя, «нябачная» і неадлучная, паходжанне якой, відаць, звязвалася з зямлёй, гэта - дыханне.

Чацвёртая, «нябачная» і адлучная сутнасць, значэнне якой яшчэ слаба вывучана. Вядома толькі, што гэтая «душа» ў шамана звязвалася з віхрам.

Такім жа чынам вылучаліся яшчэ чатыры духовыя сутнасці - людзей памерлых, з тым адрозненнем, што яны маглі быць добрымі і злымі. Цікава, што паводле поглядаў цюркаў, асоба чалавека, ягоны вобраз не знікалі адначасна з фізічнай смерцю, а адміралі паступова ў выніку шэрагу абрадавых дзеянняў, адпаведная ж ім духовая сутнасць ператваралася ў «душу» мёртвага чалавека, хутчэй за ўсё, безасабовую.

Нашэсце мерцвякоў-наўцаў на палачанаў, датаванае летапісцам 1092 г. Палачане хаваюцца ад наўцаў у сваіх «харомінах». Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу.
У дахрысціянскай славянскай канцэпцыі чалавека, апрача аналогіяў з поглядамі цюркаў, бачаць і падабенства з арыстоцелеўскім вучэнем пра душу, якое распрацоўвалася далей хрысціянскімі філосафамі. Арыстоцель меркаваў, што чалавек надзелены трымя духовымі субстанцыямі - разумнай, пачуццёвай і вегетатыўнай. Магчыма, што ў гэтым вучэнні адлюстраваліся агульнаіндаеўрапейскія погляды на духовую будову чалавека, якія пасля сталіся асноваю славянскай антрапалогіі. Ва ўсялякім выпадку аналіз міфалогіі, фальклору і абрадавага матэрыялу славянскіх народаў выяўляе існаванне архаічнай ідэі пра множнасць духовых іпастасяў чалавека, сугучнай з цюркскімі ўяўленнямі пра душу і з дактрынай Арыстоцеля. У жывым чалавеку вылучаліся прынамсі тры больш альбо менш адасобленыя духоўныя узроўні: жывая пачуццёвая і дзейная сутнасць у яе бачных праявах; асоба, вобраз, г.зн. сацыяльная сутнасць, неадрыўна звязаная з імем, ценем, следам; жывёльная сіла, атаясамленая з нябачным «дыханнем». У залежнасці ад таго ці прайшоў чалавек пры жыцці абрад ініцыяцыі (комплекс рытуалаў, які замацоўваў ягоны грамадскі статус, рабіў правадзейным членам дадзенага родавага калектыву)16 і ці адбыліся належныя пахавальныя і памінальныя абрады, існавалі розныя варыянты яго тагасветнага існавання. Калі ініцыяцыя і праводзіны былі здзейсненыя цалкам і адпаведна са звычаямі, то памерлы, абрадава «вызвалены» грамадствам ад сваёй сацыяльнай духовай сутнасці - асобы, імя ды інш., далучаўся да безасабовага свету «дзядоў» (пар. з хрысціянскімі догматамі, згодна з якімі чалавек захоўвае асобу і імя пасля смерці). Калі ж пры жыцці не была пройдзеная ініцыяцыя альбо не былі адпраўленыя ўсе пахавальныя абрады, то ён пасля фізічнага скону мог існаваць у выглядзе рознай нечысці - русалак, ваўкалакаў, не атрымаўшы поўнай смерці, як «дзяды».

Якраз у архаічных уяўленнях пра паслядоўнасць адыходу чалавека «на той свет» і раскрываецца найбольш яскрава траістасць яго жывой духовай істоты. Памінальныя рытуалы ў славянаў прымяркоўваліся да пэўных дзён пасля смерці: дзень скону, траціны, дзевяціны і сарачыны. Відавочна, што ў першы дзень адбываецца развітанне з жыццём - пачуццёвай і дзейнай сутнасцю чалавека. Паводле старажытнага царкоўнага тлумачэння, на якое моцна паўплывалі паганскія ўяўленні, на трэці дзень мяняецца вобраз нябожчыка (што павінна было б азначаць знікненне асобы), на дзевяты «распадаецца цела» (адміранне жывёльнай сілы, «дыхання»), на саракавы «сатлявае сэрца» (адыход таго, што засталося ад чалавека да «дзядоў»)17.

Гэткая ж патройная прырода душы маніфестуецца і ў разуменні славянамі яе асноўных функцыяў, якое вельмі нагадвае погляды Арыстоцеля. Так, К.Машыньскі высветліў, што славянскае паняцце «відзець» мае сэнс «разумець» і этымалагічна звязана з «ведаць». Гэтая здольнасць душы асацыюецца з вокам і галавою, якія архаічным мысленнем атаясамляюцца з чалавечай асобаю. Другая, адчувальная, пачуццёвая сутнасць душы звязваецца з сэрцам, «сярэдзінаю» чалавека («сэрцам чую»). Жывёльная сіла, «дыханне» асацыюецца з вантробамі, жыватом18. Трэба яшчэ адзначыць, што і славянскае асэнсаванне сувязі - між целам і душою, больш нагадвае арыстоцелеўскае, у якім душа - гэта форма цела, чым платонаўскае з выразным размежаваннем духовай і цялеснай субстанцыі. Думаецца, што ў архаічным славянскім светаўспрыманні адмысловай духовай сутнасцю, «сілаю» надзяляліся таксама жывёлы, расліны і нават нежывыя прадметы. Гэтая «сіла» мела здольнасць перадавацца. У найбольшай меры яе мог перадаваць прадметам ці жывым істотам чалавек. Прыкладам могуць быць пашыраныя ў беларусаў і іншых славянскіх народаў забабоны пра перадачу чараўніком сваёй сілы пэўнай асобе, альбо добра вядомыя магічныя дзеянні над адзеннем, валасамі, следам чалавека.

«Свой», упарадкаваны свет, што мысліўся як адзінства космасу і чалавечага грамадства, паводле ўяўленняў старажытных славянаў, рэгуляваўся і кіраваўся багамі. Аналізуючы славянскую вуснапаэтычную традыцыю, даследчыкі адкрылі ў ёй, як і ў міфах іншых індаеўрапейскіх народаў, сляды некалькіх стадыяў. Найбольш архаічным было супрацьпастаўленне і абагаўленне неба і зямлі. Навукоўцамі былі рэканструяваныя функцыі і нават імя боства неба, якое ўшаноўвалі індаеўрапейцы. Богам неба, нябеснага святла, якое асацыюецца з днём, быў Дэйвас (пар. лац. Deus, Dies-piter, Iu-piter, Дзьяўс-Пітар - Бацька Дзьяўс у «Рыгведзе»). У палярнай апазіцыі да яго была маці-зямля. У адрозненне ад неба, асацыяванага з мужчынскім, «сваім» пачаткам, зямля мела падвойную семантыку - як пачатак плоднасці і жыцця, так і месца смерці, ніжэйшага цёмнага свету. Да ранняга часу належыць абагаўленне славянамі нябесных свяцілаў: сонца, месяца, зорак, якія на грамадскім плане суадносяцца з членамі сям'і. Гэта добра бачна ў беларускіх калядках, дзе гаспадар параўноўваецца з ясным месяцам, яго жонка - з чырвоным сонейкам, а дзеці - з дробнымі зорачкамі. У некаторых калядках гэтыя паралелі спалучаюцца з матывам будавання дома ці царквы, што асэнсоўвалася архаічнай свядомасцю як акт светабудовы. Пры гэтым і сам будынак і нябесныя свяцілы арыентаваныя паводле каардынатаў «сусветнага дрэва»: у доме ці царкве «тры вярхі», але «чатыры вакны», у якія «зазіраюць» гэтыя свяцілы. Яны могуць размяркоўвацца вертыкальна: уверсе - месяц, усярэдзіне - сонейка, унізе - зоркі, і гарызантальна, з дадаваннем яшчэ аднаго элемента, зары-світання, якая змяшчалася на ўсходзе. Нябесныя аб'екты надзяляліся пэўнымі колерамі: месяц - белым, сонца - чырвоным, атрыбутам зорак павінен быў быць чорны ці сіні колер.

Г.зв. збручанскі ідал, знойдзены ў 1848 г. на Заходняй Украіне. Атаясамліваўся даследчыкамі са Святавітам.
Ва ўсіх індаеўрапейцаў на нейкім этапе адбыліся змены ў іерархіі багоў. Бог неба быў выцеснены іншым боствам, якое захавала старыя і атрымала новыя функцыі. У іранцаў, апрача таго, адбылося не толькі пераасэнсаванне Дэйваса-неба, але і яго дэсакралізацыя. Спачатку неба атрымала іншую назву, вытворную ад старога «nabah»(пар. бел. «неба») - «хмара». Затым Дэйвас і «добрыя багі» былі зведзеныя да рангу дэманаў і атрымалі адмоўныя якасці. Нарэшце тэрмін для вярхоўнай істоты deiva быў заменены словам, якое раней азначала аднаго з багоў - bhaga. Мабыць таму, што адной з галоўных функцыяў звышняй сілы, стала лічыцца размеркаванне долі, лёсу (пар. ст.-інд. bh(gah- дабро, шчасце, падаўца; авест. ba(a- удзел, доля, шчасце, бог; бел. бог, багацце, збожжа). Такія ж змены адбыліся і ў славянаў, як бачна з прыведзеных лексічных адпаведнікаў, а таксама з таго факту, што ва ўсходнеславянскіх мовах «дзіў» азначала істоту больш дэманічную. Іншыя індаеўрапейскія народы захавалі для азначэння неба і яго боства старое, хоць і пераасэнсаванае найменне, але яго месца ў іерархіі займае бог з іншымі функцыямі. У індыйцаў на змену Дзьяўсу прыходзіць Варуна (у грэцкай міфалогіі яму адпавядае Уран) - грозны і жорсткі цар-маг, воін і суддзя, які трымае ўладу і мае таямнічую касмічную сілу «майя». Ён - ахоўнік вялікага касмічнага і маральнага закону «рыта». Гэтае паняцце звязанае са статусам жэрцы, які спаўняе Варуна і ягоны паплечнік Мітра. Апошні выконвае функцыю захавальніка «грамадскай дамовы», г.зн. увасабляе сацыяльны парадак. У Варуне больш рысаў воіна, у Мітры - жэрцы. Ёсць спроба суаднесці з дыядаю гэтых індыйскіх бостваў славянскага Сварога (Святавіта) і гіпатэтычна рэканструяванага бога з імем Мір (як сімвал парадку ў абшчыне - «міры» і ў сусвеце - «мірапарадак»). Апрача гэтых двух, да салярных (сонечных) бостваў, якія маглі выцесніць першапачатковага бога неба ў славянаў, адносяць яшчэ нейкім чынам звязанага з культам продкаў Дажджбога (Стрыбога) - увасабленне пладаноснай, жыватворчай сілы сонца.

Трэцяя стадыя ў развіцці індаеўрапейскага пантэону настае тады, калі ў нябеснай іерархіі пачынае дамінаваць бог-грамавержац. У індыйцаў Варуна саступае месца Індры, у грэкаў уладаром нябеснага трону стае Дзэўс, у германцаў - Тор. Усе яны рэпрэзэнтуюць вайсковую моц і ўладу, а на ўзроўні грамадскім асацыююцца з вайсковым станам. Трохчленная структура індаеўрапейскага грамадства мае свае паралелі ў небе, дзе кожная грамадская варна (стан): жэрцаў, ваяроў і земляробаў - прадстаўленая адпаведнаю звышняю істотаю. У кельтаў Тараніс - бог грому, Эсус - добры геній, гаспадар, Тэўтатэс - бог плоднасці і смерці. У германцаў Тор - ваенны бог, Одзін - цар-маг, Фрэйр - бог плоднасці.

Славянскім боствам грому, маланкі, «верхніх» даждавых водаў быў Пярун, культ якога звязаны з ушанаваннем дубовых дрэваў на пагорках. Пазней з ім сумясціўся святы дажджаносец Ілля з ягонай грамавою калясніцаю. Другі хрысціянскі святы, які пераняў функцыі Перуна - св. Георгій, вядомы як змеяборца. Магчымае таксама атаясамліванне са св. Міхалам. Будучы вайсковым богам, Пярун выконваў таксама змеяборчыя функцыі, быў змагаром з хтанічнымі сіламі хаосу, а як гаспадар дажджу меў дачыненне да зямной плоднасці.

Камень Волас (каля мяст. Крыжоўка Мінскага раёна), які раней, магчыма, быў часткаю святыні Велеса-Воласа. Да нядаўняга часу ўшаноўваўся мясцовымі жыхарамі.
Жрэцкі стан на касмічным плане быў увасоблены ў постаці Велеса-Воласа. У летапісе ён названы «скотьим» богам, а ў паданнях выступае ў іпастасях лесуна і мядзведзя - «гаспадара скаціны». З Велесам у славянскай міфалогіі зліўся вобраз св. Міколы Мірлікійскага (Угодніка). Зыходзячы з этымалогіі асновы вел-/вал-, лінгвісты ўказваюць на яго магчымую сувязь з індыйскім дэманам Валам - праціўнікам змеяборцы Індры. Таму Велеса можна трактаваць як хтанічную істоту, змея, пад выглядам якога хаваецца ідэя плоднасці, жыццёвых сілаў зямлі. У казках змей выступае як захавальнік вады і выкрадальнік скаціны. Апрача таго, Велес уяўляўся апекуном мастацтваў, а ў постаці св.Міколы - правадніком душаў на той свет. Усе гэтыя рысы збліжаюць яго з грэцкім Гермесам - хавальнікам містычнае веды. Постаць мядзведзя, у якой часам увасабляўся Велес, паказвае на яго сувязь з міфалагемай першапродка. Шырока вядомы сюжэт усходнеславянскіх казак пра мядзведзя, які сустракаецца ў «ніжнім» свеце - пячэры ці ў лесе з жанчынаю, ад якой нараджаецца дзіця таксама з «мядзвежымі» рысамі. Сын, які выконвае ролю ўладкавальніка грамадства, вызваляе маці і сябе ад улады бацькі, часам нават забіваючы яго. З аднаго боку ў гэтым сюжэце адлюстроўваецца «рэлігійная рэвалюцыя» - змена пакалення багоў, з іншага - за ім хаваецца ідэя гінучага і ўваскрасаючага бога, які сімвалізуе зямную плоднасць, а таксама ідэя культурнага героя, пакліканага для ўпарадкавання соцыума. Цікава, што ў некаторых казках мядзведзь падмяняецца змеем-цмокам. Такім чынам, можна дапусціць, што ў Велесе-Воласе аб'ядналіся рысы трох персанажаў: праціўніка змеяборцы - змея, першапродка і носьбіта жрэцкай функцыі. На апошняе можа ўказваць таксама этымалагічная сувязь імя Волас са словам «волхв» і звязаная з гэтым боствам і роляю жэрцы сімволіка быка.

Паганскі святар-волхв у Ноўгарадзе (1071 г.). Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу.
З функцыяй плоднасці, вытворча-земляробчай сферай быў звязаны культ Рода і рожаніцаў. Ён існаваў ва ўсіх славянаў і быў паяднаны з сімволікай зорак і зорнага неба. Рожаніцы супастаўляюцца з грэцкімі мойрамі і рымскімі паркамі. Яны давалі дзіцяці жыццё, вызначалі ягоны лёс пры нараджэнні. Лёс асацыяваўся з «зоркаю» чалавека, яе «падзенне» азначала смерць. Варажба па зорках называлася «родапачытаннем», а тэрмін «род» меў сэнс «лёс», «наканаванне». Семантыка зорак суадносілася з плоднасцю, дзецьмі, зернем-ураджаем. Відаць, першапачатковы сэнс Рода і рожаніцаў звязваўся з нараджэннем і смерцю, плоднасцю і дастаткам, што сімвалізавалася зоркамі на небе.

Такім у агульных рысах уяўляецца славянскі свет багоў і ягоныя галоўныя персанажы ў прывязцы да «сусветнага дрэва»19.

Грамадскі лад

Нябесны парадак знайшоў адлюстраванне ў парадку грамадскім. У ранні перыяд у славянаў, як і ў іншых індаеўрапейцаў, вярхоўная ўлада павінна была належаць цару-магу, функцыяй якога было аддзяленне «свайго» ад «чужога», свяшчэннага ад свецкага у т.л. і шляхам збудавання ўмацаванай святыні-гарадзішча. У атачэнне цара ўваходзіла таксама калегія жэрцаў-вешчуноў. Яму падпарадкоўваліся і родавыя старэйшыны *kun-ing-az (адсюль слав. «князь»), якім перадавалася вайсковая ўлада. Вайсковыя фармаванні складаліся з воінаў, якія папярэдне праходзілі ініцыяцыю20. З цягам часу ў славянаў жрэцкая ўлада ад цара перайшла да калегіі вешчуноў-волхваў, а часткова да князя, які набыў статус надплемяннога ўладара. Моцная ўлада волхваў доўга захоўвалася ў Ноўгарадзе. Відаць, вялікі ўплыў мелі яны і ў Полацку, хоць там значная доля магічных функцыяў павінна была застацца ў князя. Пра гэта могуць сведчыць летапісныя звесткі пра Ўсяслава Чарадзея, дзе ён паказаны магутным чараўніком. Інстытутам захавання парадку ў рода-племянным калектыве было веча, якое складалася з родавых старэйшынаў - «бацькоў». Трэці, ніжэйшы ўзровень грамадскай іерархіі быў прадстаўлены земляробамі.

У недатаванай частцы «Аповесці мінулых гадоў» племянныя аб'яднанні, якія аселі на беларускай тэрыторыі, паказаныя арганізаванымі ў «княжанні»21. Гэтым тэрмінам, лічаць даследчыкі, летапісец акрэсліў пераходную форму грамадскага ўладкавання - паміж саюзам плямёнаў і дзяржаваю. Таму «княжанне» часам яшчэ называюць протанароднасцю альбо протадзяржаваю. Такія ўтварэнні, паводле летапісу, мелі полацкія крывічы і дрыгавічы. З пэўнасцю можна гаварыць пра існаванне «княжання» і ў радзімічаў. Да Х ст. адносяць зараджэнне дзяржаўных утварэнняў - княстваў. З гэтым працэсам звязанае раздзяленне крывічоў на асобныя групоўкі: пскоўскую і блізкія між сабой полацкую і смаленскую. Княствы ўзніклі як вынік складаных этнасацыяльных пераменаў у грамадстве. На змену рода-племянной арганізацыі соцыуму, якая грунтавалася на паходжанні членаў калектыву ад аднаго продка, прыходзіць тэрытарыяльная, дзе самасвядомасць індывідаў прывязаная да пэўнага тэрытарыяльнага цэнтра, а самі яны падпарадкаваныя ўладзе зверхніка дадзенага зямельнага абшару. Падобная перамена мела на ўвазе і новы падзел грамадства не паводле родавых адзнакаў, а паводле тэрытарыяльных, калі межы зямельных уладанняў маглі не супадаць з межамі рассялення роду ці племені. У гэтай сувязі не выпадкова грамадскі лад Полацка і Ноўгарада часам параўноўваюць з полісным ладам старажытных Атэнаў. Як назва «атэнцы», так і найменне «палачане» азначала не толькі жыхароў самога горада, але і залежных ад яго тэрыторыяў, выцясняючы паступова старыя племянныя назвы. На нашую думку, азначэнне «палачане», якое ўпершыню ўжываецца для полацкіх крывічоў яшчэ ў недатаванай частцы «Аповесці мінулых гадоў» адначасна з племяннымі назвамі для іншых племянных аб'яднанняў, сведчыць пра тое, што на Полаччыне родавыя адносіны змяніліся тэрытарыяльнымі вельмі рана. Відаць, аўтар летапісу, не разумеючы, чаму палачаны названыя ад імя горада ў той час як іншыя аб'яднанні ўсходніх славянаў мелі племянныя назвы, і выводзіў іх найменне ад назвы р.Палаты. Першапачаткова тэрытарыяльнай (адтапонімнай), а не этнічнай трэба лічыць і назву «Літва», якая ўпершыню згадваецца на пачатку ХІ ст. у нямецкіх крыніцах. У летапісах гэтае азначэнне чаргуецца з найменнем «земля Литовская». Пачатковае ядро «зямлі», ад якога адбывалася яе пашырэнне шляхам далучэння новых тэрыторыяў, паводле даследаванняў летапісных дадзеных і тапанімікі вызначанае М.Ермаловічам і змешчанае ім у цэнтры беларускай тэрыторыі паміж Наваградкам і Менскам22. Нягледзячы на крытыку, часам слушную, некаторых высноваў гэтага даследчыка, ягоная лакалізацыя старажытнай Літвы ў Беларусі дагэтуль не сустрэла сур'ёзных запярэчанняў.

Усё дзяржаўнае жыццё канцэнтравалася ў гарадах, якія развіліся, хутчэй за ўсё, з колішніх гарадзішчаў. Структура горада асэнсоўвалася ў касмічнай перспектыве. Яго сакральным цэнтрам з прыняццем хрысціянства сталася хрысціянская святыня, у якой увасаблялася светабудова. Пабудова святыні і горада ўсведамлялася як касмічны акт стварэння. Горад акружаўся поясам сценаў і валам як сімвалам аддзялення «свайго» ад «чужога». Іерархія свету знаходзіла адлюстраванне ў падзеле прасторы на «верхні горад» з княскім дзядзінцам, дзе жылі «старшыя», «лепшыя» людзі, і на «ніжні горад»23.

Шляхі хрысціянства ў Беларусь

Варагі сярод крывічоў. Прарысоўка імяннога надпісу «Ulfberht» на клінку меча ІХ—Х ст. з Полацка. Падвеска пачатку Х ст. з Гнёздава пад Смаленскам: у вырабе сінтэзаваліся скандынаўская і мясцовыя крывіцкія рысы.
Славянскае засяленне Беларусі з поўдня і з захаду шырэй адкрыла шлях хрысціянству на нашыя землі. Паколькі перамяшчэнне славянскіх плямёнаў адбывалася некалькімі хвалямі, то хрысціяне альбо прынамсі знаёмыя з хрысціянствам асобы маглі трапляць сюды ў розны час. Першыя з іх маглі быць ужо сярод крывіцкіх перасяленцаў першай хвалі, калі толькі слушнае меркаванне даследчыкаў пра выхад крывічоў з палабска-паморскага рэгіёну. Як было ўжо намі сказана ў папярэдніх раздзелах, плённая пропаведзь хрысціянства вялася сярод палабскіх славянаў яшчэ з часоў Карла Вялікага ў VІІІ ст. Хрысціянскія ўплывы маглі пранікаць і пазней, бо, мяркуючы па ўсім, кантакты крывічоў і ноўгарадцаў з палабскім рэгіёнам не перапыняліся і надалей. Даволі пераканаўчай сёння выглядае гіпотэза, паводле якой летапісныя варагі, закліканыя на княжанне да крывічоў і ноўгарадцаў былі не нарманскага (германскага) паходжання, а славянскага і паходзілі з нейкага палабскага племені24. Не выключана таксама, што дружыны варагаў былі змешаныя, а ў іх склад, апрача галоўнага касцяка са славянаў, маглі ўваходзіць і германцы, але не шведы, а датчане, з якімі былі найбольш раннія і шчыльныя ўзаемаадносіны ў палабскіх славянаў.

Пра старажытнасць хрысціянства на поўначы ўсходнеславянскіх земляў можа сведчыць «Жыццё Стэфана Суражскага», падзеі якога прыпадаюць на мяжу VІІІ-ІХ стст., хоць складзенае яно каля сярэдзіны ХV ст. У ім фігуруе ноўгарадскі князь Браўлін, які напаў на Сураж у Крыме. Захапіўшы багатую суражскую царкву Святой Сафіі, князь раптоўна захварэў. Пасля цудоўнай з'явы яму св.Стэфана Браўлін са сваёй дружынаю прыняў хрост. У гэтай гісторыі выглядае анахранізмам спалучэнне яе героя з Вялікім Ноўгарадам, бо ў той час горад яшчэ не існаваў25. Але імя князя мае адпаведнікі ў антрапаніміцы палабскіх славянаў і лужычанаў. Пашыраныя падобныя імёны і сярод ноўгарадцаў, а таксама полацкіх і пскоўскіх крывічоў. Гэтыя рэгіёны і маглі быць зыходным пунктам легендарнай выправы князя Браўліна.

У ІХ ст. пры Людовіку Пабожным (814-840), сыне Карла Вялікага, сярод датчанаў і палабскіх славянаў паспяхова прапаведваў Слова Божае св.Ансгар (831-865), які быў прызначаны Гамбургскім арцыбіскупам і мітрапалітам для ўсіх паўночных народаў, у т.л. і славянаў26. А ў часы Людовіка ІІ Нямецкага (839-876) згодна з паданнем, якое прыводзіць Гельмольд, над навяртаннем паўночна-заходніх славянаў, апрача Аснгара і іншых, працавалі мніхі кляштара Новая Карвея ў Саксоніі, якія нібыта навярнулі да хрысціянства ўсіх руянаў, г.зн. славянскіх жыхароў в.Руяна (сёння Рюген), размешчанага ля палабскага ўзбярэжжа27. Пазней, праўда, руяне-рутэны адышлі ад веры. Ад гэтага славянскага племені часам таксама спрабуюць выводзіць паходжанне варагаў і назву «Русь».

Упершыню «варязи из заморья», якія збіралі дань з крывічоў і ноўгарадскіх славенаў, згадваюцца ў «Аповесці мінулых гадоў» у 859 г. У прамежку між 862 і 868 гг. варагі былі прагнаныя і зноў пакліканыя «княжит и володети» ў крывіцкіх і славенскіх землях28. Незадоўга да гэтых паведамленняў адбылася місія Ансгара да датчанаў і шведаў і супала па часе з імі пропаведзь новакарвейскіх мніхаў сярод палабскіх славянаў. Артыкул 862 г. «Аповесці мінулых гадоў» паведамляе таксама імёны варагаў, якія прыйшлі княжыць на ўсходнеславянскія землі. Старэйшы з іх, Рурык, сеўшы ў Ноўгарадзе, раздаў «мужем своим» галоўныя гарады, у т.л. і Полацк29. Прынамсі, двух такіх «мужоў» - Аскольда і Дзіра, якія выправіліся ў Кіеў і захапілі яго, досыць трывалая традыцыя і многія даследчыкі лічаць хрысціянамі. З летапісу вядома, што ў ХІ ст. варажскі баярын Ольма збудаваў на магіле Аскольда хрысціянскі храм св.Міколы. Як вядома, культ гэтага святога пашыраўся з тэрыторыі палабскіх славянаў. Існуе думка, што імя Мікола Аскольд прыняў пры хросце. У тым жа стагоддзі паўстаў і другі хрысціянскі храм св. Арыны ля магілы Дзіра30. Цяжка дапусціць, каб хрысціянскія святыні маглі быць збудаваныя побач з пахаваннямі князёў-паганцаў. Пагаджаючыся з высноваю пра хрысціянскасць Аскольда і Дзіра, некаторыя заходнееўрапейскія навукоўцы ўказваюць на тое, што гэтыя варажскія князі маглі атрымаць хрост на абшары місійнай дзейнасці св.Ансгара, бо менавіта адтуль выпраўляліся варагі на ўсходнеславянскія землі31. Пры гэтым грунтуюцца на тэзе пра шведскае паходжанне варагаў. Сапраўды, місія Ансгара пры канцы ягонага жыцця дасягнула вялікіх поспехаў і менавіта ў той частцы Швецыі, адкуль звычайна выводзяць варагаў - у рэгіёне Рослягэн правінцыі Мэлерталь32. Аднак не менш актыўную дзейнасць вёў святы ў Даніі. Місійнай працаю была ахопленая і частка прыбалтыйскіх славянаў. Думаецца, што менавіта з дацка-славянскага рэгіёну, дзе св. Ансгар разам з паплечнікамі прапаведваў незадоўга да свайго скону ў 865 г., пашыралася хрысціянства сярод высяленцаў-варагаў. Можна меркаваць, што і сярод тых, хто прыбыў у Полацк, ужо былі хрысціяне.

Такім чынам, першыя хрысціянізацыйныя імпульсы ішлі на беларускія землі з рымскіх правінцыяў у Мезіі і на Крымскай паўвыспе, з гоцкіх уладанняў над Чорным Морам. Затым паўстаюць і набіраюць моцы новыя хрысціянізацыйныя асяродкі ў нямецка-дацка-славянскім рэгіёне на паўднёвым узбярэжжы Балтыйскага мора. Сярод іх найбольш значную ролю адыгрывала Гамбурская мітраполія. Хуткасць пашырэння хрысціянства сярод усходніх славянаў можа тлумачыцца не толькі тым, што паганства тут ужо дайшло да мяжы свайго розвітку, вычарпала свае рэсурсы і перажывала крызіс, а г.зн. перастала адпавядаць жыццёвым патрэбам грамадства і яго асобных членаў. Новая вера на славянскім усходзе не сустракала гэткага супраціву як, напрыклад, сярод палабскіх славянаў, бо яе распаўсюджанне не было звязанае ў нас з небяспекай асіміляцыі і палітычнага падпарадкавання іншым народам. Тут мог адбывацца паступовы і натуральны працэс узаемадзеяння дзвюх веравызнаўчых сістэмаў, тым больш што між імі было шмат агульнага. Паганства сталася нібы падрыхтоўчай ступенню да хрысціянства.

Каменны крыж, выраблены з ранейшага стода (стода Мары?) з-пад Даўгінава Вілейскага раёна.
У дахрысціянскім светапоглядзе славянаў ужо існавалі асноўныя паняцці, як іманентна ўласцівыя кожнай іншай рэлігіі, гэтак і спецыфічныя, але суадносныя з хрысціянскімі. Сярод такіх агульначалавечых поглядаў можна ўказаць на ўяўленне пра існаванне іншай, нябачнай, нефізічнай рэальнасці, хоць суадносіны яе з фізічным светам мысліліся інакш, чым у хрысціянскім веравучэнні. Боская сфера ў славянаў была прадстаўленая антрапаморфнай іерархіяй, але на галоўнае месца ў ёй вылучалася адна звышняя істота. Калі гэта і не быў монатэізм, то, прынамсі, была моцная тэндэнцыя да яго. Але, як у іншых паганскіх народаў, сутнасцю дачыненняў багоў і чалавека быў «парадак», пры якім роўнай мераю адплочвалася за добрыя і злыя ўчынкі - «вока за вока, зуб за зуб». І таму, чалавечае грамадства было спавітае сістэмаю рытуальных прадпісанняў і забаронаў, якімі рэгулявалася жыццё. Хрысціянства карэнным чынам змяніла гэты падыход, бо з Хрыстом чалавецтва атрымала надзею не толькі на Божую справядлівасць, але і на міласэрнасць. На месца знешніх прадпісанняў і табу Хрыстова вера паставіла асабістую адказнасць, сумленне чалавека. Дух, а не літара маральнага закону стае рэгулятарам міжлюдскіх дачыненняў і стасункаў чалавека з Богам. Як адзначалася вышэй, у славянаў была добра распрацаваная канцэпцыя ахвяры як сродка аднаўлення і захавання «парадку». У хрысціянстве ахвяра набывае яшчэ глыбейшы і высакароднейшы сэнс праз ахвяраванне Хрыста, які адкупіў не толькі ўжо здзейсненыя, але і будучыя грахі чалавецтва, ратуючы ўвесь свет. Крыжовая мука і смерць Хрыста касуюць усе крывавыя ахвяры, а прычасце Ягонага Цела і Ягонай Крыві пераўзыходзіць і робіць непатрэбнымі «прычасці» ахвярнай жывёлы і чалавека, праз якія члены рода імкнуліся «паяднацца» са сваім татэмам. Як і ў іншых паганскіх народаў, у славянаў існаваў культ паміраючага і ўваскрасаючага боства, звязаны з гадавым земляробчым цыклам. Тым лягчэй было прыняць ім вучэнне пра смерць і Ўстанне з мёртвых Сына Божага. Хрысціянскі літургічны каляндар сумясціўся з дахрысціянскім календаром земляробчым: асноўныя земляробчыя даты супалі з хрысціянскімі святамі, а дні былых міфалагічных персанажаў з днямі святых. Сумяшчальнымі аказаліся і некаторыя іншыя ўяленні: святыня як мадэль свету, як дом Божы; чалавек як вобраз космасу, як вобраз Бога і яго жытло; лічбавая сімволіка - сакральнасць адзінкі, лічбаў 3, 4, 7 ды шмат інш.

Такім чынам, пропаведзь хрысціянства на нашых землях сустракала прыдатную і ўжо падрыхтаваную глебу. Новая вера не знішчала жыццяздольныя элементы старой сістэмы поглядаў; знікала тое, што зжыло сябе, што страціла сваю ўнутраную сутнасць і захоўвала толькі знешнюю, пазбаўленую жыцця абалонку. Усё сутнаснае, жыццёвае было развітае і даведзенае хрысціянствам да лагічнага завяршэння і дасканаласці. У гэтым сэнсе да беларускага дахрысціянскага светаўспрымання можна стасаваць словы Хрыста, сказаныя ім у дачыненні да Старога Запавету: «Не думайце, што Я прыйшоў парушыць закон ці прарокаў; не парушыць прыйшоў Я, але споўніць» (Мц 5, 17).


  1. Сядоў В.В. Славяне... С. 568-569.
  2. Штыхаў Г.В. Балта-славянскае насельніцтва ў УІ-УІІІ стст. на тэрыторыі Беларусі // Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. І. Мн., 1994. С. 51-57.
  3. Повесть временных лет... С. 11, 14.
  4. Седов В.В. К палеоантропологии восточных славян // Проблемы археологии Евразии и Северной Америки. М., 1977. С. 154; яго ж: Славяне верхнего Поднепровья и Подвинья (Материалы и исследования по археологии СССР. ( 163) М., 1970. С. 106-107.
  5. Повесть временных лет... С. 14.
  6. Шафарик П.Й. Славянские древности. Т. 2. Кн. 3. М., 1848. с. 185.
  7. Худаш М.Л. Про походження давньоруськіх етнонімів дреговичі й уличи // Мовознавство. 1981. № 5. С. 52-58; Карский Е. Белорусы. Кн. 1. Вильно, 1904. С. 69.
  8. Повесть временных лет... С. 14.
  9. Урбан П. Да пытаньня этнічнай прыналежнасьці старажытных ліцьвіноў. Мн., 1994. С. 74-77.
  10. Schachmatow A. Zu den дltesten slavisch-keltischen Beziehungen // Archiv för slavisce Philologie. 1912. Bd. 33. S. 81-82; Кузьмин А.Г. Об этнической природе варягов... С. 65-67.
  11. Попович М.В. Мировоззрение древних славян... С. 35-45.
  12. Тамсама. С. 46-51.
  13. Пар.: Зямля стаіць пасярод свету... Беларускія народныя прыкметы і павер'і / Укл. У.Васілевіч. Кн. 1. Мн., 1996. С. 526.
  14. Попович М.В. Мировоззрение древних славян... С. 51-54.
  15. Тамсама. С. 56-62.
  16. Гэты абрад ва ўсіх народаў асэнсоўваўся як смерць і другое нараджэнне, суправаджаўся цяжкімі выпрабаваннямі і, магчыма, часоваю стратаю прытомнасці. Адбываўся ў асобным сакральным месцы, «доме смерці» - казачнай «хатцы на курыных нагах». Гл.: Пропп В.Я. Исторические корни волшебной сказки. Л., 1946. С. 46-51.
  17. Попович М.В. Мировоззрение древних славян... С. 62-74.
  18. Moszyński K. Kultura ludowa slowian. T. 2. Kultura duchowa. Cz. 1. S. 84-86, 93-95.
  19. Попович М.В. Мировоззрение древних славян... С. 75-107..
  20. Тамсама. С. 22.
  21. Повесть временных лет... С. 14.
  22. Поўны выклад ягонай канцэпцыі гл. у: Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. Мн., 1991.
  23. Попович М.В. Мировоззрение древних славян... С. 138.
  24. Кузьмин А.Г. «Варяги» и «Русь» на балтийском море // Вопросы истории. 1970. № 10.
  25. Брайчевский М.Ю. Утверждение христианства на Руси. Киев, 1989. С. 37-41.
  26. У фундацыйным прывілеі Гамбурскага біскупства ад 15 траўня 834 г. Людовік Пабожны аддае гэтую біскупскую катэдру пад уладу Ансгара, а крыху пазней гэтае наданне зацвярджае папа Грыгорый ІУ, прызначаючы Ансгара таксама сваім легатам для датчанаў, шведаў, ісландцаў, нарвежцаў, фінаў, славянаў і «ўсіх паўночных і ўсходніх народаў, як бы яны ні называліся» (без даты).: Pommersches Urkundenbuch. Bd. I. 786-1253. Stettin, 1868. S. 1-2.
  27. Гельмольд. Славянская хроника. М., 1963. С. 45. З гэтым паданнем выпадае суаднесці прывілей аднаго з трох сыноў Людовіка Пабожнага - караля Лотара, выданы ім 20 траўня 844 г. кляштару ў Новай Карвеі на нейкія правы на в.Руяна: Pommersches Urkundenbuch. Bd. I. 786-1253. Stettin, 1868. S. 2. (выдавец залічае гэты дакумент да несапраўдных).
  28. Повесть временных лет... С. 18.
  29. Тамсама.
  30. Тамсама. С. 23.
  31. Ammann A.M. Ost-Slavische Kirchengeschichte. Wien, 1950. S. 11; Baumgarten N. de. Aux origines de la Russie. Roma, 1939. P. 45-54.
  32. Чубатый М. Iсторiя... С. 84.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY