|
|
№
3(9)/1999
На кніжнай паліцы
Да юбілею 2000 Года
Мастацтва
Роздум аб веры
Нашы святыні
Паэзія
Архітэктура
Проза
Haereditas
Замежныя вандроўкі
На кніжнай паліцы
Традыцыя
|
Існуе дзіўная завядзёнка — святкаваць юбілеі, беручы за пункт адліку першую прыгадку паселішча ў летапісе. Нават калі гэтая прыгадка сведчыць пра пажар, пры якім паселішча выгарала датла, ці пра руйнаванне ягоных падворкаў ворагамі. Атрымліваецца парадокс — юбілейная дата жыцця адлічваецца ад даты смерці. Так сталася пазалетась і з не зусім круглым юбілеем беларускай сталіцы, калі 930-годдзе святкавалі, пазначыўшы нараджэнне Менску 1067 годам, калі адбылася вядомая бітва на Нямізе, у выніку якое горад быў спалены. Дзярэчыну ў гэтых адносінах пашанцавала. Першае ўпамінанне пра яго мае выключна мірны характар. Як паведамляецца ў Літоўскай метрыцы, Дзярэчын у 1416 годзе за верную службу быў падараваны вялікім князем Вітаўтам Васілю Капачу: «...За верную службу его, што он чыніл у цэзара і ў папежа. Далі есмо ему Деречін за всімі селы і пушчою, как держал Дремут, вечно і непорушно у прок і его шчадком». Ад ранейшага гаспадара баярына Дрэмута да новага ўладальніка Дзярэчын перайшоў буйным і добра загаспадараным маёнткам. А значыць, жыццяпіс незнакамітага сёння мястэчка сягае ажно ў чатырнаццатае стагоддзе і дазваляе лічыць бліжэйшыя гарады Масты, Дзятлава і Зэльву малодшымі братамі Дзярэчына. Адкуль жа паходзіць назва Дзярэчын? Вядомы тапаніміст В.Жучкевіч выводзіць яе ад народнага прозвішча «дереченя», што ў сучаснай расейскай мове азначае «драчун». Паводле гэтае версіі далёкія прашчуры сучасных дзярэчынцаў надта ўжо любілі памахаць кулакамі. Магчыма, паважаны даследчык і мае рацыю, бо дзярэчынскі люд і ў пятнаццатым, і ў дваццатым стагоддзях не вызначаўся асаблівым міралюбствам у адносінах да суседзяў. За мінулыя стагоддзі могуць пасведчыць запісы ў судовых кнігах, да якіх мы, каб узнавіць каларыт тых часоў, неўзабаве звернемся, а за наша стагоддзе можа выступіць сведкам аўтар гэтых радкоў як непасрэдны наглядач, а часам і ўдзельнік шматлікіх разборак вёска на вёску. Але асабіста мне ніколі не падабалася быць нашчадкам нейкіх «дзерачэняў», ды і вельмі ўжо чужароднымі чуліся ў беларускай мове словы «драчун», «драться». А таму мяне вельмі ўсцешыў запіс у актавай кнізе слонімскага гарадскога суда, зроблены 12 снежня 1575 года: «Подданые пана Руденского на имя Андрей Дрыка а Ярош Тишкевич призналися, иже мы подлазили двои бчолы — одны у Коптева каменя, у сосне, верх зломленый, а другую у Шарой сосне, а бортники княжие, оповедавши то копе, признать мусили, тые бчолы от вашое деречи не отошли». Тагачасныя пчаляры-бортнікі даставалі пчаліныя раі з калодаў, і гэты занятак называўся дзярэчай. То чаму далёкімі продкамі дзярэчынцаў павінны быць бэйбусы з пудовымі кулакамі, а не ўраўнаважаныя бортнікі, што даглядалі «божых жывёлак», як называе пчолаў адна беларуская кніга пачатку нашага стагоддзя? З маімі самадзейнымі тапанімічнымі вышукамі пагадзіўся й нараджэнец вёскі Грабава, колішні выпускнік Дзярэчынскай школы, доктар філалогіі й прафесар Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэту Павел Сцяцко — з умовай, што слова «дзярэча» напачатку сталася мянушкай альбо прозвішчам, а ўжо потым спрычынілася да ўтварэння назвы мястэчка. Але вернемся да колішніх уладароў Дзярэчына. Род Капачоў валодаў паселішчам на працягу цэлага стагоддзя. 9 верасня 1493 года сыну Васіля Капача двараніну гаспадарскаму Яцку Капачэвічу ваяводам троцкім і маршалкам земскім Пятром Яновічам было выдадзена афіцыйнае пацверджанне, што Дзярэчын вечна мае належаць яму, ягонай жонцы ды іхнім нашчадкам. У пацверджанні паведамлялася, што Дзярэчын быў падараваны Васілю Капачу «со всими тыми присельники: с Лижневичи, з Бахаревичи, з Луконицою, со всею Мерю, с Валкевичи, с Кропою, з Дорогайном, з Неткавичи, с Озеряны, з Дрытовом, с Щаряны, с Котчыною, с Угриняны, з Дворцом Бережки, с ставы и з млыны».
Да Дзярэчынскай воласці ў той час належалі паселішчы Ланцавічы ў Глыбокім Вугле, Мяхоўск, Мілявічы, Дарагляны, Боркі, Аднога, Русакі, Алекшыцы, Маразовічы, Савічы, Бібікі, Грабава, Крывічы, Залацеева, Крупава, Вайнілава, Каменка, Шчара, Гольчава, Курылавічы, Займішча, Нацкава, Монькавічы, Даўгаполічы, Збляны, Бахарэвічы, Шуткі. На самым пачатку шаснаццатага стагоддзя ў Дзярэчыне існавала царква Святога Спаса. Вядомая ўжо нам Ганна Сангушкава, выконваючы волю памерлага брата Яцка Капачэвіча, у 1501 годзе адпісала «святому Спасу в Деречине: попу земля Романовская, а человек Буневич, а другий человек Трида, а третий человек на озере Кисель, а четвертый человек Жук; а дьякону земля Дашека, а человек Рац, а другий человек Юц, а третий человек Пилип, а дьякону копа грошей, а попу копа грошей...». Трэба сказаць, што і надалей дзярэчынскай царкве не пагражацьме нэндза. Так, у 1612 годзе князь Аляксандр Палубінскі шчодра надзеліць царкоўны прыход чатырнаццацю валокамі зямлі з уласнага маёнтка Нябайкі, што за некалькі вёрстаў ад Дзярэчына. Аднак наведванне храма ў святы не магло ўтрымаць дзярэчынцаў ад справаў зусім не боскіх у будзённыя дні. Ледзь не штодня спяшаліся пасыльныя з Дзярэчына «да кніг земскіх» у павятовы Слонім, каб расказаць пра чарговую бойку. На даручэнне суда ў мястэчка почасту наведваўся возны для збору рэчавых доказаў. Каб адвадзіць сваіх падданых ад сцежак грахоўных, князь Канстанцін Палубінскі ў 1618 годзе фундуе ў Дзярэчыне парафіяльны касцёл з кляштарам. Князь і княгіня на імя Сафія засноўваюць пры кляштары шпіталь на дванаццаць убогіх. Князь у 1637 годзе падпісвае адмысловы тастамант, які мусіў рэгуляваць функцыянаванне шпіталю. Паводле княскага распараджэння насельнікі гэтай богаўгоднай установы павінны былі тройчы на дзень адгаворваць пацеры. А дзярэчынскі пробашч на ўтрыманне шпіталю штогод атрымліваў з княскага маёнтка 24 бочкі жыта, 8 бочак ячменю і неабходную суму грашыма. Апрача гэтага, Канстанцін і Сафія Палубінскія падаравалі кляштару два свае фальваркі — Старое Сяло і Падзолле, сем валокаў лесу, возера, млын і зямлю пад кляштарны гарод. Да эпохі ваяўнічага атэізму заставалася яшчэ тры стагоддзі, і людзям ніхто не перашкаджаў думаць пра вечнае жыццё. У 1625 годзе ксёндз Далецкі адпісаў Дзярэчынскаму кляштару ўласны маёнтак Альшэвічы коштам 3000 залатых. Праз шэсць гадоў кляштар ізноў пабагацеў — на гэты раз ужо Міхал Палубінскі ахвяраваў 2000 залатых, атрыманых ад маёнтка Катчыны. За гэткі шчодры дарунак князь прасіў рэгулярна памінаць ягоную душу пасля смерці. Але пры далейшым жыцці Міхал Палубінскі, напэўна, яшчэ шмат награшыў, бо ў 1643 годзе да ранейшай ахвяры палічыў патрэбным дадаць яшчэ тысячу. Заможны люд таксама падпісваў з кляштарам дамовы рознага кшталту. Так, нейкая Дарота Вайніловіч пажадала, каб пасля таго, як яе душа ўзнясецца да Бога, цела яе пахавалі за кляштарнай агароджай. Манахі ахвотна згадзіліся, узяўшы з просьбіткі трыста залатых. Насельнікі кляштару за свае паслугі бралі не толькі грошы ды землі. У 1673 годзе ад шчодрай Хрысціны Палубінскай-Каменскай было атрымана: трыццаць галоў буйной рагатай жывёлы, дваццаць авечак, дзесяць свінняў, шэсць індычак, два прыгожыя дываны і бочка солі. Дзярэчынскія манахі, маючы багатых фундатараў, з цягам часу пашыралі свае ўплывы. Дзейнасць кляштара асабліва разгарнулася пасля таго, як ён стаў належаць ордэну дамініканцаў. Да манахаў пачаў звяртацца паспаліты люд не толькі па духоўную дапамогу. Напрыклад, шляхціц Бейнаровіч у 1751 годзе прасіў кляштарнага прыёра Мацвея Пяшкоўскага паспрыяць у спагнанні з віленскага гараднічага Пятра Савіцкага (вось куды сягала сфера ўплыву дзярэчынскага кляштару) 5775 залатых. У выпадку поспеху кляштару належала атрымаць 4775 залатых. Няблага аплочваліся юрыдычныя паслугі ў васемнаццатым стагоддзі! Кляштар багацеў. Пры ім былі адчыненыя школа і бібліятэка. Заместа драўлянага касцёла манахі-дамініканцы ў 1690 годзе змуравалі цагляны. Ён быў знадворку атынкаваны і накрыты дахоўкай. У Гарадзенскім нацыянальным гістарычным архіве захоўваецца падрабязнае апісанне дзярэчынскага касцёла, які быў урачыста асвечаны віленскім біскупам Міхалам Зянковічам у 1741 годзе як храм Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Перанясемся ў думках у далёкі 1820 год і выкарыстаем унікальную магчымасць пазнаёміцца з унутраным інтэр’ерам касцёла, які потым будзе знішчаны пажарам. Узыходзім па жалезным каваным ганку, адчыняем дзверы і... Зялёны мармур, якім выслана касцельная падлога, прыемна лашчыць вока. Позірк міжволі спыняецца на шасці вазах тонкай работы, у якія праз высокія вокны зазіраюць цікаўныя сонечныя промні. Права- і леваруч, пры касцельных сценах, выштукаваныя мармуровыя каплічкі нябесных заступнікаў — святых Антонія, Тамаша, Вінцэнта і Анёла Ахоўніка.
Пад касцёлам — восем лёхаў, але толькі да трох вядуць акаваныя жалезам дубовыя дзверы, уваходы ў астатнія замураваныя мурмуровымі плітамі. У касцёле ажно восем алтароў, да якіх варта падысці бліжэй. Алтар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі выразаны з дрэва і пазалочаны, упрыгожаны зверху дзвюма фігуркамі анёлаў. Пасярэдзіне алтара вялікі абраз, што па-майстэрску ўзнаўляе Унебаўзяцце Маці Божай. На другім алтары змешчаны маляваны на палатне абраз, на якім Пан Езус прывязаны да слупа. На трэцім алтары — абраз Найсвяцейшай Маці пад срэбнай шатай. На чацвёртым — вялікі абраз у пазалочанай раме, на якім святы Дамінік уваскрашае памерлага. На пятым — святы Вінцэнт з абраза прамаўляе да народу. (Два апошнія абразы нядаўна прывезеныя з Вільні — не праміне пахваліцца ксёндз.) Шосты алтар дастаўся святому Тамашу (мастацкая вартасць ягонай выявы выклікае пэўны сумнеў). На сёмым алтары абраз, перад якім падлога вышараваная каленямі вернікаў, — укрыжаванне Пана Езуса. Святы Антоні ўпадабаў сабе месца на восьмым алтары. Насупраць амбона — мармуровы манумент князёў Сапегаў. У 1866 годзе касцельны арганіст будзе выкурваць пчолаў, што самавольна пасяліліся на званіцы. Маленькі вугельчык выкаціцца з дымара і станецца прычынай вялікага пажару, пасля якога старажытны дзярэчынскі касцёл аднавіць не ўдасца. Расейская цывільная адміністрацыя хуценька перадасць рэшткі касцельнай маёмасці слонімскаму касцёлу, куды неўзабаве будзе вымушаны выправіцца і дзярэчынскі ксёндз Любатынскі.
Францішак прыйшоў на свет у Варшаве ў 1772 годзе і падлеткам быў залічаны ў кадэцкі корпус у Пулавах, дзе адным з ягоных выхавальнікаў быў вядомы тэолаг, гісторык і пісьменнік Францішак Ксавэры Богуш, будучы аўтар кнігі «Пра пачатак народу й мовы літоўскай». Даследнікі сцвярджаюць, што ён не вельмі каб змушаў да навукі свайго знатнага цёзку, але ўсё ж на далейшыя штудыі выправіў яго ў Віленскі універсітэт, які ў той час называўся Галоўнай Віленскай Школай. У 1792 годзе Францішак у складзе літоўскай дэлегацыі выязджае ў Пецярбург і трапляе на прыймо да Кацярыны ІІ. Ды першае спатканне з каранаванай асобай пакінула прыкры след у памяці юнака: паводле сведчанняў відавочцаў, пасля заканчэння аўдыенцыі ён аж заплакаў — так няўдала адрэкамендаваўся царыцы! 11 лютага 1793 года Францішак Сапега ўзяў шлюб з Пелагеяй Патоцкай. Пасля гучнага вяселля, якое адбылося ў Гародні, маладыя правялі мядовы месяц у Дзярэчыне, у спецыяльна падноўленым дзеля гэтага палацы. Францішак, як адзіны сын, успадкаваў ад бацькі багатыя маёнткі, раскіданыя на вялікім абшары ў розных ваяводствах: Ружаны, Мыш, Дзярэчын, Зэльву, Данейкаўшчыну, Сялец, Насевічы, Высокае, Стары і Новы Быхаў (толькі з апошнімі да яго перайшло васемнаццаць тысячаў душ падданых). Яму таксама належалі Шкуды, Доўгапаль, Чарэя і Друя. (Калі шаноўны чытач завітае ў Браслаўскі краязнаўчы музей, то ўбачыць там партрэт Францішка і пачуе захапляльную гісторыю пра горад Сапежын, які яшчэ на пачатку сямнаццатага стагоддзя меў магдэбургскае права. Праўда, у экспазіцыі ўсё ж варта было б змясціць выявы заснавальніка Сапежына Яна Станіслава альбо Казіміра Льва, які пабудаваў у Сапежыне касцёл і кляштар бернардынцаў, а не Францішка, чые сімпатыі падзяляліся паміж Парыжам і Дзярэчынам.) На час, калі бацькаў тастамант уступіў у сілу, дзярэчынскі маёнтак даваў 131 000 залатых грашовага прыходу. І падобна на тое, што маладая жонка пасля ўсходу сонца не перашкаджала Францішку даводзіць да канца распачатыя бацькам справы. У 1793—1794 гадах на дзярэчынскіх землях адначасова будаваліся: новы бровар, цагляны завод, сукнавальня, млын у Бярэжках, галоўны склад у цэнтральным маёнтку, страхавая сялянская крама ў Крупаве, гумно, стайня, летнія хлявы, асеці для сушкі лёну і канопляў, рачныя судны, карчма, рэстарацыя (кафэгаўз) для наведнікаў зэльвенскага кірмашу. У 21 год Францішак Сапега атрымлівае званне генерала артылерыі, яго генеральскі мундзір упрыгожвае ордэн святога Станіслава. Як сведчаць рэляцыі тагачасных расейскіх сакрэтных службаў, Францішак удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794 года. Спадзеючыся на здольнасці маладога генерала і на аўтарытэт ягонага прозвішча, Тадэвуш Касцюшка спачатку запрапанаваў яму ўзначаліць збройны выступ на Літве. Але ў выніку патаемнай дыпламатыі Францішку дасталася толькі адна дывізія колькасцю дзве тысячы жаўнераў. 22 траўня 1794 года генерал Сапега дакладвае ў Вільню, што ягонае войска канцэнтруецца ў Дзярэчыне і рыхтуецца да баявых дзеянняў... Пасля паразы паўстання расейцы не зачапілі адстаўнога камандзіра мяцежнікаў, запатрабаваўшы ад яго пісьмовага забавязання больш не ваяваць супраць Расеі. 6 студзеня 1795 года Францішак Сапега перадаў праз расейскага ваеначальніка М.Рапніна пакаянны ліст да Кацярыны ІІ, у якім, ратуючы ад канфіскацыі свае маёнткі, прасіў імператрыцу дараваць удзел у паўстанні. Дачакаўшыся найвышэйшай літасці, Францішак прыязджае ў Пецярбург, дзе ў Петрапаўлаўскай крэпасці адбывае пакаранне звязнены Тадэвуш Касцюшка. Спрабуючы дапамагчы кіраўніку паўстання і даўняму сябру, князь сустракаецца з уплывовымі вяльможамі. Насуперак просьбам цесця, Станіслава Шчаснага-Патоцкага, які стала жыў у Пецярбурзе, на шматлікіх свецкіх раўтах і балях Францішак Сапега, выкарыстоўваючы ўсе даступныя яму метады, рыхтуе глебу для вызвалення Касцюшкі. Але ягоныя вымогі далі плён толькі праз два гады. І тут ізноў на гістарычнай арэне царкоўна-касцельнымі купаламі забліскаў Дзярэчын... У 1796 годзе Францішак Сапега, ужо маючы ў сваім паслужным спісе тытулы расейскага тайнага саветніка і маршалка Менскай губерні, як дэлегат ліцвінскай шляхты ўдзельнічаў у каранацыі Паўла І, што адбывалася ў Маскве. І, пэўна ж, не губляў дарэмна часу: завязаў высокае знаёмства, бо цар вяртаўся з Масквы ў Пецярбург — праз... Дзярэчын. Францішак прымаў яго ў сваім фамільным палацы і, мабыць, не забыўся замовіць слова за свайго Галоўнакамандуючага. Прыехаўшы ў Пецярбург, Павел І, яшчэ не акрыяўшы пасля дзярэчынскага пахмелля, уласнай персонай наведаўся ў Петрапаўлаўскую цытадэль, да смерці перапалохаўшы турэмнае начальства. Цар тут жа, не выходзячы з падзямелля, падпісаў указ аб вызваленні Касцюшкі, што праўда, таксама запатрабаваўшы клятвы на вернасць Расеі. Начальнік паўстання прыняў царскую ўмову. Але землякі-ліцвіны не змаглі змірыцца з ягоным адступніцтвам і прыдумалі для Касцюшкі кемлівае апраўданне. Вось як запісаў яго ў адной з фальклорных экспедыцыяў Міхал Федароўскі: «Як Касцюшку злавілі, то зараз прывялі перад цара, дый казалі яму, каб ён прысягнуў Расеі, тады ён сказаў: «На чыёй зямлі стаю, таму прысягаю і за таго голаў палажу!» А ён уперад набраў зямлі ў чобаты, як выязджаў, і на той зямлі прысягаў...»
Пасля чыннага ўдзелу ў нацыянальна-вызвольным паўстанні і нараджэння сына Францішак Сапега свой абавязак перад Айчынай палічыў выкананым. Ён пачынае падарожнічаць па еўрапейскіх сталіцах, дзе з галавой акунаецца ў вясёлае багемнае жыццё. І трэба сказаць, фартуна спрыяла былому генералу літоўскай артылерыі. У 1803 годзе Францішак Сапега знаёміцца з фаварыткай Напалеона акторкай Маргарытай-Жазэфінай Вэльмэр, якую ўвесь Парыж называў проста — мадмуазэль Жорж. Чым яе перавабіў дзярэчынскі князь, якія чуллівыя словы шаптаў на вуха падчас тэт-а-тэтных сустрэчаў — можна толькі здагадвацца. А парыжскія прагматыкі, што даўно страцілі веру ў рамантычныя чалавечыя пачуцці, тлумачылі ўсё надзіва лаканічна — Францішак плаціў Жазэфіне пяць тысячаў франкаў за ноч. Як бы там ні было, але Напалеон Банапарт, перайшоўшы Нёман у 1812 годзе, ва ўладаннях Францішка Сапегі, апрача звыклага вітання: «Vive L’empereur!» («Няхай жыве імператар!»), мог пачуць іранічныя спачуванні... Сам Францішак падчас французскай кампаніі палічыў за лепшае адседзецца ў расейскай глыбінцы, што таксама, думаецца, невыпадкова. Пасля высылкі свайго нешанцоўнага спадужніка ў амурных справах на выспу святой Алены Францішак Сапега працягваў свае авантурныя падарожжы па Еўропе. Хадзілі чуткі, што аднойчы ў Парыжы ён за адну ноч прагуляў у карты пятнаццаць мільёнаў золатам. У Італіі князю заманулася залезці ў кратэр Вэзувія, і ён зрабіў гэта, ледзь не задыхнуўшыся ад вулканічнага дыму. З глыбіняў зямных Францішка пацягнула ў вышыні нябесныя, і ён з сябрам Корвінам Вышкоўскім скарыў не адну горную вяршыню ў Пірэнеях, двойчы трапіўшы пад снегавыя лавіны. У Іспаніі, паглядзеўшы карыду, Сапега падчас застолля з тарэадорамі рызыкоўна абазваў барселонскіх быкоў рахманымі цялятамі. Абяцаў да наступнага сезону даставіць з свайго дзярэчынскага гадавальніка сапраўднага быка, нашмат большага ды імпэтнейшага за іспанскіх супляменнікаў. Калі адзін тарэадор, палічыўшы сказанае князем за нацыянальную абразу, схапіўся за шпагу, верны Корвін Вышкоўскі прыйшоў сябру на дапамогу і расказаў тэмпераментнаму тарэадору, як у 1812 годзе ў Дзярэчыне загінуў у бойцы з раз’юшаным... кнырам камергер Напалеона... Іспанцы слухалі і збянтэжана ківалі галовамі — якія ж сапраўды лютыя быкі могуць весціся ў той дзіўнай краіне, калі тамтэйшыя свінні загрызаюць чалавека насмерць! Пабыўшы ў Венецыі, Францішак адчуў сябе паэтам і параўнаў адзін з найпрыгажэйшых у свеце гарадоў з беларускім бабром, які хвост трымае ў вадзе, а галаву прыўзняў над вадою. Аб’ехаўшы Еўропу ўдоўж і ўпоперак, Францішак Сапега спаткаў аднойчы на зэльвенскім кірмашы старога знаёмца Лявона Патоцкага. Апошні занатаваў словы князя, якія й да гэтай пары цешаць слых дзярэчынцаў і помнячы пра якія мае землякі-местачкоўцы могуць вальней пачувацца дзе-небудзь на Елісейскіх палях. Прыгадаем жа й мы выснову спрактыкаванага падарожніка. Дык вось, у Пецярбурзе князю было захоладна, у Партугаліі засыра, у Англіі яму дакучалі туманы, у Вільні не было блізкіх сяброў, у Варшаве князь не меў з кім перакінуцца ў карты. І толькі ў Парыжы і ў Дзярэчыне Францішак Сапега ніколі не сумаваў, знаходзіў, як і з кім бавіць час.
Калі паўстанцам тэрмінова спатрэбіліся грошы, Яўстах Сапега, доўга не думаючы, прадаў Ружанскі маёнтак за гатоўку. Дакумент пра гэтую куплю-продаж захоўваўся ў адным з польскіх архіваў і знік у часе ваеннай калатнечы ў 1939 годзе. Учынак князя заслугоўвае павагі нашчадкаў, асабліва калі ўлічыць той факт, што ахвотнікаў ахвяраваць сваімі маёнткамі дзеля ідэі знаходзілася няшмат; паслядоўніцай князя можна назваць хіба Эмілію Плятар. Пасля задушэння паўстання над Беларуссю навісла чорная ноч русіфікацыі. З дзяржаўных пасадаў звальнялі чыноўнікаў-каталікоў, сканфіскоўвалі маёнткі паўстанцаў, быў скасаваны Статут Вялікага Княства Літоўскага, зачынены Віленскі універсітэт. Многія паэты-вялікадзяржаўнікі, натхнёныя перамогай генерала Івана Паскевіча, складалі ўзнёслыя стансы «на взятие Варшавы», нават будучае «сонца расейскай паэзіі» Аляксандр Пушкін у адным прыватным лісце ваяўніча накрэсліў: «Варшава павінна быць разбураная!» Яўстах Каятан Сапега разам з сотнямі сваіх паплечнікаў быў вымушаны выехаць на эміграцыю — спачатку ў старую добрую Англію, а потым у Францыю, дзе настала пасяліўся пад Парыжам у гарадку Бяланкурт. Разам з Людвікам Ельскім князь засноўвае фінансава-прамысловае таварыства, якое дарэшты збанкрутавала ў 1841 годзе. Яўстах Сапега, уклаўшы ў яго ледзь не астатнія грошы, апынуўся ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Але праз дзесяць гадоў неўтаймоўны князь стварае яшчэ адзін банк, узяўшы ў хаўруснікі Ксавэра Браніцкага і Людвіка Валоўскага. На гэты раз фартуна ўсміхнулася Яўстаху Сапегу. Банк дапамагаў эмігрантам асталявацца на чужыне, ягоныя закладнікі паціху назапашвалі сродкі для новага збройнага чыну. Ды Кастусю Каліноўскаму князь дапамагчы ўжо не мог — ён памёр 16 лістапада 1860 года ў Парыжы і быў пахаваны на Манмартры. Але вернемся на тры дзесяцігоддзі назад. Князь Яўстах Каятан Сапега меў адрознае ад бацькі ўяўленне пра княскі гонар і не прыняў прапановы цара Мікалая І аб вяртанні сканфіскаваных маёнткаў узамен на просьбу аб вернападданніцтве. Усе маёнткі, у тым ліку і Дзярэчын, былі сэквэстраваныя, маёмасць — вывезеная спачатку ў Гародню і Беласток, а потым у Пецярбург. Мясцовыя жыхары спрабавалі ўратаваць найбольш каштоўныя рэчы, частка іх была спешна пад аховай начнога змроку вывезеная і схаваная ў Юндзілавічах пад Ружанамі, частка прыхаваная ў кляштарных лёхах. Але пасля катаванняў распарадчыка дзярэчынскага маёнтка юндзілавіцкі схоў быў выяўлены. Дый за кляштарныя муры зазірнула пільнае вока — 14 красавіка 1832 года гарадзенскі губернатар атрымаў данос з Віленскай рыма-каталіцкай кансысторыі «о поступке приора Деречинского доминиканского монастыря и прочих духовных и светских лиц, участвовавших в сокрытии имущества из конфискованного имения князя Евстафия Сапеги и обнаружении виновных в оном злоупотреблении». За ўчыненае «злоупотребление» манахаў-дамініканаў чакала суровае пакаранне — сам цар аператыўна вырашыў лёс дзярэчынскага кляштара. 14 чэрвеня 1832 года з Пецярбурга ў Вільню для гарадзенскага губернатара Мураўёва было адпраўлена сакрэтнае распараджэнне: «Государь Император высочайше повелеть соизволил: осмотреть строение, находящееся в Гродненской губернии в Слонимском уезде — Деречинского доминиканского монастыря, предназначаемого к обращению в казенное ведомство. В следствие чего, по распоряжению господина военного министра, командирован для осмотра сих строений 5-го Военно-рабочего батальона прапорщик Казаринов, и поручено ему составить планы и описание сим строениям». Пакуль прапаршчык Казарынаў лазіў па кляштарных мурах, выконваючы волю манарха, у сценах святыні заўзята гаспадарылі іншыя «спецыялісты». Бібліятэку з 1200 тамоў (найперш кнігі па гаспадарцы, богаслужбовую літаратуру) размеркавалі паміж рознымі міністэрствамі, ведамствамі ды праваслаўнай царквой, а рэшту (унікальныя выданні ХVІ і ХVІІ стагоддзяў на незразумелых лацінскай, польскай і нямецкай мовах) перадалі ў Дэпартамент духоўных справаў замежных веравызнанняў.
Забягаючы наперад, скажам, што ў выпадку з скарбонкай рабаўнікі першы і апошні раз паказалі высакароднасць. Ці атрымаў князь дарагую рэліквію, невядома, а ўся ягоная астатняя маёмасць раздавалася направа і налева. З-за найбольш каштоўных рэчаў паміж ведамствамі ўзнікалі спрэчкі. Паказальны ў гэтым сэнсе лёс прыгаданага ўжо залатога кубка. Яго яшчэ толькі везлі з Гародні ў Пецярбург, а ў сталіцы ўжо пачалося змаганне за скрадзенае золата. 4 верасня 1832 года ў Дэпартамент горных і саляных справаў прыйшла тэрміновая дэпеша з Міністэрства фінансаў, у якой паведамлялася, што сярод «серебрянных и золотых вещей, назначенных по Высочайшему повелению к доставлению на С.Петербургский Монетный двор, находится золотой кубок...» Далей ішла настойлівая просьба не трымаць кубак у Дэпартаменце, а як найхутчэй пераслаць у Міністэрства фінансаў. Урэшце кубак паводле асабістага распараджэння цара быў дастаўлены на захаванне ў Эрмітаж, дзе, будзем спадзявацца, зберагаецца да сённяшняга дня. Імператар Мікалай І зажадаў уласнаручна перабраць нарабаванае дабро. Дзеля гэтага міністар імператарскага двара князь Валконскі накіраваў наступны ліст обергофмаршалу Нарышкіну: «Вчерашнего числа привезены в С.Петербург из Гродно и поставлены на Эрмитажном спуске 25 ящиков с картинами, эстампами, мозаиками и книгами, взятыми из секвестрированного имения князя Евстафия Сапеги. По высочайшему повелению Государя Императора покорнейше прошу ваше высокопревосходительство приказать 18 ящиков (с 1-го по 18-й) вскрыть и заключающиеся в них картины, эстампы, мозаики и проч. выставить в Эрмитаже, для представления Его Императорскому Величеству... а 8 ящиков (с 18-го по 26-ой) с книгами, кои высочайше повелено отдать в Императорскую публичную библиотеку, отправить к г. Министру народного просвещения». Пасля прагляду цар «высочайше повелеть соизволил», што пакінуць у Эрмітажы, а што адвезці на парцалянавы завод. У хуткім часе чыноўнікі дакладвалі, што жывапісец парцалянавага завода тытулярны саветнік Кануннікаў прыняў сорак восем «эстампаў этрускаў», а супрацоўнік Эрмітажа, прафесар першай ступені Аляксандр Варнак атрымаў пад распіску «альбом, состоящий из семнадцати рисунков на пергамине в эмблематических видах пером рисованных купидонов». Старажытныя манеты і медалі патрапілі ў Мінцкабінет.
Спальваліся найперш карціны з сюжэтамі на гістарычныя тэмы, якія, на думку манарха-мастацтвазнаўцы, маглі выклікаць у гледачоў непажаданыя думкі пра былую веліч Рэчы Паспалітай. Залаты крыж, выяўлены ў фамільнай сапегаўскай скарбніцы, быў перададзены дзярэчынскай праваслаўнай царкве, антыкварную зброю адвезлі ў Анічкаўскі палац у Пецярбурзе, кнігі — у тамтэйшую Публічную бібліятэку. Увогуле ж з Дзярэчына толькі карцінаў і каштоўных упрыгожанняў было вывезена 303 пуды 25 фунтаў. А вывозіліся ж яшчэ зброя, мэбля, посуд, адзенне і нават бялізна, якую, паводле «высочайшего повеления» «пустили с торгов». Адных толькі старадаўніх гадзіннікаў з боем з дзярэчынскага палаца было вывезена каля дзесятка. Вопісы сканфіскаваных рэчаў, копіі якіх аўтару гэтых радкоў удалося атрымаць з Варшавы і Пецярбурга, складаюць 124 старонкі дробным канцылярскім почыркам. І гэта, трэба думаць, далёка не ўсё. На жаль, не ўсе вопісы чытэльныя з-за выцвілага атраманту. Але і тыя спісы, якія можна расчытаць, надрукаваць цалкам не ўяўляецца магчымым. Таму проста перагорнем акуратна разлінееныя і завераныя неабходнымі подпісамі старонкі. «Реестр медалям и монетам из имения князя Евстафия Сапеги:
— саксонская монета 1363 года;
Забягаючы наперад, заўважым, што не ўсе манетныя скарбы расейцам удалося вывезці з Дзярэчына. Гадоў дваццаць таму аматар дзярэчынскай даўніны Вячаслаў Качук адкапаў на адным з мясцовых гародаў цэлы гаршчок старадаўніх манетаў ХVІ—ХVІІІ стагоддзяў. Амаль усе яны не выклікалі сумненняў пры датаванні — на іхніх напаўсцёртых баках можна было разглядзець год чаканкі, на некаторых добра захаваўся старажытны беларускі герб «Пагоня». Але адну незвычайную манету, што адрознівалася ад сваіх таварышак таўшчынёй і вагой, мне было даручана везці на апазнанне ў сталіцу. У акадэмічным Інстытуце гісторыі археолагі Міхась Чарняўскі і Мікола Крывальцэвіч доўга пакручвалі дзярэчынскую манету ў руках, разглядалі ў лупу ледзь прыкметны профіль. І ўрэшце аднадушна прыйшлі да высновы, што гэта рымскі аўрэўс часоў імператара Комада, які жыў ажно паўтары тысячы гадоў таму. На Беларусі падобная знаходка — вялікая рэдкасць. Я схаваў манету за пазуху і трывожным крокам скіраваўся дадому. У кожным закутку мне мроіліся твары падступных нумізматаў, у чыіх калекцыях гэтак бракуе рымскіх аўрэўсаў. Я страціў раўнавагу і супакоіўся толькі пасля вяртання унікальнай манеты ўладальніку. На месцы зруйнаванага дзярэчынскага палаца пабудаваліся і жывуць людзі. Там, дзе стаяў дамініканскі кляштар, — цяпер дзіцячы садок. Захопнікі вывезлі ўсё — ад залатога кубка да звычайных падушак. Мінула сто семдзесят гадоў. Але ўсё ж людская памяць неўміручая. Дзярэчынец можа не ведаць, хто кіруе ім з Зэльвы ці з Гародні, але ведае дакладна, хто такі быў Сапега. А ў далёкім 1861 годзе, калі да Дзярэчына дайшла чутка пра смерць князя Яўстаха ў Парыжы, людзі шчыра смуткавалі. У касцёле была адпраўлена жалобная Імша. Наколькі гэта быў незвычайны і ўрачысты абрад, сведчыць дакумент, які зберагаецца ў гарадзенскім гістарычным архіве. «Его Превосходительству Господину Гродненскому Гражданскому Губернатору Действительному Статскому Советнику и кавалеру Ивану Абрамовичу Шпееру. Слонимского Земского Исправника Маслова. Рапорт. 24-го числа текущего мая месяца в Деречинском Римско-Католическом костеле совершена была панихида па умершему за границей Евстафию Сапеге. По дошедшему о том до меня сведению я в тот же день отправился на место в м. Деречин и застал еще под конец совершаемое богослужение, где узнал, что панихида эта заказана была помещиками Слонимского уезда: Станиславом Юндилом и Иохимом Чудовским; совершали ее десять человек ксендзов, преимущественно из Слонимского Бернардинского монастыря, над устроенным на катафалке под балдахином пустым медным гробом; при гробе стояло четыре ассистента, из молодых людей, в черных фраках, с трехцветными — пунсового, синего и белого цветов — лентами на плечах. Пред гробом повешен был портрет покойного Сапеги, а над балдахином рисовано-вырезной герб его, внизу прикреплена была трехцветная кокарда. Богослужение кончилось в час пополудни, народу было довольно много, помещиков всего пять человек, а именно: Станислав Липский, Генрих Полубинский, Иван Полубинский, Казимир Эйсман и Захарий Яголковский. По окончании богослужения помещики и ксендзы отправились на обед к местному приходскому ксендзу Любатынскому и около 6 часов вечера разъехались по домам. О чем Вашему Превосходительству, на основании предписания от 19 апреля за № 67, имею честь почтительнейше донести, присовокупив, что во время совершения этого богослужения и после оного порядок и спокойствие нарушены не были. 7 мая 1861 года». Як бачым, існавала адмысловае «предписание» адсочваць падазроныя мерапрыемствы, прытуллем для якіх зрабіўся касцёл. Таму й не дзіўна, што праз некалькі гадоў ён пайшоў дымам у неба... Паліцэйскі прыстаў Зайцаў, прыехаўшы на месца пажару, пералічыў згарэлыя пабудовы, знішчанае ў вагні касцельнае абсталяванне, у тым ліку вялікі арган, і прыкінуў у грашах прычыненую шкоду — 34 313 рублёў срэбрам, з іх касцёлу — 25 000 рублёў. Цікава, што ўжо ў акце архітэктара Ціхвінскага, які на просьбу мясцовых каталікоў неўзабаве агледзеў касцельны будынак, прагучалі дзіўныя прапановы. Спадар архітэктар замест выканання сваіх прафесійных абавязкаў пачаў збіраць... заявы праваслаўных вернікаў аб перадачы касцёла ім, бо тых, хто жадае маліцца паводле ўсходняга абраду, шмат, а царква малая. Ціхвінскі нават падлічыў, што перабудова касцёла ў царкву абыдзецца ў параўнальна невялікую суму — 8500 рублёў. Але высілкі архітэктара не далі жаданага выніку. Магчыма, улады пабаяліся міжканфесійных сутычак — а дзярэчынская каталіцкая парафія была даволі шматлікай. Цішком яе проста зліквідавалі. Вось які дакумент паступіў 22 чэрвеня 1867 года з канцылярыі Віленскага, Ковенскага, Гарадзенскага і Менскага генерал-губернатара і галоўнага начальніка Віцебска-Магілёўскай губерні М.Мураўёва да чыноўніка ніжэйшага рангу — гарадзенскага проста-губернатара: «Возобновление означенного костела (у Дзярэчыне. — М.С.) вы находите не только ненужным, но даже вредным для интересов православия, так как некоторые из прихожан присоединились к православию, а остальные происходят большею частию от смешанных браков или родились от совращенных из православия. Вы сообщили, что при Деречинском костеле считается постоянных прихожан, вместе с причисленными к нему из бывшего Луконицкого прихода: 380 лиц мужеского и 413 лиц женского пола...». Далей мураўёўскі генерал-ад’ютант (подпіс неразборлівы) падтрымлівае ідэю гарадзенскага начальства аб залічэнні сямісот дзевяноста трох дзярэчынскіх каталікоў да... Слонімскага прыходу. Захацеў, напрыклад, Станіслаў Юндзіл Богу памаліцца — запрагай, пане, брычку і едзь за трыццаць пяць вёрстаў. Зразумела, што многія местачкоўцы палічылі за лепшае наведваць царкву. І гэта, з гледзішча царкоўных уладаў, было нармальнай з’явай. А вось адваротны пераход — з праваслаўя ў каталіцтва — кваліфікаваўся як адзін з найстрашнейшых грахоў. Пры ўваходзе ў Дзярэчынскую царкву вісела афіша з пералікам людскіх злачынстваў. Дык вось, галоўным «злодеянием» лічылася «отступление от веры православной». А потым ужо ішлі: «смертоубийство, воровство, блудодейство, скотоложество, корчемство вином, снятие с мертвого одежды». Некалькі дзесяткаў гадоў дзярэчынскія вернікі-каталікі будуць абіваць парогі расейскіх адміністрацыйных уладаў, перш чым ім выдзеляць кавалак зямлі на пабудову новай святыні. Памяць пра Яўстаха Сапегу шануецца ў Дзярэчыне і сёння. Мінулым летам мясцовыя энтузіясты ўстанавілі ў адноўленым колькі гадоў таму местачковым касцёле мемарыяльную дошку з наступным тэкстам:
Калі ў 1865 годзе ў Дзярэчыне пабудавалі новую Спаса-Праабражэнскую царкву, казённых грошай не хапіла на нутраное ўбранства храма. Старшыня мясцовага праваслаўнага камітэта Якуб Сончык пайшоў з шапкай па мястэчку. Ахвяраваных местачкоўцамі 800 рублёў ледзьве хапіла на самае неабходнае царкоўнае начынне і на адліўку невялікага пудовага звана. Астатнія чатыры званы былі перацягнутыя салдатамі з былога дамініканскага кляштара. Самы вялікі — вагой 15 пудоў — пералілі з старога пашкоджанага звона, які быў пазначаны 1617 годам. Другі — дзесяціпудовы — датаваны 1717 годам. Пазней, падчас адбудовы новага дзярэчынскага касцёла, гэты звон быў спатрабаваны каталікамі назад і вісіць на касцельнай званіцы да гэтае пары. Улічваючы, што з усіх сваіх меднагалосых супляменнікаў ён адзін здолеў прысучасніцца да нас на зыходзе дваццатага стагоддзя, будзе не лішне распавесці пра яго крыху падрабязней. Звон быў усцягнуты на вежу новазбудаванага касцёла ў 1910 годзе. (Дазвол на будаўніцтва ўпаўнаважаны ад вернікаў Дзярэчынскай, Старавескай і Курыловіцкай воласцяў Ігнат Лукашэвіч атрымаў у 1905 годзе. Сяляне сабралі 6000 рублёў, астатнія генерал-губернатар заабавязаў пералічыць на касцельны рахунак «госпожу Полубинскую, согласно ее обещанию».) З вышыні ён аглядаў наваколле — вёскі Алексічы, Катчыну, Лабзова, Паляжын, Малую і Вялікую Угрынь, Савічы, Грабава, Крывічы. Яго прызвычаенае да малітоўных спеваў вуха ніякавела, калі замест узнёслага рэлігійнага гімна «Te Deum laudamus» чула зняважлівыя абяцанні начальніка польскай дзяржавы Юзафа Пілсудскага, які прыжыўся ў Дзярэчыне ў выглядзе бюста, пасадзіць неўзабаве ўсіх беларусаў на адной лаве. Звон яшчэ здалёку бачыў капэзэбоўскага дзеяча Сяргея Прытыцкага, які спяшаўся ў мястэчка з недалёкага хутара Сніткаў, дзе хаваўся ад агентаў дэфэнзывы. Звон калаціўся ад страху, калі на мястэчка падалі нямецкія авіябомбы. Яму займала мову, калі да яго даносіліся крыкі ды лямант сілай гнаных у калгас людзей. Моўчкі сачыў ён за аўтамабільным картэжам Пятра Машэрава, які некалькі разоў праязджаў праз Дзярэчын. Людзі звыкліся з маўчаннем звона. Па касцёле не адзін дзесятак гадоў гуляў вецер, на сценах з чырвонай цэглы мясцовая моладзь прызнавалася ў каханні. І раптам звон азваўся. Сярэдначы ўсё мястэчка прачнулася ад важкага бомкання. Гэта быў як знак звыш, як напамін пра вечнасць зняверанаму люду. Ніхто ўначы не адважыўся падысці да касцёла. Раніцай мужчыны ўбачылі звіслую долу вяроўку... Якім чынам адчайны званар залез на саракаметровую вышыню, калі ўнутрывежавая лесвіца дзе дашчэнту струхлела, а дзе й папросту адсутнічала, — так і засталося таямніцай. Летась аўтар гэтых радкоў, сабраўшыся з духам, па свежарыпучых сходах ажыццявіў узыходжанне на касцельную вежу. Стараючыся не глядзець уніз праз вузкія шчыліны-вокны, я, дзе стоячы на адной назе, дзе сагнуўшыся ў тры пагібелі, агледзеў пазелянелы ад часу звон. Па акружнасці ішоў ледзь чытэльны надпіс: «За памерлых Пана Бога просіць і хвалу Богу ўздае». На баку лёгка чыталіся год адліўкі і традыцыйнае прызнанне: «Fecit me Ioannes Tomaszewicz» («Мяне зрабіў Ян Тамашэвіч»).
У 1989 годзе, падахвочаныя ветрам пераменаў, што нечакана падзьмуў і ў беларускія ветразі, мы з дзярэчынскімі хлопцамі задумалі стварыць у мястэчку філію Таварыства беларускай мовы. Я з Менску прывёз цэлы стос неабходных папераў. Устаноўчы сход праводзілі ў касцёле. Пасля атрымання сяброўскіх пасведчанняў ды імправізаванай клятвы ў вернасці беларушчыне мы яшчэ раз агледзелі занядбаны храм. У адным месцы на засмечанай падлозе заўважылі нейкі незразумелы надпіс. Расчысцілі смецце і ўбачылі дзве ўмураваныя ў падлогу пліты. Наступную гадзіну ўсё новастворанае таварыства, пабраўшы шкельцы і трэсачкі, па літары аднаўляла ледзь прыкметныя і зарослыя імхом словы. Тэкст аказаўся на лацінскай мове і нагадваў (наколькі хапала маёй універсітэцкай дасведчанасці) надмагільныя надпісы з якой-небудзь сапегаўскай пахавальні. Месцамі словы не распазнаваліся зусім, пліты былі паколатыя і вышчарбленыя. У Менску прачытаць яшчэ адну старонку дзярэчынскай мінуўшчыны мне дапамог вядомы лацініст-навуковец Алесь Жлутка. Пасля рэканструкцыі ды перакладу тэкст загучаў наступным чынам:
Далейшыя пошукі дапамаглі вызначыць, што першапачаткова пліты знаходзіліся ў старым дамініканскім касцёле, які згарэў у 1866 годзе. Потым яны перахоўваліся пад скляпеннямі занятага расейскімі вайскоўцамі кляштара, а пасля пабудовы новага касцёла зноў былі выцягнутыя на свет Божы. Пажар і неаднаразовыя транспартоўкі не прайшлі для іх бясследна — згубілася абрамленне, быў адбіты выштукаваны з мармуру герб сапегаўскай радзіны, які, у сваю чаргу, складаўся з чатырох гербаў: Пагоні, Лілеі, Ліса і Збройнай рукі. На жаль, падчас адбудовы касцельнага будынка ў 1991 годзе пліты з эпітафіямі былі пахаваныя пад тоўстым слоем бетону, трэба думаць, навечна.
|
|
|