Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(93)/2020
Жыццё Касцёла
Год Яна Паўла ІІ
Тэалогія
Кшыштаф ПАЛЫС ОР
ПЕРАМОЖАНЫЯ БОГАМ
Спадчына

ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ
Пераклады
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Успаміны

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ

ЦІХУТКАЙ МАЛІТВАЮ
Проза
Прэзентацыя
Нашы святыні

ЮРАВІЦКІ ЕЗУІЦКІ КАСЦЁЛ

ЗБАЎЦА НА ГАЎБЦЫ

Праскрыпцыі,
або Смерць Цыцэрона

      Няма большага драпежніка, чым чалавек,
у якога дурныя страсці лучацца з уладай.

Плутарх

Славуты, цудамоўны Цыцэрон
Не мог мячу дыктатара скарыцца,
І помслівай пачварай наўздагон
За ім пусціліся праскрыпцыі.

Выслухвалі ўзбярэжны плюхат хваль,
Сцяжыны і праходы аблажылі.
О, лецішча, у кушчах прыхавай,
Прымі яго, знямоглага, з насілак.

Спаві ў лістоту, ў цытрусавы сад
Таго, хто ўладным дарам красамоўцы
Высока ўзнёс на консульскі пасад
Драпежнасць лютую свах забойцаў.

У іх ён заслужыў сваім даверам
У спісах смерці самым першым стаць.
Як страшна ўсё ж за чалавека-звера,
Які ў сабе сваю дурную страсць

З уладай дзікай абвянчаў — тады
Над морам нават хорам Апалона
Не перапыніць чорнае бяды,
Не данясе прадвесця грай варонаў.

Але паўстаў дух мужнасці з насілак
І шыю агаліў на ўзмах ляза...
А над чалом, над жахам і насіллем
Вілася вінаградная лаза.

Па дарозе на споведзь

Душэўная няўтульнасць у дарогу
Мяне вядзе...
                   Сумленне, не марудзь!
І хоць яно не ўгразла ў каламуць,
Прыспела ўсё ж паспавядацца Богу.

У спісах высялення Калыма
Мяне чакала змалку... Але, Божа,
Ты асцярог ад сцюж...
Ды бездарожжа
Хапала за душу, нібы чума.

Быў што ні крок — то выбар,
Шлях у пекла.
На ім згінаў мяне бязмоўны стогн.
Я бачыў ашалелы, ў пене, гон,
Ды цэрбераў тых кара не падсекла!

Я сёння і за іх нясу віну.
Быў там і я, ў чырвоным іх абозе.
Ды залыганы, як пятлёй, у змозе
Без плямін выйшаў...
Ды сябе кляну!

Шукаю магію заклёну ў слове,
Ды ўсё расце навала горкіх страт!
Хоць ведаю: найбольшая з адплат
Яшчэ спадзе на злыдныя галовы!

Зямны мой боль —
Ці ўчуеце, нябёсы?
Бяздзейны, гнаны —
                   ў бездухоўны кут,
Я не пазбыўся безвыходных пут —
Адкінуты на патаптанне лёсу!

Адмольваць іх зладзейнасць —
                                             не бяруся,
Хоць, можа, лішне ў кленічах грашу.
Нясу ў царкву змарнелую душу,
Як сумны крыж,
                    на споведзь Беларусі.

1999 г., в. Вецявічы

Бацькоўскі сад

Абсядае птаства спелы сад.
Падзяўбаны пад —
                   у травах ядрыцца.
А дразды сярод дрыготкіх шат
Смачна, з пералётам з намі сварацца!

Не кляні залётных ласуноў:
Зачакаліся сваёй даніны!
У сям’і вясковай і лясной
Спаконвек кровазварот адзіны!

Не пойдзе бацькаў сад на звод
З мешанінай дыму і азону.
Нават калі, робячы налёт,
Пошасць хіжадзюбых і звырод
Гэтак прагне, сад мой,
Твайго скону!

18.09.2000 г., в. Вецявічы

Хмаркі лёсу

Аркадзю Куляшову,
аўтару «Магілёўскіх хмарак»

Я успомніў хмарку вашую, Аркадзь,
Яна так звабна ў небе шыбавала,
Яна мяне самога падбівала
На цыпкі паэтычныя прыўстаць...
Але ж ідылій сёння гэтак мала!

Уранку хмарку вашу расстралялі,
Нібы заложніцу... І гром, і дым!
Агністым пылам, нібы шрот, крутым
Яе перанялі, раскрыжавалі...
Такое ці сасніш на свеце тым?

Прымусам пасадзілі ўсё ж яе.
Чарнобылем атручаную вільгаць
Зручней на нівы нашы выліць.
Уявы чалавечай не стае...
Ды за грахі чые?

Дзяцей — заложнікамі часу злога?
Людскі давер — без панікі на злом?
Не папярэдзіўшы нідзе, нікога,
Дары Чарнобыля раздаць цішком?
Ды не гнявіце Бога!

Нам суджана дзяліцца плёнам свежым.
Дарамі рук, лясоў... Але ж, мой край,
Прыблудную бяду за свае межы —
На землі пабрацімаў — не пускай!
Сам спажывай!

На ўсход скіруе — о барані, Божа!
Цішком на Захад — толькі па рубеж!..
Страсаем хмарны цэзій на Валожын,
На Івянец, на Крошын —
Пі і еш!

Рэактар, нібы джын, сапе ў спякоту
Палае ў зоне лес, дыміць балота,
Тарфянікі — слупамі да нябёс!
Вятрыска іх падхопіць — і панёс!

Што за астанкі гоніце вы, хмаркі?
Вунь — быццам рогі, пысы, капыты..
Пад пугай бліскавіц — куды вы статкі?
Прасвечваюць бакі іх, жываты
Пякельным промнем радыяасадкі...

Глытайце ж іх — ў спёку, ў слоту.
Спатоліць трэба ўсіх — за сотні вёрст!
Частуйцеся напоўніцу, да слёз...
Слязяцца хмаркі — вусцішнасць іх лёту
Над намі — як лятальны лёс...

Дыназаўр

У Ракаўца наша па травах, камлішчах
Прыпоўз дыназаўр і, галодны, залёг.
Ён гумны глытаў, пасцягаўшы з дварышчаў,
Смалістыя шулы прыладзіў да ног.
Пайшлі у касцяк яго бэлькі і сохі,
Ключы — у ключыцы, а латы — ў рабро.
І ластаўчын шчэбет з драбясцін высокіх,
І ўсе спадзяванні на лад і дабро.
Ён сена заглытваў вазамі, прычэпамі,
З палёў канюшыну —
                         ды ўзгорбіўся дах.
На рэбрах луску яго з дранкамі-шчэпамі
Дажджы падгнаілі...
                         І вось, каб не спрах,
Ён латаўся толлю, бляхай, дашчэтнікам,
Ды іх уздзіралі часу вятры.
І грымнуўся ён з перабітым хрыбетнікам,
Нібыта прыблуда, замшэлы, стары.
Набеглі вяскоўцы з сякерамі, піламі.
Драбясціны-рэбры пад ломам трашчаць!
І рушацца бэлькі на дол са страпіламі,
Аж клямры з цвікамі у клешчах вішчаць!
Хапаюць сваё, як з разрухі, з пажару.
Спяшайцеся, людцы, пакуль які чмут
Не ўздумаў зноў тут —
                         ажывіць дыназаўра
Для постраху свету і марных пакут!

Бацькава відушчасць

Дзіўлюся я мудрасці бацькі,
Смяяўся з ілбоў тупых:
«Далей свайго носа не бачаць,
Сваіх надзіманых пых.

Няўжо там заселі сляпыя?
Хто хлеб паднясе, харчы?
Старэчыя рукі слабыя?
Адны ж засталіся карчы!

І то яшчэ цягнем — пры хаце
І лыч яшчэ свой, і хвост.
І кормім сябе, і плацім...
А заўтра? Вялікі пост?

Трымаюцца толькі партфеля
З турботай пра ўласны зад.
І рай, што прыплёў пустамеля,
Даўно ўжо займеў бюракрат.

А хлеб не расце з абяцанак,
Расце ён з парэпаных рук.
Дый то, каб ні кроплі падману!
Каб зверху — ніякіх прынук.

Расце ён з поклічу поля,
Калі ты бяжыш, каб хаця
Прыкрыць ад нягоды-сваволі
Раслінку, нібы дзіця.

Шкада, брыгадзір-паганяты
Так прагне падчас дапякчы,
Што з крыўдай ад роднае хаты
Хацелася ў свет уцякчы.

Віселі не марна пагрозы
Ды ў косці загнаны страх.
Скідалася сенца з воза,
Што выбіў цішком у кустах.

Сяльнік пераймаўся з саломай,
За кошанку ржышча — штраф.
Пусты працадзень — за стому,
Ды той жа ўпрыдачу страх.

Разбегліся вёскі — не вернеш,
Было ж каго ціснуць тады!
Ад роднай зямлі і зерня
Пазманьвалі іх гарады.

Рассеяў іх лёс па абшарах
Сібіры, глухой цаліны.
Амаль паўзямнога шару
Стапталі ў блуканнях яны.

Не клікнеш са сцежак дальніх.
Пайшлі на распыл яны там.
Не стала крыніц хлебадайных,
Далоняў — ільнам і жытам...

Не выйшла па ўзору казармы
Душу перакроіць... Ах, як
Тут правіў бы права ўладарна
З вяршынь кіраўнічы кулак!..

Зашмат марнатраўнай навукі
Сышло ад выжыг і бяздар.
Былі ім патрэбны рукі,
Ды толькі не сам Гаспадар!..»

Мой бацька з уздыхам пякучым
Закончыў... Навек замёр.
Ды вокам далёкім, відушчым
Цікуе з-пад сініх зор...

Вадохрышча

Вакол палонкі, крыжам хрышчанай,
Бутэлькі перасмяглыя, глякі.
Срэбнабароды маразішча —
Брую таксама п’е з ракі.

Аж з вуснаў пар сняжком імжыцца.
І зубы ломіць ад лядка.
Але нутро апаліць быццам
Вада свянцонага глытка!

Паўскрай дзятва свавольна скача
Па лютым, коўзкім тым ільдзе.
Сябе я там таксама бачу —
Растаў, згубіўся ў грамадзе.

Малітва песеннымі скрыдламі
Душу ахутвае цішком.
Я з твару кропельку з крапідла
Не выціраю рукавом!

Яна й цяпер ва мне жывая,
Хоць на душы — які ўжо год
Расколіны марозныя і лёд...
Гуртуймася... Ператрываем!

Мароз, трашчы, не трашчы —
За плячыма Вадохрышчы!

Гл. таксама:
СЯРГЕЙ ЧЫГРЫН :: «Я З ВЕРАЮ — У БОСКІ ДОМ ЛЮДЗЕЙ...» ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY