Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(93)/2020
Жыццё Касцёла
Год Яна Паўла ІІ
Тэалогія
Кшыштаф ПАЛЫС ОР
ПЕРАМОЖАНЫЯ БОГАМ
Спадчына

ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ
Пераклады
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Успаміны

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ

ЦІХУТКАЙ МАЛІТВАЮ
Проза
Прэзентацыя
Нашы святыні

ЮРАВІЦКІ ЕЗУІЦКІ КАСЦЁЛ

ЗБАЎЦА НА ГАЎБЦЫ

Сяргей ЧЫГРЫН

«Я З ВЕРАЮ — У БОСКІ ДОМ ЛЮДЗЕЙ...»

Мкола Арочка

Апошнія дваццаць тры гады жыцця доктар філалагічных навук, беларускі паэт і літаратуразнавец Мікола Арочка (1930–2013 гг.) пражыў у роднай вёсцы Вецявічы на Слонімшчыне. Там яго і правялі ў апошні шлях вяскоўцы на мясцовы пагост, правялі да сыноў, лёс якіх быў трагічным і кароткім.

У вясковай хаце засталіся на стале недапісаныя вершы і паэмы Міколы Арочкі, а на кніжных паліцах сумуюць сёння без свайго гаспадара дзясяткі кніг, многія з якіх падараваныя пісьменнікамі з аўтографамі і пажаданнямі. Жонка паэта Марыя Іванаўна Арочка дазволіла мне пазнаёміцца з бібліятэкай літаратара, а таксама ўзяць у сваю асабістую бібліятэку тыя выданні, якія мяне зацікавяць. Некалькі гадзін я сядзеў каля кніг асабістай бібліятэкі Міколы Арочкі. Даставаў з паліц то адну, то другую, то дзясятую кнігі… Усе яны напаміналі мне пра таленавітага літаратара земляка, якога ведаў і з якім сябраваў шмат гадоў.

Сваім земляком Міколу Арочку лічылі і Мікола Грынчык, і Янка Брыль. У бібліятэцы Міколы Арочкі захаваліся і іх кнігі з аўтографамі. «Дарагому Міколу Арочку, земляку і сябру з сардэчнымі пачуццямі і пажаданнем далейшых, яшчэ большых і большых творчых поспехаў — аўтар. 08.04.1969 г. Мінск», — такі аўтограф пакінуў Мікола Грынчык (1923–1999 гг.) на сваім даследаванні «Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі» (1969). А Янка Брыль (1917–2006 гг.) на кнізе апавяданняў, замалёвак і нарысаў «Працяг размовы» (1962) напісаў: «Міколу Арочку — земляку і паэту. Янка Брыль. 31.8.62.».

Першы зборнік вершаў
Міколы Арочкі, 1958 г.

Мікола Арочка і яго жонка Марыя Іванаўна шчыра сябравалі з паэтам Уладзімірам Дубоўкам. Упершыню Мікола Арочка наведаў Уладзіміра Дубоўку (1900–1976 гг.) у Маскве ў лютым 1976 года. З самага ранку да цямна за сталом дубоўкаўскай маскоўскай кватэры ў Новых Чаромушках яны гутарылі пра жыццё, літаратуру, пра тых, хто быў рэпрасаваны, хто выжыў, а хто назаўсёды застаўся на Салаўках і ў Сібіры. Мікола Арочка ў Маскве знаходзіўся праездам, бо як навуковец ехаў у Казань на святочныя мерапрыемствы з нагоды 70-годдзя нараджэння татарскага паэта Мусы Джаліля. Ён — ці не апошні з беларускіх паэтаў, хто з Дубоўкам сустракаўся ў Маскве за месяц да ягонай смерці (Уладзіміра Дубоўкі не стала 20 сакавіка 1976 года. Седзячы за сталом, Уладзімір Дубоўка падпісаў яму сваю кнігу казак «Залатыя зярняты» (1975): «На добры ўспамін, ад шчырага сэрца М. М. Арочку — з сардэчным прывітаннем Ул. Дубоўка. 09.02.1976 г.».

Мікола і Марыя Арочкі,
1950-я гады.

У 1960-я гады жонка Міколы Арочкі Марыя Іванаўна працавала ў рэдакцыі літаратурна-драматычных перадач на Беларускім радыё, і калі ў Мінск прыязджаў Уладзімір Дубоўка, яна заўсёды яго запрашала на радыё, дзе ён чытаў свае празаічныя і вершаваныя творы. У 1961 годзе на зборнічку ўласных вершаў «Палеская рапсодыя» (1961) ён напісаў: «Марыі Іванаўне Арочка з вялікай пашанай, ад шчырага сэрца. Уладзімір Дубоўка. 31.06.1961 г.». А ў 1966 годзе Уладзімір Дубоўка падараваў Міколу і Марыі Арочкам свае «Выбраныя творы ў двух тамах» (1965) з аўтографам: «Дарагім, сардэчна паважаным Марыйцы і Міколу Арочкам з вялікай пашанай, ад шчырага сэрца. Ул. Дубоўка. 12.05.1966.»

...Я і цяпер не мінаю роднай вёскі Вецявічы Міколы Арочкі. Там стаіць яго пустая хата, а вясковую вуліцу работнікі Сялявіцкага сельскага савета назвалі ў гонар двух Арочкаў — Міколы Арочкі і Эдуарда Арочкі. Эдуард Арочка некалі ўзначальваў мясцовы калгас, быў шчырым беларусам і патрыётам, выпісваў беларускамоўныя газеты «Звязда» і «Наша слова», пісаў артыкулы на розныя тэмы і друкаваўся ў рэспубліканскіх газетах.

На хаце Міколы Арочкі з’явілася мемарыяльная шыльда, якую ўстанавілі слонімскія грамадскія актывісты. Але ўжо няма Мікалая Мікалаевіча ў хаце, не крочыць ён з роварам па вёсцы, не вядзе на аселіцу сваіх козаў, не малоціць і не жне. Паэт і вясковец за вёскай прылёг назаўсёды адпачыць. Пасля таго як у сталіцы трагічна загінулі яго два сыны і нявестка, а невядомыя зламыснікі абрабавалі і падпалілі яго кватэру, Мікола Арочка з жонкай і маленькім тады ўнукам Валерыкам вярнуліся ў родную вёску. Тут і ратаваўся ён вясковай працай, прыродай, паветрам і, вядома ж, паэзіяй. Еду да яго ў Вецявічы і прыгадваюцца мне радкі з першага зборніка Міколы Арочкі:

Іду, як заварожаны,
А спеў плыве з-за гаці:
«Ці ўсе лугі пакошаны,
Ці ўсе сенажаці!..»

Мне заўсёды здаецца, што гэта гаць не толькі за алешнікам паміж слонімскімі вёскамі Вялікая Кракотка і Вецявічы, але і гаць за маёй роднай вёскай Хадзявічы. А калі ехалі аднойчы з Міхасём Скоблам, дык разам, нібы спяваючы ў хоры, прыгадалі гэтыя светлыя, шчырыя і цёплыя радкі.

Анатоль Верабей, Мікола Арочка і Максім Танк, 1977 год.

Слаўны мой дзядзька Мікола! Так я яго часам клікаў, слухаў яго жыццёвыя былі, якіх ён ведаў даволі шмат. Ён мог распавядаць бясконца. Распавядаў ён і пра газаправод Емал-Еўропа. Гэты газаправод праходзіць побач з вёскай Вецявічы. Калі клалі трубы, а дзяцька Мікола якраз там пасвіў кароваў, дык каровы ў гэтыя трубы рыкалі. «Магчыма, прапаноўвалі, каб газу, хоць струменьчык, далі ў Вецявічы», — казаў жартам мне славуты вясковец. Ніхто не даў, не пачуў вецявіцкіх кароваў Міколы Арочкі. Газ з Расіі пайшоў на Захад.

На вёсцы працы
для яго было шмат...

Дзядзька Мікола заўсёды хадзіў з роварам. На руль ён вешаў услончык і кошык, а ў кошыку былі вершы і Біблія. У вершах слонімскага паэта мне шчыра імпанавалі тыя постаці, якія стаяць на ахове духоўнасці нашага народа, яго культуры, мовы, калі Бацькаўшчына апынаецца ў небяспецы, калі варожыя сілы спрабуюць пазбавіць народ волі, гістарычнай памяці, роднай мовы. Давайце прыгадаем яго драматычныя паэмы «Крэва», «Судны дзень Скарыны», «Каранацыя Міндоўга» — творы пра Міндоўга, Кейстута, Вітаўта, Францыска Скарыну. З прагнай цікавасцю чытаю сёння вершы Міколы Арочкі пра лёс Валянціна Таўлая, Гальяша Леўчыка, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Кастуся Каліноўскага, Браніслава Тарашкевіча, Францішка Багушэвіча — усіх пералічыць немагчыма. Згадаю гэтыя радкі-малітву, звернутыя да Адама Станкевіча:

Малюся я на Вас, на святара,
Пакутніка за долю Беларусі,
На Вашу святасць веры і дабра,
Упаўшы на калені, я малюся…
Я Ваш вызнанец мэтаў і надзей
На Адраджэнне вольнай Беларусі.
Я з вераю — у Боскі Дом людзей
Заходжу ціха — і на Вас малюся.

У апошні час мы вельмі мала пішам пра мову паэтаў, не кажучы ўжо пра мову пісьменнікаў, журналістаў, настаўнікаў, палітыкаў. У нас, мне здаецца, ужо няма завостранасці на аналіз таго, як хто з іх узбагачае лексіку і сінтаксіс нашай беларускай мовы. Мы больш азіраемся на акадэмічныя слоўнікі, а ў апошні час — на інтэрнэт. Мы менш сталі паглыбляцца ў сваю памяць, якая павінна захоўваць вялікае народнае багацце, што нічым ніколі не ахопіцца. Мая павага да кніг Міколы Арочкі засталася са мной назаўсёды яшчэ таму, што, чытаючы яго творы, лаўлю сябе на думцы, што і ў нас вось гэтак кажуць, так кажа і мая 89-гадовая маці: ржышча, вазок пакоўны, гарчэча, падаянка, малачай, радно, напровесну, рукі крэпнуць і іншыя залатыя зярняты нашай мовы. Не магу не прывесці радкі з найцудоўнейшага верша Міколы Арочкі «Каласы ў хвартуху тваім». Верш-шэдэўр, у якім народнасць радкоў праяўляецца як у ідэйна-мастацкай структуры, так і ў мове: паэт імкнецца наблізіць паэтычную мову да гутарковай, выкарыстаць народныя традыцыі ў апісанні жніва і саміх жней:

Калі маці палетак свой жала,
Хвартушок саматканы брала.
Падтыкала за пояс ражкі
І пускала сярпок па загоне,
Поруч з ёй шчыравалі жанкі
Перад золатам нівы ў палоне.
А наперадзе іх — хвартушкі,
З вышыванкамі беражкі!
А сярпок у матулі займісты,
Назублёны, ў праменнях наўскос,
Нырцаваў між сцяблін
                                 залацістых,
Скарб калосся з падхопам нёс,
Чыста нёс у наступнасць,
Вячыста!..

Скарб Мікола Арочка нам пакінуў і як крытык. Ён быў удумлівым, сталым, вопытным, аўтарытэтным літаратурным крытыкам. Такога сёння ў нашай літаратуры няма. Асабліва дасканала пісьменнік даследаваў жанр паэмы, сатырычнай беларускай паэзіі, асноўных заканамернасцяў беларускага паэтычнага слова. Крытык спыняўся на эстытычных каштоўнасцях, створаных Максімам Танкам, Кандратам Крапівой, Міколам Аўрамчыкам, Рыгорам Барадуліным, Аляксеем Пысіным, Алегам Лойкам, Валянцінам Таўлаем; на высокім узроўні літаратурнай культуры ХХ стагоддзя, ацэньваў майстэрства, паэтыку, багацце жанрава-стылёвых пошукаў пісьменнікаў. Як крытык з шырокімі творчымі інтарэсамі, глыбокай эрудыцыяй, самабытным мысленнем ён шчыра вёў размову пра ўсю беларускую паэзію 1960–1970-х гадоў.

Аўтограф Максіма Танка Аўтограф Янкі Брыля.

Чытаю-перачытваю сёння кнігі свайго земляка Міколы Арочкі і вучуся ў яго майстэрству. Ён і сёння абуджае душу, змушае думаць над нашым жыццём, чалавечымі ўзаемаадносінамі, павагай да сваёй культуры, рэлігіі і гісторыі наогул. Дзякуй Вам, дзядзька Мікола, за тое, што я Вас ведаў, за Вашы кнігі і аўтографы, за Вашы пажаданні і любоў да Бацькаўшчыны.

10 снежня Міколу Арочку споўнілася б 90 гадоў з дня нараджэння. Няхай гэта згадка будзе данінай яго светлай памяці. Чытачам «Нашай веры» прапаную не вядомыя раней вершы паэта і рэдкія фотаздымкі.

Гл. таксама:
МІКОЛА АРОЧКА :: ВЕРШЫ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY