Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(93)/2020
Жыццё Касцёла
Год Яна Паўла ІІ
Тэалогія
Кшыштаф ПАЛЫС ОР
ПЕРАМОЖАНЫЯ БОГАМ
Спадчына

ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ
Пераклады
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Успаміны

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ

ЦІХУТКАЙ МАЛІТВАЮ
Проза
Прэзентацыя
Нашы святыні

ЮРАВІЦКІ ЕЗУІЦКІ КАСЦЁЛ

ЗБАЎЦА НА ГАЎБЦЫ

Лія САЛАВЕЙ

«КРАІНЕ ДОЙЛІДАЎ ПРЫСВЯЧАЕЦЦА»

Нядаўна выдавецтва «Беларуская навука» надрукавала новую грунтоўную кнігу доктара мастацтвазнаўства Тамары Габрусь «Драўлянае хрысціянскае храмабудаўніцтва Беларусі» (2020). Кнігу рэцэнзавалі акадэмік НАН Беларусі, доктар архітэктуры, доктар гістарычных навук А. І. Лакотка і доктар архітэктуры, прафесар С. А. Сергачоў. Работа была выканана ў Аддзеле архітэктуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Памер тома — 318 старонак. Кніга багата ілюстраваная фотаздымкамі розных гадоў, малюнкамі Напалеона Орды, Дзмітрыя Струкава, Язэпа Драздовіча, архаічнымі чарцяжамі.

Праца мае дзве асноўныя часткі: 1. Архітэктурна-мастацкія асаблівасці традыцыйнага драўлянага храмабудаўніцтва Беларусі; 2. Сістэматызацыя і класіфікацыя помнікаў драўлянага сакральнага дойлідства Беларусі, а таксама ўступную частку «Ад аўтара», «Заключэнне. Жыццё і заняпад традыцыі», «Спіс выкарыстаных крыніц», «Архівы», «Спіс даследаваных драўляных храмаў», «Тлумачэнне асноўных тэрмінаў і паняццяў драўлянага храмабудаўніцтва».

У выданні выкарыстаны натурныя фотаздымкі У. Багданава, Т. Габрусь, А. Дыбоўскага, розных інтэрнэт-крыніцаў, а таксама графічныя матэрыялы з архіва аўтара і сектара «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі.

У кнізе ёсць аўтарскае прысвячэнне: «Краіне дойлідаў...» Тое, што Беларусь — краіна выдатных дойлідаў, на працягу ўжо многіх гадоў і сцвярджае аўтар у сваіх шматлікіх публікацыях: манаграфіях, навуковых артыкулах, публічных выступленнях, дзейнасці па ахове помнікаў культуры і іншай працы.

Вёска Далёкія, касцёл св. Станіслава.

Частка 1-я пачынаецца раздзелам «Гісторыя вывучэння беларускага хрысціянскага дойлідства ў кантэксце еурапейскага архітэктуразнаўства», у якім прааналізавана шмат гістарычных крыніцаў, паказаны складаныя шляхі назапашвання ведаў пра беларускае самабытнае традыцыйнае і прафесійнае сакральнае (і не толькі) дойлідства. Гэты раздзел будзе цікавы і карысны ўсім, хто цікавіцца гісторыяй беларускай культуры. Прыемна, што ў агульны набытак ведаў пра беларускае дойлідства значны ўнёсак зрабілі і нашы сучаснікі, найперш супрацоўнікі НАН Беларусі.

У падсумаванні раздзела аўтарка паставіла сабе мэтаю «шматбакова раскрыць самабытныя рысы драўлянага хрысціянскага дойлідства Беларусі, аб’ектыўна адлюстраваць глыбіннае жыццё традыцыі і прычыны яе заняпаду». Дзеля дасягнення мэты свайго даследавання Тамара Габрусь вызначыла наступныя задачы:

  1. Удакладніць тыпалогію драўлянага хрысціянскага храмабудаўніцтва Беларусі, выявіць базавыя архітэктанічныя архетыпы і іх гістарычную мастацка-стылёвую трансфармацыю.
  2. Адлюстраваць агульныя і адметныя рысы, архітэктурна-будаўнічыя прыёмы драўлянага сакральнага дойлідства краін Усходняй Еўропы.
  3. Вызначыць характар узаемадзеяння традыцыйнага народнага будаўніцтва і прафесійнай культавай архітэктуры Беларусі.
  4. Раскрыць семантычныя аспекты архітэктурна-мастацкіх формаў драўлянага храмабудаўніцтва.
  5. Акрэсліць лакальныя адметнасці айчыннага сакральнага дойлідства.

Дзеля вырашэння пастаўленых навуковых задачаў Т. Габрусь прыцягвала як існуючыя архітэктурныя помнікі, так і вядомыя паводле дакументальных архіўных крыніцаў. Ёю выяўлены рэгрэс нацыянальных традыцый драўлянага дойлідства ў Беларусі ў часы Расійскай імперыі, савецкага перыяду і постсавецкага часу, адлюстраваныя мажлівасці творчага выкарыстання будаўнічых традыцый у сучасным сакральным будаўніцтве.

Вёска Хаціслаў, Спаса-Праабражэнская царква.

У раздзеле «Канструктыўныя, эстэтычныя і семантычныя характарыстыкі беларускага драўлянага сакральнага дойлідства» Т. Габрусь акцэнтуе ўвагу на цеснай натуральнай сувязі жыцця нашых продкаў з прыродаю — з лесам, дрэвам, драўнінаю як выдатным будаўнічым матэрыялам, з якога і развілося майстэрства дойлідства, што натхніла паэта Рыгора Барадуліна назваць нашу краіну «дойліднай Беларуссю».

Аўтарка слушна лічыць навукова некарэктным «падзел усёй сукупнасці помнікаў беларускага драўлянага сакральнага дойлідства па канфесійным прынцыпе на каталіцкія і праваслаўныя, што практыкуецца і цяпер, у выніку чаго поўнасцю ігнаруюцца найбольш пашыраныя ў той час (XVII–XVIII стст.) уніяцкія храмы… Між тым, яны складаюць найбольш самабытную і значную частку нацыянальнай сакральнай архітэктурнай спадчыны, увасобленай у дрэве, хаця б з прычыны таго, што ў канцы XVIII ст. уніятамі з’яўляліся звыш 80% насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага».

Тамара Віктараўна лічыць відавочнай кансерватыўнасць у драўляным будаўніцтве, што абумоўлена шэрагам якасцяў будаўнічага матэрыялу. Архітэктоніка драўляных пабудоваў на працягу многіх стагоддзяў захоўвала устойлівасць формаў, абумоўленую традыцыйнымі будаўнічымі канструкцыямі, функцыямі і семантыкай культавых збудаванняў.

«Ужо на ранніх гістарычных этапах, — піша Т. Габрусь, — звыклыя для этнічнага эстэтычнага густу архітэктурна-мастацкія формы і канструкцыйныя прыёмы перайшлі з беларускага народнага драўлянага дойлідства ў прафесійную мураваную манументальную архітэктуру нашага Сярэдневякоўя і паўплывалі на фарміраванне самабытнай архітэктонікі храмаў мясцовай готыкі, рэнесансу і асабліва барока».

Аўтарка прыйшла да высновы, што да канца XVI ст. і пачатку эпохі барока асноўныя архітэктурныя прыёмы беларускага драўлянага дойлідства змяняліся вельмі мала і павольна. Пра старажытнасць тэхнічных прыёмаў у будаўніцтве сведчаць і іх агульныя назвы як у нас, так і суседзяў: напрыклад, «баня» — гранёны купал; «банька» — гранёная галоўка; «прычолак» — ніжняя частка вальмы; «скарб» ці «замок» — спосаб злучэння зрубаў у вуглах «у обла», «у охрап» і інш.

Вёска Тракелі, касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі.

У архіўных дакументах пра беларускія драўляныя храмы шмат тэрмінаў польскага, украінскага і нямецкага паходжання, напрыклад: «дах», «рум», «ліхтарня», «ланцуг», «філёнга», «вальма», «габель», «штыбер» і інш. Даследчыца тлумачыць, што тэрміны «вальма», «вальмавы дах» паходзяць ад нямецкага слова Walm — стог сена, што «кроквенная канструкцыя дахаў, якая складаецца з нахіленых крокваў, вертыкальных апораў і падкосаў, а таксама з асноўнай апорнай бэлькі — маўэрлата, відавочна, прыйшлі ў будаўніцтва Вялікага Княства Літоўскага з Нямеччыны. Даследчыца адзначае таксама цікавы тэхнічны прыём — будаўніцтва «ў стоўб», што перагукваецца з аналагічным тэхнічным прыёмам у дойлідаў Скандынавіі.

Раздзел «Матрычныя архетыпы традыцыйнага драўлянага храмабудаўніцтва Беларусі» ахоплівае пытанні глыбінна архітэктурныя, паказваючы іх у гістарычным развіцці. Ужо у старажытных інвентарах і візітах драўляных храмаў выдзяляюцца аднавосевыя (у аснове клецевыя адна- двух- і трохзрубавыя) і двухвосевыя (крыжовыя чатырох- і пяцізрубавыя) архітэктанічныя структуры, якія даследчыкі адносяць да матрычных архетыпаў усходнеславянскага драўлянага дойлідства. Цэрквы другога матрычнага архетыпа, крыжовыя, абавязкова маюць дзве ўзаемаперпендыкулярныя плоскасці сіметрыі, агульныя для некалькіх зрубаў, арыентаваных па чатырох баках свету. Характэрнай адметнасцю драўлянага сакральнага дойлідства Вялікага Княства Літоўскага з’яўляецца наяўнасць яшчэ аднаго матрычнага архетыпа храма — драўлянай базылікі (гэтая акалічнасць упершыню даведзена Т. Габрусь).

Вёска Дуды. Касцёл Нараджэння Панны Марыі.

Цікавым і змястоўным з’яўляецца невялікі раздзел «Пра што распавядаюць старажытныя графічныя крыніцы». Старажытныя выявы храмаў, чарцяжы і планы — усё гэта неацэнны пераканаўчы матэрыял для даследчыка нашай архітэктурнай спадчыны.

Другая частка кнігі — «Сістэматызацыя і класіфікацыя помнікаў драўлянага сакральнага дойлідства Беларусі», найбольш адрасаваная спецыялістам, даследчыкам архітэктуры мінулага.

У заключэнні «Жыццё і заняпад традыцыі» Т. Габрусь адзначае, што пасля скасавання уніі ў 1839 годзе і гвалтоўнага пераводу ў праваслаўе грэка-католікаў і іх храмаў большасць храмаў у выніку перабудоваў страціла аўтэнтычныя рысы як у тэктоніцы, так і ў дэкаратыўным вырашэнні, шмат знікла назаўсёды. І беларуская праваслаўная царква не задавальняла артадаксальнае маскоўскае праваслаўе, і многія архаічныя збудаванні траплялі пад перабудову ў псеўдарускім стылі. Драматычная гісторыя разбурэння адвечных традыцый у сакральнай беларускай архітэктуры паказана даследчыцай дакладна і дакументальна.

Усім беларусам, незалежна ад іх прафесійнай падрыхтоўкі, было б цікава і карысна прачытаць гэтую вялікую кнігу, якая ўзнікла ў выніку вялікай працы, шчырых пошукаў праўды, вялікай пашаны і любові да роднай спадчыны, да нашай самабытнай і цудоўнай культуры дойлідства.

Лія Салавей,
фалькларыст, лаўрэат
Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

Рэдакцыя часопіса сардэчна віншуе сваю шаноўную і даўнюю аўтарку Тамару Віктараўну Габрусь з 75-годдзем і жадае ёй новых творчых знаходак і поспехаў.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY